Текст книги "Хвоi гавораць"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Черный Кузьма
Хвоi гавораць (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Хвоi гавораць
I
Смех – часта дзындра* сумных настрояў i сталых думак. Адгэтуль я праводжу раўналежнасцi пры маiх разгадках усяго... Сяджу над канавай, гляджу на босыя, каравыя ногi дзядзькi Язэпа i думаю: увесь час ён маўчыць значыцца, у яго многа важкага ў душы; у яго многа слоў.
* Дзындра – шлак.
Мне важна слухаць яго выказваннi аб тым, чым у вострыя моманты жыцця повен ён, я яшчэ ўпэўнены ў тым, што i для яго гэта палёгка, i я думаю так: няхай ён гаворыць аб чым сабе хоча, а я буду з па-за гэтых слоў чуць тое, аб чым ён не гаворыць, аб чым толькi думае... А што яго нешта мучыць, гэта вiдаць па iм. Што ў яго?
Гэта не ёсць мая пустая цiкаўнасць, гэта жаданне блiзасцi з гэтым чалавекам.
"Гавары ты, дзядзька, аб чым-небудзь" – хочацца сказаць мне.
А ён маўчыць. Звесiў босыя ногi з насыпанага над канавай вала, укрытага пажоўклай травой, i глядзiць унiз. Там, на дне гэтай неглыбокай i вузкай канавы, трава таксама жоўтая, але большая; вiдаць з яе конскую спарахнелую скiвiцу з некалькiмi зубамi i з вялiкаю чорнаю мухаю; збоку паточаны мурашкамi дробны, як пыл, жоўты пясок. Я гавару першы:
– Мусiць, халады хутка пачнуцца – вельмi ж сiвагракаў аднекуль паналятала. Сягоння па паўднi я iшоў з кустоў, дык там гэта, што Юрась заараў ялавiну, дык на той раллi што iх робiцца – бегаюць, скачуць...
– То што, – сказаў дзядзька Язэп, – не заўсёды яны прылятаюць перад холадам, я не спрактыкаваўся, каб яны канечне паказвалi холад... Гэта ёсць такiя маленькiя птушкi – бычкi, дык яны вядуцца хто iх ведае дзе, а калi пачуюць холад – адразу з'яўляюцца каля будынкаў... Гэта даўней, як я яшчэ хлопцам быў, дык пайшоў быў раз у сад лом сеч. Пацягнуў ламачыну, а яны з-пад яе калi сыпануць кучаю – дробныя, як гарох, i якраз неўзабаве тады, калi даў холад! Праўда, восень была позна... Птушкi чуюць холад...
Ён з захапленнем расказаў аб гэтым, а я падумаў: "Калi ён так горача, з такою прыемнасцю гаворыць аб гэтым, значыцца, праўда, што нешта яго мучыць, нешта гняце яго iстоту, i вось гэтае самае ён хоча ўтапiць у даўнейшай восенi, у ломе, у саду i ў птушках, якiя чуюць холад..."
Як кагадзе iшлi мы з iм з поля вузкаю дарогаю мiж палос раллi i ржышча, я думаў запытацца, што з iм, чаго ён такi неспакойны ў голасе, а цяпер рашыў не пытаць – няхай сам скажа, а калi не – хто мае права залазiць у чужую душу? Асаблiва, калi не ўпэўнены, што словы твае будуць лекамi. Глядзi, каб не залезцi ў чужую душу з цвёрдымi капытамi...
Дзядзька Язэп памаўчаў i загаварыў:
– Гэты год будзе ранняя восень, вiдаць... Толькi, от, з аўсамi запазнiлiся... У мяне яшчэ коп пяць ня звезенага, а ў Юрася ўвесь на полi...
– Невялiкая работа – пазвозiць авёс, – сказаў я.
– Я не кажу, што вялiкая... цяпер авёс буйны, дык яго лёгка рублём уцiскаць... Я памятаю, даўней раз у мяне авёс ледзьве быў з зямлi падняўся, не то што жаць, а сiлаю, гвалтам я скасiў яго... Там гэта каля лесу... рана паспеў ён, дык яго кашу, а хвоi шумяць-шумяць...
"Ён iзноў пайшоў убок з гаворкаю, – падумаў я, – ужо ў хвоi падаўся, яму, значыцца, лягчэй гаварыць аб чым-небудзь другарадным".
I я пачаў гаварыць:
– Цяпер там маладыя хвоi ўзялiся. Тады, як у вайну навысякалi там iх, дык здавалася, што пустэча будзе. А гэта малады лес узбуяў... Здаецца, нядаўна было – я яшчэ на тыя хвоi, бывала, з вашым Мiхалам лазiў глядзець у гнёздах вараняняты...
Ён дзiка глянуў на мяне, трохi паглядзеў так вот мне ў вочы, пацерабiў чорную, кароценькую i пасiвеўшую месцамi шчацiну барады i сказаў:
– Мiхал памёр. Учора вечарам прыйшоў адтуль лiст.
Сказаў i змоўк.
I iзноў пачаў глядзець у жоўтае дно канавы... Чорная муха ўжо лазiла па пальцах яго нагi, а мае думкi блыталiся так: што гэта Мiхал памёр ад сухот, мусiць, бо на вайне атруцiлi яму лёгкiя ўдушлiвым паветрам. I вось цяпер дзядзька Язэп сядзiць тут са мною над гэтай канавай i страшна сумуе. Цяпер у яго толькi дачка i жонка ў сям'i, а Мiхала ён ужо два гады не бачыў – той недзе быў на рабоце i патроху хварэў... Дзядзька Язэп многа чаго перажыў цяжкага ў жыццi, многа бачыў такога, ад чаго жудаснасць можа ахапiць чалавека...
Раптам мае думкi пераскочылi на чорную муху. Яна поўзала па яго пальцах, а ён не чуў гэтага. Я пачаў думаць, што ў яго на нагах вельмi ж таўстая скура, ды яшчэ ў засохшай зямлi – хiба тут нейкая муха будзе прыкметна!
Ён маўчыць. Можа гэта ўсякае гора – толькi муха iншаму чалавеку?
Сядзеў ён, упёршыся рукамi ў зямлю. Трохi пагойдваўся шырокаю спiною. З-пад шапкi з цыратовым казырком павылазiлi густыя, чорныя валасы з нiткамi срэбранай сiвiзны. Твар у яго абветраны, да чарнаты загарэлы на сонцы...
Ён адхiнуўся назад i стаў глядзець некуды паверх маёй галавы. Тады я лiшнi раз упэўнiўся: чалавек можа быць гордым перажытымi пакутамi, у час жа гора, калi ён пачынае стагнаць перад другiмi, ён тады – увасабленне мiзэрнасцi.
Вось чаму дзядзька Язэп маўчыць. Бунт у iм схаваны ў глыбiнi...
II
Вечарамi на зямлю лажыцца шэрая цiш. Поле пахне аўсяным iржышчам i вялаю атаваю, а цесныя двары пры маўклiвых хатах – коньмi i дзёгцем. Наша вулiца дрэмле ў цiшы i ясным змроку.
Толькi не маўчыць стары папоўскi сад – у старым доме асвечаны там два адчыненыя акны, i некалькi камсамольцаў на ўсю вёску спрачаюцца над кнiжкаю тэорый Дарвiна. Галасы iх сакаўныя, як недаспелы гарбуз, чутны за дзесяць хат i абуджваюць думкi: "Гэта прэлюдыi да будучай iндустрыяльнай вайны з прыродаю".
Як бы гэта далiкатна i ў меру выказаць дзядзьку Язэпу?
Ён сядзiць сабе цiха на прызбе i глядзiць на свае ногi. Я каля яго блiзка, але ў змроку ён здаецца мне цёмнай грузнай постаццю з абы-як накiданымi абрысамi...
У садзе каля асвечаных вокан ходзяць, абняўшыся па двое, хлопцы i дзяўчаты. Дзяўчаты звiняць смехам, а хлопцы пробуюць спяваць:
Не хадзiла, не гуляла,
Рана спаць лажылася...
Першыя два радкi памагаюць падводзiць дзяўчаты, а пасля сцiхаюць, ёсць такое ўстанаўленне, што дзяўчыне шмат якiх слоў трэба саромецца...
Спяваюць моцна, бо ведаюць, што поп, выселены ў другую палавiну дома, любiць цiшыню. Цяпер ён, пэўне, ходзiць недзе па двары i нюхае пах вялай травы. У садзе пiльнуе познiя яблыкi стары Гiрш – за свае яблыкi ён смелы i спакойна спiць у будцы. I добра, што ён стары – хоць выспiцца сабе як мае быць. Бо, каб быў ён хоць трохi малодшы, не заснуў бы ён тут усё роўна... I толькi нямыя i да ўсяго абыякавыя кусты агрэсту i малiны з'яўляюцца сведкамi... Дзяўчаты залiваюцца слаўным срабрыстым смехам, бесклапотным i чыстым – нашто раней часу забiваць голаву думкамi аб алiментных правах.
Слаўна адчуваецца блiзкая восень. Мякка абнiмае зямлю празрыстая ноч. За дзве вярсты адсюль адчуваецца аеравай вастратою рэчка, пажаўцелыя крушыны i каржакаватыя хвоi над ёю. Над паплавамi лазiць туман густым малаком...
Дзве постацi вiдны ў змроку – iдуць, прыцiснуўшыся адна да другой, i два галасы пераплятаюцца таксама, як i постацi ў абнiмку, – падаюць яны нiзкiм шзптам. Я пазнаю дачку дзядзькi Язэпа – смуглявую маленькую Досю – i, пазнаўшы, адганяю ад сябе журботную трывогу, раптам скрабянуўшую мяне; заспакойваю сябе нават некаторымi фiласафiчнымi развагамi...
Яны ўдваiх садзяцца на суседнюю прызбу i шэпчуцца.
– З кiм гэта яна? – цiха гаворыць мне дзядзька Язэп.
Я горды тым, што ён давярае мне свае думкi, але, ад малых дзён падказанай мне людзьмi неабходнасцi браць усё пад кантроль, я раскiдаю думкамi, хто ж такi дзядзька Язэп? Трохi падумаўшы аб гэтым, я не адганяю ад сябе гордасцi нашай блiзасцю i пачынаю пазнаваць, з кiм сядзiць Дося. Цераз хвiлiну я падсоўваюся блiжэй да дзядзькi Язэпа i паведамляю яго:
– Гэта студэнт-практыкант. Той, што прыехаў з каморнiкам зямлю мераць.
– М-м-мгу...
I тут я не пазнаў дзядзькi Язэпа, першы раз за час сваёй блiзасцi з iм не пазнаў. Нiколi ён так безудзельна да ўсяго не адносiўся. Гаворачы аб студэнце i ведаючы дзядзьку Язэпа, я быў упэўнены, што ён зараз жа пачне выводзiць свае пераконаннi – добра гэта цi кепска i як да гэтага трэба адносiцца. А цяпер ён аднёсся да гэтага так, як бы гэта Дося яму не дачка, а студэнт не малады хлапец, а якая-небудзь танная iстужка, што выпадкова i без нiякiх слядоў пасля сябе абнiмае Досiну шыю.
Цяпер, значыць, дзядзька Язэп думае толькi аб Мiхале.
I мы так седзiмо моўчкi. Дзядзька Язэп чухае каленi, мабыць, пойдзе зараз спаць.
– Добры вечар!
Вырасла аднекуль са змроку шэрая постаць, прыткая i лёгкая.
"Чаго гэта поп ходзiць ноччу па вулiцы, няўжо яму мяшаюць спаць галасы ў саду?" – думаю я.
А ён углядаецца, каб пазнаць нас, пасля гаворыць дзядзьку Язэпу:
– Стары ты чалавек, табе ж памiраць хутка пара прыйдзе, а Бога забыўся, хоць бы адслужыў па Мiхалу панiхiду...
Дзядзька Язэп маўчаў.
– Стрэў я ўчора Астапа Варывончыка – так i так, кажа, Язэпаў Мiхал памёр, я аж умлеў.
Голас у папа танклявы i порсткi, i ўвесь ён, як на iголках, стаiць i гойдаецца, перабiрае на жываце пальцы, гладзiць пальцам шчуплую бародку. Дзядзька Язэп, слухаючы яго, нагiнаецца i кладзе рукi на каленi.
– ...Дык ты, Язэп, заўтра прыйдзi да мяне, дык мы аб панiхiдзе пагаворым...
Поп моўчкi прысеў каля мяне, павадзiў пальцамi па бровах i закурыў. Моцна запахла добраю самарослаю табакаю, дым гэты змяшаўся з пахам вымазаных варволем папоўскiх ботаў i потам яго шыi. Суконная вопратка дзядзькi Язэпа пахла пыльным бульбянiкам i сухiм выветраным хлебам; ад усяго гэтага хацелася драмаць.
– Ну то як? – сказаў поп. I, сказаўшы, адвярнуўся ў другi бок ад маўклiвага дзядзькi Язэпа. – Гэта ў цябе, Язэп, ад таго, што занудзеў ты па Мiхалу. Паспакайней трохi.
I пайшоў у свой бок, раптам усхвацiўшыся.
– Не сумуй, дзядзька, – сказаў я.
– Нуда агарнула.
I гэта сказаў ён слаўна, бо не скардзiўся, а выказаў факт. Да нас падышоў раптам Тамаш Арлоўскi – барадаты i моцны стары, з другога канца вулiцы.
– Я да вас, хлопцы.
– Ну?
– Зрабеце маёй жонцы хату.
– Гавары, чаго прыйшоў?
– Я ж гавару. Дошкi ў мяне ёсць, толькi ж вельмi сукаватыя, ёсць без сукоў, ды ў гразi – гэблi патупiце!
– Што, твая старая памерла?
– Але.
– Нешта ж яна мала хварэла. Не чутно было.
– Тыдзень.
– А-а-а...
– Нястраўнасць гэта ў яе. Павячэрала, а назаўтра не ўстала з пасцелi.
– Ага.
– Дык можа б ты цяпер за работу, Язэп, узяўся?
– Цяпер то я не магу, заўтра зранку можна будзе. Толькi дай ты мне добрых памочнiкаў; прасi Мiкалая.
Тамаш глянуў у мой бок.
Рабiць труну з дзядзькам Язэпам! Я быў малады, i ў маёй сталасцi былi некаторыя элементы надуманасцi. Часамi яны неўзаметку пачыналi сплываць. Але я з малаком мацеры атрымаў людскую прывычку, хоць часам i нявiнна, хiтраваць. I я сказаў:
– Калi часу няма, лiха на яго. Бацька нездароў, дык я адзiн.
– Ды што табе гэты час? Што, ты ўмiраць нiколi не будзеш?.. Але, праўда, табе яшчэ далёка.
"Значыцца, пачаў ён вымяраць мяне меркаю смерцi, – падумаў я, – годзе ламацца".
I я сказаў:
– Добра.
– Дай яшчэ аднаго, – сказаў дзядзька Язэп.
Тамаш моўчкi пастаяў i пайшоў.
I тут выйшла незвычайнае ў гэтую хвiлiну з дзядзькам Язэпам. Ён затрос барадою ад смеху, трос галавою.
– Чаго ты, дзядзька?
– Тамашыха памерла! Павячэрала, кажа, як мае быць, а назаўтра з пасцелi не ўстала... Нястраўнасць! Як ты думаеш, сынку, колькi пудоў яна важыла?..
I раптам змоўк ён, узяўся рукамi за каленi, пасядзеў так трохi i ўстаў.
– Хадзем, сынку.
– Зараз.
Ён пайшоў, а я сяджу адзiн i думаю:
"Што гэта ў яго? Няўжо гэта толькi затым, што Мiхал сын яму, а Тамашыха чужая i любiла паласкаць косцi другiх?"
Я падумаў аб гэтай таўстой, грузнай, як хмара, жанчыне. Куды нi iдзе усё жуе нешта, каго нi стрэне – правядзе зiркам мiзэрнага абгавору...
– Братка Мiхал, – сказаў я цiха, – ёсць жа людзi, смерць якiх не выклiкае думак змагацца з прыродай... Але ты памёр!
Цiха было на вулiцы i ў папоўскiм садзе... Дося сядзела з практыкантам на прызбе. Я ўстаў, каб iсцi, але, адышоўшыся, не мог не пастаяць трохi мае фiласафiчныя развагi ад мяне ўцяклi, бо хвалi душы не былi вялiкiмi.
– Досечка, – шэпча ён, – мiленькая...
Яна маўчыць, i яны злiваюцца ў адну цёмную постаць...
Слаўна глядзяць на мiлую зямлю цiхiя зоры.
III
У доўгiм Тамашовым гумне, на вiльготным таку, мы робiм Тамашысе труну. Моцны, як дуб, на тоўстых звязiстых нагах, стаiць на мяккiх стружках дзядзька Язэп з алоўкам у руках i рысуе па каструбаватых дошках лiнii, а мы ўдвух – я i Астап Варывончык – сядзiм вярхом на абструганай дошцы i габлюем яе "бараном".
Дзядзька Язэп сягоння зусiм маўчыць, скажа толькi некалькi слоў, калi трэба, аб труне ды дошках; ён паволi тупае вялiкiмi ботамi, сагнуўся нейк шырокаю спiною, i на вусах яго пiлавiны – былi яны на рукаве, а рукавом ён разгладжваў вусы.
Сягоння я забыў трохi пра дзядзьку Язэпа i ўпiкаю сябе гэтым, зусiм не думаю i аб Мiхале; у мяне ў галаве, па жылах тупа стукае кроў, галава трохi балiць, i думкi неяк атупелi – некуды згiнула з самай ночы вастрата, задрамалi мае ўсякiя развагi. Упарта i без патугi думаецца толькi аб адным аб маленькай смуглявай Досi. Салодкi смутак апаноўвае мяне.
Астап Варывончык, як заўсёды, вясёлы, падморгвае мне хiтрымi вузкiмi вочкамi i раз-поразу аблiзвае губы.
– Чаго ты мне падморгваеш?
– Чаго ты так звяў сягоння?
– Не выспаўся.
– Ну, пэўна ж, што гэта не ад лiшняга сну.
Я маўчу.
– Я, як быў малодшым, дык чорт яго калi i спаў – бабы спакою не давалi. Але я быў за цябе мацнейшы, вялым нiколi не быў.
Я зноў маўчу.
– Ты што, бабу маеш?
У мяне з'яўляецца патрэба пачухаць каля вушэй.
– Пот, – гавару я.
Астап Варывончык хiтра не спускае з мяне вачэй.
– Пот, – зноў гавару я.
I маўчу. У мяне злосць на Астапа Варывончыка. Чаго ён дапытвае мяне, чаго варушыць тое, ад чаго смутак мучыць мяне. Твар яго проста перада мною. Гэта круглы i рыжы твар, малады i сыты; толькi тонкiя маршчынкi i сiнiя кругi пад вачыма, i галава пачынае лысець. Дзядзька Язэп глядзiць мне ў вочы з хвiлiну, пасля, як бы аб чым дагадаўшыся, вызваляе мяне з майго становiшча:
– Iдзi, Мiкалай, мне тут у гэтай дошцы капт згаблюй – я збiваць пачну.
Цяпер я зусiм упэўнiваюся, што ён ведае, аб кiм я думаю. I мне прыемна глядзець на яго сухую i моцную, прысадзiстую постаць. Я iду да яго, а Астап Варывончык запускае руку ў белыя стружкi ў кутку – нядаўна прыходзiў да нас у гумно Тамаш, прынёс нам бутэльку гарэлкi i сухой кiлбасы на закуску.
– Пеце, браткi, ды канчайце, – сказаў ён, – жонка хаты не мае.
– Няўжо злуе на цябе твая жонка за гэта? – ухмыльнуўся Астап Варывончык. Маўчыць, хоць бы слова.
Мы прымецiлi, што ён ужо паспеў выпiць... Да яго ў хату iдуць людзi бабы ўсё найбольш. З мужчын адзiн толькi стары Апанас Ярмалiцкi – дый той у хату не заходзiў – угледзеўшы нас у гумне, ён падышоў цераз агароды i пагаварыў з намi трохi аб пагодзе i спелых гарбузах.
Цяпер Астап Варывончык налiвае з бутэлькi ў вышчарбленую шклянку i падносiць дзядзьку Язэпу. Той трохi выпiвае i аддае назад.
– Чаму не ўсё?
– Не хачу.
– Цяпер ты, Мiкалай, дапiвай.
Ён яшчэ трохi падлiў мне, i я выпiў. Сам Астап выцягнуў цэлую шклянку, i мы закусваем сухою кiлбасою. Дзядзька Язэп паволi жуе, стоячы пасярод тока. Неўзабаве з'яўляецца Тамаш i прыносiць нам два селядцы – сяк-так аскрэбаныя i паклычаныя пальцамi.
– Хоць бы ты, сынку, пiў, – гаворыць ён мне, – можа аслабеў, габлюючы, дык от выпi яшчэ чарку.
– Не пi, – абарочваецца да мяне дзядзька Язэп, -зашкодзiць.
I, як бы апраўдваючыся, звяртаецца да Варывончыка i Тамаша:
– Што ж з яго будзе за работнiк, калi ён нап'ецца?
– Можа вам дошчак не хапае? – клапоцiцца Тамаш.
У гумно раптам з'яўляюцца двое – вяртлявы i маленькi Пятрусь Мiхалiнчык i доўгi, тонкi i пануры Яўхiм Стрыгун, з вострым тварам, белымi валасамi i босы. Я гляджу на гэтую маўклiвую i нейкую нясмелую постаць, i мяне апаноўваюць думкi, што гэта, мусiць, прырода стварыла яго такiм для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохi пасмяяцца над iм, а пасля над iм жа горка заплакаць. Ён глядзiць на нашу работу, i на твары яго, поўным рабацення, застыла нясмешная ўсмешка. Пятрусь Мiхалiнчык весела садзiцца каля Астапа Варывончыка, ляпае яго рукою па калене i падае голас:
– Я нюхам чую, дзе п'юць. Яўхiм мне памог: пацягнуў носам ды кажа хадзем.
– Жартуеш, – апраўдаўся Яўхiм.
– Я вам прынясу, хлопцы, другую шклянку, – па-гаспадарску клапоцiцца Тамаш.
– Хопiць i гэтае.
I я не ўспеў агледзецца, як Пятрусь Мiхалiнчык ёмка выпiў, крактануў i ўзяў кусок селядца. Тамаш паднёс Яўхiму. Той спачатку адмовiўся, а пасля, бачачы, што яго больш не просяць, узяў i выпiў. Адламаў кусок кiлбасы, агледзеў прытульную мясцiну на дошках, каб спакойна было есцi, сеў i пачаў паволi жаваць. Рэшту гарэлкi дапiлi неяк раптоўна Варывончык з Мiхалiнчыкам i адразу сталi смешна-вясёлымi.
– Я вам, браткi, прынясу чаго паесцi, – неяк радасна сказаў Тамаш; радасна, мусiць, затым, што ў яго гумне вясёлыя людзi.
Яму нiхто нiчога не адказаў, i ён, пастаяўшы трохi, падаўся спярша ў бок Яўхiма, а пасля пайшоў у хату.
Астап Варывончык, скрывiўшы раптам набок дробны твар свой, заспяваў:
Охцi мне, о-ох;
На балоце мо-о-ох...
Хлопец па дзяўчыне
Сем гадоў со-о-о-ох!..
Пятрусь Мiхалiнчык уставiўся вачыма ў яго твар, сцiснуў каля кiшэнь портак кулакi, з нецярплiвасцю чакаючы, пакуль той скончыць. Як скончыў, заспяваў раптам прыпеўку з другой песнi:
Там хадзiла, там гуляла
Дзеўка малада!..
Пасля падумаў трохi, махнуў рукою, змянiў раптам матыў песнi на вясёлы i паўтарыў:
Там хадзiла, там гуляла
Йэх!..
Дзеўка малада!..
Яўхiм спакойна жаваў кiлбасу.
Дзядзька Язэп стаў у варотах i глядзiць на пажоўклую траву перад гумном...
Ясна ад сонца i шырока ад першага подыху блiзкай восенi. Слаўна пахне з садоў бэрамi, блiшчаць першыя нiцi белага павуцiння; скрыпяць на вулiцы вазы – возяць познi авёс, але цiха ад пажаўцеўшых клёнаў... Плюхае вада i спяваюць пеўнi.
Стоячы, маўчыць дзядзька Язэп.
Астап i Пятрусь, палёгшы на мяккiх стружках, задумёна спяваюць:
Ой, за полем, полем ды за ўзгоркамi,
Пры вадзе берагавой ды пад чаротамi
Ды шумела асака...
Дзядзька Язэп выйшаў з гумна i пайшоў паволi, босы, па траве.
Ой, ды як жа асака ды шумлiвая!..
Ой, шумела ж яна, як гаварлiвая...
Яўхiм узяў у рукi бутэльку, паглядзеў, што пустая, i палажыў назад, сеў i маўчаў, мусiць, слухаў:
А там беглi-грукацелi
Залатыя-вараныя...
Яўхiм адышоўся ўбок, прылёг каля сцяны на саломе i памог танклявым i доўгiм голасам:
Эй вы, э-э-ай-э-эй!..
Дзядзькi Язэпа нiдзе не вiдно.
Я выйшаў за вароты, глянуў на асеўшую сцяну пад жоўтыя клёны: на накошанай учора i прывяўшай за ноч палявой траве ляжаў нiцма дзядзька Язэп. Плечы яго траслiся, твар уехаў у траву, i з травою ж пераблыталiся чорна-сiвыя валасы на галаве. Я падышоў да яго i сеў.
Пахлi з гумна смалою стружкi, пахла з агародаў зямлёю. За платамi ў садах падалi спелыя яблыкi, i над намi спелi рабiны.
Уткнуўшыся тварам у траву, як малое дзiцянё, плакаў дзядзька Язэп.
IV
Над шырокай зямлёй пахне восенню, i яснымi днямi дзьме густы вецер. I шумяць-шумяць кусты над глыбакадумнаю рэчкай...
Дарога пазарастала патаптанай травою, часамi з далёкiх узгоркаў iмчыцца па ветры i асядае на яе пыл. Цяпер яна ад нядаўнiх дажджоў чыстая i ад сонца i ветру думна-вясёлая. На ёй ляжыць плуг, а з боку я – ляжу на ветры, гляджу, як за кустамi шыпшыны пасецца конь, i слухаю, як шумiць голле маладых асiн i бяроз. Адчуваецца, як пад iмi прэсна пахне рэчка.
Сягоння я зусiм не бачыў дзядзькi Язэпа. Цяпер ён не так нудзiць, больш можа гаварыць аб Мiхале – прывыкае патроху, што памёр ён.
Учора вечарам я таксама, як i раней, сядзеў з iм на прызбе. Ён весялейшы быў i расказваў са смехам, як Астап Варывончык леташняй зiмою пералазiў ноччу п'яны цераз калодзезь, думаючы, што гэта пералаз. Пералез i скочыў "на другi бок плота" i чуць не змерз у калодзезi, пакуль яго адтуль выцягнулi. Гэтую гiсторыю я многа раз чуў ад яго ж, i ён сам гэта ведаў, але гаварыў з вострымi славечкамi i смакаваў жартаўлiвыя фразы... Дося таксама хадзiла пад руку з студэнтам-практыкантам.
– Каморнiк? – сказаў цiха дзядзька Язэп, кiваючы галавою ў бок цёмнай пары.
– Ён.
I мы маўчалi, а я думаў:
"Дося зусiм маладзенькая, i яна, скажам, не можа разбiрацца ў сваiх пачуццях i ў людзях. Але i няўжо сам дзядзька Язэп адстаўляе мяне на другарадны план, i няўжо толькi затым, што той студэнт?"
Ад гэтых думак нешта ўсю ноч i цяпер скрабе мяне за сэрца. Хочацца iсцi некуды, нешта рабiць важнае, нешта большае, чым ляжаць тут, на гэтай дарозе.
Я нервова ўсхватваюся i, сам не ведаю для чаго, аглядаю нядаўна завораны мною загон. Па iм спацыруюць вароны, нешта клююць i крычаць. Мне таксама хочацца крычаць i спяваць. Ва мне варушыцца напеў песнi:
Ды за таго шастака
Ды купiла мужыка...
У маiх перажываннях шырока раптам выплывае хор, якi спяваў гэтую песню; быў я ў горадзе, сядзеў вечарам у тэатры i слухаў. Гэта было захапленне бязмежным, нiчым i нiкiм не прыцiснутым i не ўзятым пад мiзэрную хiтрасць. Так, як цяпер думкi аб Досi мучаць...
Якая мне можа быць работа дома адвячоркам?
Я саджуся i думаю.
Далёка вiдзён Пятрусь Мiхалiнчык – заворвае ржышча; iдзе ў вялiкiх ботах за плугам, кiваючы наперад, пасвiствае на ўсё поле, аж мне тут чутно, ад гэтага яму весела. Недзе за кустамi праязджае Яўхiм Стрыгун, я пазнаю яго па голасе – на каня яму нiколi не трэба крычаць, а ён крычыць, крычыць так, што на раллi трывожацца вароны.
Там, недзе за кустамi каля рэчкi, у дзядзькi Язэпа ляжыць сухая атава. Не можа быць, каб Дося не прыйшла скласцi яе ў копы. Успомнiўшы пра гэта, я повен думак, што мне ёсць чаго сядзець тут, на гэтай зялёнай дарозе, вечарам яна ўсё роўна будзе з студэнтам.
Цяпер у мяне страшная нецярплiвасць. Я адцягаю пад воз плуг, збiраю лейцы i пасля iду да дзядзькавай атавы. Там пуста, толькi ўсё ж таксама чароды дзiкiх птушак.
Повен расчаравання, я iду назад. Дайшоў да краю кустоў i бачу: маленькая i смуглявая, iдзе Дося. Iдзе босая, у сiнiм, з белаю хустачкаю на густых чорных валасах.
– Ваша атава зусiм сухая, – гавару я.
– Тата заўтра забiраць будзе.
Што мне ёй больш гаварыць? Седзячы вечарам з дзядзькам Язэпам i бачачы, як яна ходзiць з нейкiм практыкантам, у мяне складаюцца ў галаве мнагалiкiя цытаты; толькi не цяпер гэта... Я не ведаю, што мне больш ёй сказаць.
Мне страшна хочацца схвацiць яе на рукi i iмчаць некуды далёка, за сухую атаву, за бясконцае поле. Iмчаць, пакуль яна не заплюшчыць вачэй i не задрэмле. Тады я палажу яе на зямлю, абвеяную ветрамi i выхаджаную людзьмi, буду глядзець на яе, i тады ў мяне складуцца вялiкiя гiмны.
Цяпер жа я маўчу i гляджу на яе твар.
– Чаго ты так глядзiш?
Твар яе раптам робiцца ружовым, i я адчуваю, што i яна таксама не ведае, што гаварыць.
А можа ёй страшна гэта хочацца, каб я схвацiў яе на рукi?
У мяне ў галаве, у жылах пачынае стукаць кроў, i я ледзьве гавару:
– Ты доўга там будзеш?
– Атаву ў копы складу.
– Тады назад разам паедзем.
– Не, я пайду на той бок рэчкi, на хутары.
– Чаго?
– Да цёткi.
– Але ж начаваць дадому прыйдзеш?
Цяпер я знаю, што яна была зусiм дзiця: ёй здавалася, што калi вечарам ходзiць яна з практыкантам, дык кожны нават куст шэпча аб гэтым, закiды на гэта бачыла яна ў кожным, самым нявiнным слове.
Яна яшчэ больш пачырванела i з нейкаю як бы трохi крыўдай цi лёгкаю пагардаю сказала:
– Ну, а ты дзе будзеш сам начаваць?
Цяпер мне ўсё ясна. Тады ж радасна пацямнела ў вачах i з'явiўся спакой: iдзi сабе, iдзi, любая, вечарам я буду бачыць цябе.
– Мне пара ехаць, – сказаў я.
– А мне пара iсцi.
I яна пайшла... А я, едучы дадому, раздумваў:
"Добра, што яна не едзе са мною – у мяне гразкiя босыя ногi, запэцканыя палатняныя порткi i палатаная сарочка. Нядаўна яна вазiла гной i была адзета яшчэ горш, але ж усё роўна я не хачу быць такiм каля яе".
V
Цяпер часам, у хвiлiны бур i вострых пакут духу, я думаю так: калi шукаць цi ствараць апраўданнi ўсяму, то смутак, напрыклад, можа мець апраўданне, што для таго ён, каб пасля яго больш ацанiць радасць. Тым больш гэта можна гаварыць аб рэчах меншых – розных непрыемнасцях, журбе... Тады нiякага апраўдання нiчаму я не шукаў цi не ствараў i думаў толькi аб самых рэчах.
Без жадных разваг я ў той вечар напоўнiўся злосцю да Досi – хадзiў я каля iхняе хаты, а яна раптам выйшла з папоўскага саду разам з тым практыкантам. Я прайшоў мiма, каб бачыла яна, пасля павярнуўся i заставiў сябе плюнуць i пайсцi закурыць да дзядзькi Язэпа.
Дастаючы мне з-за комiна табаку, ён стала, з лёгкiмi адценнямi нявiнна-простага гумарызму, сказаў:
– Што гэта яна, лiха яе ведае, з гэтым каморнiкам злыгалася; колькi яе ёсць, гэтай дзяўчыны... Не падабаецца ён мне страшэнна.
Стараючыся схаваць сваю радасць, я пачаў левай рукою круцiць на галаве валасы i падаў цiхi голас:
– А вы як яго ведаеце?
– Я яго сам сюды з горада вёз.
– То чаму вы раней нiчога аб гэтым не думалi?
– А што? – устрывожыўся ён.
– Нiчога, я так.
– Як я мог раней аб гэтым думаць? Што ты, сам не ведаеш? У мяне, апроч Мiхала, нiчога тады ў думках не было. Жыць мне нямiла было – я не думаў, што выжыву. Цяпер неяк трохi палягчэла гэта ўсё... А яшчэ Дося неяк як бы другая для мяне стала. Здаецца, не можна ўжо больш нiкога моцна любiць, апроч Мiхала...
Ён гаварыў, а я капаўся ў сваей душы з грозным загадам сабе:
"Маўчы, дзейнiчай перад Досяю, а не перад iм, бо нават ён не мае права ў гэтай справе большага, чым бацькоўская парада... I якое ты маеш права злаваць на яе? Хто цябе паставiў на гэтую пасаду? I хто мае права ставiць каго над кiм-небудзь?"
– Гляджу я на цябе – падабаешся ты мне, – гаворыць дзядзька Язэп, закурваючы ад газоўкi.
Але цяпер ужо гэтыя словы яго нiчога глыбокага не кранулi ў мяне: тут усё ў Досi.
Але гавары, родны мой, блiзкi дзядзька Язэп.
– Як твае справы?
Мае справы такiя: канчаю разам з бацькам на полi ворыва, малачу i чакаю з горада паведамленне – цi залiчаны я студэнтам. Чакаю ўжо доўга i думаю, што нiчога з гэтага не будзе.
Аб гэтым я гавару дзядзьку Язэпу.
– А ведаеш што, – гаворыць ён мне, – здаецца мне, што няма ў табе нейкага спакою, мусiць, нешта мучыць цябе. От перажыў бы ты такое, як у мяне, смерць Мiхала – у мяне ўжо мала гэтага будзе, у цябе многа яшчэ. А можа гэта ад таго ў цябе ўсё, што з такiх маладых год пачалося ў цябе ўсякае, падобнае да мае смерцi Мiхала? Ходзiш ты адзiн, хто цябе ведае... Неспакойны ты...
Што мне адказаць яму?
Падумаўшы, я гавару, стараючыся, каб гэта выйшла жартаўлiва:
– Сёння дык неспакойны я затым, што ў вас ёсць дзяўчына i завецца яна Дося.
– Што яна табе спабачылася, гэтая дзяўчына, – з адценнямi жарту сказаў ён, – дык я гэта даўно ведаю, адразу ўбачыў тады, як глянуў на цябе. А што ў цябе ад яе неспакой, дык хто ж табе вiнават – зараз жа iдзi на вулiцу, бi па храпе каморнiка, асадзi яго к чорту – i справе канец.
I ён зарагатаў, але, мусiць, лепш у яго выйшла б, каб ён толькi цiха засмяяўся.
У хаце чуць свяцiла газоўка, старая спала каля печы на шырокай пасцелi. Пахла цыбуля з печы i табака...
Слаўны, пагодлiвы дзень заўтра будзе...
Я пайшоў у папоўскi сад. Стары Гiрш, як i заўсёды, спаў сабе цiха ў саламянай будцы, па садзе таксама хадзiлi, абняўшыся, хлопцы з дзяўчатамi, праз адчыненыя вокны вiдаць было, як iдзе рэпетыцыя да спектакля. Каля стала стаяў настаўнiк у ролi рэжысёра, махаў рукою i нешта расказваў. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабiць рэверанс. Ад гэтага ўсе рагаталi, а настаўнiк злаваў.
За плотам па двары, фантастычна-смешны ў змроку, кацiў поп па няроўнай зямлi пустую бочку...
I вакол кусты слухалi шэпты i былi маўклiвымi сведкамi некаторых спраў.
Стары Гiрш спаў сабе спакойна, а я, не могшы апанаваць разважаннямi, напоўнiўся раптам злосцю да Досi... Прыйшлося пайсцi ў чытальню i выказаць мае некаторыя тэатральныя веды...
Слаўныя вечары!
Гэта восень дыхае вясною.
Падморгвалi зоры зямлi, i зямля маўчала – як бы адчувала яна дзяцiнства ў маладосцi i маладосць у старасцi.
VI
Каржакаватыя хвоi, чырвона-агнявыя асiны i жоўтыя бярозы, i пад iмi шумяць кусты.
Шумяць... Шумяць!..
I ядлоўцам пахне над полем.
Густа паўсходзiла жыта, i ўсё таксама смяюцца яму ясныя днi.
Праляцелi ўжо гусi i жураўлi, чорныя дзiкiя птушкi клююць сакаўную рабiну, i журацца днi над свежай раллёю i над балотнай сухой асакою...
Мы выбiраем познюю бульбу.
З пахучых зямной вiльгаццю загонаў мне вiдно, як за шыпшынавымi межамi клапоцiцца дзядзька Язэп – нешта там камандуе моцна, а бабы са смехам сыплюць кашамi на воз бульбу... У мяне не падмазаны калёсы, i яны заскрыпелi так, што пачуў i азiрнуўся дзядзька Язэп.
– Пачакай! – крычыць ён мне.
Я чакаю i гляджу, як ён грузна i шырока ступае вялiзнымi ботамi i тузае лейцы. Пхае плячом у аглабiну, нейкая дзяўчына выводзiць каня на дарогу, другая паганяе пугаю, i дзядзька Язэп весела камандуе:
– Па хвасце, па хвасце!..
Там паднiмаецца рогат, а дзядзька Язэп выкiроўвас воз на дарогу...
I вось мы поплеч iдзем каля вазоў па вузенькай, каляiнiстай дарозе. Дзядзька Язэп пагаварыў трохi аб восенi i жураўлях, пасля расказаў, як некаторага года адбiўся быў ад сваёй чарады малады бусел, не ведаў, куды ляцець, i зазiмаваў адзiн на мёрзлых паплавах. I як пасля кончыўся з холаду за гумнамi.
– Ты думаеш, ён не сумаваў, гэты бусел?
I, сказаўшы гэта, дзядзька Язэп змоўк, а я стаў думаць:
"Што ў яго цяпер у галаве i на душы?"
Твар яго стаў раптам каменна-спакойным, як бы гэта ён сперш доўга раздумваў, для чаго i нашто ўсё на свеце, а пасля дадумаўся: "Дык гэта ж я сам усё ўстанавiў..."
Дома мы ссыпалi бульбу – сперш яму, пасля мне.
Аднекуль з'явiлася Дося, i, як бацька пайшоў у сенцы, яна сказала мне:
– Хадзем, я памагу табе.
Я паглядзеў на сваю палатаную сарочку i сказаў:
– Ды ў мяне там няма чаго рабiць.
– Дзе ты сёння вечарам будзеш? – запытала тады яна.
У мяне зноў, як i тады, застукала ў галаве кроў... Я ж ёй раней гаварыў... Яна не думала аб гэтым, а гэта або ў яе ад мяне застукала кроў, або ад таго практыканта пакiнула стукаць. Тады якая тут мая роля?
Гэта былi разважаннi, i з'явiлiся яны трохi пасля, тады ж я сказаў:
– Вечарам я буду сядзець каля твае хаты.
– Якi ты слаўны i дагадлiвы...
I яна пабегла ў сенцы.
"Слаўна жыць на свеце, – думаў я, едучы на поле. – Няхай усё плыве, куды хоча, няхай рушыцца, падае, раскiдаецца, а мне на нейкi час адкiнуць усё гэтае, разам з усякiмi разважаннямi..."
Так я адчуваў i вечарам.
Чорненькая, маленькая i гарачая сядзела Дося, прыцiснуўшыся рукой да мяне. Мы не гаварылi, i я не думаў нiчога... Дзядзька Язэп выйшаў на вулiцу, пыхнуў папяросаю i хацеў сесцi на прызбу, пасля ўбачыў нас, пазнаў i запытаў мяне:
– Бацька твой дома?
– Дома.
– Пайду да яго, пакуру.