355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрусь Горват » Радзіва «Прудок» » Текст книги (страница 4)
Радзіва «Прудок»
  • Текст добавлен: 19 апреля 2019, 15:00

Текст книги "Радзіва «Прудок»"


Автор книги: Андрусь Горват



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 4 страниц)

Раздзел 3
Сёння я піў самагон

* * *

Часам хочацца піва, а купіць не магу.

* * *

Сказаў прудкаўцам, што я не пʼю. Гэтым адрозніваецца жыццё ў вёсцы: няможна схавацца. З кім спаў і што піў – усе даведаюцца.

Добры дзень, мяне завуць Андрусь Іванавіч, мне 32 гады і я не магу купіць піва.

* * *

«Рухаючыся праз Мінск, Мазыр, Нароўлю ў Чарнобыль, мы амаль увесь час ішлі лясамі. Каля Нароўлі мы праходзілі па такіх мясцінах у першабытных лясах, дзе нейкую вёсачку ці ліхую карчомку можна было ўбачыць толькі праз некалькі міляў адна ад адной. Жыхары гэтых малых паселішчаў былі такімі палахлівымі, што перад нашым набліжэннем з жонкамі і дзецьмі хаваліся ў лясах, а мы натыкаліся на пустыя сялібы. І толькі пазней, прывабленыя нашымі падарункамі, а канкрэтна гарэлкай, асобныя з іх вярталіся дадому».

«Дзённік генерала Яна Вейсенгофа», 1790.

* * *

Дыялог у краме.

– Е ці не е?

– Е.

– Дай.

– На.

Калі ўвядуць падатак на літары, мы выжывем. Мы нават зэканоміць можам у ліхія часіны:

– Е?

– Е!

* * *

Ляжу пад яблынькай. Трэцяя ноч не ў ложку, а на зямлі ў садзе. Каровы варушацца ў кароўніку. Суседскі сабака брэша на купальскага дзядка.

Ёсць імавернасць дажджу. Ці што заказыча ў сне русалка. Ці яблык упадзе на галаву. Але мы, прудкаўскія хлопцы, нічога не баімся.

Канец сённяшняга эфіру. Дабранач. Гімн.

* * *

Прачнуўся, бо адчуў, што на мяне хтосьці пазірае. Расплюшчыў вочы і ўбачыў Колю Валодзі Кульгавага. А я ніяк не магу схаваць, як мне хораша было спаць. Коля бачыць, што мне шчасліва, і хоча, каб і яму было шчасліва таксама, то адразу пытаецца:

– Выпіць е?

Ці то зямля пацвярдзела. Ці то пацвярдзеў я. Але не даў яму выпіць. Узяў нож і пайшоў рэзаць гіпсакартон.

– Не дасі?

– Ну да.

– Калі нуда, ідзі пад плот.

* * *

Увечары прыйшла цётка Дуня.

– Сынок, а хто то да цябе заходзіў?

– Калі?

– Удзень.

– А то Коля Валодзі Кульгавага.

– Та пра Колю я ведаю. Апасля Колі.

– Я ж у лесе быў.

– Я ведаю, што ты ў лесе буў.

– Скуль?

– Маруся казала. Бачыла, як ты лісапедай ехаў. Ты не туды паехаў, сынок, у тым хмызняку ягад не будзе.

– Я не па ягады.

– Ай, расказвай. А што Коля хацеў? Выпіць ізноў прасіў? Ніяк не нап’ецца, алкаш! І п’е, і п’е, і п’е.

– Не, закурыць прасіў.

– От курэц! Ужэ выпіў – і курыць пайшоў. Абы-што, а не Коля. І курыць, і курыць – ніяк не накурыцца. Усю вуліцу пракурыў. І ты яму даў?

– Цётка, а чаго Маруся Зайчыкава да вас заходзіла?

– А якое табе дзела? От цікаўны які! Іш!

* * *

Паехаў я лісапедай на пошту ў Каленкавічы. Праз дваццаць кіламетраў вырашыў заскочыць да цёткі Волі. Той не было ўдому, але былі мае любімыя крышані. Пад’еў гэтых крышанёў, падумаў: не грэх і паспаць. Пакуль даехаў да пошты, яна закрылася. Вяртаюся дадому любімым хойніцкім шляхам. Наездзіў сорак пяць кіламетраў, каб проста паесці і вылежацца.

* * *

Калі ехаў на лісапедзе, пабачыў пяткі дзеда Ганушы. Ён бегае ад мяне, бо месяц таму пазычыў «да вечара» трыццаць тысяч, каб апахмяліцца пасля Тройцы.

* * *

Радзіва «Прудок». Вячэрні выпуск навінаў.

Па небе перадаюць зоркі. Быццам не ў двары спіш, а ў космасе. Я Маленькі Прынц з Ромам замест ружы. Касмічны сабака брэша. Касмічная карова варушыцца. Як учора і як мільён гадоў таму. Як тут і як усюды.

А я ўжо не стану касманаўтам.

* * *

Цётка Дуня любіць чытаць мае тэксты. То бок дачка паказала ёй некалькі ў інтэрнеце. Цяпер яна прыходзіць да мяне і кажа:

– Напісаў штоліся?

– Напісаў.

– Пра што?

– Пра Колю.

– Гэта той – Валодзін?

– Ну.

– А што пра яго можна пісаць? Ён жа п’яніца. Напішы пра Марусю Зайчыкаву – як яна трыццаць гадоў даяркай адпрацавала, як ёй грамату далі.

– Я ўжо напісаў пра Колю.

– Ну, пачытай.

Я ўключаю ноўтбук і пачынаю чытаць:

– Коля хацеў выпіць.

– Абы-што! І куды ты гэта пішаш – мо ў раённую газету?

– Паслухайце далей.

– Давай, чытай.

– Коля хацеў выпіць. Ён абмацаў кішэні, хоць і так ведаў, што ў адной ляжаў вялікі цвік, а ў другой – цыгарэты з запалкамі. Прадаўчыха каму давала ў крэдыт, а яму – ніколі.

– Яна і не дасць! Было б каму. От раскажа Галі – тая яму дасць дык дасць.

– Я чытаю далей?

– Давай.

– Коля плёўся ўздоўж агародаў, пануры і задуменны. Падумаў, што свет да яго несправядлівы. Мужык ён харошы. Гаруе-гаруе ў тым калхозе, а выпіць няма як.

– Ажнедзе гаруе! От Галя – тая гаруе. На той Галі, беднай, жывога месца няма. Давай далей, ну.

– Ля Еўчынага плота Коля спыніўся. Зімой Ева пахавала свайго чалавека. Коля на памінкі не патрапіў, прыйшоў апасля, яна яму не наліла.

– Правільна зрабіла, што не наліла. Ну, што далей?

– …Прыйшоў апасля, яна яму не наліла. «А я табе налью. Мне для цябе, Еванька, не шкада. От на табе, пі, Еванька, пі», – сказаў Коля ўголас і шчодра паліў Еўчын куст парэчак мачою.

– Абы-што! Той алкаш нашкодзіў маладзіцы пад куст, а ты ўжо і рады старацца! От нашто ты пішаш такое?

– …І шчодра паліў Еўчын куст парэчак мачою. Адчуў палёгку. Далей ісці было весялей. Але выпіць усё адно хацелася.

– І гэта так пішуць у Мінску? Як п’яніца маладзіцы пад куст пасцаў – такое сягоння пішуць?

– Пішуць, цётка, пішуць.

– Абы-што.

– Увечары Коля вяртаўся дадому тымі ж агародамі. Адзін раз ён няўдала абапёрся аб Еўчын плот і перамог яго – плот упаў на парэчкі, а Коля – на плот. Прабрала на смех, які вырываўся з рота разам са слінай.

– Нашто ты пішаш пра тое, мой ты галубок? Марусі Зайчыкавай грамату далі – пра яе напішы. Яна ж без мужа век пражыла. Хатка ў яе бы лялька. Акуратненька, чысценька, есці наварана. І сама яна – лялька. А ты пішаш пра алкаша. Хіба пра такое можна пісаць, мой ты харошы?

– Пачакайце, цётка, я не скончыў.

– Не трэба мне, не чытай. Я, баба дурная, сяджу і вушы развесіла. Ідзі свайму Колю чытай. От яму ідзі і чытай, а мне такое не чытай.

– Далей усё хораша будзе. Мо дачытаю, а?

– Ай, не знаю. Не хочу я.

– От слухайце. Яшчэ колечкі часу Коля паляжаў, памармытаў сабе нешта пад нос і захрапеў. Прачнуўся ён пад гімн з Еўчынага прыёмніка. Галава моцна гудзела. Побач заспяваў певень, яму адказалі іншыя па сяле. Коля агледзеўся. Дзе ён ляжыць, то зразумеў адразу, а як сюды патрапіў – і не спрабаваў думаць. Ужо не першы раз ён прачынаўся не дома і трохі да таго прызвычаіўся.

– Не буду слухаць. Нават не чытай.

– На ім ляжала коўдра. Відаць, Еўка пашкадавала ды накінула.

– Няма ёй чаго рабіць. Я б яму вады з калодзезя выліла на морду яго паганую.

– Коля сеў на зламаны плот, яшчэ раз агледзеўся, дастаў з кішэні цыгарэты. Закурыў. Зараз Галя вернецца з начнога дзяжурства. Трэба хутчэй дадому, каб яна не дазналася, дзе ён начаваў. Але Еўка раскажа. А мо і не раскажа.

– Раскажа. А не раскажа – я раскажу.

– Коля ўстаў. У галаве нешта стрэльнула. Асцярожна паклаў коўдру пад брылём ганка і пайшоў дадому па малаток. Па радзіва сказалі, што надвор’е будзе добрае.

– Усё?

– Усё.

– Абы-што. Больш да цябе не прыйду.

* * *

Перад дажджом мухі шалеюць. Не дажыве Наташа да Спаса. Пацярплю-пацярплю – ды размажу па сцяне.

* * *

Мой дзед казаў: «Гаспадарку весці – не яйцамі трэсці». Ён меў найлепшую ў вёсцы хату. А я гарадскі лапух, які нічога не разумее ў будаўніцтве. Усё згніе, усё абрынецца.

Вы праслухалі перадачу «Чалавек, які ведаў дзеда, заходзіў у госці».

* * *

Шурык меў намер пусціць дзедаву хату на дровы. Яна муляла вочы сельсавету, і чыноўнікі летась далі Шурыку адзін год.

* * *

Сёння я б мог піць каву на балконе ў Мінску, мне б пазваніла маці і між іншым паведаміла б, што ў Прудку болей няма дзедавага селішча. Потым тут вырасла б калгаснае жыта, і штогод на Радаўніцу мы, нашчадкі, гулялі б у гульню: тамака быў плот, тутака баба Дуся сядзела на лаўцы. Мы штогод гуляем у гэтую гульню на вотчыне маці.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю