Текст книги "Арэна"
Автор книги: Фредерик Браун
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
Карсан здранцвеў ад здзiўлення, а потым апамятаўся i зарагатаў. I смяяцца яму было не балюча – не настолькi ўжо ў яго перасохла ў горле.
А чаму i не? Чаму б iстоце, якая вынайшла гэтае кашмарнае месца, не мець пачуцця гумару? Гаваркiя яшчаркi, якiя адказваюць табе на тваёй мове, – хiба гэта не мiла?
Ён усмiхнуўся яшчарцы i сказаў:
– Iдзi сюды.
Але яшчарка павярнулася i ўцякла, перабягаючы ад куста да куста, пакуль не схавалася з вачэй.
Ён зноў адчуў смагу.
I потым трэба штосьцi рабiць. Ён не можа перамагчы, проста седзячы тут i аддаючыся роспачы. Трэба штосьцi рабiць. Але што?
Пранiкнуць праз бар'ер. Але ён не можа прайсцi праз яго, не можа i пералезцi. А калi падлезцi пад яго знiзу? I да таго ж, каб знайсцi ваду, капаюць калодзежы. Адным стрэлам двух зайцаў...
Пераадольваючы боль, Карсан падышоў да бар'ера i пачаў капаць пясок голымi рукамi. Гэта была марудная, цяжкая праца: пясок асыпаўся, i чым глыбей ён капаў, тым шырэй даводзiлася рабiць яму. Ён не ведаў, колькi гадзiн прайшло, але на глыбiнi чатырох футаў ён упёрся ў скалу. Скала была зусiм сухая нiякiх прыкмет вады.
А сiлавое поле даходзiла да скалы. Усё дарэмна. I вады няма. Нiчога.
Ён выпаўз з ямы i лёг на пясок, задыхаючыся. Потым ён падняў галаву, каб паглядзець, што робiць Прышэлец. Павiнен жа ён нешта рабiць.
Так i ёсць. Ён штосьцi майстраваў з галiнак кустоўя, звязваючы iх тонкiмi вусiкамi. Дзiўнае збудаванне вышынёй футы чатыры i амаль квадратнае. Каб разгледзець яго лепш, Карсан узлез на кучу пяску, якую ён выкапаў. Ззаду з машыны тырчалi два доўгiя рычагi, адзiн з iх заканчваўся паглыбленнем накшталт кубка. "Падобнае на нейкую катапульту", – падумаў Карсан.
I праўда – Прышэлец паклаў у кубак важкi камень, адным шчупальцам парухаў угору-ўнiз другi рычаг, потым крыху павярнуў машыну, нiбы цэлячыся, а потым рычаг з каменем iрвануўся ўгору i ўперад.
Камень праляцеў за некалькi метраў над галавой Карсана, так далёка, што ён нават не стаў нагiнацца, але ён прыкiнуў, на якую адлегласць паляцеў камень, i аж свiснуў. Ён не мог бы кiнуць камень такой вагi далей, чым на палову гэтай адлегласцi. I калi нават ён адступiць да задняй сцяны сваiх уладанняў, гэтая машына дастане да яго, калi Прышэлец прысуне яго да самага бар'ера. Над iм праляцеў яшчэ камень – ужо блiжэй. "Гэта можа быць небяспечна", – вырашыў ён. Трэба нешта рабiць.
Рухаючыся ўздоўж бар'ера, каб катапульта не магла ўзяць яго ў вiлку, ён запусцiў у яе дзясяткам камянёў. Але ён убачыў, што з гэтага не будзе нiякага толку. Так далёка ён мог кiдаць толькi невялiкiя камянi. I калi яны траплялi ў машыну, яны адскоквалi ад яе, не зрабiўшы нiякай шкоды. А Прышэлец на такой адлегласцi лёгка ўхiляўся ад тых камянёў, якiя падалi каля яго.
Акрамя таго, у яго моцна стамiлася рука. Ад знямогi ў яго балела ўсё цела. Калi б толькi ён мог крыху адпачыць i не ўхiляцца кожныя трыццаць секунд ад снарадаў катапульты...
Ён, хiстаючыся, адышоў да задняй сцяны. Але i гэта яго не ратавала. Камянi даляталi i туды, толькi радзей, як быццам даводзiлася даўжэй заводзiць механiзм катапульты.
Ён зноў зморана пацягнуўся да бар'ера. Некалькi разоў ён падаў i з цяжкасцю падымаўся на ногi. Ён ведаў, што яго сiлы канчаюцца. I ўсё-такi ён не мог спынiцца, пакуль не выведзе са строю гэту катапульту. Варта яму задрамаць, i болей ён не прачнецца.
Першы проблiск iдэi з'явiўся ў яго пасля чарговага стрэлу катапульты. Яе снарад трапiў у адну з кучак камянёў, якiя ён назбiраў ля бар'ера, i ад удару выскачыла iскра.
Iскра. Агонь. Першабытныя людзi здабывалi агонь, высякаючы iскры. А калi выкарыстаць гэтыя сухiя крохкiя кусты як палiва...
На шчасце, адзiн такi куст аказаўся якраз каля яго. Ён зламаў яго, паднёс да кучы камянёў, а потым узяўся цярплiва стукаць каменем аб камень, пакуль адна iскра не папала на драўнiну, падобную на трут. Дрэва занялося так хутка, што полымя абпалiла яму бровы, i ператварылася ў попел за некалькi секунд.
Але цяпер ён ужо ведаў, што рабiць, i праз некалькi хвiлiн пад аховай горкi пяску, якi ён выкапаў з ямы, гарэла маленькае вогнiшча. На распалку ён узяў мяккiя галiнкi, а агонь можна было падтрымлiваць голлем другога куста, якое таксама гарэла, але марудней.
Моцныя вусiкi, падобныя да дроту, амаль не гарэлi – з iх дапамогай было лёгка рабiць запальныя снарады. Пучкi галля з маленькiм каменем усярэдзiне для вагi, абвязаныя вусiкамi з пятлёй, каб мацней замахнуцца.
Ён назапасiў паўтузiна такiх снарадаў, потым запалiў i кiнуў першы. Ён не трапiў у цэль, i Прышэлец паспешлiва пачаў адступаць, цягнучы за сабою катапульту. Але ў Карсана было гатова яшчэ некалькi снарадаў, i ён кiнуў iх адзiн за адным. Чацвёрты засеў у машыне, i гэтага было дастаткова. Прышэлец дарэмна спрабаваў патушыць полымя, якое распаўзалася, закiдваючы яго пяском, кiпцюрыстыя шчупальцы не маглi захапiць яго памногу. Катапульта згарэла.
Прышэлец адкацiўся на бяспечную адлегласць ад агню i зноў засяродзiў сваю ўвагу на Карсане. Зноў Карсан адчуў хвалю нянавiсцi i млосцi. Але ўжо слабей: цi сам Прышэлец аслабеў, цi Карсан ужо навучыўся баранiцца ад такога нападу.
Ён паказаў Прышэльцу нос i адагнаў яго каменнем на значную адлегласць. Прышэлец адкацiўся да задняй сцяны сваёй паловы i зноў пачаў збiраць голле. Напэўна, ён збiраўся зрабiць яшчэ адну катапульту.
Карсан соты раз праверыў, цi дзейнiчае яшчэ бар'ер, i раптам выявiў, што сядзiць ля самага бар'ера на пяску, занадта аслабеўшы, каб устаць. Параненую нагу тузала ўсё мацней, i смага мучыла яго яшчэ болей. Але ўсё гэта адступала на другi план перад поўнай знямогай.
I гарачынёй.
Вось гэта, напэўна, i ёсць пекла, падумаў ён. Пекла, у якое верылi ў старажытнасцi. Ён з усяе сiлы стараўся не заснуць, хоць i не бачыў у гэтым асаблiвага сэнсу: усё роўна ён нiчога не можа зрабiць, пакуль бар'ер застаецца непраходным i Прышэлец трымаецца далёка ля задняй сцяны.
Але ж павiнен быць якi-небудзь спосаб! Ён паспрабаваў прыпомнiць, што ён чытаў у кнiгах па археалогii пра тое, як ваявалi калiсьцi, да з'яўлення металу i пластыкаў. Першай зброяй быў як быццам камень для кiдання. Ну, гэта ў яго ўжо было. Адзiным удасканаленнем гэтай зброi была катапульта, накшталт той, якую змайстраваў Прышэлец. Але Карсан нiколi не зможа такой зрабiць: кусты маглi даць толькi малюсенькiя галiнкi, даўжынёй не болей як фут. Ён, вядома, мог бы прыдумаць што-небудзь i з iх, ды на гэта спатрэбiлася б некалькi дзён, а ў яго ўжо мала сiлы.
Некалькi дзён? Але ж Прышэлец яе збудаваў. Няўжо прайшло некалькi дзён? Але тут ён успомнiў, што ў Прышэльца шмат шчупальцаў i што ён, несумненна, можа працаваць хутчэй.
Акрамя таго, катапульта не вырашае зыходу барацьбы. Трэба прыдумаць што-небудзь лепшае.
Лук i стрэлы? Не! Ён неяк спрабаваў страляць з лука i ведаў, што ў яго нiчога не выйдзе. Нават з сучасным спартовым сталёвым лукам дакладнага бою. А з прымiтыўнага спартовага лука, якi ён мог бы змайстраваць тут, ён наўрад цi зможа страляць далей, чым кiдае камянi, i напэўна ўжо не так трапна.
Кап'ё? Гэта ён можа зрабiць. Яго будзе нязручна кiдаць, але яно можа спатрэбiцца ў рукапашнай – калi справа дойдзе да рукапашнай.
I потым гэта дасць яму хоць нейкi занятак. Адцягне яго ад вар'яцкiх думак, якiя ўжо лезуць у галаву. Ён ужо час ад часу мусiў рабiць намаганне, каб успомнiць, навошта ён тут, навошта яму трэба забiць Прышэльца.
На шчасце, ён ляжаў паблiзу ад адной з нарыхтаваных кучак камення. Ён перабраў iх, пакуль не знайшоў адзiн асколак, якi формай нагадваў наканечнiк кап'я. Другiм, маленькiм, каменем ён пачаў абчэсваць яго, стараючыся надаць яму такую форму, каб ён, уткнуўшыся ў цела, не мог выйсцi назад.
Што-небудзь накшталт гарпуна? У гэтым нешта ёсць, падумаў ён. Для гэтай вар'яцкай бойкi гарпун лепей, чым кап'ё. Калi б прабiць iм Прышэльца i калi да гарпуна будзе прывязана вяроўка, ён зможа прыцягнуць Прышэльца да бар'ера – i тады нават калi яго рукi не змогуць пранiкнуць на той бок, гэта зробiць каменнае лязо нажа.
Дрэўка было цяжэй зрабiць, чым наканечнiк. Але раскалоўшы ўздоўж i злучыўшы сама тоўстыя ствалы чатырох кустоў i абвязаўшы сучляненнi тонкiмi, але моцнымi вусiкамi, ён зрабiў трывалае дрэўка футы на чатыры даўжынёй i да канца яго прывязаў каменны наканечнiк. Выйшла нязграбна, але надзейна.
Цяпер вяроўка. З тонкiх, моцных вусiкаў ён сплёў вяроўку футаў на дваццаць даўжынёй. Вяроўка была лёгкая i здавалася слабой. Але ён ведаў, што яна лёгка вытрымае яго вагу. Адзiн канец яе ён прывязаў да дрэўца гарпуна, а другi абвязаў вакол правага запясця. Цяпер, кiнуўшы гарпун праз бар'ер, ён ва ўсякiм разе зможа выцягнуць яго назад, калi прамахнецца.
Калi ён зацягнуў апошнi вузел i не ведаў, што рабiць далей, ён адчуў, што гарачыня, стома, боль у назе i страшная смага сталi раптам у сто разоў мацнейшыя.
Ён паспрабаваў устаць, каб паглядзець, што робiць Прышэлец, i ўбачыў, што не можа падняцца на ногi. З трэцяй спробы ён ухiтрыўся ўстаць на карачкi i зноў упаў на пясок.
"Трэба паспаць, – падумаў ён. – Калi зараз дойдзе да схваткi, я нiчога не змагу зрабiць. Ён мог бы цяпер падысцi i забiць мяне, калi б ён ведаў. Трэба крыху адпачыць".
Пераадольваючы боль, ён з цяжкасцю папоўз прэч ад бар'ера.
Нешта ўдарылася аб пясок побач з iм i абудзiла яго ад жахлiвага, заблытанага сну да яшчэ больш жахлiвай рэальнасцi. Ён расплюшчыў вочы i зноў убачыў блакiтнае мiганне над блакiтным пяском.
Колькi часу ён спаў? Хвiлiну? Дзень?
Побач упаў яшчэ адзiн камень, ужо блiжэй. Яго абсыпала пяском. Ён упёрся рукамi, сеў, павярнуўся i ўбачыў Прышэльца за дваццаць ярдаў ад сябе, ля самага бар'ера.
Як толькi Карсан сеў, Прышэлец паспешлiва пакацiўся прэч i спынiўся ля задняй сцяны.
Карсан зразумеў, што заснуў занадта рана, калi быў яшчэ ў межах дасягальнасцi для камянёў, кiнутых Прышэльцам. А той, убачыўшы, што ён ляжыць нерухома, адважыўся падысцi да бар'ера i пачаў кiдаць у яго камянямi. На шчасце, Прышэлец не ведаў, наколькi Карсан аслабеў – iнакш ён бы застаўся тут i кiдаў камянi.
Цi доўга ён спаў? Напэўна, не, бо адчуваў сябе зусiм гэтак, як i раней. Сiлы ў яго не прыбавiлася, смага не памацнела, – нiякай рознiцы. Можа, прайшло ўсяго некалькi хвiлiн.
Ён зноў папоўз, гэты раз прымушаючы сябе паўзцi далей i далей, пакуль бясколерная, непразрыстая сцяна арэны не была ўсяго за метр ад яго. Тады ён зноў заснуў...
Калi ён прачнуўся, нiчога навокал не змянiлася, але на гэты раз ён ведаў, што спаў доўга.
Першае, што ён адчуў, была сухасць у запечаным роце. Язык распух.
Паволi ачуньваючы, ён зразумеў: нешта нядобра. Ён ужо не адчуваў такой стомленасцi – знямога прайшла. Але ён адчуваў вельмi моцны боль. I калi ён паспрабаваў паварухнуцца, ён зразумеў, што крынiца яго – нага.
Ён падняў галаву i паглядзеў. Нага нiжэй калена страшэнна распухла, i пухлiна дайшла да паловы бядра. Вусiкi раслiн, якiмi ён прывязаў да раны кампрэс з лiсця, цяпер глыбока ўпiлiся ў распухлую нагу. Прасунуць пад iх нож аказалася немагчыма. На шчасце, апошнi вузел быў над косцю галёнкi, спераду, дзе дуддзе ўпiлося не так глыбока. Сабраўшы ўсю сiлу, ён развязаў вузел.
Зiрнуўшы пад павязку, ён убачыў сама горшае, што толькi магло быць. Заражэнне – вельмi моцнае, i яно паўзе ўгору.
I не маючы лякарстваў, не маючы бiнтоў, не маючы нават вады, ён нiчога не мог з гэтым зрабiць.
Хiба што памерцi, калi заражэнне ахопiць усё цела.
Цяпер ён зразумеў, што надзеi няма. Ён пераможаны.
I разам з iм – чалавецтва. Калi ён памрэ тут, там, у яго свеце, памруць усе яго сябры, усе людзi. Зямля i яе калонii на планетах стануць вотчынай чужых усяму зямному Прышэльцаў. Кашмарных, нялюдскiх стварэнняў, якiя атрымлiваюць задавальненне, разрываючы на часткi жывых яшчарак.
Гэтая думка надала яму мужнасцi, i ён папоўз уперад, амаль нiчога не бачачы ад болю, уперад, да бар'ера. Цяпер ужо не на карачках, а паўзком, адштурхоўваючыся нагамi i падцягваючыся на руках.
Заставаўся адзiн шанц з мiльёна, што, калi ён дабярэцца да бар'ера, у яго хопiць сiлы адзiн-адзiнюткi раз кiнуць свой гарпун i трапiць, калi – яшчэ адзiн шанц з мiльёна – Прышэлец таксама апынецца каля бар'ера. Або калi бар'ер знiкне.
Яму здалося, што спатрэбiлiся гады, каб дапаўзцi да бар'ера. Бар'ер быў на месцы. Такi самы непраходны, як i тады, калi ён упершыню яго намацаў.
А Прышэльца ля бар'ера не было. Прыўзняўшыся на локцях, Карсан убачыў яго ў задняй частцы той паловы арэны – ён быў заняты пабудовай драўлянай рамы, якая была напалову гатовай копiяй знiшчанай Карсанам катапульты.
Рухi Прышэльца былi павольныя – несумненна, ён таксама аслабеў. Але Карсан падумаў, што наўрад цi Прышэльцу спатрэбiцца другая катапульта. Ён падумаў, што памрэ раней, чым той яе скончыць.
Калi б завабiць яго да бар'ера, пакуль ён жывы...
Карсан замахаў рукой i паспрабаваў крыкнуць, але яго запечаныя вусны не маглi вымавiць нi гука. Або каб пранiкнуць праз бар'ер...
На яго, напэўна, найшло нейкае зацьменне, бо ён выявiў, што ў дарэмнай лютасцi стукае кулакамi па бар'еры. Ён прымусiў сябе спынiцца, заплюшчыў вочы, спрабуючы супакоiцца.
– Прывiтанне, – вымавiў нейкi тоненькi голас. Ён быў падобны на голас...
Карсан расплюшчыў вочы i павярнуўся. Гэта сапраўды была яшчарка.
"Адыдзi, – хацеў сказаць Карсан. – Адыдзi. Цябе папраўдзе няма, а калi ты тут, дык ты не можаш гаварыць. Мне зноў мроiцца".
Але ён не мог вымавiць нi слова – яго рот i горла зусiм высахлi. Ён зноў заплюшчыў вочы.
– Балiць, – сказаў голас. – Забi. Балiць. Забi. Iдзi.
Ён зноў расплюшчыў вочы. Дзесяцiногая блакiтная яшчарка была яшчэ тут. Яна прабегла крыху ўздоўж бар'ера, вярнулася, зноў прабегла, зноў вярнулася.
– Балiць, – сказала яна. – Забi. Iдзi.
Зноў яна адбегла, зноў вярнулася. Яна вiдавочна хацела, каб Карсан пайшоў за ёй уздоўж бар'ера.
Ён зноў заплюшчыў вочы. Голас не змаўкаў. Усё тыя самыя тры бязглуздыя словы. Кожны раз, як ён расплюшчваў вочы, яна адбягала i вярталася.
– Балiць. Забi. Iдзi.
Карсан застагнаў. Праклятае стварэнне не пакiне яго ў спакоi, пакуль ён не рушыць за iм. Ён папоўз следам за яшчаркай. Да яго данёсся iншы гук – тонкi вiск. Ён рабiўся мацнейшы.
На пяску нешта ляжала, вывiваючыся i курчачыся. Нешта маленькае i блакiтнае – падобнае да яшчаркi i тым часам...
Тут ён зразумеў, што гэта такое – гэта яшчарка, у якой Прышэлец адрываў ногi. Гэта было так даўно... Але яна была жывая; яна апрытомнела i цяпер з вiскам курчылася ў агонii.
– Балiць, – сказала другая яшчарка. – Балiць. Забi. Забi.
Карсан зразумеў. Ён выцягнуў з-за павязкi каменны нож i забiў знявечанае стварэнне. Жывая яшчарка хутка шмыгнула прэч.
Карсан павярнуўся да бар'ера. Прыпаўшы да яго рукамi i тварам, ён глядзеў, як удалечынi Прышэлец майструе катапульту.
"Калi б дабрацца туды, – думаў ён. – Калi б трапiць на той бок. Я б яшчэ мог перамагчы. Здаецца, ён таксама аслабеў. Я мог бы..."
Зноў на яго насунулася чорная безнадзейнасць; яго воля адступiла перад болем, i ён падумаў, што лепей было б памерцi. Ён пазайздросцiў яшчарцы, якую толькi што забiў. Яна не будзе болей пакутаваць. А яму давядзецца. Можа, гадзiны, можа, днi – пакуль ён не памрэ ад заражэння крывi.
Калi б можна было самога сябе гэтым нажом...
Ды ён ведаў, што не зможа гэтага зрабiць. Пакуль ён жывы, ёсць хоць адзiн шанц з мiльёна...
Ён з усiх сiл нацiскаў рукамi на бар'ер, як быццам хацеў адштурхнуць яго ад сябе. Ён заўважыў, якiмi тонкiмi i касцiстымi сталi яго рукi. Напэўна, ён тут ужо доўга, ужо шмат дзён.
Колькi ж засталося яму жыць. Колькi часу ён яшчэ можа трываць гарачыню, смагу i боль?
Нейкi час ён быў блiзкi да iстэрыкi, але потым прыйшоў глыбокi спакой i з iм – ашаламляльная думка.
Яшчарка, якую ён толькi што забiў. Яна перасекла бар'ер, калi была яшчэ жывая! Яна была на баку Прышэльца; той абарваў ёй ногi i пагардлiва адкiнуў сюды, i яна праляцела праз бар'ер. А ён падумаў – гэта таму, што яна мёртвая.
Але яна была жывая! Яна была ўсяго толькi без прытомнасцi.
Жывая яшчарка не можа перасекчы бар'ер, але калi яна непрытомная – гэта магчыма. Значыць, бар'ер непраходны не для жывой матэрыi, а для матэрыi, якая мыслiць.
I з гэтай думкай Карсан папоўз уздоўж бар'ера, каб зрабiць апошнюю адчайную стаўку. Надзея была такая мiзэрная, што толькi памiраючы можна ўхапiцца за яе.
Няма сэнсу ўзважваць шанцы на поспех. Таму што калi ён адмовiцца ад гэтай спробы, яны амаль роўныя нулю.
Ён дапоўз да кучы пяску вышынёй футы на чатыры, якую ён накапаў, спрабуючы – колькi дзён назад гэта было? – падкапацца пад бар'ер або знайсцi ваду.
Куча была ля самага бар'ера – адзiн яе схiл напалову заходзiў на той бок.
Узяўшы камень з суседняй кучы, ён залез на пагорак, мiнуў яго вяршыню i ўлёгся, абапёршыся на бар'ер, так, што, калi б бар'ер раптам знiк, ён скацiўся б па схiле на варожую тэрыторыю.
Ён праверыў, цi на месцы нож, цi зручна ляжыць у яго левай руцэ гарпун i цi моцна прывязана да яго i да яго запясця вяроўка.
Потым ён падняў правай рукой камень, якiм зараз ударыць сябе па галаве. Давядзецца паспадзявацца на шанцаванне: удар павiнен быць настолькi моцны, каб ён страцiў прытомнасць, ды не настолькi, каб гэта было надоўга.
Ён адчуваў, што Прышэлец сочыць за iм, што той убачыць, як ён скоцiцца праз бар'ер, i абавязкова наблiзiцца, каб высветлiць, у чым справа. Карсан спадзяваўся, што той прыме яго за мёртвага – ён спадзяваўся, што той прыйшоў да такога самага вываду пра бар'ер, як у свой час i ён. Але Прышэлец будзе асцярожны i падыдзе не адразу. Няшмат часу ў яго будзе. Ён нанёс удар...
Ачуняў ён ад болю. Ад раптоўнага рэзкага болю ў бядры, не падобнага на тузанне ў галаве i ў назе.
Але, абдумваючы ўсё перад тым, як аглушыць сябе, ён прадбачыў менавiта гэты боль, нават спадзяваўся на яго i падрыхтаваўся ачуняць, не выдаючы сябе нiякiм рухам.
Лежачы нерухома, ён ледзь расплюшчыў вочы i ўбачыў, што яго здагадка апраўдалася. Прышэлец наблiжаўся. Ён быў футаў за дваццаць, i боль, ад якога Карсан апрытомнеў, прычынiў яму кiнуты Прышэльцам на ўсякi выпадак камень.
Ён ляжаў нерухома. Прышэлец наблiжаўся. За пятнаццаць футаў ён спынiўся. Карсан затаiў дыханне.
Ён з усяе сiлы стараўся, каб у яго ў галаве не было нi адзiнай думкi, iнакш тэлепатычныя здольнасцi ворага падкажуць яму, што Карсан пры памяцi. Ды тут на яго мозг з ашаламляльнай сiлай абрынулiся Прышэльцавы думкi.
Ён адчуў дзiкi жах ад гэтых зусiм чужых, iнакшых думак, якiя ён адчуваў, але не мог нi зразумець, нi выказаць, бо нi ў адной зямной мове не знайшлося б для iх слоў, нi ў адной зямной душы – уяўленняў. Ён падумаў, што думкi павука, цi багамола, цi марсiянскай пясчанай змяi, калi б яны набылi розум, здалiся б у параўнаннi з гэтым роднымi i мiлымi.
Ён цяпер зразумеў, што тая таямнiчая iстота мела рацыю. Чалавек або Прышэлец – ва ўсiм сусвеце было месца толькi аднаму з iх. Яны былi далей адзiн ад аднаго, чым Бог i д'ябал, – памiж iмi не магло быць нават раўнавагi.
Блiжэй. Карсан чакаў, пакуль ён наблiзiцца на некалькi футаў, пакуль ён працягне да яго свае шчупальцы...
I тут, забыўшыся пра ўсе свае пакуты i сабраўшы астатнiя сiлы, ён сеў, занёс гарпун i кiнуў яго.
Прышэлец, з глыбока ўваткнутай у яго зброяй, пакацiўся прэч. Карсан паспрабаваў устаць, каб кiнуцца наўздагон, ды не змог. Ён упаў i папоўз услед за працiўнiкам.
Вяроўка разматалася i пацягнула Карсана за руку. Яго працягнула яшчэ некалькi футаў, потым нацяжэнне аслабла. Карсан усё рухаўся наперад, падцягваючыся рукамi па вяроўцы.
Прышэлец спынiўся, размахваючы шчупальцамi i дарэмна спрабуючы выцягнуць гарпун. Здавалася, ён задрыжаў, а потым, вiдаць, зразумеўшы, што яму не ўцячы, пакацiўся назад да Карсана, працягнуўшы да яго кiпцюрыстыя шчупальцы.
Карсан сустрэў яго з нажом у руцэ. Ён наносiў удар за ўдарам, а гэтыя жахлiвыя кiпцюры рвалi яго скуру i мяса.
I раптам Прышэлец застыў нерухома.
Зазванiў званок. Карсан расплюшчыў вочы, але не адразу сцямiў, дзе ён i што з iм. Ён быў прышпiлены да сядзення свайго касмалёта, i на экране перад iм не было нiчога, акрамя касмiчнай пустаты. Нiякага працiўнiка, нiякай неймавернай планеты.
Званок выклiку працягваў звiнець – нехта хацеў, каб ён адказаў. Чыста рэфлекторным рухам Карсан працягнуў руку i перакiнуў тумблер.
На экране з'явiўся твар Брандэра – капiтана суднабазы "Магелан". Ён быў бледны, а вочы ў яго ўзрушана ззялi.
– Карсан! Я – "Магелан", – гаркнуў ён. – Адбой. Усё кончылася! Мы перамаглi!
Экран патух – Брандэр выклiкаў астатнiх патрульных. Паволi Карсан вывеў свой карабель на зваротны курс. Паволi, не верачы сваiм вачам i вушам, ён адшпiлiўся ад крэсла i пайшоў да крана напiцца. Чамусьцi ён адчуваў страшную смагу. Ён выпiў шэсць шклянак.
Потым ён прыхiнуўся да сцяны, збiраючыся з думкамi. Цi было ўсё гэта на самай справе? Ён цэлы i здаровы. Смага была хутчэй уяўнай, чым сапраўднай: горла ў яго зусiм не перасохла. Нага...
Ён задраў штанiну i паглядзеў на лытку. Там быў доўгi белы шрам, але ён даўно загоiўся. Раней нiякага шрама тут не было. Ён расшпiлiў маланку на куртцы i ўбачыў, што яго грудзi i жывот пасечаны малюсенькiмi, амаль незаўважнымi i таксама зусiм загоенымi шрамамi. Гэта было на самай справе.
Аўтапiлот ужо ўводзiў яго касмалёт у трум базы. Захваты паклалi яго на месца, i праз iмгненне зумер паведамiў, што шлюз запоўнены паветрам. Карсан адчынiў люк i выйшаў вонкi праз падвойныя дзверы шлюза.
Ён накiраваўся проста ў кабiнет Брандэра, увайшоў i аддаў чэсць.
Брандэр выглядаў крыху ашалелым.
– Прывiтанне, Карсан, – сказаў ён. – Ты такое прапусцiў. Вось гэта была карцiна!
– Што здарылася, сэр?
– Добра не ведаю. Мы далi адзiн залп, i ўвесь iх флот рассыпаўся на пыл! Штосьцi такое iмгненна перакiнулася з карабля на карабель – нават на тыя, у якiя мы не цэлiлiся i якiя былi за межамi нашага агню. Увесь флот быў знiшчаны на нашых вачах, а ў нас нiводнай драпiны. Мы нават не можам прыпiсаць сабе гэты гонар. Напэўна, у iх метале была нейкая нестабiльная састаўная частка, i наш прыстрэлачны стрэл выклiкаў рэакцыю. Ух, што было! Шкада, што ўсё абышлося без цябе.
Карсану ўдалося ўсмiхнуцца. Гэта было вартае жалю падабенства ўсмешкi толькi праз шмат дзён ён перажыве ўсё, што адбылося, – але капiтан не глядзеў на яго i нiчога не заўважыў.
– Так, сэр, – сказаў ён. Здаровы сэнс, а не сцiпласць падказаў яму, што ён навек праславiцца як сама апошнi iлгун ва ўсiм космасе, калi прагаворыцца хоць словам. – Так, сэр, шкада, што ўсё абышлося без мяне.