355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Пачуццi » Текст книги (страница 2)
Пачуццi
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:11

Текст книги "Пачуццi"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

Было журботна i ад таго, што адзiноцтва было вакол i як бы гэта залазiла яно ў душу. Было гэта непрывычным i можа ад таго, што паехалi ўсе, пайшлi адгэтуль назаўсёды маладыя i блiзкiя i цяпер вось недзе нешта думаюць, робяць i адчуваюць... I раптам вынiкла думка аб сваёй згубленасцi тут, бо нейк цьмяна адчулася, што недзе нешта iснуе iншае, якое – невядома, але ўявiлася яно, як пункт здавальнення для чалавека.

"Можа гэта нашы там зусiм вясёлыя, i думаць iм нiчога не трэба", выразней за ўсё раптам падумала Нонна.

А пасля iзноў сядзела i ўсё адчувала i знанае, i нязнанае i толькi не адчувала таго, што ад адзiноцтва асенняй ночы i маладой чуласцi гэта ўсё ў яе... I яшчэ было ў яе, але больш у думках, нездавальненне ад таго, што адна яна тут, нiхто яе не бачыць, нiхто на яе не глядзiць, не гавораць пра яе, не захапляюцца ёю... I ў сярэдзiне ночы пачала ў яе спець думка, сперш няроўная, а пасля з адзнакамi мала калi быўшай дагэтуль рашучасцi... I часамi ёй хацелася, доўга i цiха...

Месяц высока падняўся i пабялеў, i пабялела нiзкая трава; холадам дыхала рэчка, i недзе лёгкiм стукам абазвалася дарога. Ноч пераламалася на другую палавiну, i больш востра запахла ўсё. Нонна ўстала i паволi пайшла па беразе рэчкi. Дайшла яна далёка, да нейкай чорнай раллi, у задуменнi пастаяла там на адным месцы i пайшла назад. Раптам усё пачало кiпець у яе настроях, узнялася нервовасць, i яна пайшла хутчэй. I проста ўвайшла ў цёмную будку. Там лягла пры халодным палатне i пачала плакаць, стараючыся не пабудзiць нiкога. Пасля яна сцiхла, але з плачам у душы сцiшылася, i пад самы дзень дрымота агарнула яе...

Прачнулася яна, як было ясна ад сонца. Брат збiраўся ехаць у горад, каб прадаць там конi i шукаць там на зiму кватэры, i яна вяла пачала памагаць яму. I ў час гэтай работы вярнулiся з горада дзве дзяўчыны, што нядаўна жылi тут. Вярнулiся, каб сказаць ёй, што нанялiся яны ўсе на цэлую зiму спяваць у кафэ i што без яе няможна абысцiся для танцаў. I што трэба спяшаць выехаць той у горад.

Бесклапотная гуллiвасць i вышыня настрояў раптам ахвацiлi Нонну. Яна пачала спяваць i дурэць, як дзiця. I такi настрой не пакiдаў яе доўга, хоць трохi пасля прытупiўся...

Папоўднi яны даехалi да горада. Брат Нонны там застаўся, а тры дзяўчыны селi пад вечар на поезд i выехалi ў дальнi горад... Брат кiўнуў Нонне галавою; у яго нядобра i сумна было на душы...

VI

Два днi не мог прыйсцi да сябе Андрэй. Каб забыцца, моцна ўвайшоў ён у работу, стаў маўклiвы i вечарамi выходзiў на вулiцу слухаць, як гаварылi над старым дахам жоўтыя клёны. Нейк не па сабе яму было i ад таго яшчэ, што, як дазнаўся ён, што няма ўжо на беразе палатняных будак, а значыцца, няма блiзка i Нонны, цьмяна i неаформлена адчуў, што нават сумна-тонкiя i вострыя перажываннi засталiся нават як бы i не па Нонне, а так нейк па нечым, можа па тым, што ёсць, а можа па тым, чаго няма зусiм i чаго не хапае ў свеце i па чым сумуе i ад чаго кiпiць глыбiня чалавечай iстоты. Многа тады пачало з'яўляцца ў яго новых думак, небывалых дагэтуль. Было чаканне нечага i нецярплiвасць. А на трэцi дзень прыйшоў да яго лiст з дальняга горада ад земляка. Звалi яго ў горад, i ад гэтага перавярнулася ў iм тое, што навявала папярэднi настрой. Раптам ён ясна прыпомнiў Нонну, як яна ўсмiхалася, а пасля не дазволiла яму iсцi за сабою, i раптам вырасла ў iм упэўненасць, што ён нейк вышэй яе стаiць на зямлi; што ён больш значны, i гордасць яе не важна нiкому. Сум у iм астаўся шырокi, але нейк раптам выйшла з яго круга Нонна i зрабiлася нечым асобным. I зноў яна неўзаметку пачала вырастаць i аддзяляцца ад усяго. Тады ён стараўся зняважыць яе ў думках сваiх, а яна яшчэ больш вырастала. I ён доўгiмi i настойлiвымi думкамi вызваў у сабе на яе нешта падобнае да злосцi. Сiлаю ўпэўнiў сябе, што гэта злосць i што так трэба, што гэта абсалютная сапраўднасць. Пасля ж набеглi, згусцiлiся пачуццi i заглушылi ўсё гэтае, што было ў думках. Тады з'явiлася толькi мяккая крыўда на Нонну, i ад гэтага прыйшло сапраўднае ўжо ўзвышэнне над ёю, затаенае ў самiм толькi сабе. Тады яму зрабiлася самому перад сабою брыдка i нядобра за тое, што паддаўся ён быў у той першы дзень слабасцi – у сувязi з тым, што ўбачыў яе першы раз, варушыў сваю душу, паднiмаў з яе дна ўсё перажытае, востра-пакутнае i цяпер ужо святое; што плакаў ён вечарам на халоднай зямлi. I нават нядобра адчуваў ён сябе перад братам... Пасля раптам наплылi на яго ўсякiя думкi, у якiх патроху знiкаць стала Нонна i патроху апускацца пачалi пачуццi. Ён ужо з братам гаварыў аб усякiх справах, вырашалi ўдвух час яго ад'езду, i ў апошнi дзень перад ад'ездам ездзiў ён з братам на поле. У думках яго ўжо малявалася шырыня новай працы, вельмi важнай i патрэбнай, усякiя магчымасцi i новая прывабнасць.

Перад самым выездам зусiм амаль згладзiлася з думак i нават пачуццяў Нонна...

Горад спаткаў яго, вясёлага, прыняў яго здольным лёгка ўжо прапускаць праз сябе ўсё, не прымячаючы ў вялiкiм шуме вялiкай цiшынi. Гэта было першае поўнае здавальненне жыццём, незачэплепае расчараваннем.

Быў шосты дзень пасля таго вечара, калi ён засумаваў па цыганскай дзяўчыне.

VII

У той сухi i ясны вечар, як у гарадскiм садзе з лiп i асiн ападалi апошнiя лiсты, балетмайстар музычнай камедыi Лiнскi ў дрэнным настроi iшоў з тэатра. Перад спектаклем дазнаўся ён, што жонка яго ездзiла ў суседнi горад зусiм не для тых спраў, аб якiх гаварыла, а ездзiла дзеля зусiм iншага, аб чым цяпер сведчыў перахвачаны iм выпадкова лiст да жонкi ад нейкага Аксютовiча. I хоць Лiнскi сам часта ездзiў у iншыя гарады не для тых спраў, аб якiх гаварыў жонцы, хоць спектаклi ў тэатры i не зацягвалiся да таго позняга часу, у якi Лiнскi прыходзiў кожную ноч дадому, але пакуль што жонцы яго нiякiх лiстоў перахвацiць не давялося, i загэтым Лiнскi лiчыў сябе пакрыўджаным жонкаю. I хоць балет у тэатры ў той вечар добра ўдаўся, не разагнаў усё роўна кепскага настрою Лiнскага. I пасля спектакля выйшаў ён першым, не пайшоў з артыстамi разам, а адзiн зайшоў у гарадскi сад. У глыбiнi свае душы ён быў нават рад таму, што выявiлася ў адносiнах жонкi да яго, бо будзе прычына, выгадная для яго, разысцiся хутчэй з ёю, але надворна было яму прыемна адчуваць сябе пакрыўджаным. Ён сеў на пустую лаўку ў садзе i стаў слухаць, як замоўклi раптам дрэвы i больш тады западалi лiсты на зямлю. Ад гэтага i ад вiднаты адчуў ён урачыстасць ночы i вялiкасць хараства. I патроху тады забыў ён пра сваю мiзэрную крыўду, i прыемна яму было сядзець тут. Раптам пашкадаваў ён, што спектаклi ўжо скончаны i што няма як ужо слухаць музыку i глядзець на хараство балета i жыць у тыя хвiлiны толькi пачуццямi. Ён сядзеў i маўчаў i сам таго не прымячаў, што моцна думаў аб многiм...

З асвечаных вокан кафэ сыпанулiся на яго сухiя кароткiя зыкi некай полькi, i трудна было разабраць яму, на чым гэта iгралi. Тады ён пайшоў туды, адкуль беглi зыкi, увесь ахвачаны жаданнем толькi слухаць, бачыць i адчуваць...

У кафэ на нiзкай эстрадзе стаяў тоўсты прысадзiсты чалавек з гiтарай у руках i на заднiм плане яшчэ некалькi гiтарыстаў. Цяпер яны маўчалi.

– Нонна Алiна выканае польку, – заявiў тоўсты гiтарыст, i Лiнскi сеў за столiк з бяздумным чаканнем. Гiтарысты пачалi выбiваць на гiтарах такт, i Лiнскi ўбачыў Нонну Алiну. Пры вячэрнiм свеце твар яе здаваўся сумным i вясёласць штучнаю, i нейкаю надзвычайна далёкаю была яна ад усяго, што было вакол яе. Толькi прайшло ўсё гэта, як пачала яна скакаць, i раптам здавацца стала, што гэта не прымячае яна нiкога i скача сама для сябе.

Лiнскi адчуў радасць блiзасцi хараства i нейк нават у большай меры, чым у тэатры, здалося гэта самым важным i затоеным само ў сабе. Тады стала для яго мiзэрным усё тое, што ён кагадзе адчуваў; нязначным i лiст да жонкi, перахвачаны iм, i вялiкае адчуванне малое крыўды. I нейк як бы занудзеў ён, што нiхто не адчувае тут гэтага хараства, а пасля з'явiлася патрэбнасць у ўзвышэннi яго. Тады пайшоў ён блiзка да эстрады i нецярплiва чакаў, калi яна зыйдзе адтуль. Пасля доўга гаварыў з ёй у суседнiм пакоi. Вынiкам гэтай гаворкi было тое, што Нонна ад радаснай нервовасцi доўга не магла заснуць у тую ноч, а назаўтра Лiнскi зайшоў у брудны, праходны пакойчык, дзе жыла Нонна, i ўдваiх пайшлi яны ў тэатр на балетныя спробы. Цераз пяць жа дзён у афiшах да тэатральнай пастаноўкi было напiсана: "...Выступiць новая прыма-балерына, цыганка Нонна Алiна..."

Андрэй бачыў яе ў тэатры на сцэне. I зноў ахапiў быў яго сум па ёй, але цяпер iншы, чым тады – сум моцнага, якi можа ўзяць тое, па чым сумуе, ды разважаннi не дазволяць гэтага. Сум гэты насiў ён у сабе доўга, упэўнены, што пройдзе ён. I ён прайшоў, толькi пакiнуў па сабе след – упэўненасць у тым, што ва ўсiм ёсць смутак i ва ўсiм ёсць шчасце...

А ўсё ж стараўся ён не сустракаць Нонны i не бачыць яе.

1926

Каментары

Друкуецца па зборнiку "Пачуццi" /Менск, БДВ, 1926/, дзе змешчана ўпершыню. Датуецца 1926 годам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю