355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Маргарыта Латышкевіч » Вершнікі на дарозе (СИ) » Текст книги (страница 1)
Вершнікі на дарозе (СИ)
  • Текст добавлен: 19 марта 2017, 16:30

Текст книги "Вершнікі на дарозе (СИ)"


Автор книги: Маргарыта Латышкевіч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ

ВЕРШНІКІ НА ДАРОЗЕ

Словы – рэч ненадзейная. Здрадлівая. Імёны тыя ж, скажам. Вось для прыкладу, называюць мяне – Косткасей. Рассяваю, значыцца, косткі на ратным полі. Злавіць бы аднаго з тых, што ўкладаюць песні на кожны стук-грук, дакладней, таго калматага вечна п'янага гарлапана, які першым гэта прыдумаў, то яму гэтыя самыя косткі як след пералічыў бы.

Зрэшты, усё можна выкарыстаць на сваю карысць. Імя – таксама, нават калі не дужа падабаецца. Княжыя майстры колісь выкавалі мне неблагі чэрнены панцыр, на якім срэбрам выведзены малюнак – хрыбет ды рэбры. І забрала ў шалома адмысловае – быццам чэрап. У чалавечых сыноў зазвычай пачынаюць падступна дрыжаць каленкі яшчэ да таго, як нябогам даводзіцца скрыжаваць са мною меч.

Гэты не дрыжаў.

Зялёны саплівец, у якога і барада яшчэ не пачынала расці, змрочна глядзеў на мяне спадылба. Зброю – кароткі меч і драўляны шчыт – у руках трымаў няўпэўнена, быццам не звык да яе. Багаты плашч, падбіты лісіным футрам, і раззалочаная смешная кальчужка, і самавіты пояс, упрыгожаны самацветамі, ды нават самая манера капрызліва падціскаць па-дзявочы пульхныя вусны – усё выдавала ў ім разбэшчанага дзіцёнка багатага валадара людзей. Праўда, герб, груба намаляваны на шчыце, – нацягнуты лук і тры стралы – мне ні пра што не сказаў, але я ніколі не цікавіўся чалавечай геральдыкай.

Пад ветрам павольна гайдаліся духмяныя хвалі верасоў – белыя, ліловыя і амаль чорныя. Салодкі мядовы водар ленавата плыў над выгнутымі спінамі курганоў, над нагрэтымі за дзень стаячымі камянямі з выбітымі ў іх закляццямі. Белыя пышна ўзбітыя аблокі патроху наліваліся золатам і барвай: сонца паступова скочвалася за змрочныя вершаліны спрадвечнай Пушчы, якія адсюль падаваліся цёмным грабеньчыкам на даляглядзе.

Дзень быў спякотны, таму трохі ленаваты і сонны, таму цягнуўся доўга, як кроплі смалы па лусцэ кары. Я прысеў адпачыць, прысланіўшыся спінаю да аднаго з зачараваных камянёў, і глядзеў, як над стужкаю дарогі, над ракою і бярозавым гаем, кранутым восеньскай пазалотай, кружыць самотны крумкач. Калматы Стаўры прылёг побач, вываліўшы ружовы язык і паўпрыкрыўшы залатыя вочы. Я павольна перабіраў шэрую поўсць на ягонай спіне, пакуль Стаўры не падхапіўся, з трывогаю ўтаропіўшыся ў кропку на дарозе. Кропка хутка расла і стала вершнікам на белым кані.

Я колькі хвілін спадзяваўся, што яму хопіць розуму павярнуць да бяроз або да ракі. Чалавечыя сыны ведаюць, што Курганова Поле, ды ваколіца, ды Пушча – адвечна наша зямля, і нават падчас войнаў не сунуцца сюды. Цяпер быў дрыготкі няўстойлівы мір, калі мясцовыя валадары ў большасці распаўзліся па сваіх кутах і залізвалі раны.

Але ён не павярнуў.

Хлопчык не мог не ведаць, куды прыйшоў. Мы заўжды папярэджваем. Ставім ахоўныя знакі. Паабапал гэтай сцежкі ў густую траву ўторкнутыя два пачарнелыя ад часу кап'і з конскімі чарапамі на іх – пазнакі мяжы, уваходу ў наш край.

Так, ён выдатна ведаў, куды ішоў. Гэта было відавочна нават па тым, як ён спешыўся, як пайшоў, трымаючы руку на дзяржальне мяча. Заўважыць мяне ён не мог: кожны камень тут спавіты моцнымі старажытнымі чарамі, якія, калі патрэбна, надзейна хаваюць ад смяротных вачэй.

Я нетаропка выпрастаўся. Стаўры глуха забурчаў, ашчэрыўшы вострыя белыя іклы, і хлопчык, пачуўшы звярыны рык, на імгненне прыпыніўся, пракаўтнуў камяк у горле. Але рушыў наперад, аслізваючыся і блытаючыся ў густых і высокіх травах. Тут, каля зачараваных камянёў, усё процістаяла яму: і зблытаныя травы, і зямля, што зрабілася слізкай ды гразкай, і нават паветра, што заўважна згусцілася над ім. Ён задыхаўся, выбіваўся з сіл, абліваўся потам, раз-пораз спатыкаўся, рызыкуючы паваліцца, але, сцяўшы зубы, упарта працягваў ісці. І гэтаксама ўпарта не заўважаў, што безнадзейна застаецца на месцы, не пасоўваецца наперад ані на крок. А можа, чары і тут адводзілі яму вочы.

– Стой, чалавечы сын, – сказаў я, спускаючыся трохі ніжэй па схіле кургана. Хлопчык застыў, крута павярнуўся на мой голас – і нарэшце пабачыў. Змрочна звёў светлыя бровы і сціснуў дзяржальна так моцна, што ажно пабялелі пальцы.

Пахла ад яго так, як звычайна пахне ад людзей. Хлебам, потам, дарожным пылам. Ад тых, што бачаць мяне збройным ды конным, яшчэ зазвычай паскудна нясе жахам.

Гэты таксама баяўся – і заганяў сваю боязь глыбока, намагаючыся аніяк не паказваць. Баяўся нават і не мяне, бо мой шалом-чэрап я, адпачываючы, зняў і пакінуў каля руннага каменя. Ён баяўся самога гэтага месца. Чуў, вядома, тое, што шэптам пераказваюць каля іхніх ачагоў з зыркім агнём.

Абрыўкі гэтых баек даводзілася чуць і мне, калі па княжым загадзе бываў між людзей. Маўляў, тут жывуць пачвары, што насылаюць хваробы і неўраджаі, крадуць немаўлят і падмяняюць чалавечых дзяцей сваімі агіднымі выпладкамі. А яшчэ мы нібыта хапаем падарожных на скрыжаваннях ды пераправах, калі тыя з'явяцца там у ліхую гадзіну, і забіваем, і п'ём кроў з ненастылых целаў.

Усе гэтыя показкі робяцца дужа зручнымі, калі той ці іншы князёк чарговы раз вырашыць адбіць у нас нашыя ўладанні. Чалавечыя сыны кідаюць ачагі і ідуць на нас з сваім зыркім агнём і халодным жалезам. Мы адбіваемся – і яны адходзяць, адступаюць, забываюць, каб пасля вярнуцца, нібы тыя хвалі. Нас, праўда, з часам становіцца ўсё меней, а людзей большае: чалавечыя жанчыны болей плодныя, а чалавечыя дзеці выспяваюць хутчэй за нашых. І нам міжволі даводзіцца саступаць месца, сыходзіць прэч ад іх палёў і сяліб, далей ад халоднага металу, які цягне з нас жыццё.

У гэтага ў похвах пагрозліва пяе і патыхае на мяне лёдзістым холадам адкаванае рукамі людзей жалеза. І праз гэта ныюць старыя шнары – згадкі пра чужыя косткі, пасеяныя ў ненажэрных войнах за многія-многія гады.

– Хто... хто ты? – выгукнуў хлопчык. Голас яго падвёў, збіўся ледзь не на віскат, і ён пакутліва пачырванеў.

– Я – на сваёй зямлі, чалавечы сын, – адказаў я. – Найперш назавіся сам.

Вусны ў яго здрыгануліся. Хлопчык зноў паглядзеў на ашчэранага Стаўры, пасля перавёў позірк на мае похвы. Ацэньваў небяспеку.

– Іван, – адказаў нарэшце, пасля досыць працяглага вагання. – Іван Падвей з Кудравіц.

– І нашто ты прыйшоў сюды, Іван Падвей? Ты ж ведаеш, куды прыйшоў?

Ён неяк няўцямна хітнуў галавою – ці то пагаджаўся, ці то не. Відаць, не надта быў упэўнены. Наморшчыў лоб, узлахмаціў светлыя валасы, адпушчаныя да плеч.

– Паслухай, вой, – сказаў, не гледзячы мне ў вочы. – Я... я быў на паляванні. І згубіў дарогу. І сам не ведаю, як.

– Хлусіш, – азваўся я з прахалодаю ў голасе. Стаўры непрыязна гыркнуў, так што Падвей пабялеў, але хутка ўзяў сябе ў рукі. Зразумеў, што пераканаць мяне не атрымаецца, – і раз'юшыўся.

– А ты. ты сам хто такі, каб мяне на хлусні лавіць? – зараз ён задрыжаў, але не ад жаху, а ад гневу. – Даю слова гонару.

– Кашч Меднабароды, – назваўся я без асаблівай ахвоты. – Косткасей. А зараз я спытаю апошні раз, чалавечы сын. Нашто ты прыйшоў?

Твар у яго выцягнуўся. У бледна-блакітных вачах нават – о дзіва! – мільгануў цень думкі – напружанай, непаваротлівай, цяжкай, і разгадаць гэтую думку было проста. Нават калі адкінуць убок усе бязглуздыя байкі, што абкружаюць маю мянушку, я на дзве галавы вышэйшы і шырэйшы за яго ў плячах. Сталы і больш вопытны ў бойцы. І даспех мой – не кволая праца чалавечых рук, і зброя апетая чарамі.

Ён нават з сумневам азірнуўся туды, дзе спакойна пасвіўся ягоны конь, аднак уцякаць не стаў, адно ўпарта падціснуў вусны.

Бач ты, які герой.

– Паслухай, вой. Кашч, – зноў пачаў Падвей. – Вось што. Я скажу табе ўсё, як ёсць, а ты сам вырашай, што са мной рабіць.

Ён сапраўды расказаў – хаваючы пагляд і раз-пораз наліваючыся сарамлівай чырванню. На паляванні Падвей і праўда быў, але, праблукаўшы ў зарасніку каля возера ледзь не ўвесь дзень, так нічога і не здабыў. Выйшаў да вады – умыцца. А там.

– Там – яна.

Дзяўчына, значыцца. Уся ў сярэбраным ззянні, гнуткая, ладная, белатварая, з даўжэзнымі залатымі валасамі. Сядзела сабе на беразе, часала грабеньчыкам мокрыя пасмы і спявала. Ах, як спявала.

Калі гэты смешны хлопчык пачаў расказваць пра незабыўныя ды чароўныя спевы каля возера, я толькі чмыхнуў. Чалавечыя сыны могуць колькі заўгодна ваяваць з намі, называць нас пачварамі і пужаць намі сваіх дзяцей, але яны ніколі нічога не мелі супраць нашых голых баб.

– Я хацеў, – Падвей зноў зачырванеўся. – Хацеў... падысці бліжэй. Нічога такога. Проста каб загаварыць. А яна, мусіць, пачула. І хутка так.

– Збегла? Уплыла?

Хлопчык пакруціў носам.

– Перакінулася лебедзем, – адказаў ціха. – Проста... пачала падаць, і быццам замглілася, і раптам абрасла пер'ем, і так усё імкліва... мл

Я прысвіснуў ад нечаканасці, бо вось гэта было ўжо кепска. Вельмі кепска. I нават небяспечна для гэтага ўпартага ёлупня. Таму што я ведаю толькі адну золатавалосую аматарку паспяваць пасля купания, якая ўмее перакідвацца ўлебедзя.

Думаю, сама яна не магла не заўважыць чалавека ў хмызняку. Верагодней за ўсё, нават першай яго заўважыла i таму пачала спяваць, прыварожваючы, купаючыся ў паўдзіцячым захапленні. Якая ж жанчына не любіць, калі ёю захапляюцца.

Хай сабе якая іншая панна з нашых. Але тая, пра якую з такім захапленнем гаварыў гэты хлопчык, то дачка нашага князя, князёўна Мара, Марэна. Залатая каса ў маю руку таўшчынёй, пяшчотны белы тварык з вострым падбароддзем і ўпартым носікам, зацененыя густымі вейкамі вочы – зялёныя, быццам Пушча. Што гэтаму маладзенькаму дурню яна спадабалася, ды яшчэ пасля ўплеценых у песню чараў, цалкам вытлумачальна і нават натуральна.

Іншая справа, што наша князёўна ў гэтым сапліўцы знайшла.

– Яна сюды паляцела, – Падвей абвёў рукою курганы. – I я... за ёю, значыцца. Вось.

Ён нецярпліва пераступіў з нагі на нагу, зусім падзіцячы пацягнуў носам і з чаканнем i просьбаю зірнуў на мяне.

– Тут няма месца для чалавечых дзяцей, – адказаў я. – Ідзі, адкуль прыйшоў, Іван Падвей з Кудравіц, i лепей не вяртайся.

– А калі не пайду? – нахмурыўся хлопчык. —

Калі не пайду, дык што?

Я выразна папляскаў па сваіх похвах. Падвей з прысвістам уцягнуў паветра праз зубы i раптам як ашалелы схапіўся за меч. Халоднае жалеза бліснула барваю і апісала паўкруг каля маіх грудзей, але я імкліва ўхіліўся, адступіў на крок назад, вышэй па схіле кургана. Хлопчык размахваў мячом, аддалена нагадваючы вятрак, моцны не майстэрствам мечніка, а адно толькі злосцю.

На злосці без майстэрства, праўда, далёка не заедзеш.

– Біся са мною! – крыкнуў гэты блазан. – Біся, калі не баішся!

Мяне называюць Косткасеем, Крыважэрным ды Груганом Бойкі. Я сапраўды адправіў у апошняе падарожжа многіх чалавечых сыноў, але то былі воі, а не звар'яцелыя падлеткі.

– Вазьмі, – не расціскаючы вуснаў, загадаў я Стаўры, і той, рыкаючы, цяжка скочыў на Падвея, паваліў долу. Яны пакаціліся разам, сабака і чалавек. Свой меч хлопчык упусціў, і той цяжка ўпаў у траву, заціх там, быццам атрутная змяя.

– Двубой! – прыглушана галасіў чалавек. – Я патрабую дву. Ай, зараза, пусці!..

Непарушны Стаўры стаяў, прыціскаючы моцнымі лапамі вар'ята да зямлі, а Падвей шалё-

на круціўся пад ім, намагаючыся вырвацца, сыпаў лаянкай, божбамі ды просьбамі, бязладна мяшаючы адно з адным. Сабака, не звяртаючы ўвагі на ягоны лямант, пытальна паглядзеў на мяне: маўляў, і што нам з такім рабіць, дружа?

Я моўчкі паціснуў плячыма. На мой густ, назіраць за дурнямі значна весялей, чымся забіваць іх. Князь, верагодна, палічыў бы належным адразу пазбавіць няшчаснага хлопчыка пакутаў – і, разам з тым, засцерагчы адзіную дачку ад такога прыхільніка.

Што меркавала на гэты конт сама князёўна, я мог толькі здагадвацца. Але і здагадак маіх не спатрэбілася: я пачуў яе амаль бязважкія крокі і пазнаў гаркавы водар палыну, якім звычайна патыхала ад яе валасоў.

– Косткасей, – паклікала яна мякка.

Я павярнуўся на голас, прыкрываючы далонню вочы: сляпіла нізкае сонца. Марэна стаяла каля самага руннага каменя – у простай белай сукенцы, якая быццам абляпляла яе цела, з перакінутай цераз плячо касою. Падвей прыціх і (я ведаў гэта, нават не бачачы яго) глядзеў на Марэну.

Тая ішла, быццам плыла, і ад белай сукенкі сыходзіла зыркае серабрыстае ззянне, ярчэйшае за кволыя сонечныя промні. За ёю, апусціўшы галаву, ценем крочыла яе служка, панна Нешка – амаль незаўважная.

Поруч з Марэнай усе і ўсё становіцца незаўважным, быццам блякне.

– Косткасей, – паўтарыла князёўна, калі параўнялася са мною. Я паважліва схіліў галаву. Стаўры завіляў хвастом, калі князёўна мімаходзь пагладзіла яго па галаве. А Падвей усё глядзеў, не зводзячы вачэй, не варушачыся, зніякавелы. Быццам прыціснуты, раструшчаны чымсьці дзіўным, чымсьці вялікім, чымсьці, што не змяшчалася ў ім і прарывалася вонкі: радаснымі іскрамі ў вачах, і бязглуздай усмешкай, і нечым яшчэ – няўлоўным, але несумненным, адчувальным нават збоку, нават мне.

Марэна працягнула яму руку – белую, быццам азёрная лілея, руку з тонкімі пальцамі, на якіх пялёсткамі ружавелі пазногці. І Падвей аберуч за гэтую руку-лілею ўхапіўся, так моцна, як мог, быццам бы наважыўся ніколі больш не адпускаць, і падняўся на ногі, як і раней, не адрываючы вачэй ад князёўны. Тая відавочна атрымлівала ад ягонага замілавання асалоду і ледзь заўважна ўсміхалася.

– Косткасей, – сказала яна. – Я сыходжу з ім, разумееш?

– Сыходзіш, князёўна, – пацвердзіў я. – Але не разумею, дзеля чаго.

Яна толькі засмяялася – быццам зазвінелі сярэбраныя званочкі – і пайшла прэч, ласкава, але настойліва цягнучы за сабой аглушанага шчасцем Падвея. Ішла туды, дзе белы конь шчыпаў сакавітыя травы, і ніводнага разу не азірнулася.

Панна Нешка ахнула, бездапаможна азірнулася на мяне.

– Рыцар!..

Напэўна, я мог бы тады штосьці зрабіць. Але я падумаў: якая мне справа да гэтага няшчаснага хлопчыка? Яна пагуляецца з ім, як гулялася з іншымі да яго, а пасля ёй надакучыць. Ёй заўжды ўсё надакучвае. Пакуль яны маладзенькія і пяшчотныя, іх улюбёныя позіркі цешаць і радуюць, але чалавечыя сыны хутка – для такіх, як мы, – старэюць, і вянуць, і, нарэшце, паміраюць. Марэна не дачакаецца нават ягонай сталасці, не тое што старасці: не яна першая з нашых паннаў вось так лавіла песняю маладзенькага смяротнага дурня. Не першая і не апошняя.

Над курганамі і над Пушчай, як звычайна, праміналі дні. Зімою княжае паляванне высочвала баязлівых аленяў, чытаючы радкі слядоў па кнізе снежных гурбаў. Спеўна гулі сярэбраныя рагі, сокалы порстка ўзляталі з пальчатак, і ясныя панны з княжага двара, усе спрэс золатавалосыя і зеленавокія, ахалі і пляскалі ў ладкі. Спаборнічалі між сабой лучнікі, хвалячыся трапнасцю ды сілаю рук. Паляванне, Дзікі Гон, ляцела наперад, узбіваючы за сабой цэлую снежную віхуру, са свістам, грукатам і воклічамі неслася па нізкіх хмарах, і тады чалавечыя сыны шчыльней прычынялі дзверы і завешвалі вокны.

Увесну, калі на рацэ нарэшце крануўся лёд, калі прыдворныя паэты зноў пачалі перапяваць старыя песні пра старыя бойкі на новы лад, я пакінуў Двор і вярнуўся да сваёй варты на мяжы. Верны Стаўры шэрым ценем бег за мною, пераскокваючы лужыны ад расталых сумётаў, а дні большалі, і на чорных галінах бяроз каля дарогі абуджаліся да жыцця пахкія пупышкі. Пушча ажывала таксама, напаўнялася галасамі, і рухам, і колерамі, і вячыстыя дрэвы суха рыпелі, нібыта распраўляючы плечы. На курганах з вільготнай чарнаты праклёўваліся тонкія зялёныя парасткі новых траваў, а на стаячых камянях, проста на рунічным пляценні, да паўдня трымаліся цёмныя плямы сырасці.

Лета, як зазвычай, прыходзіла амаль незаўважна, раскочвалася па свежай вясновай зеляніне палымянымі сонечнымі пацалункамі, прыгаршчамі сыпала ў зялёную поўсць травы пярэстыя кропкі кветак, і спевы жаб, і галасы конікаў. Па начах, калі паветра было цёплым і густым, як малако, калі лёгкай смугою курылася за асакою рака, на небе залатою надкушанай манетаю свяціўся месяц, а ў травы, зрываючыся з неба, падалі зоркі з вогненнымі хвастамі. Стаўры, ускінуўшы вострую пысу, уважліва сачыў за імі, такімі самымі хвастатымі, як і сам, і ціхенька, тоненька, па-шчанячы падбрэхваў.

Восенню Курганова Поле пахла мёдам, бо квітнелі верасы – белыя, ліловыя, амаль чорныя.

Цэлае мора верасоў хвалявалася пад дотыкамі ветру ажно да далягляду, да цёмных зубцоў Пушчы. Камяні прагна лавілі сонечныя промні, назапашвалі цеплыню і святло, рыхтуючыся да зімы. Над курганамі павольна плылі серабрыстыя ніці павуціння.

Так прайшлі гады – тры ці мо чатыры, не магу сказаць дакладна. Мы не адчуваем час так, як адчуваюць яго чалавечыя сыны, і нават стагоддзі для нас прабягаюць амаль незаўважна, быццам пясок скрозь пальцы.

Сотвар з'явіўся побач са мною ў адзін з першых дзён восені – упершыню за доўгі час сам завітаў на мяжу. Выйшаў з ценю стаячага каменя, высокі, прамы. Абапіраўся на разны посах з зыркім зялёным самацветам, цягнуў за сабой ацяжэлы ад расы сіні плашч. Вецер кратаў князевы сярэбраныя валасы, і падавалася, быццам гэта – ніці павуціння.

У доўгіх ягоных пальцах адлівала срэбрам птушынае пёрка – напамін ад князёўны, доўгачаканая вестка.

– Яна жадае вярнуцца да нас, – сказаў мне князь, хоць я і так зразумеў, у чым справа. На яго тонкіх вуснах прамільгнула, як знічка, усмешка. Ён прадбачыў, што менавіта так усё і закончыцца, і вельмі цешыўся гэтым. Я згадаў упартага маладзенькага вар'ята – і яркі пагодны дзень чамусьці азмрочыўся.

Зрэшты, сам вінаваты. Ён ведаў, куды ішоў і за кім, ці не так?

– Вярні яе дамоў, Косткасей, – няголасна загадаў князь. На ягоную карону з танюткіх залатых дубовых лісткоў цяжка ўпаў, прыняўшы іх за сапраўдныя, белы матылёк.

Я моўчкі пакланіўся. Я не звык разважаць над княжымі загадамі: усё такі – вартаўнік, вой, зброя ў княжых руках. Зброі задумвацца не выпадае, яна паслухмяная руцэ, што яе трымае.

Уночы ўдарыла навальніца. Я, захутаўшыся ў плашч, нёсся на кані між неспакойных буркатлівых хмар. Імклівы вараны конь стрыг вострымі вушамі і голасна ржаў, і голас яго патанаў у грымотах. Маланка біла раз'юшана, праразаючы целы хмар, быццам кап'ё, і асвятляла ўсё вусцішным блакітным ззяннем.

Белае птушынае пёрка, рассыпаючы сярэбраныя іскры, плыло перада мною, паказваючы шлях, і то рабілася іскрыста-блакітным, то блякла і зноў цьмяна свяцілася праз завесу дажджу.

Хлопчык завёз яе далёка. Можа быць, падсвядома хацеў трымацца як мага далей ад месца, якое так яго пужала. І, вядома, трымаць яе, сваю князёўну, далей адтуль. Наіўны – як быццам адна з нас, калі пажадае, не знойдзе дарогі назад, дарогі дамоў. Можа быць, ён проста не надта верыў, што ягоная абранніца калі-небудзь пажадае гэтага.

Капыты каня ўдарылі па чарапічным даху замка, а адзін узмах доўгага хваста вымусіў флюгер шалёна заскакаць і затрэсціся. Я скіраваў каня ніжэй – і падковы выбілі іскры на брукаванцы замкавага дворыка. Пёрка ўспыхнула ярчэй, а пасля рассыпалася, ападаючы яркімі кропкамі долу. Значыць, тут.

Я прайшоў праз замкнёныя дубовыя дзверы, пакрочыў, бразгаючы шпорамі, па гулкіх пустых залах. Наткнуўся вачыма на герб над камінам – напяты лук ды тры стралы. На сцяне ў пацямнелых ад часу рамах – партрэты, адзін па адным. Чалавечыя сыны, як я чуў, пакутліва прагнуць жыць вечна і таму намагаюцца ўвекавечыць хоць бы сваё падабенства. Я запаволіў крок і звузіў вочы, спрабуючы знайсці ў выявах на сцяне штосьці агульнае з тым упартым Падвеем, якога памятаў.

– Косткасей. – пранёсся ледзь чутны, але настойлівы шэпт, так што я сумеўся і не стаў затрымлівацца.

Яна зараней падрыхтавалася: у замку ўсе спалі. Я прамінаў вартавых, што пасопвалі стоячы, абапёршыся на алебарды. Пакаёвак і служак, што паснулі за працаю – хто на стосе бялізны, хто ў абдымку з недачышчаным кацялком. Шэпт вёў мяне далей, да вузкай каменнай лесвіцы, што, закручваючыся, ішла ўверх.

На самым версе быў пакой, асветлены зыркім агнём у каміне. Мой цень на сцяне выкруціўся і пачварна разросся, а агонь сярдзіта патрэскваў, і сіпеў, і сыпаў непрыемнымі, калючымі іскрамі. Бадай, адзіны з усіх вартавых у гэтым замку, які не спаў.

– Ну, ну, – сярдзіта шапнуў я агню. – Мяне сюды паклікалі, ясна?

Побач з камінам на мядзведжай шкуры стаяла калыска, і ў ёй спала, падклаўшы дробны кулачок пад шчаку, дзіця. Побач з дзіцем у фатэлі спаў і Падвей – гэты значна пасталеў, узмужнеў і, здаецца, пазмрачнеў. Спаў трывожна, хмурыўся ў сне і абяссілена варушыў пальцамі на ручцы фатэля, быццам марна спрабаваў злавіць чыюсьці руку.

Марэна стаяла далей ад каміна, каля акна ў алавянай аплётцы, глядзела на дождж і нават не азірнулася, калі я ўвайшоў. Сукня на ёй была цяжкая і пышная, з зялёнага аксаміту, і валасы падабраныя наверх, узбітыя ў дзіўную высокую прычоску.

– Едзем, князёўна, – сказаў я, працягваючы ёй руку. Не пытаўся, а сцвярджаў, бо яна сама менавіта дзеля гэтага паклікала мяне сюды.

– Едзем. – глуха адказала Марэна. Павярнулася на абцасах, закручваючыся вінтом, і на імгненне стала языком белага агню, і выслізнула з нязручнай сукні, так што валасы ўкрылі яе, быццам вогненна-залаты плашч. Князёўна, зноў ззяйкая і серабрыста-белая, безуважна пераступіла цераз скамечаны аксаміт на падлозе і абаперлася на мой локаць.

– Едзем! – паўтарыла весела, усміхаючыся так, што на белых шчоках паўмесяцамі прарэзаліся ямінкі.

У калысцы тоненька і жаласна заплакала дзіця. Падвей варухнуўся ў сне, прашаптаў нешта, але не прачнуўся.

– Хутчэй, – папрасіла Марэна, калоцячыся, як ад холаду. – Прэч адсюль.

Я падхапіў яе, і мы пранесліся праз увесь замак, быццам парыў ветру. Вараны конь ужо чакаў нас, біў капытом, высякаючы іскры. Над самым замкам зноўку ўспыхнула блакітнае зарава, і пакаціўся, кульгаючы, гром. Мы пакаціліся прэч разам з ім, аглушаныя грымотамі, і князеўна, якую я пасадзіў перад сабой, аніводнага разу не азірнулася. Раз-пораз яе плечы скаланаліся, але твару яе я не бачыў, таму не магу сказаць – плакала яна ці смяялася.

Князь асабіста сустракаў яе на мяжы. Стаяў разам са світаю каля белага каменя, апаясанага пляценнем чароўных знакаў, і сярэбраная выкшталцоная вышыўка на доўгіх рукавах ягонага ўбору ззяла, быццам іней на сухой траве. І вочы ў яго ззялі таксама – халодныя, быццам іней.

Я прытрымаў гарачага каня, дапамог князёўне спешыцца. Яна адразу ж амаль бегма рушыла да бацькі. Той абняў яе, укрыў уласным плашчом з галавою.

– Мы так сумавалі без цябе, любае наша дзіця, – спакойна сказаў ёй Сотвар. – Добра, што ты нарэшце з намі.

Ён павольна правёў тонкай рукой з унізанымі пярсцёнкамі пальцамі па галаве Марэны, схаванай пад сіняй тканінай, – і абрысы фігуры пад плашчом вокамгненна зніклі. Я здранцвеў, я заскрыгатаў зубамі, сціснуўшы ў кулаку аброць. Мне падавалася, што дзяўчынка і так атрымала належную навуку, пакарала сама сябе.

А князь падхапіў нешта пад плашчом і пасля рэзка сцягнуў яго долу. Трымаў на пальчатцы маленькага натапыранага белага сокала, які ўспуджана біў крыламі і крычаў.

Крычаў так пранізліва і жаласна, што разрывалася сэрца.

– Косткасей, – князь падняў яркія шэрыя вочы на мяне. – Калі той чалавек з'явіцца, ты ведаеш, што рабіць.

Я нахіліў галаву. Здагадацца, чаго ён хацеў, было нескладана. Гэта чалавечыя сыны, на сваё шчасце, схільныя забываць, а мы, як і сама зямля, памятаем доўга, бясконца. Таму не ўмеем выбачаць.

Па шчырасці, я неяк падсвядома чакаў, што гэты ўпарты хлопчык хутка з'явіцца. Чакаў не дзеля княжага загаду – проста гэта падавалася мне прадвызначаным зараней, яшчэ ў той дзень, калі Падвей упершыню прыехаў сюды, на мяжу.

І ён з'явіўся. Зноў прыскакаў на белым кані – узмыленым, загнаным.

Па першым інеі пайшоў да стаячых камянёў – змрочны і ціхі, з хваравіта завостранымі рысамі твару, з ценямі пад вачыма. Памежныя чары, мусіць, пазналі яго, таму што прапусцілі далей, і ён сам змог падняцца на курган. Стаўры пільна сачыў за ім, але не гыркнуў і не забрахаў. Таксама пазнаў.

– Я. я прыехаў па яе, чуеце? – хрыпла загаварыў Падвей, як толькі падняўся на вяршыню. – Чуеце?.. Я прыехаў па сваю жонку. Марэна!

Ён кідаўся то ў адзін бок, то ў другі, і клікаў князёўну, і прасіў, і нават пагражаў. Не варта было чакаць, пакуль камяням шумны чужынец надакучыць і яны вырашаць самі ад яго пазбавіцца, таму я зрабіў крок з ценю насустрач чалавеку.

– Я ж калісьці казаў табе вяртацца, адкуль прыйшоў, – змрочна сказаў я. І, не стрымаўшыся, працадзіў з сэрцам: – Д-дурань!..

Падвей здрыгануўся ўсім целам і ўтаропіўся ў мяне.

– Кашч Меднабароды, – успомніў, нараспеў вымавіў маё імя. І дадаў павольна і глуха, быццам размаўляў у сне: – Яна не прыйдзе, так?..

– Не прыйдзе, – кіўнуў я.

Трэба было яго застрашыць, сказаць, што, калі не пакіне тут лямантаваць, з ценю пад каменем могуць з'явіцца тыя, хто зусім не схільны спачуваць чалавечым сынам. Час для палявання яшчэ не настаў, але дзеля такой нагоды Сотвар быў бы толькі рады склікаць сваіх лепшых паляўнічых ды гончых. Князь наш суровы, быццам сівер, быццам снежная бура, і не мае літасці. Прынамсі, да чалавечых сыноў.

Але я бачыў вочы гэтага чалавека – вочы, у якіх нешта згасла, вочы, абведзеныя жалобнымі цёмнымі кругамі. І таму змоўчаў.

– Гэта ж усё праз пер'е? – спытаў Падвей пасля досыць працяглай цішыні. Я ўскінуў брыво, а ён, таропка рассыпаючы словы, працягваў:

– Яе футра, дзіўнае такое футра з белага пер'я. Калі яна глядзела на гэтае футра, то рабілася... іншай. Як тады, перад тым як яна ўзнялася і паляцела ад возера. Я ж не мог.

Ён схаваў твар у далонях.

– Я ж не мог дазволіць, каб яна зноў... У нас дзіця, Кашч. А яна з гэтым сваім футрам у любы момант магла б.

Ён не змог дагаварыць: сутаргай перахапіла горла. І тады я згадаў – і зразумеў.

Ва ўтульным пакойчыку на самым версе каменнай вежы востра пахла спаленым пер'ем. Няшчасны ёлуп настолькі не хацеў адпускаць ад сябе сваю князёўну, што вырашыў аддаць самую трапяткую і безабаронную частку яе зыркаму агню.

Тое, што неабачліваму чалавечаму сыну падасца футрам, адзеннем, для пярэваратня – драбок сутнасці. Ён мог бы з такім самым вынікам адсячы ёй ногі, каб не ўцякла.

– Вяртайся дамоў, Іван Падвей з Кудравіц, – сказаў я ціха. – Таго, што ты страціў, тут болей не знойдзеш.

Не ведаю, ці пачуў мяне гэты ўпарты блазан – таму што ён не жадаў гэтага чуць. Але ён пайшоў прэч, згорбіўшыся, быццам пад невыносным цяжарам, і цень ад руннага каменя цягнуўся за ім драпежна і помсліва, навальваючыся зверху і паглынаючы. Праўда, нават крута замешаныя на помсце закляцці тут ужо мала што маглі змяніць: Падвей быў не толькі на мяжы Курганова Поля, але і на мяжы свету жывых. Стаўры таксама, як і я, адчуў гэта і са скрухаю завыў. Пашкадаваў. У сабакаў добрыя сэрцы, сабакі заўжды шкадуюць людзей.

А чаго шкадаваць? Неразумны хлопчык мусіў бы вярнуцца дамоў яшчэ тады, калі толькі пачуў дзіўныя дзявочыя спевы каля возера. Усё справядліва: сам аднойчы абраў гэты шлях і сам цяпер вымушаны плаціць за гэта.

Час ішоў, год за годам, вясна за зімою, восень за летам. Як звычайна, як заўсёды. Я паранейшаму адбываў сваю варту і бачыў, як паступова набліжаліся, падкочваліся ўсё бліжэй і бліжэй людскія сялібы, заставаліся ў трывожным, непрыемным суседстве. Саламяныя дахі паўзрасталі зусім блізка, там, за ракою, на невысокіх узгорках. Зыркія агні ў ачагах пільна вартавалі іх, з комінаў падымаліся, слаліся па ветры хвасты дымоў. У кузнях цяжкія молаты кавалі жалеза, цяжка ўздыхалі кавальскія мяхі. Рэха адбівалася ад нямоўчнай рачной вады, блытаючыся ў трыснягу, і заносіла гукі сюды. Голас халоднага жалеза быў выразны, разборлівы:

– На згу-бу, на згу-бу.

Пра Падвея з Кудравіц я кінуў думаць. Што нам да чалавечых сыноў і іхніх нягодаў? Мы з'явіліся тут, на гэтай зямлі, даўным-даўно, значна раней за іх далёкіх продкаў. Мы былі тут спрадвеку, плоць ад плоці гэтай зямлі, і будзем тут яшчэ доўга, пакуль неба зноў не паяднаецца з морам. Мы лётаем на крылах ветру, расколваючы спевам нашых паляўнічых рагоў зімовыя завеі, мы бязважка крочым праз сны, мы водзім карагоды пад зорамі. Мы слухаем, як павольна цячэ жыццё ў травах і дрэвах, мы сплятаем словы ў чары і пяём між сваіх камянёў, вітаючы месяц ці славячы сонца. Мы доўга адстойвалі сваё спрадвечнае права жыць тут, і наша зямля ўдосталь напоена і нашай, і чалавечай крывёю.

Так што – сапраўды. Я кінуў думаць пра ўпартага хлопчыка і ягоную князёўну. Я адвечны вартаўнік, вой на мяжы ценю, меч у княжай руцэ. Толькі і ўсяго, не болей і не меней.

У пагодныя дні з ценю пад каменем выходзіла ціхая Нешка – маленькая панна з княжага двара, прыслужніца князёўны. Асцярожна выцягвала за сабой вялікую клетку з залатымі прутамі, ставіла ў траву на вяршыні кургана. Белы сокал сядзеў на жэрдцы, натапырыўшы пер'е, ціхі і безуважны, амаль мёртвы. Нешка сядала побач, падкурчыўшы пад сябе босыя ногі. Глядзела на дымы з людскіх ачагоў, слухала покліч халоднага жалеза ў кузнях.

– Яны ўсё бліжэй і бліжэй, рыцар.

– Бачу.

– А што будзе, калі...

– Кепска.

Нешка маўчала. На яе белай шчацэ з дробнаю цёмнаю радзімкай пад вокам танчыў сонечны зайчык. Вецер гуляўся з яе вышываным падолам, блытаў пасмы яе залацістых валасоў, і ёй даводзілася раз-пораз падымаць руку, цярпліва закладаць іх за маленькае ружовае вуха – завостранае, быццам лісток ліпы. Белы сокал не глядзеў на сялібы – не зводзіў вачэй з далягляду, дзе чарнела Пушча.

– Як думаеш, рыцар, ён... ну, той самы, ён вернецца?

Яна далікатнічала, не называла імя, пыталася шэптам. Я глядзеў на сумнага белага сокала, успамінаючы колішнюю князёўну, быццам выхапленую слупам серабрыстага святла.

– Не.

Я быў упэўнены, таму што ведаў: людзі з таго апошняга падарожжа не вяртаюцца. Нешка ўздыхала, абдымаючы тонкімі рукамі калені. Стаўры сядзеў каля яе, прыязна паглядаючы залатымі вачыма, дазваляючы гладзіць кудлатую поўсць на спіне.

– А калі б ты не забраў яе тады, рыцар?

Калі б не адгукнуўся на яе просьбу аб дапамозе, калі б не паслухаўся княжага загаду, калі б пакінуў яе там, з тым, у жудасным пакоі на самым версе каменнай вежы, у пакоі, поўным паху спаленага пер'я?

Пажыла б яшчэ між людзей – і навучылася б забываць, як яны, шчасліва і назаўжды, і боль бы згладзіўся, і памяць пра лебядзіныя крылы болей не трывожыла б, і нават сны пра гэта не сніліся б.

– Рыцар?

– ...не ведаю, панна.

Часам Нешка спявала – ціхім пяшчотным голасам, без слоў. Словы былі б лішнія, словы блыталіся і заміналі. Я, прысланіўшыся да цёплага каменя спінаю, слухаў, і Стаўры, падняўшы вушы, слухаў, і курганы слухалі таксама. Спеў плыў над дарогаю, над ракою і заміраў, заглушаны суровым голасам жалеза.

Спеў, спавіваючы, яднаў нас – і яшчэ яднала напружанае чаканне. Мы, не згаворваючыся, сачылі за дарогаю, сачылі прагна і неадрыўна.

Чакалі.

І адным цёплым восеньскім днём, калі хвалявалася пад мядовым ветрам мора верасоў, а пульхныя аблокі наліваліся барвовым золатам ад агністага захаду, я зноў пабачыў на дарозе вершніка.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю