355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Курейчик » П'емонцкi звер (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
П'емонцкi звер (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 10 октября 2016, 01:39

Текст книги "П'емонцкi звер (на белорусском языке)"


Автор книги: Андрей Курейчик


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 4 страниц)

СЯСТРА IААННА. Каму?

IЗАБЭЛА. Жафрэй хварэе. Яму трэба паехаць адсюль. Я ведаю, ты можаш вылечыць яго. Ты неяк казала, што вылечыцш. Калi ласка.

СЯСТРА IААННА. А яшчэ твая скура падобная на пялёсткi маку i паўднёвы вецер...

IЗАБЭЛА. Памажы яму! Вылечы яго! Чуеш мяне? (Вырывае руку) Чуеш?

СЯСТРА IААННА. Не!

IЗАБЭЛА. Але чаму?

СЯСТРА IААННА. Таму што не хачу! Не хачу!

IЗАБЭЛА. Калi ласка, прашу цябе...

СЯСТРА IААННА. Што мне ад тваiх просьбаў?

IЗАБЭЛА. Чаго ты хочаш? Я зраблю ўсё. Усё!

СЯСТРА IААННА. А ножку яшчэ раз пацалуеш?

IЗАБЭЛА. Пацалую, памажы яму... (Схiляецца, каб пацалаваць) Рабой тваёй буду...

СЯСТРА IААННА. Не трэба. Ды i навошта яго лячыць? Я зрабiла так, што яго ўсё роўна пакараюць смерцю.

IЗАБЭЛА. (з жахам) Што?!

СЯСТРА IААННА. (задумлiва) Заўтра зменiцца надвор'е... Вецер перастае пахнуць. Будзе навальнiца.

IЗАБЭЛА. Што ты зрабiла? (Трасе яе) Адказвай! Што? Што?

СЯСТРА IААННА. (вырываецца) Ты злая! Я думала, ты змянiлая, Я памылялася! Крывадушнiца! Я прыйшла дапамагчы табе. Я ведаю, як збегчы адсюль.

IЗАБЭЛА. Я не хачу збягаць! Скажы, што ты зрабiла!

СЯСТРА IААННА. Гэта я сказала сястры Ганорыi, што Жафрэй спакусiў цябе. Я! Я! Я! Я! Яго пакараюць! А ты дурнiца! Дурнiца! Дурнiца! Дурнiца! Я магла зрабiць цябе шчаслiвай... Ўсё з-за яго!

IЗАБЭЛА. Iаана.

СЯСТРА IААННА. Як толькi ён з'явiўся ты была толькi з iм, гаварыла толькi пра яго. Думала таксама толькi пра яго. Ты звар'яцела! Звар'яцела! А я выратавала цябе. Няўдзячная! Iзабэла, я яшчэ магу цябе выратаваць. Дазволь, дазволь мне толькi, малю цябе... Я вызвалю цябе. Мы збяжым. Я ведаю, дзе можна сзавацца. Я ўсё падрыхтавала. Там нас нiхто не знойдзе. Нiхто! Я буду клапацiцца пра цябе. Я буду цалаваць твае ногi.. Дазволь, толькi дазволь...

IЗАБЭЛА. Ты нават не ўяўляеш, што ты нарабiла.

СЯСТРА IААННА. Гэта твая аса мяне ўкусiла. Твая! (Выбягае).

IЗАБЭЛА. Ты проста не ўяўляеш, што ты нарабiла...

Зацямненне.

АКТ 3

Сцэна 26

(Заходзiць Мацi-Iгумення).

IЗАБЭЛА. Хто гэта?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Я.

IЗАБЭЛА. Колькi я ўжо тут?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Чацвёрты тыдзень пайшоў.

IЗАБЭЛА. Так мала? Я думала амаль год. Час так павольна iдзе тут, без святла. Дзень i ноч – адное i тое ж. I пацукi. Часам мне здаецца, што iх так шмат, што яны поўзаюць па сценах i нават па столi. Калi сплю, я адчуваю iх халодныя, мокрыя лапкi ў сябе на шыi. Ведаеш, усё ж такi гэта лепей, чым калi зусiм нiкога няма. Бог жа да мяне не прыхадзiць...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ён заўсёды побач з намi.

IЗАБЭЛА. Не... Побач са мною яму няма чаго рабiць. З мяне даволi i пацукоў Дык навошта вы прыйшлi?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Сёння прыйшлi весткi з П'емонта. Твой бацька забiты.

IЗАБЭЛА. Забiты?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Яго знайшлi ў сваiх пакоях з кiнжалам у грудзях. Забойца закалоў яго ў сне.

IЗАБЭЛА. Божа... Ён так хацеў памерцi ў бiтве... Я ж ведала, што так будзе. Даўно ведала. Чаму цяпер гэтая вестка так палохае мяне?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Гэтая смерць багата што выклiча. Наблiжаюцца смутныя часы.

IЗАБЭЛА. Вось чаму вы мяне не спалiлi адразу?

МАЦI-IГУМЕННЯ. П'емонцкi клан застаўся без важака. Герцаг святкуе перамогу. Але гэтае святкаванне часовае. Ён сам гэта адчувае. Ёе слабы. у адкрытай вайне яму не выстаяць. Калi новага важака падтрымаюць англiйскiя бароны, ён прайграў. А смерць твайго бацькi толькi адкладвае развязку.

IЗАБЭЛА. Вось чаму вы не аддаеце мяне на суд?

МАЦI-IГУМЕННЯ. I таму таксама.

IЗАБЭЛА. Хочаце пагандляваць мною?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Проста я яшчэ не ведаю, не ведаю. як правiльна зрабiць.

IЗАБЭЛА. Я хачу запытацца ў вас аб нечым. Я ведаю, гэта неправiльна. Гэта грэх. Гэта толькi пагоршыць маё становiчша, але...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Жафрэй памёр.

IЗАБЭЛА. Што?!

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ён памёр. Ты аб гэтым хацела мяне запытаць?

IЗАБЭЛА. (уражаная) Як...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ён памёр ад ран два тыднi таму. Сястра Iаана спрабавала выратаваць яго, але яе травы не дапамаглi. Ён памёр.

IЗАБЭЛА. Жафрэй...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Бог пакараў яго за грэх.

IЗАБЭЛА. Бог? (у раз'юшанасцi) Бог?! Ты нiчога не разумееш! Iаана... Як яна магла? Ён жа быў зусiм безабаронны... Зусiм... (Мацi-Iгумення рэзка разварочваецца i выходзiць). Божа... За што?..

Сцэна 27

(З цемры з'яўляецца Урбена. Здаецца, яна ўвесь час была тут).

УРБЕНА. Ты плачаш...

IЗАБЭЛА. Ён быў зусiм безабаронны...

УРБЕНА. Я цябе папярэджвала. Памятаеш гiсторыю пра рыцара i д'ябла?

IЗАБЭЛА. Не хапае толькi канца, так?

УРБЕНА. Ты хочаш памерцi?

IЗАБЭЛА. (у лютасцi) Так, я хачу памерцi! Так, яхачу памерцi! Хачу памерцi! Зразумела? Нашто мне такое жыццё? Пляваць я хацела на такое жыццё! Я хачу памерцi!

УРБЕНА. Ты ж думала пра тое, каб пазбавiць сябе жыцця?

IЗАБЭЛА. Так.

УРБЕНА. Ты ўжо нават вырашыла.

IЗАБЭЛА. Я сама ведаю, што вырашыла.

УРБЕНА. Ты ж не спынiшся на гэтым, праўда?

IЗАБЭЛА. Мне няма сэнсу спыняцца.

УРБЕНА. Я прыйшла дапамагчы табе. (Бярэ кубак i нешта туды налiвае). Гэтую атруту зрабiла Iаана. Ён з таго кораня, што i адвар, якi забiў твайго рыцара. Але ты памрэш хутка i не будзеш моцна пакутаваць. На, пi... (Падае ёй кубак).

IЗАБЭЛА. Так. Гэта добра... (Прымае i ўжо амаль п'е, але Урбена спыняе яе).

УРБЕНА. Толькi спачатку запытай сябе: ЦI ВЕРЫШ ТЫ, ШТО ТЫ МОЖАШ ПАМЕРЦI?

IЗАБЭЛА. (апуска кубак) Не магу. (Цiха) Я... Я хачу жыць.

УРБЕНА. Тут ты была зламана i знайшла пакорлiвасць. Праз пакорлiвасць та прыйшла да Бога. Затым каханне прайшло да цябе i ты страцiла i пакорлiвасць, i Бога. Цяпер ты страцiла i каханне. Твой рыцар забiты. Твой бацька забiты. Ты сама стала забойцай манашкi. Усе надзеi разбiтыя... У цябе нiчога не засталося. Ты знiшчана. Ты скрозь гнайнiк. Ты мой твар. Дык цi не лепей для цябе памерцi?

IЗАБЭЛА. (цвёрда) Я хачу жыць.

УРБЕНА. Так?

IЗАБЭЛА. Мне плеваць як! Жыццё мяне не пашкадавала. I цяпер мне таксама будзе ўсё роўна. Я буду жыць так, як атрымаецца. I нiкому не параю стаць на маiм шляху! (З размаху кiдае кубак) Калi б была магчымасць, пазабiвала бы ўсiх. Усiх! Без рабору! Усiх! Усiх ненавiджу! (Моцна крычыць). Уiсх вас ненавiджу!

УРБЕНА. (Паўза): Галоўнае – ты будзеш жыць. (Iдзе да выхаду).

IЗАБЭЛА. Дык хто ты?

УРБЕНА. Я... Якая рознiца...

(Выходзiць).

Сцэна 28

(Заходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда, сястра Ганна i сястра Марыя).

СЯСТРА БЕРНАРДА. Што адбываецца? Што адбываецца? З часоў заснавання Невельскага манастыра не было такога. Быццам праклён якi...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. А я вам кажу, гэта ўсё праз яе... З тае пары, як гэтая Iзабэла пераступiла парог нашай святынi, усё i пачалося. Цёмныя сiлы яе вядуць праўду вам кажу, яна прывяла з сабою д'ябла.

СЯСТРА ГАННА. Зберажы, Божа...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Вось, вось... I хiба гэта канец?

СЯСТРА МАРЫЯ. Два забойствы. I абодва разы манашкамi. Такога свет яшчэ не ведаў.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Без Д'ябла тут не абыйшлося. Гэта ўжо так...

СЯСТРА ГАННА. А можа, сястра Iаана не...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. (перапыняе) Забiла, забiла. Цяпер дакладна вядома. Мацi-iгумення правяла падрабязнае расследаванне. Сястра Iаана прамывала ягоныя раны сокам аканiту i цыкуты. Пэўна, ён так пакутаваў.

СЯСТРА МАРЫЯ. Божа, ды навошта яна гэта рабiла?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Зразумела навошта. Апантаная.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Праўда, праўда... Нiколi ёй не давярала. З выгляду цiхiя, непрыкметная, песнi спявае, дзiўныя рэчы распавядае. Але я даўно чакала, што яназробiць штосьцi падобнае. I вось – наце вам, дачакалiся!

СЯСТРА МАРЫЯ. Нядобрая слава панясецца цяпер пра Невельскi манастыр.

СЯСТРА ГАННА. Так, хрысцiянскi свет скалынецца ад такога... Кажуць, што ўжо да самога Папы дайшло.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Хлусня. Не малго яшчэ дайсцi, не магло. Ды i хто паведамiць?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Трэба ж, далi прытулак па дабрынi сардэчнай звераняцi i апантанай – вось i паплацiлiся!

СЯСТРА МАРЫЯ. Пашкадаваць iх трэба.

СЯСТРА ГАННА. Правiльна, сястра Марыя. Пашкадаваць. Богу памалiцца, Ён i дапаможа.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Так, дапамога нам яшчэ спатрэбiцца

СЯСТРА ГАННА. Нешта яшчэ здарылася?

СЯСТРА БЕРНАРДА. А вы не чулi?

СЯСТРА МАРЫЯ. Пра што вы?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Гэта тайна. Увесь манастыр ужо ведае. Сюды едзе герцаг Нармандскi.

СЯСТРА ГАННА. Герцаг? Сам?

СЯСТРА БЕРНАРДА. З iм восемсот рыцараў. Пасля смерцi правадыра П'емонцкага клана толькi Iзабэла можа яму перашкодзiць. Ён едзе па яе. Прадстаўнiкi клана таксама накiроўваюцца сюды.

СЯСТРА МАРЫЯ. Якi жах! Адусюль напасцi. Што ж нам рабiць?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Герцаг адважыцца на ўсё, каб здабыць яе. Можаце не сумнявацца...

СЯСТРА БЕРНАРДА. З iм яшчэ i бiскуп Альберт сюды едзе.

СЯСТРА ГАННА. Навошта?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Каб судзiць сястру Iаану. Жафрэй быў яго васалам.

СЯСТРА МАРЫЯ. Ах... Колькi гора, колькi напасцяў... I ў каго нам прасiць абароны?

СЯСТРА ГАННА. Толькi ў Бога i святой Дзевы Марыi. Няма ў нас iншых абаронцаў...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Шкада, аднак, сястру Iзабэлу. Яе выдадуць.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Зверанё трапiць ў лапы звера.

СЯСТРА МАРЫЯ. Мы нiчога не можам зрабiць дзеля яе. Толькi малiцца.

Усе: Аман.

(Выходзяць).

Сцэна 29

(Заходзяць Мацi-Iгумення i бiскуп Альберт).

МАЦI-IГУМЕННЯ. Я слухаю вас, бiскуп. Толькi гаварыце коратка i ясна, без вашых высакапарных словаў. Дзеля чаго прыехалi?

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Калi ласка. Па-першае, я прыехаў, каб расследаваць забойства майго рыцара i знайсцi вiнаватага, каб аддаць яго пад суд. I хоць забойства здзейснiла манашка, над якой толькi вы...

МАЦI-IГУМЕННЯ. (перабiвае) Я выдам вам яе. Задаволены? Рабiце з ёй усё, што знойдзеце патрэбным.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Я буду судзiць яе.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Гэта вашае права. Што яшчэ?

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Тэма вельмi далiкатная... Ну, вы мяне разумееце. Неабходна ўзяць пад увагу ўсе абставiны, што склалiся. Суадносiны сiл зараз такiя...

МАЦI-IГУМЕННЯ. (груба) Хопiць! Гаварыце без хiтрыкаў!

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Як вам будзе заўгодна. Бацька Iзабэлы забiты. Герцаг не ўтойвае, што гэта зрабiлi па яго загаду. Зараз пераломны момант супрацьстаяння. Бароны ў нерашучасцi. Усё залежыць ад таго, хто стане новым правадыром П'емонцкай клiкi. Гэты момант i вырашыць будучае Нармандскага герцагства i П'емонта.

МАЦI-IГУМЕННЯ. I што?

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Герцаг не хоча даводзiць справу да вайны. Ён хоча знайсцi паразуменне.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Паразумення?

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Ён прапаноўвае мiр.

МАЦI-IГУМЕННЯ. З гэтай мэтай ён раз'язджае па Невельскiх землях з атрадам у восемсот чалавек? Цiкавы спосаб. Ну-ну, працягвайце.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Вашая iронiя не да месца. Вядома колькi магутных правiцеляў жадаюць смерцi герцага.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Вядома, вядома, восемсот рыцараў якраз дастаткова, каб абаранiць герцага ад сялян Невельскага лесу, якiя, помнiцца, так неабачлiва адважылiся напасць а на вашую асобу.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Герцаг прыехаў сюды, каб паўтарыць сваю прапанову, якую так непрадбачлiва адхiлiў бацька Iзабэлы.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ён не можа рабiць ёй анiякiх прапаноў. Яна манашка.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Стправа вельмi важная.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Няма справы больш важнай, чым служэнне Госпаду.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Вам лепей падумаць.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Пра што? Я паўтараю, яна манашка.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Гэта можна ўладзiць. Папа зацвердзiць...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Тут я рашаю, што зацвярджаць, а што не. Манастыр – мая юрысдыкцыя..

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Бясспрэчна. Менавiта таму я i прыйшоў пагаварыць. Пагаварыць напрамую

МАЦI-IГУМЕННЯ. Добра, я слухаю.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Выдайце яму Iзабэлу. Здымiце з сябе гэты цяжар. Нашто яна вам? Ад яе ж толькi праблемы i непрыемнасцi. Калi вы выдадзiце яе, вы ўсталюеце мiр.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Вы ж ведаеце, што варт ёй выйсцi за сцены манастыра, яе заб'юць.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Герцаг паабяцаў ёй жыццё.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Я ведаю цану ягоных абяцанняў.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Але вас не павiнна цiкавiць, што будзе з ёю потым. Гэта ўжо не ваш клопат.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Мой, бiскуп, мой.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Не разумею, не разумею. Не можаце ж вы праз яе, забойцу i пралюбадзейку, якая i так павiнна быць пакарана за свае злачынствы, ставiць пад небяспеку Хрыстову апору на гэтых землях.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Не вам мне ўказваць

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Вы разумееце, чым пагражае вашае самадурства? Чым можа скончыцца вашая адмова?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Я разумею адно. Яна ўсё яшчэ манашка Невельскага манастыра. Яна налэжыць не мне, не вам, не герцагу, але Богу. Яе не iснуе для свету. Так i скажыце герцагу. Невельскi манастыр абараняе веру кожнай, кожнай сваёй прабывальнiцы. Яны ўсе для мяне роўныя, усiх люблю. Усiх – як адну. Так i скажыце.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Але ён не адступiцца.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Горды? (Ганарлiвы?) Хоча яе? Дык няхай спачатку заб'е ўсiх нас, калт адважыцца. Але гэта будзе не так лёгка. Я абяцаю. Спустошыць (Разбурыць) Невельскую святыню – значыць пайсцi супраць усёй Царквы Хрыстовай. Усёй! Няхай падумае, як мае быць падумае, што гэта значыць. Калi Царква будзе на баку яго ворагаў – яму канец! Дык няхай, няхай паспрабуе ўзяць яе.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Гэта ваша каначатковае слова?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Я яе не выдам.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Нi пры якiх умовах?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Размова скончаная, бiскуп. Заўтра прыходзьце судзiць Iаану.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Прыйду... А вы ўпартая (свавольная), Мацi-Iгумення.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Затое вы занадта падатлiвы, бiскуп.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Спадзяюся, вам не давядзецца потым шкадаваць...

(Бiскуп выходзiць. З'яўляецца Урбена).

Сцэна 30

МАЦI-IГУМЕННЯ. Я правiльна зрабiла?

УРБЕНА. Так.

(Выходзяць).

Сцэна 31

(Заходзiць сястра Марыя. Яе чакае Фiлiп).

ФIЛIП. (Выступае з цемры) Будзь са мною...

СЯСТРА МАРЫЯ. Не хадзi больш за сною. Грэх смяратны... Пакайся, пакуль не позна, Фiлiп. Ты яшчэ можаш уратавацца...

ФIЛIП. Не трэба ўгаворыў. Ты ўратуй мяне.

СЯСТРА МАРЫЯ. Прыгадай, каму служыш, – Ён дапаможа...

ФIЛIП. Не магу без цябе. Кахаю цябе. Праз каханне кожны ўратуецца.

СЯСТРА МАРЫЯ. Я нiколi не змагу быць з табою, Фiлiп. Няўжо ты гэтага яшчэ не зразумеў?

ФIЛIП. Значыць, не?

СЯСТРА МАРЫЯ. Не.

ФIЛIП. Я зараз пайду. Пайду з манастыра. Толькi ты не думай, я хутка вярнуся. Хутка тут будзе герцаг нармандскi. Ён прйдзе па Звера. Тады я зноў прыйду па цябе. Чуеш мяне? Я вярнуся, каб не прасiць, а патрабаваць

СЯСТРА МАРЫЯ. Ты яшчэ зусiм хлопчык... Мне шкада цябе, шкада, што ты так заблытаўся. Слабы яшчэ...

ФIЛIП. (Упарта) Я вярнуся.

СЯСТРА МАРЫЯ. Вяртайся.

ФIЛIП. Ты хiба не разумееш, што з табою будзе?

СЯСТРА МАРЫЯ. Я ведаю.

ФIЛIП. Ты не баiшся?!

СЯСТРА МАРЫЯ. Не? Чаму? Са мной жа Гасподзь. Я за цябе малiцца буду. Абдумайся... (Фiлiп хутка выходзiць. Яму наўздагон шэптам). Памажы яму, Божа...

Сцэна 32

(Пачынаецца суд над Iаанай. Выходзяць усе манашкi. Затым бiскуп i Мацi-Iгумення. Прыводзяць Iзабэлу).

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Царква Хрыстовая ёсць слова i воля Ягоныя на зямлi. Улада Царквы ёсць улада Бога Нашага Iсуса Хрыста, якi пацярпеў за людзей на крыжы i ўзнёсся на Нябёсы, каб, калi надыдзе час, вярнуцца зноў i чынiць суд над кожным. Пакуль жа Царква – перст Божы на зямлi i чынiць суд (з) iмем Ягоным над усякiм : над высакародным i простым чалавекам, iмператарам i рабом. Сёння я, уладаю Бога Нашага, бiскуп Альберт выклiкаю на суд манашку Невельскага манастыра Iаану. Увядзiце падсудную.

(Уводзяць Iаану. Яна ў адной кашулi, басанож).

СЯСТРА IААННА. (Напявае):

Птушкi боскiя лятаюць

I шчабечуць, i ляпечуць.

Залацiстымi крыламi

Б'юцца з чорнымi арламi.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Яна зусiм звар'яцелая...

СЯСТРА ГАННА. Няшчасная. Розум пакiнуў яе.

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Бог пакiнуў яе!

СЯСТРА IААННА. Бог любiць дудачкi. Не чытайце Яму малiтваў. Малiтвы словы. Не рабiце яму пастоў. Пасты – гардыня. Не ўтаймоўвайце дзеля яго сваю плоць. Плоць – марнасць. Грайце яму на дудачцы, на чарацiне. Толькi грайце радасна, Ён любiць, калi радасна... Ён любiць танцы.... (Танцуе). Ну чаму ж вы не танцуеце? Бог любiць, калi яму танцуюць. Танцуюць i спяваюць. (Спявае).

Птушкi боскiя б'юцца храбра:

Крылы з золата, дзюбы цвёрдыя,

Вырываюць сэрцы гордыя,

Кроў хлябтаюць, быццам воду п'юць...

СЯСТРА МАРЫЯ. Спынiце яе. Гэта невыносна! Матушка... (Мацi-Iгумення маўчыць).

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Сястра Iаана, адкажы шчыра, як будзеш адказваць перад Богам Нашым, цi забiла ты траўнымi зёлкамi або вядзьмарскiм чараўнiцтвам высакароднага рыцара, якi пацярпеў за веру, сiра Жафрэя Гi, графа Дзюмалон?

СЯСТРА IААННА. Дайце чалавеку кветачку, а можа, ён Гасподзь. Вы дадзiце кветачку, ён усмiхнецца. Гасподзь усмiхнецца: i стане неба золатам, вада срэбрам, лiстце – малахiтам, зямля – сурмою. Людзi стануць анёламi i паляцяць ва ўсе бакi, як райскiя птушкi... Паляцяь i ўбачаць зверху, што зло малае, а дабро вялiкае. I палюбяць божаньку. Дайце чалавеку кветачку...

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Якiя травы ты дала параненаму рыцару Жафрэю Гi?

СЯСТРА ГАННА. Яна нiчога не разумее. Нашто яе пытацца?

СЯСТРА IААННА. А раптам я ведаю адказ? Я яму травак не давала. Я яго дала травкам. Ён лёг у зямельку i стаў ён улоннем жыватворным для ўсялякага насення, i з яго праратуць верас духмяны i казялец, i макi, i цэлы луг, i цэлы лес... Дзеля таго, каб стварэннi божыя ласкай боскаю ўзрадавалiся...

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Гэта дарэмна. Яна не хочы адказваць.

СЯСТРА IААННА. Адказваць? А навошта? Хiба ёсць справядлiвасць на гэтай зямлi? Калi самы блiзкi чалавек табе здраджвае, а ты яму, а ён зноў табе? Цi ёсць дабро? Не! Не! Не! Што, радуецеся? Па мордах бачу, радуецеся! Толькi вы рана радуецеся! Рана! Бо драконавы зубы сееце. Я ведаю таямнiцу. Чуеце мяне? Я ведаю таямнiцу! I сказаў мне ЁН!

СЯСТРА МАРЫЯ. Гасподзь?

СЯСТРА IААННА. Д'ябал! Д'ябал! Сатана! Вельзевул! Люцыфер! Ён тут, чуеце мяне? Тут! З намi, сярод вас. Вы самi вырасцiлi яго ў вашых каменных сэрцах. Як скарлупаю абаранiлi iмi зародкi зла. Але ўзмацнеў Сатана. I валадарства ягонае блiзка!

СЯСТРА ВЕНТУРЫЯ. Яна апантаная...

СЯСТРА IААННА. Маўчаць! Бо кожнае слова ваша – змяя. I распаўзаюцца яны па зямлi. I джаляць, i пажыраюць адзiн аднаго, i пладзяць новых гадоў, а тыя новых... I пакрыюць яны зямлю, ад пекла да неба! А вы ўсё вырыгваеце змеяў, жабаў, каб была пажыва чортам!

СЯСТРА БЕРНАРДА. Божа, уратуй...

СЯСТРА IААННА. Не ўратуе! Наблiжаецца Армагедон. Бо зло авалодала зямлёй. Праўда – здохла. Труп яе вы штурхаеце нагамi. Няма людзей на зямлi. Зверы, звяругi пазапаўзалi ў чалавечую скуру, гавораць чалавечыю моваю, суюць члены свае ў жанчын, каб тыя нараджалi iм ў слiзi i крывi новых пачвар. I маўчыць Гасподзь! Слёзы ягоныя горкiя як палын. Але вы не адчуваеце смаку. У вас у роце кроў i жабы. Жарыце iх! Жарыце! Душыце iх зубамi, каб адчуць кiшкi iх на языку! Але радуецца Сатана! Служыце яму! Малiцеся яму! Пасцiцеся! Прымайце прычасце! Абдзiрайце каменныя сэрцы вашыя. (Пераможна смяецца). Таму што хутка канец!

IЗАБЭЛА. Iаана, Iаана...

СЯСТРА IААННА. Хто клiча мяне анёльскiм голасам?

IЗАБЭЛА. Гэта я, Iзабэла. Iзабэла. Ты пазнаеш мяне?

СЯСТРА IААННА. Iзабэла.

IЗАБЭЛА. Хадзi сюды. (Бярэ яе рукi з свае). Супакойся. Супакойся.

СЯСТРА IААННА. Вакол мяне скрозь чэрцi. Яны хочуць спалiць мяне.

IЗАБЭЛА. Забудзь пра iх. Ты хворая...

СЯСТРА IААННА. Мне страшна... Я не чую песень кветак. Iх хтосьцi вытаптаў. Паглядзi. (Кленчыць i цалуе каменную падлогу). Паглядзi, зусiм няма травы... пустэча. Халодны камень... Усё памерла.

IЗАБЭЛА. Гэта тут. Але ты ж мне распавядала пра краiну, дзе заўсёды растуць цудоўныя кветкi...

СЯСТРА IААННА. Пра краiну Рэз?

IЗАБЭЛА. Так, пра краiну Рэз... Там луга i далiны Госпада, там кветкi i святло круглы год...

СЯСТРА IААННА. Там туберозы...

IЗАБЭЛА. Так, там туберозы...

СЯСТРА IААННА. I ходзiць Гаподзь?

IЗАБЭЛА. I ходзiць Гасподзь.

СЯСТРА IААННА. Я вельмi люблю краiну Рэз. Скажы, толькi не хлусi мне, я буду там?

IЗАБЭЛА. Так.

СЯСТРА IААННА. А ты?

IЗАБЭЛА. I я... Я таксама буду там.

СЯСТРА IААННА. Будзеш?

IЗАБЭЛА. Абавязкова буду. Ты мяне чакай.

СЯСТРА IААННА. Я буду цябе чакаць. Я спляту табе вянок.

IЗАБЭЛА. Добра...

СЯСТРА IААННА. Мы будзем гуляць з табою. I Гасподзь будзе гуляць з намi...

МАЦI-IГУМЕННЯ. (Бiскупу) Вашае рашэнне?

БIСКУП АЛЬБЕРТ. Яна апантаная. На агонь! (Iаану хапаюць i цягнуць прэч).

СЯСТРА IААННА. (крычыць) Ты абяцаеш, што будзеш там?

IЗАБЭЛА. Абяцаю! Чакай мяне!

(Усе выходзяць акрамя Мацi-Iгуменнi i Iзабэлы).

Сцэна 33

IЗАБЭЛА. Навошта гэта ўсё было?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Так хацеў бiскуп.

IЗАБЭЛА. Даўно яна такая?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Усё жыццё.

IЗАБЭЛА. Яе спаляць?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Так.

IЗАБЭЛА. Вы нiчога не зробiце, каб уратаваць яе?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Не.

IЗАБЭЛА. Яна зусiм, зусiм безабаронная. Яна ад любвi яго забiла, ад любвi да мяне.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Цяпер гэта неважна. Яе сёння спаляць

IЗАБЭЛА. А мяне?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Цябе?

IЗАБЭЛА. Калi мяне спаляць?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Пад сцянамi манастыра стаiць войска герцага Нармандскага. Ён патрабуе, каб я выдала цябе.

IЗАБЭЛА. Дык вось чаму я яшчэ жывая. Гэта гандаль. Ну як, пашчасцiла пагандляваць?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Пашчасцiла.

IЗАБЭЛА. I колькi я каштую?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Дорага.

IЗАБЭЛА. Выдатна! Ты прадбачлiва паступiла, калi прыняла мяне ў манастыр. Пад тваёю ўладаю зусiм задарам апынулася Iзабэла з П'емонта. Грэх гэта не скарыстаць. А заадно i пазабаўляцца. Усе гэтыя жарты з пакорлiвкасцю, мыццём падлогi. Параненага мне падсунула. Ты дрэсiравала мяне як сабаку. Толькi сталася так, што воўка выдрэсiраваць нельга. I вось цяпер, ты цягнула да апошняга, каб пазбавiцца ад мяне як мага выгадней. Выдатна! Невельскi манастыр будзе толькi квiтнець пад такiм кiраваннем. Дык калi ты мяне выдаш?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Я магу цябе выдаць.

IЗАБЭЛА. Дык вось i выпадак. Што ты марудзiш? Клянуся, герцаг не забудзе такога падарунка. Ты аддала Iаану бiскупу, мяне – герцагу. Ад абодвех злачанак пазбавiлася, а сама быццам чыстая перад Богам засталася. Добрая здзелка з сумленнем.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты скончыла?

IЗАБЭЛА. Так.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Я адмовiла герцагу.

IЗАБЭЛА. Адмовiла?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты паедзеш з манастыра сёння ж. Васалы твайго бацькi чакаюць цябе. Яны даставяць цябе ў П'емонт.

IЗАБЭЛА. Ты адпускаеш мяне?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Так.

IЗАБЭЛА. Чаму?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты не манашка. I нiколi не была ёю. Ты не змагла пакiнуць свет, свет прыйшоў з табою. Я не магу судзiць цябе. Я не магу судзiць свет, бо такiм яго стварыў Гасподзь. Нiхто не вiнаваты. Але ты паедзеш...

IЗАБЭЛА. А герцаг...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Герцаг. Герцаг проста не ўяўляе сабе, што яго чакае. Ты ўзначалiш П'емонцкi клан, аб'яднаеш баронаў. Ты заб'еш яго.

IЗАБЭЛА. Альбо ён заб'е мяне...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Не, Iзабэла. Я бачу агонь у тваiх вачах. Ты заб'еш яго. Ты будзеш магутнай, Iзабэла. Ты зноў закладзеш Невельскi манастыр.

IЗАБЭЛА. Што?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Заўтра герцаг пачне штурм.

IЗАБЭЛА. Але...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ён прыехеў па цябе. Ты ягонае выратаванне або пагiбель. Ён не паедзе без цябе. Заўтра ён пачне штурм.

IЗАБЭЛА. Навошта ты iдзеш на гэта?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Не дзеля цябе.

IЗАБЭЛА. Навошта? Ён жа заб'е ўсiх, усiх. Каб не засталося нiводнага сведкi ягонага злачынства.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты думаеш, я баюся смерцi?

IЗАБЭЛА. Ты – не. А астатнiя? Пра iх ты падумала? Iх жа ўсiх пусцяць пад нож.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты не зразумела. Манастыр пракляты, апаганены.

IЗАБЭЛА. Але я...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Ты толькi сродак. Я памылiлася, калi прыняла цябе. Хоць, пэўна,ўсё роўна б не адмовiла, нават, калi б ведала, да чаго гэта прывядзе. Праз цябе мы страцiлi святасць, мы страцiлi дух, якi гэтыя сцены захоўвалi чатырыста гадоў. У манастыры пасялiўся грэх. Значыць манастыру канец. Мы абавязаны загладзiць вiну сваёй крывёю. Усе... Пакорлiвасць i лагоднасць. Не рабi зла, але прымай. Прымай як пакаранне Бажае за грахi. Пакорлiвасць перад злом, гордасцю, жорсткасцю... Лагоднасць... Ягняты, якiх вядуць на пагiбель.. Хiба не пра гэта казаў Хрыстос? Хiба не праз гэта мы здабываем збавенне i веру. Я не магла выдаць цябе. Але ўсе мы, калi захоча Гасподзь, усе мы, хто верай i праўдай служылi яму, прымем смерць пакорлiва, з радасцю i надзеяй...

IЗАБЭЛА. А Iаана? Чаму ты аддала Iаану?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Я не аддала Iаану. Яна проста iдзе раней за нас.

IЗАБЭЛА. Дык што, я больш цябе не ўбачу?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Не ведаю. Але помнi пра сваё абяцанне. На месцы гэтага манастыра ты пабудуеш новы.

IЗАБЭЛА. Я клянуся, не ведаю, цi ёсць у мяне штосьцi святое, але я клянуся, што вярнуся сюды. Вярнуся з войскам. Вам трэба толькi пратрымацца.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Iдзi i памятай пра сваё абацянне.

IЗАБЭЛА. Не забуду, матушка. (Кленчыць i цалуе ёй руку). Дзякуй вам, мне здаецца, я зразумела...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Iдзi, развiтайся з сёстрамi.

IЗАБЭЛА. Сцеражы вас, Бог. (Заходзiць сястра Марыя).

СЯСТРА МАРЫЯ. Матушка, сястра Урбена памiрае. Яна клiча вас.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Iду...

(Мацi-Iгумення i сястра Марыя выходзяць).

Сцэна 34

(Забягаюць Жан, Брумсхальд i Рабер).

IЗАБЭЛА. Жан! Брумсхальд! Рабер! Божа, як я рада вас бачыць1

ЖАН. Iзабэла!

IЗАБЭЛА. Што, я спадзяюся, сумавалi па сваёй панi!

РАБЕР. Ды я зараз хiба толькi не лятаю ад радасцi.

БУМС АЛЬД. Дзе табе лятаць, качар!

РАБЕР. Маўчы, нармандскi мядзведзь! Захачу i палячу! Разганюся i палячу!

БУМС АЛЬД. Ён п'яны.

IЗАБЭЛА. А пуза, я бачу, выгадаваў на п'емонцкiх парсючках. А?

РАБЕР. А што нам без цябе было рабiць? Толькi жэрцi! (Рагоча).

ЖАН. Iзабэла, як ты дзiўна выглядаеш у манаскiм адзеннi.

БУМСХАЛЬД. Роўна багамолка! Ха-ха...

ЖАН. Можа, нам трэба звяртацца да цябе "сястра Iзабэла"?

IЗАБЭЛА. Усё! З манаствам скончана! Да д'ябла! Iзабэле з П'монта не быць манашкаю.

БУМСХАЛЬД. Значыцца, недарэмна я захоўваў твой меч?

IЗАБЭЛА. Дзе ён?

БУМСХАЛЬД. Трымай (Кiдае ёй меч). Больш чым уласнае жыццё зберагаў.

IЗАБЭЛА. Тваё жыццё не вартае i пядзi гэтага мяча. (Гледзячы на меч). Ах, як я сумавала па табе. Як сумавала па гэтым цяжары ў руцэ. (Гуляе iм). Ён усё яшчэ такi ж востры! (Спрабуе на язык). I ў яго ўсё яшчэ смак крывi. Няма нiчога лпшага за смак сталi i крывi. Што, засумаваў? Заляжаўся? Хутка, хутка я напаю цябе...Напаю цябе крывёю! (Васалам) Што, стаiцё, як слупы, дакладвайце!

БУМСХАЛЬД. Давай, Жан. Ты гэта ўмееш...

ЖАН. У Невельскiм лесе цябе чакае атрад. Сорак рыцараў твайго бацькi. Яны даставяць цябе ў П'емонт. Там стаiць яшчэ тысяча. Яны ўсе чакаюць цябе.

IЗАБЭЛА. А бароны?

РАБЕР. Тфу, сабакi.

БУМСХАЛЬД. Яны спалохалiся. Смерць твайго бацькi...

IЗАБЭЛА. Пляваць! Збярыце iх. Я думаю, я змагу iх пераканаць.

РАБЕР. Слухай, змрочная мясцiна. Як ты тут жыла? Тут, пэўна, i папаляваць нармальна нельга?

IЗАБЭЛА. Да д'ябла паляванне! А зрэшты – не. Паляванне яшчэ наперадзе! Нам трэба загнаць вяпрука. Нармандскi герцаг – знатная здабыча, а?

БУМСХАЛЬД. Паляванне будзе як мае быць!

РАБЕР. Добра будзе засадзiць яму восцi ў карак...

IЗАБЭЛА. Не! Герцаг мой! Я сама перарэжу яму горла. Чулi? (Хапае меч i надразае сабе руку). Прысягаю гэтай крывёю, што не спынюся, пакуль не заб'ю ўсiх, усiх да адзiнага ягоных шакалаў. (Зрывае з сябе белую манаскую тканiну, выцiрае меч i сваю руку). Вось цяпер наш сцяг! Трымайце! Пад iм мы пойдзем на Нармандыю. Чулi?

ВАСАЛЫ. Так!

IЗАБЭЛА. Я сама заб'ю яго!

ВАСАЛЫ. (крычаць) Слава Iзабэле з П'емонта!

IЗАБЭЛА. Д'ябал! Хачу вiна!

РАБЕР. Вось гэта справа! Вось гэта я разумею. (Падае ёй бурдзюк з вiном. Iзабэла п'е).

ЖАН. Ды яна зараз захлынецца!

РАБЕР. Ды хутчэй я палячу, чым яна...

БУМСХАЛЬД. Цяпер мы iм усiм пакажам!

ЖАН. Кроў залье Нармандыю, гэта праўда.

РАБЕР. Першую кроў мы ўжо пусцiлi.

IЗАБЭЛА. Добра! (П'е яшчэ.) П'емонцкае вiно. Што можа быць лепей для П'емонцкай крывi? Каго вы ўжо зарэзалi?

РАБЕР. Мне таксама вiна!

БУМСХАЛЬД. Тут шпiёна герцагскага... Злавiлi ўчора. Па сцежцы прабiраўся. Спачатку прызнавацца не хацеў.

РАБЕР. Не-а. Не ха-цеў. Плакаў усё, прасiў...

ЖАН. Затым Рабер пакалупаў ножыкам яго прыгажэнькi тварык – i той загаварыў.

РАБЕР. Яшчэ як загаварыў. Заспяваў. (Рагоча). Маладзенькi яшчэ такi.

БУМСХАЛЬД. Як выявiлася, ён сакратар бiскупа. Уяўляеш? Казаў, ён у вас тут у манастыры абiваўся, а потым вырашыў вярнуцца да герцага.

ЖАН. Цяпер яму будзе цяжкавата гэта зрабiць.

IЗАБЭЛА. Я памятаю яго. Я... Што вы з iм зрабiлi?

РАБЕР. А што мы робiм са шпiёнамi герцага? Распаролi жывот i пакiнулi крумкачам.

IЗАБЭЛА. (Цiха) Ён зусiм маладзенькi быў.

РАБЕР. Ну i д'ябал з iм. Звярам на ежу пойдзе. Выпi лепш вiна! (Яна доўга п'е).

IЗАБЭЛА. (раптам раз'юшана) Ну i д'ябал з iм! Д'ябал з iмi з ўсiмi, з вырадкамi! Дык вы радыя мяне бачыць?

ВАСАЛЫ. (крычаць) Радыя! Слава П'емонцкаму клану!

IЗАБЭЛА. Звяр'ё! Хачу танцаваць! Музыку! Ну!

БУМСХАЛЬД. Тут? Можа, пачакаеш...

IЗАБЭЛА. Сцiхнi! Тут! Зараз жа! Я тьысячу гадоў не танцавала. У гэтай труне! Танцаваць усiм! Чуеце мяне? Усiм! (Усе танцуюць). Танцуйце! Танцуйце! Весялiце вашую панi! Весялей! Морды весялейшыя! Д'ябал, як я люблю вашы морды! (Раптам спыняецца). Усё. Хопiць. Iдзiце, запрагайце каней. Мы яшчэ павесялiмся. Дома... Я хутка прыйду.

РАБЕР. Што?

IЗАБЭЛА. Я хутка прыйду. Мне трэба закончыць адну справу...

(Васалы выходзяць).

Сцэна 35

(Уваходзяць манашкi).

IЗАБЭЛА. Я пакiдаю вас. Вы ведаеце. Адно абяцаю. Я буду памятаць вас. Я буду малiцца за вас. Чакайце мяне, хутка я вярнуся.

СЯСТРА ВЕНТУРЫЯ. Вяртайся.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Няхай Бог не пакiне цябе.

СЯСТРА ГАННА. Злiтуйся над якiм-небудзь палонным у iмя нашай памяцi, i нам на нябёсах лепш будзе.

IЗАБЭЛА. Добра. Я абяцаю.

СЯСТРА МАРЫЯ. Беражы сябе.I даруй нам, калi што не так...

СЯСТРА ГАННА. Сястра Iзабэла...

IЗАБЭЛА. Не! Усё! Сястра Iзабэла памерла. Яе спалiлi разам з Блажэннай Iаанай. Засталася толькi Iзабэла П'емонцкая! Засталося зверанё. I яно хоча крывi! Я вярнуся. Я вярнуся, каб забiваць. Я вярнуся, каб помсцiць. Мой меч чакае мяне. Але калi мяне заб'юць, мы сустрэнемся зноў. Захоўвайце вашую веру. I яна перажыве вас. Бо сказана ў Евангеллi: "Праўдзiва кажу вам: калi пшанiчнае зерне, што ўпала ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калi памрэ, то дасць шмат плёну". Вы гэтыя зярняты. Вы... Мне ўжо час... Бывайце!

(Яна выходзiць. Сёстры кленчаць i пачынаюць малiцца. Чуваць песнапеннi).

Сцэна 36

З'яўляецца сястра Iаана. Яна танцуе i спявае, i смяецца, i плача, i танец яе дзiўны i прыгожы, таму што ў iм i Бог, i Сатана, i цемра, i святло...

Зацямненне...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю