355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Борис Саченко » Не, не ўсё роўна (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 октября 2016, 22:33

Текст книги "Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)"


Автор книги: Борис Саченко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Саченко Борис
Не, не ўсё роўна (на белорусском языке)

Барыс Сачанка

Не, не ўсё роўна

З тых дзён, як помню сябе, помню i свайго дзеда. Жыў ён у адным з намi доме, праз сенцы, i што ён жыве, я пачаў прыкмячаць вельмi рана, бадай тады, як адчуў, што акрамя кароткага светлага дня i доўгай цёмнай ночы ёсць яшчэ i людзi – мацi, бацька, брат, – тыя, хто гатовы ў любую хвiлiну зрабiць усё, што толькi я пажадаю. Пазней, калi падрос i ўжо без старонняй помачы мог сам выходзiць на падворак, пра дзеда я даведаўся больш. Я ўжо, да прыкладу, разумеў, што дзед мяне не любiць i, ёсць на тое прычына цi няма, лае: то яму здаеца, што я добра не абабiў ног i на валёнках нясу ў сенцы цэлы воз снегу, то ўбачыць, што я не так, як трэба, зачынiў дзверы i напусцiў холаду, то выдумае нешта яшчэ.

Я ўжо не толькi гэта разумеў, але i стараўся быць як мага далей ад дзеда, каб неспадзеўкi не трапiць на яго вялiкiя i круглыя, як у ката, вочы, бо ведаў, што ён будзе зноў сварыцца, а я не хацеў чуць яго крыку, не хацеў ад бездапаможнасцi i крыўды плакаць. Гуляючы ў хаце цi на двары, я мiж тым, незаўважна нават для самога сябе, усё часцей i часцей пачаў думаць пра дзеда: чаму ён такi нялюдскi, злы, чаму нiколi не возьме, як, скажам, тата цi мама, мяне на рукi, не раскажа казку, а толькi тое i робiць, што крычыць, сварыцца...

I ўжо зусiм добра помню, як аднойчы папрасiлi нас – мяне i майго старэйшага брата Саўку – занесцi дзеду есцi: ён вартаваў тады за поплавам калгасныя гароды. Iшлi мы да яго, як падалося мне, страшэнна доўга, цэлую вечнасць – спачатку па мяккай, пыльнай i гарачай, бы прысак, палявой дарозе ўзбоч доўгенькiх загончыкаў бульбы, ячменю, жыта, проса, потым збочылi на торную зыбкую сцяжынку, якая вывела нас на чысты шырокi луг, што аж стракацеў ад красак – жоўтых, чырвоных, белых, блакiтных... Паволi, як бы нешта выглядаючы, над кветкамi кружылi стракозкi, матылi, пырхалi, час ад часу iмклiва падаючы ў траву, маленькiя, шустрыя лугавыя птушачкi-падшопнiкi. А ў небе высока-высока, раскiнуўшы на ўвесь мах крылы, плаваў вялiзны шэры коршак – калi ён пралятаў блiзка над намi, па аксамiтна-зялёнай траве, што набягала хвалямi i аж угiналася ад ветру, слiзгаў чорны, як крыж, цень.

Лугам мы дайшлi да нешырокай балотнай канаўкi, што ўся, з берагамi, заплыла цiнай, багавiннем, раскай, зарасла асакою i рагазой, – толькi ў адным месцы, на завароце, дзе быў брод, фiялетава блiшчала, як люстра, круглая лужына ржавай, запляснелай вады. Па гнуткiх бярозавых кладках, спярша Саўка, а потым ужо i я, мы перабралiся на другi бераг i адразу ж апынулiся ў змрочнай засенi алешнiку i лазы. Абвiтыя хмелем, галiнкi i лiсце сплялiся над галавою так густа, што праз iх не магло прабiцца сонца. Тут не было той духаты, што панавала там, на полi, але не было i таго халадку, што быў на лузе: была сырая, парная i гняткая цяплынь. Больш за ўсё ў зараснiку мяне ўразiлi птушкi – iх было так многа, што за iмi проста не ўсачыць – разбягалiся вочы. Птушкi пераскаквалi, пераляталi з галiнкi на галiнку, цiўкалi, чэкалi, пiшчалi, сакаталi, i нейкi час я iшоў, аглушаны iхнiмi галасамi, не чуючы нават таго, што казаў мне Саўка – глядзi пiльней пад ногi, бо, ратуй божа, наступiш на гадзюку, укусiць...

Кусты скончылiся, пачалося зноў поле, вялiкае, зялёнае; на iм, нiбы нязменныя, адвечныя вартавыя, журботна i адзiнока то тут, то там каржакавацелi на ўзмежках галлiстыя грушы-дзiчкi. Пад адной з iх, той, што стаяла як бы пасярэдзiне поля i ледзь не слалася бушным голлем па зямлi, капою сена ляпiўся да невысокага пакатага пагорка курэнь-аднабочка. Мы здагадалiся, што гэта i ёсць часовае дзедава жытло. Яшчэ гоняў праз двое мы ўбачылi i самога дзеда узяўшы рукi ў бокi, ён хадзiў па полi ў доўгай, як не па каленi, белай зрэбнай кашулi, падпяразанай лазовым акраўкам, i ў такiх жа белых палатняных штанах. Пройдзе, спынiцца, прыставiць да вачэй руку i ўважлiвым, пранiклiвым позiркам акiне з краю ў край поле. Але, мабыць, нiчога такога, што б насцярожвала i хоць бы на хвiлiну прывабiла да сябе яго ўвагу, не было, i ён, пастаяўшы, паволi клыпаў далей. Убачыўшы нас, ён не падаўся насустрач, а спакваля, нага за нагу, пасунуўся да свайго кураня, нiбы загадзя ведаў, што мы яду прынясём яму, нiдзе не дзенемся. I мы зноў iшлi бясконца доўга – апускалiся ў вузкiя, пазарастаныя макрыцай i касцярушкай разоры, у якiх нават удзень не ападала раса; падымалiся на грады, дзе роўнымi радочкамi кусцiлася то морква, то буракi, то турнэпс; ступалi па пульхным i мяккiм полi, на якiм раскашоўвалася ядраная сiвая капуста; iшлi па загонах, дзе плёўся лапушысты гурэчнiк, буялi кiяхi, грэлiся, падставiўшы круглыя, тугiя бакi сонцу, пярэстыя, паласатыя кавуны, спелi памiдоры...

Нам з Саўкам дзед не то каб узрадаваўся, але не астаўся i абыякавы. Задаволена крактануў i адразу ж узяўся нягнуткiмi парэпанымi пальцамi развязваць вузялок – у iм быў добры акраец жытняга хлеба, кавалак абваранага сала, ёмкi збанок картаплянага булёну.

Ад хады ў мяне нылi ногi, i я, пастаяўшы трохi ля накладзенага дзедам з дубовых губакоў куродыму, сеў на параскiданую ля кураня леташнюю салому. Прымасцiўся поплеч са мною, падкурчыўшы пад сябе ногi, i Саўка. I ён, i я не зводзiлi вачэй з дзеда – глядзелi, як ён, спяшаючыся, старанна рукамi i зубамi развязвае вузялок, як сцеле, распрамляючы па краях, на зямлi хустку, кроiць тоўстымi лустамi хлеб, сала, а пасля, зацiснуўшы мiж каленяў збанок, ачэрпвае драўлянаю лыжкаю булён i, гучна цмокаючы губамi, сёрбае, жуе. Не-не дый паглядвалi мы на гуркi – крамяныя, зялёныя, яны ляжалi ля саменькага кураня ў густым, цянiстым агурэчнiку. Мне, дый, мабыць, i Саўку, вельмi хацелася пакаштаваць гурка – дома ў нас яшчэ толькi гарэлi грады, – аднак пабегчы i адарваць гурок мы не асмельвалiся: баялiся дзеда.

Калi адыходзiлi дадому, дзед праводзiў нас аж да самых кустоў. Ля адной грады ён раптам спынiўся, палахлiва зiрнуў на бакi i, упэўнiўшыся, што поблiзу нiдзе нiкога няма, нагнуўся i адшчыкнуў невялiкi жаўтлявы гурок. Нядбала выцер яго аб перад кашулi, дастаў з кiшэнi ножык-складанчык, разрэзаў гурок напал i моўчкi падаў Саўку i мне...

Год праз дзесяць, успамiнаючы гэты першы свой выхад за вёску, я не раз думаў, чаму дзед у той дзень быў такi ашчадны, беражлiвы i не даў нi Саўку, нi мне па цэламу гурку. Няўжо б ад гэтага збяднеў калгас, няўжо б за гэта яго дакаралi людзi? У мяне можа не асталося б нiякай крыўды на дзеда, каб ён быў шчыры калгаснiк, чалавек, якi хварэе душою за агульнае дабро. Дык не ж. Жывучы ў адным доме, я ведаў: мой дзед – "цвёрдазаданнiк", калгас ён ненавiдзiць заядла i тупа, як можа ненавiдзець яго толькi зацяты, хцiвы багач-аднаасобнiк. У калгас ён не ўступаў датуль, пакуль яго не паклiкалi ў сельсавет i не прыстрашылi, што, калi ён не пойдзе ў калгас, яго сашлюць аж на Салаўкi. А ўступiўшы, не верыў, што калгас доўга будзе, i ўсiм, хто да яго прыходзiў, казаў, што такi хаўрус неўзабаве, пры першым жа зручным выпадку, распадзецца сам па сабе, як распадаецца ўсё, што робiцца не па добрай волi. Можа таму i хаваў ён пад сенам у хляве ўсю сваю лепшую раменную вупраж, плуг, а на пясошнiку, пад лежаком, – сталёвыя восi. Тыя восi вельмi хутка паржавелi, i мой бацька, калi, здаралася, браў у гасцях цi на якое свята добрую чарчыну, заўсёды прасiў мацi, жартам, вядома, каб яна, як ён памрэ, паставiла з тых восей на яго магiле крыж – жалезны, каб надаўга вiдно было, што пад iм ляжыць чалавек.

Другi, найбольш яркi ўспамiн пра дзеда падае на час вайны.

За некалькi дзён да прыходу немцаў у нашай вёсцы дзялiлi калгасную маёмасць. Дзялiлi, каб не дасталося нiчога ворагу – хай лепей спажывуць свае людзi, хай схаваюць, што можна, каб пасля, як прыйдзе зноў воля, лягчэй было абжывацца. Дзялiлi – не тое слова, бо якая дзяльба там была, толькi казалi так: нi коней, нi кароў, нi авечак не было – iх паспелi адагнаць недзе ў глыбокi тыл у першыя ж днi фашысцкай напасцi. Тое ж, што асталося, – калёсы, санi, пчолы, неабмалочанае жыта ў сцiртах, некалькi пар валоў, – расхапалi проста за гадзiну тыя, хто меў нейкую сiлу i не баяўся, што пасля адбяруць ад яго ўсё ўдовы. Некапаную бульбу адводзiлi загонамi, паводле працадзён, вядома, таксама толькi на словах, бо, як потым выявiлася, працаднi адным чамусьцi не ўлiчвалiся, а другiм, наадварот, аж надта завышалiся. Улады ў вёсцы ўжо не было, i сваю правату i неправату людзi даказвалi найбольш языкамi.

Таму, што распусцiлi калгас, дзед мой быў рады болей за ўсiх. Пажвавеў, павесялеў, выпрастаўся. У хаце не сядзеў нi хвiлiнкi – усё бегаў, як вецер, з канца ў канец па вёсцы i кожнаму, каго сустракаў, гаварыў:

– Ну, што я казаў?.. Кхе-кхе... – крактаў ён. – Няйнакш перад пагiбеллю сваёй лютавалi гэтак бальшавiчкi ды розныя камiсарыкi...

Людзi яшчэ глыбей уцягвалi ў плечы шыi i, унурыўшы галаву, абыходзiлi дзеда бокам. А сёй-той i не ўмоўчваў – казаў:

– Падумай, Апанас, што кажаш. Германец не сёння-заўтра будзе на зямлi нашай, а ты такое... Як табе не сорамна, язык як паварочваецца... "Бальшавiчкi", "камiсарыкi"... Эх ты!..

Пагардлiва акiнуўшы з ног да галавы дзеда, людзi iшлi далей.

Пры дзяльбе калгаса дзеду майму ў дадатак да ўсяго iншага ўдалося неяк прывесцi яшчэ i волiка, маладога гладкага бычка-трацячка – сквапны, пранырлiвы стары быў, ведаў, што трэба хапаць. I каб паехаць куды што рабiць, яму – хочаш не хочаш – даводзiлася спрагацца з суседам, Янам Серадольшанкам, за вочы Шасцiногам (празвалi яго так за тое, што ён быццам бы ў дзяцiнстве не вымаўляў слова часнок, а гаварыў "шэсцьног"), жонка якога таксама ўмудрылася ўрваць сабе такога ж маладзенькага волiка.

Ян Серадольшанка быў чалавек цiхманы, у вёсцы не крыўдзiў яго хiба адзiн толькi бог. I не таму, што ён каму-небудзь наступiў на балючы мазоль цi насалiў чым моцна, а проста так, дзеля пацехi, смеху. Як пасля я пераканаўся, гэткiя людзi, як Ян, ёсць амаль у кожнай вёсцы: адзiн з iх, выпiўшы, ходзiць па вёсцы i, выставiўшы жывот, просiць усiх, хто валюхаецца мiма, каб стукнулi кулаком па жываце – вось гук будзе! – i дзе – не спераду, а ззаду; другi, здаецца, толькi тое i робiць, што плача ды ные, расказваючы свае беды i няшчасцi, на якiя б iншы нават увагi не звярнуў, i ўрэшце так надакучае ўсiм, што ад яго ўцякаюць, як ад чумнога; трэцi некалi бiўся з пеўнем цi сватаў сабе ў жонкi гусь... Iнакш – што сяло, то i сваё памяло... Ян жа Серадольшанка, калi быў пад добрым градусам, браў дома вяроўку, на якой жонка сушыла бялiзну, i сунуўся ў лес вешацца. Чамусьцi заўсёды iсцi яму выпадала якраз праз усю вёску, хаця лес быў зусiм у другiм баку, непадалёку ад яго хаты. А паколькi Ян вельмi любiў людзей, з якiмi зжыўся змалку, дык перад тым, як павесiцца, заходзiў да кожнага ў хату, каб развiтацца. Ведаючы добра Яна, аднавясковец прыносiў з сянец запацелае паўлiтэрка i прасiў Яна прысесцi хоць на хвiлiначку да стала.

– Добра жылi мы з табою, Ян, – казаў зычлiвы сусед, ледзь стрымлiваючы сябе, каб не пырснуць смехам, – давай добра i расстанемся. Толькi глядзi ж, не забывай мяне на тым свеце, а як дзе знойдзеш сцiшнае месцейка, беражы яго мне...

– Якое там месцейка, – махаў рукою Ян i выбiраў самую вялiкую кружку, якая толькi i была ў хаце, прасiў налiць па поўнай, абавязкова па поўнай, бо дзе поўная чарка, не можа быць нiякая сварка, i, зажмурыўшы вочы, выпiваў да дна; адразу ж, не закусваючы, пачынаў расказваць, як пагана жывецца яму на гэтым свеце, як яго ўсе i ўсюды крыўдзяць, насмiхаюцца, пускаў неўпрыкмет "з гора" слязу i плёўся далей. Iншы раз, калi Ян быў асаблiва не ў гуморы, ён успамiнаў бычка, рабога, гладкага бычка Тараса, якога зарэзалi i ўтрубiлi за мiлую душу ў яго ж, Янавай, хаце – каб iх самiх утрубiлi чэрцi! – яшчэ ў грамадзянскую белапалякi. Таго бычка Яну было так ужо шкада, так шкада, што ён, размазваючы кулаком па твары слёзы, роў, як малое дзiця. Сёй-той браўся суцяшаць Яна, казаў, што, чаго-чаго, а бычкоў такiх, як Тарас, можна выгадаваць сотню, а то i больш, абы сена толькi было.

– Не, такога бычка мне ўжо нiколi не бачыць, – вёў усё роўна сваё Ян. – Як зжэрлi яго, мо цэлы тыдзень не спалi, начамi за хлеў бегалi... Сыты быў, халера! На маю сям'ю на поўны месяц хапiла б, каб не дурны быў ды сам зарэзаў... На ўвесь бадай-што мясаед!..

I зноў пачынаў плакаць.

Недзе пасярэдзiне вёскi Ян п'янеў так, што не мог на нагах стаяць – падаў у раўчак i ўжо аставаўся там ляжаць, аж пакуль добра не змяркалася. Тады жонка, сухая, доўгая, як жэрдка, разы мо ў два большая ростам за Яна, цi дочкi – iх было ў яго дзве, Тоця i Каця, абедзве худыя, насатыя i злыя, акурат iхняя мацi, – прыязджалi з санкамi цi тачкаю-двухколкаю, – гледзячы, якая была пара года, – узвальвалi Яна на свой саматужны "транспарт", прывязвалi, каб не ўпаў, той вяроўкаю, на якой Ян хацеў павесiцца, i пад раскошны, смачны смех i рогат дзятвы шчаслiва дабаўлялi жывога "шыбенiка" дахаты...

Пра Яна ў вёсцы хадзiла безлiч анекдотаў. Казалi, да прыкладу, што Ян дае "добры дзень" кожнаму сабаку, каб не брахаў, кожнаму гусаку, каб не шыпеў, а жанчын наогул абыходзiць за дзесяць гоней, каб не наскочыць каторай не пад настрой – далiся яму ў знакi свая, у два разы большая за яго, жонка i дочкi...

Я расказваю так падрабязна пра Яна дзеля таго, каб вы ўявiлi сабе, якi напарнiк трапiўся майму дзеду. I ўсё адно, прачынаючыся, я чуў шторанiцы, як дзед, ходзячы па двары, лаяў Яна.

– Ыш як выматаў, парожняга воза i то не цягнуць!.. – гэта калi сам запрагаў валоў.

– Во, прэцца ўжо, каб з цябе дух выперла!.. – кляў ён суседа, калi была таго чарга i Ян з повадам у руках iшоў у хлеў лыгаць дзедавага волiка.

У такi дзень у нашым двары наогул не сцiхала лаянка. Прыгнуўшыся, каб меней хто бачыў, дзед раз-пораз падбягаў да паркана, на хвiлiну-другую прыпадаў да дзiркi i адразу ж iмчаў назад, нiбы гнаў яго адтуль хто палкаю.

– Гэта ж трэба такi воз гною накласцi, – бурчаў ён, бегаючы па двары. Каб цябе ў магiлу паклала, Шасцiнога дурнога!.. – аж скакаў ён ад злосцi.

Учапiўшыся за Яна, дзед неўпрыкмет пераходзiў да калгасаў – каму што, а чорту балота, свякрусе – нявесткi.

– Дзе ты бачыў, басота, ды хочаш, каб доўга адзержалiся... Толькi людзей узбунтавалi, галадранцы. Туды завёў коней, валоў, а адтуль... цьфу ты, ды пайдзi скрузь землю жытка такая...

Бацька наш быў на фронце, i мацi, аднойчы, калi дзед быў, як нам здалося, у добрым настроi, бо накладаў вазы гною ўдвая большыя за Яна, i валы, хоць i трашчалi ў iх ад натугi косцi, на дзiва ўсё ж неяк везлi, – выйшла з хаты i папрасiла дзеда, каб ён даў нам на якi дзень валоў прывезцi з лесу дровы, бо ў нас даўно ўжо не было чым прапалiць у печы i ў хаце стаяла такая халадэча, што, бадай-што, цяплей было на дварэ. Там хоць калi-нiкалi ды сонца грэла, а да нас яно не заглядвала ўсю зiму – не магло растаiць вырысаваныя, замураваныя марозам вокны. Дзед накiнуўся на мацi, бы коршак:

– Сыдзi з вачэй маiх, чуж-чужанiца, бо мяне дурны поп хрысцiў. Убачыла валоў!.. Каб не такiя разумнiкi, як ты, я быў бы чалавекам, я пляваў бы сёння на ўсiх i на ўсё...

Дзед намякаў маёй мацi, што яна некалi была камсамолкай i ўпрошвала яго не ўпарцiцца, а ўступаць у калгас.

– От кальвiн, памiрай, лёду з-пад парога не дасць... – вярнуўшыся ў хату, толькi i прамовiла мацi i заплакала...

Улетку сорак трэцяга года фашысты спалiлi нашу вёску, а ўсiх нас, яе насельнiкаў, пагналi ў Нямеччыну. Ноч, акружаныя аўчаркамi i карнiкамi, мы праляжалi на станцыi, у хвойнiку, кiламетраў за сем ад свае вёскi, – не вёскi ўжо, а папялiшчаў, – чакалi цягнiка. Ранiцаю стала вядома, што нiякага цягнiка нi сёння, нi заўтра не будзе, бо партызаны падарвалi на нашым перагоне чыгуначны мост. Каб не сядзець пад адкрытым небам яшчэ некалькi сутак, фашысты надумалi гнаць нас да наступнай станцыi – яна была кiламетраў за сорак ад нашай. Тым, хто меў сваiх валоў i коней, дазволiлi ехаць на падводах, астатнiя мусiлi iсцi пешкi. Мабыць, пакуль буду жыць – не забудуся, як iшлi мы панурым натоўпам са сваiх родных мясцiн у свет – на чужыну, у невядомасць. I цяпер яшчэ часта-часта паўстае перад вачыма тая вiлястая, бясконца доўгая, пыльная дарога; на ёй як ахапiць вокам жывы, рухомы паток выгнанцаў: конi, валы, нагружаныя розным хатнiм скарбам вазы i людзi – з клункамi, торбамi, вёдрамi, гладышкамi, дзецьмi...

Па абодва бакi – ланцужком, адзiн за адным, iдуць немцы, усе ў жоўта-зялёных, мышыных, накiдках, з аўтаматамi напагатове... Iх веласiпеды, наўючаныя ранцамi, процiвагазамi, скаткамi шынялёў, рознымi iншымi рэчамi, якiм i назвы не ведаеш, коцяць паабапал дарогi нашы вясковыя мужчыны, палiцаi...

Мы iдзём недзе ў канцы гэтага патоку: за плячыма ў мацi вялiкi клунак загорнутая ў рабую посцiлку пасцель. Такi ж клунак, толькi меншы, за плячыма ў Саўкi – у iм харчы: хлеб, сала, сыр. Я ж ледзь валаку дзве вялiкiя палiваныя гладышкi малака: малако даўно ўжо скiсла, западала пылам, але я ўсё адно яго не вылiваю – нясу.

Наперадзе нас едзе дзед. Падкурчыў, як цыган, пад сябе ногi, уваткнуў у рот цыбук люлькi i, заплюшчыўшы вочы, млява паганяе коней – iх ён выменяў неяк узiмку ў палiцаяў. Конi, вядома, не бог ведае якiя, не стаеннiкi, не племянныя, а бракаваныя, яны не прыдатны былi нават самiм палiцаям. Ды цягнуць яшчэ спраўна: воз аж рыпiць. На iм поўна мяшкоў – з грэчкаю, бульбаю, жытам, аўсом... I мацi, гледзячы на воз, кляне дзеда, кляне пацiху, каб чулi толькi мы, але злосна i крыўдлiва, – яна ўсё яшчэ не можа змiрыцца з тым, што нават у такую цяжкую гадзiну ён не хоча прызнаць нас за радню, не хоча пашкадаваць нас, дзяцей...

Я ўсю дарогу не зводжу вачэй з пагнутага парожняга вядра, што брынчыць ззаду на дзедавым возе. Каб на месца яго ўзяць ды павесiць на дышаль мае гладышкi! Як бы я тады хутка i спора пайшоў!

А тут гэткая суша – аж няма чым дыхаць. Ад гарачынi не ратуе нават лес ён стаiць усцяж дарогi, бы нежывы, цёмны, змораны, вялы. Знямогла, квола пiшчыць засмяглым галаском нейкая нябачная птушачка: "пiць, пiць".

Спякота i пыл.

Пыл i спякота.

Iдзём мы доўга. Вось ужо i сонца звярнула з поўдня, вось яно, вялiзнае, чырвонае, проста на вачах апускаецца, падае на лес, зацягваючы ўвесь захад светла-ружовай барвай. А мы ўсё iдзём i iдзём, i хадзе нашай, здаецца, нiколi не будзе канца...

Пясок за дзень нагрэўся на сонцы, аж боязна ў яго ступаць босымi нагамi. Балiць галава – нi то ад спякоты, нi то ад чагосьцi iншага. У вачах то пацямнее, зробiцца чорна, як уночы, то раптам пачынае скакаць, як у вясёлым карагодзе, усё – людзi, немцы, дрэвы, падводы... А карнiкаў бы хто падмянiў. Яны раптам падымаюць галовы, нешта крычаць адзiн аднаму i iдуць з аўтаматамi на людзей.

– Шнэль! Шнэль! Шнэль! – чуваць з усiх бакоў.

Ага, гэта яны баяцца вечара i спяшаюцца, каб да змярку быць на станцыi. Iначай можа здарыцца неспадзяванка: нападуць партызаны i людзi разбягуцца па лесе – злавi тады...

Ад стомы я ледзьве перастаўляю ногi i iду, мусiць, абы-куды, бо з усiх бакоў мяне штурхаюць – на момант мне нават здаецца, што я трапiў у чараду кароў i кожная так i цаляе, каб баднуць мяне рогам. Я падаюся ўбок i бачу дзедаў воз. Адна драбiнка з'ехала з ручкi на кола, i яно, павольна круцячыся, шоргаецца аб дрэва. "Шорх-шорх, шорх-шорх!.." З нацёртай да бляску шыны мукою сыплецца сыпкi пясок...

Круцiцца, круцiцца кола...

I вось мне пачынае ўжо здавацца, нiбыта я ў млыне: стаю, гляджу, як круцяцца, мелючы зерне, вялiзныя камянi, i па збажыне сунуся сам у жолаб. Жолаб проста ўвачавiдкi расшыраецца, расце, i вось ужо ён зрабiўся такi вялiкi, што ў iм месцяцца i людзi, i конi, i ўся гэтая пыльная, бясконцая дарога, што цягнецца немаведама куды. Людзi раптам падаюць на збожжа i засынаюць. Спяць усе. Не сплю толькi чамусьцi адзiн я, хаця ад дрымоты i ў мяне злiпаюцца павекi. Я заплюшчваю вочы i падаю таксама на зерне – мяккае, цёплае...

...Ачынаюся я на дзедавым возе. Ля мяне сядзiць Саўка, нейкiя чужыя босыя мурзатыя дзецi. Чые яны, я не пазнаю. Азiраюся – тая ж вiлястая пыльная дарога, той жа бясконцы вiрлiвы паток: людзi, валы, конi, падводы, немцы... Дзед iдзе побач, трымаючы ў руках лейцы, i ў яго аж скача з рота пена – такi ён злосны. Я пытаюся ў Саўкi, што здарылася. I ён расказвае мне, што я ўпаў на дарогу, i канвойны немец, якi iшоў пры нас, раскрычаўся, сцялежыў воз, паскiдаў з яго ў раўчук усе дзедавы мяшкi, а ўсiх нас, дзяцей, хто прыстаў, падбiўся ў дарозе, загадаў пасадзiць на воз...

У Нямеччыне дзед трапiў да баўэра кiламетраў за сто ад нас, i ўсю вайну, аж да вызвалення, мы з iм не сустракалiся. Калi ж вярнулiся з чужыны, дзед быў ужо дома – ён прыехаў раней i пасялiўся ў пограбе на старым сваiм селiшчы. Ставiць хату зноў разам з намi ён не захацеў, дый не вельмi напрошвалася на гэта наша мацi. Пад сваю новую хату мы знайшлi i новы пляц. У пограбе дзед пажыў да глыбокай восенi, пакуль не захаладала, а тады раптам кiнуў-рынуў сваё селiшча i перабраўся жыць да Тоцi – старэйшай Серадольшанкавай дачкi. Муж яе, гэтак жа, як i наш бацька, не вярнуўся з вайны, аднак у яе была ўжо хоць i маленькая, ды свая хата: яе, гэтую хату, казалi, зрабiлi салдаты з ваенведа...

Дзед быў яшчэ дужы i някепска зарабляў, па начах пасвячы "лястрангасаўскiх" коней, а ўдзень кладучы людзям печы цi стаўляючы зрубы. Да таго ж ён прывёз сёе-тое з адзежы з Нямеччыны. I жанчына, мусiць, спадзявалася пакуль што пажыць за шырокай дзедавай спiнай.

Чакаць помачы нам не было адкуль, i мы самi пачалi ставiць сабе хату. З чужыны мы вярнулiся ўлетку, у самае жнiво. Пасеяць што-небудзь цi пасадзiць было позна, i цэлы год нам давялося жыць чым бог пашле. Восень i зiму яшчэ сяк-так гiбелi, прадаючы астатняе з адзежы i купляючы бульбу, хлеб. А вясною селi на крапiву i шчаўе.

Бачачы, што мы з Саўкам зусiм далiся i ад недаядання пасiнелi, мацi папрасiла Саўку схадзiць да дзеда, каб ён хоць чым-небудзь памог нам, калi не бульбай i хлебам, то хай бы хоць дзень парабiў ля хаты. Iсцi да дзеда Саўка адмовiўся, сказаўшы, што ён лепей пойдзе ў кускi, чым да дзеда.

– Усё роўна ён нiчога не дасць i да хаты нашай не пойдзе. Навошта ж хадзiць ды клянчыць...

– То што ж мне рабiць з вамi? – пачала ламаць рукi мацi. – Сядзець ды глядзець, як вы марнееце ды чэзнеце? – I яна заплакала.

Я накiнуў на плечы свiтку i выйшаў з хаты: надумаўся сам схадзiць да дзеда – не можа быць, каб ён астаўся абыякавы, раўнадушны да нашага гора.

Калi я ўвайшоў у Тоцiну хату, дзед якраз снедаў. На стале перад самым яго носам ляжаў цэлы стос пульхных пшанiчных аладак, на дашчэчцы стаяла патэльня, поўная туку i тоўстых ружовых скварак. Але аладкi i сала дзед пакiдаў на пасля, бо цяпер, нагнуўшыся над глiнянаю мiскаю, ён упарта сёрбаў булён. Тоцi дома не было – няйнакш некуды выбегла, i гэта мяне ўзрадавала: пры ёй я бянтэжыўся б, мусiць, няёмка сябе пачуваў бы i дзед.

Я паздароўкаўся i адразу ж, не прайшоўшы нават на хату, сказаў, чаго прыйшоў.

Дзед павярнуў да мяне сiвы, валасаты твар, блiснуў вачыма i, не перастаючы жаваць, загаварыў доўга i разважлiва:

– Яно, канечне, на добры лад памагчы трэба было б. Што нi кажы, а ўсё ж свае... Сiроты... Ды гэта каб на добры лад, каб нявестка была не пустадомак, а чалавек, якi дбае пра сям'ю, каб i не галодныя былi, i не голыя... – памаўчаў, зачэрпнуў з мiскi лыжку булёну, упiхнуў у рот добры кус хлеба i, павольна варушачы скiвiцамi, казаў: – Усе людзi як людзi. Хто ў лястрангас пайшоў, а хто ў ляснiцтва ўладкаваўся, хто яшчэ куды, дзе капейку даюць, – рыбка шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. А яна ў калгас...

– Але ж i ў калгасе трэба некаму рабiць, – не згадзiўся я з дзедам, – бо калi ўсе па заробках розных пойдуць, хто ж зямлю ўрабляць будзе, хлеб сеяць?..

– Кхе-кхе... – усмiхнуўся дзед, паказаўшы рэдкiя жоўтыя зубы. – Ты слухай, стары вол баразны не псуе, а стары чалавек абы-чаго не плявузгае. Ведай, што калi бог спарадзiў чалавека, дык даў яму i розум. А нашто чалавеку розум? Я свой век пражыў i сяму-таму навучыўся. Чалавек павiнен адзiн быць, сам сабе гаспадар на сваёй зямельцы, тады ў яго будзе ўсё – i хлеб, i сала, i грошы. Пакуль гэтага не будзе, зямлi цурацца трэба...

Гаварыць далей з дзедам не было нiякага толку, i я, бразнуўшы дзвярыма, што аж затрымцелi ў вокнах шыбы, выйшаў. Мне было прыкра i горка, ад крыўды я ледзь не плакаў.

I ўсё ж мы не памерлi з голаду: выжылi. I не толькi выжылi, але зусiм неспадзявана i запамаглiся. Як сям'i, што пацярпела ад вайны, нам далi бясплатную маладую, з малаком, карову, памаглi i насеннем, рацыёнамi. Само сабой, вядома, паставiлi мы i хату. I не абы-якую: з новага, смалiстага, як звон, дрэва, з пяццю шырачэзнымi – асаблiва пасля зямлянкi, у якой мы да гэтага жылi, – вокнамi, вялiкай, з лежаком, печчу.

Мы сталi жыць не горш ад людзей. I калi ўжо зусiм забылiся, што недзе побач дажывае свой век наш дзед, па вёсцы пранеслася чутка, што дзед наш застудзiў ногi, яны апухлi i ён не можа сам нават выйсцi на двор. Мо праз тыдзень пасля гэтага ў нашу хату ўбегла Каця, меншая Серадольшанкава дачка сам ён ужо даўно парыў косцi, памёр, небарака, у самую галадоўку – i, прысеўшы на ўслон, расказала, што дзеда нашага выгнала Тоця i што ён сядзiць на сваiх клунках на прызбе яе хаты i не ведае, дзе падзецца. Каця не любiла Тоцi, бо тая адцуралася свайго роднага бацькi, нават на пахаванне не прыйшла, а ўзяла да сябе ў хату зусiм чужога чалавека, маладая – старога. Цяпер Каця з апошнiх слоў лаяла сястру:

– Падумаць толькi, якая падкалодная гадзiна! – казала яна з гневам. Выцiснуць з чалавека апошнiя сокi, а тады, як тую непатрэбную анучу, выкiнуць. Гэтага трэба было ад яе чакаць. Яна ж, як жылi яшчэ з бацькам, пацiху ад усiх крала з кубла сала i прадавала, каб купiць сабе ўборы ды да хлопцаў збегаць...

Каця пакруцiлася яшчэ трохi ў нашай хаце i некуды пабегла – няйнакш панесла гэтую навiну ў другiя хаты: яна рада была выпадку збэсцiць сястру, бо тая ж надта зазналася.

Было ўсё гэта ў абед. Мацi толькi што прыйшла з фермы – даглядала ў калгасе свiней. Не скiдаючы ватоўкi, яна пасядзела на лаве, моўчкi выслухала Кацю, а калi тая выйшла з хаты, устала, нявесела абвяла вачыма нас з Саўкам i сказала зусiм спакойна да мяне:

– Я ведала, што гэтак будзе... Адзявайся, сынку, паедзем прывязём яго да сябе. Усё ж ён нам свой...

Пачуўшы матчыны словы, Саўка быў устаў з-за стала – ён рабiў урокi, хацеў нешта сказаць, але падумаў, махнуў рукою, сеў зноў на сваё месца i, узвалiўшыся ўсiмi грудзьмi на стол, пачаў нешта хутка-хутка пiсаць – аж зарыпела лава.

Я борзда злазiў на пясошнiк, дастаў саматужкi, i мы паехалi.

Тоця жыла поблiзу колiшняга нашага селiшча, i ехаць трэба было ледзь не праз усю вёску. Памятаю, што, хоць i стаяў яшчэ люты, той дзень выдаўся на дзiва цёплы, адлiжны, дзе-нiдзе нават капала са стрэх. У дварах зусiм па-вясноваму зычна i весела кукарэкалi пеўнi, склiкаючы да сябе курэй, а на вулiцы гулялi ў снежкi дзецi. Ля калодзежаў стаялi, падаткнуўшы пад фартухi рукi, купкамi бабы – абгаворвалi вясковыя навiны. Не-не дый, калi мы пад'язджалi блiжэй, паварочвала каторая твар да мацi i пыталася са шкадаваннем:

– Няўжо едзеш па яго? – i, бачачы, што гэта так, ушчувала мацi. – Ды я б на тваiм месцы, Насця, плюнула яму ў вочы. Хай бы падыхаў, як сабака, пад плотам. Ногi – гэта не галава, не шлунне. Ты ведаеш, колькi ён яшчэ праскрыпiць? Можа год, а можа i два. I табе мучыцца? За што?

– Хай яму будзе сорамна i... Тоцi, – нясмела баранiлася мацi. – Усё ж ён нам свой. Каб жыў мой Iван... – Мацi не дагаворвала, голас яе зрываўся, яна часта-часта пачынала клепаць вейкамi i – подбегам даганяла мяне.

Дзед не ўпарцiўся, не ўпiраўся, калi мы яго забiралi. Толькi здзiўлена, нiбы спалоханы, лыпаў вялiкiмi белазорымi вачыма, – iменна белазорымi, а не шэрымi, як здавалася мне некалi ў маленстве, – то на мяне, то на мацi.

Мо з тыдзень маўчаў ён, не кажучы нi слова, i ў нас дома. Ляжаў, застыла ўставiўшыся вачыма ў столь, i нешта думаў. Што?.. Ах, каб гэта можна было ведаць... Ды чужая душа – пацёмкi. Бывала, падыдзеш да яго, а ён нават не зварухнецца – ляжыць, сцяўшы губы, мярцвяк мерцвяком, аж не па сабе зробiцца, млосць па целе пойдзе, мурашкi халодныя скрабануць... Падумаеш мiжвольна: хiба памёр?

Але аднойчы, увечары, калi на комiнку гарэла лучына i мацi, нагнуўшыся над грэбнем, дзёрла лён, ён павярнуўся да яе тварам, доўга глядзеў, як хутка i спрытна аддзяляе яна кужаль ад патрэпак, i цiха, нiбы сам сабе, прамовiў:

– Век не думаў, што давядзецца памiраць на тваёй пасцелi. Каб ведаў, нi за што б не рабiў так...

Мацi нiбы i не пачула дзедавых слоў – сагнуўшыся, яна дзёрла i дзёрла лён. Толькi калi абцягнула пасму, стомлена выпрасталася, паглядзела некуды ў куток i, цяжка ўздыхнуўшы, сказала:

– Ат, што ўспамiнаць тое, што было. Усё адно не вернеш... – i, памаўчаўшы, дадала: – Дзеля Iвана, толькi дзеля Iвана цярплю я ўсё гэта, прасiў жа, як iшоў на фронт: "Глядзi бацьку, не дай памерцi на чужых людзях, калi што..."

– Не трэба, Насця, – папрасiў, упершыню назваўшы маю мацi па iмю, дзед. Я сам ведаю, што быў несправядлiвы да цябе, вельмi нават несправядлiвы... Не любiў я цябе i не мог дараваць сыну свайму, што ён, не спытаўшыся ў мяне, узяў цябе, круглую сiрату, у наш дом.

– А пры чым тут я, пры чым мае дзецi, якiх ты ненавiдзеў яшчэ болей, чым мяне? – ужо са злосцю сказала мацi.

– Сам не ведаю. З таго дня, як запiсаўся ў калгас, я зненавiдзеў усё, нават самога сябе. Падумаю – колькi здароўя я згубiў, колькi сiл паклаў, каб узбiцца на гаспадарку... А што з таго?.. Усё кату пад хвост, як i не было... Як падумаю, сэрца так i зашчымiць, крывёю абальецца: у такую хвiлiну гатоў любога, самага блiзкага чалавека, зубамi рваць...

Уткнуўся тварам у падушку i гучна, наўзрыд заплакаў... Я, каб не чуць гэтай размовы далей, апрануўся i выйшаў на двор. Стаяла шарая зiмовая ноч, падаў, падоўгу кружачыся ў паветры, дробны, лёгкi, як гусiны пух, сняжок, i на небе не вiдаць было нiдзе нi зорачкi. Прыхiнуўшыся плечуком да сцяны, я стаяў ля самага ганка сянец i думаў. Памятаю, у тую хвiлiну я прыгадаў бацьку роднага, блiзкага мне чалавека, якога нават не ведаю, дзе пахавалi, дзе яго магiла... А прасiў жа некалi мацi, каб паставiла, як памрэ, з тых восей, што хаваў ад калгаса дзед, на яго магiле крыж – "жалезны, каб надаўга вiдно было, што пад iм ляжыць чалавек"... Прыгадаў, як некалi мы хадзiлi з Саўкам да дзеда, насiлi яму за поплаў на калгасны гарод есцi i як ён даў нам па палавiнцы гурка; прыгадаў, як крычаў ён на мацi ў акупацыю, калi тая прасiла волiка прывезцi з лесу дровы... Прыгадаў усё сваё бязрадаснае, зглумленае, згвалтаванае вайною дзяцiнства... I на душы ў мяне стала горка, горка...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю