355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ги де Мопассан » Пляцельшчыца крэслаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Пляцельшчыца крэслаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 02:09

Текст книги "Пляцельшчыца крэслаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Ги де Мопассан


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Де Мопассан Ги
Пляцельшчыца крэслаў (на белорусском языке)

Гi дэ Мапасан

Пляцельшчыца крэслаў

Навела

Пераклала Нiна Мацяш

Леону Энiку

Гэта было ў канцы абеду, якi даваў маркiз дэ Бэртран з нагоды адкрыцця паляўнiчага сезона. Вакол ярка асветленага стала, убранага садавiною i кветкамi, сядзелi адзiнаццаць паляўнiчых, восем маладых жанчын i мясцовы доктар.

Загаварылi пра каханне, i распачалiся гарачыя спрэчкi, вечныя спрэчкi на тэму: колькi разоў можна кахаць па-сапраўднаму, раз толькi цi многа разоў? Хто даваў прыклады людзей, у жыццi якiх было адно-адзiнае каханне; хто тут жа прыгадваў iншыя выпадкi, калi палкая страсць спазнавалася неаднаразова. Большасць мужчын меркавала, што любоўная цяга, як хвароба, можа часта апаноўваць чалавека i здольная нават давесцi яго да пагiбелi, калi на яе шляху ўзнiкае якая-небудзь перашкода. Хоць такi погляд на з'яву i не касаваўся, жанчыны, якiя ў сваiх меркаваннях апiралiся болей на паэзiю, чым на жыццёвы вопыт, сцвярджалi, што каханне сапраўднае, вялiкае каханне пасылаецца смяротнаму толькi адзiн раз, i сэрца, працятае iм, як маланкаю, так спустошваецца, руйнуецца, папялее, што нiякае iншае моцнае пачуццё, нават мара пра яго, ужо не могуць другi раз зарунець у чалавеку.

Маркiз, якi зведаў багата любоўных прыгод, горача аспрэчваў такую думку:

– А я перакананы, што можна кахаць многа разоў, i кахаць моцна, усёю душою! Вы сцвярджаеце, што захапленне паўтарыцца не можа, i спасылаецеся на людзей, якiя рукi налажылi на сябе праз каханне. А я ўпэўнены: каб яны не зрабiлi гэтага глупства – самазабойства, якое збавiла iх магчымасцi новага захаплення, яны ажылi б; яны несумненна пакахалi б зноў, i каханне прыходзiла б яшчэ не раз да самай iхняй смерцi! Закаханыя падобныя да п'янiц. Хто запiў пiць не перастане, хто кахаў – зноў кахаць будзе. Уся справа ў тэмпераменце, i толькi.

Каб вырашыць спрэчку, папрасiлi доктара – пажылога лекара, былога парыжанiна, якi жыў цяпер у вёсцы, – выказаць сваю думку.

Аднак нейкага пэўнага меркавання не мелася i ў доктара.

– Тут сапраўды, як слушна заўважыў маркiз, усё залежыць ад тэмпераменту. Асабiста мне вядомы толькi адзiн прыклад, калi каханне не тухла цэлых пяцьдзесят пяць гадоў, яго абарвала толькi смерць.

Маркiза ажно запляскала ў ладкi:

– Вось гэта здорава! Можна толькi марыць пра такое каханне! Якая раскоша пяцьдзесят пяць гадоў быць ахiнутым такой апантанай, пранiкнёнай любасцю! Якi шчаслiвы, пэўна, удзячны жыццю быў той чалавек, якога так моцна кахалi!

Доктар усмiхнуўся.

– Сапраўды, мадам, вы не памыляецеся, кахалi мужчыну. Ды вы яго ведаеце гэта спадар Шукэ, наш аптэкар. А жанчына – жанчыну вам таксама даводзiлася бачыць: гэта старая пляцельшчыца крэслаў, яна штогод завiтвала ў замак. Зрэшты, раскажу вам усё падрабязна.

Захапленне паняў адразу атухла; iх расчараваныя тварыкi грэблiва паморшчылiся, як быццам на каханне здатныя былi толькi вытанчаныя, шляхетныя асобы, выклiкаць цiкавасць маглi толькi багатыя людзi.

Доктар прадаўжаў:

– Тры месяцы таму назад мяне паклiкалi да гэтай старой жанчыны: яна памiрала. Яна прыехала ў вёску лiтаральна за дзень да смерцi; вам выпадала бачыць яе калымагу, у якой яна i ездзiла, i жыла, i якую цягнула нягеглая каняка, а вобак беглi дзве вялiзныя чорныя псiны – яе сябры i ахова. Кюрэ быў ужо каля яе. Яна папрасiла нас быць яе душапрыказчыкамi, а каб мы лепей зразумелi сэнс яе апошняга жадання, яна расказала нам пра ўсё сваё жыццё. Я не чуў нiчога дзiўнейшага i гаротнейшага.

Бацькi яе былi пляцельшчыкамi крэслаў – i бацька, i мацi. Яна зроду не ведала iншага жытла, апроч гэтай буды.

Яна бадзялася з самага малку – акрытая лахманамi, вашывая, замурзаная. Сям'я прыпынялася каля рова на ўскрайку якога-небудзь селiшча, каня адпрагалi i пускалi пасвiцца, сабака ўтыкаўся носам у лапы i драмаў, дзяўчынка кулялася ў траве, а бацька з маткай сядзелi ў засенi прыдарожных вязаў i паднаўлялi старыя крэслы вяскоўцаў. У сваiм вечным вандроўным побыце яны амаль не размаўлялi. Пры патрэбе вырашыць, каму з iх звыклым выкрыкам "Крэслы пляцём, крэслы рамантуем!" пайсцi па сяле, яны перакiдвалiся словам-другiм, сядалi поруч альбо адно насупраць аднаго i бралiся вiць салому. Калi малая адыходзiла далёка цi загаворвала з якiм-небудзь вулiчным блазнюком, яе грозна аклiкаў бацька:

– Ану, марш сюды, нягоднiца!

I гэта былi адзiныя песты, якiя ведала небарака.

Калi яна падрасла, бацькi сталi пасылаць яе збiраць заказы на рамонт. Тады ў яе сям-там завялося некалькi знаёмых падлеткаў; але цяпер ужо бацькi яе новых прыяцеляў раздражнёна гукалi сваiх дзяцей:

– Ану, марш сюды, шалапут! Хай толькi яшчэ раз пабачу цябе з якой галотаю!..

Нярэдка дзецi папускалi ў яе каменнем.

Здаралася, якая-небудзь панi кiдала ёй мядзяк-другi – малая ашчадна берагла тыя грошы.

Аднойчы – было дзяўчынцы тады адзiнаццаць гадоў, – праходзячы каля мясцовых могiлак, яна наткнулася на расплаканага маленькага Шукэ: сябрук украў у яго два лiярды. Слёзы малога панiчыка, аднаго з тых, якiх беднае ўяўленне абнядоленай жабрачкi малявала вечна ўсцешанымi i задаволенымi, страшэнна ўразiлi дзеўчанятка. Яна падышла да хлопчыка, а калi даведалася прычыну яго гора, высыпала яму ў прыгаршчы ўсе свае назбiраныя грошы – сем су; малы не здзiвiўся, узяў грошы, перастаў плакаць. У парыве шалёнай радасцi дзяўчынка пацалавала хлапчука. А той настолькi засяроджана разглядваў грошы, што нават не звярнуў на гэта ўвагi. Бачачы, што ён яе не адпiхае, не адбiваецца, дзяўчынка яшчэ раз аберуч прытулiла яго да сябе, пацалавала i кiнулася наўцёкi.

Што тварылася ў душы няшчаснай бадзяжкi? Чаму яна так прыкiпела да гэтага карапуза? Таму, што ахвяравала яму свой жабраваны скарб? Цi таму, што менавiта яму падарыла свой першы пяшчотны пацалунак? Каханне аднолькава таемна завалодвае i сэрцам дзiцяцi, i сэрцам дарослага.

Прамiнаў месяц за месяцам, а яна не магла забыць нi таго кутка могiлак, нi таго хлопчыка. У надзеi ўбачыцца з iм яшчэ раз яна пачала абкрадваць сваiх бацькоў, утойвала капейку пры ўсякiм зручным выпадку, аблiчвала iх то на рамонце крэслаў, то на куплi харчоў.

Другiм разам, калi яна прыехала ў нашы мясцiны, у яе ў кiшэнi мелася ажно два франкi, аднак ёй пашчасцiла ўбачыць маленькага аптэкара толькi здалёк, у акне аптэкi, дзе ён – такi акуратненькi, чысценькi – сядзеў памiж барвовым шарам i слоiкам з салiцёрам.

Заварожаная, узрушаная, зачараваная праменнасцю каляровай вады, бляскам зiхоткiх крышталiкаў, яна яшчэ мацней палюбiла яго.

Яго вобраз нязгасна жыў у яе душы, i калi яшчэ праз год яна выпадкова натрапiла на маленькага Шукэ за школай, дзе ён гуляў у шарыкi з сябрамi, яна кiнулася да яго, сцiснула ў абдымках i пацалавала так моцна, што ён перапалохаўся i залямантаваў. Тады, каб суцешыць хлапчаня, яна падала яму грошы: тры франкi дваццаць сантымаў – сапраўдны скарб, у хлопчыка ажно вочы акруглелi ад неспадзяванкi.

Ён схаваў грошы ў кiшэню i дазволiў дзеўчаняцi лашчыць сябе столькi, колькi яна хацела.

Чатыры гады запар яна аддавала яму ўвесь свой грашовы прыпас, якi ён ахвоча прысвойваў у абмен на пяшчотныя пацалункi. Мелася ў яе то трыццаць су, то два франкi, то ўсяго дванаццаць су (яна аж плакала ад пакуты i прынiжэння, але той год быў кепскi), апошнiм разам яна падарыла яму цэлы пяцiфранковiк вялiкую круглую манецiну, ён ажно засмяяўся ўсцешана, калi ўбачыў.

Цяпер толькi пра яго яна i думала; ён таксама з пэўнай нецярплiвасцю чакаў, калi яна прыедзе, а заўважыўшы, бег насустрач, i сэрца ў дзяўчынкi гатовае было выскачыць з грудзей.

Потым ён знiк.

Яго паслалi вучыцца ў каледж. Яна даведалася пра гэта з асцярожных роспытаў. Тады яна ўсялякiмi хiтрыкамi стала дамагацца, каб бацькi перамянiлi свой маршрут i прыязджалi сюды ў той час, як пачыналiся школьныя вакацыi. Каб спраўдзiць задуманае, спатрэбiўся цэлы год. I атрымалася так, што яны не бачылiся ажно два гады запар; калi ж сустрэлiся, яна ледзьве пазнала яго, гэтак ён перамянiўся, вырас, пахарашэў, паважнеў у мундзiрчыку з залатымi гузiкамi. А ён прыкiнуўся, быццам не бачыць яе, i ганарыста прайшоў мiма.

Яна праплакала два днi; з гэтага часу пакутам яе не было канца.

Яна прыязджала сюды штогод, iшла ў яго навiдавоку, не асмельваючыся павiтацца, а ён i вокам не вёў у яе бок. Яна кахала яго да самазабыцця. Мне яна сказала:

– У мяне гэта быў адзiны мужчына на свеце, пане доктар, iншых проста не iснавала.

Бацькi яе памерлi. Яна прадаўжала рабiць тое, што рабiлi пры жыццi яны пляла i рамантавала крэслы, толькi замест аднаго сабакi завяла страшных двух, дражнiцца з якiмi не асмельваўся нiхто.

Неяк пры вяртаннi ў наш пасёлак, да якога навек прыкiпела яе сэрца, яна ўбачыла маладую жанчыну, якая выйшла з аптэкi подручкi з яе каханым Шукэ. Гэта была яго жонка. Ён ажанiўся.

У той вечар яна кiнулася ў ставок на плошчы перад ратушай. Нейкi запознены гулец выцягнуў яе з вады i прынёс у аптэку. Шукэ-сын, у халаце, выйшаў агледзець небараку i, нiбыта зусiм не пазнаў яе, раздзеў, расцёр, потым груба сказаў:

– Вы проста вар'ятка! Нельга ж быць такою бязмозглаю!

Гэтага аказалася даволi, каб яна ажыла: ён, ён загаварыў з ёю!.. Успамiн пра гэта яшчэ доўга поўнiў яе шчасцем.

Ён адмовiўся ўзяць плату за свае паслугi, хоць яна i вельмi настойвала, упрошвала яго.

Вось так прамiнула ўсё яе жыццё. Яна пляла крэслы i думала пра Шукэ. Раз на год яна бачыла яго ў акне аптэкi. Калi ёй трэба былi якiя-небудзь лекi, яна звычайна купляла iх толькi ў Шукэ. Гэта давала ёй магчымасць пабачыць яго зблiзку, перакiнуцца хоць некалькiмi словамi i зноў даваць яму грошы.

Я казаў ужо, гэтай вясною яна памерла. Расказаўшы ўсю сваю сумную гiсторыю, яна папрасiла мяне перадаць таму, каго так аддана кахала, усе свае надбаныя за жыццё зберажэннi, бо, як сама прызналася, яна працавала толькi дзеля яго, дзеля яго адзiнага, часам нават галадала, каб адкласцi хоць капейчыну, з надзеяй, што i ён згадае яе хоць разочак, хай сабе тады ўжо, як яе не стане.

I яна аддала мне дзве тысячы трыста дваццаць сем франкаў. Дваццаць сем франкаў я адлiчыў кюрэ на пахаванне, а рэшту, пасля таго як яна выпусцiла апошнi ўздых, забраў з сабою.

На наступны дзень я пайшоў да Шукэ. Гаспадары сама даснедвалi адно насупраць аднаго, абое бухматыя i расчырванелыя, раздабрэлыя на аптэкарскiм хлебе, напышлiвыя i самазадаволеныя.

Мяне запрасiлi да стала, прапанавалi чарку кiрша; я не адмовiўся; упэўнены, што ўзрушу iх да слёз, я ўсхвалявана пачаў свой расказ.

Як толькi да Шукэ дайшло, што яго кахала нейкая бадзяжка, пляцельшчыца крэслаў, мурзатая жабрачка, яго аж тузанула ад абурэння, быццам яна абабрала яго, загубiла яго рэпутацыю, пазбавiла павагi прыстойных людзей i яго ўласнай самапавагi, выкрала нешта такое, што было яму даражэйшае за само жыццё.

А ў яго жонкi нават мову адняло ад гневу, i яна толькi выдыхала:

– Ах ты, галадранка! Ах ты, галадранка! Ах ты, галадранка!..

Шукэ ўсхапiўся на ногi, забегаў вакол стала; феска яго спаўзла на адно вуха.

– Гэта ж падумаць толькi, доктар!.. – загугнiў ён. – Во напасць на чалавека!.. Што ж рабiць, што ж рабiць? Ах, калi б я ведаў гэта, пакуль яна была жывая, – у жандармерыю заявiў бы, хай бы яе арыштавалi ды ў турму ўпяклi! I сядзела б яна ўжо там да скону, ручаюся вам!

Я быў ашаломлены вынiкам майго пасрэднiцтва. Я не ведаў, што казаць, што рабiць. Аднак я мусiў давесцi справу да канца, i я сказаў:

– Нябожчыца папрасiла мяне перадаць вам яе зберажэннi: дзве тысячы трыста франкаў. Але, як я разумею, вам дужа непрыемнае тое, што я паведамiў вам, дык, вiдаць, найлепей будзе раздаць гэтыя грошы бедным.

Абое, муж i жонка, утаропiлiся на мяне, аслупянелi ад здзiўлення.

Я дастаў з кiшэнi грошы, няшчасныя грошы разнамаснага выгляду i значэння, золата ўперамешку з медзякамi. Потым папытаўся:

– Якое будзе ваша рашэнне?

Першая загаварыла мадам Шукэ.

– Але... Раз гэта яе апошняя воля, гэтай жанчыны... Мне здаецца, нам неяк не выпадае адмаўляцца.

Муж, крыху збянтэжаны, падхапiў:

– Ва ўсякiм разе, за iх можна будзе купiць што-небудзь нашым дзеткам.

Я суха адказаў:

– Воля ваша.

Аптэкар прадаўжаў:

– Ва ўсякiм разе, давайце грошы сюды, калi ўжо яна гэтак наказала вам; самi парупiмся даць iм добры ход.

Я аддаў грошы, развiтаўся i выйшаў.

На другi дзень Шукэ нечакана сам прыйшоў да мяне дадому.

– А яна... жанчына гэтая... яна ж i воз тут свой пакiнула? – запытаўся ён. – I што вы з той калымагай рабiць мяркуеце?

– Нiчога, забярыце яе сабе, калi хочаце.

– Добра. Яна мне спатрэбiцца: я зраблю з яе вартоўную ў гародзе.

Ён ужо намерыўся пайсцi. Я сказаў:

– Пасля яе засталiся стары конь ды два сабакi. Можа, забераце iх?

Ён азадачана прыпынiўся.

– Га?.. А... Ды не, не трэба. Навошта яны мне? Распараджайцеся ўжо гэтым самi!

Аптэкар засмяяўся. Потым ён падаў мне руку, i я пацiснуў яе. Што зробiш? Лекару з аптэкарам няможна варагаваць памiж сабою.

Сабакi засталiся ў мяне. Каня забраў кюрэ, у яго вялiкi двор. Воз ператварыўся ў вартоўню на гародзе ў Шукэ; а на грошы нябожчыцы ён прыдбаў пяць акцый чыгуначнай кампанii.

Вось тое адзiнае вялiкае каханне, з якiм я сутыкнуўся ў сваiм жыццi.

Доктар змоўк.

Маркiза, у вачах якой стаялi слёзы, уздыхнула:

– Пэўна, толькi жанчыны i ўмеюць кахаць па-сапраўднаму!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю