355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Франсуа Мориак » Клубок гадзюк (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Клубок гадзюк (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 31 октября 2016, 01:22

Текст книги "Клубок гадзюк (на белорусском языке)"


Автор книги: Франсуа Мориак


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 11 страниц)

– А ўсё ж такi добра было б, каб вы мне напiсалi пiсьмо... Ну, нешта такое, што вы пры ясным розуме i поўнай свядомасцi завяшчаеце мне без нiякага прымусу сваю маёмасць... Гэта можа мне вельмi спатрэбiцца... Хто ведае... Дый на душы ў мяне было б лягчэй... А то, ведаеце, раптам усё раскрыецца – мяне ж вашыя дзецi ў крадзяжы абвiнавацяць...

Ён змоўк, купiў сабе кiтайскiх арэхаў i накiнуўся на iх так, нiбы цэлы тыдзень нiчога не еў. I раптам спытаўся:

– Вось цiкава мне, а што яны вам зрабiлi?

– Бяры, пакуль даюць, i не задавай больш пытанняў, – суха адказаў я.

Яго мяккiя шчокi пачырванелi. На твары з'явiлася пакрыўджаная нацягнутая ўсмешка, якой, мусiць, ён адказвае на папрокi свайго гаспадара, – i тады блiснулi яго здаровыя белыя вострыя зубы – адзiнае, што ўпрыгожвае гэтага няўклюду.

Ён зноў змоўк i ўзяўся за арэхi. Не скажу, каб ён выглядаў надта шчаслiвым. Вiдаць, фантазiя ўжо малявала яму ўсялякiя непаразуменнi з палiцыяй, з маiмi дзецьмi... I трэба ж было мне трапiць на такога! Усюды бачыць толькi небяспеку... Мне захацелася трохi развесялiць яго.

– У цябе ёсць сяброўка? – у лоб спытаўся я. – Можаш цяпер ажанiцца, будзеш жыць з ёю, як багаты буржуа.

Ён зрабiў нейкi няпэўны жэст i заклапочана пакiваў галавой. А я спакушаў далей:

– Ды цяпер ты можаш ажанiцца з кiм захочаш. I калi ёсць у цябе на прыкмеце жанчына i здаецца табе непрыступнай...

Рабэр навастрыў вушы, i ўпершыню я ўбачыў, як загарэўся ў яго вачах агеньчык маладой страсцi.

– Няўжо я змагу ажанiцца з мадмуазэль Бружэр?

– А хто яна, гэтая мадмуазэль Бружэр?

– Ды не... Я пажартаваў. Гэта старшая прыказчыца ў нашай краме. Такая жанчына! Але што я для яе... Пустое месца... Яна i ў мой бок не глядзiць...

Я запэўнiў яго, што нават з дваццатай часткай таго багацця, якое я даю яму, ён зможа ўзяць замуж самую лепшую "старшую прыказчыцу" ў Парыжы.

– Ах, мадмуазэль Бружэр! – паўтарыў ён. – Не, куды там!..

Боль у сэрцы не праходзiў. Я паклiкаў афiцыянта i хацеў разлiчыцца, але Рабэр апярэдзiў мяне:

– Не, не. Што вы! Я сам.

Я з задавальненнем паклаў свае грошы назад у кiшэню. Мы ўсталi. Музыканты ўжо складалi свае iнструменты. Патухлi гiрлянды электрычных лямпачак. Рабэру не трэба было асцерагацца, што яго ўбачаць разам са мной.

– Я правяду вас, – сказаў ён.

Сэрца ныла. Я папрасiў Рабэра не iсцi так хутка i сказаў яму, што мне спадабалася, што ён не спяшаецца дарвацца да грошай.

– Толькi вось калi сёння ноччу я памру, – дадаў я, – ты страцiш вялiкае багацце.

Ён пацiснуў плячыма i даволi абыякава аднёсся да такой бяды. Хоць у цэлым я, вядома, парушыў спакой гэтага маладога чалавека. Ростам ён быў ужо роўны са мной. А цi набудзе ён калi-небудзь арыстакратычныя замашкi? Вельмi ўжо нiкчэмны выгляд меў гэты прыказчык, мой сын, мой спадчыннiк... Я паспрабаваў надаць нашай размове душэўны характар, пачаў гаварыць яму, што страшэнна каюся, перажываю, пакутую, што пакiнуў без дапамогi яго з мацi. Ён, мусiць, здзiвiўся: ён лiчыў, што я абышоўся з iмi "па-людску". Як-нiяк хоць грошы пасылаў... Ёсць такiя, хто й гэтага не зрабiў бы. I дадаў страшныя словы: "Тым больш што не вы першы ў яе былi..."

Сынок, вiдаць, не меў нiякай спагады i лiтасцi да сваёй мацi... Падышлi да майго дома, i ён нечакана сказаў:

– Можа, мне памяняць прафесiю... Заняцца чым-небудзь такiм, каб бываць на бiржы... Тады прасцей было б растлумачыць, адкуль у мяне такiя грошы.

– I не думай, Рабэр! Ты што?! Звяжашся з бiржай – загiнеш!

Ён заклапочана глядзеў на тратуар.

– Я ўсё пра гэтыя падаткi думаю. А раптам iнспектар пачне дапытвацца...

– Зразумей жа ты нарэшце, што твае грошы будуць ляжаць у сейфе, i нiхто на свеце, акрамя цябе, не мае права адмыкаць сейф...

– Яно-то так. Але, ведаеце...

Я не вытрымаў i ляснуў дзвярыма перад яго носам.

XV

Калез.

У акно б'ецца муха. Перада мной бязлюдныя палеткi. Завывае вецер. Гонiць цяжкiя хмары. Iх цень плыве па раўнiне. Нечакана ўсё сцiхла. Мёртвая цiшыня... Так заўсёды бывае перад навальнiцай. "Тата, i вiнаграднiкi грому баяцца..." вось у такi самы дзень гадоў трыццаць таму назад так сказала наша Мары.

I зноў я ўзяў у рукi свой сшытак. Прыглядаюся да свайго почырку. Вось ён якi цяпер стаў... Я ўсё ж такi давяду да канца мой расказ. Цяпер я ведаю, каму прызначана гэтая споведзь. Давядзецца толькi знiшчыць тыя старонкi, ад якiх iм стане страшна. Я i сам сёе-тое не магу тут спакойна чытаць. Спыняюся на кожным радку, думаю, успамiнаю. Вось такi я чалавек, чалавек сярод людзей, такi я... Вас, можа, нудзiць ад такiх, як я, – а я тым не менш ёсць, я iсную...

У ноч з трынаццатага на чатырнаццатага лiпеня, калi я развiтаўся з Рабэрам, я ледзьве даплёўся да свайго пакоя i лёг у пасцель. Страшэнны груз душыў мяне. Я задыхаўся, а памiраць не памiраў... Акно было адчыненае. Калi б пакой мой быў на пятым паверсе!.. А так, з другога паверха, i не заб'ешся, толькi гэтая думка мяне i спыняе. Дрыготкай рукой ледзьве дацягнуўся да таблетак, якiя звычайна мне дапамагаюць.

Пад ранiцу нарэшце пачулi мой званок. Паклiкалi доктара, ён даў мне ўкол. Дыхаць стала лягчэй. Мне загадалi некалькi дзён не ўставаць з пасцелi. Моцны боль робiць нас вельмi паслухмянымi, i я баяўся нават пальцам паварушыць. Брыдкiя шпалеры ў маiм пакоi, смурод, дабiтая мэбля, святочны шум i гул у дзень Чатырнаццатага лiпеня – нiчога мяне не гняло: боль сцiх, а большага я i не хацеў. Неяк вечарам заходзiў Рабэр. Пасядзеў трохi i больш не паказваецца. А мацi яго прыходзiць кожны дзень. Дапамагае мне, робiць сякiя-такiя паслугi, прыносiць пошту (пiсьмы мне дасылалi да запатрабавання, – з дому, праўда, нiводнага радка).

Я не скардзiўся, трымаўся спакойна, лагодна i прымаў усе лякарствы, якiя мне прыносiлi. Пра наш сумесны план мацi гаварыць не хацела. "А куды спяшацца?" – i адразу пераводзiла гаворку на што-небудзь iншае. "Як куды спяшацца?" – уздыхаў я i паказваў на свае грудзi.

– Мая мама дажыла да васьмiдзесяцi гадоў, а прыступы ў яе былi цяжэйшыя, чым у вас, – супакойвала яна мяне...

Аднойчы ранiцай мне стала намнога лягчэй. Такiм бадзёрым я даўно сябе не адчуваў. Я прагаладаўся, але ўсё, што давалi ў гэтым доме, немагчыма было есцi. У мяне з'явiлася спакуслiвая думка схадзiць паабедаць у невялiкi рэстаранчык на бульвары Сэн-Жэрмэн. Кухня там была адмысловая. Дый каштавала ўсё нядорага. А то зойдзеш, бывала, у якi невядомы рэстаран i дрыжы, бойся, што зараз як налiчаць!..

На таксi даехаў да вулiцы Рэн. Прайшоўся трохi, каб паспрабаваць свае сiлы. Што ж, здаецца, здароўе маё пайшло на лад. Час быў яшчэ раннi – гадзiн дванаццаць, – i я вырашыў зайсцi ў кавярню "Дэ Маго" выпiць шклянку мiнеральнай вады. Сеў у мяккае крэсла i рассеяна глядзеў на бульвар...

Раптам мне кальнула ў сэрца. У акне на тэрасе кавярнi я ўбачыў знаёмыя вузкiя плечы, лысiну, сiваватую патылiцу, адтапыраныя вушы... Хюбэр... Ён унурыўся ў газету i з-за сваёй блiзарукасцi амаль носам вадзiў па радках. Наўрад цi ён мяне бачыў. Сэрца маё памалу супакойвалася. Мяне нават ахапiла нейкая радасць: я за табой сачу, а ты, дурань, i не падазраеш...

Цiкава!.. Я зусiм не здзiвiўся б, калi б сустрэў свайго сынка дзе-небудзь у шыкоўным рэстаране на Вялiкiх бульварах. Але тут!.. Як ён апынуўся ў гэтым квартале?.. Значыць, прыйшоў ён сюды з нейкай мэтай... Я вырашыў пачакаць. Загадзя расплацiўся за мiнеральную, каб можна было адразу пайсцi, калi спатрэбiцца.

Хюбэр кагосьцi чакаў i ўсё паглядаў на гадзiннiк. Я крыху здагадваўся, хто зараз крадком падыдзе да яго, i быў амаль расчараваны, калi пад'ехала таксi i адтуль вылез мой дарагi зяць Альфрэд. Ён быў у пiжонiстым саламяным капелюшы-канацье. Пакiнуўшы далёка жонку, гэты саракагадовы таўстун зусiм ажыў. Вунь як выфранцiўся: белы касцюм, яркiя жоўтыя туфлi... На фоне гэтай правiнцыяльнай крыклiвасцi вельмi добра выглядаў Хюбэр у сваiм строгiм элегантным касцюме. Ну, гэты-то ўмее глядзець сябе. Недарэмна Iза гаворыць пра яго: "Апранаецца, як сапраўдны Фандадэж".

Альфрэд зняў капялюш i выцер потны лоб. Потым залпам выпiў чарачку каньяку. Хюбэр устаў i паглядзеў на гадзiннiк. Я падрыхтаваўся iсцi следам за iмi. Мусiць, пойдуць браць таксi. Што ж, я зраблю тое самае i высачу iх. Хоць, вiдаць, не так гэта будзе проста. Добра ўжо тое, што я ўбачыў... Я пачакаў, пакуль яны адышлiся. У таксi яны не селi... Пехатой пайшлi цераз плошчу. Пра нешта гамоняць i кiруюць у бок Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ... Вось дзе нечаканасць, вось дзе цуд: абодва зайшлi ў царкву!.. Наўрад цi палiцэйскi, якi бачыць, што злодзей сам лезе ў пастку, адчувае такую радасць, як я ў той момант. Я аж задыхаўся ад радасцi. Я зноў трохi пачакаў – яны маглi хутка вярнуцца: сын мой блiзарукi, затое ў зяця вочы як у ястраба. Я ледзьве прымусiў сябе пастаяць пару хвiлiн на тратуары, а потым таксама падаўся ў царкву.

Было гэта ў пачатку першай гадзiны. Асцярожна прайшоўся я па цэнтральным нефе. Людзей было мала, i хутка я пераканаўся, што тых, каго я шукаў, тут не было. На нейкае iмгненне я засумняваўся: можа, яны бачылi мяне i зайшлi сюды, каб заблытаць сляды, а самi выйшлi цераз бакавыя дзверы. Я павярнуў назад i, хаваючыся за вялiзнымi калонамi, пайшоў па правым бакавым прыдзеле. I раптам у самым цёмным кутку, у глыбокай нiшы, я ўбачыў iх. Абодва сядзелi на крэслах, а пасярод iх затаiлася яшчэ адна згорбленая, пакорлiвая асоба. Прысутнасць гэтага чалавека мяне зусiм не здзiвiла. Некалькi хвiлiн назад у кавярнi я чакаў, што менавiта гэты нiкчэмны чарвяк Рабэр падпаўзе да столiка майго законнага сына.

Я прадчуваў такую здраду, але ўсё адганяў ад сябе гэтую думку. Пасля самай першай сустрэчы з Рабэрам мне стала ясна, што ў гэтага шчанюка, гэтага раба не хопiць адвагi, каб паслухацца мяне. Дапускаў я i тое, што мацi гэтага дурня, якая занадта добра помнiць свае непрыемнасцi з прадстаўнiкамi правапарадку, напэўна ж будзе раiць сыну ўпотай згаварыцца з маёй сям'ёй i прадаць мой сакрэт як мага даражэй... I шкада, i агiдна было мне глядзець на Рабэра: моцна яго зацiснулi гэтыя два кiты! Адзiн з iх – Альфрэд – неблагi хлопец, як кажуць. Думае толькi пра сваю выгаду, далей свайго носа нiчога не бачыць (што, зрэшты, iдзе яму на карысць). А вось другi – сынок мой Хюбэр!.. У гэтага ёсць i празорлiвасць, i асцярожнасць, i вострыя iклы, i выключная ўладарнасць над людзьмi (рыса, канешне, атрыманая ад мяне). Рабэр тут, вядома, бездапаможны... Я сачыў за iмi з-за калоны так, як глядзiш часам на барацьбу павука i мухi, калi ўжо загадзя ведаеш, што зараз ад аднаго ўдару загiне i павук i муха. Рабэр усё нiжэй i нiжэй схiляў сваю галаву. А пачынаў ён, мусiць, бадзёра: "Усё дзелiм папалам!" Гэты звярок, бачыце, убiў сабе ў галаву, што сiла на яго баку... Эх, дурань!.. Ды з таго моманту, як ты падаў свой голас, цябе адразу раскусiлi, i не табе цяпер ставiць умовы... I толькi я, сведка гэтай барацьбы, бачыў яе абсалютную безнадзейнасць i непатрэбнасць! Я адчуваў сябе як усемагутны Бог! Я збiраўся знiшчыць гэтых гнюсных насякомых, растаптаць гэтых мярзотных гадзюк, i цiхенька смяяўся.

Прайшло яшчэ хвiлiн дзесяць, i Рабэр зусiм анямеў. Затое ўвесь час гаварыў Хюбэр, – вiдаць, аддаваў распараджэннi, а малады чалавек пакорлiва слухаў i ўгодлiва кiваў галавой. Ён усё больш горбiўся: спiна была ўжо зусiм круглая. Альфрэд развалiўся ў саламяным крэсле, закiнуў нагу на нагу i зрэдку задаволена адкiдаў назад галаву, i я мог бачыць яго чорную бараду, яго вясёлы тлусты твар.

Нарэшце яны ўсталi i не спяшаючыся пайшлi да выхаду. Я рушыў следам. Панура плёўся Рабэр, нiбы злодзей памiж двума жандарамi. Нязграбнымi чырвонымi рукамi камячыў ён свой паношаны шэры капялюш. I ў той самы момант, калi я падумаў, што больш тут ужо нiхто мяне нiчым не здзiвiць, я ўбачыў, як Хюбэр адстаў ад Альфрэда i Рабэра, апусцiў руку ў крапiльнiцу са "святой вадой", павярнуўся да алтара i ўрачыста перахрысцiўся.

Больш мне не было куды спяшацца. Навошта турбавацца, сачыць за iмi далей? Цяпер я ведаў, што сёння ўвечары або заўтра ранiцай Рабэр прымчыцца да мяне, скажа, што ён з усiм згодны, i будзе прасiць хутчэй брацца за наш план. Як жа мне яго сустрэць? Трэба падумаць. Часу ў мяне яшчэ хапае... Я стамiўся i прысеў перадыхнуць. Сынава ханжаства, яго пачварны жэст перад алтаром... "святая вада...". Вось што ашаламiла мяне, вось што балюча паранiла мяне i засланiла сабой усё астатняе!..

Маладзенькая, сцiпла апранутая дзяўчына села побач, паклала нейкi клуначак i стала на каленi. Я добра бачыў яе профiль, крыху схiленую наперад шыйку. Погляд яе быў прыкаваны да таго самага алтара, на якi так урачыста хрысцiўся Хюбэр...

Зайшлi два семiнарысты. Адзiн высокi, худы, – ён нечым нагадаў мне абата Ардуэна. Другi быў невялiчкага росту, з пухленькiм дзiцячым тварам. Яны таксама ўкленчылi i застылi. Вочы iх умольна ўпiвалiся ў алтар. А я не мог зразумець, што яны там бачаць. "Ну што, – думаў я, – нiчога тут асаблiвага няма, акрамя цiшынi, халадку, паху ладану, воску ды каменных сырых сцен..." I зноў мой позiрк спынiўся на твары маладзенькай дзяўчыны. Цяпер вочы яе былi заплюшчаныя. У яе былi доўгiя вейкi, i мне ўспомнiлiся заплюшчаныя вочы нашай Мары, калi яна ляжала ў труне. Я адчуваў, што вось тут, зусiм блiзка, побач са мной, i разам з тым бясконца далёка ад мяне, iснуе невядомы мне свет дабрынi... Iза часта гаварыла мне: "Ты бачыш усюды благое, адно толькi благое..." Гэта было i праўда, i няпраўда.

XVI

Абедаў я з добрым настроем. Такой раскаванасцi, свабоды, упэўненасцi даўно я не адчуваў. Нiбы здрада Рабэра не толькi не перакрэслiла ўсiх маiх планаў, а, наадварот, паспрыяла iм. У маiм узросце чалавеку, жыццё якога можа абарвацца ў кожную хвiлiну, не варта шукаць прычын перамены свайго настрою: яны фiзiялагiчныя. Мiф аб Праметэю недарэмна сцвярджае, што ўвесь сусветны смутак залежыць ад печанi. Але хто адважыцца прызнаць такую простую, грубую iсцiну? Боль пакiнуў мяне. Я з задавальненнем з'еў смажанае мяса з кроўю. Я радаваўся, што кавалак дастаўся мне вялiкi i не давядзецца трацiць грошы на другiя стравы. А на дэсерт вырашыў узяць сыру – тады i пад'ясi, i танна заплацiш.

Як жа мне быць з Рабэрам? Трэба нешта прыдумаць, але я стамiўся i не магу засяродзiцца. А зрэшты, нашто мне задурваць сабе галаву нейкiмi планамi? Лепш за ўсё – экспромт. Не хацеў я нiчога планаваць i ўсё ж смакаваў, наперад адчуваў тую асалоду, што чакае мяне: хiба гэта не ўцеха, хiба гэта не радасць – пагуляць, як кошка, з гэтым дурным мышанём, Рабэрам. А ён жа, вядома, i не здагадваецца, што я дазнаўся пра яго здраду... Жорсткi я цi не? Бадай, жорсткi. Але не болей, чым iншыя, чым дзецi цi жанчыны. Жорсткi – як i ўсе (i тут мне ўспомнiлася маладзенькая дзяўчына з царквы Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ) – як i ўсе тыя, хто не шануе Хрыста.

Я вярнуўся на таксi ў свой пакойчык на вулiцы Брэа i прылёг адпачыць. Студэнты, якiя займалi большасць пакояў у гэтым доме, раз'ехалiся на вакацыi. Было цiха i спакойна. I ўсё ж пакойчык мой з такой беднай мэбляй i не вельмi чыстымi фiранкамi нiяк не назавеш утульным. Ад ложка ў стылi Генрыха II паадклейвалiся маленькiя кавалачкi драўлянай разьбы. Чыясьцi дбайная рука сабрала iх i паклала ў бронзавы кубачак, што стаяў на камiне. На глянцавiтых шпалерах з муаравым узорам скрозь плямы. Нават пры адчыненым акне пах ад начной прыгожай тумбачкi, аблiцаванай чырвоным мармурам, стаяў у паветры. Стол быў засланы абрусам гарчычнага колеру... Вось такое тут было "абсталяванне" узор недарэчных, безгустоўных мяшчанскiх прэтэнзiй.

Прачнуўся я ад нейкага шоргання. Расплюшчыў вочы i ўбачыў перад сабой Рабэраву мацi. Яна лiслiва ўсмiхалася. I калi б нават я нiчога не ведаў пра здраду яе сынка, то адна толькi гэтая ўсмешка навяла б мяне на нядобрыя думкi. Празмерная ласкавасць, угодлiвасць – надзейныя прыкметы вераломнага ўчынку. Я, аднак, таксама ўсмiхнуўся i пахвалiўся, што адчуваю сябе многа лепш. Дваццаць гадоў назад у яе быў не такi тоўсты нос. Прыгожы круглы роцiк тады быў запоўнены двума радамi моцных белых зубоў, якiя атрымаў сабе ў спадчыну Рабэр. А сёння яна шырока ўсмiхнулася, i я ўбачыў устаўныя скiвiцы. Яна, мусiць, iшла хутка, спацела, i едкi пах поту перабiваў нават "водар" ад прыгожай начной тумбачкi. Я папрасiў яе шырэй адчынiць акно. Яна паслухмяна ўстала, падышла да акна i насцеж расчынiла яго. Зноў вярнулася, зноў абдарыла мяне сваёй робленай усмешкай i прашчабятала, што цяпер, калi я паправiўся, Рабэр поўнасцю гатовы да "той самай справы". Заўтра, у суботу, хлопчык прыйдзе да мяне апоўднi. Я нагадаў ёй, што ў суботу пасля абеду банкi не працуюць. Тады яна сказала, што Рабэр адпросiцца з работы ў панядзелак. Яго абавязкова адпусцяць, а, зрэшты, можна i не адпрошвацца: няма чаго цяпер баяцца гаспадара.

Яна моцна здзiвiлася, калi я рашуча запярэчыў i сказаў, каб Рабэр не звальняўся з працы яшчэ некалькi тыдняў. Развiтваючыся, яна паабяцала зайсцi да мяне заўтра разам з сынам, але я адказаў, што буду чакаць Рабэра аднаго i хачу пагаварыць з iм сам-насам, каб лепш, глыбей пазнаёмiцца з юнаком i навучыць яго сяму-таму... Бедная дурнiца не магла схаваць сваёй заклапочанасцi: яна, вядома, баялася, каб сын не выдаў сябе. Аднак, калi я гавару сваiм прывычным рашучым голасам i свiдрую субяседнiка сваiм суровым позiркам, нiхто i не адважыцца спрачацца са мною. Вось так, дарагая, сама ж падвучыла сынка пайсцi на змову з маёй сям'ёй!.. Я вельмi добра ведаў гэтага баязлiўца, гэтага недарэку, каб уявiць сабе, як заўтра будзе ён калацiцца перада мной.

Калi назаўтра ранiцай няшчасны Рабэр пераступiў мой парог, я адразу зразумеў, што адпакутаваў ён за гэтую ноч больш, чым я мог меркаваць. Павекi яго пачырванелi, апухлi, – спаць яму, вiдаць, нi хвiлiнкi не давялося. Па-зладзейску бегалi вочкi... Я запрасiў яго сесцi i са спачуваннем сказаў, што мне не падабаецца яго хваравiты выгляд. Словам, я быў з iм лагодны, амаль пяшчотны. З зайздросным адвакацкiм красамоўствам я пачаў маляваць яму карцiны райскага бесклапотнага жыцця, якое адкрывалася перад iм. Я куплю яму ў Сэн-Жэрмэне дом, парк гектараў на дзесяць. Усе пакоi ў доме будуць абстаўлены старадаўняй мэбляй. У парку – сажалка, у ёй – цудоўная рыба. На двары – гараж на чатыры аўтамабiлi. Адна за адной на маладога чалавека сыпалiся ўсё новыя i новыя спакусы. Калi я загаварыў пра аўтамабiль i прапанаваў купiць машыну самай лепшай амерыканскай маркi, трэба было бачыць, якiя пакуты цярпеў гэты чалавек. Хутчэй за ўсё ён паабяцаў не прымаць ад мяне пры жыццi нiводнага франка.

– Больш цябе ўжо нiхто i нiшто не патрывожыць, – дадаў я. – Купчую падпiшаш сам. Я ўжо адклаў i ў панядзелак перадам табе некаторыя каштоўныя паперы, ад якiх ты будзеш мець гадавую рэнту сто тысяч франкаў. З такой сумай можна пакуль што спакойна жыць. А асноўная частка майго капiталу – у Амстэрдаме. На наступным тыднi мы з табой з'ездзiм туды i аформiм усе дакументы... Пачакай, Рабэр, што з табой?..

Ён прамармытаў:

– Не, не трэба... Я нiчога не вазьму ад вас... пакуль вы будзеце жыць... Не хачу я вас абкрадаць... Не хачу... Не трэба...

Ён стаяў, абапёршыся аб шафу, i грыз пазногцi на левай руцэ. Я пранiзваў яго сваiм пiльным позiркам, якога так баялiся ў судзе. Бывала, у некаторых падсудных падкошвалiся ногi ад такога погляду, i яны падалi на рукi жандараў...

А ў глыбiнi душы я быў нават удзячны Рабэру. Цяпер я мог жыць свабодна, незалежна ад яго. А магло ж так здарыцца, што дажываў бы я свой век разам з гэтым чарвяком. Не было ў мяне да яго i нянавiсцi. Я вырашыў адкiнуць яго са сваёй дарогi i не рабiць яму нiчога благога. I ўсё ж я не мог адмовiць сабе ў асалодзе трохi пазабаўляцца з iм:

– Як гэта прыгожа, Рабэр! Ты мяне парадаваў. Мяне вельмi кранула, што ты хочаш дачакацца маёй смерцi. Але я не прыму такой ахвяры. У панядзелак ты атрымаеш усё, што я абяцаў, а да канца тыдня я перавяду на тваё iмя астатнюю частку капiталу (ён замахаў рукамi, скрывiўся, нешта замармытаў). Як гэта разумець, Рабэр?! Мне ўсё гэта надакучыла! Або ты згадзiшся, або зусiм нiчога ад мяне не атрымаеш, – суха адрэзаў я.

Ён адвёў убок вочы i папрасiў пачакаць некалькi дзён, – хацеў выйграць час, каб напiсаць у Бардо i атрымаць адтуль адпаведныя ўказаннi. Ах ты iдыёт няшчасны!

– Рабэр, ты мяне здзiўляеш. Не разумею я цябе...

Я акiнуў яго, як мне здавалася, лагодным позiркам. Якая там лагоднасць?! Вочы ў мяне яшчэ горшыя, чым я сам. Рабэр ледзь чутна прашаптаў:

– Чаму вы на мяне так гледзiце?

– Чаму я на цябе так гляджу? – перапытаў я, мiжволi перадражнiваючы яго. А ты, чаму ты не можаш глядзець мне проста ў вочы?

Людзi, якiх усе любяць, ад прыроды ўмеюць знаходзiць менавiта тыя словы i жэсты, якiя прыцягваюць усе сэрцы. А я ўжо так прывык выклiкаць ва ўсiх страх i нянавiсць, што ў мяне i вочы, i бровы, i голас, i нават смех толькi падкрэслiваюць маю бессардэчнасць. Так было i цяпер: я хацеў надаць свайму позiрку лагоднасцi, паблажлiвасцi, а няшчасны хлапец курчыўся ад страху. Я ўсмiхнуўся, а ён успрыняў маю ўсмешку як злавесны знак бяды. I нарэшце – так апошнiм ударам дабiваюць жывёлiну – я нечакана спытаўся:

– Ну, а тыя, колькi ж паабяцалi яны?

Ашаломлены юнак з жахам i адчаем глянуў на мяне: "Х-хто т-тыя?.. Хто па-а-бяцаў?"

– Як хто? А тыя два месье: адзiн – тоўсты, другi – тонкi.

Мне ўжо хацелася хутчэй скончыць гэтую размову. Агiдна было працягваць такую гульню, але ж не адразу неяк адважышся раздушыць абцасам сараканожку...

– Ды супакойся ты! – сказаў я нарэшце. – Я дарую табе.

– Гэта не я... Я не хацеў... Гэта...

Я зацiснуў яму рот рукой. Не хапала яшчэ, каб гэты чарвяк абвiнавацiў ва ўсiм сваю мацi.

– Цiха! Не трэба нiкога называць... Ну, колькi абяцалi? Мiльён? Пяцьсот тысяч? Меней? Немагчыма! Трыста тысяч? Дзвесце?

– Не, – жаласна запiшчаў ён. – Нам абяцалi рэнту. Гэта нас i спакусiла, гэта надзейней. Дванаццаць тысяч франкаў у год.

– З сённяшняга дня?

– Не, калi яны спадчыну атрымаюць. Яны ж не маглi дадумацца, што вы можаце ўсё ўжо цяпер пакласцi на маё iмя. А цяпер позна ўжо... Цяпер яны мяне адразу ў суд... Хiба што ўсё схаваць ад iх... Ах, якi я быў дурань!.. Вось мне i кара...

I ён уткнуўся галавой у мой ложак i залiўся горкiмi слязьмi. Адна рука яго бездапаможна павiсла, вялiкая чырвоная рука, налiтая кроўю...

– Як-нiяк, а я ж ваш сын, – стагнаў ён. – Не адракайцеся ад мяне...

I нязграбным рухам ён паспрабаваў абняць мяне за шыю. Я даволi далiкатна не даў яму гэтага зрабiць. Потым падышоў да акна i сказаў:

– З першага жнiўня ты i твая мацi будзеце атрымлiваць паўтары тысячы франкаў у месяц. Я паклапачуся, каб гэтая рэнта выдавалася да канца твайго жыцця. Калi спатрэбiцца, яе перавядуць на iмя тваёй мацi. Мая сям'я нi ў якiм разе не павiнна ведаць, што я раскрыў вашу змову ў царкве Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ. (Ён аж падскочыў, калi пачуў гэтую назву.) Думаю, няма патрэбы папярэджваць цябе, што, калi ты не зможаш утрымаць язык за зубамi – страцiш усё. I яшчэ. Я змагу табе аддзячыць, калi ты будзеш трымаць мяне ў курсе ўсяго таго, што будзе задумвацца супраць мяне.

Цяпер-то ён добра ведаў, як цяжка ад мяне што-небудзь утаiць i як дорага будзе каштаваць яму яшчэ адна здрада. Я даў зразумець, што не жадаю больш бачыць нi яго самога, нi яго мацi. Пiсаць яны мне могуць да запатрабавання ў тое самае паштовае аддзяленне.

– Калi ад'язджаюць з Парыжа твае супольнiкi?

Ён запэўнiў мяне, што яны паехалi ўчора вечарам. Я рэзка спынiў яго, калi ён пачаў расшарквацца, дзякаваць i даваць абяцаннi. Ён, вядома, быў ашаломлены: нейкае казачнае бажаство, якому ён здрадзiў, то ўзнiмала яго да нябёс, то кiдала ў бездань, то зноў падхоплiвала... Сабой ён ужо не валодаў i аддаў усяго сябе ў рукi гэтаму бажаству. Выгнуўшы спiну, утулiўшы хвост, гэты сабака паўзком выносiў костку, якую я кiнуў яму... Раптам ён спахапiўся i спытаўся, як i цераз каго ён будзе атрымлiваць рэнту.

– Ты яе атрымаеш. Я заўсёды выконваю свае абяцаннi. Астатняе – не твая справа!..

Рука яго ўжо была на клямцы, а штосьцi не давала яму пайсцi. У поўнай нерашучасцi ён загаварыў:

– Добра было б цераз якую-небудзь страхавую арганiзацыю... ну, нiбыта гэта пажыццёвая рэнта цi яшчэ што-небудзь такое... Так было б спакайней...

Я з усёй сiлы выпхнуў яго за дзверы.

XVII

Я абапёрся аб камiн i машынальна пачаў лiчыць кавалачкi драўлянай разьбы, што ляжалi ў бронзавым кубачку.

Колькi марыў я пра гэтага незнаёмага сына! Усё маё бязрадаснае жыццё мяне нiколi не пакiдала адчуванне, што ён ёсць, падрастае, мужнее. Дзесьцi ёсць у мяне сын, мой сын, я знайду яго, калi захачу, i, можа, хоць ён стане мне ўцехай. Жыве ён не ў раскошы, але ад гэтага ён мне яшчэ блiжэйшы: мне прыемна было думаць, што ён нiчым не будзе нагадваць майго законнага сына Хюбэра. Мне бачыўся ён простым, здаровым, дужым – вартасцi, якiя так шануюць у народзе... Словам, на яго я ставiў сваю апошнюю карту. Я цвёрда ведаў: калi i яна будзе бiтая, то больш чакаць ад гэтага жыцця мне не будзе чаго, – застанецца толькi скруцiцца ў клубочак, адвярнуцца да сцяны i чакаць смерцi... За сорак гадоў, як мне здавалася, я звыкся з нянавiсцю – мяне ненавiдзелi, i я ненавiдзеў. А аказалася, як i ўсе людзi, я песцiў у душы iскрынку надзеi i, як мог, ашукваў свой душэўны голад... да самай апошняй мяжы... А цяпер усё было скончана.

Цяпер я пазбаўлены нават ганебнай асалоды строiць планы, як пазбавiць спадчыны тых, хто хацеў мне лiха. Рабэр навёў iх на мой след: у рэшце рэшт яны знойдуць усе мае сейфы, нават тыя, якiя запiсаны на чужое iмя. А можа, прыдумаць яшчэ што-небудзь? Эх! Пажыць бы яшчэ ды ўсё растрацiць! А потым памерцi... i каб у iх не было нават чым заплацiць за маю самую танную труну... Але пасля такога жыцця, калi ўсё падлiчвалася да апошняга сантыма, ашчаджалася, эканомiлася – хiба можна пасля такога жыцця стаць марнатраўцам?! Ды яшчэ ў маiм веку!.. А дзеткi мае, канешне ж, будуць сачыць за кожным маiм крокам. Не, не магу я кiдаць грошы на вецер – гэта дало б небяспечную зброю маёй сямейцы... Трэба было пачынаць усё гэта раней, памалу, пацiху... А цяпер – паспрабуй, разарыся! Куды ты падзенеш свае капiталы? Ах, забраць бы iх з сабой у магiлу, i там сцiскаць у абдымках гэтае золата, гэтыя купюры! I даказаць усiм святым, што багацце зямное можа паслужыць i на тым свеце!

А можа, стаць шчодрым дабрачынцам? Узяць ды паслаць у канторы грамадскай апекi або ў манастыры ахвяраваннi ад добрага чалавека, якi захацеў застацца невядомым? Магу ж я нарэшце забыцца пра сваiх ворагаў i падумаць пра iншых людзей?.. Але самае страшнае ў тым, што старасць – гэта вынiк цэлага жыцця, вынiк канчатковы, у якiм немагчыма памяняць нiводнай лiтары, нiводнай лiчбы, нiводнай коскi... Шэсцьдзесят восем гадоў ляпiў я з сябе гэтага старога, перапоўненага нянавiсцю да сваiх блiзкiх... Такiм я i памру. Якiм зрабiла мяне жыццё, такiм я i застануся! А як хацелася б стаць другiм! О, Божа, калi ты ёсць!..

Вечарэла. Прыйшла служанка, паслала мне пасцель, а аканiц не зачынiла. Я лёг. Вулiчны тлум i святло лiхтароў не перашкаджалi мне драмаць. Не раз я прачынаўся, – як у вагоне, калi цягнiк спыняецца, – i зноў засынаў. Я не адчуў сябе хворым, i ўсё ж мне здавалася, што варта толькi затаiцца i пачакаць, як сон гэты зробiцца вечным.

Мне заставалася зрабiць распараджэннi, каб Рабэру выплачвалi рэнту, ды схадзiць на пошту i забраць пiсьмы, калi яны там ёсць. Ужо тры днi я туды не заходзiў. Цяпер не зробiць гэтай паслугi i Рабэрава мацi. Гэтае чаканне невядомага, можа, самага важнага, самага патрэбнага пiсьма!.. Яно застаецца заўсёды з намi, нягледзячы нi на што! Вось вам доказ таго, што нельга нiколi чалавека пазбавiць надзеi! Нiкому не вырваць з нас гэтага жывучага пырнiку!..

Назаўтра я ўстаў апоўднi. Думка пра пiсьмы надала мне сiлы, i я пайшоў на пошту. Iшоў дождж, у мяне не было з сабой парасона, i таму я стараўся трымацца ля самай сцяны. Мусiць, нешта я рабiў не так: прахожыя паварочвалiся, прыглядалiся да мяне. А мне хацелася крыкнуць iм: "Што вы на мяне гледзiце? Што ўва мне незвычайнага? А можа, вы думаеце, што я вар'ят? Ну, тады нiкому не гаварыце, а то мае дзеткi адразу схопяцца за гэта. Ды не глядзiце вы на мяне гэтак: я такi, як i ўсе, – вось толькi родныя дзецi мяне ненавiдзяць i я мушу баранiцца ад iх. Але гэта зусiм не значыць, што перад вамi вар'ят. Часам я бываю ўзбуджаны – гэта ад лякарстваў: я хварэю на грудную жабу. Я гавару сам з сабою. Ну i што? Я заўсёды адзiн. А чалавеку абавязкова трэба з кiм-небудзь гаварыць. Дык што ж тут незвычайнага, калi адзiнокi чалавек нешта мармыча i робiць нейкiя жэсты".

У пакеце, якi мне выдалi на пошце, былi плацёжныя паведамленнi, некалькi пiсем з банкаў i тры тэлеграмы. У тэлеграмах хутчэй за ўсё пойдзе гаворка пра нейкае маё распараджэнне на бiржы, якога маклер не змог выканаць. Я вырашыў зайсцi ў якую-небудзь забягалаўку паблiзу i там азнаёмiцца з поштай.

За доўгiмi сталамi сядзелi выпацканыя ў мел i цэмент муляры. Гэта былi людзi самага рознага ўзросту. Яны паволi дажоўвалi свае невялiкiя порцыi, запiваючы абед лiтрам вiна, i амаль усе маўчалi. Яны працавалi з самай ранiцы пад дажджом. З паловы другой iм зноў брацца за працу. Быў канец лiпеня. На вакзалах – натоўпы людзей... Цiкава, цi зразумелi б муляры мае пакуты? Напэўна. Хiба я, стары адвакат, мог сумнявацца ў гэтым? Ужо на першым сваiм працэсе я сутыкнуўся з даволi тыповай з'явай: сыны не хацелi кармiць свайго старога бацьку, перасварылiся памiж сабой, i кожны стараўся прагнаць бедачыну ад сябе. Праз кожныя тры месяцы стары мяняў свой прытулак. Усюды яго праклiналi. Сыны адкрыта наклiкалi на яго смерць, дый сам ён чакаў сваёй пагiбелi як паратунку... А колькi разоў пасля гэтага даводзiлася мне ўмешвацца ў такiя вось жорсткiя гiсторыi: стары бацька доўга супрацiўляецца i не хоча выпускаць з рук сваё дабро. А дзеткi просяць, моляць, залатыя горы абяцаюць... Нарэшце стары не вытрымлiвае i ўсё аддае, а дзецi потым мораць яго работай, голадам i зжываюць са свету... Нешта падобнае адчуў, вiдаць, на сваёй скуры вунь той стары худы, бяззубы муляр, якi сядзiць за два крокi ад мяне i марудна перацiрае хлеб голымi дзяснамi...

Цяпер нiкому не дзiва, што я, добра апрануты дзядок, сяджу ў гэтай забягалаўцы. Я жаваў кавалачак белага трусiнага мяса i глядзеў, як навыперадкi, адна за адной збягаюць па шыбе кроплi дажджу. Потым паспрабаваў разабраць прозвiшча гаспадара, якое было напiсана на тым баку вiтрыны. Я палез у кiшэнь па насоўку i намацаў сваю пошту. Надзеў акуляры i пачаў чытаць першую, што папалася ў рукi, тэлеграму: "Пахаванне мамы заўтра дваццаць трэцяга лiпеня адпяванне дзевяць гадзiн царква Сэн-Луi". Адправiлi тэлеграму сёння ранiцай, а тыя дзве былi пасланы пазаўчора з прамежкам у некалькi гадзiн. У адной паведамлялася: "Мама захварэла пры смерцi вяртайся", а ў другой: "Мама памерла..." Усе тры падпiсаны Хюбэрам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю