355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Млечны Шлях » Текст книги (страница 2)
Млечны Шлях
  • Текст добавлен: 15 октября 2016, 00:28

Текст книги "Млечны Шлях"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)

– Я памагу, толькi раней каб мяса прычакаць i хоць колькi разоў укусiць. Я не вытрымаю з голаду. Мае зубы могуць цяпер раструшчыць камень.

Ледзьве ён паспеў сказаць палову гэтай фразы, як шпарка выткнуўся паперад той самы старэйшы, у якога халодная абыякавасць i безнадзейнасць, здавалася, навекi асталявалiся на твары. Ён паволi перасмыкнуў губамi i нейкай адной рысай у сябе памiж вачэй i з жудасным акцэнтам сказаў шпарка, быццам баючыся, што яго не захочуць слухаць:

– Я пайду памагаць.

I ў той жа момант плечы яго страсянулiся, i ён хапiўся за твар рукамi. Ён плакаў. Што такое здарылася? Адкуль гэта ў такi час, калi спарахнелыя ў зямлi лацiняне нiколi яшчэ не мелi такога блiскучага апраўдання сваёй прымаўцы: "чалавек чалавеку воўк". I нiхто гэтаму не здзiвiўся i як бы не заўважыў нават гэтага здарэння. Толькi таўсматы нездаволена зiрнуў на слабавольнага плаксуна, i нават як бы пагрозай зварухнулiся яго вочы.

– I я памагу, – сказаў той, што быў у летнiм пiнжаку.

– Зварым мяса, паямо, бо ўмiраем з голаду, i паможам усе. У момант усё зробiм, – сказаў таўсматы. – Дзе чыгуны?

I ўсе яны выйшлi з чыгунамi i сталi валтузiцца з мясам. Вады набралi з студнi i напоўнiлi ею i мясам чыгуны, але мяса не мылi. Нiхто пра гэта i не падумаў. Прайшло можа тры хвiлiны, не больш, як два чыгуны стаялi па каменнях i пад iмi гарэў агонь. Раптам з хаты шпарка выйшаў той, што рабiў труну. Ён здаваўся вельмi ўстрывожаны. Шпарка ён прагаварыў:

– Сцямнела. Агонь здалёку вiдаць.

Таўсматы, як бы раптам адумаўшыся, залiў вадою з чыгуноў агнi i сказаў:

– Варыць трэба ў печы.

I ўсе, з выглядам выратаваных з бяды, панеслi ў хату чыгуны з мясам.

– Гануся, – сказаў чалавек з адкiнутымi назад валасамi, – запалi ў печы. Я яшчэ пазаўчора туды наклаў дроў.

Гануся сышла з свайго месца i ўзялася за работу. Рукi яе былi малыя i рухавыя. Далiкатнае хараство было ў яе руках. Бадай што напалову яна сама ўлезла ў печ i, лежачы на чаране, падпалiла дровы. Людзi самi прыставiлi свае чыгуны да агню. Вiдно стала ўсiм, якое дзiця яшчэ гэтая Гануся. Тоненькая, з рухавымi плечыкамi, але з вачыма спакойнымi. Качаргой яна пачала падгортаць агонь блiжэй да чыгуноў. Здавалася, што ёй вельмi патрэбна, каб хутчэй усё гэта скончылася. Час пацягнуўся так марудна i так нядобра! Усе ўчатырох сядзелi поплеч на лаве, апанаваныя прыкрым чаканнем. Гануся варыла мяса. Чалавек з адкiнутымi назад валасамi стаяў нерухома над нябожчыцай. Той, што рабiў труну, стаяў у самым парозе i таксама не варушыўся. Штосьцi было ў яго паставе такое, што быццам гэта ён сумысля заняў сваю пазiцыю ў самых дзвярах, каб быць блiжэй да выхаду з хаты. Самы ж маладзейшы з чатырох i таўсматы некалькi разоў, як згаварыўшыся, выходзiлi на двор. Калi паднiмецца iсцi таўсматы, iдзе малады за iм, тонкi, як травiна, перад тым. Вышмарганае чырвонаармейскае адзенне на iм сядзела вельмi шчыгульна. Калi ён паднiмаўся iсцi, за iм спяшаўся i таўсматы. Вельмi было падобна да таго, што яны не хочуць спусцiць адзiн другога з вока. Кожны раз, як толькi яны выходзiлi на двор, абодва пiльна прыглядалiся да цёмных абрысаў вечара навакол i прыслухоўвалiся да той вялiкай цiшынi, што бытавала тут. Магло б здавацца, што памiж гэтымi двума жыве вялiкая згода i аднадумнасць. У хвiлiны гэтага прыслухоўвання яны можа i сапраўды рабiлiся роўнымi iмклiўцамi да аднаго. Iм жа важна было на гэты хоць вечар усцерагчыся ад таго, хто б уздумаў натрапiць на iх след. З гэтага яны i пачалi рабiць першыя спробы пазнаць адзiн аднаго. Кожнаму было ясна, што другi баiцца свету i хоча ўхавацца ад людскога вока. За час гэтых выхадаў з хаты яны не сказалi адзiн аднаму нi слова, але гэта магло б быць лiшнiм. Яны ўжо, на гэты вечар, пачалi разумець, што аднаму важна тое, без чаго не можа абысцiся другi. Настаў нарэшце момант, што калi тоўсты паварушыўся, каб iсцi, малады сказаў вельмi цiха:

– Iзноў хiба выйдзем?

– Ну, як там, цiха? Нiчога падазронага? – абазваўся той, што ў летнiм пiнжаку.

– Прыглядайцеся ў бок лесу, – заўважыў самы старэйшы.

I ўсё памiж iмi як бы высветлiлася. Чаго ж iм яшчэ крывiцца адзiн на другога цi ўсiм на аднаго, калi яны разам павiнны сцерагчыся нежаданага прыйсця таго, хто можа iсцi iхнiмi слядамi? Такая атмасфера раптам навiсла ў гэтай хаце. Здаецца, яе адчуў нават i той, што зрабiў труну. Ён паглядзеў на ўсiх чатырох i сам сабе ўздыхнуў: "Божа мой, Божа". Як бы там нi было, ён сам выйшаў з хаты i, калi вярнуўся, сказаў:

– Цiха i пуста. Нiкога нiдзе. Месяц узыходзiць.

Пра месяц ён сказаў праўду, але гэта была ўжо лiшняя фраза, i iшла яна ад пошукаў хоць якой блiзасцi з людзьмi. Можа яно было i так. I гэтак усiм здалося. Тым часам самы маладзейшы зноў падняўся, каб выйсцi. Падняўся i тоўсты. Раптам малады не вытрымаў:

– Чаго ты не спускаеш мяне з вока?! Мы тут роўныя ўсе!

– Я не дзеля цябе, а дзеля сябе. Я сам хачу бачыць i слухаць. Але ж i ты за мною ходзiш.

– Няхай, калi так, хто iншы выйдзе, – сказаў малады.

– Я пайду i доўга буду стаяць на варце, – сказаў старэйшы.

Таўсматы з нейкiм расчараваннем унурыўся i перабiў:

– Мяса павiнна зварыцца ўжо.

Усе апынулiся ля самай печы. Гануся выцягнула адзiн чыгун i ткнула ў яго ашчэпкам лучынкi.

– Гатова! – сказала яна.

Тоўсты паставiў на лаву ў кут чыгуны. Адзiн i другi.

– Есцi ў сенцах – сказаў самы малады.

З якой удзячнасцю паглядзеў на яго той, што ўвесь гэты час стаяў над нябожчыцай! Самы старэйшы зразумеў гэты позiрк. Ён хапiў чыгун i паiмчаў у сенцы. Шпарка ўсе пайшлi за iм. Той з размаху паставiў чыгун на зямлю, выхапiў кавалак мяса i, абдзьмухваючы яго, пачаў iрваць зубамi. Здавалася, што калi ён будзе чакаць, пакуль мяса астыне, то гэта будзе каштаваць яму сканання. Але i не толькi ён. Ужо ўсе падкiдалi на руках гарачыя кавалкi, кусалi як толькi маглi i елi, елi. Пасля тоўсты прынёс другi чыгун. Два чыгуны мяса яны з'елi не больш як за дзесяць хвiлiн i адчулi, што не пад'елi як мае быць. Але нейкая сiла, можа нават мацнейшая за голад, стрымала iх ад якiх бы там нi было пошукаў спосабу задушыць да канца прагу да яды. Усе, як згаварыўшыся, выйшлi на ганак i сталi самi не свае. Вельмi можа быць, што цяпер iм усiм лепш бы было разысцiся хто куды i век больш не сыходзiцца разам. Як бы яно там нi было, але колькi момантаў усе пастаялi моўчкi, i тоўсты раптам пачаў спускацца з ганка. Можа ён нiчога такога i не думаў, але ўсе гукнулi ў адзiн голас:

– Куды? Чаго? Як гэта?!

Ён падняўся зноў на ганак, i ўсiм стала ясна: не ўстанавiлася памiж iмi згода, i вялiкае недавер'е жыло i не зменшвалася. Самы старэйшы раптам уздыхнуў i штосьцi як бы прашаптаў сам сабе.

– А памагчы таму хаваць, – сказаў ён мацней.

– Я кончуся з холаду ў гэтым пiнжаку, – сказаў той, лёгка адзеты.

Ён шпарка рушыў у хату. I ўсе за iм. Таўсматы сеў на лаву. Усе ж астатнiя сцiснулiся пры печы, у якой яшчэ датляваў жар. У момант цяпло размарыла iх. Дрымота агарнула iх усiх трох. Усе яны нейк адразу тут жа ляглi на падлогу i сцiшылiся. Яны спалi. Але ў неспакоi. Колькi яны паспалi, хвiлiн можа дзесяць, не больш, а раз-поразу то той, то другi ўсхватваўся, паднiмаў галаву, акiдаў цяжкiмi вачыма хату i зноў кiдаўся на падлогу i спаў. Тоўсты таксама спаў, седзячы на лаве. Два тутэйшыя мужчыны тым часам унеслi з сянец труну, паклалi ў яе нябожчыцу i паставiлi труну з нябожчыцай на той самы тапчан. Той, што рабiў труну, выйшаў у сенцы i зноў з'явiўся ў дзвярах з рыдлёўкаю ў руках. Ён быў пануры, але вочы яго, здавалася, лiлi святло на твар.

– Цяпер пайду капаць, – сказаў ён.

– Добра было б каб удвух, – адказаў другi. – Але як я тут пакiну.

Раптам моцны кашаль перарваў не толькi гаворку, але можа нават i думкi гэтых людзей. На падлозе нехта з тых трох так кашляў, быццам бы грудзi яго разрывалiся. З хрыпам i свiстам кашляў ён i адкашляўшыся ўстаў. Гэта быў той самы старэйшы з чатырох. Абыякавасцi i холаду цяпер на яго твары не было. Была пакута i смутак. Цяпер ён здаваўся гарбаты, быў ускудлычаны, чырванатвары i з прыгнутымi ў каленях нагамi. Так ён стаяў, пагойдваючыся на нагах, у поўным маўчаннi гэтай нейкай нешчаслiвай хаты i прахрыпеў, усё з тым жа сваiм жудасным акцэнтам i вымоваю:

– Пачакаем дня, каб капаць i хаваць. Цяпер ноч. Нашто так спяшацца?

Вельмi можа быць, што той, з адкiнутымi назад валасамi, узрадаваўся гэтаму нечаканаму голасу, хоць i хрыпатаму, хоць i страшнаму. Усё ж гэта быў чалавечы голас. З нейкай раптоўнай жвавасцю, як бы ўхапiўшыся за прычыну, каб перад кiм паспавядацца, той, з адкiнутымi валасамi, сказаў:

– Галубок ты мой. Яна ўжо чацвёрты дзень ляжыць непахаваная. Пакуль мы дасталi дошак на труну, пакуль цвiкi з iх без начыння падаставалi, пакуль пiлу знайшлi на пажарышчы за лесам.

– А хто гэта памерлая?

– Гэта мая дачка.

– А жывая?

– I жывая мая дачка.

– Ну добра. Хадзем капаць.

– I я пайду, – пачуўся тут голас, i з падлогi падняўся самы маладзейшы, што быў у чырвонаармейскай адзежы.

Бацька нябожчыцы яшчэ пажвавеў. Нейкiя новыя рысы пачалi ажываць на яго твары.

– Што вы за людзi? – ужо новым тонам сказаў ён.

Тыя маўчалi.

– Ну, ты немец, я чую з твае гаворкi, – ткнуў ён рукой у грудзi таго, што нядаўна кашляў. – А ты хто? Адкуль ты?

– Я можа пасля скажу.

– Ну добра, – адразу апанураў чалавек. – Я i забыўся, што чалавеку страшна паказваць сваю душу перад чалавекам.

У тоне гэтых яго слоў многа было горычы i кплiвага запалу.

– Ну, хто пойдзе, дык хадзем. Рыдлёўкi якраз ёсць. У сенцах возьмем.

– I я пайду, – сказаў таўсматы i падняўся з лавы. Ён штурхануў таго ў лёгкiм пiнжаку. Ён спаў моцным сном. Штуршок яго пабудзiў, i ён сеў.

– Трэба ж каму тут астацца, – сказаў бацька нябожчыцы. – Ты астанься (гэта да таго, што рабiў труну). А я завяду людзей на месца.

– I я астануся тут, – сказаў той, што яшчэ сядзеў па падлозе.

– Добра, аставайся.

I той, як сядзеў, адразу зноў лёг, закiнуўшы пад галаву рукi.

I ўсе выйшлi, апроч яго i таго, што рабiў труну. Свечка аплыла i знiзiлася, i цямней стала ў хаце. Гануся стала на ранейшае месца бацькi i так моўчкi стаяла над нябожчыцай. Той, што рабiў труну, стаяў поплеч яе. А той, што ляжаў на падлозе, сеў, дастаў з кiшэнi кавалачак паперы, навыцярушваў з другой кiшэнi пацёртага лiсця, зрабiў папяросу, устаў, прыкурыў з свечкi i зноў сеў на ранейшае месца на падлозе. Вiдаць, што гэта ён курыў не тытунь. Пах дыму быў не тытунёвы. Пайшлi хвiлiны за хвiлiнай. Ён дакурыў папяросу, устаў, падышоў да печы i ўкiнуў у яе недакурак. Абуткам сваiм ён моцна грукаў па зямлi. Гануся азiрнулася на яго, i вочы iх спаткалiся. Ён тады сеў на лаву i зноў пачаў скручваць папяросу. Гануся стаяла на сваiм месцы, але яшчэ раз на яго азiрнулася. Вiдаць, што яе паглыбленасць у самую сябе была парушана. Падышоўшы зноў да свечкi, каб прыкурыць, ён зазiрнуў у твар спачатку Ганусi, пасля чалавеку i як бы ўкрадкам запытаў:

– Што гэта тут за месца? Як называецца? Я тут не быў раней.

Чалавек маўчаў, а Гануся павярнулася да яго. Змена адбылася на яе твары. Гэта было вельмi падобна да таго, як раптам бацька яе пажвавеў быў, калi ў яго знайшлася прычына выказаць сваё чалавеку. Быццам Гануся на момант адарвалася ад забыцця.

– Тут Магiлеўская вобласць, – сказала яна.

– Ведаю. А раён?

Яна сказала i раён.

– А гэты кут?

– Хата, дзе радзiўся мой бацька. А вёска за ляском. Спалена. Адны асмалкi.

– А тут праходзiць шаша, што памiж Масквой i Варшавай?

– Недалёка.

– Ага. То вы можа чулi такi маёнтак Бранчычы?

– Не, я не чула.

– Ага. Ну, добра.

– А хiба тут былi маёнткi?

– Ну то саўгас можа быў. Проста назва Бранчычы.

Быццам бы на тое, каб хутчэй спынiць гэтую сваю ж гаворку, ён вельмi шпарка перасеў з лавы на падлогу i неўзабаве лёг i заплюшчыў вочы. Жвавасць сышла з Ганусiнага твару, але яшчэ нейкi час успышкi яе ажывалi.

I ў гэтыя моманты яна вельмi была падобна да свайго бацькi. Той жа, што стаяў поплеч яе, за гэты час нават i не паварушыўся, быццам нiчога не чуў, цi не цiкавiўся нiчым, або i не разумеў нiчога. Ноч цягнулася далей. Святло ў хаце яшчэ больш меркла. Вiдаць стала, што на небе ўзышлi зоры. Яны стаялi ў акне густа, i нават заўважалася, што цёмнае неба стаiць на мяжы з сiнiм колерам.

Раптам той шпарка падняўся з падлогi i падышоў да маўклiвага чалавека, што так пiльна стаяў над нябожчыцай.

– А вы не ведаеце Бранчыч? На самай шашы. Адсюль павiнна быць недалёка. Дзе гэта, i ў якi бок? А Божа мой, Божа. Калi ведаеце – выведзiце на дарогу.

Гэтыя словы, тонам просьбы i адчаю, ён сказаў як у пустынi. Той, да каго ён казаў, нават i не паварушыўся.

– Што вы маўчыце?! Вам цяжка слова сказаць?

Той раптам схiлiў галаву i перахрысцiўся па-каталiцку, пяцьма пальцамi.

– Ён молiцца, не чапайце яго, – сказала Гануся.

Гэты, у лёгкiм пiнжаку, таксама схiлiў галаву i перахрысцiўся па-каталiцку. Пры гэтым у яго была нейкая заўзятасць, як бы ён гэта сумысля, каб яго бачылi. Гануся паглядзела на яго, i на яе твары нiчога не адлюстравалася. Тады ён цiха запытаў Ганусю:

– А вы як жагнаецеся? Трыма цi пяцьма пальцамi?

Можна было ўлавiць у яго голасе такiя ноты, што як быццам бы ён надаваў гэтаму пытанню нейкае адмысловае значэнне.

– Я i не жагнаюся i не хрышчуся, – адказала яна, i як бы з нотамi нездавальнення, што ёй не даюць стаяць i маўчаць. Колькi ў ёй было ў гэты момант сталасцi! I адказ яе быў не так сабе. А можа гэта яна штосьцi зразумела ў яго запытаннi i трапна адказала яму. Нездаволены, ён цiхом падаўся на ранейшае месца i лёг на глiняную падлогу гэтай хаты. Панавала вялiкае маўчанне. Нябожчыца ляжала ў труне, i двое стаялi над ею. Тым часам загрукалi на ганку i сенечнымi дзвярыма. Вярнулiся далакопы. Усе яны як ёсць увайшлi ў хату. I ў ва ўсiх iх адбылася нейкая змена. Нейкая адна, ужо агульная iм усiм рыса з'явiлася ў iх. Гэта была не тое што якая заклапочанасць цi ўзбуджанасць. Але можа i гэтага былi некаторыя адзнакi. Самае ж важнае, што было ў iх, гэта як бы iх агульнае дачыненне да адной справы. Гэта яднала iх. Цяпер яны былi ўжо быццам нейкiя змоўшчыкi. Не ведаючы адзiн аднаго, яны ў невядомым iм месцы нядаўна выкапалi магiлу невядомай iм асобе. Капалi разам, пад зорным небам, уночы, перамагаючы свае пакуты. Вельмi можа быць, што тут кожным з iх кiравала залежнасць аднаго ад усiх. Напэўна так было. Нiхто не хацеў, не мог i баяўся быць чым-небудзь непадобным да iншых у час гэтага, можа нават i страшнага, iх спаткання. Што было б, каб хто з iх заявiў, што ён не хоча рабiць таго, што робяць iншыя? Кампанiя ж iх i так ледзьве трымалася гнiлымi абручамi. Праўда, адзiн з iх ляжаў цяпер на падлозе, але невядома яшчэ, што пра яго думалi. I хто ведае, можа яму што-небудзь ужо рыхтавалi. Але i не толькi гэта было ў iх усiх. Тут магло быць яшчэ i пачуццё хоць якой змены iх стану. Галоднае бадзянне на холадзе, i раптам – нейкi занятак, справа, а можа i апаражненне цёплай хаты ад мёртвага чалавека. Мёртваму нiчога не трэба. Жывому патрэбен цёплы прытулак. Уцягненыя ў нейкую дзейнасць, тоячы кожны ў сабе сваё, усе ўвайшлi ў хату i сталi пасярод яе.

Бацька нябожчыцы парушыў цiшыню моцным голасам.

– Гануся, – сказаў ён, – развiтайся з ею.

Адразу ён падышоў да Ганусi i абняў яе адной рукой за плечы. Абое поплеч, яны падышлi да труны i ўкленчылi перад ею. Ён дакрануўся лбом да белай, як паркаль, рукi нябожчыцы i пацалаваў руку. Пасля пацалаваў у нябожчыцы пантоплi на нагах i лоб. Пасля стаяў i глядзеў, як Гануся цалуе ў нябожчыцы твар i рукавы кофтачкi. Пасля ён i той, што рабiў труну, узялi века i зачынiлi труну. Раптам ён прыадчынiў века i зiрнуў яшчэ раз на нябожчыцу. Зiрнула i Гануся. Зiрнуў i той, што рабiў труну. А пасля гэтага зачынiлi ўжо навек. I пачалi браць труну, каб несцi. Нейк разам усе схлупiлiся i перашкаджалi адзiн аднаму. Труну ўзялi ўшасцёх. Першая пара iшла: немец, самы старэйшы, i з iм таўсматы ў кажуху. Сярэдзiну труны ўзяла пара: самы маладзейшы i той, што рабiў труну. Труну пачалi паднiмаць ужо, як раптам узварушыўся той у летнiм пiнжаку, што ўсё спаў на падлозе. Нейк сагнуўшыся, як бы ў яго гарэла ўсё ўсярэдзiне, ён падбег да ўсiх, i сонны, i збянтэжаны, i паглыблены сам у сябе, чамусьцi пачаў браць труну там, дзе ўжо трымаў яе той, што i зрабiў яе. Убачыўшы каля сябе соннага памагатага, ён саступiў яму месца i сам разам з бацькам нябожчыцы ўзяў труну ў галавах. Апроч Ганусi, больш тут людзей ужо не было. Гануся i пайшла адна за труною. Калi сыходзiлi з ганка, Гануся азiрнулася была, каб зачынiць сенцы, але не зачынiла. У сенцах, так як i ў хаце, было пуста i гола. Ганак быў нiзкi, на адну ступеню. Сышлi з труною з яго лёгка. Ноч стаяла ў самым сваiм разгары. Яна была ясная. Поўны месяц стаяў высока, i ў гэтай частцы неба не было зор. Мароз без ветру, i цiшыня. Прымерзлая зямля шарэлася далёка ў гэтым спакоi яснай ночы. Голыя дрэвы здавалiся чорныя i вельмi высокiя. З труною прайшлi двор i штосьцi падобнае да саду з рэдкiх дрэваў. Прайшлi полем i апынулiся на ўзлессi. Лес быў невысокi, або малады, або каржакаваты. З яго тхнула спакойным пахам смалы i кары. Адсюль вiдна была апусцелая хата. Не так чорны яе сiлуэт, як асветленае акно. Свечка асталася гарэць у ёй. Акно ледзь свяцiлася. Свечка ўжо мусiць канала. Дол быў выкапан тут жа, на самым узлессi, каля вялiкiх трох дрэваў. На горб выкiнутай зямлi i паставiлi труну. Месячная вiдната была i ў лесе памiж дрэў. I маўчанне было вялiкае. Той, што рабiў труну, шпарка адышоўся некуды ўбок, i вiдно было, што ён прыгнуўся i шукае чагосьцi на зямлi. Неўзабаве ён вярнуўся з скруткам вяроўкi i распусцiў яго. Можна сказаць, што з гэтага моманту ён пачаў тут распараджацца. Ён сказаў, калi i як прыўзняць труну, каб працягнуць пад яе дзве столкi вяроўкi. Ён сказаў, калi i як пачынаць спускаць труну ў яму. Тут ляжала рыдлёўка недзе памiж дрэў. Той, што рабiў труну, пашукаў яе i знайшоў. Таксама, як i шукаючы вяроўку, ён прыгiнаўся i ўглядаўся ў зямлю. Было падобна, што можа гэта ён сам тут i пакiнуў быў i вяроўку i рыдлёўку. Ён i пачаў засыпаць магiлу. Усе стаялi. I вось тыя чатыры сталi гаварыць.

– Адной рыдлёўкай вельмi марудна. Нашто мы рыдлёўкi занеслi ў сенцы, сказаў самы маладзейшы.

– А там мяса на двары ляжыць. Сабакi цi ваўкi яго могуць з'есцi. I так прыйдзе хто, – сказаў таўсматы ў кажуху.

– Я зараз памру з голаду i холаду, – сказаў той, што быў у летнiм пiнжаку.

I раптам сагнуўся ён яшчэ больш i подбегам рушыў туды, дзе крыху яшчэ свяцiлася хатняе акно.

– Божа, – сказаў самы старэйшы. – Божа, Божа!

Яго смутак быццам напоўнiў сабою ўвесь свет. Украдкам, нiбыта баючыся, ён паклыбаў у бок хаты, прыгорблены i скрыпучы. I кашляў ён ужо скрыпам, i гаварыў, i нават у абутку яго штосьцi скрыпела. Не адышоўся ён яшчэ i пятнаццацi крокаў, як таўсматы рушыў за iм следам.

– Гаспадар, – сказаў самы маладзейшы да Ганусiнага бацькi, – я ледзьве стаю на нагах. Я баюся, што ўпаду. Я пайду хоць лягу на падлозе.

– Iдзi i кладзiся, але не на падлогу, а на печы прымасцiся, калi яны яшчэ там не занялi месца. Спяшайся. Або на лаву дзе. Там у хаце, памiж печы i кутом, дзе стаяла труна, абмацаеш цi ўбачыш дзверы. Адчынi iх i ўвойдзеш у халодны пакой. Там ляжаць на стале чыстыя лахманы, бяры iх сабе на пасцель.

Малады шпарка пайшоў. Ясна ноч стаяла ў самай сваёй глыбiнi. Гануся, бацька i той, што рабiў труну, паволi засыпалi магiлу. Бацька стаў на каленi, а за iм i астатнiя. Кожны дакрануўся лбом да свежай зямлi. Пасля, цiха гаворачы, пайшлi.

– Каб ведаць, што гэта за людзi, – сказаў той, што рабiў труну.

Спакойным тонам знаўцы таго, што робiцца на свеце, Гануся адказала:

– Кожны з iх ратуе сябе.

Бацька яе сказаў:

– Два з iх немцы, адзiн беларус, а чацверты паляк.

– Вы не памыляецеся? – сказаў той, што рабiў труну.

– Мой бацька ў такiх справах не можа памылiцца, – сказала Гануся. – Ён з гаворкi пазнае, з якой нацыi хто.

Ганусiн голас не быў спакойны, хоць i было ў iм крыху разважлiвасцi. Утрапенне не пакiдала яе. Утраiх увайшлi яны ў сенцы i ўбачылi, што бычынае мяса, вялiкiмi мерзлымi кавалкамi, ужо ляжала тут, на зямлi. Вiдаць, што чатыры бадзякi ўжо асталёўвалiся тут. У хаце ж яны ўжо гаспадарылi. Ужо ў печы гарэў агонь, i зноў у чыгунах варылася мяса. Водсвет з печы падаў на сцяну i асвечваў хату. Свечкi ўжо не было. Усе ўчатырох стаялi пасярод хаты ў нейкiм як бы ўзбуджэннi. Маладзейшы трымаў пад пахаю нейкую старую вопратку, а той, што быў у летнiм пiнжаку, дапытваў яго:

– Хто табе сказаў, што там у пакоi ляжыць адзежа? Ты ўжо з гаспадаром паспеў пасябраваць без нас? Давай!

– На! – адказаў малады. – Бяры.

Той узяў старую вопратку, адразу палез з ею на печ i адразу там умасцiўся ляжаць. Самы старэйшы падышоў да печы i адразу задрамаў, стоячы пры агнi. Таўсматы i малады селi на лаву i раз-поразу зазiралi ў печ. Чыгуны кiпелi. Агонь палаў. Ганусiн бацька зняў з тапчана прасцiрадла i пайшоў у той, як ён сам казаў, "халодны пакой". У яго вялi дзверы непадалёку ад печы, заўсёды дагэтуль зачыненыя. Неўзабаве ён вынес адтуль ахапак старой адзежы, сапраўды "лахманоў", i паслаў на тапчане пасцель. Гануся адразу лягла i заснула. Бацька лёг каля яе, з самага краю i, тварам угару, ляжаў, не спаў i глядзеў у столь. Той, што рабiў труну, лёг на голую лаву пры сцяне, i хто яго ведае, цi спаў, цi так ляжаў сцiшыўшыся. Тым часам з печы злез той i адразу сунуўся ў печ.

– Трэба даставаць мяса i есцi, – сказаў нецярплiва ён.

– Сырое яшчэ, – прахапiўся ад свае дрымоты самы старэйшы.

Таўсматы высунуў нейкiм ражном з печы чыгуны, а малады кiнжальчыкам пачаў выкладаць мяса проста на лаву. Яно яшчэ было гарачае, а яго ўжо хапалi i пхалi сабе ў раты. Усе ўчатырох.

– Мне нядобра, – сказаў самы маладзейшы i лёг па лаву. Тыя ўтрох скончылi есцi, па чарзе выпiлi з чыгуноў юшку i палезлi на печ. Упокат яны там адразу заснулi ў цяпле. Iшла хвiлiна за хвiлiнай. Агонь у печы згас, i жар датлеў. Ужо не было па сцяне водблескаў, i ў хаце сцямнела. На печы не ўсе спалi спакойна. Хтосьцi там кiдаўся ў сне, штосьцi гаварыў. Чуцён быў i скрыпучы кашаль. Гануся падняла галаву, i пачуўся яе моцны шэпт:

– Бацька, дзе ты?

– Тут, – абазваўся бацька. Ён стаяў пры акне i ўглядаўся ў яго.

– Хадзi сюды, – сказала Гануся.

Ён падышоў i сеў ля яе, а той, што рабiў труну, устаў i сеў там жа, на лаве.

– Бацька, я больш не магу спаць, – сказала Гануся.

– Трэба прычакаць дня, – пачуўся шэпт таго, што рабiў труну.

– Будзем чакаць дня, Гануська, – сказаў бацька.

Гэтая гаворка траiх была такая зладжаная, што льга было б заўважыць: яны блiзкiя адзiн аднаму, усе ўтраiх. Нешта адно жыло ў iх душах. Маўклiвае чаканне пацяглося далей. Вiдно было праз акно, як пачало цямнець неба.

Той, што рабiў труну, падняўся i зашпiлiў на сабе вопратку. У ёй ён ляжаў i сядзеў.

– Здаецца, адлега пачынаецца на дварэ, – сказаў ён шэптам. I зноў лёг. На печы кашлялi, кiдалiся, гаварылi са сну. Гануся цярпела ноч. I вылежала так да канца ночы. Яна адчула, што ноч падышла да канца, хоць нiякiх адзнак таго яшчэ не было. Яна прыўзнялася i зашаптала бацьку ў вуха:

– Татуля... Бацька... Ужо ноч прайшла... Так i ўсё гэтае злое мiнецца. Самае важнае – нам перачакаць. Так дзень за днём.

Ён падняўся i сеў.

– Дзень пачынаецца, – сказаў ён такiм тонам, як бы гэта штосьцi вельмi важнае адбылося. I зноў змоўклi. I зноў пацягнуўся час. Ранiца iшла паволi. Дзень пачынаўся хмурны. Раптам знiклi рэдкiя зоры i святло з неба. Вiдны сталi сцены ў хаце i дзверы, адчыненыя ў той "халодны пакой". Чакалi дня, а як ён прыйшоў, не ведалi, як пачаць яго. Усе паглядалi на печ, што далей будуць рабiць няпрошаныя начлежнiкi. А яны ўсе так жа неспакойна спалi. Ужо Гануся ўстала, увайшла ў "халодны пакой", расчынiла там нейкае цеста. Ужо той, што рабiў труну, наперасекаў многа жэрдак на дровы. Ужо Ганусiн бацька, схаваўшыся ў "халодным пакоi" ад сваiх нязнаных начлежнiкаў, дастаў цiхом з-пад пiнжака пiсталет, разабраў яго i зноў сабраў. А тыя ўсё ляжалi на печы i нават як бы спалi. Цяпер ужо вiдно было i як мае быць чутно: час ад часу рваўся скрыпучым кашлем самы старэйшы. Самы маладзейшы час ад часу енчыў слабым голасам. Таўсматы штосьцi ўсё праз сон гаварыў, але не так, як учора ўдзень, а па-нямецку. Той, што ў лёгкiм пiнжаку, раптам прахапiўся i пракрычаў чыстай польскай мовай штосьцi аб тым, што ён даў абяцанне перад вялiкай усясветнай справядлiвасцю ненавiдзець фашыстаў, пакуль будзе жыць. Самы малады, быццам ускрылены гэтым польскiм крыкам, крыху прыўзняў галаву i з нотамi агню ў вялым ад хворасцi цi слабасцi голасам як бы растлумачыў таму паляку (бо пакуль гаварыў, глядзеў на яго), што ён толькi дзеля таго дзяцей будзе мець, каб яны маглi выхаваць у сваiх дзецях нянавiсць да фашыстаў. Вiдаць, што гэтая думка, цi праўдзiвей сказаць, фармулiроўка думкi, склалася ў яго не адразу i напластоўвалася з цягам часу. Самы старэйшы, той, што кашляў, падняў галаву i раптам, як бы што ўспомнiўшы цi адумаўшыся, кiнуўся зноў i ляжаў, больш не варушачыся i стрымлiваючыся, каб не кашляць i не абзывацца. Збоку гэта льга было заўважыць. Таўсматы ж нават i не паварушыўся. Але вiдаць, ён чуў усё, бо не спаў. Часамi ён расплюшчваў на момант вочы. Тым часам Гануся падпалiла ў печы, узяла з-пад прыпека скавараду, насыпала з паперы на яе цёртых канапель i расцiснула паверх цеста. Неўзабаве яна спякла такiм парадкам тры скавароднiкi, пульхныя i тоўстыя. Яна, бацька i той, што рабiў труну, стоячы пры печы, адразу i з'елi iх.

– Як мне хочацца малака! – сказала Гануся, пасля чаго ўсталявалася маўчанне.

Дзень панаваў ужо на дварэ. Ён быў хмурны. Час усё iшоў, а тыя з печы не злазiлi. Ужо напэўна за паўдня мiнула, а яны ляжалi. Самы старэйшы зноў пачаў кашляць. Ганусiн бацька падняў руку i штурхануў самага маладога ў нагу. Той адразу прыўзняў галаву, паглядзеў на чалавека i мiргнуў унiз вачыма. Было ўсё падобна, што ён i спадзяваўся, што так усё будзе. Ён вычакаў момант, асцярожна споўз на край печы i ўкрадкам злез на зямлю. Моўчкi, як згаварыўшыся, выйшлi яны ўдвух з Ганусiным бацькам у сенцы.

– Перакусiць чаго трэба, – сказаў пошапкам Ганусiн бацька так, як бы ведаў гэтага маладога чалавека, бадай што хлапчука, здаўных.

– Мне не можна, – сказаў той. – Я захварэў. Я многа галадаў, а мяса было недаваранае, а я яго ўчора многа з'еў. Цяпер у мяне як быццам усё рвецца ўсярэдзiне. У мяне ў жываце ные i сцягваецца.

– А есцi табе не хочацца?

– Не. Я зусiм аслабеў.

– Кладзiся на тую пасцель, дзе мы спалi.

– А яны ўжо i так заўважылi, што я з вамi добра.

– Ты iх баiшся?

– Iх тры, а я адзiн.

– Не бойся. I нас тры.

– На мне могуць быць вошы. Я не лягу на вашу пасцель.

Ганусiн бацька памаўчаў i кiўнуў галавой.

– Дык вылежвайся сёння на печы. Яшчэ адно. Ты з палону ўцёк?.. Ты не бойся. I я ад немцаў уцёклы.

– З палону. Як вы ўгадалi?

– У мяне ж галава на плячах.

Малады чалавек раптоўным рухам хапiў руку Ганусiнага бацькi i страсянуў яе. Пасля чаго пайшоў у хату i зноў уцiснуўся на печы памiж тых. Нейк адразу пасля гэтага той, што рабiў труну, Ганусiн бацька i Гануся выйшлi з хаты, добра зачынiлi сенцы i, даўшы добрага кругу, па адным, а не разам, абышоўшы той лясок, на краi якога з мiнулай ночы з'явiлася свежая магiла, сабралiся ў нейкай вузкай i доўгай градзе старых дрэў. Тут расло некалькi дубоў, вязаў, бяроз i многа алешыны. I пад iмi гусцiўся крушыннiк. У гэтым крушыннiку яны абгледзелi ляжачую старую бярозу, вывернутую навальнiцай з карэннем. Яна ўжо ўтрухлела i абрасла высокай мятлiцай. Ганусiн бацька выцягнуў з-пад дрэва аўтаматычную нямецкую вiнтоўку i набоi да яе, напакаваныя ў вялiкi шкляны слой i накрытыя вечкам з бляхi. Ён добра абгледзеў вiнтоўку. Утраiх селi на дрэва, i ён пачаў разбiраць зброю. I ён сам, i Гануся, i трэцi чысцiлi часткi вiнтоўкi. Падоўгу адцiралi iх. Прайшло можа гадзiн тры. Ганусiн бацька дастаў з кiшэнi бутэлечку з памазачным алеем i перамазаў iм вычышчаныя часткi вiнтоўкi. Пасля ён сабраў вiнтоўку i зноў паклаў на ранейшае месца. Вось i дзень пачаў канчацца. Такiм жа вялiкiм кругам, па адным, яны пайшлi назад. На тварах iх была напiсана панурасць i скруха. Як бы нехаця ўвайшлi яны ў хату. Тыя ўсё ляжалi на печы. Чатыры пары ног тырчэлi з яе на хату. Старэйшы кашляў ужо бесперапынна. Усе ўвайшлi ў "халодны пакой". Гэта была чыстая хата пасля кухнi. Адно акно было без шкла i пазастаўлена фанерай. Тут i сапраўды было холадна. I апроч аднаго стала, нiчога больш не было. Гануся дастала з шуфляды гэтага ж стала хлеб i сала, i, стоячы над адчыненай шуфлядай, усе елi. Здавалася, што тут i спрадвеку была такая пустэча. Бо i ў хаце гэтай, i ў сенцах, i на двары, усё было пуста i гола. Пачынала змяркацца. Ганусiн бацька стаў на стол, дастаў рукою столь i выцягнуў з-за бэлькi скручаную ў жмут газету. Ён яе разгарнуў i разаслаў на стале. Гэта была "Правда", з таго ж самага месяца. На газету ён паклаў кавалак хлеба i выйшаў з пакоя. Ён зноў штурхануў у нагу самага маладога. Той паслухмяна злез з печы, нават не стараючыся не трывожыць тых. Тым, вiдаць, гэта ўжо не надакучала. Ганусiн бацька ўвёў яго ў "халодны пакой" i паказаў на хлеб на газеце:

– Еш.

Той працягнуў руку да хлеба i нейк скалынуўся. Ясная адзнака была, што ён яшчэ не ўмiраў ад свае хваробы i слабасцi. Ён добра змянiўся ў твары. Хоць на момант.

– З гэтага лiстапада газета? З Масквы? Значыцца, яшчэ жыве Масква? I Саюз Савецкiх рэспублiк жыве?.. Дзе вы ўзялi газету? Як дасталi?

– Знайшлi ў полi. Я думаю, што з савецкага самалёта.

–Даўно?

– За дзень да таго, як вы тут з'явiлiся... А хто вы?

– Я студэнт педагагiчнага iнстытута ў Менску.

– Вам ломiць каленi?

– Ломiць.

– Вы не толькi атруцiлiся мясам. Больш за ўсё ў вас таго, што вы захаладзiлiся. Зараз мы вас будзем кармiць i адаграваць.

Дзiўная была раптоўная змена ў гэтым маладым чалавеку. Ён колькi разоў укусiў хлеба i пакiнуў есцi. Ён стаяў нерухома.

Але здавалася, што ён зробiць зараз нешта вялiкае i патрэбнае ўсiм, i да гэтага ён доўга iмкнуўся i толькi цяпер як мае быць дасягнуў гэтага. Твар яго як бы свяцiўся.

– Жыве наша бацькаўшчына!.. Я з усiх сiл буду старацца, каб ачуняць!.. А хто вы такiя? Што вы за людзi, што тут так жывеце?

– Iдзi ляжы. Я пасля табе раскажу, – сказаў Ганусiн бацька. – Я нешта прыдумаю, каб пакласцi цябе дзе iнакш.

Не зганяючы з твару новых рыс надзеi i веры, малады чалавек зноў уцiснуўся на печы памiж тых. Ужо зусiм пачало змяркацца. I вось новая заклапочанасць i ажыўленне заўладала ўсiмi, хто мучыўся сваёй душой, стоячы на нагах, а не лежачы. Утраiх шапталiся, збiралi ўсялякую адзежу i рэшткi яе. Паставiлi тапчан пры печы. Гануся паслала пасцель на тапчане з усяго, што толькi льга было знайсцi. Зноў Гануся падпалiла ў печы i грэла ваду ў чыгуне. Пакуль накармiлi студэнта хлебам i цёплай вадой, быў ужо вечар у добрай пары. Ганусiн бацька даў яму бялiзну. Ён доўга выцiраўся сваёй бруднай кашуляй i выкiнуў яе пасля ў сенцы. А сам у чужой бялiзне лёг. Яго акрылi нейкай вопраткай, i, можа быць, iлюзiя поўнага шчасця ўсцешыла яго ў гэтыя хвiлiны. Твар яго жыў павевамi надзеi, веры i радасцi. Ён ляжаў нерухома i глядзеў праз акно ў зорную прастору. Зоры ў небе ўзышлi густа, i неба зiхацела над змрочнай зямлёй. Ён усё глядзеў угару. Ён думаў пра зоры, пра тое, што на дварэ, мусiць, бралася на мароз, пра дрэва, вялiкi i чорны сiлуэт якога вырысоўваўся ў вакне, i пра сваю нечаканую радасць. А як жа! Ён знайшоў сваю радзiму. Ён дажыўся да вялiкай радасцi. Ён не мог спаць ад шчасця. Ён баяўся паварушыцца. Яму пачало здавацца, што нерухомасць хутчэй паднiме яго на ногi. I ён стараўся. Што робiць з чалавекам надзея i вера! Можна сказаць з пэўнасцю, што яны, гэтыя дзве вялiкiя сёстры, могуць заступiць месца дасягнутай мэты i ашчаслiвiць чалавека. Быццам дух радаснай надзеi запанаваў тут. Як бы настрой гэтага маладога чалавека ўзбудзiў да прагi i iмкнення душы ўсiх тут. I той, што рабiў труну, i Ганусiн бацька, i сама Гануся не маглi i не хацелi заснуць. Але тут радасць надзеi не была чыстая. Яна была атручана тым, што адбылося i пячаць чаго не знiмеш нiколi. Вельмi можа быць, што i Гануся адчувала гэта. Напэўна, i яе душыў смутак. Ёй, як i ўсiм тут, трэба было спадзявацца на час. Гэты верны доктар можа вылечыць уражаную душу i зняць з яе пячацi перажытага.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю