355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Максим Танк » Нарач (СИ) » Текст книги (страница 1)
Нарач (СИ)
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 13:30

Текст книги "Нарач (СИ)"


Автор книги: Максим Танк


Жанр:

   

Поэзия


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)

Максім Танк
Нарач

Прадспеў


 
Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,
Не з торбамі песень жабрачных, —
Смыком серабраным на струнах зары
Табе заіграем іначай.
 
 
Прысядзем ля прызбы, на новы парог,
З вясёлым і ясным абліччам,
Вярнуўшыся з дальніх этапных дарог,
Хоць шмат каго з нас недалічым…
 
 
Ты звесіш чупрыну саломенных стрэх
Пад песні, шум цёмнага бору,
I выплывуць зоры на сіні начлег,
На сінія хвалі азёраў,
 
 
Закінуць свой невад узорны на дно,
У ціхія Нарачы тоні,
Дзе месяца толькі сталёвы нарог,
Затоплены бураю, звоніць.
 
 
I ўбачым тады, як радзімы прастор,
I песню, што просіцца з сэрца,
I струны жывыя пялёсткамі зор
Асыпле кастрычніцкі вецер;
 
 
I знікнуць туманы з дарог-каляін,
Зара чырвань-хустку накіне
На грэбень сасновых густых верхавін,
На плечы этапнай краіны.
 
 
Прыйдзем яшчэ, вёска, твае песняры,
Не з торбамі песень жабрачых, —
Смыком серабраным на струнах зары
Табе заіграем іначай.
 

Частка першая

І

 
Гэта было ў тую ноч,
Як расцвілі верасы,
Як расцвілі у бары
Ў ззянні асенняй расы.
 
 
Сетку Тацяна пляла.
Нарачы хвалі гулі.
Пад аднастайны іх спеў
Сумныя думы плылі.
 
 
«Бацька рыбачыць даўно.
Можа, навеяла што
З ветрам у човен яго
Чорная Нарачы тонь?»
 
 
Гэта было ў тую ноч,
Як расцвілі верасы,
Як расцвілі у бары
Ў ззянні асенняй расы.
 
 
«Горкая доля мая,
Доля дачкі рыбака:
Вечна з цямна да цямна
З невадам шчасця шукаць,
 
 
Вечна між хваль выглядаць
Светлых, спагадлівых зор
Ці парабчанкай хадзіць
Ў панскі, асадніцкі двор…»
 
 
Гэта было ў тую ноч,
Як расцвілі верасы,
Як расцвілі у бары
Ў ззянні асенняй расы.
 

2

 
Не раз здавалася Тацяне,
Што нехта ходзіць ля паркана
I ля акон рыбацкіх хатаў…
З вярбой самотнай, расахатай
Абняўся месяц ля затокі,
I недзе за сялом далёка
Начлежнай песні блудзіць рэха:
Знаёмым перазвонам, смехам
Яно на шыр прастораў кліча,
Дзе звоняць медныя іржышчы
I гладзь крыштальная азёраў,
Дзе мые ноч каралі-зоры.
Усюды ціха. Толькі думы
Асенні сон цалуе, цешыць,
Ды сетку сінюю без шуму
Ў трысці давязвае месяц.
 
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
 
Не раз я за муром астрожным
Па родных гонях сумаваў,
Па тых бярозах прыдарожных,
Што на этапах сустракаў.
Не раз я думаў: як вярнуся
Дамоў, на волю, зноў прайду
Па нівах, сёлах Беларусі
І пад дзяругаю астрожнай
Шмат прынясу напеваў-дум.
Я іх рассею па дарогах,
Па курганах маіх братоў,
Яны ўскалосяцца на полі
Сярод жытнёвых каласоў.
Іх зрэжа некалі машына, —
Ў стальныя звонкія цапы
Падасць іх весела дзяўчына,
Сны-песні, зжатыя ў снапы.
 

З

 
– Вось госця я прывёў, Тацяна, —
Сказаў Сымон, —
Пераначуе, пойдзе рана
Ў дарогу ён.
Імгла, як хусткай, абвязала
Увесь затон,
Зблудзіць зблудзілі б мы без мала,
Каб не агонь.
Ты мо, дачка, пачаставала б.
Эх, і пара!
Паны азёры адабралі,
Няма дабра.
Сягоння горш нам, як калісьці
Бацькіжылі,
Не хлеб, а камень будзем грызці
З сваёй раллі.
 

Незнаёмы

 
Ну што ж, ці сілы у вас мала?
Склікалі б сход
Ды на змаганне падымалі б
Увесь народ!
 

Сымон

 
Бяда, брат, пачалася летась.
Садзіся, еж.
Я раскажу табе пра гэта,
Паслухай лепш.
 

4

 
Моцна ўмерзла зямля.
Лёд пакрыў нарачанскія плёсы.
Зімы яшчэ не было.
Той год да каляд
Цягнулася чорная восень.
Пагуляць пад гармонь
Моладзь, помню, прыйшла на забаву.
Мы – мужчыны, ў кутку
Гаварылі пра тонь,
Гаварылі пра розныя справы.
 
 
Потым з гміны прыйшоў,
Уваліўся наш солтыс Цяцера
I паперы прынёс.
З дзесятак галоў
Схілілася ўміг над паперай.
Бачым: на рыбакоў
Брэшуць. Солтыса думалі ўдарыць.
Толькі ў час, гад, уцёк.
Следам шум галасоў
Нашых разбушаваўся, як Нарач.
Аж хісталася столь, —
Гул узняўся у хаце батрацкай:
– Хай спрабуюць узяць!
– Знойдзем пешню ці кол
На паноў сярод снасцяў рыбацкіх!..
 
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
 
Ды пара мне ўжо спаць.
Старасць, бачыш, і сілу падважыць.
Ахочаш паслухаць далей, —
Табе расказаць —
Тацяна не горай раскажа…
 

Тацяна

 
А сам адкуль?
 

Незнаёмы

 
Іду здалёку…
Дзе зараблю сабе начлег,
А дзе і так, зайшоўшы ў вёску,
Перачакаю слоту, снег.
Нямала так прайшоў дарог я
I ўдзень, і ўноч пад шэпат зор.
Часамі скутымі рукамі
Абняць хацеў палёў прастор…
 

Тацяна

 
Ты вязнем быў?
Ідзеш з астрога?
Дамоў спяшаешся спачыць?
 

Незнаёмы

 
Іду знаёмаю дарогай
Дамоў, ды толькі не спачыць:
Іду будзіць мястэчкі, вёскі.
Пара ўжо косы адвастрыць,
Каб да касьбы ўжо недалёкай
Змаглі мы выйсці да зары,
Змаглі на чорных скібах грунту
Нядолі межы зараўняць
I з новай песняй, з песняй бунту
Сваёй свабоды дзень спаткаць.
 

Частка другая

І

 
Нямала зор
Апала ў Нарач
Шэрай восенню,
Шмат згасла іх
Начамі цёмнымі, глыбокімі,
Нат вецер іх
Усіх не можа вылавіць
Ні невадам густым,
Ні падвалокамі.
 
 
Нямала песняў
Адцвітае шэрай восенню,
Заносяць зімы іх
Завеямі марознымі,
Нямала песняў,
Што рассеялі па свеце мы,
Ўдаль ідучы
Шляхамі чорнымі, астрожнымі.
 
 
Але час прыйдзе, —
Яны узыдуць, яны збудзяцца,
Зазвоняць нашымі барознамі,
Разорамі,
I зашумяць яны
Прасторамі бязмежнымі,
I засінеюць яны хвалямі
Азёрнымі.
 

2

 
Думы шэрыя Тацяніны нявесела
На бярозах прыдарожных ноч развесіла.
«У людзей палосы роўныя, шырокія,
I ляны растуць густыя і высокія.
Ткуць дзяўчаты з іх палотны і настольнікі,
Вышываючы у краскі, ў ясны зоранькі.
А ў мяне ж, батрачкі, зрэб'е ды анучанькі
I ад працы ад мазольнай баляць ручанькі.
Толькі, кажуць людзі, бровы маю чорныя,
Бровы чорныя і сэрца непакорнае,
Сэрца, што ніяк забыць не можа многага:
Ноч і провады ў дарогу незнаёмага.
Дзе ён з думамі сваімі неспакойнымі,
Дзе завеянымі ходзіць ён дарогамі?..»
А за вокнамі кудлатая мяцеліца
Белай пенай, белай хмарай звонка сцелецца.
 

З

Сымон

 
Тацяна!
 

Тацяна

 
Што?
 

Сымон

 
Іванаў бацька
Пытаўся ўчора, як жывецца.
Дні неспакойныя насталі —
Ўсё больш трывог на белым свеце.
Казаў, жаніць задумаў сына.
Казаў, без гаспадыні блага.
Каб добрую знайшоў дзяўчыну,
Узяў бы ў хату без пасагу.
 

Тацяна

 
Дзяўчат нямала, свет вялікі…
 

Сымон

 
Яно-то праўда.
Толькі хата
У нас згніла і пастарэла,
Ды мы нядужы, небагаты.
Адно што ёсць, вясло ды сетка,
Рызман стары, вузкі палетак.
Нясоладка жыць вечна гэтак…
Пайшла…
I слухаць нат не хоча.
На вёсцы сёння вечарына.
I вецер затрубіў з паўночы
Над возерам бурлівым, сінім…
 

4

 
Заіграла скрыпка
Гулкім пералівам,
Як вясна іграе, як пяе жняя,
Як у чыстым полі, каласістай грывай
Да зямлі прыпаўшы, плача сіратліва
Паласа стаптаная мая.
 
 
За лявунняй-скрыпкай
Заіграў гармонік,
Загулі чмялямі тэнары, басы,
Ўдарылі ў падлогу, ў сцены з хвояў гонкіх,
У бары, ў гушчары, ў струны сосен звонкіх
Снежнаю завеяй галасы.
 
 
А у гэту буру
Бліскавіц, вясёлак
Гром цымбалаў кінуў п'яны музыкант.
I ў адказ на гром той, яркі і вясёлы,
Віхрам закружыўся збуджаны пасёлак,
Вербы, зоры, серп маладзіка.
 

5

Iван

 
Хадзі, Тацяна, пагуляем!
Што музыкантам загадаць?
Глядзі, як сёння закіпела,
На месцы цяжка устаяць.
 

Тацяна

 
Ты п'яны, не смяшы людзей ты.
Лепш адчапіся і не лезь.
Пайшоў бы з вечарыны гэтай,
Ў запечку выспаўся б ты лепш.
 
 
«Ходзе вецер ашалелы.
I калыша трыснікі.
Досыць рыбакі цярпелі,
Галадалі рыбакі! То не хвалі зашумелі
Ад вясняных ад вятроў, —
Нарачанскія арцелі
Выплывалі на палоў.
 
 
То не ў лесе стогнуць сосны,
Не шуміць зялены бор, —
Гэта нашы рэжуць вёслы
Хваль успенены прастор.
 
 
Эх ты, доля, доля-гора,
Эх, рыбацкая зямля!»
 
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
 
Заліваецца гармонік,
Падсыпаючы вугля.
 

Iван

 
Мяне не ведаеш, Тацяна,
Гарэлкай цяжка упаіць.
Па тым, што выпіў я, да рана
Гатоў нагамі малаціць.
 

Тацяна

 
Ідзі, ўжо досыць, не хваліўся б,
Ото ж сустрэла на бяду!
 

Iван

 
Чакай, Тацяна, заўтра рана
У сваты да цябе прыйду.
 
 
«Наляцелі скурадзёры
З паліцэйскаю ардой.
Заазёры, заазёры
Пастаім мы галавой!
 
 
Пастаім мы за палеткі
Дружна, смела у баю.
Ёсць у нас густыя сеткі, —
Долю вылавім сваю!
 
 
Ёсць і сілы ў нас нямала
На паноў пайсці з калом…»
 
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
 
Расшумеліся цымбалы,
Быццам Нарач бурным днём.
 

Рыбак

 
Ды ты, Іван, ужо спазніўся.
Яшчэ як верасы цвілі,
Ў Сымона ноч усю да ўсходу
Сваты гулялі і пілі.
 

Тацяна

 
Ты бачыў мо, ці піў мо разам,
Ці дамаўляліся з табой?
 

Рыбак

 
Не, толькі бачыў, як ішла ты
З сваім каханым раніцой…
 
 
«Пойдзем грамадой наперад,
Возьмем за грудзі бяду
I густы закінем невад,
Падвалокі пад ваду!
 
 
Эх ты, доля, з лыка звіта,
Нарач – наша старана!»
 
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
 
Скрыпка кнігаўкай падбітай
Доўга плакала адна.
 

6

Iван

 
Я адвяду цябе, Тацяна.
 

Тацяна

 
Зайду сама, мне недалёка.
 

Iван

 
Тады ідзі…
Каб ведаў, хто цябе засватаў,
Узяў бы я яго на вока.
 

Тацяна

 
Злаві, спытай.
 

Iван

 
А што ж, – злаўлю.
Яшчэ пачуеш.
I ён мо з тых, якія тут
Над Мястрам, Нараччу бунтуюць.
 

Тацяна

 
Ты, можа, паліцэйскі шпік?
Бунтуюць людзі – есці хочуць.
Не аддадуць паны азёр, —
Устане наша Наднарочча.
 

7

 
Азёры, азёры, азёры
Ўдалі забялелі.
I думы кладуцца узорам
На снежнай кудзелі.
 
 
Далёка – узгоркамі поле,
Акопы, траншэі, драты,
Магілы вайны і нядолі
Заснулі пад снегам густым.
 
 
Мо вецер з-над Рэйну, Дунаю
Тут плача заўсёды з тугі
Ці бура ад краю да краю
Галосіць з далёкай тайгі?
 
 
Азёры, азёры, азёры,
Шум бору сасновы,
Вузкіх палазінаў узоры
I кій ялянцовы!
 
 
Старыя рыбацкія хаты,
Пад прызбамі – гурбамі снег.
А вокны з-пад броваў кудлатых
Глядзяць з-пад завеяных стрэх.
 
 
А ў хатах і змрочных, і цесных
Варожаць: як выйсці з бяды,
I з сумнай азёрнаю песняй
Снуюць невады.
 
 
Азёры, азёры, азёры
Ў імгле забялелі.
Калышацца снежнае мора
На крылах мяцелі.
 
 
Азёры, да вас я дарогай
Прыйшоў пралажыць новы след.
З-за кратаў жалезных, з астрогаў
Прынёс вам прывет.
 
 
Ад тых, што вас больш не пабачаць,
Ад тых, што прыйдуць грамадой
У сонечны час, у гарачы,
Шчаслівай вяснянай парой.
 

Частка трэцяя

І

 
Насустрач дарога
Далёка, далёка,
Аж за небасхілы
Струною лягла.
 
 
Нявесела ў полі
Блукаць адзінокім
Па сцежках завеяных,
Гурбах высокіх
Брысці ад сяла
Да сяла.
 
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
 
– Адкуль, брат, здалёку?
– Здалёку, таварыш…
Здаецца, ці не сустракаліся мы.
Адзе? – не прыпомню.
Махоркі не маеш?
Хоць рукі пагрэць бы ад сцюжы зімы.
– І я цябе бачыў…
Ці не на Лукішках?
Эх, краты, як хутка змяняюць людзей!
Нат я ледзь пазнаў цябе,
Браце мой Грышка,
З кім столькі астрожных дзён
Разам сядзеў!
Даўно ты на волі?
 
 
– Вясною год будзе.
Вярнуўся дамоў —
Нідвара ні кала.
Сястра з меншым братам,
Вясковыя людзі
Казалі,
На службу пайшла.
 
 
Прыйшлі прывітацца
Суседзі-сяляне.
«Што ж, – кажуць, —
Дакуль яшчэ будзем чакаць?
Ці чуў, што бунтуюцца наднарачане?
Не нам жа ад іх адставаць».
I мы на паноў узняліся нанова.
Ды сілы ў нас мала было.
I мусіў я ноччу
Глухой, вераснёвай
Пакінуць і хату сваю,
I сяло.
Прыплёўся, як бачыш,
У гэту старонку,
Да гэтых галодных азёр,
Рыбакоў…
А ты што раскажаш
Пра Гродна і Вронкі,
Пра Вільню,
Пра нашых сяброў?..
 
 
– Што ж, вестак нямала,
Іхцэлыахапак…
Сустрэнемся, можа,
Яшчэ мы з табой
На гэтых шляхах,
На бясконцых этапах
Шчасліваю, лепшай парой.
 
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
 
У полі адзін
Між сумётаў высокіх.
Настольнікам белым
Дарога лягла,
I толькі чарнеюць
Хваіны далёка
Ды родныя стрэхі сяла.
Насустрач, памалу,
Надснежнай раўнінай,
Над шляхам
З заходняй ліхой стараны
Плывуць, як з палову,
Павозеры сінім,
Змарыўшыся, хмары-чаўны.
 

2

 
Часамі вецер
Гэтак б'ецца ў вокны:
З размаху ўдарыць
I без рэха змоўкне,
I толькі ціша
Грозная тужліва
Застыне чуйна
Перад новым зрывам.
Так гаварылі
Ноч усю ў нядзелю,
Так гаварылі
Рыбакі арцелі,
Так разбівалі
Свае путы-гора
Азёры:
Нарач,
Мястра і Баторын.
 

Архіп

 
Што ж, не тапіць нам
Снасці, падвалокі
I не ўцякаць жа
Нам у край далёкі,
I не хадзіць нам
З торбамі па свеце,
Каб за жабрацтва
Пракліналі дзеці,
Шукаючы прытулку
I работы,—
А без азёр
I самі мы – сіроты.
Мо годзе ўжо
Рыбацкімі плячамі
Пакорна гнуцца нам
Перад панамі?!
 

Грышка

 
Вас шмат, ды толькі
Навальніцай чорнай
Вас хіліць, косіць,
Як трыснік азёрны
Або як човен
На пясчанай мелі.
Параузняць
Рыбацкія арцелі,
Супольнай сілай
Ўскалыхнуць дзень шэры,
Абняўшы бунтам
Надазёрны бераг! —
Так разбівалі
Свае путы-гора
Азёры:
Нарач,
Мястра
I Баторын.
 

Iван

 
Нам раіць людзі
Языкамі будуць.
Паслухай толькі
Кожную прыблуду,
Што, спраў не ведаючы,
Нам гаворыць, —
Дык хутка
Захлынёмся у азёрах.
 

З натоўпу

 
Ты зноў, Іван,
Відаць, панюхаў брагі.
Паслухай хлопца,
Раіць ён не блага.
 

Сымон

 
Хоць малады,
Але, відадь, бывалы.
Ён кажа праўду:
Чорную навалу
Супольнай сілай толькі
З плечаў скінем.
Усіх не зломяць,
З грамадой не згінем.
Каб падняліся на паноў
Увосень
(Якраіўнам ён),
Сёння не прыйшлося б
Жыць галадаючы,
Без хлеба, солі.
Вясной слязамі
Не засееш поля.
 
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
 
Так бушавалі
Дзень і ноч азёры,
Азёры:
Нарач,
Мястра
I Баторын.
 

З

 
Ёсць напрадвесні чароўныя раніцы,
Ясныя раніцы, дні, —
Ярка ад сонца снягі загараюцца,
Ззяюць у бельш агні.
 
 
Чуеш тады, ад агнёў гэтых сонечных
Што і на сэрцы святлей,
Што і ў жыцці, пад завеямі поўначы
Шмат ажывае надзей.
 
 
Хутка падымуцца хвалі крынічныя,
Прыйдзе на нівы вясна,
Ўдарыць у межы, ў слупы пагранічныя
Ўстанеш, мая старана!
 

4

 
Віднеюцца гарбатыя
Узгоркі, берагі;
Кладуцца цені захаду
На шэрыя снягі.
Смяецца вечар спознены
Званочкам паддугой,
I зоры асыпаюцца,
Як залацісты рой.
Далёка сіратлівыя
Мігаюць аганькі, —
Не спяць, хоць працай
Змораныя,
Ноччу рыбакі.
Кранула верхаводка іх,
Шум веснавой вады;
Ім сняцца хвалі сінія,
Ім сняцца невады,
Трысцё, яклес, зялёнае,
Чаўны ля берагоў
I першы серабраны іх
На возеры палоў…
Спакойна засынаючы,
Сінеюць берагі,
Кладуцца цені захаду
На шэрыя снягі.
Спіць вёска нарачанская
Пад месяца дугой,
I зоры асыпаюцца,
Як залацісты рой.
 

5

Грышка

 
Зноў неспадзявана наведаў я вас,
Знаёмыя сэрцу прасторы.
Відаць, не апошні і гэты папас
Ля вашых сяліб і азёраў.
Калі раніцою асенняй пайшоў
Ад вас я, зазнаў шмат трывогаў,
Але, чую сэрцам, і шчасце знайшоў
Ля гэтых рыбацкіх парогаў.
Знайшоў, калі ў поўнач цвілі верасы,
I неспадзявана, бы ў казках,
Знайшоў сваё шчасце са звонам расы,
Апаўшай ў барах нарачанскіх.
Было яно, помню, як сон залаты,
Як ззянне зары напрадвесні,
Было яно, помню, Тацяна, як ты
Ці Нарачы дзіўная песня.
 

Тацяна

 
Цямнее. На гутарку час не такі.
А не, – раскажы што з былога.
Збіраюцца заўтра на сход рыбакі.
Ты лепш адпачыў бы з дарогі!..
 
 
А вецер калыша над возерам ноч.
У хаце пахіленай, цеснай
Гучыць аднастайна, як восенню дождж,
Сымонава ціхая песня.
 

6

 
«Былі ў нас азёры, – быў хлеб і соль.
Паны ў нас азёры ўзялі,
Толькі нам кінулі чорствы падзол,
Голад, бяду, мазалі.
Калышуцца і гнуцца трыснікі,
Як бура наляцеўшая ударыць.
Ніколі цябе, Нарач,
Не кінуць рыбакі.
Нарач нам змывала з твару слёзы, пот
I ад вясны да вясны
Нас гадавала, карміла сірот,
Латала нам рызманы.
 
 
Калышуцца і гнуцца трыснікі,
Плывуць чаўны на сонечным загары.
Яшчэ ты ўбачыш, Нарач,
Устануць рыбакі!
 
 
Шумяць на узбярэжжы, шумяць лясы.
Будзем мы вольнымі зноў!
Крылле уздымуць чаўноў парусы,
Ўдаль паплывём на палоў.
Калышуцца і гнуцца трыснікі,
Збіраюцца навеяныя хмары.
З табою буру, Нарач,
Мы любім, рыбакі».
 

7

 
Што не спіцца, Тацяна?
Можа, ноч без зарніц,
Ноч вясенняя
Моцна крыллем шуміць
За парканам?
Вецер, можа, за ўзгоркам,
У гушчарах між дрэў
Заблудзіўшыся,
Зашумець зашумеў
Галасамі?
Можа, сны, сны паўночы
Неспакойна снуюць
Ці прысніліся
Ў гэту сінюю муць
Чые вочы?
Эх, дарэмна пытаеш,
Аб чым ціха звіняць
Зоры зорныя
I сасонкі шумяць, —
Не згадаеш.
Такдзявочыя мары,
Думы дзіўныя, сны
Небывалыя,
Расцвітаюць яны
На загары,
Раніцой напрадвесні,
Ці паўночнай парой,
Нібы папараць,
Ці світальнай зарой,
Ці песняй.
 

Частка чацвёртая

І

 
Кашуля шырокая з порту,
Лапці з пяньковых абор,
Ў шапцы салдацкай падзёртай
Ходзіць па вёсцы Прахор.
Ходзіць ад хаты да хаты:
– Гэй, нарачанскі народ,
Госці прыехалі ў сваты,
Клічуць збірацца на сход!
А вецер з-за возера сіні
З пахам смалістай сасны
Зблытаў Прахора чупрьшу,
Рве на грудзях рызманы,
Гне вербалозінаў веткі,
Шэпчучы казкі свае,
I на развешаных сетках
Песню пра Нарач пяе.
 
 
– Эх, рыбныя дні наступаюць,
Панства накорміць сірот! —
Ходзіць Прахор і склікае
Ўвесь нарачанскі народ.
 
 
Хаты прачнуліся, гумны,
I затрашчалі калкі, —
Вулкай вясковаю шумна
Гуртам пайшлі рыбакі.
 

2

 
У хаце Архіпа
Рана збіраўся натоўп.
Тужліва глядзелі ўдаль
Слепаватыя шыбы.
Горкі і ўедлівы
Дым ад махоркі ішоў.
Пахла балотам,
Вясной,
Невадамі і рыбай.
Каля стала – улада.
Загад: маўчаць!
Ды толькі шуміць
Да адказу набітая хата.
Плача ў калысцы
З соскай пустой дзіця,
I плачуць ў кутку
Сіратліва
Пад ложкам ягняты.
 
 
А за акном далёка
Відаць рабы
З-пад снегу гасцінец,
Старыя бярозы і гоні,
Скібы разораў
I межаў бясконцых гарбы,
Як мазалі
На працоўных сялянскіх далонях.
 
 
З лавы падняўся
Солтыс грамадскі,
Угору задзёр бараду —
Вехаць іржавай саломы.
Камнем лягла цішыня
На спінах рыбацкіх.
Кашаль сухі надрываў
Грудзі Сымону старому.
Солтыс пачаў гаварыць,
Што Рэч Паспалітая хоча
Ўсім рыбакам памагчы
Рыбу лавіць невадамі…
Плёў небыліцы, як п'яны,
Заплюшчыўшы вочы, —
Нат і старыя ў кутку
Ўсе замахалі рукамі.
Пасля з-за стала падняўся
Войт у акулярах:
– Трэба урад шанаваць!.. —
Карамі страшыў законам.
 

З натоўпу

 
Але як жыць нам, скажы,
Калі вы адбіраеце Нарач?
І палыном з лебядой
Нас не пракормяць загоны.
Тут секвестратар пачаў:
– Усе мы павінны
Подаці спраўна плаціць,
Ціха жыць, не бунтавацца
I працаваць на карысць
Нашай айчыны.
З гора каб выйсці, з бяды,
Трэба не шкадаваць сваёй працы…
Сёння будуем для вас
Дарогі-гасцінцы;
Польшча культуру нясе
У беларускія сёлы. Можаце самі,
Ідзеці вашы вучыцца
Могуць дарма у святліцах
I ўшколах…
Словамі сыпаў,
Як рыбай з падзёртага саку.
Нават успомніў
I пра рыбацкае гора,
I над рыбацкаю доляй
Ён ледзь не заплакаў.
I мімаходам пачаў
Гаварыць пра азёры.
 
 
А цішыня,
Як хмара, апала на плечы.
Толькі часамі
Шэпат хусткі і шапкі ўскалыша,
Змые натоўп,
Згасне ў кутку
Каля печы.
Чутнатады:
Шэры дождж
Шыбы аконныя ліжа.
 

Сымон

 
Я, паны, ўжо не рыбак,
I сілы не маю,
Сілы сваёй маладой.
Дні ўжо мае мінавалі.
Рукі не так ужо моцна
Вёслы трымаюць,
I на руках мазалёў
Больш, як у пана медаляў.
Шмат каштавала ўсім нам
Міколы айчына.
I панская, ваша, відаць,
Яшчэ з горшага лыка саткана.
Сёння на брацкіх магілах
Вербы, хваіны
Павырасталі, —
Толькі ў грудзях не загаіліся раны.
А паглядзіш на зямлю,
Як вокам ахопіш, —
Ямы, канавы —
Рубцы не зажылі і чарнеюць,
Плугам не раз
Выараш дрот, косці з акопаў,
Пліты разбітых магіл —
Рэшткі даўнейшых траншэяў…
I успаміны прыйшлі
З асенніх дарог і вясновых,
Дзе непагодай ліхой
Вербы сумуюць маркотна.
Усталі мінулыя дні
З-пад магіл-валатовак,
Дзе паласкаў дождж
Зрэбныя ніваўпалотны…
 
 
– Кажаш, пан, нам пра гасцінцы…
Чорнага поту
Шмат пралілося і там
З рук нашых,
З нашага карку.
I там, пан, пабачыш нашу работу.
Вёска пацвердзіць,
Як нас катавалі шарваркі.
Так і асвета, паны…
Не павіднела
У нашых саломенных хатах.
 
 
Дзень непагодны, ветраны, шэры,
Невадам з стрэхаў рыбацкіх
Спусціўшыся, мокне,
I шалясцяць на стале
Загады-паперы;
Мутна глядзяць
Запацелыя вокны.
Вось тут умова ляжыць, —
Зноў пачаў войт ў акулярах.
Быццам ударыў віхор
У алавяную цішу:
– Не!
– Пастаім да канца за Нарач!
– За Нарач!
– Не, з рыбакоў ні адзін
Гэтых умоў не падпіша!..
 
 
Солтыс яшчэ гаварыў —
Крычаў неяк хрыпла.
Хата шумела, як бор,
Грозна, магутна і гулка.
Натоўп, як рака напрадвесні,
Нястрыманы выплыў,
Хваляй расплыўся, пайшоў
Бурна вясковаю вулкай.
 

З

 
Над шляхамі, пераваламі,
Над разорамі і хатамі,
Над глухімі пералескамі,
Над лясамі над кудлатымі
Гаслі зоры, загараліся,
Майскім цветам асыпаліся…
Толькі маладосць адзіная
Расцвіла ў садах рабінаю.
Расцвіла, а можа, восенню
Яе скосяць ветры чорныя,
Што гуляюць над азёрамі,
Над старонкай непакорнаю.
Ці мо скутая і босая
Пройдзе сцежкамі, палосамі,
Незнаёмымі разлогамі,
Невядомымі дарогамі
I пачне блудзіць зноў песнямі
Па-над нівамі прасторнымі,
На ўсхвалёваных гармоніках
Тэнарамі непакорнымі…
 
 
Быў пагодны, быў сонечны час.
На шырокім на Мядзельскім рынку
Надрывалася хрыпла катрынка —
Пачынаўся вясенні кірмаш.
Быццам войска, пасталі вазы,
Бы на нейкім парадзе, на вечы.
I з натоўпу, як з цёмнай лазы,
Лес аглобляў узняўшы на плечы.
Сотняй звітых вясёлак паркаль
Усміхаўся з палатак на сонцы,
I каралі цвілі на руках
Прадаўцоў, у прыборах бясконцых,
Вецер пальцамі перабіраў
З гарманістам вясёлым частушкі,
Шматкаляровыя яркія стужкі
У дзявочыя косы ўплятаў.
На шнурах – чаравікі, кнаты;
А вышэй, на падмостках і ганках, —
Скуры жоўтыя і хамуты
I, яксонца, вянкі абаранкаў,
Плешча мора людскіх галасоў.
– Гэй, тавар загранічны, парыжскі! —
I кудакчуць між крам і вазоў
Маладзіцы, купляючы міскі.
 
 
Ззяюць хусткі вясёлкай, зарой.
Шоўк дзяўчына ускіне на грудзі.
– Гэй, купі чарнабровай сваёй,
Пакахае і век не забудзе!
 

4

 
Грышка доўга па рынку хадзіў
Прыглядаўся да розных убораў;
Хустку, не таргаваўся, купіў —
Сіні шоўк з пералівам азёраў.
Добра – блізка дзяўчат не было,
Бо, пакуль бы з мястэчка прыехаў,
Раззваніла б у лапці сяло,
Было б гутаркі лішняй і смеху.
 

Iван

 
Што прыехаў: наведаць кірмаш
Ці мо стужкамі палюбавацца?
 

Прахор

 
Кінь, Іван, чалавек гэта наш,
I не варта табе з ім спрачацца.
А табе, Грышка, гэтак хадзіць
Па мястэчку ніколі не раю…
Тут пранюхае, можа сачыць
Дэфензіўская лютая зграя.
Ды нам час. Каля крайніх вазоў
Нас чакаюць, сабраўшыся, людзі.
Шмат баторынскіх ёсць рыбакоў,
Нехта з Гатавіч, з Пасынак будзе.
 

Грышка

 
Крыху сілы збіраць пачалі.
Справу з месца крануць было горай.
Калі б ўсіх рыбакоў паднялі —
Ўскалыхнуліся б нашы азёры.
Рынак, як навальніца, шуміць,
То ён шматкаляровы, то зрэбны.
Сонца горача паліць, гарыць
На люстэрках, на хустках, на грэбнях,
Маладзіцы свой лён прадаюць:
Дываны, ручнікі, палатніны.
I калі яны зноў напрадуць
Ўсё, што вынесла гора на рынак?
Як сцяжынкі, цвітуць паяскі,
I расшытыя яркія стужкі
Ў каляровыя зоры і птушкі,
Ў каласы, верасы, васількі.
 
 
Ззяюць крамаў багатых рады.
Гоман-шум гандляроў, ржанне коней.
Вецер з возера, з Мястры, густы
Ў залатыя шарахаўкі звоніць.
– Гэй, купіце прыборы хутчэй!.. —
Не, купец не маніў, не марудзіў.
Ведаў – хлопца любіць весялей
Чарнабровая з хустачкай будзе.
 

    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю