355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Хвоi гавораць » Текст книги (страница 2)
Хвоi гавораць
  • Текст добавлен: 31 октября 2016, 02:48

Текст книги "Хвоi гавораць"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

I пайшоў. А я падумаў:

"Стары Гiрш спiць недзе ў сваёй саламянай будцы – нудная i дрэнная работа. Страшна мець сiвую бараду i думаць толькi аб яблыках ды аб саламянай будцы..."

Дзядзька Язэп бараду голiць i саламяных будак не любiць. Курыць, соўваючыся па двары вечарам...

"Мiхал, братка мой дарагi, Мiхал!"

Зоры свецяць, залатыя асiны шумяць, зямля вее размахам i воляй. Недзе людзi спяваюць, недзе зыкi бягуць...

"Братка Мiхал, родны мой!"

Мне хацелася плакаць i расказаць аб гэтым усiм – i далёкiм, i блiзкiм.

I я з страшэнным смуткам адчуў, што Дося мяне не зразумее...

Дзядзька Язэп, з блiзкiх маiх, адзiн можа слухаць мяне...

VII

Назаўтра, як у тумане, хадзiў я цэлы дзень. Я прыпомнiў, як тады, вечарам, два разы праходзiў мiма нас той практыкант, я адчуваў у змроку на сабе яго калючыя вочы. Ён нiчога не гаварыў i праходзiў. Сягоння ж, як змеркла, выйшаў я на вулiцу i ўбачыў: Дося i практыкант iшлi, цесна прыцiснуўшыся адно к аднаму. Я залажыў рукi ў кiшэнi, свiснуў, настроiўся на гумарыстычны лад i заспяваў:

Не хадзiла, не гуляла,

Рана спаць лажылася!

I тут жа раптам падышоў да сябе з грозным загадам: адкуль ты дастаў сабе права корпацца ў душы другога чапавека?

"Ну, а што? – сказала маё другое "я", – пытанне гэтае трэба пусцiць па дзвюх лiнiях. Тут магло быць так: яна магла за што-небудзь зазлаваць на свайго практыканта i, каб укалоць яго, пасядзець вечарам з табою, тады ты, значыцца, зброя барацьбы, стаў машынаю, будучы чалавекам. То чаго ж ты так катуеш сябе за тое, што паспяваў трохi? Паспявай яшчэ. Залажы рукi ў кiшэнi ды пасвiшчы..."

А другая лiнiя?

Другая лiнiя магла быць такая: "Дно ў чалавека заўсёды вiдаць. I рух увесь яго як на далонi. I загэтым вось i вядома, што там нi з чым непараўнаная тонкасць i бясконцы рух – як бы гэта свет знайшоў для сябе вечнае i адзiнае люстэрка..."

I маленькая, смуглявая Дося тады шчыра кахала мяне, таксама, як сягоння таго практыканта.

Тады напоўнiся вялiкай пашанай, панясi яе i агарнi ёю людзей. Знiшчы свае гразныя капыты i насi ў сабе толькi вастрату хараства...

Позна я сядзеў у тую ноч у хаце з дзядзькам Язэпам. Мы так, як нiколi раней, гаварылi аб Мiхале. Ён стаў раптам нейкiм сагнутым, сухiм i малым. Нагнуўся i заплакаў цiха. Пасля абцёр слёзы i сказаў:

– Чалавек яшчэ не пэвен, пакуль многага яшчэ не зробiць...

Тады я падумаў:

"Чалавек, значыцца, аба многiм павiнен даведацца..."

Дзядзька Язэп курыў пацiху; зноў вырас постаццю сваёю i сядзеў так доўга.

I я раптам адчуў у сабе i вакол сiлу дзейнасцi i размах чалавека на нязначным атаме свету – зямлi...

VIII

Вясною сястра мая сеяла кветкi, цяпер перад вокнамi на круглых градках цвiтуць увосень настурцыi i белыя астры, i над iмi шэпчуцца жоўтыя вiшнi, расказвае iм вецер аб бяздоннай сiнi лясных даляглядаў, i пад iм, на сонцы, думаюць нешта лiсты.

Сцелецца пыл... Хутка канчаюцца днi з белым павуцiннем.

Сястра палошча бялiзну на двары. Весела плюхае вада, сцякае з яе белых закасаных рук. Пасля садзiцца яна каля сцяны i спявае "над возерам чайку". З хаты мне слаўна глядзець на яе, на настурцыi i астры, на жоўтыя вiшнi i ветраны пыл.

Хутка будзе вечар. Вецер не сцiхне, i чуваць будзе, як за рэчкаю гавораць хвоi...

Вечарам, здаецца, будуць збiрацца нашы гаварыць аб зямлi.

Будзе там стаяць дзядзька Язэп, як уросшае глыбока ў зямлю дрэва, будзе маўчаць ды рэдка падаваць увагi; будзе выказвацца Астап Варывончык i рагатаць Мiхалiнчык Пятрусь. Будзе там збоку сядзець i Яўхiм Стрыгун i скардзiцца на ўсё – i на кепскае, i на добрае: ёсць жа такiя людзi на свеце...

Трэба будзе пасля ўсяго гэтага пайсцi пасядзець у дзядзькi Язэпа заўтра я еду ў горад.

Я хаджу па хаце i думаю. Уваходзiць раптам Тамаш Арлоўскi i бярэ мяне за плячо.

– Хадзем, сынку, да мяне.

– Чаго?

– Хадзем. Там Язэп i Варывончык.

Мы iдзем па пыльнай вулiцы ў яго хату, i Тамаш там клапоцiцца.

– Пасколькi вы, браткi, тады труну рабiлi, дык от трохi, значыцца, пад гэтае...

Мы выпiлi па чарцы i пасядзелi трохi.

– Дык от, браткi, – гаворыць Тамаш, – адзiн застаўся... Жанiцца – не гады, сказаць, так жыць – дачку замуж аддаю.

– Ты жонку любiў? – пытае вясёлы Варывончык Астап.

– Што т-ты ў старога чалавека пытаеш? – апраўдваецца Тамаш. – Што ты гэта? Ты думаеш, я тут табе ведаю цяпер – што ты пытаеш... не гады ўжо... лiха яго ведае...

Мы яшчэ выпiлi па чарцы, пасядзелi трохi i пачалi разыходзiцца... Кружыцца трохi галава: я iду мiма хаты дзядзькi Язэпа, бачу, як Дося ходзiць па двары, i мне, таксама, як тады, на полi, хочацца падбегчы туды, схвацiць яе на рукi i iмчацца так па пустых дарогах i без дарог...

Заўтра я еду ў горад.

* * *

Тры гады – вялiкi час у чалавечым веку.

Я цяпер успамiнаю, адчуваю i думаю.

Сягоння днём на люднай вулiцы ўбачыў я Досю з мужам – былым практыкантам на каморнiка. Яна патаўсцела i выглядае сталай i задумёнай... I гэта ўсё будзiла ва мне думку аб факце: колькi дарог будзе яшчэ пройдзена i колькi людзей уведана!..

Я пакланiўся Досi, i яна раптам пабялела, неяк асунулася, зрабiлася маленькай, i ў вачах яе засвяцiлася нешта вострае – мяжа мiж iмкненнем i журбою...

Вечарам прыйшоў ад сястры з вёскi лiст. Там было i ад дзядзькi Язэпа. Няроўнымi, ад непрывычкi пiсаць, лiтарамi было напiсана:

"...Дзякую, сынку, за паклон... Навiн у нас, сказаць, вялiкiх няма. Што мая баба памерла – ты ведаеш, а што Дося з мужам пераехала ў той самы горад, дзе ты, таксама, пэўна, ведаеш... Яўхiм Стрыгун ажанiўся. Астап жа разышоўся з сваёю жонкаю. Жывуць сабе... Мы павысякалi летась каржакаватыя хвоi за рэчкай – дык цяпер нейкая пустэча там здаецца за рэчкаю – гэта мне з непрывычкi. От гэтая прывычка мяне заядае – прывыкаю да свае нары, цераз гэта атупеў неяк увесь. А можа гэта старасць загаварыла? Страшная штука старасць, i гадкая штука – прывычка... А можа ты iначай думаеш? Падумай... Жывi, сынку, здароў..."

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Родныя мае!.. Блiзкiя мае!..

1926

Каментары

Друкуецца па зборнiку "Хвоi гавораць" /2-е выданне, Менск, БДВ, 1928/. Упершыню апублiкавана ў газеце "Савецкая Беларусь", 1926, 9 траўня. Датуецца траўнем 1926 года.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю