Текст книги "Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)"
Автор книги: Астрид Линдгрен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 8 страниц)
Линдгрен Астрид
Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
Астрыд Лiндгрэн
Браты Львiнае Сэрца
Аповесць-казка
Пераклад: С.Лузгiна, Т.Лукша
1
Я збiраюся расказаць вам пра майго брата. Мой брат, Джанатан Львiнае Сэрца, i ёсць той самы чалавек, пра якога я хачу расказаць вам. Я думаю, што гэта амаль сага, цi, хутчэй за ўсё, як маленькая гiсторыя з прывiдамi, i тым не менш, кожнае яе слова – праўда, хаця Джанатан i я, магчыма, адзiныя людзi, хто ведае пра гэта.
З самага пачатку прозвiшча Львiнае Сэрца не належала Джанатану. Яго прозвiшча было Леў, гэта значыць, як прозвiшча мацi i маё. Мяне завуць Карл Леў, а маму Сiгрыд Леў. Бацьку называлi Аксель Леў, але з той пары як ён выйшаў у мора, мы пра яго больш нiчога не чулi.
I расказаць я хачу вам менавiта пра тое, як Джанатан стаў Джанатанам Львiнае Сэрца i што адбылося пасля гэтага.
Джанатан ведаў, што я павiнен быў хутка памерцi. Здаецца, усе ведалi пра гэта, акрамя мяне. У школе пра гэта таксама ведалi, таму што я часта прапускаў урокi, кашляў i заўсёды быў хворы. Апошнiя шэсць месяцаў я зусiм не мог хадзiць у школу. Усе жанчыны, якiм мама шыла, таксама ведалi пра гэта, i дзякуючы адной з iх, якая размаўляла надта гучна, я даведаўся ўсю праўду. Яны думалi, што я сплю, але я проста ляжаў з заплюшчанымi вачыма i працягваў так ляжаць, каб яны не здагадалiся, што я даведаўся пра жахлiвую рэч – што хутка памру.
У мяне, вядома, прапаў настрой, я напалохаўся, але не хацеў, каб мацi бачыла гэта. Джанатану ж, калi ён прыйшоў дадому, я ўсё расказаў.
– Ты ведаеш, што я хутка памру? – запытаўся я ў яго.
Джанатан на хвiлiну задумаўся. Вiдаць, яму не хацелася адказваць, але ў рэшце рэшт ён сказаў:
– Але, я ведаю.
Я заплакаў яшчэ мацней.
– Як гэта жахлiва, як жахлiва, што павiнны памiраць людзi, якiм яшчэ няма i дзесяцi!
– А ведаеш, Сухарык, я думаю, што ўсё гэта будзе не так i жахлiва, сказаў Джанатан, – я думаю, тады для цябе настане дiвосны час.
– Дзiвосны? – не паверыў я. – Што ж тут дзiвоснага – ляжаць пад зямлёй i быць мёртвым?
– Ну што ты. Гэта ж толькi твая абалонка ляжыць пад зямлёй, а ты сам трапляеш туды, дзе ўсё зусiм iначай.
– Куды? – спытаў я, хаця ледзь яму паверыў.
– У Наджыялу.
"У Наджыялу". – Ён вымавiў гэта слова так, быццам яго паўсюдна вельмi добра ведалi, хаця я чуў яго ўпершыню.
– Наджыяла? – перапытаў я зноў. – А дзе гэта?
Джанатан прызнаўся, што дакладна не ведае, але гэта знаходзiцца недзе па той бок зорак. I ён пачаў расказваць мне пра Наджыялу.
– Там яшчэ час легенд i казак, i я ўпэўнены, што табе там спадабаецца. Бо ўсе нашы казкi прыйшлi з Наджыялы, i як толькi туды трапiш, ты пачнеш прымаць удзел у прыгодах – з ранiцы да вечара, нават i ўночы. Павер, Сухарык, усё-ўсё будзе зусiм iначай, гэта не тое што ляжаць, кашляць i не магчы рухацца.
Джанатан заўсёды называў мяне Сухарыкам. Ён пачаў называць мяне так, калi я быў яшчэ зусiм маленькi. I калi я запытаў у яго, чаму ён так мяне называе, ён сказаў, што вельмi любiць сухарыкi, асаблiва такiя, як я. Так, ён любiў мяне, i гэта было цяжка зразумець, таму што быў я даволi непрыгожы, неразумны, няўклюдны хлопчык.
– Калi б ты не быў такi непрыгожы, бледнатвары, крываногi хлопчык, ты не быў бы Сухарыкам, якога я так люблю, – часта паўтараў мне Джанатан.
Але ў той вечар, калi я напалохаўся, што памру, ён сказаў, што як толькi траплю ў Наджыялу, я адразу стану дужым i прыгожым.
– I буду прыгожы, як ты?
– Ты будзеш яшчэ прыгажэйшы.
Яшчэ прыгажэйшы – гэта дарэмна, бо прыгажэйшых хлопчыкаў за Джанатана няма i быць нiколi не можа. Адна з мамiных знаёмых заўважыла неяк, што яе сын падобны на сумнага прынца. Можаце быць упэўнены, што гаварыла яна не пра мяне. Джанатан сапраўды выглядаў, як казачны рыцар: валасы ў яго адсвечвалi золатам, у яго былi прыгожыя цёмна-блакiтныя зiхоткiя вочы, прыгожыя белыя зубы i зусiм роўныя ногi. Але гэта яшчэ не ўсё. Ён быў добры i дужы, ведаў усё i разумеў усё. Джанатан быў лепшым вучнем у школе, i, дзе б нi з'яўляўся, дзецi абступалi яго з усiх бакоў i маглi iсцi за iм куды вочы глядзяць. Ён прыдумваў цiкавыя гульнi, выпраўляўся з iмi ў цiкавыя падарожжы. Але я нiколi не гуляў з дзецьмi, бо дзень пры днi ляжаў на сваёй старой канапе ў кухнi. Джанатан расказваў мне пра ўсё, што ён рабiў, што бачыў, пра што прачытваў. Вось так ён сядзеў i сядзеў каля мяне, расказваў i расказваў. Джанатан спаў таксама ў кухнi, на раскладным ложку, якi выцягвалi ўвечары з шафы. I калi клаўся спаць, ён заўсёды расказваў мне якую-небудзь казку цi легенду да таго часу, пакуль мама не крыкне з другога пакоя:
– Ну даволi. Супакойцеся! Спiце!
Аднак цяжка спаць, калi вакол нiчога не чутно, акрамя кашлю. Зрэдку сярод ночы Джанатан уставаў, кiпяцiў мне мядовую ваду, каб змякчыць кашаль. Якi ён быў добры да мяне!
У той вечар, калi я так спужаўся смерцi, ён сядзеў са мной некалькi гадзiн i ўсё расказваў пра Наджыялу, але расказваў вельмi цiха, каб не пачула мама. Яна сядзела за шытвом у сваiм пакоi, яе швейная машына пацiху шумела, i яна спявала сваю заўсёдную старую песню пра марака, якi пайшоў далёка ў мора. Мабыць, яна думала тады пра бацьку. Я не помню ўсе словы песнi, але вось некалькi радкоў з яе:
– Калi адыду я навекi ў мора,
То, ведай, настане дзень,
Пастукае галубок белакрылы,
Ведай, вярнуўся мой цень,
Прыляцеў стамлёны i сумны...
Мне гэта песня здаецца прыгожай i сумнай, але Джанатан, пачуўшы яе, засмяяўся i сказаў:
– Ведаеш, Сухарык, калi-небудзь ты прыляцiш да мяне. З Наджыялы. Дык, калi ласка, не забудзься сесцi тут, на падаконнiк, як беласнежны галубок, добра?
Я пачаў кашляць, ён прыўзняў мяне, паклаў маю галаву сабе на каленi i пачаў напяваць:
– Мой маленькi Сухарык, я ведаю, дарагi,
Што твая душа – тут, яна хоча
Адпачыць на маiх руках...
З таго часу я пачаў думаць – як я буду ў Наджыяле адзiн, без Джанатана? Навошта мне будуць усе легенды i казкi, калi побач не будзе яго.
– Я не хачу адыходзiць туды, – сказаў я i заплакаў. – Я хачу быць з табой, Джанатан.
– I я неўзабаве прыйду ў Наджыялу, разумееш? Толькi крыху пазней, – сказаў Джанатан.
– Ага, крыху пазней. А калi ты пражывеш да дзевяноста гадоў, тады як? I я ўвесь гэты час буду адзiн?
Але брат на гэта адказаў, што ў Наджыяле няма часу, што калi нават ён i пражыве да дзевяноста гадоў, то для мяне гэты час здасца лiтаральна нiбы два днi. Так бывае заўсёды, казаў ён, калi няма сапраўднага часу.
– Ну ўжо два днi ты i адзiн як-небудзь пабудзеш? Пакуль палазiш па дрэвах, пасядзiш каля сапраўднага вогнiшча ў лесе, паловiш рыбу ў рэчцы, карацей, пакуль будзеш рабiць усё тое, што так хацеў бы рабiць тут, на зямлi... I вось аднаго разу, калi ты будзеш сядзець з вудай, з'яўлюся я, i ты здзiвiшся: "Ого, Джанатан, ты ўжо тут?"
Я перастаў раўсцi, бо адчуў, што сапраўды як-небудзь змагу пражыць два днi адзiн.
– Хоць, ведаеш, было б усё-такi лепш, каб ты трапiў туды першы, каб гэта быў менавiта ты, хто сядзеў бы там i лавiў рыбу.
Джанатан пагадзiўся, доўга-доўга глядзеў на мяне ласкава, як звычайна, але я заўважыў, што ён сумны.
– Шкада, – сказаў ён жаласна, – што я павiнен буду жыць на зямлi без майго Сухарыка. I, можа быць, нават дзевяноста год!
2
Цяпер я падыходжу да цяжкай задачы... Гэта тое, ад чаго галава мая заўсёды балiць, калi думаеш пра гэта... але я не магу не думаць пра гэта...
Джанатан... Магло ж быць так, што ён увесь час са мной... вечарамi... Ён ходзiць у школу... Гуляе з дзецьмi ў двары... Грэе мне ваду з мёдам... Але ўсё гэта не так... Не так...
Джанатан у Наджыяле!!!
Я не магу... Мне цяжка расказваць, як гэта было... Але вось як пра гэта пiсала газета:
"Мiнулай ноччу вялiзны пажар ахапiў будынак на Факелрозэн Блок. Ён згарэў ушчэнт. Ёсць ахвяры. Дзесяцiгадовы хлопчык Карл Леў, прыкаваны хваробай да ложка, быў дома адзiн, калi разбушаваўся пажар. Неўзабаве пасля гэтага яго брат, трынаццацiгадовы Джанатан Леў, вярнуўся дадому, i перш чым хто-небудзь змог спынiць яго, кiнуўся ў палаючы будынак, каб выратаваць свайго брата. За некалькi секунд уся лесвiца была ахоплена морам полымя, i хлопчыкам нiчога iншага не заставалася рабiць, як выскачыць з акна. Напалоханы натоўп быў сведкам таго, як старэйшы з братоў узяў сабе на спiну малодшага i скочыў унiз. Але скачок быў няўдалы, хлопчык разбiўся i неўзабаве памёр. Малодшы брат, якi сядзеў на спiне старэйшага, не пацярпеў зусiм. Мацi хлопчыкаў была ў гэты час на вiзiце – яна краўчыха – i, вярнуўшыся дадому, знепрытомнела. Як пачаўся пажар, невядома".
На другой старонцы газеты пра Джанатана было крыху больш, пра яго напiсала яго школьная настаўнiца. Вось што там было:
"Дарагi Джанатан, тваiм iмем павiнна было быць Джанатан Львiнае Сэрца. Памятаеш, калi мы чыталi гiсторыю пра смелага караля Рычарда Львiнае Сэрца, ты сказаў: "Я мару пра тое, каб быць такiм жа смелым, як ён. Але я нiколi не змагу стаць такiм". Дарагi Джанатан, нават калi пра цябе не напiшуць у падручнiку гiсторыi, ведай, ты быў такiм смелым у крытычны момант, як i iншыя героi. Твая старая настаўнiца нiколi не забудзе цябе. Твае сябры таксама будуць помнiць цябе вельмi доўга. Наш клас будзе пусты без цябе, дарагi наш Джанатан. Але неба любiць тых, хто памiрае маладым. Спачывай у мiры, Джанатан Львiнае Сэрца.
Грэта Андарсан".
Яна дзiўная, гэта настаўнiца, але любiла Джанатана, як любiлi яго многiя, i добра, што менавiта яна так напiсала пра Львiнае Сэрца. Сапраўды добра.
Бадай, ва ўсiм горадзе не было чалавека, якi не насiў бы жалобы з прычыны смерцi Джанатана i хто не думаў, што няхай бы лепш загiнуў я. Прынамсi, я чуў гэта ад жанчын, якiя прыходзiлi да нас са сваiмi заказамi. Яны глядзелi на мяне, уздыхалi, праходзiлi праз кухню i гаварылi маме: "Бедная мiсiс Леў! Бедны Джанатан! Гэта быў выключны хлопчык!"
Цяпер мы жывем у будынку, якi стаiць непадалёк ад таго, дзе мы жылi раней. Ён амаль такi ж, як наш стары, праўда, цяпер мы жывем на першым паверсе. Царкоўны прыход даў нам старую мэблю, жанчыны дапамаглi нам тым-сiм з рэчаў. Я ляжу на сафе амаль такой самай, што была ў нас да пажару. Усё амаль тое ж, як было некалi. Але ўсё, выключна ўсё, не такое, як было тады. З намi няма больш Джанатана. Цяпер нiхто са мной увечары не сядзiць i нiчога не расказвае. Мне так самотна, што ўсярэдзiне робiцца балюча. Адзiнае, што я магу рабiць, гэта ляжаць i шаптаць словы, якiя Джанатан прамовiў перад смерцю, калi мы апынулiся на зямлi. Ён ляжаў тварам унiз, але хтосьцi павярнуў яго, i я ўбачыў яго твар. З куточка вуснаў сцякаў струменьчык крывi, ён ледзьве мог гаварыць. Здавалася, ён iмкнуўся ўсмiхнуцца, калi яго вусны шапталi: "Не плач, Сухарык, мы сустрэнемся ў Наджыяле".
Больш ён нiчога не сказаў, заплюшчыў вочы, падышлi людзi, панеслi яго, i больш я яго ўжо не бачыў.
Ужо не памятаю, што я адчуваў потым. Але цяжка забыцца пра тое, што было такiм жахлiвым i балючым. Цяпер я ляжу i думаю пра Джанатана, думаю да болю ў галаве. Акрамя таго, я быў проста напалоханы. Напалоханы, бо раптам падумаў, што няма нiякай Наджыялы, што апавяданне пра Наджыялу – проста адна з дзiўных гiсторый, якiя мне расказваў мой брат.
Таму я i плакаў.
Але потым Джанатан прыходзiў i супакойваў мяне. Праўда, праўда! Ён прыходзiў (!), i як гэта было цудоўна. Усё зноў было вельмi добра. Хутчэй за ўсё там, у Наджыяле, ён ведаў, як мне тут без яго, i вырашыў, што павiнен прыйсцi i супакоiць мяне. Так, ён пачаў прыходзiць да мяне, i мне стала ўжо зусiм не сумна, цяпер я проста чакаю.
Гэта адбылося аднаго разу вечарам, калi мне было надта сумна i цяжка. Акно на кухнi было адчынена, таму што стаяла цудоўнае веснавое надвор'е. Я пачуў, як забуркаталi галубы. У мяне заўсёды ў пакоi чутно, як яны буркуюць; iх тут вельмi многа, асаблiва вясной. Потым здарылася гэта.
Я ляжаў i плакаў у падушку, як раптам пачуў буркатанне зусiм блiзка; падняў вочы i ўбачыў, што на падаконнiку сядзiць голуб i глядзiць на мяне сваiмi добрымi вачыма. Заўважце, беласнежны голуб, а не адзiн з тых шызых, якiя сноўдаюцца па двары. Вы не можаце сабе ўявiць, што я адчуў, калi ўбачыў яго, таму што ўсё было, як у той песнi – "Калi прыляцiць беласнежны голуб". Было такое адчуванне, што я пачуў, як спявае Джанатан: "Мой мiлы Сухарык, я ведаю, дарагi, што твая душа тут".
Я хацеў нешта сказаць, але не мог. Я проста ляжаў i слухаў, як буркоча голуб, але дзесьцi за буркатаннем я пачуў голас Джанатана, якi гучаў не зусiм звыкла. Здавалася, што па ўсёй кухнi праносiцца шэпт. Гэтыя гукi нагадвалi мне расказы аб прывiдах, i хто-небудзь мог бы напалохацца, але толькi не я. Я быў такi шчаслiвы, што гатовы быў падскочыць да столi – гэтак было ўсё тое, што я чуў, цудоўна.
Дык значыць, Наджыяла iснуе! Джанатан прыспешваў мяне туды, таму што там вельмi добра. Падумайце самi, там ёсць дом, якi чакаў яго, калi ён трапiў туды. Яго чакала старая сядзiба пад назвай Сядзiба Рыцараў, знаходзiцца яна ў Вiшнёвай Далiне. Цi ж гэта не цудоўна? Але ўявiце сабе – першае, што ўбачыў Джанатан, была шыльдачка, прымацаваная да брамы: Браты Львiнае Сэрца.
– Гэта азначае, што мы абодва павiнны тут жыць, – сказаў Джанатан.
Цiкава, а мяне цi будуць называць Львiнае Сэрца, калi я траплю ў Наджыялу? Гэта iдэя мне па душы, таму што хочацца, каб мяне называлi гэтак жа, як Джанатана, хоць я не такi смелы.
– Прыходзь хутчэй, як толькi можаш, хутчэй. Калi ты не знойдзеш мяне ў Сядзiбе Рыцараў, я буду на рэчцы лавiць рыбу.
Потым усё сцiхла, i голуб паляцеў – проста над дахамi дамоў у сваю Наджыялу.
I цяпер я ляжу i чакаю, каб паляцець услед. Здаецца, мне не вельмi цяжка будзе знайсцi туды дарогу. Бо Джанатан сказаў, што яму было зусiм няцяжка; але на ўсякi выпадак я запiсаў адрас:
Браты Львiнае Сэрца,
Сядзiба Рыцараў,
Вiшнёвая Далiна,
Наджыяла.
Джанатан жыве там ужо два месяцы. Для мяне ж гэта два жахлiвыя месяцы без яго. Але адчуваю, што i я неўзабаве палячу туды. Мне нават здаецца, што гэта адбудзецца сёння ўначы. Я напiшу запiску i пакладу яе на стол у кухнi, каб мама ранiцой прачытала яе:
"Не плач, мама! Да сустрэчы ў Наджыяле!"
3
Потым здарылася гэта. Больш дзiўнага са мной нiколi яшчэ не здаралася... Раптам я апынуўся ля брамы i чытаю зялёную шыльдачку: Браты Львiнае Сэрца.
Як я трапiў сюды? Калi я прыляцеў? Як я здолеў знайсцi дарогу, нiкога пра яе не пытаючы? Не ведаю. Адзiнае ведаў я, што знаходжуся ля брамы i гляджу на шыльдачку.
Я паклiкаў Джанатана. Я клiкаў яго некалькi разоў, але ён не адгукаўся, потым я ўспомнiў: вядома ж, ён ловiць рыбу.
Я бегма кiнуўся да рэчкi. Я бег i бег, а там унiзе, ля моста, сядзеў Джанатан. Я нават не спрабую апiсаць, што я адчуў у той момант. Ён не бачыў, як я падышоў. Я спрабаваў паклiкаць яго: "Джанатан", але, здаецца, я заплакаў, i замест крыку ў мяне вырывалiся нейкiя хрыплыя гукi. Але ён пачуў i падняў галаву. Ён усклiкнуў, кiнуў вуду, падбег, схапiў у абдымкi i сцiскаў мяне i сцiскаў, быццам хацеў пераканацца, што я сапраўды прыйшоў. Потым я плакаў, праўда, зусiм не многа. Чаму ж я павiнен доўга плакаць з-за таго, што адбылося?..
Затое Джанатан смяяўся, i мы стаялi на строме берага, i сцiскалi адзiн аднаго ў абдымках, i рабiлiся ўсё шчаслiвейшымi ад таго, што зноў былi разам.
– Нарэшце ты прыйшоў, Сухарык Львiнае Сэрца! – сказаў Джанатан.
Сухарык Львiнае Сэрца – гэта гучала смешна, i мы зноў пачалi смяяцца. Мы смяялiся ўсё больш, быццам гэта была самая смешная ў свеце рэч, якую мы калi-небудзь чулi, але хутчэй за ўсё нам проста трэба было пасмяяцца, бо мы былi вельмi шчаслiвыя. Насмяяўшыся, мы пачалi барукацца, але смех у нас так i вырываўся. Качаючыся па траве, мы не заўважылi, як апынулiся ў рэчцы. Мне нават здалося, што з-за смеху мы можам утапiцца.
Але замест гэтага мы паплылi. Я нiколi не плаваў, хоць вельмi хацеў навучыцца. I вось я плыў... Я плыў так, як плаваюць многiя!
– Джанатан! Я ўмею плаваць! – закрычаў я.
– Ну, вядома, ты ўмееш плаваць, – адказаў ён.
Раптам мяне ўразiла адна думка.
– Джанатан, ты нiчога не заўважыў? Я перастаў кашляць.
– Вядома, перастаў... Ты ў Наджыяле...
Я крыху паплаваў, потым вылез на мост, стаў на яго, увесь мокры, вада сцякала з адзення. Штаны прылiплi да ног, i я мог выразна бачыць, што здарылася: ногi ў мяне былi такiя ж роўныя, як у Джанатана.
Потым падумалася, што, магчыма, я стаў такiм жа прыгожым, як мой брат. Я запытаўся ў яго пра гэта.
– Паглядзi ў люстра, – сказаў ён, паказваючы на ваду ў рэчцы.
Вада была чыстая, спакойная i празрыстая. Я лёг на жывот i прыгледзеўся да свайго адлюстравання, але нiчога асаблiвага, а тым больш прыгожага, там не заўважыў. Джанатан падышоў, лёг побач i таксама пачаў глядзець на наша адлюстраванне. Знiзу на нас глядзелi браты Львiнае Сэрца: прыгожы Джанатан са сваiмi залацiстымi валасамi, блакiтнымi вачыма i тонкiм тварам, i я са сваiм носам-шышачкай, калматай, распатланай грывай i ўсiм такiм iншым...
– Не, – сказаў я, паглядзеўшы на сябе крытычна, – я не стаў прыгажэйшы.
Але Джанатан лiчыў, што ўсё-такi ёсць вялiкая рознiца.
– Цяпер ты выглядаеш здаровым.
Пакуль мы ляжалi на мосце i глядзелi ў ваду, я адчуваў сябе сапраўды здаровым, што здаровая кожная клетачка майго цела, дык навошта мне быць прыгожым? Маё цела было такiм шчаслiвым, што ўсё ўва мне смяялася.
Мы яшчэ крыху паляжалi на мосце, сонца сагрэла i абсушыла нас. Джанатан сказаў, што нам пара iсцi. Шчыра кажучы, мне таксама не цярпелася паглядзець дом, дзе мне належала жыць.
Джанатан iшоў паперадзе, я – за iм на сваiх роўных нагах. Я iшоў i дзiвiўся, адчуваў, як гэта здорава iсцi на здаровых нагах. Калi мы паднялiся на строму, я павярнуў галаву i нарэшце ўбачыў Вiшнёвую Далiну. О, яна была ўся белая ад вiшнёвай квеценi, дакладней, белая i зялёная, бо цвет вiшнi – белы, а трава – зялёная. I праз усё гэта царства белага i зялёнага, быццам срэбная стужачка, цякла рэчка. Як жа я адразу ўсяго гэтага не заўважыў? Вiдаць, акрамя Джанатана, я не мог нiчога бачыць, але цяпер я стаяў i глядзеў, як усё перада мной прыгожа. Я сказаў Джанатану:
– Пэўна, гэта самая прыгожая на зямлi далiна!
– Твая праўда, – адказаў ён, – але не на зямлi.
I тут я ўспомнiў, што мы ў Наджыяле.
Вакол Вiшнёвай Далiны стаялi горы, яны таксама былi прыгожыя. Па iх схiлах цяклi ручаi i вадаспады: у Наджыяле была вясна.
Было штосьцi незвычайнае ў паветры. Я яго адчуваў такiм, што хацелася яго пiць. "Вось каб i дома было крыху такога паветра", – падумаў я, згадваючы, як я задыхаўся на сваёй канапцы на кухнi. А тут я дыхаў i не мог надыхацца. Джанатан пасмяяўся з мяне: "Пакiнь крышку i для мяне".
Дарожка, па якой мы iшлi, была белая ад пялёсткаў вiшнёвай квеценi, што асыпалася з дрэў, апускалася нам на валасы, i гэта мне вельмi падабалася.
У канцы дарожкi была Сядзiба Рыцараў з зялёнай шыльдачкай на браме.
– "Браты Львiнае Сэрца", – прачытаў я ўслых Джанатану. Я проста яшчэ раз падумаў пра тое, дзе мы будзем жыць.
– Добра, Сухарык. Цi ж тут не цудоўна?
Стары белы i невялiкi дом, з зялёным плотам i зялёнымi дзвярамi, ды i наогул, уся зямля навокал зялёная, у траве то там, то тут можна было ўбачыць маргарыткi. Побач, усыпаныя кветкамi, стаялi бэз i вiшнёвыя дрэвы. А вакол усяго гэтага была мураваная сцяна, невялiкая шэрая сцяна з ружовымi кветкамi на ёй. Вы маглi б лёгка пераскочыць яе, але ў сядзiбе вы адчуваеце, што знаходзiцеся пад аховай гэтай невысокай сцяны. Фактычна там былi два будынкi, дакладней, не зусiм адзiн, хаця другi быў хутчэй за ўсё стайняй цi нечым падобным. Яны стаялi пад вуглом адзiн да аднаго; у тым месцы, дзе будынкi сыходзiлiся, стаяла лаўка, якая, здаецца, прыйшла сюды з каменнага веку. I тым не менш, гэта была добрая лаўка. Так i хацелася прысесцi на яе, пасядзець, падумаць, паглядзець на птушак або папiць соку.
– Мне тут падабаецца, – сказаў я Джанатану, – тут гэтак жа добра, як дома.
– Заходзь i паглядзi, – запрасiў Джанатан. Ён ужо стаяў каля дзвярэй i збiраўся зайсцi, калi пачулася цiхае ржанне, так-так, сапраўднае конскае ржанне. Тады Джанатан прапанаваў: – Але давай спачатку агледзiм стайню.
Ён зайшоў у той, другi будынак, i я пабег за iм. Гэта сапраўды была стайня, сапраўдная стайня, якой я яе ўяўляў, i дзе стаяла пара прыгожых гнедых коней; яны павярнулi да нас галовы i заржалi, як толькi мы ўвайшлi.
– Вось гэта Грым i Ф'ялар, – сказаў Джанатан. – Здагадайся, якi з iх твой.
– Ды ну цябе, – сказаў я. – Не спрабуй пераконваць мяне, што адзiн з гэтых коней мой. Я проста не веру ў гэта.
Але Джанатан адказаў, што ў Наджыяле нiхто не абыходзiцца без каня.
– Ты проста нiкуды не зможаш дабрацца без каня. Разумееш, Сухарык, мне часам даводзiцца выпраўляцца ў няблiзкi шлях.
Гэта была, вiдаць, адна з самых прыемных рэчаў, якую я калi-небудзь чуў: у Наджыяле я павiнен мець каня, а я так люблю коней! Уявiце сабе, якiя ў iх мяккiя пысы. Не думаю, каб штосьцi ў свеце было такое ж мяккае, як пыса ў каня.
Гэтая пара коней была вельмi прыгожая. У Ф'ялара на лбе – белая зорачка, што i адрознiвала яго ад другога.
– Ну, значыць, Грым, вiдаць, мой, – сказаў я пасля таго, як Джанатан папрасiў мяне адгадаць, якi з коней належаў мне.
– Не, ты не ўгадаў, – сказаў Джанатан. – Твой конь – Ф'ялар.
Я дазволiў, каб Ф'ялар пяшчотна дакрануўся да мяне, i ў гэты момант я зусiм яго не баяўся. Я палюбiў яго адразу, i мне здаецца, што я яму таксама спадабаўся.
– У нас ёсць i трусы, – паведамiў Джанатан. – Яны ў клетцы за стайняй. Ты паспееш паглядзець на iх пазней.
Цi можна было i думаць пра гэта!
– Я павiнен бачыць iх зараз жа, – усклiкнуў я, бо заўсёды хацеў гадаваць трусоў, але ў сябе дома ў горадзе гэта было немагчыма.
Я хутка абышоў стайню i там, у клетцы, убачыў трусiкаў, якiя частавалiся свежым лiсцем.
– Якiя смешныя, – сказаў я потым Джанатану. – Тут у Наджыяле ў мяне ёсць усё, што я хацеў мець некалi.
– Вось бачыш, тут усё так, як я табе расказваў.
На самай справе, усё было так, як ён мне расказваў, калi мы сядзелi разам на маiм ложку дома на кухнi. Цяпер я ўжо зусiм пераканаўся, што ўсё менавiта так, усё праўда, i ад гэтага мне рабiлася яшчэ больш прыемна.
Ёсць рэчы, якiя нiколi не забываюцца. Я нiколi-нiколi не забуду першы вечар у Сядзiбе Рыцараў. Якое гэта задавальненне быць побач з Джанатанам, размаўляць з iм, як i раней. Цяпер мы зноў жылi ў кухнi, як дома ў горадзе, але гэта кухня зусiм не была падобна на тую. Пэўна, кухня ў Сядзiбе Рыцараў вельмi старая, з тоўстымi бэлькамi пад столлю i з вялiзным камiнам. Што гэта за камiн! Ён займаў палову сцяны, i калi б вы хацелi прыгатаваць ежу, то давялося б гатаваць непасрэдна над агнём, як гэта рабiлi ў старыя часы. Сярод пакоя стаяў самы моцны стол, якi я калi-небудзь бачыў у сваiм жыццi, з доўгiмi драўлянымi лаўкамi з кожнага боку, i я падлiчыў, што вельмi многа людзей магло б сядзець адначасова за гэтым сталом.
– Мы з табой будзем жыць у кухнi, як i раней, – сказаў Джанатан. – А мама, калi прыйдзе сюды, зможа заняць пакой наверсе.
Кухня i пакой – вось што ўяўляла сабой Сядзiба Рыцараў. Але да большага мы не прывыклi, ды большага нам i не трэба было. А тут усяго было амаль у два разы больш, чым дома.
Дома! Я расказаў Джанатану пра запiску, якую пакiнуў маме на кухнi.
– Я напiсаў ёй, што мы сустрэнемся ў Наджыяле. Толькi хто ведае, калi яна прыйдзе.
– Калi-небудзь гэта здарыцца, – сказаў брат. – I маме патрэбен будзе прасторны пакой для дзесяцi швейных машын, калi яна захоча iх паставiць.
Угадайце, што мне падабаецца больш за ўсё? Я люблю палежваць у старой кухнi, размаўляючы з Джанатанам, калi водблiскi полымя з камiна, гуляючы, адбiваюцца на сценах, выглядваць з акна i бачыць галiнку вiшнi, якая пагойдваецца ад вячэрняга ветрыку. Потым агонь меншае i меншае – да таго моманту, пакуль не застануцца толькi вугольчыкi; ценi на вуголлi цямнеюць, i ўсё вакол робiцца яшчэ больш сонным, а я ляжу i не кашляю. Джанатан расказвае мне розныя цiкавыя гiсторыi – расказвае, расказвае, расказвае, пакуль голас ягоны не ператвараецца для мяне ў шэпт, i я нарэшце засынаю. Вось гэта i ёсць тое, што мне найбольш падабалася ў Сядзiбе Рыцараў. Такое было са мной упершыню, таму я нiколi гэтага не забуду.
4
Назаўтра ранiцай мы паехалi вярхом на конях. Праўда-праўда, я ўмеў ехаць на канi вярхом, хаця ўпершыню ў сваiм жыццi апынуўся ў сядле. Проста не разумею, чаму ў Наджыяле ўсё ў мяне атрымлiваецца i я ўмею рабiць усё? Я скакаў галопам так, нiбы нiчым iншым нiколi не займаўся.
А вы паглядзелi б, як ездзiць на канi Джанатан! Жанчына, якая Джанатана называла прынцам з легенды, калi б яна апынулася тут i пабачыла Джанатана на канi, пэўна, сказала б, што ўбачыла такога прынца, якога нiколi не забудзе! О, калi ён перайшоў на галоп i быццам пераляцеў цераз рэчку, а яго валасы заструменiлiся вакол галавы, сапраўды можна было паверыць, што ён – прынц з сагi. Ды i апрануты ён быў амаль як прынц, цi, хутчэй, як рыцар. Справа ў тым, што ў Сядзiбе Рыцараў быў вельмi багаты выбар адзення. Не ведаю, адкуль яно паявiлася, але ўсё такое не падобнае на тое, што мы носiм. Сёе-тое знайшлося i для мяне, i я з задавальненнем выкiнуў свае старыя рызманы, якiя больш i бачыць не хацелася. Джанатан растлумачыў, што мы павiнны апранацца так, каб адпавядаць часу, у якiм мы жывем, iнакш жыхары Вiшнёвай Далiны падумаюць, што мы нейкiя дзiвакi. Час легенд i вячэрнiх вогнiшчаў... Цi ж гэта не тое, пра што мне тады расказваў Джанатан? Аднойчы, калi мы ехалi вярхом нашай цудоўнай далiнай, я запытаўся ў брата:
– Тут, напэўна, вельмi стары час?
– Можна i так разумець, вядома. Гэта сапраўды стары час. Але можна сказаць, што для нас – гэта новы час.
Ён на нейкi момант задумаўся.
– Так, iменна новы. Малады, здаровы, добры час, у якiм нам так лёгка жывецца.
Але яго вочы раптам чамусьцi пацямнелi.
– Прынамсi, тут, у Вiшнёвай Далiне.
– А што, у другiх месцах па-iншаму?
Джанатан адказаў, што ў iншых месцах можа быць па-рознаму. Але якое ўсё-такi шчасце, што мы трапiлi менавiта сюды. Тут, як сказаў Джанатан, жыццё лёгкае i простае. Больш простым i лёгкiм яно не можа быць. Перш-наперш цябе праз акенца будзiць сонейка, ты прачынаешся ў сваёй кухнi i чуеш птушак, якiя шчаслiва шчабечуць у кронах дрэў, i ты бачыш Джанатана: ён спакойна гатуе малако i кроiць хлеб для цябе, а калi сняданне закончана, ты выходзiш, кормiш трусоў i чысцiш свайго каня. Потым сядлаеш яго, выязджаеш, а на траве ззяе i пералiваецца раса, пчолы i чмялi гудуць у вiшнёвай квеценi, твой конь пераходзiць у галоп, i ты не баiшся, што ўсё гэта раптам скончыцца, як можа раптам скончыцца любая забава. Але толькi не ў Наджыяле! Толькi не ў Вiшнёвай Далiне!
Мы скакалi па лузе туды i назад, уздоўж рэчкi. Потым убачылi ранiшнi дымок над вёскай у далiне, а потым i саму вёску з яе старымi дамамi i фермамi. Мы чулi, як кукарэкалi пеўнi, брахалi сабакi, бляялi авечкi i козы: усё гэта было гукамi ранiцы, якая толькi пачыналася.
Насустрач нам iшла жанчына, не старая i не маладая сялянка, з цёмным абветраным тварам – ад работы ў полi ў любое надвор'е. Яна была апранута старамодна, так, як апраналiся ў сагах.
– О, Джанатан, твой брат нарэшце прыйшоў? – сказала яна, па-сяброўску ўсмiхаючыся.
– Ага, ён толькi прыйшоў, – адказаў Джанатан, i можна было адчуць, што ён быў рады гэтай падзеi. – Сухарык, гэта – Сафiя.
Сафiя кiўнула галавой.
– Але, Сафiя, – сказала яна. – Рада пазнаёмiцца з табой. Цяпер вы можаце ўзяць кашолку самi.
Джанатан узяў у яе кашолку так, быццам рабiў гэта заўсёды, але я не павiнен быў нi аб чым пытацца.
– Ты возьмеш сёння вечарам брата ў "Залаты Пеўнiк", каб усе маглi з iм пазнаёмiцца? – спытала Сафiя.
Джанатан паабяцаў узяць, потым мы развiталiся i паехалi дадому. Я спытаў у Джанатана, што такое "Залаты Пеўнiк".
– Заезны дом "Залаты Пеўнiк", – адказаў Джанатан. – Гэта там, у вёсцы, дзе мы збiралiся пагаварыць аб тым, аб чым трэба пагаварыць.
Я падумаў, што будзе вельмi цiкава пайсцi з iм вечарам у "Залаты Пеўнiк" i паглядзець, што за людзi жывуць у Вiшнёвай Далiне. Мне хацелася ведаць усё пра Вiшнёвую Далiну ў Наджыяле. Я хацеў пераканацца, цi ўсё там на самай справе так, як пра гэта некалi расказваў Джанатан. Раптам я ўспомнiў яго апавяданнi i спытаў:
– Паслухай, ты казаў, што ў Наджыяле ў нас будуць прыгоды з ранiцы да вечара i нават ноччу, памятаеш? Але тут так спакойна i наогул нiякiх прыгод.
Джанатан засмяяўся.
– Не забывай, дурненькi, ты прыбыў сюды толькi ўчора, у цябе ж ледзь было часу агледзецца. Не турбуйся, будзе дастаткова часу для прыгод.
Настроiўшыся на прыгоды, я сказаў, што тут i так усё, як у прыгодах: i Сядзiба Рыцараў, i нашы конi, i трусы, i ўсё iншае, i што мне iншых прыгод не трэба. Аднак Джанатан паглядзеў неяк дзiўна, быццам шкадуючы мяне, i сказаў:
– Каб ты ведаў, Сухарык, тут усё так, як гэта павiнна быць для цябе. Але тут бываюць прыгоды, якiх лепш, каб не было.
Калi мы вярнулiся дадому, Джанатан распакаваў кашолку на кухонным стале. Там былi бохан хлеба, бутэлька малака, невялiкi слоiк з мёдам i чатыры блiнцы.
– Сафiя прыносiць нам ежу? – спытаў я здзiўлена. Я неяк не задумваўся, адкуль бярэцца ежа.
– Зрэдку, – адказаў Джанатан.
– Зусiм дарма? – зноў спытаў я.
– Але, дарма, пэўна, можна так сказаць, – адказаў брат. – Усё ў Вiшнёвай Далiне дарма. Мы ўсё даём адзiн аднаму i дапамагаем адзiн аднаму, калi гэта неабходна.
– Значыць, ты таксама штосьцi даеш Сафii?
Ён зноў засмяяўся.
– Раблю сёе-тое. Напрыклад, прывожу гной для яе клумбаў з ружамi. Сярод iншых спраў i даглядаю iх. Вядома, зусiм дарма.
Потым дадаў цiха, што яго ледзь было чутно:
– I шмат iншых рэчаў я раблю для яе.
Я заўважыў, што ён дастаў з кашолкi тоненькi, скручаны трубачкай, кавалачак паперы. Ён разгарнуў паперу, прачытаў тое, што там напiсана, i нахмурыўся, быццам яму штосьцi не спадабалася. Але нiчога не сказаў, а мне не захацелася пытацца. Я падумаў, што ён сам, калi захоча, раскажа, што там напiсана.
У кутку нашай кухнi стаяў буфет, пра якi Джанатан збольшага расказаў мне ў наш першы вечар у Сядзiбе Рыцараў. Аказваецца, у буфеце была сакрэтная скрынка, i калi не ведаць яе сакрэту, нiхто не можа нi знайсцi яе, нi адчынiць. Мне, вядома, захацелася ўбачыць яе зараз жа, але Джанатан сказаў:
– Як-небудзь iншым разам. Ты павiнен спаць...
Я заснуў i забыўся пра ўсё, але цяпер успомнiў, як Джанатан падышоў да буфета i я пачуў дзiўнае, кароткае пашчоўкванне. Няцяжка было здагадацца, што ён рабiў: ён схаваў той кавалачак паперы ў сакрэтную скрынку. Потым ён замкнуў буфет i паклаў ключ на старую ступку, што стаяла на самай высокай палiцы.
Пасля нейкi час мы плавалi, i я ныраў пад мост. Нават i не ведаю, як я асмелiўся. Потым Джанатан зрабiў мне вуду, i мы злавiлi некалькi рыб, якiх хапiла нам на абед. Я злавiў цудоўнага акуня, Джанатан – двух.