355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Пачуццi » Текст книги (страница 1)
Пачуццi
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 16:11

Текст книги "Пачуццi"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Черный Кузьма
Пачуццi (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Пачуццi

I

На тым беразе гараць агнi i чутно, як там на нечым iграюць. Суха неяк выбiваюць такт кароткiя зыкi i будзяць над зямлёю гуллiвасць. Пры агнях варушацца постацi людзей, яшчэ зусiм ясныя ад ружовага вечара. Яшчэ i стук нейкi чуцён, i добра вiдно, як каля пярэдняе палатнянае будкi трое людзей не то гэта памагаюць музыцы, цi то самi поўны ёю: дробна ляскаюць яны ў такт далонямi рук... Нехта крычыць, нехта як бы плача – можа гэта якая балотная птушка ўзнепакоiлася ад людскога шуму... I ўсе гэтыя зыкi напаўняюць змрок асенняга вечара i аддаюцца рэхам у прырэчных паплавах...

З гэтага месца вiдны яшчэ далёкiя i блiзкiя хутары i вёска, – лясы далёка, чуць вiдны сiнню на даляглядзе, i толькi нiзенькiя кусты лапiнамi ўкрываюць паплавы...

Усё больш гусцее вечар, i ўсё весялей робiцца на беразе. Мацней пачынаюць iграць, непрыметныя адгэтуль, нейкiя суха-траскучыя музычныя iнструманты раптам развiваюць з цеснага жмута зыкаў вясёлы галёп, i тады ўлiваецца сюды нейкая песня, востра-крыклiвая, насмешлiвая над усiм i разам з тым задумёная. Яна без слоў, i толькi чутны ў ёй крыкi:

Гоп-гоп, ло-ла-ло-ла,

Гоп-гой, ло-ла-ло-ла!

Больш робiцца стуку рукамi, больш шуму, i ад таго, што дагарваюць агнi, здаецца, што гэта i кусты, i берагi сцiшаюцца, каб слухаць вяселле цыганоў.

I ўжо неяк знячэўку выплываюць з таго бясслоўнага i крыклiвага пачатку словы песнi. Iх трудна разабраць, толькi чутно, што яны могуць быць усякiмi, што не важны яны як тое, што нейкi сэнс перадаюць. Чуцён часты прыпеў:

Гэй, гэй! Э-э-э-эй!..

З-за пярэдняе будкi выбегла постаць жанчыны. Яна раскiнула рукамi, i на гэты момант застыла тут iмкненне, агорнутае вастратою радасцi i смутку аб усiм. Матнулiся цёмныя фалды яе лёгкай адзежы, i закалыхалася яна ў тым танцы, якi мог толькi радзiцца ў неабдымных прасторах, далёка ад грымучых вулiц i грузных камянiц...

Спявалi вялiкiя гiмны размашыста-кволыя рухi яе постацi, i ад захаплення бяздумнага i плакалi, i смяялiся ў чарнаце вячэрнiх прастораў не бачаныя, а толькi адчуваемыя здалёк яе вочы. Вiдно было адчуваннем, што пад тымi цёмнымi фалдамi гойдаецца яе радаснае цела... I радасць была – што ўсё гэта ёсць, i смутак быў – што неяк далёка гэта, неяк недасяжна i нельга растаць у iм i разам з iм...

На другiм беразе рэчкi, над самай вадою, прыпёршыся плячыма да кагадзе пастаўленых слупоў не скончанага яшчэ моста, стаяў Андрэй Сiмовiч – задумёны i не вырасшы яшчэ добра хлапец. Усе пайшлi з работы, а ён адзiн застаўся слухаць цыганскую музыку на тым паплаўным беразе, i як выйшла скакаць цыганская дзяўчына, ён не зводзiў з яе вачэй. Ён стаяў, забыўшыся, i той настрой – неаформленасць усяго, калi няможна вызначыць, чаго хочацца чалавеку, – навеяны музыкай, перайшоў раптам у нейкае не вызначанае яскрава жаданне пасля таго, як выйшла скакаць дзяўчына. I як бы гэта перадалося яму тое, што было ў тым танцы, згарманiзаваным з самой постаццю дзяўчыны. Яна была тонкая ў лiнiях сваёй постацi, i разам з тым нейкая як бы лёгкая цяжкасць, заўсёды прыналежная толькi жанчыне, была ў ёй. I ад таго, што гарэлi ў яе вочы i калыхаўся стан, ад гэтага абуджвалiся ўсякiя пачуццi i камбiнавалiся ў адно, што можна назваць адным вялiкiм жаданнем, з хаосам у думках. I яшчэ павялiчвалi гэтыя адчуваннi яе словы, якiя яна неяк гаварыла часта ў такт свайго танца:

Ай-два, ай-два!..

I тады нiчога неяк не засталося ў Андрэя, неяк усё згiнула, i на ўсiм малым i нязначным была толькi ўсё запоўнiўшая пачуццямi аб сабе цыганская дзяўчына. I сам для сябе здаўся Андрэй нейкiм нязграбным перад тым, што бачыў. Ён усё стаяў, моцна прыпёршыся да вiльготнага дзерава; стаяў доўга, як бы прыпынiўся ход часу i ўсяго, што ёсць, i нiчога вакольнага не прымячалася i прымячаць яго не трэба было. Так прастаяў ён, пакуль не пачалi зацiхаць цыганы i дзяўчына раптам некуды дзелася. Тады ён, ужо з усякiмi думкамi, дастаяў датуль, калi пачалi моцна крычаць нейкiя птушкi, i з вялiкiм смуткам пайшоў дадому.

II

У той дзень многа ляцела над зямлёй жураўлёў, i сухi вецер узнiмаў пыл на дарогах. Дзень быў сонечны i нейкi шырокi... Над старым дахам маўчалi пажаўцеўшыя клёны, i ранiцаю з хаты доўга чуваць было, як за сцяною плюхала вада пры студнi.

"Мусiць, туман сягоння", – невядома чаму падумаў Андрэй i нават сказаў гэта моцна, сам не ведаючы, што гэта трэба было яму сказаць, каб накiраваць у нейкi патрэбны бок думкi, бо яму нешта рупiла, нечага як бы не хапала, i нават сон быў ноччу непакойны. Пасля таго як прыйшоў ён вечарам дадому i палажыў сякеру ў сенцах, адчуў быў раптам нейкую пустату ў сабе, навяваўшую смутак i безнадзейнасць запоўнiць яе, а пасля ён пахадзiў трохi па двары, нейкая як бы думка пачала вырастаць у iм; што рабiць – ён не ведаў яшчэ, але адчуваў, што назаўтра некуды пойдзе. Нервовасць была цэлую ноч, i толькi моцна спаў ён пад самы дзень, пакуль не пабудзiлi яго на работу. Iдучы, ён паспакайнеў, многа смяяўся ў гаворцы, а як прыйшлi да рэчкi, зразу пачаў ён абчэсваць бервяно i з нейкай вастратою ў невыразным чаканнi глядзеў на той бераг, дзе былi яшчэ росныя ад туману цыганскiя будкi.

Там было зусiм цiха i неяк пуста. Далёка на жоўтым збiтым поплаве хадзiлi конi, i каля лазовых кустоў над самай вадою стаяў цыган i моўчкi глядзеў у адно месца на ваду. Зашмальцаваныя да роўнага бляску яго картовыя порткi нiзка навiслi над халявамi, i загэтым ногi яго здавалiся тоўстымi. Ад гэтага i сам ён здаваўся зусiм нiзкi. I яшчэ быў ён нейкi смешны на выгляд: зусiм малады, нейкi дзiцячы твар няўдала камбiнаваўся з купчастымi вусамi i падстрыжанаю барадою. I, гледзячы на яго, Андрэй падумаў, што каб не гэты цыган, то ён пайшоў бы туды, на той бераг, можа i ўгледзеў бы яе.

I ў тую хвiлiну, як ён гэта падумаў, адчуў, як ахвацiў яго вялiкi смутак, i страшна ненавiднаю стала работа. Захацелася кiнуць сякеру далёка ад сябе i самому iсцi або на той бераг, або далёка ад усяго. З'явiлася млявасць у целе, нейкая ўтомленасць у галаве i разам з тым небывалая дагэтуль рашучасць. Гэта было нешта незвычайнае, бо раней не было нiколi так раптам яе. Ён палажыў сякеру на зямлю, сеў i пачаў закурваць. Пасля ён азiрнуўся, стала яму неяк нядобра ад таго, што нiхто не сеў супачываць, а ён толькi адзiн, i ён зноў падняўся...

Тады ўжо моцна свяцiла сонца, па-асенняму нямоцна грэла, i ўзняўся вецер. На паплавах стала шумней, толькi больш неяк дзiка. Уявiлася, што моцна загаварылi кусты i вада, i ўсё гэта адбiлася на настроях Андрэя. Стала як бы нешта высвятляцца ў яго разуменнях, i тады ён прыпомнiў неяк многа мiнулага. Гэта было ад таго, што многа было ў яго звязана i з ветраным шумам, i з крыкам жураўлёў высока. Раптам прыцiх ён, бо яшчэ з учарашняга дня цыганская дзяўчына падрыхтавала да гэтага душу – зрабiла яе нейкаю тонкаю i чулаю. З вялiкай нецярплiвасцю дабыў ён на рабоце да поўдня i тады заявiў, што пойдзе дадому, што нездароў ён. Было яму лепш аднаму iсцi напрамiк цераз поле.

На той час забылася цыганка. Яна то i не забылася, але думкi i адчуваннi аб ёй злiлiся з тонкасцю перажыванняў i думак i аб ёй самой, i аб тым, што было ў жыццi, што непакоiла i радавала, застаўляла пакутаваць i ўзнiмацца настроям. I дома гэта яшчэ павялiчылася.

Там было цiха. Нiкога не было. Андрэй ведаў, што i меншы брат паехаў на поле, недзе пайшла на работу сястра, i ён адзiн стаў хадзiць па хаце, не могучы разабрацца, ад чаго яму так усё здалося дарагiм i любым i разам з тым страшным па тым, як яно ўсё абкружвала чалавека.

Гулi ў хаце апошнiя мухi, i вяла поўзалi яны па вокнах, i на адным акне моцна пахлi нейкiя агароднiя, белыя, познiя кветкi, пастаўленыя сястрой у пабiтую шклянку. Ён з нейкiм замiлаваннем разгледзеў гэтыя кветкi, адчынiў акно, каб выпусцiць на двор муху, не думаючы аб ёй, пасля зноў прайшоў па хаце i заўважыў каля самых дзвярэй на лаве нявымыты гаршчок з вараным шчаўлем. I гэта раптам абудзiла ў iм цэлую буру. Ён яшчэ невыразна падумаў аб усiм, звязаным з гэтым, i ў нейкай нецярплiвасцi закурыў, i, закурваючы, раптам прыпомнiў.

Быў тады канец лета, i ў той дзень таксама дзьмуў пыльны вецер. Тады ён сама што пачаў узрастаць, i кожны дзень хадзiў за шэсць вёрст у горад вучыцца. Прыйшоў ён быў тады рана i таксама нiкога не застаў дома, i весела хадзiў тады па агародах за хатаю. Па поўднi ж прыйшла з поля старшая сястра i прынясла ў прыполе адтуль вераб'iнага шчаўлю. Таксама палажыла моўчкi яго на лаву i лягла. I да самага змроку нiчога нiкому не гаварыла. Змрокам жа паднялася, накармiла ўсiх i нават яшчэ перабрала той шчавель i тады лягла, не раздзеючыся, сказаўшы толькi, што ёй моцна баляць грудзi. Ноч тая была зусiм для ўсiх спакойнай, бо хто ж яго ведаў, што адчувае i перажывае душою сястра. Назаўтра яна паднялася, так, як i заўсёды, раней за ўсiх, выпалiла ў печы i той шчавель зварыла, i, лёгшы, больш ужо не ўставала. Яны – два браты i сястра – елi той халодны i нiшчымны шчавель i думалi, што б гэта такое прыдумаць i дзе б яго дастаць, каб з'ела хворая. I пасля таго дня, з тае самае ночы, пайшлi вострыя днi. Назаўсёды ў памяцi асталiся i ясныя асеннiя ранiцы, i аўсянае поле з белым павуцiннем, жураўлi, што ляцелi высока. I пакрываў, i паглыбляў нейк усё гэта выраз твару хворай сястры. Пасля больш яшчэ памятным заставаўся хмурны, сухi i кароценькi дзень, у якi моцна пахла з саду халоднымi бэрамi, лiстамi i нядаўна выбранаю вiльготнаю яшчэ ад зямлi бульбаю. У той дзень, пад вечар, пайшоў Андрэй за рэчку на хутары прасiць дошчак на труну для сястры.

– Чаму гэта я пра гэта думаю i нашто гэта я ўспамiнаю? – сказаў сам сабе моцна Андрэй. – Нiхто нiколi пра гэта не думае i стараецца не ўспамiнаць.

Але гэта толькi сказаў ён, сам жа не мог адагнаць думак гэтых ад сябе, ды i не хацеў адганяць. Нават была яму нейкая як бы асалода ў гэтым, што так моцна варушыў ён, хоць i не наўмысня, сваю душу. Нават хацелася абвiнавацiць сябе ў тым, што дазволiў ён усяму таму адбыцца, хоць тут ужо, разам з тым, была свядомасць – што ж мог зрабiць ён? I тады патроху пачаў ён адганяць ад сябе ўсе гэтыя перажываннi, бо ў адну хвiлiну нейк уявiў сабе, што нешта iншае тут трэба, хоць яно i будзе мець пачаткам сваiм усю гэтую вастрату i тонкасць. Ён ужо стараўся думаць аб тым, што неўзабаве павiнна быць пiсьмо з дальняга горада, куды ён напiсаў свайму земляку аб тым, што хоча пераехаць у горад. Але думкi аб гэтым не маглi доўга плысцi спакойна i роўна. Бо верх бралi пачуццi, непакойныя i вельмi ж узбуджаныя. I як нi стараўся ён узбiцца на звычайны настрой, нiяк не мог. А тут пачаў канчацца дзень, i прыйшла аднекуль сястра – маладая i вясёлая. Дзiўна было яму думаць, што, гледзячы на яе, яшчэ горш нейк сумна яму стала. Але разам з тым яшчэ адчуў ён, што гэта была ў iм нейкая адмысловая, а можа i ўсiм прыналежная сiла, якая хоць i так выяўляецца, але здольная ўзняць чалавека да непераможнай дзейнасцi. Тады нейк не так востра мучыўся ён сваiмi перажываннямi. I, сказаўшы некалькi нязначных для сястры i глыбокiх для яго самога слоў, ён выйшаў з хаты. Там меншы брат распрагаў каня i пачаў расказваць яму, як у горадзе пад вечар быў, мусiць, пажар, бо вельмi ж многа ў тым баку паднялося нейкага чорнага дыму; i ён надзвычайна так нейк, як нiколi, быў рад братавай гаворцы. Не трэба было таму помачы, а ён памог яму выпрагчы каня. Пасля пастаяў ён каля сцяны, пакуль брат пайшоў у хату, i сам падумаў аб тым, што як гэты самы брат быў меншы i не было ў яго нейк раз ботаў, ён замаразкамi ездзiў заворваць поле босы, i тады заўсёды ногi былi ў яго папрабiватыя i ў нейкiх струпах... Тады ўжо не мог ён нiчога зрабiць з сабою – пералез ён паволi цераз жардзяны плот, пайшоў пад жоўтыя клёны, лёг там на вiльготную зямлю, прыпаў да яе тварам i заплакаў...

Тады стала ясна яму, што гэта ўсё ў яго не ад цыганскае дзяўчыны...

Адтуль ён вярнуўся позна. Нейк лёгка стала яму. Сплыло ўсё; чыстата стала ў iстоце i кволасць да ўсяго. Сястра i брат клалiся спаць. Брат курыў i сядзеў каля стала, гойдаючы босымi нагамi, а сястра весела расказвала, як у суседа Юстына адарвалася ў хаце вешала з тытунём i стукнула яму па галаве. I Андрэй ужо сам смяяўся i памог сястры выказаць думку аб тым, што б гэта тады было, каб вешала было цяжэйшае. Пасля гэтай гаворкi стаў у яго на кароткi час зусiм звычайны кожнадзённы настрой, толькi чуласць была незвычайная ды яшчэ моцнае адчуванне, што яму нешта рупiць, як бы мяшае чаму, некуды цягне яго, i тады, пасядзеўшы трохi, успомнiў раптам пра цыганскую дзяўчыну. Цяпер думаў аб ёй нейк iначай; самы працэс думкi быў нейкi цвёрды i вызначаны розумам, хоць вельмi востры ад пачуццяў. Тады ён хутчэй узяў падушку i кажух i пайшоў спаць на сена ў гумно. Там, у цiшы, стала патрэбным яму раптам гаварыць з кiм-небудзь, выказаць каму ўсё, што можна толькi выказаць, i яшчэ адчулася iм нейкая тая вялiкая адзiнота i размах, якiя бываюць у асеннiя месячныя ночы. Доўга не мог ён заснуць, пакуль аж не пачалi недзе спяваць пеўнi. I як пачаў драмаць, нервова пачала спець у яго ўпэўненасць у патрэбе заўтра iсцi да цыганоў. Прычына гэтага была вядома, але рэальны пункт – чаго? – не быў аформленым... Так ён i заснуў.

III

Гэта тады брат цыганскае дзяўчыны стаяў на беразе рэчкi. Тады Андрэй не прымецiў гэтага, а цяпер падумаў, што гэта няйначай так. Было гэта назаўтра таго дня. Ён тады пайшоў на работу, i зноў астаўся на беразе адзiн пасля ўсiх, i стаяў пад вечар i думаў, што ў гэтага цыгана нейкiя такiя вочы, цi можа гэта яны здаюцца такiмi i ў яе, i ў яго здалёк. Цяпер яму было толькi нейк здзiўлёна, як гэта мог ён учора паддацца такiм настроям i нават плакаць, што нiколi не бывае, – i гэта пасля адчуванняў аб той цыганскай дзяўчыне. I ў самога перад сабою нейк як бы нядобра было яму за ўчарашнюю слабасць. I яшчэ падумаў ён, што ўсё, нават варанае зелле, можа ўзварушыць у чалавеку буры...

Тым часам пачаў ён глядзець пiльна на той бераг i заўважыў, што там больш пуста, як учора. Стаялi ўсяго дзве будкi, i то нейк наводшыбе адна ад аднае. Не вiдно было i коней, i толькi нешта малое – дзяўчынка цi хлапчук, трудна было прымецiць здалёк – забаўлялася тым, што, лежачы на спiне, перабiвала па грызенай траве голымi нагамi.

Нейк аж зусiм весела стала Андрэю, i пасля заўважыў ён, што з-за будкi выйшла мужчынская постаць. Ён пазнаў таго ўчарашняга цыгана. Той нешта загаварыў, малы падняў галаву i нешта адказаў. Гэтыя словы здалiся Андрэю як "ла-ла-ла-ла".

Андрэй весела ўсмiхнуўся, i нават хацелася яму падмаргнуць каму-небудзь цi куды-небудзь; ён весела пачаў пераходзiць на другi бок рэчкi. А цыган сядзеў ужо над самай вадою i перакусваў двума пярэднiмi зубамi саломiнку.

"Што яму скажу?" – падумаў Андрэй.

– Табак маеш? – гукнуў цыган.

– Маю.

– Д-дай, будзь ласкаў.

– Можна.

– А можа многа маеш, дык я куплю.

– Няма.

– Я добра заплачу.

– Дык няма ж.

Андрэй быў рад гэтай гаворцы i сеў на беразе.

– От у вас тут учора весела было, я аж заслухаўся з таго берага, сказаў ён цыгану. – Чаму сягоння цiха?

– Няма. Паехалi ўжо.

– Хто?

– Музыканты нашы... i спявачкi.

– Куды?

–А я не ведаю. Пайшлi ранiцаю ў горад, а адтуль, кажуць, некуды выехалi. Некуды iграць на зiму нанялiся, мусiць.

Тады раптам адчуў Андрэй нейкi страх перад тым, што гэта ж i тая дзяўчына, мусiць, паехала. Тады стала ясна яму, якi смутак вялiкi ў яго па ёй.

– Тут учора адна вельмi ж скакала.

– Тая яшчэ тут.

– Не паедзе?!

– Паедзе зараз. Яна скакаць i спяваць добра можа. Ого! Хто лепш за яе скача! У горадзе так не ўмеюць скакаць, i яна паедзе туды. Яна артысткай хоча быць... Гэта сястра мая, Нонна...

Апошнiя словы сказаў ён з нейкаю гордасцю, а Андрэй успомнiў, як летам ездзiў ён у горад купляць патрэбныя яму кнiжкi, быў у тэатры i бачыў там на цеснай сцэне танец, шырэйшы за ўсякiя дзiкiя прасторы.

Цыган нешта заспяваў сабе пад нос, а Андрэй пачаў рваць вяршкi з аеру i кiдаць у ваду.

– Слаўная дзяўчына, – сказаў ён раптам, не ведаючы, што яму гаварыць.

Цыган з-пад iлба нейк непрыветлiва глянуў на яго, i голас яго перайначыўся, стаў нейкiм трохi варожым:

– А табе што?

– Мне што?

– Але.

– Што ж мне?! Мне нiчога. Хiба я павiнен гаварыць, што яна няслаўная, калi яна слаўная.

– А ты як жа гэта ведаеш?

– А можа i не, чорт яго ведае.

– То ты чаго ўжо кiнуўся ў другi бок?

Андрэй паглядзеў на цыгана i падумаў: "Што мне гаварыць з iм i нашто гэта я з iм гавару... I што для мяне яго сястра?! Хiба патрэбна мне думаць аб гэтым. Яна так жа далёка ад мяне, як i я ад яе. Яна недаступна мне, як i я ёй, i думкамi нашымi, i настроямi..."

Яны яшчэ раз удвух закурылi, i цыган падняўся, моцна пацягнуўся i пазяхнуў... Паказалася з-пад чорнай жакеткi сiняя суконная камiзэлька з залатым тоўстым ланцужком i цацкамi ад гадзiннiка, i ад гэтага постаць яго стала нейкай вельмi ж адмысловай на гэтым зялёна-пажоўклым нiзкiм беразе.

– Табе трэба iсцi куды? – сказаў Андрэй.

– Куды мне трэба iсцi?! – задумаўся цыган i, памаўчаўшы, сказаў: Пайсцi на дарогу, там нашы ехаць павiнны...

I яны ўдвух перайшлi на другi бок рэчкi i абодва пайшлi ў розныя бакi, холадна нейк развiтаўшыся... Раней дык цiкавiў Андрэя гэты чалавек, а гэта нядобра ўжо было быць з iм разам. Раней цiкавiў як брат тае дзяўчыны, а цяпер за гэтым жа стаў нейкiм варожым. Андрэй адышоўся трохi, пасля азiрнуўся, каб упэўнiцца, цi далёка ён. Яго не было ўжо вiдно, i Андрэй з трывогаю ад нервовага ўзбуджання вярнуўся назад. Ён пiльна паглядзеў на той бераг, на тыя палатняныя будкi. Цiхiя i ў адзiноце стаялi яны. Вакол iх скрозь быў роўны i нiзкi поплаў, згрызены i пажоўклы, налева жаўцелi кусты, а направа i проста роўнасць даходзiла далёка да сiняй нiзкай iстужкi – можа лесу, а можа хмар. Было блiзка некалькi не згрызеных жывёлаю кустоў, некалькi лапiн ад вогнiшчаў i далёка наводшыбе блiшчаў пад жоўтым сонцам белы конскi чэрап, высахшы i струхлеўшы пад вятрамi. Гэта была вялiкая задуменнасць, як бы ўвасабленне нейкай фiласофii прастораў свету... Уяўлялася нейк, што тут павiнна была быць высокая трава, горача i страшна ясна свецiць сонца i дзьме гарачы вецер. I пад ветрам гэтым трава будзе спяваць цiхiя i задумёныя песнi над конскiм чэрапам. I мелодыя гэтая будзе закалыхваць усю зямлю, пакуль не з'явiцца на ёй чалавек i не засмяецца над законамi гэтай мелодыi...

"Гэта ж Нонна яна завецца", – набегла раптам у Андрэя думка, i ён нейк па-дзiцячаму ўсмiхнуўся...

I пэўна, што не мог разабрацца ён, што гэта з iм робiцца.

IV

...Гэта зямля, а гэта дарога на ёй... Ноччу зоры i трава халодныя... Вiдны людзi, часам больш iх, часам менш, i нечым i нейк жывуць яны... I там далей таксама гэта ёсць, i калi я буду там, то буду там усё гэтае бачыць, а тут гэта ўсё застанецца таксама. Наперадзе нешта будзе, цяпер жа сонца свецiць, i шырокi поплаў жоўты ад яго. I журботна нейк ад таго, што стала пуста i глуха, як паехалi ўсе...

Такi i заўсёды быў настрой i такiя адчуваннi Нонны.

Не было вялiкiх клопатаў, не вельмi заядалi яны душу i розум, не ўтамлялi яны... Былi вялiкiя захапленнi, i тады малое здавалася вялiкiм, вялiкае ж малым здавалася, толькi часта было яно чужым i няважным.

Зiмою трэба было жыць у вёсках i мястэчках, даводзiлася жыць i ў гарадах, i як толькi пачынаў раставаць снег, зноў пачыналiся паплавы ды палявыя дарогi. Зiмою сустракалася больш людзей, i не то што каб цiкавiлi гэта вельмi яны, але нейкiмi новымi i непрывычнымi здавалiся, i хто-небудзь з iх часам пачынаў як бы цiкавiць, а пасля прападала гэта...

На трынаццатым годзе ўжо моцна акрэслена пачалi абуджацца ў Нонны няясныя дзявочыя смуткi i жаданнi, i тады вырастала чуласць, але яна пачала прытупляцца з цягам гадоў. У чатырнаццаць год зiмою жылi ў горадзе, i тады былi спробаваны слодычы першага кахання. Быў ён высокi i не першай ужо маладосцi. Элеганцкi звiнеў шпорамi, удала ездзiў на канi. Часта тады хадзiла Нонна з iм у тэатр i адтуль вынесла пакланенне звiнючаму бляску сцэны ў музычнай камедыi. Адзiн раз яна бачыла, як артыстку, увабраную так, што здавалася яна нечым асобным ад таго, што было вакол яе, пасля выкананага ёю танца вынеслi на руках на сцэну, i яна горда прымала воплескi i пакланенне публiкi. Тады надоўга захапiлася яна гэтым малюнкам, i яе пачало цягнуць некуды. Вясною выехалi з горада, выехаў некуды i вайсковы i ўжо мала калi i ўспамiнаў пра Нонну, а калi i ўспамiнаў, дык толькi хiба нарочна, халодным сваiм розумам, каб больш давесцi сабе, што ўсё, што сягоння здаецца ўсiм, заўтра ўяўляецца нiчым...

Нонна прывыкла, што вакол яе гаварылi аб яе прыгажосцi, i сам гэты факт нават нейк прытупiў свядомасць аб гэтым... I любiла яна ляжаць часта на сонцы пад ветрам i старалася здавацца недаступнай. Часта яшчэ з'яўлялася ў яе млявасць, якая вырастала з свае першапрычыны, хоць i далёкай, – з нейкага кволага гультайства.

Цяпер доўга стаялi яны пры горадзе, i часта яна хадзiла туды глядзець балет у музычных спектаклях. I чым больш бачыла яна там бляск сцэны, тым больш iмкнулася яе iстота быць душой гэтага i нейк нават падняцца над гэтым, стаць цэнтрам гэтага перад публiкай, i была ў яе нейкая нездаволенасць, калi на яе ўсе глядзелi там i яна адчувала, што гэта глядзяць на яе хараство...

Цэлую тут ноч яна не магла заснуць пасля свайго танца на беразе рэчкi, i, ранiцаю правёўшы сваiх у горад, яна сумная вярнулася да сваiх будак, i была ў яе нейкая як бы злосць, што яна адна i няма каму тут глядзець на яе. Амаль цэлы дзень праляжала яна за будкаю на сонцы, i нiчога ёй не думалася, пасля нейк мучыла адзiнота; i гэта было непрывычна, бо адзiнота ж была заўсёды ў паплавах i палях...

Яна раней чула, як брат яе доўга спяваў сам сабе цiхенька нешта i моцна пляваў курачы, пасля чула, як з нейкiм ён гаварыў, далей адышоўшыся, пасля стала цiха... Ей уздумалася пайсцi на бераг рэчкi, сесцi там, пакуль яшчэ свецiць сонца, рваць там траву цi лiсце, разрываць на дробныя кавалачкi, кiдаць у ваду i глядзець, як да ўсяго абыякавая вада нясе iх на сабе. Так можна сядзець доўга, пакуль не стане холадна i не прыйдзе аднекуль брат. А там будзе ноч, будзе гарэць агонь, пасля патухне. А там пазавуць свае ў горад куды-небудзь скакаць перад публiкай у кафэ, i там будзе зусiм iншае...

Яна паволi ўстала i, працiраючы заспаныя вочы, як п'яная, кiваючыся ў бакi, выйшла з-за будкi. I пайшла да рэчкi, цiха i паважна ступаючы босымi нагамi па нiзкай траве, i перад сабою ўбачыла Андрэя. Гэта было для яе звычайным – бачыць людзей на беразе, i нiчога ёй гэта не сказала. Яна, з абыякавасцю да яго, падышла да вады i села. Андрэй нагнуўся з парэнчаў недакончанага моста i стаў глядзець на яе твар. I пасля таго, што ён перажыў за апошнiя два днi, тое, што ўбачыў ён, нейк аглушыла яго нечаканасцю. Твар у гэтай дзяўчыны быў прыгожы i яшчэ прыгажэйшы ад таго, што быў смугляны. Толькi не было ў iм таго, што здалося яму i што вiдно было тады вечарам, як скакала яна. Ён чакаў угледзець тут тое, што было б надзвычайнае, а тут была толькi вялiкая прыгажосць, i толькi нейк узнепакоiла яго ў ёй хiтра-жаночая, чуць прыметная ўсмешка. Толькi як iшла яна, тады ахвацiла яго нейкая як бы трывога, i цяпер было нядобра ў адчуваннi надыходзячага. Ён падышоў блiжэй, да канца моста, пад самы той бераг, i яшчэ заглянуў ёй у твар. Прымецiў змятую ад ляжання левую палавiну твару, дзве сiнiя жылкi на шыi i цёмную маршчынку пад вокам. Ён прыжмурыў вочы i ў цэлым захапiўся тады хараством яе твару. Пасля зноў стаў заўважаць тыя дробязi, i стала зноў яму нядобра. Шкода вельмi стала нечага, i адчуў ён вялiкi смутак па тым харастве, якое бачыў тады вечарам у час яе скокаў i якое насiў у сваiх адчуваннях усе гэтыя днi...

Нонна бачыла, што ён пiльна глядзiць на яе, i ён, пасля тых дум i мараў, якiя былi цэлы дзень у яе, здаўся ёй нейкiм нязграбным, i ей захацелася пасмяяцца над iм. I яна пачала цвялiцца з iм. Яна з жаночаю тонкасцю чуць усмiхнулася яму здалёк. Гэтая ўсмешка зноў абудзiла ў Андрэя нешта падобнае да таго, што было з таго самага вечара, толькi больш жывое, з большаю перавагаю думак. I тое, што было кагадзе, дало яму нейкую бадзёрасць i нават нейкi задор, нейкую нават насмешлiвасць, толькi трывожную i вострую. Ён прыжмурыў левае вока i таксама скрывiў твар усмешкай,

Тады ёй раптам спадабалася далей разгарнуць гэткую гульню, нейк адчула яна, што можа ўзяць пад уладу сваiх усмешак i выразаў твару гэтага чалавека, i яна сагнала з твару ўсмешку i надзьмула губы. Яна гэта рабiла выгляд сталасцi, i ўсе рысы яе твару смяялiся. Тады Андрэй пайшоў да яе на бераг. Яна падняла голаў i зноў як бы ўсмiхнулася, зрабiўшы гэта так, што можна было, захацеўшы, падумаць, што гэта яна i не смяецца.

– Смешна? – з фальшывай iронiяй, стараючыся паказацца вясёлым, сказаў Андрэй.

Тады яна чуць прыметна маргнула яму правым вокам i апусцiла голаў унiз.

Ён сеў непадалёку i, стараючыся сiлай захаваць на твары ўсмешку, глядзеў на яе. Яна паволi падняла голаў i, паставiўшы неяк коса вочы, некалькi момантаў моўчкi глядзела на яго твар.

I ён здаўся тады ёй iнакшым, чым раней. Нешта заўважыла яна ў iм шырокае, затаенае само ў сабе, моцна адрозненае ад таго, што бачыла яна ў iншых на гэтым самым беразе i заўсёды на дарогах i глухiх гэтых мясцiнах. Нешта было ў iх для яе наглядання, што не было звязана з тым, што яго абкружвае i што можа трымаць у сваёй уладзе многiх. Ён уявiўся ёй нейкiм неразгаданым, хоць нельга сказаць, каб цiкавым. Сама не ведаючы, як ёй далей трымаць сябе, яна апусцiла ў ваду сухi дубец, пачала вадзiць iм у вадзе i нешта насвiстваць задумёна-вясёлае. Ён жа адчуваў, што яму трэба сказаць што-небудзь, i не ведаў што... Так сядзелi яны моўчкi некалькi хвiлiн, доўгiх для яго i поўных нейкага, нават вясёлага нейкага, чакання для яе. Пасля ён нагнуўся, узяў у руку некалькi берагавых каменьчыкаў i пачаў моцна кiдаць iх у ваду.

Яна зноў усмiхнулася, з большаю мяккасцю.

– Чаму ў вас тут цiха сягоння? – сказаў ён i тут жа паправiўся: – Нудна тут сягоння ў вас. Брат ваш гаварыў мне сягоння, што музыканты вашы паехалi.

– А дзе вы брата майго бачылi?

– Тут.

– А нашто ён гаварыў вам гэта?

– А от трэба было яму, дык ён i сказаў.

Яму было прыемна i здавалася патрэбным гаварыць так, каб ёй здавалiся здарэннi не такiмi простымi, нават таемнымi. Ён не ведаў, што гэта – яна гуляе з iм, пакпiць хоча над iм цi гэта ў яе тут жаночая незразумелая шчырасць... Ён ужо не прымячаў яе твару, ён глядзеў на яе рукi, на фалды шырокай яе адзежы. I не спадабалася яму, што многа блiшчастых караль у яе на шыi, яны мелi выгляд крыклiвы i рабiлi ўражанне нейкага блiшчастага звону i гэтым зневажалi глыбокае хараство...

Яна бачыла, што гэты хлапец нудзiць па нечым i ў гэтую хвiлiну па ёй. I сваiм пачуццём жаночым дагадвалася, што нават гэта не зусiм па ёй, а ў ёй наогул па жанчыне, па яе прывабнасцi. Яна разумела гэты смутак мужчыны i ўжо на вопыце ўпэўнiлася, што не пастаянны ён у мужчыны да аднае жанчыны i пройдзе пры цеснай блiзасцi i тады прабудзiцца нявызначаны i агульны не перад ёй, а перад паняццем "жанчына"... Яна ўспомнiла былую зiму ў горадзе, i ўсё гэтае ўразуменне зняважыла яе, i яна раптам варожасць, вельмi кволую i не заўсёды прыметную, адчула да Андрэя. I ёй раптам стала патрэбным памучыць яго, каб пасля назаўсёды забыць, бо цяпер ужо зусiм адчула яна, што нецiкавы i непатрэбны ён ёй. Так яна i пачала з iм цвялiцца. Яна яшчэ ўсмiхнулася яму, пасля вырвала пальцамi травы i кiнула на яго. Ён устрывожыўся радаснай трывогай i востра глянуў на яе. Яна па-жаночы глянула на яго i апусцiла вочы. Тады ён падсеў да яе блiжэй. Яна зноў усмiхнулася, зноў апусцiла вочы. Ён падняўся, падышоў да яе i раптам сеў зусiм блiзка i прыцiснуўся да яе. Яна маўчала, i ён моцна сцiснуў яе руку, а пасля абхвацiў рукою яе плячо. Яна ўжо знала, што гульня скончана, што ўсё ўжо зроблена, што для тае мэты больш можа толькi пашкодзiць. I яна пасядзела так з iм паўхвiлiны i, цiха адапхнуўшы яго, паволi ўстала i, паважна гойдаючы станам, пайшла ў свой бок. Ён не здзiвiўся гэтаму, толькi не чакаў гэтага. Ён усхвацiўся раптам i пайшоў за ёю. I ў тую хвiлiну радасна блiснула ў яго ўпэўненасць, што гэта ж яна наўмысна, каб ён iшоў за ёю, што яна шчырая з iм. А яна азiрнулася i сказала яму:

– Не iдзi.

– Я пайду, – сказаў ён з горкай трывогай.

– Не iдзi, нiчога табе ад мяне не будзе. I нiчога табе ад мяне не можа быць.

– Можа быць, – сказаў ён з пачуццём блiзкiм да пачатку злосцi.

– Ну-ну! – сказала яна горда з фальшывай сталасцю.

– Нонна! – пазваў ён яе.

Яна здзiўлена паглядзела на яго i зноў пайшла. I, дайшоўшы да самай будкi, яшчэ раз азiрнулася i з такой жа фальшывай сталасцю, але ўжо са смехам у вачах, пакiвала на яго пальцам i схавалася ў будку.

Ён некалькi хвiлiн стаяў на адным месцы, з прытупленаю вастратою ў пачуццях, пасля пайшоў назад i стаў на мосце i глядзеў моўчкi на ваду. Пасля яму стала брыдка перад ёю, што ён стаiць тут i не адыходзiць; пачаткi гордасцi заварушылiся ў iм, i ён плюнуў унiз i пайшоў кустамi на палявую дарогу.

– А ну яе к чорту, – сказаў ён моцна, з патугаю, несучы ў душы смутак.

I ахвацiў гэты смутак думкамi, выйшаўшы ў поле. Тады яскрава i выразна думаў, што гэта ж па гэтай цыганскай дзяўчыне такi востры смутак у яго.

V

У тую ноч Нонна доўга не спала. Была ў яе журба i даходзiла да мяжы са смуткам...

Тады свяцiў над паплавамi месяц, i ясна, i пуста, i страшна цiха было ў прасторах. Бялела нейк далёкая роўнасць зямлi, не шумела трава, i iншых нiякiх не было зыкаў. I моцна пахла вясенняю ноччу... Некалькi разоў звечара пачыналi плакаць далёкiя птушкi, а пасля толькi раз адна крыкнула... Так i свяцiлася ноч i цiха драмала...

Брат Нонны звечара доўга хадзiў каля будак, гаварыў з старым цыганом з другое будкi, пасля хадзiў путаць конi i доўга там свiстаў iм i, як пачаў узыходзiць месяц, лёг у будцы i зразу моцна заснуў. I ў суседняй будцы спалi. Тады Нонна выйшла босая i неадзетая, i села пры рэчцы, i сядзела так, не варушачыся. Яе некуды цягнула, хацелася некуды iсцi, нешта рабiць, дзейнiчаць, нешта i некага пакiнуць, нешта i некага знайсцi. Але было гэта нявызначаным у свядомасцi, як пункт. Нешта давiла ёй душу, i падобна было, што як бы гэта нешта было добрае, патрэбнае i слаўнае i цяпер няма яго... I трудна было ёй прывясцi ў парадак пачуццi. Давiла яе i тое, што свяцiў над паплавамi месяц, i разам з тым нейк i важна i патрэбна было тое, што свецiць ён. Давiла цiшыня i размах пустых прастораў, i разам з тым дарагою i любаю была гэтая шырокая цiш.

Плылi ў галаве кавалкi думак аб тым, што было дагэтуль, i думалася нейк нутром аб тым, чаго i не было, што было нязнаным, нябачаным. У смутку варушылася нездавальненне нейкае i журба аб усiм, журба вострая, рухавая, жывая, i цяжкая, i любая, журба аб жыццi. Такая няроўная, якою бывае i радасць аб жыццi, такая ж патрэбная для абнаўлення жыцця...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю