412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Маргарыта Латышкевіч » Вершнікі на дарозе (СИ) » Текст книги (страница 2)
Вершнікі на дарозе (СИ)
  • Текст добавлен: 19 марта 2017, 16:30

Текст книги "Вершнікі на дарозе (СИ)"


Автор книги: Маргарыта Латышкевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

– Рыцар, – шапнула Нешка. – Гэта ж.

– Вершнік, – сказаў я. – Так.

Ён не збочыў да бярозавага гаю.

Не павярнуў да пераправы, да саламяных дахаў, да ахоўнага агню.

Я ўнутрана напяўся, але стаяў, як і раней, у ценю каменя, трымаючы руку на карку Стаўры. Апошні, хоць і падхапіўся з месца і з цікаўнасцю прынюхваўся да новага госця, не бурчаў і не гыркаў.

Тым часам госць спешыўся, прывязаў каня – шэрага ў яблыкі – да старога карчака, і нетаропка крочыў па сцежцы да курганоў. Тыя людзі, што прамінаюць Курганова Поле па бальшаку, намагаюцца праехаць як хутчэй, не прыпыняючыся, нават не паварочваючы галавы. Пастухі, якія шукаюць у ваколіцы згубленых авечак, прамінаючы, абавязкова хапаюцца за свае талісманы, шэпчуць малітвы і шматкроць сплёўваюць цераз плячо.

А гэты аглядаўся цікаўна і жыва, круціў галавой ва ўсе бакі і нават нешта легкадумна насвістваў.

Зараз я мог яго добра разгледзець – і са здзіўленнем пазнаваў у новым госці старога. Тыя ж светлыя валасы, адпушчаныя да плеч, той жа светлы твар з бровамі ўразлёт і капрызлівымі вуснамі, хіба што болей усмешлівы і. так, маладзейшы. Яшчэ хада змянілася – гэты ішоў лягчэй, амаль бязважка, не зважаючы на чары ці, можа, проста не заўважаючы іх.

Мяча пры ім не было. Ні мяча, ні шчыта, ні кальчугі. Зусім ніякай зброі, ніякай брані. І адзенне дарожнае, дыхтоўнае, але без дарагой вышыўкі ці ўпрыгожанняў, запыленае, заношанае, боты грубыя, цяжкія. Затое за спінаю з'явіўся скураны горб, які весела дзынкаў на кожным кроку.

– Пяе... – задуменна сказала Нешка, накручваючы залацістую пасму на палец. Нават белы сокал зараз пільна глядзеў на чужынца.

Мы сачылі, а госць тым часам бадзёра ўскараскаўся на мой курган і з вяршыні агледзеў усё Курганова Поле, верасовыя хвалі ды белыя іклы камянёў, раскіданыя між траваў.

– Ого! – радасна сказаў госць і нават прысвіснуў. – Ну і ну!

Мімаходзь зірнуў на сам камень, зацікавіўшыся, уважліва прабег вачыма па заклятых рунах і нават, не ўтрымаўшыся, крануўся іх кончыкамі пальцаў. Быццам пагладзіў камень, як гладзяць сабакаў. Пасля зірнуў убок, туды, дзе цень ад стаячага каменя прарэзваў травы, і ўтаропіўся ў нас. Нешка ціхенька ахнула і, схаваўшыся за мяне, сціснула маю руку. Дарэмна спужалася: каменныя чары надзейна хаваюць ад чалавечага зроку.

Але я на ўсякі выпадак паклаў далонь на дзяржальна.

– Дабрыдзень, – нерашуча сказаў госць, лыпаючы вачыма, і Нешка зноў успуджана ахнула. – Які ў вас, дзядзечка, файны сабака.

Вочы ў яго былі зялёныя, быццам Пушча, і глядзелі скрозь цень ад каменя, скрозь старадаўнія чары.

– Назавіся, чалавечы сын, – сказаў я, як таго патрабаваў звычай. Госць сонечна ўсміхнуўся.

Вочы ў яго былі нашы, кірпаты нос і ўсё аблічча – самымі чалавечымі, а язык – той і ўвогуле

немаведама якога паходжання, таму што мянціў не спыняючыся.

Яго завуць Ясем, і сам ён не адсюль, і падарожнічае з месяц недзе, і дамоў не збіраецца, бо дома мачаха і малодшы брат, якія не надта чакаюць ягонага вяртання.

Апошняе прагучала з прыхаванай горыччу, але ўсміхацца ён не кінуў.

– А сюды нашто прыйшоў?

Ён паціснуў плячыма.

– Казалі, быццам мая маці аднекуль адсюль. Быццам бацька перамог у двубоі Кашча Бессмяротнага, вызваліў яе і звёз.

– Перамог у двубоі, значыцца? – змрочна ўдакладніў я. – Ды няўжо?

Ясь засмяяўся.

– За што купіў, за тое прадаю, дзядзечка.

І тут жа з ахвотаю распавёў, як адважны герой адшукаў на дне паўночнага мора каваны куфар, закаваны і ланцугамі, і чарамі.

– Разарваў ланцугі, чары зняў. А адтуль – заяц! Схапіў зайца, а з зайца – качка! Пацэліў у качку, а з той – яйка!

Я здзекліва чмыхнуў. Калі з яйка ўрэшце атрымаецца яечня, я быў бы нават і не супраць.

– А ў яйку халоднае жалеза, – няголасна працягнула Нешка з-за майго пляча. Ясь падняў бровы.

– Жалезная... іголка, – падобна было, што гэты падшыванец прыдумляў на хаду. – А ў той іголцы – Кашчава смерць!

Было заўважна, што ён сам атрымлівае асалоду ад сваіх баек. Добра, прынамсі, што хоць хтосьці ад іх асалоду атрымлівае.

– Смерць у іголцы, – прабурчаў я. – Хітра прыдумана.

– Анягож, дзядзечка.

Падшыванец змоўк і паглядзеў на мора верасоў, з якога сям-там паказваліся галовы курганоў.

– Прыгожа тут, – сказаў. – І гэтак спакойна. Даўно мне не было гэтак спакойна.

Ён замілавана глядзеў на верасовыя хвалі, што ленавата калыхаліся пад ветрам, а таму не мог заўважыць, як гусцелі цені каля белых камянёў. Чары драпежна затрымцелі, быццам павуцінне, у якое трапіў неабачлівы матыль.

– Тут няма месца для чалавечых сыноў, – прамовіў я рэзка. – Мусіш ісці. Як хутчэй.

Твар у Яся выцягнуўся, але ўсмешка, за якою ён звык хавацца, не сышла. Нешка адчувальна пхнула мяне вострым локцем.

– Рыцар!.. – з асуджэннем прашыпела яна мне ў вуха. Я толькі адмахнуўся. Праз колькі часу сам Сотвар заўважыць тут смяротнага і зацягне таго пад цень на кургане. І хіба толькі адно Неба ведае, што з гэтага будзе.

– Не затрымаюся, дзядзечка, – мякка паабяцаў хлопчык. – Проста песня зайшла ў галаву, хачу ўхапіць у цішыні, пакуль не забыў.

Я не паспеў запярэчыць: ён скінуў свой скураны горб, вызваліў з яго, быццам ад шалупіння, залацістае цела лютні і апусціўся ў траву, лёгка кратаючы струны. І твар у яго паяснеў, і знікла некуды дурная ўсмешачка, і вочы зрабіліся сталейшымі – на гады, на стагоддзі.

І з-пад ягоных пальцаў палілася музыка – спачатку асцярожна, няўпэўнена, а пасля званчэй і званчэй, моцна, непераможна.

І ў ёй было – усё. Перазвон рачных хваляў, і шэпт трыснягу, і крыкі чаек. І галасы верасоў пад ветрам, і гуд пчол, і крокі дажджу па камяністай дарозе, і сакаліны клёкат. Неба бачыць, там былі нават, ашчадна ўплеценыя, нашы чары, старажытныя, спрадаўнія, і голас Пушчы, і нават ціхі галасок панны Нешкі.

У мяне быццам іголка заварушылася ў грудзях злева. Вочы закалола, і па шчацэ пабегла штось, падобнае да кроплі дажджу. Я ўскінуў голаў – але неба засталося ясным, па ім плылі адно пульхныя белыя аблокі.

Бедная Нешка скурчылася пад рунным каменем і ціха плакала, схаваўшы тварык у далонях, незаўважная, амаль нябачная. Таму што побач з ёю стаяла, быццам выхапленая променем святла, Марэна. Паўпразрыстая, быццам маркотная здань, цень сябе самой, і ўсё-такі, усё яшчэ – ярчэйшая за ўсё вакол. За ўсё на свеце ярчэйшая.

Хлопчык кінуў граць, але музыка яшчэ гучала, падхопленая самімі камянямі, самою зямлёю. Гучала ў нас, бо мы і ёсць – зямля.

– Хто... – здзіўлена прамармытаў Ясь, углядаючыся ў светлую белую здань. А тая ласкава ўсміхалася яму і цягнула да яго рукі. І глядзела на яго, толькі на яго – доўгае, доўгае імгненне, пакуль яе, цяпер адвечна свабодную, не змыла ветрам, як змывае абрыўкі туману.

Каля ног Нешкі засталася толькі пустая клетка з залатымі прутамі.

І тады над нашымі галовамі грымнула – аглушальна, жудасна, так, што здрыганулася зямля пад нагамі. Драпежныя цені разраслілся, распухлі бязмерна і ўсталі на дыбкі. Падалося, што гэта Неба раскалолася і падае долу, падае на нас – але то даў расколіну курган, і мы з яснага цёплага дня праваліліся ў суцэльную цемрадзь.

З цемрадзі нарадзіліся агні – ласкавае зеленаватае полымя курганоў, халоднае, цякучае, зусім не падобнае да таго, што зырка буяе ў ачагах чалавечых сыноў. Агні ціхутка пазвоньвалі, як сярэбраныя званочкі, і плылі, і смяяліся, выхопліваючы кругамі святла то каменныя пліты са старадаўняю разьбою, то край каляровай фрэскі, то белы твар Нешкі з цёмнаю радзімкай пад левым вокам, то светлую чупрыну падшыванца Яся. Стаўры скавытаў зусім побач, тыцкаўся мокрым носам у маю далонь.

– Ціха, дружа, ціха, – я патрапаў сабака па галаве і раптам адчуў, што ў мяне пачынаюць дрыжаць рукі.

З цемрадзі, нябачныя, глядзелі на нас вочы – многія, многія вочы. Зялёныя, быццам Пушча. Нябачныя, яны шапталі, перагаворваліся, і ад іхніх злавесных шэптаў нават мне рабілася ніякавата. Я з лязгам выцягнуў з похваў меч.

– Толькі паспрабуйце каторы, – паабяцаў я нябачным.

Падшыванец Ясь уздумаў губляць прытомнасць і валіцца з ног, але я паспеў леваю рукою ўхапіць яго пад локаць, утрымаць. Адчуваў: варта хлопчыку толькі паказаць сваю слабасць – і ад яго і крывавага шматочка не пакінуць.

– Так цёмна, дзядзечка, – шаптаў падшыванец. Словы вырываліся з ягоных вуснаў серабрыстымі аблачынкамі марознай пары. – Так холадна.

– Проста ідзі, – адгукаўся я цвёрда. – Ідзі наперад. Наперад.

Нешка падхапіла другую яго руку, тую, што і зараз сціскала лютню.

– Зусім трошачкі, – зацурчала лагодна. – Яшчэ трошачкі пацярпець.

Мы з ёй абое з надзвычайнай яснасцю і скрухай ведалі, чым, хутчэй за ўсё, гэтая дарога для хлопчыка скончыцца. Чым звычайна ўсё заканчваецца для тых смяротных, што трапілі да Сотвара сюды, у падзем'е. І не глядзелі адзін на аднаго, і зацята маўчалі пра гэта, быццам нават адно слова магло пазбавіць надзеі, парушыць кволую раўнавагу на шалях лёсу.

Нейкая асабліва ўчэпістая дрэнь, апярэджваючы падзеі, працягнула кіпцюрастую лапу да Ясева горла. Вырашыла, мабыць, што я раней пажартаваў. Я, не прыглядаючыся, ударыў мячом наводмаш. Цемрадзь зайшлася лямантам, а лапа, усё яшчэ перабіраючы доўгімі пальцамі, засталася ляжаць на камянях.

Зялёныя агні падскоквалі, круціліся і заставаліся вісець цэлымі гронкамі, цэлымі сузор'ямі. Залівалі ўсё зыркім зеленаватым святлом. У вялікай круглай зале між каменных калонаў, што сыходзілі ў непраглядную цемру, сабраўся, мусіць, увесь Двор, усе паэты, усе рыцары, усе пекныя панны, усе зухаватыя паляўнічыя. У золаце, у бляску самацветаў, з тканымі паясамі, з вышыванымі рукавамі, ажно ззяючыя ад прыгажосці. Яны з лёгкім шоргатам расступаліся перад намі, давалі дарогу наперад, туды, дзе на ўзвышэнні стаяў просты драўляны трон.

– Мне страшна, дзядзечка, – ледзь чутна сказаў Ясь, зноў выпусціўшы з рота аблачынку серабрыстай пары.

– Гэтага яму толькі і трэба, – зашаптаў я. – Трэба, каб ты баяўся, разумееш? Калі не баішся.

– Калі не баішся, – працягнула Нешка. – То нічога табе і не зробяць.

Ясь слаба кіўнуў. Прыкрыўшы вочы, дыхаў часта, кусаў вусны, але працягваў крочыць наперад. Не азіраючыся. Упарта. Зусім як той, што прыходзіў перад ім. Зусім як тая. Ад гэтай апошняй згадкі – сам не ведаю, чаму – варухнулася там, каля сэрца.

На паверхні ішлі першыя дні восені, таму на княжым троне залацілася дубовае лісце, чырванелі гронкі рабіны. Водар яблыкаў, лёгкі, амаль незаўважны, насіўся ў паветры, кружыў галаву.

Сотвар сядзеў, апрануты ў агністы, колеру восені шоўк, падпёршы вострае падбароддзе кулаком. Глядзеў з-пад доўгіх белых веек зверху ўніз, вывучаў. У сярэбраных валасах ззяла ледзянымі дыяментамі карона – быццам вострыя іклы інею.

– Косткасей, – князь апёк мяне ледзяным позіркам. – Ты прывёў да нас чалавечае дзіця.

– Чалавечае дзіця, – глуха паўтарыў за ім Двор. Вочы іх няярка свяціліся, зусім як курганныя агні. Яны ўсе ведалі, што бывае, калі смяротны апынаецца там, дзе не павінен, але не мелі нічога супраць.

Я сцяў зубы і змоўчаў, сціснуўшы меч у руцэ. З ляза дасюль яшчэ капала, застываючы на каменных плітах, чорная кроў.

– І няхай для палявання яшчэ не прыйшоў час, – ленавата працягваў Сотвар, усміхнуўшыся самым краёчкам вуснаў. – Мы, канечне ж, з ахвотаю дазволім табе.

– Гэта не ахвяра для Гону, – голасна сказаў я. Сотвар бліснуў вачыма і нахмурыўся: я парушаў правілы яго любімай гульні. Чуваць было, як усхвалявана перашэптваюцца прыдворныя.

– Гэта не ахвяра для Гону, – паўтарыў я, сціскаючы пальцы на хлапчуковым плячы. – Княжа, то. музыка прыйшоў усцешыць ваш слых сваімі песнямі.

Князь засмяяўся. Рогат падхапіла дворня, і хутка ўся зала затрэслася ад усюдыіснага смеху. У Нешкі задрыжалі вусны, Стаўры, падціснуўшы хвост, ціхенька заскавытаў.

– Чалавечае дзіця будзе цешыць мяне сваімі песнямі? – кпліва пацікавіўся Сотвар. – Косткасей, што за недарэчная прыдумка.

Але, нават кажучы так, ён – па вачах было відаць – зацікавіўся. Змерыў змярцвелага ад холаду і боязі хлопчыка непрыязным позіркам.

– А што скажаш ты, чалавечае дзіця?

Я лёгка падштурхнуў Яся наперад, і той зрабіў некалькі няўпэўненых, быццам праз сон, крокаў. Прыціснуў да грудзей лютню і хрыпла прагаварыў, змагаючыся з крышталікамі інею на вуснах:

– З радасцю спяю для вас, ясны княжа.

Але пасля песні, напружана думаў я, і Нешка, мяркую, таксама. Ну, скажы ж: але пасля песні майстру плацяць. Скажы гэта. Скажы.

– Але памятайце, княжа, – прахрыпеў Ясь, быццам пачуўшы нашы думкі. – Пасля песні майстру плацяць.

Сотвар ашчэрыўся. Двор зашаптаўся грамчэй, узбуджана і абурана: гэта было чыстай вады нахабства.

Часам толькі на нахабства і выпадае спадзявацца.

– Спевы і словы сплятаць немагчыма без платы, – перакрываючы натоўп, азваўся хтось з прыдворных паэтаў. – Той, хто паслухаў, аддзячвае дарам сардэчным.

– Сын чалавечы кіруецца звычаем даўнім, – спеўна і звонка падхапіў другі. Узбуджаныя шэпты амаль сціхлі, пакорлівыя ўладзе гэтых магутных галасоў.

– Звычай такі, такзаведзена, такзастанецца, – канчаткова зацвердзіў трэці голас, быццам прыпячатаў. І па агаломшанай зале расцяклася звонкая цішыня.

Князь паморшчыўся, але развёў рукамі.

– Ты атрымаеш плату, чалавечае дзіця, – без асаблівай ахвоты паабяцаў ён. – Тры песні – тры падарункі. Такі звычай.

Ясь перарывіста ўздыхнуў. На шчоках яго, на валасах, на плячах і кароткім плашчы, нават на цяжкіх ботах весела пералівалася ў зеленаватым святле ўзорыстая корка інею.

Хлопчык адкашляўся і крануўся струнаў. Тыя адазваліся на ягоны дотык і цёпла, і радасна.

Вясна, вясна, пелі струны. Радасная, шчаслівая вясна. Вясна блізка, вясна настане. Лёд растае, снягі становяцца вадою, жывою, вясёлаю, вірліваю. Вада поіць зямлю, вада жывіць расліны. Жыццё нараджаецца з лёду і снегу, жыццё перамагае, звініць у жаўруковым спеве. Жыццё, жыццё, жы...

Сотвар гнеўна ўдарыў кулаком па ручцы трона – ажно пакацілася рэха па ўсім падзем'і. Песня бездапаможна абарвалася, і Ясь, разгублены, усё яшчэ закружаны колам жыццятворнай веснавой вады, стаяў і непаразумела глядзеў на князя знізу ўверх, такі маленькі, такі слабы, такі нікчэмны ў параўнанні.

– Ты, мусіць, забыўся, чалавечы сын, што зараз восень, – загаварыў Сотвар. – Твая песня, можа быць, і забаўляльная ў нечым, ды недарэчная, бо ўсе мы чакаем зімы.

Князь зноў усміхаўся краёчкам рота. Ясь ускрыкнуў ад болю і ледзь не да крыві закусіў вусны: іней пачаў караскацца па ягоных руках, зводзячы пальцы крукамі.

– Тады... тады іншую песню, ясны княжа, – ледзьве вымавіў хлопчык, спрабуючы і сам адказаць на князеву ўсмешку. Атрымалася ў яго не надта.

Спіна ў яго напялася, дыхаў ён часта, і рука, крануўшыся струнаў, спачатку патрывожыла іх недарэчна, так што лютня ўскрыкнула бязладна і фальшыва. Нешка схавала твар у далонях.

Ясь, аднак, перасіліў сябе, выправіўся. Лютня зноў запела, з яшчэ большаю цеплынёю і агнём, з жарсцю маладога кахання.

Уражаная Нешка падняла галаву, зірнула на мяне і ўсміхнулася. І я таксама ўсміхнуўся: пад жарам гэтай музыкі паволі адступаў іней. Гэта была – надзея. А лютня пела, і хлопчык з зялёнымі – нашымі – вачыма пеў разам з ёю, у кожнае слова ўкладаючы драбок уласнай цеплыні.

Слаўся, повязь між двума сэрцамі, слаўся, дотык дзвюх душаў, слаўся пад сонцам і пад месяцам, вечна, вечна. Колькі любяцца неба і зямля, столькі будзе жыць каханне, адбіваючыся ў вачах закаханых, пераскокваючы з вуснаў на вусны падчас пацалункаў. Будзе жыць, жыць, жы...

Сотвар рэзка падняўся з месца, ускінуўся, быццам язык белага полымя. Падняў рукі над галавою і пляснуў у далоні – і музыка скамячылася, а словы ўскіпелі і замёрлі, заінелі ў Яся на вуснах.

– Ты, мусіць, забыўся, чалавечы сын, што пяеш пра смяротных і іхнія любошчы, – грэбліва сказаў князь. – Можа, для чалавечых сыноў гэта і цікава, але не для нас, адвечных.

Ясь зноў ускрыкнуў і упаў на калені. Лютня бездапаможна выпала з ягоных рук, вохнуўшы, як жывая. Я шпарка падскочыў да хлопчыка, спрабуючы дапамагчы яму падняцца. Іней укрываў яго цалкам, сівізною ляжаў у валасах, так што падшыванец Ясь быццам састарыўся за лічаныя імгненні. Іней бязлітасна джаліў мае далоні, пакуль я трос хлопчыка, аклікаючы па імені, пакуль я лаяў і яго самога, і ягоную сям'ю да сёмага калена. Ён заплюшчыў вочы, не варушыўся, скурчыўся, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і мармытаў пад нос, паўтараў толькі адно:

– Холадна. як жа холадна.

Князь, усміхаючыся, нетаропка спусціўся, з шоргатам цягнучы за сабой барвовы плашч, па прыступках ад трона. Спыніўся на перадапошняй.

– Нам сорамна за цябе, Косткасей, – мовіў Сотвар з дакорам. – Ты, наш рыцар, наш вартаўнік, важдаешся з гэтым шчанюком.

– Майце літасць, княжа. – шэптам узмалілася Нешка, ламаючы рукі. Князь апёк яе ледзяным позіркам, і панна анямела і застыла, толькі па бледных шчоках ліліся слёзы.

Я падняўся, абапіраючыся на меч, вытрымаў позірк Сотвара, не адвёўшы вачэй.

– Гэты хлопчык выйдзе адсюль, – працадзіў я скрозь зубы. – Выйдзе жывы і здаровы. І Гон не прыйдзе па яго. Ні сёння, ні калі-небудзь яшчэ.

– Гэты хлопчык, – злосна адказаў князь. – Прыйшоў сюды сам, не спытаўшы нашага дазволу, не маючы права на гэта. Сын свайго бацькі, як ні паглядзі.

– І сын сваёй маці, – дадаў я. – Ці ж не дае гэта яму права быць тут?

Сотвар звёў бровы, і ўладна працягнуў руку, і зрабіў бы яшчэ адзін – апошні свой – крок да паўпрытомнага Яся, каб я не апярэдзіў яго, засланіўшы хлопчыка сабой.

– Двубой, – здушана прасіпеў я, падымаючы меч і сам не верачы, што раблю гэта. – Двубой!

Ён зірнуў на мяне паўзверх мяча вачыма колеру зыркай сталі. Клянуся, я бачыў, як па лязе

папаўзлі карункавыя марозныя ўзоры.

– Двубой, – тупа паўтарыў я. У галаве было на дзіва пуста, і толькі варочалася і непакоіла атрутная іголка там, злева.

Неба, што ж я такое раблю, кадук мяне вазьмі. Хіба бывае так, каб зброя абярнулася супраць таго, хто трымае дзяржальна? Хіба веру я – хаця б на хвіліну – што магу перамагчы?

– Хай будзе так, – адгукнуўся князь. Падняў руку – і паветра загусцела, набываючы форму, пакорлівае ягонай волі, і з іголак інею вокамгненна саткаўся бледны клінок, ззяйкі і востры.

А пасля клінок рушыў наперад, на мяне, так што я ледзь паспеў падставіць пад удар уласны меч. Удар быў страшны, але, на шчасце, ледзяное лязо слізнула, рассыпаючы іскры, а я вывернуўся, адскочыў убок. Двор паспешліва адступіў, стаў вакол нас шырокім колам, поўным шэптаў і позіркаў, поўным шолахаў.

У гэтым коле мы ўдваіх рухаліся – круціліся адзін за адным, упіваючыся позіркамі, быццам танчылі дурны танец. Я крочыў на паўсагнутых нагах, пасоўваў меч з боку ў бок, падманваючы, хаваючы намеры, цягнучы час.

Час – вось што трэба. Час, каб дабратворныя чары з рук панны Нешкі дапамаглі аднаму малому нахабніку ачуняць. Час.

І я выбіваў для яго імгненні, адно па адным, з паслухмянай сталі, якая ўпарта гула і хрыпела, якая стагнала пад напорам бледнага клінка.

– Дурасць, Косткасей, – казаў Сотвар. – Неба, якая дурасць. Дзеля чалавека падстаўляць уласны карак.

Тут ён зноў ударыў. Клінкі чарговы раз за скрыгатам сышліся, і па лязе майго мяча пабеглі марозныя іглы, і холад апёк, і кроў застыла ў жылах.

– Саступі мне, Косткасей, – выціснуў Сотвар з натугаю.

– П-пайшоў ты, – злосна выдыхнуў я. З сілаю пхнуў князя ў калена і, не губляючы часу, адкінуў ад сябе. Ён адляцеў прэч на тры ці чатыры крокі, з цяжкасцю ўтрымаўся на нагах. Князевы вусны скрывіліся, і свабоднаю – праваю – рукою ён павольна адчапіў фібулу, што трымала плашч. Барва аплыла да ягоных ног, расцяклася па каменнай падлозе.

– То ты вінаваты сам, – са скрухаю сказаў Сотвар. І рушыў наперад.

Ён наляцеў бязлітасна і імкліва, быццам зімовая віхура, быццам суровы сівер, што нясе вострыя ледзяшы. Але я і сам стаў віхураю, неўтаймаванай восеньскай непагаддзю з халоднымі грымотамі, з бязлітаснымі навальніцамі. Мы счапіліся, нарэшце – на поўную сілу, мы рвануліся ўверх, так што халодныя агні пужліва разбягаліся, жалобна дзынкаючы, так што раўла і гула драпежная цемрадзь, так што стагналі калоны і скаланаліся гулкія скляпенні.

– Ты сам вінаваты, сам вінаваты, сам, – абвінаваўча выў сівер. – Ты адпусціў яе калісь, адпусціў ад нас, а сёння прывалок гэтага шчанюка, быццам бы на замену ёй!

Ад адной згадкі, ад аднаго слова зноў ажыла праклятая іголка каля сэрца – на імгненне, на нейкі адзін паскудны момант. І на гэты момант стаўшы сабой, а не гнеўнай віхурай, я страціў раўнавагу, і, ужо страціўшы, адчуў боль пад рэбрамі злева, задыхнуўся, захапаў ротам паветра.

І цяжка ўпаў, абрушыўся зверху – ніцма на халодныя каменныя пліты, разбіўшы далоні і калені. Сотвар на крылах ветру павольна апусціўся долу, наблізіўся двума нячутнымі крокамі. Так ступае па зямлі снег.

Лязо ледзянога клінка было зусім блізка ад маіх вачэй, і я бачыў, як сцякаюць па празрыстай паверхні чорныя кроплі крыві. У роце зрабілася салёна і суха, піць захацелася да сутаргі ў горле.

– Ты вінаваты сам, – строга паўтарыў Сотвар і занёс меч. Я, стомлена прыкрыўшы вочы, чакаў удару, але замест гэтага прычакаў голас:

– Здаецца, я вінны вам апошнюю песню, княжа.

– Песню?.. – разгубіўся Сотвар. На сваёй руцэ я адчуў асцярожны дотык мокрага носа. Пасля нехта клапатліва задыхаў мне ў патыліцу і, нарэшце, лізнуў у вуха. Стаўры заскавытаў і адбег, а потым маленькія цёплыя рукі абхапілі мяне і дапамаглі прыўзняцца.

– Падыміся, рыцар, – прашаптала Нешка, і лекавыя чары, простыя, але дзейсныя, плылі ад яе белых рук. Не маглі перамагчы непазбежнае, але адкладалі фінал, супакойвалі і лашчылі. Мілая маленькая радзімка на яе шчацэ яшчэ дваілася ў мяне перад вачыма, але дыхаць ужо было куды лягчэй, і жыццё болей не струменіла ракою, вырываючыся з мяне. Пакідала павольна, па кроплі.

– Ты прыгожая, панна Нешка, – прагаварыў я шэптам, проста каб не забыцца сказаць ёй гэта, пакуль яшчэ магу. Яна пачула і заружавела, але нічога не адказала.

Стаўры, вінаваты круцячы хвастом, зазіраў мне ў твар, быццам пытаўся: ну як? Жывём?

– Жывём, – няўпэўнена сказаў я, патрапаўшы сабака па галаве. І дадаў пра сябе: «Пакуль». Паглядзеў, як Сотвар навісае над Ясем, паспрабаваў падняцца, але не здолеў.

– Цішэй, цішэй, рыцар, – супакойвала Нешка. – Іначай рана адкрыецца.

– ...апошнюю песню, княжа, – казаў Ясь. Ён стаяў насупраць раз'юшанага Сотвара – прамы і строгі, са змрочна зведзенымі бровамі, з упартымі вуснамі. Трымаў лютню ашчадна, як трымаюць немаўля, і прыціскаў да сэрца.

Князь шпульнуў ледзяны клінок камусь са сваіх паляўнічых – і той прыняў княжую зброю з пачцівым паклонам, стаў трымаць асцярожна, на выцягнутых руках.

– Дзве твае песні нас не ўразілі, чалавечае дзіця, – сказаў Сотвар здзекліва. – Чаму ж ты думаеш, быццам з трэцяй атрымаецца лепей?

– Пра гэта меркаваць вам, княжа, – азваўся Ясь. – Але абяцанне ёсць абяцанне, і свае я выконваю.

Сотвар нахмурыўся.

– А я выконваю свае, – мовіў ён рэзка. – Добра. Праспявай мне трэці раз і паспрабуй дагадзіць. Іначай...

Ясь моўчкі пакланіўся. Князь вярнуўся на трон, коратка глянуў на мяне і нецярплівым жэстам запрасіў хлопчыка пачынаць.

Нешка напялася, сціснула маю руку ў сваіх. Як зачараваная, сачыла за Ясем. А той узлахмаціў валасы, з хрустам размяў шыю. Абвёў позіркам увесь Двор, паэтаў, паннаў, рыцараў ды паляўнічых. Усміхнуўся ярка, белазуба адразу ўсім.

– Я і праўда не меў рацыі, – загаварыў пачціва. – Калі для такіх спакушаных слухачоў пеў простыя песенькі. Але зараз я не проста спяю – я раскажу гісторыю.

– Якую яшчэ гісторыю? – сярдзіта перапытаў Сотвар. Ён заўважна пачынаў губляць цярплівасць і, падобна, ужо шкадаваў, што адразу не склікаў Дзікі Гон.

– Самую праўдзівую, княжа, – сказаў Ясь. – Бо я заўжды кажу толькі праўду.

Лютня сонечна бліснула ў ягоных руках – ці, можа, мне падалося? Ясь памаўчаў, апусціўшы голаў, а пасля лёгка крануў струны. І тыя загулі, запелі, зазвінелі.

Так, як звіняць пад ветрам хвалі мора верасоў – белых, ліловых і амаль чорных. Так, як звіняць старадаўнія чары, нацягнутыя між іклаў стаячых камянёў. Так, як звіняць па снезе ледзяныя падковы княжага палявання.

І пад гэты верасовы перазвон хлопчык з нашымі вачыма расказваў гісторыю – важкімі, спеўнымі словамі. Вядома ж, праўдзівую, бо ён, гэты хлопчык, ніколі не хлусіць.

Хлопчык казаў пра панну з белымі крыламі – самую прыгожую, самую светлую на свеце панну. Тая шторанка лётала да возера, скідвала там футра з лебядзінага пер'я, і танчыла на серабрыстай вадзе, і спявала.

Між каменных калон сапраўды стала чуваць і плёскат вады, і шолахі ў трыснягу. Белая здань, сатканая з музыкі і абрыўкаў памяці, кружылася ў танцы перад княжым тронам, рассыпаючы серабрысты смех. І Сотвар, сцішаны, глядзеў.

Хлопчык казаў пра маладога паляўнічага, які адной раніцы прамінаў тое возера і пабачыў танец, і пачуў спевы. Яны ўпадабалі адзін аднаго, панна і паляўнічы, і зразумелі гэта, не абмяняўшыся ані слоўцам. Словы ж рэч ненадзейная, часам замінаюць, словы могуць здраджваць і падманваць, але позіркі закаханых – ніколі.

Зданяў зараз было дзве, яны танчылі разам, спавіваліся, як два агеньчыкі. Радасныя, шчаслівыя, свабодныя. І Сотвар, скамянелы, глядзеў.

А хлопчык казаў, што панне трэба было вяртацца дамоў, да любімага бацькі, і яна ўздзела крылы і паляцела. А паляўнічы не мог заставацца без яе, і таму рушыў следам. І адшукаў, і знайшоў, і панна, як ні любіла бацьку, пайшла за ім. І па дарозе яны пайшлі ўдваіх, панна і паляўнічы. Радасныя, шчаслівыя ды свабодныя. Назаўжды, назаўжды, назаўжды.

Я дазволіў сабе ўсміхнуцца. Хлопчык, які нібыта ніколі не хлусіць, свядома дазволіў сабе з паўтузіна дапушчэнняў у гэтай гісторыі. Але тым прыгажэй атрымалася. Ды і казкі павінны хораша заканчвацца, ці не так?

Музыка замірала, гасла, і гаслі пакліканыя ёй здані. А Сотвар сядзеў нерухома, прыкрыўшы вочы рукою, і маўчаў, і ўвесь Двор маўчаў таксама. Падшыванец Ясь, цяжка пераводзячы дыханне, аціраў спацелы лоб. Гэтая музыка адабрала ў яго шмат сілы, так што нават абнесла вочы цёмнымі коламі, але хлопчык усміхаўся.

На мой век прыпала дастаткова паядынкаў, каб я навучыўся адчуваць пералом у змаганні, i вось зараз адбылася несумненная перамога.

– Што ж, дзіця, – прагаварыў Сотвар павольна, гледзячы ўбок. Далонь яго мільганула каля самых вачэй і зноў апусцілася. – Мы... Я хачу аддзячыць табе за твае песні, як было абяцана.

Князь падняўся з трона і працягнуў руку.

– Падыдзі да мяне, дзіця, – запрасіў. Ясь пакасіўся на мяне і Нешку, нерашуча пераступіў з нагі на нагу, упарта звёў бровы і пакрочыў уверх, паціснуў Князеву руку.

– Два дарункі абяру я сам, – працягваў Сотвар. —

Бо дзве твае песні не прыйшліся нам пад густ. Першае: язык твой будзе лягчэйшым за пёрка i не здолее ўтрымаць цяжар хлусні. Другое: будзеш бачыць далей, чымся усе іншыя смяротныя, нават калі твае вочы замгляцца.

Словы падалі цяжка, абвівалі Яся, быццам змеі.

Патыхалі чарамі – старажытнымі, як сам Сотвар, як мы ўсе, як гэта зямля. Дар праўды i дар прадбачання, на мой густ, не самае лепшае спалучэнне, асабліва каб выжываць між людзей. Хоць з чарамі ўсё залежыць ад таго, як іх павярнуць, як імі карыстацца. Яны не благія і не добрыя ад пачатку – благі ці добры толькі той, хто нясе іх у свет.Ясь, мусіць, яшчэ не зразумеў, што гэта за дарункі, таму захоплена назіраў за сярэбраным ззяннем, што танчыла вакол яго, і спрабаваў злавіць асобныя іскры.

Трэба падняцца, папярэдзіць яго, але – не магу. І цемрадзь адтуль, зверху, куды сыходзяць вершаліны калон, абсыпаецца мне на вочы чорным пер'ем, замінае глядзець.

– Трэці дар абірай сам, – суха сказаў князь. Хлопчык зноў азірнуўся і паглядзеў на мяне.

– А што з дзядзеч. што з гэтым рыцарам будзе, княжа?

– Што б ні было з ім пасля, – прагаварыў Сотвар, змрачнеючы. – Гэта не твой клопат, дзіця.

– А можа, і мой, – Ясь з выклікам ускінуў падбароддзе. – Трэці дар ты мне дазволіў абіраць самому, ці не так, княжа?

І ён, гэты падшыванец, гэты блазан, гэты малалетні дурань, лёгкім крокам спусціўся да мяне ад княжага трона, увесь у серабрыстым ззянні, падаў мне руку, і пажадаў, сонечна ўсміхаючыся:

– Жыві, дзядзечка!..

Сонца неміласэрна пякло мне ў галаву, і галава гэтая наўпрост расколвалася. Я расплюшчыў вочы і пабачыў, што ляжу ніцма ў траве і што побач па тонкай травінцы, напружваючы ўсе сілы, паўзе жывая чырвоная кропля. Я прасачыў яе нялёгкі шлях, спачуваючы ёй ад усяе душы і перавярнуўся на спіну.

Нада мной блакітнае неба падпіраў ссівелы стаячы камень, а над ім плылі белыя-белыя, быццам лебядзіныя крылы, аблокі. Я глядзеў на іх, на поўныя грудзі ўдыхаючы мядовы водар верасовага мора, і, несумненна, жыў.

– Рыцар! – паклікаў мяне голас Нешкі. Я не без цяжкасці сеў, трымаючыся за бок. Той смылеў, але не болей за тое.

Побач са мной у траве ляжаў меч – чужы, бо мой, выкаваны майстрамі з-пад кургана, мірна спачываў у похвах. Мабыць, той, што Падвей калісьці пакінуў тут, забіраючы сваю князёўну.

Я ўзяў чужы меч у рукі, вывучаючы, і трохі запознена зразумеў, што гэты – чалавечы, выкаваны ў кузні з халоднага жалеза. Але злы метал маўчаў, не пагражаў і не апякаў маю скуру – прыручаны, прызнаў за свайго. За аднаго з тых, што расказваюць казкі каля сваіх ачагоў.

– Рыцар.

Панна Нешка стаяла тут жа каля каменя, разгубленая і настолькі мілая ў сваёй збянтэжанасці, што я ўсміхнуўся і адклаў Падвееў меч. За курганам, нябачны адсюль, заліваўся радасным браханнем Стаўры. Тут жа заходзіўся рогатам, таксама нябачны, Ясь:

– Сабачышча ты, сабачышча, а вось і не зловіш! Не зловіш, не!

Тут падшыванец вохнуў і, верагодней за ўсё, пакаціўся па зямлі. Сабачышча такі злавіў.

– Не ліжыся, ну! – прыглушана лямантаваў Ясь. – Я табе кажу, годзе!..

– Куды ж цяпер? – занепакоена спытала Нешка. І таропка пачала расказваць, што пайшла за мною і Ясем, каб прасачыць, каб дапамагчы. А калі ўпэўнілася, што са мною ўсё добра, хацела вярнуцца назад, а цень пад стаячым каменем.

– Цень замкнёны, – дагаварыла спахмурнелая панна. На вейках яе дрыжалі слёзы. Я, трымаючыся адной рукой за шурпатае цела каменя, стаў на ногі. Зірнуў на ўласны шалом-чэрап, на як прысеў легкадумны белы матыль.

– Куды ж нам?.. – паўтарыла Нешка. Я зрабіў да яе адзін хісткі крок, адвёў ад белай шчакі залацісты завіток валасоў і, нахіліўшыся, пацалаваў там, дзе пад здзіўленым вокам чарнела дробная радзімка.

Узяў у сваю далонь маленькую цёплую руку і ўпэўнена адказаў, паказваючы туды, дзе пасвіўся шэры ў яблыкі конь, дзе вілася і знікала ў куродыме дарога:

– Туды.


Ілюстрацыі Маргарыты Латышкевіч.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю