355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ганна Навасельцава » З сон-травою... » Текст книги (страница 2)
З сон-травою...
  • Текст добавлен: 3 апреля 2017, 09:00

Текст книги "З сон-травою..."


Автор книги: Ганна Навасельцава



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

– Застанецца чакаць жывое чароўнае возера сваёй хвіліны. Праміне вечнасць, але не згубіцца ў ёй легенда. Я, ведны спадарожнік часу, у тым клянуся.

Беражы люстэрка маё. Беражы, не разбі. Адліў яго з лепшых чараў тваёй зямлі. Маю сваю ўласную волю. Калі разаб’еш мяне, то назаўжды пазбавішся прадказанага лёсу. Я не разаб’ю цябе, чароўнае, жывое. Не магу я разбіць тваю мару. Не магу я разбіць тваю славу.

Падае люстэрка з маіх рук. Падае ды разбіваецца на маленькія друзачкі. І тады кажу яму, жывому, зноў кажу, што аніколі не адмоўлюся ад свайго лёсу. Не прысніць мне яго, калі ў разбітых люстрынках бачу неабсяжную азёрную просінь. І, здаецца, плыве ад глыбокіх азёрных вачэй такі знаёмы, такі мілы пераліўны звон.

Пераліўны звон. Як сон. Звон.

...Я бачыў, што не было зямлі. Я бачыў, што не было і неба. Толькі вада. Не сіне-крынічная, не празрыста-азёрная, не якая іншая, на якую мне хапіла часу нагледзецца за трыццаць год майго жыцця. Гэтых вод не было, як і нічога з таго, што я памятаў, што я любіў. Не было і мяне. Я не быў яшчэ... і я... ужо не быў. Далёка ж ты мяне занесла, злая пералёт-трава. Не знайсці мне зваротнай дарогі.

Вада, толькі вада. Вялікая вада, колькі хапае вачэй. І цягне твой позірк, забірае тваю душу халодны сіні валун, які гайдаецца на бязмежных хвалях. У ім – чары, у ім – жыццё. І у ім – канец усяго, на што я спадзяваўся.

«Не глядзі на валун, не глядзі. Ты чужы тут, ён забярэ тваё жыццё», – загучаў у маёй свядомасці ўладны голас. Выклікаў горыч, і новае перажыванне старой страты і ганьбы, з-за якой хочацца праваліцца ў скрозьдонне. І. нагадаў, што я пакуль жывы, што мне, пакуль жывому, няма куды правальвацца. Таму што няма зямлі, таму няма і скрозьдоння.

«Пачакай, хутка будзе. Нядоўга засталося чакаць.» Я хацеў спытаць, скуль ён такое ведае, але не паспеў. Скалануўся валун, як жывы. Хацеў даць нырца ў ваду, калі яго нагнала найвялізная бліскуча-чырвоная, балючая нават здалёку, маланка.

«Вось і ўсё. Цяпер табе будзе лягчэй.» Не веру. Яму, гэтаму жывому валуну, не лягчэй, а цяжэй. Курчыцца і выгінаецца, як працяты перуном цмок. Заходзіцца ад болю.

«Ды што ты кажаш. Пашкадуй, пашкадуй яшчэ». Няўжо? Сапраўдны цмок. Зноў не веру. Падманваеш занадта часта.

Але мой кат, без якога, трэба прызнацца, я б даўно сканаў на гэтай вадзе, нечакана стаў сур’ёзным. «Не, не сапраўдны. Першы». Што, першы? «Самы першы.»

На некалькі імгненняў я страціў здольнасць думаць і размаўляць. А пакуль я знерухомеў, то паплылі ад валуна, адколатыя маланкай, тры маленькія яскаркі. Нібы таксама былі жывымі. На бясколерна-бязмежнай вадзе яны здаліся мне найпрыгажэйшымі, таму што кожная з іх была непадобная на другую. Першая – белая, як снег, першы снег маёй зямлі, чысты і свежы. Другая – жоўтая, як пясок на высокім адхоне бруістых рэк, радасных рэк майго краю. Трэцяя была, як кроў, пралітая ў бітвах за абарону таго, што найдаражэй на свеце. Я многа іх бачыў, я зведаў многа перамог, пакуль не зазнаў астатнюю страту.

«Глядзі, смяротны, ты бачыш тое, што не павінен. За што многія, лепшыя за цябе, прадалі б душу. Успомні самае радаснае, самае шчаслівае ў тваім кароткім жыцці. І глядзі з самай вялікай спагадай, на якую толькі здольны. Чакаюць яны блаславення чалавечага сэрца.»

І я ўспомніў. Дараванне, ты самае найвялікшае ў свеце. Цябе можна чакаць бясконца. І няма нічога мацнейшага за цябе. За цябе можна ўзаць у рукі пералёт-траву і згадзіцца падарожнічаць у свеце. У вялікім, бясконцым часе. Хоць бясконцы час злы і страшны.

Толькі я не хачу думаць пра тое. Адзін раз на стагоддзе можа быць дадзена выкупленне. Выкупленне горада, ператворанага ў возера, выкупленне людзей, ператвораных у лілеі. Майго горада і маіх людзей. Некалі маіх. Чыстыя вочы ўбачаць, што віецца каля ператворанага возера прыгожая сіняя стужка. І калі за гэту стужку доўга цягнуць, то можна зматаць усё чыста возера ў невялікі мяккі клубочак. І тады вернецца горад, вернуцца яго людзі, нібы і ніколі не ператвараліся невядомай воляй.

Не, зусім не такой невядомай. Маёй воляй. Не хачу пра тое думаць, не хачу.

Многа стагоддзяў чакаў я даравання і выкуплення. А са мною – мой горад. І доўгімі стагоддзямі ніхто не ішоў, быццам звяліся ва ўсім свеце чыстыя вочы, шчырыя сэрцы. Ніхто не бачыў сіняй стужкі, якая б падказала, што створана возера чарамі. Ніхто не спрабаваў зматаць з яе клубок.

Але нарэшце мне пашчасціла. Пацягнулася стужка, і адкрыліся небу высокія званіцы, схаваныя ў азёрных хвалях, і дахі найвышэйшых дамоў. І ператварыўся я ў чалавека першым, вярнуўся да жыцця.

Толькі нядоўгай была мая радасць.

Выслізнула сіняя стужка з рук дзяўчыны, якая яе трымала. Трымала моцна, але стужка аказалася мацнейшай. І зніклі дахі дамоў у вадзе, нырнулі ў яе і званіцы. І стала, як было раней. Усё, акрамя мяне. Невядома за што, але я, здраднік, стаўся чалавекам. І наканавана было шукаць свой горад у тым, што мінулася. Шукаць, пакутаваць і не знаходзіць. Імклівая, як мудрая думка, пералёт-трава. Ды не панясе цябе туды, куды захочаш.

Падплывае да мяне белая яскарка. І ўпэўнены я, што пазнаю ў ёй несмяротную душу зімы і лета, якія бываюць толькі на маёй зямлі. Яна такая. белая, як і тыя крылы, што адкрываюць мне маё высокае неба. Хто ж ты? Што ты?

«Не чакай адказу. І... гэта добра, што ты ёй спадабаўся. З яе будзе ўтворана твая зямля.» Мая зямля. Як? Я хачу ведаць. Чуеш, маё пракляцце?

Маўчыць маё пракляцце. Я даўно ўжо зразумеў, што, калі не схоча адказаць, то клікаць яго марна. Са страхам бачу, як закружыліся ў карагодзе ўсе тры яскаркі. Белая, жоўтая, чырвоная. Белая, чырвоная, жоўтая. Чырвоная, жоўтая, белая. Падсвядомае адчуванне, што нешта не так. Але маўчыць маё пракляцце.

Круціцца кола яскарак хутчэй і хутчэй. Немажліва ўгледзець за імі. І нібыта патанаю ў бязмежнай вадзе, іскрыстым карагодзе, усім чыста свеце. Знікае свет і адкрываецца свет. Многа вады, многа зямлі, толькі немагчыма на іх надзівіцца.

«Дзівіся. Дзівіся. Адно цяпер можна шчыра дзівіцца.» Толькі цяпер? «Толькі цяпер, калі нараджаецца той свет, які ты памятаеш.» Няўжо так далёка занесла мяне пералёт-трава? «Павер, што далей немагчыма». Веру. Толькі навошта я тут? Нараджаецца мой свет, толькі нараджаецца. Няма яшчэ кроўных страт і найвялікшых з усіх на зямлі людскіх расчараванняў. Можа быць, што яшчэ вельмі далёка да іх. Дык чаго ж прынесла мяне сюды травіца, якой вядома без абмылкі, дзе я патрэбны?

«Не ведаю. Але ты мовіў правільнае запытанне.» І тады мне становіцца страшна. Так страшна, як было адзіны раз у жыцці. Тады да майго горада плылі хмарамі чужынскія раці. Цёмнымі, грознымі і такімі бясконцымі, быццам вада, у якой плаваў сіні валун. Плылі хмарамі, і не бачыў я збавення. Што мне было рабіць?..

«Не тое, што ты зрабіў тады. Толькі не тое, маладушны». Я не паўтару сваёй вялікай памылкі, не трэба здзеку і напаміну. Але што мне рабіць цяпер? Зноў маўчыш. Маўчанне. Яно дае зразумець, што мне болей падабаюцца твае кпіны.

«Дзякуй. Але не трэба іх... напачатку. Не трэба іх чыстаму свету». І я з табою згодны. Такі прыгожы гэты чысты свет. Вялікая зямля з раўнюткімі палеткамі, са стройнымі лясамі. Урачыста. Чынна. У злагадзе. Такая і мая зямля. Цяпер хіба ж не пазнаеш.

«Глядзі ўважліва. Ты, які не памятаеш свайго імя. Пранясу цябе праз час, змяню твой лёс. Гэта і належала зрабіць даўным-даўно». Калі ж даўно? Толькі нараджаецца мая зямля. Пра што ты кажаш.

«Пра цябе. Пра тваё мінулае. Пра тое, чаго ты не ўспомніш. Забірае тваю памяць новы свет». Забірае мяне самога? «А як жа ты думаў? Не так сабе ты ёсць тут, на самым пачатку». Я не буду спрачацца з гэтым. Толькі не цяпер, калі адкрываецца з белай яскаркі мая белая зямля. Такая знаёмая белая зямля. Дзіва маё, дзіва.

Сніцца мне дзіўны сон. Сніцца прыгожая лесавічка. Мовіць мне, што самая сапраўдная, што ўмее чараваць. Бярэцца за сінюю стужку, матае мяккі клубочак, і адкрываецца горад, які даўно не бачыў сонца. Дакранаюцца дна возера-горада лілеі, ператвараюцца ў людзей. Радуюцца людзі вяртанню, а я радуюся табе, дзівосная лесавічка. Я столькі цябе чакаў у вялікім часе. Мы трымаемся за рукі. Мы – разам. Мы – у цэлым свеце.

...Знікае белы свет. Белы свет. Увесь свет.

– Што мне сказаць табе, мой абраннік. – пазнаю голас таго, каго звыкся называць сваім пракляццем. – Што мне сказаць табе цяпер. – запытальна мовіў не свет, а старэйшы за яго.

Шмат старэйшы за яго. Стваральнік дзівосаў белага свету?.. Ведны Дзіў. Становіцца мне цяжка, бо не ведаю, ці гэта чары сон-травы, ці гэта сапраўднасць.

– Здзівіў мяне. Радуйся жыццю.

Знікае ведны Дзіў. Чую галасы званоў.

Бом. Бом. Бом. Сон. Сон. Сон. Толькі я не сплю ў азёрнай цішы, якая паўстала з твайго разбітага люстэрка, мая лесавічка. Ахінае тваё непрыкметнае возера лес, як і многія азёры самай прыгожай на свеце белай зямлі. Ды толькі гэтае возера – толькі яно адно – незвычайнае.

«Спі. Спі. Спі», – закалыхвае мяне звон, азываецца гадамі і стагоддзямі, якія зноў плывуць над празрыстымі хвалямі. Памятаюць гэтыя хвалі погляд тваіх вачэй, бо некалі былі іскрынкамі твайго люстэрка. Бом. Бом. Бом. Я хачу прачнуцца і не магу, хоць і ведаю, што гаворыць пра мяне легенда шчырую праўду. Вераць усе, хто хоць аднойчы ўглядаўся ў бяздонную азёрную сінеч, што спачывае на дне возера смелы князь з вернай дружынаю. Спіць ды слухае свой край. Калі надарыцца бядзе, калі прыйдзе вораг да самай белай, тады паўстану я, пабуджу дружыну ды вярнуся бараніць зямлю, дзе калісьці княжыў, за якую калісьці змагаўся. І тады сустрэнешся мне ты, дзівосная лесавічка. Ты, што чакаеш мяне, скінуўшыся сон-травою. Дзіўная сон-трава. Неўладны над ёю час. І можа чакаць мяне так доўга, так доўга. Доўгі сон.

Сон. Сон. Сон. Звон. Звон. Звон. Сон. Сон. Сон.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю