355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Астрид Линдгрен » Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 14 сентября 2016, 21:59

Текст книги "Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)"


Автор книги: Астрид Линдгрен



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 8 страниц)

Калi спачатку мы нiчога не бачылi, нi я, нi Мацiяс, дык потым я знайшоў выйсце. Усе салдаты стаялi, як каменныя, шырока расставiўшы ногi. I мне прыйшла думка, што калi легчы на жывот i прапаўзцi памiж iх нагамi, дык можна будзе ўсё ўбачыць.

Але я не мог прымусiць Мацiяса зрабiць тое самае.

– Галоўнае, каб ты што ўбачыў, – сказаў ён. – I тое, што ўбачыш, ты ўжо нiколi не забудзеш.

I вось бачу: вялiзны, прыгожы, зiхатлiвы паруснiк насоўваецца на нас з вады, а ў iм – весляры, апранутыя ва ўсё чорнае. Вёслаў было больш, чым я мог падлiчыць, яны паблiсквалi кожны раз на сонцы, паяўляючыся з вады. Веслярам даводзiлася цяжка, таму што моцнае цячэнне адганяла лодку ад берага, магчыма, гэта было з-за вадаспада, якi абрынваўся нiжэй па рацэ, – можна было чуць яго грозны грукат.

– Тое, што ты чуеш, – сказаў Мацiяс, – гэта вадаспад Карма, гэта песня вадаспада Карма, гэта калыханка ў Далiне Дзiкай Ружы, пад якую дзецi кладуцца спаць.

Я падумаў пра дзяцей Далiны.

Напэўна, яны калiсьцi бегалi i гулялi на рацэ, цяпер яны ўжо, вядома, не гуляюць, iм перашкаджае гэта вялiзная праклятая сцяна, зусiм глухая. Па ўсёй даўжынi было толькi двое варот, першыя з iх – гэта тыя, праз якiя я прайшоў, яны называлiся галоўнымi, а другiя – гэта тут, на рацэ, з выхадам на прыстань. Якраз сюды цяпер прычальваў Тэнджыл са сваiмi салдатамi. Вароты былi адчынены для Тэнджыла. Выглядваючы з-за ног салдат, я азiраў прыстань i чорнага скакуна Тэнджыла, якi ўжо чакаў яго. Гэта быў цудоўны конь, упрыгожаны залатым сядлом i залатой збруяй, якiя блiшчалi на сонцы. Тэнджыл ступiў на зямлю, сеў на каня i паехаў да варот. Здарылася так, што ён праязджаў зусiм побач са мною, i я ўбачыў яго жорсткi твар i жорсткiя вочы. Жорсткi, як змей, – праўду гаварыў Джанатан, бо ён сапраўды быў такi: жорсткi i прагны да крывi. Гарнiтур на iм быў чырвоны, як кроў, нават султаны на шлёме былi чырвоныя, нiбы ён акунуў iх у кроў. Яго вочы нерухома глядзелi ўдалячынь, на людзей ён не глядзеў, быццам на свеце не было нiкога, акрамя Тэнджыла з Карманьякi. Так, ён быў страшны ўжо сваiм выглядам.

Усiм у Далiне Дзiкай Ружы было загадана сабрацца на плошчы, дзе Тэнджыл збiраўся сказаць прамову. Мы пайшлi з Мацiясам таксама.

Гэта была невялiкая ўтульная плошча з прыгожымi старымi будынкамi вакол. Тэнджыл сабраў тут усiх жыхароў Далiны Дзiкай Ружы. Людзi стаялi моўчкi, з невясёлымi думкамi. Гора застыла ў вачах кожнага. Тут, на гэтай плошчы, яны калiсьцi радавалiся жыццю, гулялi, танцавалi i спявалi па вечарах, сядзелi на лаўках пад лiпамi i размаўлялi.

На плошчы раслi дзве старыя лiпы. Тэнджыл пад'ехаў да iх i спынiўся. Не злазячы з каня, ён уталопiўся на плошчу i на людзей, але я ўпэўнены, што нiводнага чалавека ён не бачыў. Побач з iм быў яго саветнiк, вядомы ўсiм па iменi П'юк. Пра яго мне расказаў Мацiяс. У П'юка быў такi ж цудоўны конь, як i ў Тэнджыла, адно што белы. I вось яны сядзелi, як два ўладары, на сваiх конях, гледзячы проста перад сабой. Яны сядзелi так доўга, што салдаты, якiя акружалi iх шчыльным кальцом, з выцягнутымi з ножнаў мячамi, аблiвалiся потам пад яркiмi праменнямi сонца.

– Як думаеш – што скажа Тэнджыл? – запытаўся я ў Мацiяса.

– Што ён намi не задаволены. Ён нiколi добрага слова не скажа.

Але на гэты раз Тэнджыл наогул нiчога не сказаў. Ён не з тых, хто стане гаварыць з рабамi. Ён толькi гаварыў штосьцi П'юку, а той ужо абвяшчаў, як Тэнджыл незадаволены народам Далiны. Маўляў, людзi дрэнна працуюць, кепска ахоўваюць ад ворагаў яго, Тэнджыла.

– Браты Львiнае Сэрца яшчэ не знойдзены, – працягваў П'юк. – Наш мiласэрны ўладар не задаволены гэтым.

– Ну, вядома, вядома, – хтосьцi прабурчаў побач са мной. Гэта быў бядняк, апрануты ў лахманы, маленькi дзядок са зблытанымi валасамi i барадой.

– Цярпенне нашага ўсемiласцiвага гаспадара падыходзiць да канца, – вяшчаў П'юк. – Папярэджваю: ён жорстка пакарае Далiну.

– I правiльна, i правiльна, – шаптаў стары побач са мной, i я падумаў, што ён, пэўна, з'ехаў з глузду.

– Але, – працягваў П'юк, – наш мiласэрны ўладар, перш чым вынесе свой прысуд, яшчэ крыху пачакае. Ён прапануе ўзнагароду. Дваццаць белых коней таму, хто зловiць Львiнае Сэрца.

– Значыць, я злаўлю гэту маленькую лiсу, – прашаптаў стары, штурхаючы мяне ў бок. – Чуеш, гэта ж дваццаць белых коней можна атрымаць ад нашага ўсемiласцiвага! О, гэта добрая ўзнагарода за маленькую хiтрую лiсу!

Я так узлаваўся на яго за такiя словы, што, здаецца, гатоў быў забiць. Хiба ён ненармальны, што гародзiць такую лухту?

– Цi пры сваiм ты розуме? – абурыўся я.

– Не, не зусiм, – стары засмяяўся i пiльна паглядзеў мне ў вочы.

Яго вочы здалiся мне знаёмымi. Нарэшце я ўсё зразумеў. Толькi ў Джанатана маглi быць такiя цудоўныя ззяючыя вочы, такi добры i чысты пагляд. А я яшчэ абураўся... Але як у яго хапiла смеласцi з'явiцца тут, перад самым носам Тэнджыла? Хаця, натуральна, нiхто яго пазнаць не мог. Нават Мацiяс не пазнаў яго, пакуль Джанатан не падышоў i не паляпаў яго па спiне:

– А што, стары, цi мы раней з табой не сустракалiся?

Джанатан заўсёды любiў пераўвасабляцца. Ён часта вечарамi разыгрываў сцэнкi на кухнi, калi мы жылi на зямлi. Ён мог зрабiць з сябе якое-небудзь страшыдла або сатварыць такое смяхоцце, што я, бывала, ажно заходзiўся ад смеху.

Але цяпер, тут, перад носам у Тэнджыла, гэта было ўжо занадта.

– Я ж таксама павiнен бачыць, што адбываецца, – прашаптаў ён мне.

Але хутка стала ўжо не да смеху, бо тое, што мы пачулi, было зусiм не смешнае.

Тэнджыл загадаў усiм мужчынам Далiны выстраiцца перад iм. Сваёй жорсткай рукой ён указваў на тых, хто будзе перавезены цераз раку ў Карманьяку. Я ведаў, што гэта значыць, – Джанатан расказваў. Нiводзiн з тых, на каго ўказаў Тэнджыл, нiколi не вернецца назад жывым. Усе гэтыя няшчасныя павiнны будуць цягаць вялiзныя камянi для непрыступнай крэпасцi, якую ён будаваў на вяршыне Старажытных Гор. I там, у гэтай крэпасцi, спадзяецца адседзецца жорсткi Тэнджыл гады i дзесяцiгоддзi, адчуваючы сябе ў бяспецы. Ужо шмат людзей пагналi будаваць гэту крэпасць, i працуюць яны там да знямогi. А калi ўжо людзi зусiм знясiлены...

– Тады iх атрымлiвае Катла, – сказаў Джанатан.

Пры слове "Катла" робiцца холадна ў гэты цёплы летнi дзень, хоць слова гэта пакуль што было для мяне жахлiвым найменнем i больш нiчым.

Пакуль Тэнджыл выбiраў людзей, на плошчы стаяла цiшыня, толькi маленькая птушка на вершалiне дрэва ценькала бесклапотна, не ведаючы, што рабiў Тэнджыл унiзе пад лiпамi.

Потым пачуўся плач. Як было балюча ад гэтага плачу – жанчын, якiя гублялi сваiх мужоў, дзяцей, якiя больш нiколi не ўбачаць сваiх бацькоў. Плакалi ўсе, я таксама.

Адзiн Тэнджыл не чуў плачу, ён узвышаўся на сваiм канi i ўсё ўказваў i ўказваў, i дарагi камень на яго пальцы паблiскваў кожны раз, калi ён асуджаў чарговую ахвяру на смерць. Гэта было жахлiва: Тэнджылаў палец мог асуджаць людзей на смерць.

Але адзiн з мужчын, на якога ён паказаў, пэўна, крануўся розумам, калi пачуў, як плачуць яго дзецi. Ён нечакана выйшаў са строю i кiнуўся да Тэнджыла.

– Тыран! – закрычаў ён. – Калi-небудзь памрэш i ты, не забывай пра гэта!

I плюнуў на Тэнджыла.

У Тэнджыла не здрыгануўся нi адзiн мускул. Ён толькi зрабiў жэст рукой, i салдат, што стаяў блiжэй, падняў свой меч. Я ўбачыў, як меч блiснуў на сонцы, але ў гэты час Джанатан схапiў мяне i прытулiў да грудзей, схаваўшы мой твар так, каб я нiчога не бачыў. Але я адчуваў i, магчыма, чуў рыданнi ў грудзях Джанатана, а калi мы iшлi дадому, ён плакаў, чаго раней нiколi з iм не было.

У гэты дзень у Далiне Дзiкай Ружы была жалоба. Гаравалi ўсе. Усе, акрамя Тэнджылавых салдат. Iм, наадварот, вельмi падабалася, калi Тэнджыл прыходзiў у Далiну i наладжваў iм свята. Не паспела кроў няшчаснага чалавека, якога забiлi на плошчы, высахнуць, як сюды была прывезена вялiзная бочка пiва, на вогнiшчах смажылiся свiныя тушы, i па ўсёй Далiне Дзiкай Ружы разносiлiся гэтыя пахi. Тэнджылавы людзi елi, пiлi i хвалiлi Тэнджыла.

– Але ж яны ядуць свiней Далiны Дзiкай Ружы, гэтыя бандыты, – сказаў Мацiяс, – i п'юць пiва Далiны Дзiкай Ружы.

Самога Тэнджыла на свяце не было. Закончыўшы адбор людзей, ён паехаў за раку.

– Цяпер ён, самазадаволены, мабыць, сядзiць у сваiм замку i думае, што ўсялiў жах у Далiну Дзiкай Ружы, – прамовiў Джанатан, калi мы прыйшлi дадому. – Мабыць, думае, што тут нiкога не засталося, акрамя запалоханых рабоў.

– Ды тут ён памыляецца, – сказаў Мацiяс. – Чаго ён не можа зразумець, гэты Тэнджыл, дык гэта тое, што ён нiколi не зможа скарыць людзей, якiя змагаюцца за сваю свабоду i трымаюцца разам, як робiм мы.

Мы прайшлi мiма маленькага дамка з яблынямi вакол.

– Тут жыў чалавек, якога сёння забiлi, – паказаў Мацiяс.

На прыступках ганка сядзела жанчына. Я бачыў яе на плошчы i помню, як яна закрычала, калi Тэнджыл паказаў на яе мужа. Цяпер у руках у яе былi ножны, i яна адразала свае доўгiя светлыя валасы.

– Што ты робiш, Антонiя? – гукнуў Мацiяс. – Навошта ты абразаеш свае валасы?

– Для цецiвы, – глуха адказала яна.

Жанчына нiчога больш не дадала, але я нiколi не забуду яе пагляд, з якiм яна гэта прамовiла.

У Далiне Дзiкай Ружы за многае каралi смерцю, як гаварыў мне Джанатан, але самым злосным злачынствам лiчылася нашэнне любой зброi, гэта было забаронена самым строгiм чынам.

Людзi Тэнджыла гойсалi паўсюдна, вышукваючы схаваныя лукi i стрэлы, мячы i шпагi. Але яны нiколi нiчога не маглi знайсцi. I ў той жа час не было нiводнага дома, нiводнага двара, дзе не была б схавана зброя цi яна не выраблялася б.

Нездарма Тэнджыл абяцаў ва ўзнагароду белых коней i таму, хто знойдзе патаемны склад зброi.

– Як гэта неразумна, – заўважыў Мацiяс. – Няўжо ён думае, што ў Далiне Дзiкай Ружы знойдзецца здраднiк?

– Не, здраднiк ёсць толькi ў Вiшнёвай Далiне, – цiха прамовiў Джанатан.

Так, я ведаў, што са мной побач iдзе Джанатан, але ў гэта цяжка было паверыць – так змянiлi яго аблiчча барада i рызманы, у якiя ён быў апрануты.

– Джосi не бачыў прымусу i гэтай жорсткасцi. Калi б пабачыў, то нiколi б не рашыўся на тое, што ён зрабiў.

– Цiкава, што цяпер робiць Сафiя? – сказаў Джанатан. – Як бы хацелася ведаць, цi даляцела Б'янка.

– Трэба спадзявацца, што даляцела, – абнадзеiў Мацiяс. – Значыць, Сафiя перашкодзiць Джосi.

Вярнуўшыся ў дом да Мацiяса, мы ўбачылi воддаль таўстуна Додзiка: ён ляжаў на траве i гуляў у косцi з трыма iншымi салдатамi Тэнджыла. Усе яны, напэўна, былi вольныя ад спраў. Мы доўга назiралi за iмi з кухоннага акна. Яны гулялi ў косцi, елi мяса, пiлi пiва – усё гэта яны прыцягнулi з плошчы. Гульню ў косцi неўзабаве яны спынiлi i проста елi мяса i пiлi пiва, а потым толькi пiлi пiва, затым наогул нiчога не рабiлi, а толькi поўзалi сярод кустоў, як жукi, i, нарэшце, паснулi.

Iх шлемы i плашчы ляжалi на траве там, дзе яны iх кiнулi, бо каму ж прыйдзе ў галаву пiць пiва ў такi гарачы дзень у тоўстым плашчы з воўны.

– Калi б Тэнджыл ведаў, ён бы iх высек, – сказаў Джанатан.

Потым ён выйшаў на двор i, перш чым я паспеў напалохацца, вярнуўся з плашчом i шлемам.

– Навошта табе гэтыя мярзотныя рэчы? – прабурчаў Мацiяс.

– Я яшчэ не ведаю, – адказаў Джанатан, – але, можа, настане момант, калi яны мне будуць неабходны.

– Глядзi, можа наступiць момант, калi цябе схопяць...

Але Джанатан сарваў з сябе барадуi рыззё, надзеў шлем i плашч i так стаў падобны на салдата Тэнджыла, ажно стала страшна. Мацiяс схамянуўся i папрасiў яго схаваць гэтыя жахлiвыя рэчы.

Джанатан так i зрабiў.

Потым мы ляглi i праспалi ўсю астатнюю частку дня, i я не ведаю, як яны там разабралiся, калi таўстун Додзiк i яго хаўруснiкi сталi высвятляць, чый шлем i чый плашч прапалi.

Мацiяс таксама спаў, але ён прачынаўся, як казаў ён нам потым, ад крыкаў i праклёнаў, якiя даляталi з зараснiкаў руж.

У гэту ноч мы працягвалi капаць падземны ход.

– Яшчэ тры начы, не больш, – прыкiнуў Джанатан.

– А што будзе потым? – пацiкавiўся я.

– А потым будзе тое, дзеля чаго я сюды прыйшоў. Можа, яно i не ўдасца, але я ўсё роўна павiнен паспрабаваць вызвалiць Орвара.

– I я з табой, – сказаў я. – Толькi не пакiдай мяне зноў аднаго. Куды пойдзеш ты, туды i я.

Ён паглядзеў на мяне i ўсмiхнуўся.

– Калi ты сапраўды гэтага хочаш, то хачу i я, – адказаў ён.

11

Пасля такога абеду i пiва салдатам Тэнджыла захацелася атрымаць ад уладара яшчэ i дваццаць коней, i яны з асаблiвым стараннем пачалi шукаць Джанатана. Яны шукалi з ранку да ночы, зазiраючы ў кожны куток у Далiне. Джанатан вымушаны быў заставацца ў сваiм сховiшчы, i ён, небарака, там ледзь не задыхнуўся.

Ведэр i Кадэр лазiлi паўсюль i зачытвалi загад Тэнджыла пра майго брата. Я таксама меў магчымасць пачуць, што праз сцяну без дазволу пранiк вораг Тэнджыла Джанатан Львiнае Сэрца, месцазнаходжанне якога ў Далiне Дзiкай Ружы застаецца невядомым. Яго прыкметы: "Вельмi прыгожы малады чалавек са светлымi валасамi, цёмна-блакiтнымi вачамi, стройны". Яны апiсвалi яго так, як апiсаў iм Джосi. Я ўпэўнены ў гэтым. I зноў я пачуў пра пакаранне смерцю за ўкрыццё Львiнага Сэрца i пра ўзнагароду таму, хто яго выдасць.

Пакуль Ведэр i Кадэр ездзiлi вакол, абвяшчаючы ўсiм пра гэта, людзi Далiны прыходзiлi ў дом Мацiяса развiтацца з Джанатанам i падзякаваць яму за ўсё, што ён для iх зрабiў, а зрабiў ён, вiдаць, значна больш, чым я ведаў.

– Мы нiколi не забудзем цябе, – гаварылi яны са слязамi на вачах, пакiдаючы яму астатнi хлеб, хаця самiм не было чаго есцi. – Табе ён больш патрэбны ў тваiм цяжкiм i небяспечным падарожжы, – а потым iшлi слухаць Ведэра i Кадэра яшчэ раз – проста дзеля забавы.

Салдаты не абмiнулi i дом Мацiяса. Калi яны ўвайшлi, я сядзеў на табурэце ў кухнi i страшэнна баяўся, баяўся нават варухнуцца, а Мацiяс, наадварот, паводзiў сябе вельмi ўпэўнена.

– А што вы шукаеце? – сустрэў ён iх. – Я не веру ў тое, што Львiнае Сэрца наогул iснуе. Гэта выдумалi, каб пераварочваць наша жытло.

Яны, вядома, перавярнулi ўсё дагары нагамi i ў нашым дамку. Пачалi яны з маленькай спальнi i зрабiлi звалку з пасцелi. Потым абшукалi шафу, выцягнуўшы адтуль кожную рэч, што, зразумела, было дурасцю з iх боку. Няўжо яны сапраўды думалi, што Джанатан хаваецца ў шафе?

– Можа, вы зазiрнеце i ў гаршкi? – з горыччу сказаў Мацiяс.

Потым яны пайшлi ў кухню i пачалi круцiцца каля буфета, а я сядзеў на табурэце i адчуваў, як ува мне закiпае нянавiсць. Гэта было якраз у той вечар, калi мы з Джанатанам збiралiся пакiнуць Далiну, i я падумаў, што калi яны яго знойдуць, то я не ведаю, што зраблю. Не можа быць, каб лёс быў такi несправядлiвы, каб яны схапiлi Джанатана ў апошнiя хвiлiны яго знаходжання ў Далiне.

Мацiяс напхаў у буфет старога адзення, шкур i многа iншых рэчаў, каб заглушыць любы гук са сховiшча. Салдаты ўсё гэта выкiнулi на падлогу.

А потым... У мяне гатоў быў вырвацца крык, ад якога мог развалiцца дом: адзiн з iх ужо браўся адсоўваць буфет. Але я не выдаў нiводнага гуку. Я сядзеў, як спаралiзаваны, на табурэце i ненавiдзеў яго ўсёй душой, ненавiдзеў у iм усё: яго грубыя рукi, тоўстую шыю i бародаўку на лбе. Я ненавiдзеў за тое, што баяўся – зараз ён убачыць дзверы, якiя вядуць у сховiшча, i гэта будзе канец для Джанатана.

Але тут закрычаў Мацiяс:

– Паглядзiце, што вы нарабiлi! Пажар! Хiба вам Тэнджыл загадаў падпальваць наша жытло?

Не ведаю, як такое магло здарыцца, але гэта было сапраўды так. На падлозе гарэла шкура, i салдаты павiнны былi кiнуць усё, каб патушыць яе. Яны скакалi, i тупалi нагамi, i лаялiся, i праклiналi, i, нарэшце, вылiлi на яе вядро вады, так што агонь быў амаль што патушаны. Але Мацiяс працягваў бурчаць, каб паказаць, як ён на iх злуецца.

– Вы што, не разумееце? – ушчуваў ён. – Воўну ж нельга кiдаць каля агню, адкуль заўсёды ляцяць iскры.

Салдат з бародаўкай як ашалеў.

– Заткнiся, стары, – закрычаў ён, – а то ў мяне ёсць багата спосабаў заткнуць тваю глотку!

Але Мацiяс не даваў iм запалохаць сябе.

– Не, вы спачатку прыбярыце за сабой, – абураўся ён. – Паглядзiце, што вы тут нарабiлi! Ператварылi ўсё ў свiнушнiк.

Гэта якраз i прымусiла iх паспешлiва выбiрацца.

– Сам прыбiрай свой свiнушнiк, стары хрэн! – сказаў салдат з бародаўкай. Ён выйшаў першы, а за iм iншыя салдаты, пакiнуўшы пасля сябе незачыненыя дзверы.

– У iх зусiм няма сумлення, – уздыхнуў Мацiяс.

– Якое шчасце, што загарэлася шкура, – усклiкнуў я. – Шчасце Джанатана...

Мацiяс папляваў на пальцы.

– Так, невялiкiя пажары зрэдку вельмi патрэбны, – сказаў ён. – Хаця, халера, вельмi пячэ ў пальцы, калi бярэш з агню гарачае вуголле.

Але гэта не быў яшчэ канец нашых няшчасцяў.

Яны абшукалi стайню, i салдат з бародаўкай крыкнуў Мацiясу:

– Стары! У цябе два канi. У Далiне Дзiкай Ружы нiкому не дазваляецца мець больш за аднаго. Ты гэта ведаеш. Мы прышлём чалавека, ён забярэ аднаго каня, таго, з белай зорачкай. Яго трэба аддаць Тэнджылу.

– Гэта конь майго ўнука, – запярэчыў Мацiяс.

– Быў... А цяпер гэта конь Тэнджылаў.

Пачуўшы гэта, я пачаў плакаць. Мы павiнны былi пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы ў гэты вечар, наш доўгi падземны ход быў закончаны. Да гэтага моманту я не думаў, як мы возьмем з сабой Грыма i Ф'ялара, яны ж не маглi прапаўзцi па падземным ходзе. Як неразумна было не падумаць раней пра тое, што нам трэба будзе пакiнуць коней з Мацiясам. Гэта было дрэнна, але цяпер справы паварочвалiся яшчэ горш. Тэнджыл забярэ Ф'ялара, i я не ўяўляю, як не разарвалася маё сэрца, калi я пачуў пра гэта.

Салдат з бародаўкай выцягнуў з кiшэнi маленькую драўляную дошчачку i паднёс яе да самага носа Мацiяса.

– Вось тут напiшы нумар свайго дома, – загадаў ён.

– А чаму я павiнен гэта рабiць? – недаўменна запытаўся Мацiяс.

– Пацвердзi, што ты хочаш добраахвотна аддаць каня Тэнджылу.

– Але я не хачу...

У адказ салдат выцягнуў меч.

– Не, ты вельмi хочаш. Ты зробiш гэта з вялiкiм задавальненнем. I пастаў вось тут нумар свайго дома. А потым ты аддасi гэтую дошчачку чалавеку, якi прыйдзе з Карманьякi, каб забраць каня, бо Тэнджылу патрэбны доказы, што ты аддаў усё добраахвотна, ты разумееш, стары? – гыркнуў ён, штурхнуўшы Мацiяса так, што ён ледзьве не павалiўся.

Што мог зрабiць Мацiяс? Ён напiсаў нумар свайго дома, а салдаты рушылi далей шукаць Джанатана.

Гэта быў наш апошнi вечар з Мацiясам. У апошнi раз мы селi за стол, у апошнi раз ён налiў нам супу. Усiм нам было сумна, але больш за ўсiх мне. Я плакаў. I з-за Ф'ялара, i з-за Мацiяса: ён стаў мне амаль родным дзядулем, а цяпер даводзiлася яго пакiдаць. Я плакаў яшчэ таму, што я быў малы, быў напалоханы i нiчога не мог зрабiць, каб абаранiць дзядулю ад грубых салдат.

Джанатан сядзеў моўчкi, задумаўшыся.

– Калi б я ведаў пароль... – нарэшце прамовiў ён з горыччу.

– Якi пароль? – пацiкавiўся я.

– Кожны павiнен сказаць пароль, хто ўваходзiць i выходзiць праз галоўную браму, хiба ты не ведаеш?

– Чаму ж, ведаю... Я ведаю нават гэты пароль: "Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызвалiцелю". Я чуў, як яго гаварыў Джосi, цi ж я табе не расказваў пра гэта?

Джанатан угледзеўся на мяне i глядзеў даволi доўга.

– Сухарык, ты мне падабаешся, – засмяяўся ён. – Ты сапраўды гэта ведаў?

Я не мог зразумець, чаму ён быў так задаволены гэтым паролем, бо ён не збiраўся праходзiць праз вароты, але мне было прыемна, што я, такi слабы i бездапаможны, мог хоць крыху, хоць ледзь-ледзь дапамагчы яму.

Мацiяс выйшаў у спальню прыбраць усё, Джанатан пайшоў следам за iм. Яны гаварылi пра нешта шэптам. Я пачаў прыслухоўвацца.

– Калi я загiну, ты паклапоцiшся пра майго брата, праўда?.. – даляцеў да мяне братаў голас.

Потым ён вярнуўся да мяне.

– Паслухай, Сухарык, я зараз збiраюся i знiкаю, а ты павiнен заставацца тут з Мацiясам i чакаць, пакуль не атрымаеш ад мяне вестку. Магчыма, гэта будзе не вельмi хутка – мне трэба зрабiць тое-сёе ў першую чаргу. Але ты не хвалюйся...

Мне гэта вельмi не спадабалася. Я заўсёды з цяжкасцю чакаў Джанатана, асаблiва тады, калi баяўся за яго. I цяпер вельмi баяўся, бо хто ведае, што можа здарыцца з Джанатанам па той бок сцяны, калi што ў яго не атрымаецца.

– Ды ты не хвалюйся, – супакойваў мяне Джанатан. – Ты ж усе гэтыя днi Карл Львiнае Сэрца!

Ён хутка развiтаўся са мной i Мацiясам i паспешлiва знiк у падземным ходзе. Апошняе, што мы ўбачылi, гэта як ён яшчэ раз памахаў нам рукой.

Мы з Мацiясам засталiся адны.

– Таўстун Додзiк i не ўяўляе сабе, якi крот пракладвае сабе шлях зараз пад сцяной, – цiха прамовiў Мацiяс.

Уяўляць-то не ўяўляе, але ён можа ўбачыць, калi гэты крот высуне сваю галаву на паверхню, i тады ўжо ён, вядома, не марудзячы выпусцiць стралу.

Мне было вельмi сумна, i я пайшоў на стайню да Ф'ялара, каб у апошнi раз пашукаць у яго суцяшэння. Але i ён не мог супакоiць мяне, бо я ведаў, што пасля гэтага вечара я ўжо нiколi яго не ўбачу.

У стайнi было цёмна, праз маленькае акенца праходзiла мала святла, але я ўбачыў, як Ф'ялар радасна павярнуў да мяне галаву. Я падышоў да яго стойла i абняў за шыю. Я хацеў, каб ён не крыўдзiўся за тое, што адбудзецца, бо тут не мая вiна.

– А можа, я вiнаваты? – сказаў я праз слёзы. – Калi б я застаўся ў Вiшнёвай Далiне, то Тэнджыл нiколi б не забраў цябе. Даруй мне, Ф'ялар, даруй, але ж я не мог зрабiць iначай.

Вiдаць, ён адчуваў, што мне сумна. Сваёй мяккай пысай ён цёрся аб маё вуха, быццам хацеў супакоiць мяне.

Але я працягваў плакаць. Я абдымаў яго i плакаў, плакаў, пакуль у мяне не скончылiся слёзы. На развiтанне я пагладзiў яго i даў яму апошнюю порцыю аўса, якою ён, вядома, падзялiўся з Грымам.

Пакуль я быў з Ф'яларам, мне прыходзiлi ў галаву проста страшныя думкi.

Няхай ён звалiцца мёртвым, той чалавек, што павiнен прыйсцi i забраць майго каня. Няхай ён загiне, перш чым пераедзе раку. Было, канечне ж, жахлiва жадаць некаму такое, сапраўды жахлiва, але каб гэта i спраўдзiлася, нiшто ўжо не дапамагло б.

Пэўна, той чалавек ужо быў на пароме, i на гэтым пароме яны адвязуць усё нарабаванае. А можа, ён ужо тут, на беразе? А можа, ён якраз цяпер праходзiць браму i будзе тут з хвiлiны на хвiлiну? Ах, Ф'ялар, калi б мы толькi маглi знiкнуць адсюль разам!

Як толькi я падумаў пра гэта, хтосьцi адчынiў стайню i штосьцi выгукнуў. Я спалохаўся. Але гэта быў Мацiяс. Ён хацеў даведацца, што я так доўга тут раблю. Добра, што ў стайнi было цёмна i ён не мог бачыць маiх слёз. Але ён усё-такi, вiдаць, здагадаўся.

– Маленькi мой, калi б толькi мог я што-небудзь зрабiць! – загаварыў ён ласкава. – Нiякi дзядуля не зможа дапамагчы ў гэтай справе, таму паплач крыху, паплач...

I раптам праз акенца за Мацiясам я ўбачыў, што хтосьцi стаiць у двары. Салдат Тэнджыла, ён прыйшоў па Ф'ялара!..

– Ён прыйшоў, – плакаў я. – Мацiяс, ён прыйшоў!

Калi я зноў безнадзейна заплакаў, Ф'ялар сумна заржаў.

У наступны момант дзверы ў стайню адчынiлiся, i вось ён ужо стаiць тут у сваiм чорным шаломе i чорным плашчы.

– Не, – закрычаў я. – Не, не!

Але салдат ужо быў побач са мной i абхапiў мяне рукамi.

Гэта быў Джанатан, так, гэта быў ён.

– Ты не пазнаеш свайго роднага брата? – здзiвiўся ён, калi я паспрабаваў вызвалiцца. Ён падштурхнуў мяне да акна, каб я мог лепш разгледзець яго, i ўсё-такi мне было цяжка паверыць, што гэта Джанатан. Яго было не пазнаць, бо ён, вядома, быў не той "прыгожы малады чалавек". Валасы ў яго звiсалi мокрымi пасмамi, i яны не блiшчалi, "як золата", а яшчэ ён нешта падторкнуў пад верхнюю губу. Не ўяўляю, хто б гэта мог без асаблiвага штукарства да непазнавальнасцi змянiць сваё аблiчча. Выглядаў ён смешна, я б нават засмяяўся, калi б быў час, але было ясна, што ў Джанатана часу няма.

– Хутчэй, хутчэй, – прыспешваў ён. – Мне трэба неадкладна знiкнуць. Чалавек з Карманьякi будзе тут з хвiлiны на хвiлiну.

Ён працягнуў руку Мацiясу.

– Дай мне дошчачку, – сказаў ён. – Я ўпэўнены, што ты аддасi абодвух коней Тэнджылу з вялiкiм задавальненнем, цi не так?

– А што ты хочаш рабiць? – запытаў Мацiяс, перадаючы яму дошчачку.

Джанатан паклаў яе ў кiшэню.

– Мне трэба будзе паказаць яе ля брамы, – адказаў ён. – I старшы вартаўнiк зразумее, што я не лгу.

Мы хутка асядлалi коней. За гэты час Джанатан паспеў расказаць нам, як ён змог прайсцi праз галоўную браму, бо Мацiясу было надта цiкава.

– Гэта было проста, – расказваў Джанатан. – Я назваў пароль, якому навучыў мяне Сухарык: "Уся ўлада Тэнджылу – нашаму вызвалiцелю!" Старшы вартаўнiк запытаўся: "Адкуль ты? Куды iдзеш i што за даручэнне ў цябе?" – "З Карманьякi ў дом Мацiяса забраць пару коней для Тэнджыла". – "Праходзь", – сказаў ён. "Дзякуй", – адказаў я. I вось я тут. Але я павiнен прайсцi браму да таго, як з'явiцца пасланец Тэнджыла, iнакш усё ўскладнiцца.

Мы вывелi коней хутчэй, чым я магу сказаць гэта. Джанатан ускочыў у сядло Грыма, трымаючы павады Ф'ялара.

– Беражы сябе, Мацiяс, – махнуў ён рукой. – Да сустрэчы!

I памчаў рыссю з парай коней.

– А што ж будзе са мной? Што мне рабiць? – закрычаў я.

Джанатан памахаў мне.

– Мацiяс растлумачыць табе ўсё, – ужо здаля гукнуў ён.

Я стаяў, глядзеў яму ўслед i адчуваў сябе вельмi самотна. Мацiяс пачаў мяне супакойваць:

– Сухарык, зразумей, ты ж не можаш прайсцi праз браму. Табе трэба будзе прабiрацца падземным ходам, гэта калi ўжо сцямнее. Джанатан будзе чакаць цябе з таго боку сцяны.

– Гэта праўда? – не паверыў я. – З iм жа можа што-небудзь здарыцца ў апошнюю хвiлiну.

– Нi ў чым нельга быць упэўненым у краiне, дзе правiць Тэнджыл, – Мацiяс уздыхнуў. – Але калi што-небудзь, здарыцца, то вернешся, тады застанешся ў мяне.

Я ўявiў сабе, як усё гэта будзе выглядаць. Спачатку паўзцi па доўгiм падземным ходзе аднаму, само па сабе гэта было жахлiва, потым выйсцi ў лесе па другi бок сцяны i чакаць, чакаць, i нарэшце зразумець, што здарылася штосьцi страшнае. А потым паўзцi назад i жыць без Джанатана!

Мы стаялi ля пустой цяпер стайнi, i раптам мне прыйшла ў галаву непрыемная думка.

– А што будзе з табой, Мацiяс, калi прыйдзе гэты чалавек з Карманьякi? У стайнi ж няма коней!

– Там будзе конь, – адказаў Мацiяс. – Я якраз iду за сваiм. Пакуль Грым быў у стайнi, я хаваў яго ў суседзяў.

– Дык забяруць твайго каня! – усклiкнуў я.

– Няхай паспрабуюць, – адказаў Мацiяс.

Мацiяс прывёў свайго каня вельмi своечасова, бо неўзабаве з'явiўся той, каго паслалi забраць Ф'ялара. Ён пачаў крычаць, абурацца, лаяцца, бо ў стайнi быў толькi адзiн конь i Мацiяс не аддаваў яго.

– Гэты нумар у вас не пройдзе, – гаварыў Мацiяс. – Кожны можа мець каня, i вы гэта ведаеце. Аднаго вы ўжо забралi ў мяне i дошчачку з нумарам майго дома забралi. Я невiнаваты, што ў вас там такая катавасiя i адзiн дурань не ведае, што робiць другi.

Некаторыя Тэнджылавы салдаты вельмi злавалiся, калi Мацiяс так з iмi размаўляў, iншыя зрабiлiся памяркоўнымi i пачцiвымi. Салдат, якi прыйшоў за Ф'яларам, здаўся адразу.

– Пэўна, тут нейкая памылка, – развёў ён рукамi i, сагнуўшыся, як сабака з падцiснутым хвастом, пайшоў са двара, а за iм астатнiя.

– Мацiяс, хiба ты нiкога не баiшся? – запытаўся я, калi салдаты пайшлi.

– Чаму не баюся! – адказаў Мацiяс. – Паслухай, як грукае сэрца. – Ён узяў маю руку i прыклаў да сваiх грудзей. – Мы ўсе iх баiмся, але iншы раз гэта не трэба паказваць.

Потым надышоў вечар, а з iм i цемра. Настаў час пакiдаць Далiну Дзiкай Ружы.

– Ну што ж, бывай, малы, – сказаў на развiтанне Мацiяс. – Не забывай свайго дзядулю.

– Бывай, дзядуля! Я нiколi, нiколi не забуду цябе.

I вось я апынуўся адзiн у падзямеллi, доўга поўз па цёмным i цесным тунэлi, размаўляючы сам з сабой, каб не вельмi баяцца.

"Нiчога страшнага няма, толькi што цёмна... Нiчога страшнага... Не бойся, задыхнуцца тут нельга. Ну i што з таго, што зямля сыплецца за каўнер, гэта зусiм не азначае, што ўсё абвалiцца, дурненькi! Не, не, Додзiк не заўважыць цябе, калi ты выпаўзеш, ён жа не кот, каб бачыць у цемры. Канечне ж, Джанатан чакае цябе, ён там, ты чуеш, што табе кажу? Ён там, ён чакае!"

I ён сапраўды чакаў. Ён сядзеў на каменi, нябачны ў цемры, а воддаль пад дрэвам стаялi Грым i Ф'ялар.

– Ну, Карл Львiнае Сэрца, нарэшце ты тут, – цiха ўсклiкнуў ён.

12

Мы спалi ў тую ноч пад елкай i прачнулiся на дасвеццi. Было вельмi холадна, ва ўсякiм разе я проста акалеў. У густым тумане Грым i Ф'ялар ледзьве праглядвалiся, яны здавалiся ў шэрай дымцы прывiдамi. У лесе стаяла глухая, злавесная цiшыня. Не магу зразумець, чаму ў тую ранiцу ўсё здавалася такiм змрочным, пустэльным i трывожным. Адзiнае, чаго мне хацелася, дык гэта вярнуцца ў цёплую Мацiясаву кухню, бо палохала невядомасць, што чакала нас наперадзе.

Я стараўся не паказваць Джанатану сваiх страхаў, каб ён раптам не адправiў мяне назад, а мне так хацелася быць з iм побач, нават калi пагражала небяспека.

Джанатан паглядзеў на мяне i ўсмiхнуўся.

– Не апускай носа, – кажа. – Нiчога страшнага няма, павер майму слову, самае страшнае наперадзе.

Нiшто сабе, супакоiў! Але тут паднялося сонца, туман рассеяўся, у лесе заспявалi птушкi. Усё змрочнае i загадкавае таксама развеялася, маiх страхаў як i не было. Я сагрэўся, i ўсё ў нашым становiшчы здавалася мне не такiм ужо i дрэнным.

Грыму i Ф'ялару было таксама добра. Яны, пакiнуўшы цёмную стайню, з задавальненнем скублi зялёную траву. Думаю, што iм гэта падабалася.

Джанатан пасвiстаў iм, пасвiстаў цiхутка, але яны пачулi i прыйшлi.

Джанатан вырашыў ехаць неадкладна, хутчэй адсюль як мага далей!

– Сцяна адразу за гэтымi зараснiкамi, – растлумачыў ён. – А нам зусiм няма патрэбы трапiць на злыя вочы Додзiка.

Наш падземны ход выходзiў каля двух кустоў арэшнiку, Джанатан яшчэ замаскiраваў уваход галiнкамi, тым самым адзначыўшы, каб лягчэй было знайсцi яго.

– Запомнi, як усё гэта выглядае, – навучаў ён мяне. – Запомнi гэты вялiзны камень i елку, пад якой мы спалi, i зараснiк арэшнiку, бо, магчыма, давядзецца зноў прыехаць сюды, калi...

Больш ён нiчога не сказаў, мы асядлалi коней i паехалi.

Раптам над вершалiнамi дрэў мы ўбачылi галубка, аднаго з галубкоў Сафii, якi iмклiва наблiжаўся.

– Глядзi, гэта – Палома, – сказаў Джанатан, сочачы за яе палётам.

Я здзiвiўся – як ён мог пазнаць на такой адлегласцi?

Мы так доўга чакалi навiн ад Сафii, нарэшце прыляцеў яе галубок, а мы былi па гэты бок сцяны. Галубок паляцеў да дома Мацiяса, зараз ён апусцiцца ў галубятнi на стайнi, i толькi Мацiяс прачытае Сафiiну вестку.

Гэта азмрочыла Джанатана.

– Ах, калi б галубок прыляцеў учора, – сказаў ён, – я даведаўся б пра тое, што мне так неабходна.

Але нам трэба было ехаць, хутчэй аддалiцца ад гэтай сцяны, i ад Далiны Дзiкай Ружы, i ад салдат Тэнджыла, якiя шукаюць Джанатана.

Мы павiнны былi спусцiцца да ракi акружным шляхам праз лес, а потым берагам – да вадаспада Карма.

– I там, малы, ты ўбачыш такi вадаспад, якога ты нiколi ў жыццi не бачыў.

Я наогул мала што бачыў у жыццi, пакуль не трапiў у Наджыялу, i, вядома, не бачыў i такога лесу, якiм мы зараз ехалi. Гэта быў сапраўдны казачны лес, густы i цёмны, без адзiнай пратаптанай сцяжынкi. Мы ехалi наўпрост па лесе мiж дрэў, i iх вiльготныя галiны хвасталi нам па тварах. Але мне гэта нават падабалася. Мне падабалася ўсё: i сонечныя промнi, якiя прабiвалiся праз шаты дрэў, i спеў птушак, i лясныя пахi. А больш за ўсё мне падабалася ехаць побач з Джанатанам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю