355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Борис Виан » Ваўкалак (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Ваўкалак (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 17 сентября 2016, 23:14

Текст книги "Ваўкалак (на белорусском языке)"


Автор книги: Борис Виан



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Виан Борис
Ваўкалак (на белорусском языке)

Барыс Вiян

Ваўкалак

Пераклад: А.Асташонак

Ён жыў у лесе Фос-Рэпоз, пад Пiкардзiйскiм узгоркам, вельмi прыгожы чорны дарослы воўк з вялiкiмi чырвонымi вачыма. Звалi яго Дэнi. Найболей яму падабалася назiраць з лесу за тым, як аўтамабiлi, што iмчалiся па дарозе з Вiль-д'Аўрэй, прыбаўлялi газу перад залiтым сонцам адхонам, на якiм лiвень пакiнуў толькi што алiўкавы адбiтак высачэзных дрэў. Яшчэ ён любiў гуляць летнiмi вечарамi па лесасецы i падглядаць за барацьбой нецярплiвых закаханых з нялёгкiмi эластыкавымi гарнiтурамi, з якiх, на жаль, складаецца звычайна ў наш час бялiзна. Ён, як фiлосаф, сузiраў вынiкi ўпартых намаганняў, якiя часам завяршалiся поспехам, i адыходзiў, цнатлiва пакручваючы галавою, калi якой-небудзь ахвяры прыходзiлi, як кажуць, капцы. Нашчадак многiх пакаленняў цывiлiзаваных ваўкоў, Дэнi харчаваўся травою i блакiтнымi гiяцынтамi, прыпраўляючы iх восенню адборнымi шампiньёнамi, зiмою ж вымушаны быў красцi малако ў бутэльках з вялiкага жоўтага грузавiка малочнай фiрмы; жывёльны смак малака быў проста жудасны, i воўк з лiстапада да лютага кляў бязлiтаснасць сезона, з-за якога псаваў сабе страўнiк.

Дэнi жыў у згодзе з суседзямi, якiя дзякуючы яго сцiпласцi нават не здагадвалiся пра iснаванне ваўка. Ён знаходзiў сабе прытулак у маленькай пячоры, што выкапаў шмат гадоў таму назад адзiн золаташукальнiк. Зазнаючы праз усё жыццё адны няўдачы, той страцiў урэшце апошнiя надзеi знайсцi калi-небудзь свой маленькi "кошык апельсiнаў" (як сказаў Луi Бусенар) i вырашыў на схiле дзён прадоўжыць пошукi, такiя ж марныя, як i манiякальныя, у зоне ўмеранага клiмату. Дэнi зрабiў сабе ў гэтай пячоры камфартабельнае жытло, упрыгожыў яго патроху каўпакамi колаў, гайкамi i iншымi аўтамабiльнымi дэталямi, падабранымi на дарозе пасля даволi частых тут аварый. Ён увогуле моцна захапiўся механiкай i нярэдка, перабiраючы трафеi, марыў пра сваю майстэрню. Чатыры шатуны з лёгкай сталi, на якiя ён паклаў верх дарожнага чамадана, замянялi стол, ложак быў зроблены са скураных сядзенняў старога "Амiлькара", што калiсьцi ўрэзаўся ў вялiкi каранасты платан на павароце, а дзве шыны сталi шыкоўнымi рамамi на партрэты даўно i пяшчотна любiмых бацькоў; усё гэта густоўна спалучалася з рэчамi больш банальнымi, якiя некалi сабраў золаташукальнiк.

У адзiн жнiвеньскi вечар Дэнi, як i штодня, прагульваўся па лесасецы дзеля лепшага стрававання. Ён наблiжаўся ўжо да дуба, пасля якога звычайна паварочваў назад, як раптам па волi лёсу спаткаў на сваiм шляху Эцьена Пампля, вядомага больш па мянушцы Сiямскi Маг, i зацягнутую iм у гушчар малышку Лiзэт Кашу, чарнявую афiцыянтачку з рэстарана "Гранэй". На Лiзэт быў новы файны гарсэт маркi "Насланнё", знiшчэнне якога каштавала Магу шасцi гадзiн амаль няспыннае барацьбы, – менавiта таму i адбылася ў Дэнi гэтая позняя сустрэча.

На няшчасце Дэнi, абставiны былi выключна неспрыяльныя. Стаяла поўнач, i Сiямскi Маг заходзiўся ад злосцi ў прыпадку антрапалiцыi*. З'яўленне Дэнi, якi, зрэшты, папрасiўшы цiха прабачэння, далiкатна адышоў убок, неверагодна раз'юшыла Мага. Дужа расчараваны ў Лiзэт i перапоўнены энергiяй, якой трэба было неадкладна даць выйсце, ён кiнуўся на бязвiннага ваўка i з усяе сiлы ўкусiў яго за лапатку. Дэнi пабег з трывожным вiскам. Ледзь дацягнуўшыся да пячоры, ён звалiўся на зямлю i заснуў цяжкiм сном, якi ўвесь час працiналi жахлiвыя трызненнi.

* Вар'яцтва, пры якiм хвораму здаецца, што ён воўк цi iншая жывёлiна.

Але патроху ён забыўся пра сваю лiхую прыгоду, i днi пацяклi, як i раней, розныя i аднолькавыя. Наблiжаўся верасень, Дэнi аб'ядаўся груздамi i баравiкамi, хапаў часам колькi апенек i, як чумы, баяўся цяжкiх для стрававання свiнушак. Цяпер увечары людзi гулялi ў лесе нядоўга, i ён клаўся спаць раней. I ўсё ж здавалася, што адпачываў ён ад гэтага не лепш. Разбiты i змораны, нашпiгаваны кашмарамi, Дэнi прачынаўся ўжо на золку. Яго перастала цiкавiць нават механiка, i часам ён да самага паўдня задуменна праседжваў з анучаю ў лянiвай лапе над пазелянелай латуннай трубкай, якую зранку збiраўся нацерцi да бляску. Сон яго рабiўся ўсё больш неспакойны, i Дэнi дзiвiўся з таго, што не знаходзiў гэтаму тлумачэння.

У ноч поўнi ён раптам прачнуўся, трасучыся ад лiхаманкi i холаду. Быў ён сам не свой i таму, падняўшыся, запалiў, каб паглядзець, у чым жа справа, файную фару, што засталася яму колькi месяцаў назад ад разбiтага "мерседэса". Святло залiло ўсе закуткi пячоры. Дэнi ледзь дайшоў да аўтамабiльнага люстэрка, што вiсела над яго туалетным столiкам. Спачатку, адчуўшы, што ён стаiць на заднiх лапах, Дэнi здзiвiўся, i толькi, але калi ўбачыў у люстэрку свой твар, проста збянтэжыўся: на яго глядзела штосьцi незвычайнае, белаватае, голае – хiба што прыгожыя рубiнавыя вочы нагадвалi яшчэ былы яго выгляд. Ён застагнаў, агледзеў сябе з усiх бакоў i зразумеў нарэшце, чаму так працiнаў яго ледзяны холад. Яго багатая чорная шэрсць знiкла, i быў ён такi ж нязграбны i даўжэзны, як усе тыя iстоты, неспрактыкаванасць якiх у любоўных справах адно выклiкала ў яго смех.

Трэба было ўцякаць адсюль як мага хутчэй. Дэнi кiнуўся да чамадана з розным старым хламам, таксама патроху падабраным на дарозе. Iнстынкт падказаў яму выбраць элегантны шэры ў белую палоску касцюм, аднатонную ружовую кашулю i бардовы гальштук. Як толькi Дэнi адзеўся, усё яшчэ не разумеючы, як гэта ён стаiць на заднiх лапах, яму стала крыху лягчэй – ён нават перастаў ляскаць зубамi. Пасля ён разгублена, са слязьмi на вачах паглядзеў на маленькую кучку чорнае шэрсцi каля свайго ложка i адразу ж неверагодным намаганнем волi саўладаў з сабой.

Трэба было, не марудзячы, абдумць, што рабiць далей. Ён шмат чаго ведаў са старажытных кнiг, i карцiна здавалася яснай: Сiямскi Маг быў ваўкалак, а ён, Дэнi, перакiнуўся пасля яго ўкусу ў чалавека.

Зразумеўшы, што жыць яму цяпер у невядомым свеце, Дэнi адчуў спачатку неверагодны жах. Чалавек сярод людзей – якiя ж толькi небяспекi не чакаюць яго цяпер! Ужо адзiн успамiн пра тую марную барацьбу, якую днём i ноччу вялi мiж сабою шафёры на Пiкардзiйскiм узгорку i якая здавалася яму вельмi сiмвалiчнай для жыцця людзей, дазваляў Дэнi адчуць жудасны смак таго iснавання, законам якога прыйдзецца яму цяпер падпарадкоўвацца. Але потым ён падумаў, што калi чарнакнiжнiкi не маняць, то жыццё яго ў чалавечай шкуры не павiнна было вельмi ўжо задоўжыцца. Чаму ж тады не пакарыстацца гэтакiм выпадкам i не зрабiць падарожжа па гарадах? Трэба сказаць, што не ўсе сцэны, якiя воўк бачыў у лесе, выклiкалi ў яго агiду, да таго ж, аблiзаўшыся, ён прыкмецiў, што язык яго, нягледзячы нi на што, застаўся прыгожа завостраным. Ён падышоў да люстэрка i ўгледзеўся ў сябе: рысы яго не былi такiя страшныя, як ён меркаваў. Дэнi разявiў рот i з задавальненнем канстатаваў, што паднябенне яго было таго самага прыемнага чорнага колеру, пасля пераканаўся, што ён, як i раней, мог варушыць вушамi, якiя, праўда, былi для чалавека крыху задоўгiя i валасатыя. Але чысты прадаўгаваты твар i белыя зубы рабiлi яго, прынамсi, даволi сiмпатычным (ва ўсякiм выпадку, Дэнi мог так меркаваць пра сваё аблiчча, успамiнаючы твары людзей, якiх ён сустракаў у лесе). Урэшце, заставалася толькi падпарадкавацца непазбежнаму i набыць у вынiку вопыт на будучыню. Аднак асцярожнасць усё ж такi перамагла i вымусiла Дэнi перад тым, як выйсцi, прыхапiць чорныя акуляры, якiя затушылi крыху ружаваты воўчы бляск вачэй. Ён узяў таксама плашч i, ускiнуўшы яго на руку, упэўнена пайшоў да дзвярэй. Праз некалькi хвiлiн ён стаяў ужо з лёгкай валiзай каля дарогi i ўдыхаў ранiшняе паветра – нюх яго, вiдаць, пагоршыўся, бо пахаў вакол стала куды менш, чым раней. Прыкмецiўшы першы аўтамабiль, Дэнi спакойна ўзняў руку. Вопыт падказваў яму, што аўтамабiлi рэдка спынялiся на пад'ёме i ахвотна на спуску, бо сiла цяжару рабiла тады ход пасля прыпынку лягчэйшым, – i Дэнi абраў парыжскi кiрунак.

Шафёр не спяшаўся. Дэнi спадабаўся яму сваёй элегантнасцю, i ваўкалак, ямчэй уладкаваўшыся на сядзеннi, пачаў смела разглядваць прадстаўнiка невядомага свету. Праз дваццаць хвiлiн няхуткай язды Дэнi выйшаў на плошчы Оперы. Дзень быў ясны i лагодны, а вулiчны рух даволi мерны. Ваўкалак рашуча выйшаў на пешаходную дарожку i пайшоў па бульвары да гатэля "Скрыб", дзе заплацiў за двухпакаёвы нумар з ваннай. Пакiнуўшы валiзу парцье, ён пайшоў у краму купляць ровар.

Ранiца прайшла нiбыта ў сне: разгублены, Дэнi нiяк не мог справiцца з роварам. Ён адчуваў у глыбiнi душы вялiкае жаданне пакусаць якога-небудзь ваўка, ды, ведаючы, што знайсцi тут сабе ахвяру не так ужо i лёгка, трымаў сябе ў руках i стараўся менш успамiнаць парады чарнакнiжнiкаў. Дэнi, безумоўна, мог спадзявацца, што калi яму крыху пашэнцiць, то ён здолее дабрацца да заапарка, але разлiчваў пайсцi на такое хiба што ў крайнiм выпадку. Усю сваю ўвагу ён накiраваў на ровар i хутка адчуў вартасцi гэтай нiкелiраванай машыны, якая магла стаць вельмi карыснай па дарозе назад у пячору.

Апоўднi Дэнi паставiў ровар каля гатэля. Гледзячы на тое, як ён гэта рабiў, парцье дзiвiўся, i толькi, але, мусiць, элегантнасць ваўкалака i яго рубiнавыя вочы адбiвалi ў людзей ахвоту рабiць яму заўвагi. З лёгкай душою Дэнi выправiўся шукаць рэстаран i з многiх выбраў неблагi на выгляд, але сцiплы i нешматлюдны: у другi магло падысцi пазней занадта многа народу, а Дэнi трохi баяўся, што манерам яго, нягледзячы на высокую агульную культуру, яшчэ ўласцiвы лёгкi правiнцыялiзм. Ён выбраў столiк у далёкiм кутку i сказаў афiцыянту, каб той паспяшаўся.

Ды цi ж мог ён ведаць, што ў гэты такi цiхi на першы погляд рэстаранчык хутка пачнуць збiрацца на штомесячнае пасяджэнне гурманы з клуба аматараў галаўня па-рамбалiтанску? Толькi яму прынеслi абед, як у залу адзiн за адным пацягнулiся ружовашчокiя мужчыны. Яны ўмомант занялi сем столiкаў на чатырох чалавек кожны. Гэты раптоўны наплыў вымусiў Дэнi нахмурыцца, а неўзабаве, як i трэба было чакаць, да яго столiка падышоў ветлiвы метрдатэль.

– Выбачайце, мсье, калi ласка, – сказаў гэты гладка паголены франт Дэнi, цi не маглi б вы дазволiць нам пасадзiць побач з вамi мадэмуазель?

Дэнi паглядзеў на дзяўчыну i зноў нахмурыўся.

– Мне было б вельмi прыемна, – адказаў ён, прыўзняўшыся.

– Дзякую, мсье, – праспявала дзяўчына музычным голасам. Голасам музычнае пiлы, калi ўжо быць дакладным.

– Калi ўжо дзякуеце вы, – адказаў ёй Дэнi, – то што застаецца мне, як не аддзякаваць вам?

– Гэта лёс, – зноў падала голас прыгажуня i адразу ўпусцiла сумачку, якую Дэнi злавiў на ляту.

– О! – ускрыкнула дзяўчына. – У вас неверагодная рэакцыя!

– Але, – згадзiўся Дэнi.

– У вас вельмi дзiўныя вочы, – дадала яна хвiлiн праз пяць. – Яны нагадваюць... нагадваюць...

– Ну што вы, – крыху саромеўся Дэнi.

– Гранаты, – скончыла дзяўчына.

– Што зробiш, вайна, – пачаў быў адказваць Дэнi.

– Я вас не зусiм разумею.

– Я думаў, – удакладнiў Дэнi, – што, гледзячы на мае вочы, вы прыгадаеце рубiны, але ж вы сказалi ўсяго толькi пра гранаты, i я адразу падумаў пра абмежаваннi, якiя прыносiць з сабой вайна, i пра суадносiны вынiку i прычыны.

– Вы скончылi Вышэйшую школу палiтычных навук? – спыталася чарнявая лань.

– Каб нiколi больш туды не вяртацца.

– А вы хлопец што трэба, – кiнула камплiмент дзяўчына, якая мела звычку з кожным новым знаёмым прыкiдвацца нявiннiцай.

– Я ахвотна сказаў бы тое самае i пра вас, – ветлiва адказаў Дэнi.

Яны разам выйшлi з рэстарана. Ашуканка сказала ваўкалаку, што мае непадалёку, у гатэлi "Выцiскалка грошай", шыкоўны пакойчык.

– Хадзем паглядзiм мае японскiя эстампiкi, – шапнула яна Дэнi на вуха.

– А цi ж можна? – занепакоiўся Дэнi. – Цi не патурбуем мы каго з вашых родных?

– Я, можна сказаць, сiрата, – уздыхнула малышка, выцiраючы слязiнку кончыкам танюсенькага пальчыка.

– Як мне шкада вас! – ветлiва паспачуваў ёй галантны кавалер.

Iдучы за ёю ў гатэлi, Дэнi заўважыў, што парцье ў калiдоры чамусьцi не было, а ружовы плюш, якога тут было надта ўжо багата, надаваў установе даволi падазроны выгляд. Але ўзнiмаючыся па лесвiцы, ён дазволiў усё ж дзяўчыне, каб разгледзець як след яе жаночыя вартасцi, апярэдзiць сябе на некалькi прыступак.

Думка аддацца распусце з жанчынаю здалася яму спачатку агiднай, пасля смешнай, але ўспамiн пра здарэннi ў лесе адагнаў сумненнi, i неўзабаве ваўкалак пачаў на практыцы ажыццяўляць тыя веды, якiя набыў вiзуальна. Прыгажуня прытворна стагнала, выказваючы неверагоднае задавальненне, але наiўны, малаадукаваны ў гэтай навуцы Дэнi не прыкмецiў фальшу.

Ледзь ён апрытомнеў (дарэчы, даволi абыякавы да ўсяго таго, што адчуў з жанчынаю), як раптам зазвiнеў гадзiннiк. Усё яшчэ бледны, нiбы мярцвяк, ён, цяжка дыхаючы, расплюшчыў вочы i са здзiўленнем убачыў, што дзяўчына, нахiлiўшыся i павярнуўшыся да свайго кавалера, з вашага дазволу, задам, спрытна корпалася ў кiшэнях яго пiнжака.

– Вы шукаеце маю фотакартку? – спытаўся ён раптам у яе.

Адразу гэтая здагадка ўсцешыла яго, але па тым, як здрыганулася дзяўчына, Дэнi зразумеў, што ён дужа памыляўся.

– Э-э... але... але, мой любы, – сказала прыгажуня, не разумеючы, цi смяецца ён, цi гаворыць сур'ёзна.

Дэнi нахмурыўся. Ён устаў, падышоў да яе i праверыў свой партфель.

– Я бачу, вы адна з тых брыдотных самак, пра непрыстойнасць якiх можна даведацца з раманаў мсье Марыяка! – зрабiў выснову Дэнi. – Сцерва.

Ашуканка збiралася адказаць як след гэтаму ёлупу, трасца яму ў бок, сказаць, вылаяўшыся не раз, што ён абрыдаў ёй i што яна на яго плявала, бо не такая яна дурная, каб класцiся ў ложак з такiм недаробкам дзеля задавальнення, але замест гэтага анямела ад бляску вачэй ачалавечанага ваўка. Маленькiя чырвоныя праменьчыкi працiналi i паралiзоўвалi чарнявую прыгажуню.

– Зрабiце ласку, адзеньцеся i выйдзiце хутчэй вон! – загадаў ёй Дэнi.

Ваўкалак вырашыў раптам, каб павялiчыць эфект, завыць. Ён нiколi гэтага не рабiў, але, нягледзячы на нявопытнасць, завыў вельмi жудасна.

Напалоханая да смерцi прастытутка моўчкi мiгам апранулася i выскачыла з нумара. Дэнi застаўся адзiн – i засмяяўся. Ён адчуваў у сабе штосьцi распуснае, нешта такое, што распальвала яго.

– Гэта смак помсты, – сказаў ён сам сабе.

Ён прывёў сябе ў парадак i выйшаў. Была ноч, i бульвар залiвала цудоўным святлом.

Не зрабiў Дэнi i двух крокаў, як да яго падышлi тры мужчыны ў занадта ўжо кiдкiх светлых касцюмах, новых капелюшах i да бляску наваксаваных чаравiках.

– Пагаворым? – сказаў худзейшы, смуглявы, з тонкiмi вусiкамi.

– Не прыкiдвайся дурнем, – працадзiў праз зубы другi, чырвоны i квадратны.

– Зойдзем сюды, – прапанаваў смуглявы, калi яны праходзiлi мiма бара.

Дэнi зайшоў. Заiнтрыгаваны, ён усё яшчэ думаў, што прыгода гэтая была толькi жартам.

– Вы гуляеце ў брыдж? – спытаўся ён у мужчын.

– Зблытаеш нашы карты, атрымаеш па зубах – будзе тады табе брыдж, змрочна адказаў чырвоны квадратны. Здавалася, што ён быў дужа раз'юшаны.

– Вось што, шаноўны, – сказаў смуглявы адразу пасля чырвонага, – вы толькi што даволi няветлiва абышлiся з дзяўчынаю.

Дэнi зарагатаў.

– Ды ён здзекуецца з нас, морда! – сказаў чырвоны. – Нiчога, зараз яму стане сумна.

– Бачыш, – дадаў смуглявы, – мы крыху сябруем з гэтай дзяўчынкай.

Дэнi зразумеў усё.

– Бачу, – сказаў ён. – Вы – "каты".

У сутэнёраў ажно твары выцягнулiся ад такой знявагi: нячаста iм даводзiлася чуть гэтую пагардлiвую мянушку людзей iх занятку.

– Ты не жартуй! – пагрозлiва папярэдзiў Дэнi квадратны.

Дэнi паглядзеў на iх.

– Здаецца, зараз я раззлуюся, – сказаў ён рашуча. – Такое са мной упершыню, але я пазнаю гэта пачуццё. Я шмат чытаў пра яго.

На тварах у сутэнёраў застыла збянтэжанасць.

– Ты што, фраер, думаеш нас напалохаць? – спытаўся чырвоны.

Трэцi гаварыў мала, а сцiснуў кулак i замахнуўся, але не паспеў данесцi яго да падбародка Дэнi, як ваўкалак ухiлiўся, злавiў мужчыну за руку i сцiснуў запясце. Пачуўся хруст.

На галаву Дэнi цяжка апусцiлася бутэлька – ён заморгаў i адступiў.

– Мы цябе зараз прыдушым, – сказаў смуглявы.

Бар апусцеў. Дэнi пераскочыў столiк i квадратнага мужчыну. Збянтэжаны, той разявiў рот, але ўсё ж такi паспеў ухапiцца за замшавы ваўкалакаў чаравiк.

Адбылася кароткая бойка. Дэнi падышоў да люстэрка. Каўнер у кашулi быў разарваны, праз шчаку цягнуўся шрам, пад вокам свяцiўся "лiхтар". Ён жвава паклаў нерухомыя целы пад сядзеннямi каля стойкi. Сэрца проста выскоквала з грудзей. Ён крыху супакоiўся, ды раптам зiрнуў на насценны гадзiннiк. Было ўжо адзiнаццаць.

"Чорт! – падумаў ён. – Трэба ўцякаць".

Ён хутка насунуў чорныя акуляры i пабег да гатэля.

Яго душу перапаўняла нянавiсць, але Дэнi разумеў, што трэба неадкладна вярнуцца ў лес.

Разлiчыўшыся за нумар, ён узяў валiзу, ускочыў на ровар i стартаваў нiбыта чэмпiён свету па гонках на роварах.

* * *

Дэнi пад'язджаў да моста Сен-Клу, як раптам яго спынiў палiцэйскi.

– У вас што, лiхтара няма? – спытаўся ў ваўкалака гэты маленькi, нiчым не прыкметны чалавечак.

– Лiхтара? – здзiвiўся Дэнi. – А нашто ён мне? Я i так усё добра бачу.

– Нашто? Вы-то бачыце, – адказаў палiцэйскi, – але ж цi бачаць вас? А што, калi з-за вас здарыцца аварыя?

– Аварыя? – сказаў Дэнi. – Можа быць. Але ж як яго запалiць, гэты лiхтар?

– Вы што, смеяцеся? – спытаўся збянтэжаны "фараон".

– Паслухайце, – адказаў Дэнi, – я сапраўды вельмi спяшаюся i не маю часу смяяцца.

– А штраф заплацiць не хочаце? – сказаў занудлiвы ахоўнiк парадку.

– Вы мне абрыдлi, – адно адказаў ваўкалак.

– Выдатна! – сказаў раззлаваны палiцэйскi. – Плацiце!

Ён палез у кiшэню па нейкую кнiжку i ручку i апусцiў на iмгненне вочы.

– Прозвiшча, – спытаўся ён, узнiмаючы вочы.

I адразу засвiстаў у свiсток, бо ўбачыў Дэнi ўжо далёка ад сябе – той нацiснуў на педалi i кiнуўся на штурм адхону.

Дэнi iмчаўся. Ашаломлены асфальт не вытрымаў яго раз'юшанага нацiску. Прайшло колькi хвiлiн – i адхону ўжо як i не было. Пасля Дэнi iмгненна пранёсся ўздоўж парку Мантрэту i збочыў налева – да Чорнага моста i Вiль-д'Аўрэй. Вынырнуўшы з гэтага прыстойнага гарадка перад рэстаранам Кабасю, ён адчуў, што за iм нехта едзе, нацiснуў на педалi з апошняе сiлы – i стралою вылецеў на лясную дарогу. Час падганяў. Раптам недзе ўдалечынi гадзiннiк на вежы прабiў дванаццаць.

Ужо пасля першага ўдару Дэнi зразумеў, што справы яго кепскiя. Ён ледзь дацягваўся да педаляў, бо ногi яго, здаецца, пачалi карацець. Нейкi час ён яшчэ па iнерцыi ехаў па камянiстай прасёлачнай дарозе, залiтай месячным святлом, пакуль не ўбачыў свой цень – доўгую морду, вушы тырчком – i адразу грымнуўся вобзем: воўк, пэўна, не можа трымаць на ровары раўнавагу.

Грымнуўся на сваё шчасце. Ледзь прызямлiўшыся, ён адразу кiнуўся ў лясны гушчар, i ў гэты ж час матацыкл палiцэйскага са скрыгатам раструшчыў ровар.

Толькi Дэнi зноў стаў ваўком, як адразу, прадзiраючыся праз гушчар да сваёй пячоры, пачаў са здзiўленнем думаць пра тое, што ён, такi мяккi, спакойны, быў гэтакi неўтаймаваны ў чалавечай шкуры. Чаму забыўся ён раптам на ўсе свае добрыя прынцыпы, куды падзелася яго лагоднасць? Адкуль з'явiлася ў iм тая неверагодная раз'юшанасць, ахвярамi якой сталi сутэнёры (дарэчы, адзiн з iх, мусiм мы дадаць на апраўданне ўсiх iншых сутэнёраў, быў платным агентам палiцыi па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў)? Ды што там: успамiн пра помсту хваляваў яго i цяпер! Дэнi адно пакруцiў галавою. Якая ж бяда – гэты ўкус Сiямскага Мага! На шчасце, падумаў воўк, ён будзе перакiдацца ў чалавека толькi ў днi поўнi, i за тое дзякуй лёсу. Але ж заставалася ўсё-такi ў iм ад перажытага i штосьцi новае – i гэтая незразумелая злосць, прага рэваншу вымушалi яго непакоiцца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю