355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Франсуа Мориак » Клубок гадзюк (на белорусском языке) » Текст книги (страница 10)
Клубок гадзюк (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 31 октября 2016, 01:22

Текст книги "Клубок гадзюк (на белорусском языке)"


Автор книги: Франсуа Мориак


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 11 страниц)

Экран быў коса прыстаўлены да камiна. Я нагнуўся, хацеў адсунуць экран i паставiць яго як трэба, але ён упаў. Я ўбачыў чорны квадрат печкi, поўнай попелу. I ўспомнiў, як расказвала Жэнеўева пра апошнi дзень нябожчыцы ў гэтым маёнтку: "...Спалiла ў камiне стос пiсем... Мы нават падумалi, што загарэлася сажа ў комiне..."

Толькi ў гэты момант я зразумеў: яна адчувала наблiжэнне смерцi. Немагчыма адначасна думаць пра сваю смерць i пра смерць другiх людзей. Тады я сам жыў з неадчэпнай думкай, што вось-вось памру, i зусiм не заўважаў жончынай нямогласцi. "Нiчога страшнага, што зробiш: узрост..." – гаварылi бяздумныя нашы дзецi. Але сама Iза ў той дзень, калi распальвала гэты камiн, ужо добра ведала: жыццё пачало адлiчваць ёй апошнiя гадзiны. Ёй захацелася знiкнуць зусiм, сцерцi ўсе сляды свайго iснавання. Я глядзеў, як вецер падварушвае шэры попел у камiне. У кутку стаялi шчыпцы, якiмi карысталася Iза. Я схапiў iх i пачаў разграбаць попел. Я раскопваў гэтую кучку праху, нiбы там была схавана таямнiца майго жыцця, таямнiца нашых абодвух жыццяў. Чым глыбей даходзiлi мае шчыпцы, тым больш спрасаваны быў попел... I вось мне трапiлася некалькi кавалачкаў паперы. Яны, мусiць, былi ў сярэдзiне тоўстага стосу пiсем i таму ацалелi. Але на iх толькi паасобныя словы i незразумелыя абрыўкi фраз. Усё было напiсана адным почыркам. Рукi мае дрыжалi, я ўпарта працягваў свае раскопкi. На маленькiм кавалачку, выпацканым у сажу, мне ўдалося прачытаць слова "pax"*, а пад маленькiм крыжыкам стаяла: "23 лютага 1913 г." i пачатак: "Дарагая дачушка..." Я старанна спрабаваў разабраць абрыўкi фраз на абгарэлай з бакоў старонцы, але ўзнавiць змог толькi вось што: "Не вы несяце адказнасць, што гэты хлопчык выклiкае ў вас пачуццё нянавiсцi. Вы былi б вiнаватыя толькi ў тым выпадку, калi б паддалiся гэтай нянавiсцi. А вы, наадварот, стараецеся..." З вялiкiм намаганнем я яшчэ прачытаў: "...залiшне смела вы судзiце мёртвых... яго прыхiльнасць да Люка яшчэ не даказвае..." Далей агонь усё знiшчыў, акрамя вось гэтай фразы: "Даруйце, даруйце яму вiну, хоць вы i не ведаеце якую. Даруйце..."

* Мiр (лац.).

У мяне яшчэ будзе час падумаць над гэтым. А цяпер – трэба шукаць, шукаць яшчэ. Я сагнуўся да самай падлогi, цяжка было дыхаць, але я шукаў. I вось яшчэ знаходка! Я выцягнуў з попелу запiсную кнiжку. Агонь нiбы злiтаваўся над ёю... Але там – нiводнай старонкi, адны вокладкi... Толькi на адваротным баку пераплёту я разабраў некалькi слоў: "Букет духоўны", а крыху нiжэй: "Не завуць мяне "Той, хто праклiнае", iмя маё – Iсус". ("Аб Хрысце", святы Францыск Сальскi*).

* Францыск Сальскi (1567-1622) – багаслоў, каталiцкi епiскап Жэневы; пасля смерцi быў кананiзаваны. Паводле легенды, да яго нiбыта з'явiўся Хрыстос; iх "гутаркi" Францыск Сальскi выклаў у сваiх пiсаннях.

Далей iшлi iншыя рэлiгiйныя выслоўi, але прачытаць iх было немагчыма. Дарэмна я зноў корпаўся ў попеле. Больш ужо я нiчога не знайшоў. Я ўстаў, паглядзеў на свае брудныя рукi. У люстэрку ўбачыў, што i лоб мой выпацканы ў сажу. Як некалi ў маладосцi, мяне ахапiла жаданне пайсцi куды-небудзь у поле i хадзiць, хадзiць... Я забыўся пра сваё хворае сэрца i хутка збег па лесвiцы.

Упершыню за гэтыя тыднi я пайшоў на вiнаграднiкi. Там доўгiя рады, адзiн за адным, вызвалялiся ад ягад i рыхтавалiся да зiмовага сну. Краявiд быў чысты, ясны, празрысты, блакiтна-пералiвiсты, як тыя мыльныя бурбалкi, што калiсьцi пускала з саломiнкi Мары. Сонца i вецер падсушылi каляiны i глыбокiя адбiткi валовых капытоў на дарозе. Я iшоў i нёс у сабе невядомы мне раней вобраз Iзы – вобраз жанчыны, мацi, якую раздзiралi моцныя пачуццi... I адзiн толькi Бог мог iх утаймаваць... Гэтую памяркоўную жанчыну з'ядала рэўнасць да роднай сястры. Маленькi Люк быў ёй ненавiсны... Жанчына, сама мацi ўзненавiдзела нi ў чым не вiнаватага хлопчыка... Чаму? Зайздросцiла? Баялася за сваiх дзяцей? Я ж любiў Люка больш, чым iх... Але яна ненавiдзела i Марынету... I прычынай таму быў таксама я... Якi жах! Памерла Марынета, памёр Люк, памерла Iза. – Усе памерлi, памерлi, памерлi! А я, стары, дабiты чалавек, стаю перад той самай магiлай, што забрала iх, i радуюся – радуюся таму, што не быў абыякавы той жанчыне-нябожчыцы, што выклiкаў у яе душы такiя буры.

Смешна. Я кашляў, задыхаўся i сапраўды смяяўся, схапiўшыся рукой за падпорку, да якой прывязваюць вiнаградную лазу... А перада мной, як кiнуць вокам, у блакiтнай смузе адкрывалiся бясконцыя палеткi, вёскi з залатымi царкоўнымi макаўкамi, дарогi з таполевымi прысадамi. Сонца ўжо садзiлася, i яго промнi ледзь-ледзь даходзiлi да гэтай пакутлiвай грэшнай зямлi... Цяпер я поўнасцю адчуў, на ўсе вочы ўбачыў сваё злачынства. Страшным было не толькi гэтае мярзотнае гняздо гадзюк, гэтая нянавiсць да родных дзяцей, прага помсты, сквапнасць, хцiвасць, самае страшнае было тое, што я нiчога не бачыў, акрамя сплеценых памiж сабой ядавiтых гадзiн. Я прывык, i трымаўся за гэты гнюсны клубок, нiбы ён стаў маiм сэрцам, нiбы ўдары сэрца майго змяшалiся з кiшэннем гэтых злавесных гадзюк. Мала таго што больш як паўстагоддзя я бачыў самога сябе ў крывым люстэрку, ведаў пра сябе толькi тое, што на самай справе не было мной, я i iншых як след не разгледзеў i не ведаў. Мяне заварожвала тая нiкчэмная хцiвасць, якую я ўгадваў на тварах сваiх дзяцей. У Рабэра я прыкмецiў толькi тупасць, падманлiвая знешнасць усё засланяла ад мяне. Нiколi вонкавы выгляд людзей не быў для мяне той абалонкай, якую абавязкова трэба сарваць, каб убачыць сутнасць чалавека... Гэтае адкрыццё мне трэба было зрабiць у трыцдаць, сорак гадоў!.. А цяпер што?! Позна! Сэрца маё ледзьве б'ецца. Апошнi раз бачу я, як восень закалыхвае вiнаграднiкi... Тыя, каго я павiнен быў любiць, памерлi. Няма на зямлi i тых, хто мог бы мяне любiць. Ну, а да тых, хто яшчэ жыве, не знайсцi мне дарогi: нi сiл, нi часу спазнаць iх унутраны свет у мяне ўжо няма. Усё ўва мне: i голас, i рухi, i смех належаць таму пачварнаму вылюдку, якога я супрацьпаставiў усяму свету, вылюдку, што носiць маё iмя...

Вось такiя думкi не давалi мне спакою, калi надвячоркам стаяў я ў вiнаграднiку i глядзеў на далёкiя сенажацi Iкэма, залiтыя апошнiмi промнямi сонца. Выпадак, пра якi я зараз раскажу, яшчэ больш праяснiў гэтыя думкi. Але я ўжо вяртаўся з iмi дамоў, да глыбiнi душы ўсхваляваны адчуваннем спакою, якi цiха апускаўся на зямлю. Ценi ад дрэў выцягнулiся, уся зямля замерла ў чаканнi... Далёкiя пагоркi нiбы згiналi спiну i, здавалася, чакалi, каб iх хутчэй накрылi туман i начная цемра – а тады яны, можа, лягуць, выцягнуцца i заснуць чалавечым сном.

Я спадзяваўся, што застану дома Жэнеўеву i Хюбэра: яны абяцалi прыехаць i павячэраць са мной. Упершыню ў жыццi я чакаў iх прыезду, радаваўся, што пабачуся з iмi. Мне карцела хутчэй паказаць iм сваю абноўленую душу. Нельга, нельга было губляць нi хвiлiны! Трэба хутчэй спазнаць iх, i яны няхай спазнаюць мяне! Цi паспею я толькi да смерцi праверыць сваё адкрыццё? Я птушкай палячу да сэрцаў сваiх дзяцей! I не будзе мне цяпер нiякiх перашкод! Я рассек клубок гадзюк i вельмi хутка заваюю iх любоў, i будуць яны плакаць, закрываючы мне вочы!..

Не, яны яшчэ не прыехалi. Я сеў на лаўку каля дарогi. Прыслухаўся: цi не пачуецца гул матора. Чым больш яны пазнiлiся, тым больш мне хацелася ўбачыць iх. Зноў падпоўз мой былы гнеў: я тут чакаю, хвалююся, а iм, значыцца, усё роўна!.. Гэта яны наўмысна!.. Потым я схамянуўся: цi мала якая магла быць прычына... Дарэмна я нервуюся.

Пазванiлi на вячэру. Я пайшоў на кухню сказаць Амелii, што трэба трохi пачакаць. Рэдка мяне бачылi ў гэтай кухнi з пачарнелымi бэлькамi, дзе пад столлю вiселi шынкi i кумпякi. Я падсеў блiжэй да агню. Па дарозе я чуў, як Амелiя i наш прыказчык Казо жартавалi. Варта толькi было мне зайсцi – яны змоўклi. Мяне заўсёды акружала атмасфера страху i павагi. Я нiколi не размаўляю са слугамi. I не таму, што я строгi гаспадар, не, – слугi проста не iснуюць для мяне, я iх не бачу, не заўважаю. Але сёння вечарам мне было неяк лягчэй, спакайней побач з iмi. Пакуль прыедуць дзецi, мне захацелася перакусiць тут, на кухнi, за тым сталом, дзе кухарка сячэ мяса. Казо адразу знiк, Эрнэст пачаў апранаць белую куртку, у якой ён заўсёды прыслужваў мне за сталом. Эрнэст маўчаў, маўчала i Амелiя. Гэтае маўчанне мяне прыгнятала. Мне стала не па сабе. Але дарэмна шукаў я слоў, каб хоць як парушыць гэтую нясцерпную цiшыню. Нi пра Амелiю, нi пра яе мужа я нiчога не ведаў. А яны ж аддана праслужылi ў нас больш як дваццаць гадоў! Нарэшце я ўспомнiў пра iх дачку. Яе аддалi замуж, здаецца, у Саўтэр. Неяк раз яна прыехала праведаць бацькоў i прывезла з сабой труса, за якога Iза не заплацiла, бо госця некалькi дзён пiла i ела ў нашым доме... Не паварочваючы галавы, я запытаўся:

– Ну што, Амелiя, як ваша дачка? Усё ў Саўтэры жыве?

Амелiя нахiлiла да мяне свой руды абветраны твар, уважлiва паглядзела на мяне i адказала:

– Што вы? Вы ж ведаеце, месьё, – яна памерла. Дваццаць дзевятага ў гэтым месяцы якраз дзесяць гадоў будзе. Хiба вы не помнiце?

Муж моўчкi, сурова паглядзеў на мяне. Напэўна, падумаў: "Прытвараецца толькi, а сам, нябось, усё помнiць..."

Я прамармытаў:

– "Прабачце... не хацеў... старасць, ведаеце..."

I, як звычайна, калi я бянтэжуся, у мяне вырваўся цiхi смяшок, – не змог я стрымаць гэтага недарэчнага смеху. А Эрнэст сказаў сваiм звычайным голасам: "Усё гатова, месьё. Прашу за стол". Я ўстаў i пайшоў у слаба асветленую сталовую, сеў насупраць таго месца, дзе заўсёды сядзела Iза. А вунь там, крыху злева, сядзела Жэнеўева, потым абат Ардуэн, а побач з iм – Хюбэр... Я пашукаў вачыма высокага крэселка Мары, што калiсьцi стаяла памiж акном i буфетам. Потым яно служыла Янiне, а потым яе дачцэ... Да яды амаль не дакрануўся. Страшны быў позiрк чалавека, якi прыслужваў мне за сталом...

У гасцiнай гарэў камiн. Ярка палала сухая вiнаградная лаза. Кожнае пакаленне пакiнула ў гэтым пакоi свае альбомы, шкатулкi, дагератыпы i нiкому цяпер не патрэбныя цацкi... Так, мусiць, i хваля марская ў час адлiву пакiдае на пяску свае непадобныя адна на адну ракавiнкi... А з двара даносяцца галасы парабкаў, скрып драўлянага прэса. Там поўным ходам iдзе работа: выцiскаюць вiнаградны сок. Балючым рэхам аддаюцца гэтыя гукi ў маiм сэрцы. "Дзецi, дзецi, чаму ж вы не прыехалi? А я так вас чакаў!.." – жаласна прастагнаў я. Калi б слугi праз дзверы пачулi мяне, яны б падумалi, што ў гасцiнай сядзiць нехта чужы: нi слоў, нi голасу майго яны не пазналi б, нiзашто не паверылi б, што так гаворыць той стары нягоднiк, якi прыкiнуўся, быццам нiчога не помнiць i не ведае пра смерць iх дачкi. Усе: жонка, дзецi, парабкi, слугi – усе аб'ядналiся супраць мяне, супраць маёй душы. Усе штурхалi мяне зноў вярнуцца да маёй мярзотнай ролi. Яны да яе прывыклi, i нiчога я тут не магу змянiць. Якi ж я дурань! У шэсцьдзесят восем гадоў надумаўся прымусiць усiх убачыць ува мне другога чалавека!.. Але ж я i сапраўды другi i заўсёды быў другiм! Мы бачым толькi тое, што прывыклi бачыць. Вось i вас я па-сапраўднаму не бачу, бедныя мае дзецi. Калi б быў я маладзейшы, можа, i не было б такiх цвёрдых рубцоў на маiм сэрцы, можа, i не пусцiлi б такiх глыбокiх каранёў вашы i мае прывычкi... Зрэшты, я i ў маладосцi наўрад цi змог бы вызвалiцца ад сваiх путаў. На гэта патрэбна сiла. Якая сiла? Патрэбен нехта. Той, хто мог бы засведчыць перад усiмi людзьмi, што я атрымаў перамогу над самiм сабой. Патрэбен той, каму ўсе блiзкiя мае паверылi б i ўбачылi б мяне iншым. Патрэбен такi сведка, якi мог бы зняць з маiх плеч мярзотны груз i ўскласцi яго на сябе...

Нават найлепшыя з найлепшых не могуць адны, без дапамогi, навучыцца любiць. Для таго, каб не заўважаць смешных рыс у чалавеку, не палохацца яго заган, а галоўнае – людской дурасцi, трэба спазнаць тайну любвi, якой свет ужо не памятае. I пакуль зноў не адкрыюць гэтай тайны, дарэмнымi будуць усе намаганнi змянiць умовы жыцця людзей. Раней я лiчыў, што толькi эгаiзм уратаваў мяне ад усiх сацыяльных i эканамiчных праблем. Я, вядома, быў сапраўднай пачварай, якая замкнулася ў сваёй адзiноце i абыякавасцi да ўсiх людзей. Але было ў мяне нейкае няпэўнае, хiсткае пачуццё, што не дапамогуць чалавеку нiякiя вонкавыя перамены ў аблiччы свету. Трэба дайсцi да сэрца людскога. I я шукаю таго адзiнага, хто мог бы зрабiць гэта. Трэба, каб ён сам быў сэрцам чалавечых сэрцаў, палкiм увасабленнем усёй чалавечай любвi. Магчыма, гэтае пачуццё маё, жаданне маё i было ўжо малiтвай... I мала ўжо бракавала ў той вечар, каб я не ўпаў на каленi i не склаў урачыста рукi, як некалi рабiла Iза. Помню, я не раз бачыў, вяртаючыся з праходкi, як старанна малiлася Iза, а побач стаялi трое нашых малых. Я на пальчыках падкрадаўся да дзвярэй, i да мяне даляталi словы: "Прад табой, госпадзi, падаю i дзякую, што даў ты мне сэрцам спазнаць цябе i палюбiць цябе..."

А цяпер вось я ледзьве стаю пасярод гэтага пакоя. Я ўсё думаю i думаю пра сваё жыццё... Не, немагчыма павярнуць назад i паплыць супраць каламутнага, бруднага патока!.. Гэта ж трэба: пражыць усё жыццё i не знайсцi нiводнага сябра! Якi жах! Якой змрочнай, ненавiснай iстотай трэба было быць!.. А можа, гэта здарылася таму, што не ўмеў, не навучыўся я прытварацца?! Калi б усе людзi хадзiлi без маскi, як гэта рабiў я, то можна было б толькi дзiву давацца – якiя яны ўсе падобныя!.. I сапраўды, паглядзiце: нiхто не ходзiць з адкрытым тварам, нiхто! Большасць людзей строяць з сябе высакародных, добрых, спагадлiвых. Самi таго не ведаючы, яны толькi пераймаюць лiтаратурных герояў цi каго-небудзь яшчэ. Святыя добра ведалi, бачылi, што тварыцца ў людзей у душы, i таму ненавiдзелi сябе i пагарджалi сабой. Калi б i я прыкрыўся маскай i не быў такiм адкрытым, аголеным, нiхто б не палохаўся мяне, не пагарджаў мной.

Вось такiя думкi наведалi мяне ў той асеннi вечар, калi я блукаў па цёмнай гасцiнай, натыкаючыся на цяжкую, грувасткую мэблю з чырвонага цi палiсандравага дрэва... Столькi людзей, чые целы ўжо даўно спарахнелi, калiсьцi сядзелi за гэтымi столiкамi, адпачывалi ў гэтых крэслах... Дзецi выпацкалi сваiмi чаравiчкамi вось гэтую канапу, калi залазiлi на яе. Тут яны любiлi сядзець i гартаць старыя iлюстраваныя часопiсы. Абiўка так i засталася цёмнай у тых месцах, дзе ступалi маленькiя ножкi... За сцяной вые, шамацiць апалым лiсцем вецер... Зноў у нейкiм пакоi забылiся зачынiць аканiцы...

XIX

Назаўтра я з трывогай чакаў пошты. Хадзiў узад i ўперад па алеях, як некалi рабiла Iза, калi хто з дзяцей затрымлiваўся i пазнiўся. "Што ж магло здарыцца? – думаў я. – Можа, пасварылiся? А можа, хто захварэў?" Ого! Я стаў майстрам прыдумваць усялякiя страхi! Бывала, i нябожчыца жонка як уваб'е сабе што ў галаву – месца сабе не знаходзiла... Доўга хадзiў я па парку з непрыкаяным выглядам. Нiчога не заўважаў, нiчога не бачыў, як i кожны заклапочаны чалавек. Пра адно толькi я не забываўся – пра сваю перамену. I мне было нават прыемна ад таго, што я хвалююся, трывожуся... Далiну накрыў густы туман: нiчагусенькi не вiдно. Затое звонка, выразна даносяцца ўсе гукi. Па доўгiх радах вiнаграднiку разляцелiся сiтаўкi i дразды. Шукаюць гронак, што не паспелi яшчэ згнiць... Як любiў раннюю восень Люк!..

Нарэшце прывезлi пошту. Не супакоiла мяне кароценькае сынава пiсьмо. Хюбэр пiсаў, што яму нечакана давялося выехаць у сталiцу па неадкладнай справе: даволi сур'ёзныя непрыемнасцi. Падрабязнасцi ён раскажа праз дзень-два, як толькi вернецца дамоў. Я падумаў, што ў яго якiя-небудзь праблемы з фiнансавай iнспекцыяй, – можа, зрабiў што не па закону...

Апоўднi я ўжо не мог сябе ўтрымаць. Загадаў завезцi мяне на вакзал i купiў бiлет да Бардо, хоць даў абяцанне i сабе i дзецям нiколi не ездзiць аднаму. Першай, каго я ўбачыў у нашым старым доме, была Жэнеўева. Яна якраз развiтвалася з нейкiм незнаёмым мне чалавекам. Хутчэй за ўсё гэта быў доктар.

– Няўжо Хюбэр табе нiчога не напiсаў?

Жэнеўева павяла мяне ў той самы пакой, дзе я страцiў прытомнасць у дзень пахавання Iзы. Уздыхнуў я з палёгкай толькi тады, калi даведаўся, адкуль сыр-бор загарэўся. Аказваецца, уцёк Фiлi. (Я, прызнацца, баяўся горшага.) Ён знiк з нейкай жанчынай, якая "моцна трымала яго ў сваiх лапах". А перад гэтым ён наладзiў сцэну Янiне i не пакiнуў ёй нiякай надзеi. Янiна плача, валасы на сабе рве, i яе стан непакоiць доктара. Альфрэд i Хюбэр дагналi ўцекача ажно ў Парыжы. Можа, з гадзiну назад прыйшла тэлеграма. Альфрэд пiша, што нiчога яны не дабiлiся.

– Госпадзi! Што робiцца?! Падумаць толькi! Я ж нiчога iм не шкадавала!.. Канешне, мы асцерагалiся i пакуль што вялiкага капiталу iм не давалi, але ж рэнта! На яе можна было жыць ды жыць! А Янiна! От ужо дзе бесхарактарная! Ён з ёю рабiў усё, што хацеў. Спярша ўсё пагражаў кiнуць за тое, што ты нiчога нам не даеш. Але ж уцёк не тады, а цяпер, калi такое багацце прыйшло... Ну як ты гэта растлумачыш?

Яна змоўкла i запытальна глядзела на мяне...

– Ну, а ўцёк ён, канешне, з багатай жанчынай?..

– Ды якой там багатай! Яна настаўнiца спеваў. Ты яе добра ведаеш, – гэта мадам Велар. Падумаць толькi! I не маладая ўжо, i якi там заработак: ледзь канцы з канцамi зводзiла. Ну як ты гэта растлумачыш? – паўтарыла дачка.

I, не чакаючы адказу, зноў загаварыла сама. У гэты момант зайшла Янiна. Яна падышла да мяне i моўчкi падставiла лоб для пацалунку. Яна не пахудзела, але гора зняло з яе непрыгожага, паўнаватага твару ўсю штучнасць i манернасць, якiя я так ненавiдзеў. "Вы ўжо ведаеце?" – спыталася яна i села ў шэзлонг. Пэўна, яна ўжо наслухалася сваёй мацi. А тая нiяк спынiцца не магла i так i сыпала: "Падумаць толькi!", "Падумаць толькi!.." Паўтор гэты ў яе вуснах гучаў крыху дзiўнавата, бо дачка мая не прывыкла думаць.

– Падумаць толькi! – не супакойвалася яна. – Якая чорная няўдзячнасць! Выдалi за яго такую дзяўчыну, далi прытулак, грошы i не папракалi за тое, што ў свае дваццаць тры гады ён ужо ўмудрыўся прамантачыць немалое багацце, якое атрымаў па спадчыне (ён быў круглы сiрата, блiзкiх сваякоў не меў i таму рана атрымаў правы паўналетняга). Усё няньчылiся, песцiлi, нiхто i слова не сказаў пра яго распусту. I на табе! Вось як аддзячыў!

Злосць закiпала ўва мне, i я не мог яе стрымаць. Мая былая натура зноў пачынала гаварыць. Ды хiба сама Жэнеўева, Альфрэд, Iза не ганялiся за Фiлi i не абяцалi яму залатых гор?!

– I вось што цiкава, – уставiў я, – ты сама верыш у тое, што гаворыш. Вы самi яго i разбэсцiлi!

– Тата, ты што?! Няўжо ты будзеш яго баранiць?!

Я запярэчыў, што зусiм не збiраюся абараняць Фiлi, а толькi хачу сказаць, што мы былi да яго не зусiм справядлiвыя, лiчылi яго горшым, чым ён ёсць на самай справе. Вiдаць, яму занадта груба далi зразумець, што раз багацце цяпер забяспечана, то ён павiнен зносiць усе вашы папрокi i хадзiць перад вамi на пальчыках, – нiкуды, маўляў, галубок, ты цяпер не дзенешся. Але людзi нiколi не бываюць такiмi подлымi, як нам здаецца.

– Падумаць толькi! Ты заступаешся за гэтага прайдзiсвета, што кiнуў жонку, дачку маленькую!..

– Жэнеўева! – абурана закрычаў я. – Ты нiводнага майго слова не зразумела! Ды пастарайся, паспрабуй ты ўцямiць: кiнуць жонку, дзiця – хiба я сказаў, што гэта добра? Але пайсцi на такое чалавек можа як з подлых меркаванняў, так i па прычынах больш высокага парадку...

– Ах, вось як ты загаварыў, – перабiла мяне дачка. – Значыць, ты лiчыш, што кiнуць дваццацiдвухгадовую жонку, малую дачку – гэта высакародна!..

Нiчога не даходзiла да гэтай жанчыны.

– Або ты на самай справе тупаватая, або толькi прытвараешся. Я вось што скажу: Фiлi не такi ўжо нягоднiк, асаблiва пасля таго, як...

Жэнеўева зноў усхадзiлася i пачала крычаць, каб я хоць пачакаў, пакуль Янiна выйдзе з пакоя, – як ёй, беднай, слухаць такое, калi апраўдваюць яе мужа.

Але Янiна, якая да гэтай хвiлiны ўпарта маўчала, раптам загаварыла. Не пазнаць было яе голасу:

– Навошта сварыцца, мама. Мы не вельмi далiкатна абыходзiлiся з Фiлi. Успомнi, калi падзялiлi спадчыну – як мы з iм загаварылi: пачалi камандаваць, папракаць... Я нават падумала, што вось накiнула на яго ашыйнiк i буду цяпер вадзiць яго на павадку, як прыгожанькага пародзiстага сабачку. Мне неяк i ад сэрца адлягло, што ён мяне не кахаў. Ён стаў для мяне рэччу, маёй уласнасцю: усе грошы былi ў мяне, – няхай папросiць, няхай паскача каля мяне. Помнiш, як ты мне казала: "Няхай цяпер паскача каля цябе, няхай пастаiць на заднiх лапках!" Мы думалi, што грошы для яго даражэй за ўсё на свеце. Можа, ён i сам так думаў, аднак гнеў i сорам узялi сваё. Бо не кахае ён той жанчыны, якая ў мяне яго адабрала. I так яно, напэўна, i ёсць. На развiтанне ён сам прызнаўся. I я веру яму. Ён яе не кахае, але яна не пагарджае iм, не стараецца прынiзiць. Яна аддалася яму, а не купiла яго. А я вось купiла, як прыгожую цацку...

Некалькi разоў паўтарыла яна гэтыя горкiя словы. Мацi пацiскала плячыма, але радавалася, што Янiна нарэшце заплакала: "Цяпер ёй палягчэе..." I яна ўзялася суцяшаць дачку:

– Не перажывай, дачушка мая! Голад i воўка з лесу гонiць. Пабегае, пагаладае ды вернецца. Куды ён дзенецца?!

Перакананы: Янiне было непрыемна слухаць такiя словы. Я ўстаў i ўзяўся за капялюш. Не мог я тут больш быць. Дачцэ сказаў, што найму таксi i паеду ў Калез. I тут Янiна сказала:

– Дзядуля, вазьмiце мяне з сабой.

Мацi ўзбунтавалася:

– Ты што, пры сваiм розуме?! Кожную хвiлiну ты можаш спатрэбiцца юрыстам. А яна сабралася ў Калез?.. Ды там ад адной нуды памерцi можна!..

Жэнеўева выйшла за мною следам i на лесвiчнай пляцоўцы выгаварыла мне, што я патураю вар'яцкiм жаданням унучкi:

– Ды гэта ж шчасце якое, што мы збылi гэтага чорта! Няўжо ты не згодзен са мной?! А хiба цяжка знайсцi прычыну для разводу?! Паплача, паные ды супакоiцца. А потым зноў выйдзе замуж, З яе багаццем ад жанiхоў адбою не будзе!.. Вось толькi трэба, каб утаймавалася, забылася пра таго нягоднiка... А ты таксама заспяваў... То ненавiдзеў, цярпець не мог Фiлi, а тут узяўся расхвальваць яго... Ды яшчэ пры ёй... Ну не... не пушчу я яе ў Калез. Уяўляю, з якiм настроем яна адтуль вернецца. Тут-то мы ўжо дамо рады, паможам апамятацца. Забудзе, нiчога ёй не зробiцца...

"Калi толькi не памрэ ад гора, – падумаў я. – Або будзе пакутаваць, плакаць, чэзнуць..." А можа, Янiна з той пароды жанчын, якiх я добра ведаў па адвакацкай рабоце: гэта жанчыны, для якiх надзея становiцца хваробай, ранай, якая нiколi не загойваецца. I дваццаць гадоў пройдзе, а яны ўсё роўна чакаюць, глядзяць на дзверы вачыма вернага сабакi...

Я вярнуўся да Янiны i сказаў:

– Прыязджай, мая маленькая, у любы час... Буду рады цябе бачыць...

Яна не варухнулася, не паказала, што пачула, зразумела мяне. Зайшла Жэнеўева i недаверлiва спыталася: "Што ты ёй сказаў?" А пазней я даведаўся, што за гэтых некалькi секунд я, аказваецца, "збiў унучку з тропу", пасеяў у яе галаве "шкодныя" iдэi. А я спускаўся па лесвiцы, i ў вушах у мяне ўсё гучалi ўмольныя словы: "Дзядуля, вазьмiце мяне з сабой..." Ад мяне пачула Янiна тыя самыя словы пра Фiлi, якiя ёй хацелася пачуць. Можа, я быў першы, хто не абразiў яе.

Я iшоў па вулiцах Бардо. Хутка пачатак новага навучальнага года. З гэтай нагоды пачысцеў, упрыгожыўся горад. Усюды ззяюць гiрлянды электрычных лямпачак. Зiхацяць мокрыя ад дажджу тратуары. Галасы шумных жыхароў поўдня перакрываюць грукат трамваяў... Знiк водар майго дзяцiнства. Шукаць яго трэба было дзе-небудзь у больш сцiплых кварталах. Можа, там, на вулiцы Дзюфур-Дзюбэрж'е цi на Грос-Клош якая-небудзь бабулька яшчэ прадае каштаны стаiць сабе на рагу цёмнай вулiцы i прыцiскае да грудзей гаршчочак з гарачымi каштанамi, якiя пахнуць анiсам... Не, сумна мне не было. Я нават радаваўся: у той вечар мяне пачулi, зразумелi. Мы аб'ядналiся з Янiнай – гэта была перамога. А вось з Жэнеўевай нiяк не дагаварыцца, тут я прайграў: супраць такой зацятасцi, тупасцi нiчога не зробiш. Лёгка знайсцi шлях да жывой душы, убачыць яе нават праз злачынствы, праз самыя чорныя заганы, але пошласць неадольная перашкода. Ну што ж, нiчога не зробiш, так i запiшам: немагчыма раскалоць каменныя плiты ўсiх гэтых магiл. Будзе мне вялiкiм шчасцем, калi ўдасца да смерцi знайсцi душэўную блiзкасць хоць з адной чалавечай iстотай.

Я пераначаваў у гатэлi i ў Калез вярнуўся толькi назаўтра. Праз некалькi дзён прыехаў Альфрэд, i ад яго я даведаўся пра цяжкiя вынiкi маёй размовы з Жэнеўевай: Янiна напiсала Фiлi пакаяннае пiсьмо, дзе яна ўзяла ўсю вiну на сябе i прасiла ў мужа прабачэння. "Жанчыны i на такое глупства здольныя..." Гэты добры таўстун не адважыўся выказаць сваёй думкi, але я ўпэўнены, што яму хацелася сказаць: "Пайшла Янiна па слядах сваёй бабулi..."

Альфрэд даў мне зразумець, што працэс цяпер можна лiчыць загадзя прайграным, i Жэнеўева вiнавацiць у гэтым мяне: я нiбыта наўмысна "збiў унучку з тропу". Я адно ўсмiхнуўся i спытаўся ў зяця, што, на яго думку, магло мяне на гэта падштурхнуць i якая мне ад гэтага карысць? Ён запэўнiў мяне, што не падзяляе жончыных папрокаў, але яна лiчыць, што зрабiў я гэта дзеля забаўкi, а можа, са злосцi...

Больш дзецi не прыязджалi да мяне. Праз два тыднi я атрымаў пiсьмо ад Жэнеўевы: яна пiсала, што Янiну давялося пакласцi ў псiхiятрычную бальнiцу. Яна, вядома, не звар'яцела. Урачы вельмi спадзявалiся, што ёй найлепш дапаможа часовая iзаляцыя.

Я i сам быў "у iзаляцыi", хоць i здаровы. Нiколi яшчэ сэрца не давала мне такой доўгай перадышкi... Восень не спяшалася: ужо больш як два тыднi стаялi ясныя сонечныя днi. Нiводзiн лiсток не ўпаў з дрэў. Зноў заквiтнелi ружы. Адно толькi не давала мне спакою – мае дзецi зноў аддалiлiся ад мяне. Хюбэр заязджаў толькi па справах. Трымаўся холадна, суха, насцярожана. Мой "шкодны" ўплыў на Янiну перакрэслiў усе тыя кволыя сiмпатыi, што толькi-толькi нараджалiся ў маiх дзяцей. Зноў зрабiўся я для iх каварным старым чортам, ад якога ўсяго можна чакаць. А Янiну, адзiную iстоту, якая, можа, i зразумела б мяне, схавалi ад жывых людзей, пасадзiлi пад замок...

I тым не менш адчуваў я небывалы глыбокi душэўны спакой. Пазбаўлены ўсяго: грошай, надзей, дзяцей, пад пастаяннай пагрозай пакутлiвай смерцi я заставаўся спакойным i ўраўнаважаным. Думкi пра маё сумнае жыццё больш не мучылi мяне. Не адчуваў я грузу пражытых невясёлых гадоў i адзiноты, як быццам i не быў стары i хворы, як быццам наперадзе ў мяне было яшчэ цэлае жыццё.

XX

Ужо месяц, як Янiна жыве ў мяне. Уцякла яна з "псiхiятрычкi" i знайшла прытулак у маiм доме. Яна яшчэ не зусiм паправiлася i лiчыць сябе ахвярай змовы: гаворыць, што яе паклалi ў бальнiцу за тое, што яна адмовiлася пачаць працэс супраць Фiлi i патрабаваць разводу. Усе дзецi i сваякi лiчаць, што гэта я ўбiваю ёй такiя думкi, я настройваю яе супраць усiх. Але хiба ж гэта так?! Ведалi б яны ўсе, што цэлымi днямi (а ў вёсцы яны доўга, бясконца доўга цягнуцца) я толькi тое i раблю, што змагаюся з яе iлюзiямi i хiмерамi. Надвор'е зусiм сапсавалася: дождж, дождж i дождж... Усюды гразь, балота. Валяецца гнiлое лiсце. Па двары, пасыпаным жвiрам, тупаюць людзi ў цяжкiх ботах. Вунь хтосьцi iдзе, накiнуўшы мяшок на галаву. Восень агалiла дрэвы, i нiчога не хавае цяпер тых убогiх хiтрыкаў, якiя павiнны былi надаваць саду "маляўнiчасць": каркасы альтанак, чорныя лаўкi, дэкаратыўныя раслiны...

У спальнях такая сырасць, што вечарамi нам з Янiнай не хапае мужнасцi развiтацца з утульнай гасцiнай, i мы доўга сядзiм перад камiнам. Стары гадзiннiк б'е поўнач, а разыходзiцца, падымацца на другi паверх усё не хочацца... Зноў i зноў пераконваю я ўнучку, што нiхто: нi яе бацькi, нi брат, нi Хюбэр не хоча ёй благога. Як магу, стараюся, каб не ўспамiнала яна пра бальнiцу. А вось ад успамiнаў пра мужа нiяк нельга яе адарваць, i мы ўвесь час гаворым пра Фiлi: "Вы сабе ўявiць не можаце, што гэта за чалавек!.. Вы проста не ведаеце яго!.." А за гэтымi словамi iдуць то абвiнавачваннi, то дыфiрамбы i толькi па iнтанацыi Янiны магу я ўлавiць, будзе яна яго хвалiць цi лаяць на чым свет стаiць. Але факты, якiя яна прыводзiць, здаюцца мне малазначнымi. У Янiны небагатая фантазiя, але каханне дало ёй выдатную здольнасць усё скажаць, перакручваць, перабольшваць. Ды ведаю я твайго Фiлi! Нiкчэмнасць ён, i толькi хуткаплынная маладосць дакранулася да яго красой сваiх промняў. Ты прыпiсваеш гэтаму распешчанаму хлапчуку, якi жыве на ўсiм гатовенькiм, то высокiя тонкiя пачуццi, то вераломныя намеры, а на самай справе думак у яго нiякiх няма, жыве ён аднымi рэфлексамi.

Ты i твае бацькi не разумелi, што яму хацелася адчуваць сябе мацнейшым за вас, быць незалежным, што ён задыхаўся ў гэтай рабскай атмасферы. Навошта вы так высока трымалi падачкi i прымушалi яго падскокваць? Ён з той пароды сабак, якiя не паддаюцца такой дрэсiроўцы i ўцякаюць туды, дзе косцi кiдаюць проста пад нос.

Бедная Янiна! Зусiм ты не ведаеш свайго Фiлi!.. Ды што яна можа бачыць, калi ўсё засланiла нуда, рэўнасць, патрэба чуць, бачыць яго, цешыцца яго ласкамi... Усё засланiў жах ад таго, што яна страцiла свайго каханага... I вось аслепленая сваiм каханнем утрапёна бяжыць яна за сваёй здабычай i сама не ведае, хто ён такi, за кiм яна гонiцца... Людзi кажуць: бацькоўская любоў сляпая. Янiна мне ўнучка, але калi б яна была маёй дачкою, я бачыў бы яе такой, якая яна ёсць. Нiчога ў ёй няма абаяльнага. Рысы твару правiльныя, але фiгура няўклюдная, голас нейкi пiсклявы, вочы пустыя... На такiх мужчыны не надта заглядаюцца... I ўсё ж у гэтыя доўгiя вечары яна здавалася мне прыгожай. Была ў яе тая асаблiвая прыгажосць, якую надае жанчыне любоўны адчай. Хто ведае, можа, i знойдзецца мужчына, якога прыцягне да сябе гэты пажар... Але няшчасная гарыць у змроку, у адзiноце, i толькi я адзiны сведка яе пакут...

Шкада мне Янiны, i я цярплiва слухаю яе бясконцыя ўспамiны пра гэтага незвычайнага Фiлi. А што ў iм незвычайнага? – Мiльёны такiх... Але я слухаю i не магу надзiвiцца, як распалiў гэты Фiлi такое пачуццё ў маёй унучцы. Гэта ж трэба: свету белага не бачыць! Усё перастала iснаваць, акрамя яе мужа, акрамя гэтага маладога самца, якi любiць прыкладацца да чаркi, а на каханне глядзiць як на работу, на цяжкую павiннасць... Якое ўбоства!

Янiна амаль не заўважае дачкi, якая ўпоцемку прашмыгнула да нас у гасцiную. Мацi, не гледзячы, датыкаецца губамi да яе кучаравенькай галоўкi. Не скажу, каб гэтае малое не адыгрывала нiякай ролi ў жыццi Янiны: толькi дзякуючы гэтай дзяўчынцы перамагла яна ў сабе жаданне кiнуцца ў пагоню за Фiлi (а магла б яна i пагнацца, i ўпрошваць яго, i лаяць, i рабiць сцэны на людзях). Не, не змог бы я яе адзiн утрымаць. Дома яна засталася толькi дзеля дзiцяцi, але вялiкай уцехi ў iм не знаходзiла. Малая нiбы адчувала гэта i вечарам, калi мы чакалi, пакуль пададуць на стол, спяшалася залезцi да дзеда на каленi, нiбы шукала ў мяне прытулку. Валаскi ў яе былi мякенькiя, як пух, пахла ад iх цёплым птушыным гняздзечкам, i мне ўспамiналася тады Мары. Я заплюшчваў вочы i, прытулiўшыся губамi да яе шчочкi, цiхенька сядзеў, ледзьве стрымлiваючы сябе, каб моцна-моцна не абняць гэтае маленькае цельца. У такiя моманты мне здавалася, што гэта Мары або Люк. Часам цалуеш яе, калi яна разгуляецца, i адчуваеш, што шчочкi ў яе чуць-чуць салёненькiя, як у маленькага Люка ў днi летнiх вакацый, калi ён, бывала, так набегаецца за дзень, што возьме ды засне проста за сталом. Не мог ён дачакацца дэсерту i падстаўляў усiм свой сонны стомлены тварык для развiтальнага пацалунку.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю