355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аркадий Чернышевич » Калiнiшын зяць (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Калiнiшын зяць (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 сентября 2016, 17:04

Текст книги "Калiнiшын зяць (на белорусском языке)"


Автор книги: Аркадий Чернышевич



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Чернышевич Аркадий
Калiнiшын зяць (на белорусском языке)

Аркадзь Чарнышэвiч

Калiнiшын зяць

I

Раман Хмыль прачнуўся за поўнач у бацькавай хаце. Прыснiлася нешта страшнае, незразумелае. Трызненне нейкае. Раман адчуў, што лоб яго аблiўся халодным потам, а сэрца гатова выскачыць з грудзей. Што гэта было? Раман напружыў памяць. Ага! Ён апынуўся на нейкай скале, высачэзнай i гладкай. Памкнуўся злезцi, але калi зiрнуў унiз, то ўбачыў бездань. Ад жаху Раман заплюшчыў вочы, i ў гэты момант нехта штурхнуў яго ў плечы. Ён азiрнуўся i ўбачыў невялiчкую дзяўчынку з кiрпатым носiкам i блiскучымi вочкамi. Ён пазнаў яе. Яна стаяла i смяялася.

Калi гэты сон паўстаў у памяцi, Рамана зноў ахапiў жах. Ён паспрабаваў крануцца i ледзь не паляцеў з ложка: малодшы брат сапхнуў яго на самы край. Раман сеў i ўспомнiў усё, што адбылося ўчора вечарам памiж iм, жонкай i цешчай.

Раман ажанiўся з Надзяй некалькi месяцаў назад. Надзя была стройная i прыгожая дзяўчына. Ён тады толькi што прыйшоў з армii. Убачыў яе i адразу закахаўся. Неўзабаве справiлi вяселле. Думаў тады Раман, што злавiў шчасце, што яму пашанцавала ў жыццi. Надзя скончыла школу, а далей вучыцца не паступiла. А каб паступiла, то хiба выйшла б яна за яго замуж! Не ведаў Раман, што Надзя i не думала куды-небудзь паступаць. У яе i яе мацi былi зусiм iншыя меркаваннi.

I вось ён зноў у бацькавай хаце. Нi халасцяк, нi жанаты. I ўспомнiлася ўсё да самых драбнiц.

II

Надзiну мацi Марылю ў наваколлi звалi Калiнiхай. Па мужу. Ён, праўда, зваўся не Калiна, а Болесь. Да трыццаць дзевятага года служыў панскiм леснiком i ганарыўся сваiм шляхецтвам i каталiцтвам. Калiнай яго дражнiлi за тое, што ён злавiў у лесе вясковага пастушка, якi зразаў на пугаўё калiну. "Паночак, дык ён жа калiну зрэзаў, – скардзiўся Болесь пану. – Цэлае дрэва зглумiў, гад". Пастушка аштрафавалi, хоць тое "дрэва" было таўшчынёю ў палец.

Загiнуў Калiна ў часе Айчыннай вайны ад партызанскай кулi. Тады Надзi iшоў пяты год. Калiнiха сама выгадавала дзвюх дачок. Хутар яе быў добры. Пры фашысцкiх акупантах трымала парабкаў i карысталася немалымi льготамi як удава палiцая. Парабкаў выбiрала маладых, дужых, каб не толькi днём, але i ноччу нечага былi варты, аднак трымала iх у руках, i нi адзiн не стаў яе мужам. Дзiвiлiся людзi: дробная, непрыгожая, няўдалая жанчына, пстрычкай забiць можна, а ў жыццi – люты драпежнiк. Калi ўчэпiцца ў што-небудзь, то не толькi рукамi, але i зубамi ўвап'ецца, як клешч, не адарвеш.

Так жыла Калiнiха i гора не ведала, пакуль не прыйшоў канец фашысцкай акупацыi. Мiнулася панства. Аднак яна не здалася. Абiвала парогi ўстаноў, плакала, галасiла, скардзiлася на сваё горкае ўдоўства, на мужа-нягоднiка, якi не ўмеў быць чалавекам. Здзекаваўся з яе, пакуль быў жывы, i праз што, праз якое яна павiнна пакутаваць. А ў яе ж малыя дзецi. Яна так уелася ў косцi раённаму начальству, што яе нарэшце пакiнулi ў спакоi, толькi хутар значна абрэзалi.

Калi арганiзаваўся калгас, яна ўступiла ў яго апошняй. Ад хутара засталася толькi хата з добрым садам. На работу яна выходзiла кожны дзень i нiколi не вярталася дамоў з пустымi рукамi. Былi ў яе i iншыя заробкi. Начныя. Вакол хутара калгасныя палi: збажына, бульба, канюшына. Калiнiха не грэбавала нiчым. Брала не памногу. Навучыла i дачок. I трэба сказаць, што яны так налаўчылiся ў гэтай справе, што не мiналi нiчога, што трапляла пад рукi. Асаблiва малодшая, Надзя. Гэта было такое пранырлiвае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкi ўкрасцi. I рабiла гэта так хораша i лоўка, што нiхто не мог i падумаць пра яе дрэннага. Прыгожая, сцiплая, з мiлымi вочкамi, якiя заўсёды глядзелi пад ногi, яна нагадвала ляльку. "Не, гэта не Калiнiшына дачка", – думаў кожны, хто яе бачыў.

Такiм чынам, у Калiнiхi хапала i хлеба i да хлеба. Але гэтага ёй было мала. Калiнiха любiла грошы i гандаль. Крадзеным збожжам выкормлiвала ў год некалькi парсюкоў i прадавала iх там, дзе было больш выгадна. Ёй былi вядомы ўсе рынкi ў Менску i Вiльне. Цяжка было адной, i яна знайшла памочнiкаў: мясцовага п'янiцу Мiкiту Бычка, якi пад чаркай прадаў бы не толькi парсюка, але i родную мацi, каб яна была жывая, i леснiка Стася Парахню – сябра нябожчыка Калiны.

Самагонку Калiнiха гнала даўно, толькi не памногу. Калi падраслi дочкi, яна стала гнаць болей. Да выпiўкi, вядома, патрэбна i закуска, а яе ў Калiнiхi хапала. Такiм чынам на Калiнiшыным хутары адчынiлася карчма, толькi нелегальная. Тут збiралiся п'янiцы, гультаi i зладзеi – усе тыя, каму грошы дастаюцца лёгка i несумленна.

Усё гэта ведаў Раман яшчэ да армii. Перад самым яго адыходам на службу Калiнiха аддала замуж старэйшую дачку. Надзя тады яшчэ хадзiла ў школу.

III

Калi Раман сказаў бацьку, што хоча ажанiцца з Надзяй, той доўга маўчаў.

– З Калiнiшынай дачкой?.. – спытаў ён нарэшце.

– А пры чым тут Надзя? – узарваўся Раман, адразу зразумеўшы, што бацька не адабрае яго выбару. – Яна не такая!

– А ты добра прыгледзься.

– Я прыгледзеўся ўжо! Два месяцы з ёй хаджу, калi хочаце ведаць.

– Ведаю! Два месяцы мала.

– Я ў хаце ў iх бываю.

– Ну i што?

– Што? Добрая сям'я, вось што. Людзi языкамi прывыклi малоць: Калiнiха сякая, Калiнiха такая... А яна таксама нямала перажыла.

Бацька ўсмiхнуўся:

– Перажыла, кажаш?

– Так... I калi хочаце ведаць, я кахаю Надзю, i мне лепшай жонкi не трэба.

– Мабыць, i чаркай частавалi, – сказаў нiбы мiж iншым бацька, i гэта апякло Рамана. Апякло таму, што i сапраўды частавалi, i не адзiн раз. Ён так прывык да гэтага, што iшоў да Надзi i заўсёды спадзяваўся, што там вып'е.

– Што ж, можа, i сапраўды яна не такая, – прамовiў бацька. – Бывае.

Цяжэй было ўгаварыць мацi.

– Да Калiнiхi ў прымакi iдзеш, сынок? – з жалем запытала яна.

– Чаму ў прымакi? Я Надзю да сябе бяру.

– А я чула, што Калiнiха да Надзi прымака хоча ўзяць, каб з дачкой i зяцем да смерцi дажыць...

– Языкамi людзi мелюць.

– Я не ад людзей, а ад яе самой чула, яшчэ калi ты ў армii быў.

Гэта крыху ўразiла Рамана. Тады ж Надзя ў школе вучылася. Няўжо Калiнiха ў той час думала пра Надзiна замужжа? А сама Надзя? Яна ж хацела вучыцца далей. Глупства ўсё гэта. Раман так i адказаў мацi.

– Глупства. Калiнiха пажартавала.

– Не ведаю, сынок... Але наўрад цi ўжывёмся мы з ёю...

– Вось як! А хто не ўжывецца, вы цi яна?

– Я ёй, мабыць, не дагаджу.

– Ёй не трэба дагаджаць!

Доўга цягнулiся такiя размовы, нарэшце адгулялi вяселле, i Надзя перайшла да Рамана.

IV

Той нядоўгi час, калi Надзя жыла ў Раманавых бацькоў, пакiнуў у яго душы такi горкi i балючы асадак, што пра яго не хацелася ўспамiнаць. Першыя днi маладая была ласкавая i прыветная. Не Раманавы бацькi дагаджалi ёй, а яна iм. А потым Надзю нiбы падмянiлi. То яна цэлыя днi нi з кiм не гаварыла, то адмаўлялася есцi, то плакала без прычыны. "Што з ёй?" – думаў Раман. Адказаць яму магла б толькi мацi, але яна маўчала. Справа ў тым, што Калiнiха вельмi часта наведвала дачку. Яны iшлi ў другi пакой i там падоўгу шапталiся. Мужчыны былi на рабоце i нiчога не ведалi. Мацi хацела сказаць пра гэта бацьку, але не адважвалася. Раман можа пакрыўдзiцца. Навошта падымаць лiшнi вэрхал у хаце? Што за бяда, калi мацi прыйдзе да дачкi? Аднак сэрца чула, што робiцца нешта нячыстае, нядобрае.

Маладая ўжо наседзелася дома, i ёй пара было выходзiць на работу. Аднойчы ў нядзелю, калi яны засталiся адны дома, Раман хацеў пагутарыць аб гэтым з Надзяй. Але яна апярэдзiла яго.

– Раман, – сказала яна, – ты ўсё жыццё будзеш працаваць у калгасе?

– А чаму не? – здзiвiўся Раман. – Я хацеў сказаць, галубка, што i табе пара iсцi на работу.

– У калгас?

– А куды ж больш?

Надзя пазелянела. Такою яе Раман нiколi не бачыў. Дзе падзелiся Надзiны ласкавасць, мiлы позiрк? Вочы яе затуманiлiся, здавалася, што яна нiчога не бачыць i не разумее.

– Надзя, што з табой? – спалохана запытаўся ён.

Надзя нiбы не чула яго запытання.

– У калгас? Мо даяркай цi цялятнiцай? А можа ў свiнарнiк загонiш? Ты для гэтага мяне замуж браў? Каб я ў гнаi капалася? Хто я табе?! Жонка цi служанка? У хаце адна, хоць разарвiся... Старая няўклюда капусты зварыць не ўмее.

– Што ты кажаш? Гэта мацi мая няўклюда?

– Твая! Твая! Твая мацi!..

– Замаўчы! – крыкнуў Раман i сцiснуў кулакi.

– Ха-ха-ха! – зарагатала раптам Надзя, потым кiнулася на ложак i залiлася слязьмi. Раман падышоў да яе, пачаў суцяшаць, цалаваць мокры ад слёз твар, а яна са злосцю адпiхала яго ад сябе i крычала ў падушку:

– Iдзi! Iдзi! Iдзi!

I гэтае "iдзi" гучала злавесна. "Яна хворая, – мiльганула думка ў Рамана. – Я яе пакрыўдзiў..." Але другая думка аспрэчвала першую: "Гэта яна мяне крыўдзiць без жалю".

Назаўтра Надзя ўвесь дзень не ўставала з ложка, а Раман хадзiў як сам не свой. Скончылася ўсё гэта неяк раптоўна i дзiка. Аднойчы Раман не вытрымаў, падняў руку на жонку. На гэты раз яна не смяялася i не плакала.

– Я цяжарная, – сказала яна, пераможна зiрнуўшы на мужа i з такой злосцю блiснуўшы вачыма, што ён аж здрыгануўся. – Я цяжарная, i табе не будзе жыцця, – яна крутнулася i пайшла з хаты. Раман хацеў бегчы за ёй, але бацька не пусцiў яго.

– Вернецца! – сказаў ён.

Але Надзя не вярнулася.

Думкi пра Надзю, пра тое, што яна цяжарная, не давалi Раману спакою. Ён перабiраў у памяцi ўсе яе ўчынкi за апошнi час, i цяпер яны здавалiся яму не такiмi ўжо дзiкiмi. Ён знаходзiў iм апраўданне. Цяжарная! Ёй нездаровiцца, таму i злуецца. Яе трэба берагчы...

Раман не мог уявiць, што яго дзiця народзiцца i застанецца без бацькi, што ён нават не будзе мець магчымасцi i права зiрнуць на яго, пакуль яно не падрасце. Непакоiла Рамана i другое. Хiба Надзя не зможа выйсцi замуж? Маладая i прыгожая жанчына. Знойдзецца чалавек! Але той чалавек не будзе любiць яго дзiцяцi. I яго сын цi дачка пры жывым бацьку – сiрата. Горш чым сiрата...

Сэрца яго сцiскалася, калi ён уяўляў, што Надзю будзе цалаваць i абдымаць нехта другi.

I ён здаўся.

V

Калiнiха з дачкой дамаглiся таго, чаго жадалi. Яны сустрэлi Рамана стрымана, але радасна. Раман i сам быў рады, хоць i разумеў, што зрабiў нешта памылковае, не тое, што трэба.

У першыя днi ён адчуў сябе шчаслiвым. Цешча i жонка чым маглi дагаджалi яму. Прыемна было пасля работы ўключыць радыё, завесцi патэфон або проста легчы па канапу i пачытаць кнiжку. Раман працаваў цесляром. Яго брыгада будавала кароўнiк у другой вёсцы, таму на полудзень дадому ён не прыходзiў i, што рабiлася ў хаце без яго, не ведаў.

Прайшоў тыдзень. Аднойчы ў нядзелю Раман, як звычайна, прачнуўся рана. Была другая палова лютага. Ночы карацелi. Калi раман выйшаў на двор, на яго дыхнула наблiжэннем вясны. Ранак стаяў марозны, празрысты. На зеленавата-сiнiм небе ружавела зара. Са страхi звiслi кароценькiя ледзяшы. Раман зiрнуў на iх з замiлаваннем, яму захацелася, як у маленстве, збiць хоць адзiн i патрымаць у руках. Ён усмiхнуўся, саскочыў з ганка, схапiў кол i збiў. Яны пасыпалiся долу з ледзь чутным звонам. Ён падняў самы вялiкi. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. I ледзячок, i празрыстая ранiца ўлiлi ў Рамана неймаверную радасць i бадзёрасць. Ён увайшоў у хату i ўключыў радыё. Грымнулi гукi гiмна, i ў гэты момант пачуўся злы голас цешчы:

– Усхадзiўся! Бач ты яго!

Голас быў не толькi злы. У iм чулася пагарда i знявага. I Раманава радасць i бадзёрасць знiклi.

– Рама-ан! – гукнула Надзя. – Рамано-ок, iдзi сюды.

Ён пайшоў нехаця.

– Сядзь, – горача прашаптала Надзя. Калi ён сеў, яна адкiнула коўдру, абхапiла рукамi яго шыю i гарачымi вуснамi ўпiлася ў яго вусны.

I Раман забыў пра ўсё на свеце.

Пасля снедання ён сабраўся наведацца да сваiх, але цешча папрасiла:

– Схадзi, Раман, параўнуй у хляве гной. Карова на цяленнi, яшчэ завалiцца.

Гэта было сказана не тонам загаду, а так проста i звычайна, як раней гаварыў бацька, i ў нейкай меры сцерла непрыемны асадак.

Першы раз Раман адчынiў Калiнiшын хлеў. На яго дыхнула цяплом i пахам перапрэлага гною. Хлеў быў раздзелены на некалькi частак. У адной стаяла вялiзная пярэстая карова. У другой ляжалi два здаравенныя парсюкi. У трэцяй пяць авечак. Карова была гладкая, парсюкi сытыя, на авечках блiшчала воўна... "Чым яна iх кормiць?" – падумаў Раман пра цешчу. Ён управiўся ў хляве i вырашыў зiрнуць у пуню. Колькi там сена? Але на дзвярах пунi вiсеў замок. "Значыць, не давяраюць". Ён пайшоў у хату i ў сенях пачуў голас Надзi. Яна была ў стопцы i клiкала яго. Раман зайшоў. Надзя стаяла, схiлiўшыся над кублам.

– Зiрнi, колькi ў нас сала.

I Раман зiрнуў. Кубел быў поўны.

– Гэты яшчэ не пачаты. А з гэтага бяром. – Яна адчынiла другi кубел. Бачыш, яшчэ i паловы не з'елi.

"У гэтай хаце з голаду не памрэш", – падумаў Раман.

– А вунь, бачыш? Каўбасы i кумпякi! – яна паказала ўгору.

Ён задраў галаву i пачаў лiчыць, колькi там гэтых каўбас i кумпякоў. Так i не падлiчыў, зблытаўся.

– Раман! – гукнула Надзя. – Кiнь лiчыць! Падыдзi блiжэй. – Яна з канiстры налiвала ў кубак нейкую вадкасць.

– Пакаштуй, Раман, – сказала яна, падаючы яму кубак.

– Што гэта?

– А ты пакаштуй! Напрацаваўся, бедненькi, а сёння ж нядзеля. Ну-у, Раман! Хiба ты не мужчына!

I Раман выпiў. А потым ужо ў хаце ён насiў Надзю на руках, абдымаў, прыцiскаў да грудзей i паўтараў бесперапынна:

– Жоначка мая дарагая... У нас дзiцятка будзе? Каго ты хочаш, сына цi дачку?

– Сы-ына, Рамано-ок!

– А я дачку.

Падвечар, калi Раман звалiўся на канапу i заснуў, у Калiнiшынай хаце амаль не зачынялiся дзверы. Калiнiха з Надзяй адмервалi з канiстраў i грэлак паўлiтроўкi i лiтроўкi, акуратна падлiчвалi выручку.

Раман прачнуўся на шарай гадзiне. У хаце ўжо гарэла лямпа. За сталом сядзелi двое: Мiкiта Бычок i Стась Парахня. На стале стаяла бутэлька самагонкi, мiска шаткаванай капусты i ляжалi гуркi.

– А-а! – прывiтаў яго Мiкiта Бычок, плюгавы чалавек з васпаватым тварам. Ка-алiнiшын зя-яць! Здароў, здароў!

Стась Парахня, чорны, як крумкач, з нейкай дзiўнай, падстрыжанай пад машынку бародкай, ужо налiваў шклянку.

– Што, Раман, блiжэй, блiжэй!

– Не хачу я, хлопцы.

– Што? Ну, Раман, чаго там? Садзiся! – з гонарам i строгасцю прамовiў Стась. – Я з тваёй цешчай даўно сябрую. Будзем сябрамi i з табой. Я рады, што ў гэтай хаце ёсць мужчына.

Стась Парахня, увогуле маўклiвы i пануры, выпiўшы чарку, рабiўся гаваркiм i кожны сказ пачынаў са слова "што".

– Што ў гэтай хаце ёсць мужчына... Што з iм можна пасядзець i пагутарыць. Што ты, брат, малайцом! – Ён падмiргнуў Калiнiсе – i на стале з'явiлася другая бутэлька.

– Што, брат, Мiкiта, плацi за сваю долю.

– Я? Я заплачу! У Мiкiты Бычка ёсць!

I Мiкiта засунуў руку ў кiшэню сваiх старых, мо сотню разоў латаных штаноў, абмацаў сваю бравэрку i нашкроб пяць рублёў.

– Што добра, то добра, – сказаў Стась Парахня. – На гэтыя бяром яшчэ чвэртку.

I на стале апынулася чвэртка.

Што было потым, Раман не ведаў. Ён толькi памятаў, што Мiкiта Бычок, гэтае паскудства, абiбок i злодзей, лез да яго цалавацца, абдымаўся i крычаў:

– Малайчына, Калiнiшын зяць! Ты не дурань. Н-не! Ты не дурань.

– Сынок, – сказала яму назаўтра Калiнiха, – у нас сена канчаецца. Папрасiў бы ты ў старшынi, каб выпiсаў якi цэнтнер.

Такая просьба не спадабалася Раману. Раней у хаце нiколi не было гутаркi пра сена. Аднак, iдучы дамоў, ён зайшоў у канцылярыю калгаса. Там, акрамя старшынi, нiкога не было. Пажылы, сiвавусы бухгалтар, не ўзнiмаючы галавы, нешта мармытнуў у адказ на прывiтанне Рамана. Старшыня, вiдаць, сабраўся некуды iсцi. Гэта быў чалавек гадоў сарака, нiзкi, але не тоўсты, вузлаваты i не надта рухавы.

– Кажаш, сена, – прамовiў ён, зiрнуўшы на Рамана. – У Калiнiхi, выбачай, у тваёй цешчы, павiнна быць сена. Яна ж i ў ляснiцтве нямала накасiла. Ты, вядома, гэтага не ведаеш, увосень толькi з армii вярнуўся, а ў нас шмат гутаркi было праз гэтае сена. Парахня Стась ёй даў сенажаць, а Мiкiта Бычок касiў. У нас жнiво было, гарачы час, а твая нi адна ў поле не выйшла.

Раман пачырванеў.

– Ты тут, вядома, нi пры чым, аднак скажы мне, чаму твая жонка на работу не ходзiць? Што яна хварэе, цi што?

Не ведаў старшыня, што сам падказаў Раману, як выкруцiцца.

– Хварэе, Мiкалай Пятровiч.

– Гм. Дык ты лячы яе. Што гэта за жонка, калi хварэе. Маладая хварэе, а як пастарэе, тады што? Будзеш нi халасцяк, нi ўдавец.

– Павязу ў бальнiцу...

– Вязi. А наконт сена што табе сказаць. Не выпiшу я табе сена, а саломы калi ласка. Цэнтнера паўтара дадзiм. Сцяпан Андрэевiч, – сказаў бухгалтару, выпiшы Раману саломы.

Бухгалтар нарэшце ўзняў галаву, зiрнуў злоснымi калючымi вачыма i на Рамана, i на старшыню i забурчаў:

– Гэтым Калiнiхам вечна мала... Можа пшанiцы цэнтнеры два выпiсаць?..

– Пiшы, пiшы, Сцяпан Андрэевiч, – падагнаў яго старшыня i зноў звярнуўся да Рамана: – Скажы праўду, Раман, як ты прыжываешся на гэтым хутары?

– Пакрысе, Мiкалай Пятровiч...

– Пакрысе, кажаш. Глядзi, не ўкацiся ў гразь. Я тут год працую, але трохi ведаю пра тваю цяперашнюю сям'ю. Кепскае людзi гавораць...

Раман хацеў пярэчыць.

– Не крыўдуй. Я з табою па-таварыску гавару. Ведаю, што табе непрыемна. Ты, брат, перавыхоўвай iх. Вядзi сваю лiнiю i не паддавайся. А хутары мы хутка лiквiдуем. Цябе першага ў вёску перасялю. Згодзен?

– Згодзен!

– Ну дык трымайся.

Раман iшоў дамоў, i супярэчлiвыя думкi блыталiся ў яго галаве: "Лёгка гаварыць старшынi, – думаў ён. – А каб паставiў яго на маё месца..." Ён нёс у кiшэнi паперку на атрыманне саломы i загадзя ведаў, як абурыцца цешча, што не выпрасiў сена. Але, на вялiкае здзiўленне, цешча не абурылася, а ўзрадавалася.

– Саломы? – перапытала яна. – Паўтара цэнтнера! Ну малайчына, сынок! Подсцiлу няма, парсюкi i карова хутка ў гнаi будуць плаваць.

– Подсцiлу? – здзiўлена запытаў Раман. А ён думаў, што i сапраўды няма чым кармiць карову.

– Вядома ж подсцiлу, – адказала яму Калiнiха. – Без подсцiлу, сынок, i гною не будзе, а без гною на гародзе нiчога не вырасце.

Раман прамаўчаў, хоць у грудзях у яго ўсё кiпела.

– Рамано-ок! – гукнула яго Надзя. – Iдзi глянь, што я табе купiла!

Раман падышоў. Надзя трымала ў руках наручны гадзiннiк. Раман зiрнуў на яго, i яму здалося, што ён недзе бачыў гэты гадзiннiк з чорным цыферблатам i ружай вятроў.

– Дзе ты яго ўзяла?

– Купiла.

– У каго?

– Рамано-ок! Я ж не ўкрала... Чалавек прадаваў, а я купiла. Дай я надзену табе яго на руку.

– Не трэба.

– От якi ты! – пакрыўдзiлася Надзя. – Тады я яго схаваю.

Тым часам цешча паставiла на стол вячэру i выняла з шафы бутэльку.

– Iдзi вячэрай, сынок. Ды шклянку выпi. Ты сёння малайчына!

Калi прыемнае цяпло разлiлося па жылах, настрой Раманаў палепшыўся.

– А ў мяне старшыня пытаў, чаму ты на работу не ходзiш, – паведамiў ён Надзi.

– Што ты яму адказаў? – запытала яна.

– Сказаў, што ты хворая.

– Во правiльна, сынок! – узрадавалася цешча. – А Надзя ж i сапраўды хворая.

Пакуль Раман вячэраў, жанчыны пашапталiся памiж сабой i абедзве падышлi да стала.

– Рамано-ок, – сказала Надзя, – мо б мы заўтра ў мястэчка з'ездзiлi.

– Чаго?

– Да цёткi мне трэба.

– Да якой цёткi?

– Да маёй стрыечнай сястры, – растлумачыла Калiнiха. – Удава яна. Чацвёра дзяцей гадуе. Старажыхай робiць, якi там заробак! Гаруе, бедная, а цяпер захварэла. Няхай бы Надзя завезла ёй чаго-небудзь ды пабыла там дзён колькi пры дзецях.

Раней нi ад цешчы, нi ад жонкi Раман не чуў, што ў мястэчку ў iх ёсць нейкая радня.

Аднак калi яму налiлi яшчэ адну шклянку, ён ужо сам рад быў памагчы той гаротнай удаве.

Назаўтра Раман сказаў брыгадзiру, што павязе жонку ў бальнiцу. Ён запрог каня i прыехаў па Надзю. Яна ўжо была гатова. Пакуль садзiлiся на воз, Калiнiха вынесла вялiзны, нечым напакаваны кош.

– Гасцiнцы сястры, – растлумачыла яна Раману. – Толькi асцярожна, бо тут i яйкi ёсць, каб не разбiлiся.

З мястэчка Раман прыехаў адзiн. Надзя вярнулася праз тыдзень, схуднелая i вельмi кволая.

VI

Iшоў дзень за днём. I Раман паступова прывыкаў да свайго становiшча. Iншы раз задумваўся. Прыходзiла жаданне ўцячы, але Надзя, якую ён цяпер любiў яшчэ больш, i дзiця, якога чакаў, сцiралi такое жаданне. Ён нават не заўважаў цiкаўных i не вельмi спагадлiвых позiркаў сваiх таварышаў па рабоце. На дзяўчат не звяртаў увагi, не адказваў на iх жарты, бо Надзя не цярпела гэтага. Яе часамi ахоплiвала нейкая хваравiтая рэўнасць. Надзя без прычыны накiдвалася на Рамана нават тады, калi яму прыходзiлася пазней вярнуцца з работы. Ён у такiх выпадках быў удзячны Калiнiсе, якая заўсёды заступалася за яго.

Аб тым, каб схадзiць у клуб на танцы або ў кiно, не магло быць i гутаркi. Надзя не хадзiла нiкуды сама i не пускала яго.

А жыццё на Калiнiшыным хутары iшло сваёй дарогай. Раман нават не спрабаваў павярнуць яго ў iншы бок. Ён разам з жанкамi разводзiў брагу, гнаў гарэлку. Але калi аднойчы, стоячы каля самагоннага апарата, пакаштаваў першаку, то не паспеў абцерцi губ, як Надзя сказала яму:

– Калi гнаць самагонку i самому пiць, то на чорта яе гнаць.

– Я толькi пакаштаваў.

– Каштуюць языком, а не горлам.

Больш гаворкi не было, але Раман зразумеў сваё месца i хутка асвойваўся з iм. Затое ў кожную нядзелю ў хаце было шумна i весела. Акрамя Мiкiты Бычка i Стася Парахнi прыходзiлi выпiвакi з iншых вёсак. Некаторыя куплялi гарэлку i iшлi дамоў, некаторыя пiлi на месцы. Такiх Раман любiў лепш. Варта было чалавеку выпiць шклянку, i ён ужо зваў Рамана:

– Эй, Калiнiшын зяць, iдзi сюды!

Раман для прылiку аднекваўся i да ночы набiраўся як туз. Ранiцай прачынаўся з хвораю галавой, якую свiдравала толькi адна думка: "Дрэнна... Дрэнна, Раман... Кiнуць трэба ўсё гэта..." У гэтыя хвiлiны ён адчуваў сябе такiм прынiжаным i няшчасным, што не хацелася жыць на свеце. Ён ненавiдзеў самога сябе. Страшней за ўсё было тое, што пачаў трацiць уласнае iмя. У вочы яго яшчэ клiкалi Раманам, а за вочы нiхто не зваў iначай як Калiнiшын зяць.

У такiя хвiлiны ўнутранага спусташэння на дапамогу яму прыходзiла Надзя са шклянкай гарэлкi. У Рамана ўзнiмаўся настрой, а Надзя вымала ўчарашнюю выручку. I Раман лiчыў грошы. Надзя адкладвала пяцёрку яму на папяросы, i злосць сцiхала.

Аднойчы ў суботу ён паспрабаваў абурыцца, калi жонка i цешча далiвалi няпоўны канiстр самагонкi вадой. (Справа ў тым, што ў нядзелю заўсёды было завозна, а гарэлкi не хапала.) Але Рамана асеклi iзноў. Потым ужо, будучы ў добрым гуморы, Калiнiха сказала, што п'янiцам пасля першай шклянкi добрай самагонкi можна даваць ваду, абы пахла гарэлкай. Яны ўсё выжлукцяць.

Аднаго разу ў хату зайшоў брыгадзiр. Раман збiраўся на работу, а Надзя была ў спальнi.

– Ты да мяне, Антось? – пацiкавiўся Раман.

– Не. Я да тваёй жонкi.

– А што такое?

– Нiчога такога, але чаму яна на работу не ходзiць?

Раман сумеўся.

– Ведаеш, братка... яна... ну, як табе сказаць.... – Раману не хацелася гаварыць чужому чалавеку, што яго жонка цяжарная. Надзя сама прыйшла яму на дапамогу. З прывабнай усмешкай яна выйшла з спальнi, прывiталася з брыгадзiрам i сказала:

– У мяне, Антось, даведка ёсць, чаму я на работу не хаджу. Пачакай хвiлiнку.

Яна зноў выйшла, i Антось падмiргнуў Раману.

– А бабка твая гладзенькая. Дабрэе! Не тое, што дзяўчынай была.

Раман пачырванеў. У гэты момант з'явiлася Надзя з паперкай у руках.

– На, Антось. Даведка з раённай бальнiцы.

Брыгадзiр пачытаў даведку i агледзеў Надзю з галавы да ног.

– Чорт вас ведае, маладых. Пакуль дзяўчына, дык здаровая, а як толькi выйдзе замуж, дык аказваецца, што ў яе сто хвароб. А якiя хваробы, сам чорт не разбярэ. Тут жа нейкая латынь.

Раман зiрнуў на жонку, яна перахапiла яго недаўменны, запытальны позiрк i апусцiла вочы. Брыгадзiр не заўважыў гэтага.

– Даведку аднясi ў праўленне, няхай там разбiраюцца.

Калi ён выйшаў, Раман накiнуўся на жонку:

– Дык ты што, не цяжарная?

– Рамано-ок, гэта ж яшчэ не скора будзе.

– А якая ў цябе даведка? Калi ты яе ўзяла?

– Не бойся, даведка як даведка. А ўзяла яе тады, як у цёткi была.

Раман стаяў як аслупянелы. Яна падышла да яго, абняла i шапнула:

– Рамано-ок! Ну, не злуйся... Хiба я гультайка? Я дзiцё наша шкадую!

VII

А Надзя i сапраўды дабрэла з кожным днём. Усё тое дзявочае, прывабнае i мiлае, што так Раман любiў у ёй, пачало згладжвацца i сцiрацца. Раман тлумачыў гэта цяжарнасцю, i Надзя падабалася яму яшчэ больш. Не падабалася яму толькi яе разленаванасць. Калi ён адыходзiў на работу, Надзя ляжала ў ложку або толькi падымалася i растрапаная стаяла каля печы. Не раз збiраўся Раман пагутарыць з ёю, нават папракнуць, ды так i не сабраўся. Але яна, хiтрая, бачыла яго наскрозь i ўмела павесцi сябе так, што ён забываў аб сваiх намерах. У хвiлiны рашучасцi, якiя прыходзiлi да яго тады, калi ён быў адзiн, Раман шмат чаго выказаў бы i ёй i цешчы, але бяда была ў тым, што гэтая рашучасць знiкала пры iх. Iншы раз Рамана брала злосць, але не надоўга. Так было, калi ён аднойчы прыехаў з лесу стомлены i знямоглы. У хаце не было нi цешчы, нi жонкi. Раман адчынiў шафу, каб знайсцi што-небудзь перакусiць. Позiрк яго ўпаў на бутэльку з гарэлкай. Ён, нiчога не думаючы, налiў шклянку i перакулiў яе ў рот. У гэтае iмгненне адчынiлiся дзверы, i на парозе з'явiлася цешча. Яна аслупянела i зiрнула на Рамана так, як, мабыць, калiсьцi глядзела на сваiх парабкаў.

– Шкада? – запытаў Раман. – А можа не маю права?

– Шкада! – адрэзала цешча. – Бутэлька каштуе дзесяць рублёў. Каму цяпер яе прадам? Ты ж мне не заплацiш!

– Вось як! – крыкнуў Раман.

– Вось так, – рашуча адказала цешча.

Тым часам прыйшла Надзя. Раман думаў, што яна заступiцца за яго, але Надзя толькi мiргала старой, рабiла ёй знакi, каб тая сцiхла, але цешча не зважала на гэта. Раман зразумеў, што ён не толькi не возьме ўлады над гэтымi жанчынамi, але i нiколi не стане на роўную нагу. I гэта апякло яго так балюча, як апякло б раней. Ён цяпер быў падобны на зморанага сабаку, якi толькi адбрэхваецца, а ўкусiць ужо не можа.

Раман цешыў сябе надзеяй, што, калi народзiцца дзiця, ён уладкуецца на работу ў горад цi завярбуецца куды-небудзь i забярэ з сабой Надзю. Тады ён будзе i гаспадаром, i бацькам, i дзiця звяжа яго з Надзяй так, што яна паедзе з iм, куды ён захоча. Ён сябе цешыў такой думкай, але ведаў, што так не зробiць.

Да бацькоў Раман не хадзiў. Пасля першай спробы, калi яго цешча паслала раўнаваць гной, прайшло нямала часу, i цяпер ён саромеўся паказвацца сваякам на вочы. З бацькам сустракаўся часта i вiтаўся, схiлiўшы ўнiз галаву. Ён ведаў, што бацька хоча з iм пагаварыць, але баяўся гэтай гаворкi.

VIII

Мiж тым наступiла вясна. Прыйшла яна iмклiва, са звонам ручаёў, з шумам дажджоў i птушыным гоманам. Раман iшоў з работы дадому i са здзiўленнем аглядаў вiльготныя палi i яшчэ голыя пералескi, але па-веснавому ўжо маладыя i бадзёрыя. I нечакана каля дашчанай кладкi, што была перакiнута праз невялiчкi ручаёк, сустрэў сваю суседку Марыльку. Гэтая дзяўчынка вучылася ў дзевятым класе. Раман нiколi не цiкавiўся ёю, калi i гаварыў, то толькi жартам. Невялiчкая, з кiрпатым носiкам, з блiскучымi, як вугельчыкi, вочкамi, яна трымала ў адной руцэ сумку з кнiжкамi, а ў другой вярбовыя галiнкi з маленькiмi пупышкамi. Сустрэча была такая нечаканая, што Марылька аж скаланулася i нерухома застыла на месцы.

– Гэта ты, Раман? – неяк здзiўлена прамовiла яна.

– Я, Марылька. Нашто ты ломiш вярбу? Яшчэ ж каткоў няма.

– Хiба ты не ведаеш? – здзiвiлася Марылька. – Налью ў гладыш вады, пастаўлю туды галiнкi, i няхай стаяць на акне.

Раман засмяяўся.

– Навошта?

– Няхай стаяць... Галiнкi распусцяцца, i каткi будуць.

– Ведаю, што распусцяцца... Ну як ты, Марылька, жывеш?

– Я? Вучуся. Хiба ты не ведаеш? – Яна ўсмiхнулася. – Як з неба звалiўся, нiчога не ведае...

Дзяўчына саромелася, хвалявалася, i гэта вельмi цешыла Рамана.

– Ведаю, што вучышся, але як жывеш?

– Якi дзiўны! Вучуся, дома маме памагаю... Яна ў нас хварэе. – Марылька з нейкай цiкаўнасцю зiрнула на Раманавы рукi.

"Вучуся, маме памагаю", – паўтарыў Раман яе словы. – Дзiвачка! Хiба гэта жыццё!

– А што ж? – Яна сказала гэта так сур'ёзна, што Раман таксама здзiвiўся. Якое ж трэба лепшае жыццё? Нашай школе сем гектараў зямлi выдзелiў калгас. Самi апрацуем, усё пасеем, пасадзiм. Чуў? Эх ты, на свеце жывеш i нiчога не ведаеш! – Яна зарагатала. Вiдаць было, што нейкае слоўца просiцца з яе языка. – Ты от жывеш! – раптам узлавалася яна, i тварык яе пачырванеў i стаў яшчэ прыгажэйшы. Раман мiмаволi залюбаваўся iм. -Дадому не прыйдзеш нiколi... Сын называецца. Вунь мацi плача, а ён...

– Ну, ну! – вырвалася ў Рамана. – Вымовы мне чытаеш!.. Прывыкла ў школе... Самой, мабыць, чытаюць, дык i яна...

Раман разумеў усю недарэчнасць гэтых слоў, але нiчога iншага сказаць не мог. Яго ахапiў сорам, i зашчымела сэрца.

– Гэта мне вымовы чытаюць! – абурылася Марылька. – Мне яшчэ нiхто вымоў не чытаў! Гэта табе трэба!

– Ну i злосная ж ты, – паспрабаваў пажартаваць Раман.

– Я злосная? – Марылька засмяялася. – Ну дык i буду ж злосная! – раптам усклiкнула яна i пачала сцёбаць вярбовымi галiнкамi па галаве, па твары, па плячах.

– От табе! От табе! От табе!

Тады рванулася i пабегла. Ашаломлены Раман стаяў i глядзеў ёй услед.

– От чарцянё! – з захапленнем сказаў ён.

А яна адбеглася i, смеючыся, крыкнула:

– Калiнiшын зя-яць!

Гэта, мабыць, i было тое слова, што круцiлася ў яе на языку. I Раман не пакрыўдзiўся. А яна склала рупарам далонi i зноў крыкнула:

– Чаму ты гадзiннiк не носi-iш?

Раман аслупянеў. "Якi гадзiннiк?" – думаў ён. I раптам успомнiў. "Няўжо той, што купiла яму Надзя?" Ён хацеў кiнуцца за Марылькай i распытаць падрабязна i тут жа ўспомнiў, што такi гадзiннiк ён бачыў у Марыльчынага старэйшага брата, шафёра. Ён успомнiў, што ў Паўла (так звалi Марыльчынага брата) здарылася аварыя з машынай, i ён павiнен быў адрамантаваць яе на свой кошт. Усе гэтыя думкi праляцелi ў Раманавай галаве за адно iмгненне. Ён зразумеў цяпер, чаму на рабоце сябры адносiлiся да яго непрыхiльна. Яму стала горача.

Ён супакоiўся крыху каля самай Калiнiшынай хаты.

IX

Надзя заўважыла, што муж вярнуўся дадому нечым незадаволены, сярдзiты.

– Што з табой, Раман? – Надзя зiрнула на яго са страхам.

– У каго ты купiла гадзiннiк?

– Якi гадзiннiк?

– Хiба ў цябе iх шмат? Той, што ты хацела аддаць мне.

– Рамано-ок... – Надзя хацела ўсмiхнуцца, але ў яе выйшла не ўсмешка, а грымаса. – Рамано-ок... Я ж яго не ўкрала... Чалавек прадаваў, а я купiла...

– Хто?

– Ты сам ведаеш...

– Ведаю! Павел Журня! Колькi ты за яго аддала?

– Раман... – Голас у Надзi быў не жаласны, а лiслiвы. – Ён прыйшоў пазычыць грошай... Трыста рублёў... А адкуль у нас тыя грошы!

– А адкуль вы iх на гадзiннiк узялi? Колькi вы за яго заплацiлi?

– Раманок! Толькi сто рублёў.

– Сто рублёў за гадзiннiк, якi каштуе трыста пяцьдзесят! Вы чалавека абрабавалi!

– Мы да яго не хадзiлi, – пачуўся раптам з печы голас Калiнiхi. – Ён сам да нас прыйшоў!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю