355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андрей Курейчик » П'емонцкi звер (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
П'емонцкi звер (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 10 октября 2016, 01:39

Текст книги "П'емонцкi звер (на белорусском языке)"


Автор книги: Андрей Курейчик


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)

Сцэна 16

(Уваходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда, сястра Ганна, а з iмi i сястра Марыя. Яны ўцягваюць у келлю параненага рыцара. Таксама ўваходзiць i Фiлiп, але ўсю сцэну маўчыць, глядзiць на сястру Марыю.)

СЯСТРА БЕРНАРДА. Асцярожненька, асцярожненька, так,так, так.... Сюды яго.

СЯСТРА ГАННА. Ён такi бледненькi...

СЯСТРА МАРЫЯ. Не дзiва, што ён як палатно. Столькi крывi страцiў...

СЯСТРА ГАННА. Балюча яму, напэўна.

СЯСТРА МАРЫЯ. Ой, ён зараз прытомнасць страцiць. Монсеньёр Жафрэй, монсеньёр...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Не разумее нiчога...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Яго завуць Жафрэй?

СЯСТРА ГАННА. Так, ён...Ой...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Ён, здаецца, падае.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Трымай яго!

ЖАФРЭЙ. (слабым голасам) Не, не... Я магу iсцi сам...

СЯСТРА ГАННА. Дзе табе сам! Зараз мы вас пакладзем. Вось тут.

ЖАФРЭЙ. Я сам...

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. У вас бядро восцем раскурожанае, а ён сам!

СЯСТРА МАРЫЯ. Вядома, вядома вы самi... Мы проста вам дапаможам.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Не марнуй словы, ён зноў страцiў прытомнасць.

СЯСТРА МАРЫЯ. А можа яго па шчоках, па шчоках?

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Трэба яго спачатку пакласцi.Ух, якi цяжкi!

СЯСТРА БЕРНАРДА. Правiльна, кладзi. (Укладваюць яго на лаву.)

СЯСТРА ГАННА. (паказвае) У яго, здаецца, зноў рана адкрылася. Глядзiце, кроў... (Усе з цiкавасцю паглядзелi.)

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. I праўда адкрылася. Глыбокая.

СЯСТРА БЕРНАРДА. (унушальна) Рана адкрылася, рана i закрыецца. Кровапусканне заўсёды карыснае.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. О, вiдаць, разбойнiкi так i падумалi. (Хiхiкаюць.)

СЯСТРА МАРЫЯ. З яго, напэўна, ужо цэлая бочачка выцекла.

СЯСТРА ГАННА. Трэба яму пад галаву што-небудзь. Вось так...

ЖАФРЭЙ. Балiць...

СЯСТРА МАРЫЯ. Божа, кроў...

ЖАФРЭЙ. Балiць...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Вядома, балiць. Яшчэ як. Яму ж рагацiну, напэўна, на два пальцы загналi.

СЯСТРА МАРЫЯ. А што рабiць?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Тоўчанымi рубiнамi яго кармiць трэба. Праўду кажу. Гэта кроў узнаўляе.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. А дзе ж гэтых рубiнаў узяць?

СЯСТРА ГАННА. (паказвае) Сцiх...

(Уваходзiць сястра Ганорыя)

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Ну што, паклалi яго?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Пакласцi то паклалi... Цяжкi...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Жывы?

СЯСТРА ГАННА. Жывы, дзякуй Богу. Толькi рана крывавiць. Перавязаць трэба было б...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Гэта не ваш клопат. Зараз прыйдзе сястра Iзабэла, яна i перавяжа.

СЯСТРА МАРЫЯ. Можа, ёй дапамагчы?

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Вам сказалi – нiякай дапамогi! Мацi-Iгумення строга загадала перадаць гэтага чалавека пад апеку сястры Iзабэлы. Iзабэлы. Зразумелi? Для яе гэта новае выпрабаванне. Зразумелi? Я пытаюся, зразумелi?

Усе: Зразумелi.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. А цяпер iдзiце, iдзiце... Каб я вас тут больш не бачыла. (Фiлiпу.) Можаце напiсаць бiскупу, што мы паклапоцiмся пра лёс абаронцы веры. Мацi-Iгумення блiзка да сэрца прымае ўсё, што адбылося, Так i напiшыце.

ФIЛIП. (холадна i няўважлiва) Абавязкова...

(Сёстры i Фiлiп выходзяць. Уваходзiць Iзабэла)

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Падыдзi сюды.

IЗАБЭЛА. (падыходзiць): Я слухаю вас, сястра.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Вось гэты чалавек. Усё ведаеш, што рабiць. Глядзi за iм, глядзi за iм нястомна. I малiся за яго...

IЗАБЭЛА. Добра, сястра, усё выканаю.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Ежу вам будуць сюды прыносiць. (Збiраецца выходзiць, паварочваецца.) Што глядзiш? Атрымала па мордзе? Навучылася рукi цалаваць, а? Казала я, будзеш у мяне як шоўкавая. Скарылася,а? Што глядзiш, скарылася?

IЗАБЭЛА. (цiха): Скарылася.

(Сястра Ганорыя задаволеная выходзiць.)

Сцэна 17

(Iзабэла падыходзiць, здымае ягоныя павязкi i пачынае аглядаць ягоныя раны).

IЗАБЭЛА. (З жахам i спачуваннем) Божа, памажы гэтаму чалавеку. (Датыкаецца да ягоный раны. Ён крычыць). Даруйце, даруйце, мансеньёр... Вельмi балючы? Я... Ах, святая дзева Марыя, памажы мне. Мансеньёр, мансеньёр, чуеце мяне?

ЖАФРЭЙ. Балiць...

IЗАБЭЛА. Мне трэба прамыць рану. Там гнайнiк... Калi не прамыць, вы можаце памерцi.

ЖАФРЭЙ. (ледзь чутна) Ты, ты хто?

IЗАБЭЛА. Маё iмя – сястра Iзабэла. Я пастаўлена дагладаць вас.

ЖАФРЭЙ. Вады...

IЗАБЭЛА. Што?

ЖАФРЭЙ. Пiць...

IЗАБЭЛА. А. Зараз, зараз. Вось. (Падае яму вады, але той не можа пiць).

ЖАФРЭЙ. Не магу.

IЗАБЭЛА. Гэта пройдзе... Паслухайце, мне трэба прамыць рану. Гэта будзе балюча. (Пачынае прамываць).

ЖАФРЭЙ. Я не баюся болю.

IЗАБЭЛА. Дзiўна, адна мая сяброўка так сказала. Такiм самым голасам.

ЖАФРЭЙ. Сяброўка?

IЗАБЭЛА. Вы яе не ведаеце. Яна зусiм асаблiвая. Яна траўнiца. Калi яна прынясе гаючыя травы для вас, вы яе ўбачыце. Яна цудоўная. Балюча? Мансеньёр, вы гаварыце, гаварыце, каб я ведала, што вы яшчэ...

ЖАФРЭЙ. Жывы?

IЗАБЭЛА. У прытомнасцi...

ЖАФРЭЙ. Я калi ўбачыў зараз твой твар, падумаў, што ўсё... Што ўжо анёлак прыйшоў па мяне. Яшчэ падумаў: прыгожы анёл маёй смерцi...

IЗАБЭЛА. Рана вам яшчэ такое думаць. Толькi Гасподзь ведае, калi Ён вас да сябе паклiча. Нам пра гэта ведаць не дадзена.

ЖАФРЭЙ. Не дадзена... Гм. Усё роўна неяк недарэчна атрымалася.

IЗАБЭЛА. Пра што вы?

ЖАФРЭЙ. У iх жа i зброi неякай не было. У разбойнiкаў гэтых... Так, восцi драўляныя. Цёмна было. Мяне першага ўдарылi, а калi разгледзiлi, што картэж ваенны, тут i разбеглiся... А я вось...

IЗАБЭЛА. Так, такое здараецца.

ЖАФРЭЙ. А ты адкуль ведаеш? Ты, пэўна, сядзiш сабе ў манастыры i носа за сцены не паказваеш. Усё жыццё, пэўна, так i праседзела.

IЗАБЭЛА. (дзiўным голасам) Адкуль ведаеш?

ЖАФРЭЙ. Кажаш мне "ты"?

IЗАБЭЛА. Кажу. Права не маю, але кажу. Дзiўна, так?

ЖАФРЭЙ. I кажы. Мне так лепей падабаецца. Больш па-людску.

IЗАБЭЛА. Ты адкуль ведаеш пра мяне?

ЖАФРЭЙ. Па твары бачу. Багамолка ты цiхiя. Авечка рахманая. Вецер падуе i цябе знясе. Адзiнае выратаванне для такiх, як ты, – манастыр.

IЗАБЭЛА. Ну, ну... Хоць пра выратаванне ты верна заўважыў.

ЖАФРЭЙ. Я ж кажу. Па твары ўсё можна прачытаць, умеючы... Дрэнна, што ляжаць тут доўга давядзецца. Калi не памру, вядома. Тыднi тры, пэўна...

IЗАБЭЛА. Ды ўжо неяк не меней.

ЖАФРЭЙ. Так, трапiў у пераплёт...

IЗАБЭЛА. Зараз балюча зраблю, глыбiню прамыць трэба.

ЖАФРЭЙ. Адна радасць, ад цябе цярплю.

IЗАБЭЛА. (Ён стогне ад болю) Цярпi, цярпi.

ЖАФРЭЙ. Нiчога, крыху папраўлюся, пашлю ганца, каб бiскуп па мяне людзей прыслаў. Не хачу ў манастыры ляжаць. Цiха ў вас тут, як ў магiле.

IЗАБЭЛА. У магiле цiшэй.

ЖАФРЭЙ. Так, там такiх як ты няма.

IЗАБЭЛА. Якiх?

ЖАФРЭЙ. Гаварлiвых. Як там у мяне?

IЗАБЭЛА. Дрэнна. Кроў не перастае iсцi.

ЖАФРЭЙ. Дробязь крявi ў мяне шмат...

IЗАБЭЛА. Табе трэба паспаць.

ЖАФРЭЙ. Я не хачу.

IЗАБЭЛА. (павучальна) Трэба. Каб сiлы ўзнавiць. Сiлы табе яшчэ спатрэбяцца. Я табе абяцаю. Так што лажыся, заплюшчвай вочы i спi. Спi. Я хутка прыду.

ЖАФРЭЙ. Прыйдзеш?

IЗАБЭЛА. Прыйду. Адстаю абедню i прыйду. Я буду малiцца за цябе. Спi... (Збiраеца выходзiць)

ЖАФРЭЙ. Пачакай. Мне здаецца, я памру ў сне.

IЗАБЭЛА. Ты баiшся?

ЖАФРЭЙ. Не.

IЗАБЭЛА. Я веру. Такi як ты нiчога не баiцца. Нiчога, калi кiнуўся на хеўру разбоўнiкаў.

ЖАФРЭЙ. Смяешся...

IЗАБЭЛА. Спi. (Зноў хочы iсцi)

ЖАФРЭЙ. Пачакай яшчэ... Як ты сказала тваё iмя?

IЗАБЭЛА. Сястра Iзабэла.

ЖАФРЭЙ. Iзабэла. Iзабэла. Сястра Iзабэла...

(Яна выходзiць. Ён засыпае).

Сцэна 18

(Заходзiць Iзабэла, цiха падыходзiць да Жафрэя, правярае, цi спiць ён).

ЖАФРЭЙ. Я не сплю.

IЗАБЭЛА. Ты зусiм не спаў?

ЖАФРЭЙ. Галава балiць.

ЖАФРЭЙ. Ужо трэцi дзень не спiш.. Столькi гадзiн. Так доўга не працягнеш... Як твае раны?

ЖАФРЭЙ. Дрэнна iх адчуваю. Усё анямела...

IЗАБЭЛА. Дзе ж Iаана?. Я не ведаю, што рабiць. Мне зусiм няма чым цябе лечыць.

ЖАФРЭЙ. Словам Божым

IЗАБЭЛА. Так. Я ведаю. Але Iаана вельмi добрая траўнiца. Яна ўмее рабiць гаючыя элiксiры. Яна табе дапаможа. Толькi я неяк не магу яе знайсцi. Трэцi дзень. I куды яна магла падзецца?

ЖАФРЭЙ. Нiчога... Знойдзецца. Пасiдзi са мною. Неяк цяжка... Мне здаецца ў мяне пачынаецца лiхаманка.

IЗАБЭЛА. (кранае ягоны лоб) Ты ўвесь гарыш...

ЖАФРЭЙ. Нiчога. Нiчога... Я адужаю. Я моцны...

IЗАБЭЛА. Зразумела, ты адужаеш. З сiлай Бажаю чалавек усялякую хваробу адолее, нават саму смерць адолець можа.

ЖАФРЭЙ. Добра, што ты прыйшла. Так страшна ляжаць у адзiноце. Цемра па табе поўзае. Усялякая мярзотнасць мроiцца. А ты прыйшла, i ўсё святлом вакол асвяцiлася.

IЗАБЭЛА. Я свечку прынесла.

ЖАФРЭЙ. Думкi блытаюцца...

IЗАБЭЛА. Не паддавайся. Чуеш мяне? Не паддавайся. Ты ж ваяр, Жафрэй, змагайся. Змагайся!

ЖАФРЭЙ. Ты назвала мяне па iменi? Цi мне зноў мроiцца...

IЗАБЭЛА. Я назвала цябе па iменi. Мне страшна за цябе. Я баюся, што ты памрэш. Я малiлася за цябе...

ЖАФРЭЙ. Дзе ты была?

IЗАБЭЛА. На абедне. (Ён трацiць прытомнасць) Жафрэй, Жафрэй, не памiрай. Вярнiся, вярнiся...

ЖАФРЭЙ. Так... Я,я... Я нiчога... Усё добра...

IЗАБЭЛА. Паглядзi на мяне. Гэта я, сястра Iзабэла. Ты мяне памятаеш?

ЖАФРЭЙ. Ты мне снiлася...

IЗАБЭЛА. Гэта быў не сон, Жафрэй. Ты не спаў. Мы размаўлялi з табою. Я прамывала раны. Памятаеш?

ЖАФРЭЙ. Напэўна... Напэўна... Вада...

IЗАБЭЛА. Ўто?

ЖАФРЭЙ. Там была гнiлая вада. Я адпiў яе, а яна гнiлая, з цiнаю. Цiна ў горла лезла...

IЗАБЭЛА. Так, дрэнная была вада. (Ён стогне). Рана балiць?

ЖАФРЭЙ. Пячэ. Жывот гарыць. Жывот...

IЗАБЭЛА. Гэта лiхаманка. Лiхаманка. Гэта пройдзе, трэба толькi пацярпець. Вазьмi, вось, сцiснi гэта ў руцэ. (Нешта дае яму) Гэта дапаможа.

ЖАФРЭЙ. Што гэта?

IЗАБЭЛА. Крыжык. Крыжык мой нацельны.

ЖАФРЭЙ. Я памiраю?

IЗАБЭЛА. Не, не... Жафрэй, ты будзеш жыць. Малiся толькi, малiся Богу.

ЖАФРЭЙ. Не, не хачу. Я хачу размаўляць з табою. Мне так лягчэй.

IЗАБЭЛА. Добра, добра. Я буду малiцца за нас дваiх.

ЖАФРЭЙ. Мне так лягчэй... Як тут холадна.. Холадна... А ў жываце пячэ.

IЗАБЭЛА. Жафрэй, толькi не памiрай. Не памiрай, чуеш?

ЖАФРЭЙ. Ты анёл. Ты прыйшоў па мяне?

IЗАБЭЛА. Я сястра Iзабэла. Памятаеш?

ЖАФРЭЙ. Iзабэла... Прыгожае iмя. Я пайду з табою.

IЗАБЭЛА. Жафрэй, гэта лiхаманка.

ЖАФРЭЙ. Я бачый цябе ў сне... Дай мне руку... (Зноў трацiць прытомнасць).

IЗАБЭЛА. (плача) Жафрэй, мiлы мой, Жафрэй, не памiрай, харошы мой, прашу цябе. Ну збярыся, ну калi ласка... Паслухай мяне, Жафрэй. Божа, не дай яму памерцi. Малю цябе, вазьмi мяне – злiтуйся над iм! Божа, молю цябе, бо ты мiласэрны. Злiтуйся над iм, злiтуйся! Малю цябе...

ЖАФРЭЙ. (апрытомнеў) Пячэ...

IЗАБЭЛА. Жафрэй.

ЖАФРЭЙ. Iзабэла, Iзабэла, ты са мною?

IЗАБЭЛА. З табою, мiлы мой, з табою. Не адыду ад цябе. Заўсёды буду з табою. Змагайся, змагайся, не здавайся... Ты ж ваяр, змагайся.

ЖАФРЭЙ. Цяжка... Ён стаў мне на грудзi...

IЗАБЭЛА. Хто?

ЖАФРЭЙ. Ён цiсне... Чаго ж ён так цiсне...

IЗАБЭЛА. Хто цiсне?

ЖАФРЭЙ. Цёмна Не магу...

IЗАБЭЛА. Я скiну яго (Кiдаецца яму на грудзi). Дыхай, дыхай... Так лягчэй?

ЖАФРЭЙ. Лягчэй.

IЗАБЭЛА. Нiкому цябе не аддам. Я буду ахоўваць цябе. Чуеш?

ЖАФРЭЙ. Ты анёл... Я кахаю цябе. (Трацiць прытомнасць).

IЗАБЭЛА. Жафрэй... (Застаецца сядзець побач з iм, чытае малiтву).

Сцэна 19

(Iзабэла молiцца. Уваходзiць Iаана).

IЗАБЭЛА. Хто тут?

СЯСТРА IААННА. Птушка Гон. Пер'е ў яе расце ўнутр, а сэрца – вонкi.

IЗАБЭЛА. Iаана? Сястра Iаана? Ты? Як я рада, што ты прыйшла. Я цябе чацвёрты дзень шукаю. Усюды шукаю. Дзе ты была...

СЯСТРА IААННА. У краiне Рэз траўкi збiрала.

IЗАБЭЛА. Траўкi? Так, так... Я як раз дзеля таго цябе шукала. Iаана, паглядзi, там ляжыць чалавек. У яго страшныя раны. Ён ў лiхаманцы. Яму дрэнна, а я зусiм не ведаю, як аблегчыць ягоныя пакуты. Я не ўмею, падкажы.

СЯСТРА IААННА. Натры яго смалою з тоўчанаю цыкутай i скарлупай арэха.

IЗАБЭЛА. Не кажы глупства. Не час жартаваць. Ён памiрае. Я ведаю, ты можаш выратаваць яго. Ты ведаеш таямнiцы траваў. Вылечы яго. Памажы, памажы яму дзеля славы Божай...

СЯСТРА IААННА. Дапамагi яму сама. Табе даручана.

IЗАБЭЛА. (сумелася) Iаана, што ты такое гаворыш?

СЯСТРА IААННА. Нiчога! Ты здраднiца. Я думала ты мая лепшая сяброўка, сястра...

IЗАБЭЛА. Але я табе сяброўка...

СЯСТРА IААННА. Хлусня! У цябе ёсць сябар. I хоць ён, пэўна, хутка памрэ, ты яшчэ паспееш нацешыцца з iм.

IЗАБЭЛА. (уражаная) Iаана, што ты такое кажаш?!

СЯСТРА IААННА. Тое, што ведаю. Тое, што бачыла на ўласныя вочы.

IЗАБЭЛА. Ты была тут?

СЯСТРА IААННА. Ад самага пачатку.

IЗАБЭЛА. Ты бачыла?

СЯСТРА IААННА. I бачыла, i чула. Усё зразумела. Бутон распусцiўся, а ў iм аса. Толькi джалiць яна мяне, мяне... (Плача).

IЗАБЭЛА. Iаана, ён памiрае...

СЯСТРА IААННА. (раз'юшана) Ён! Ён! Ён! Ён! А да мяне табе ўжо зусiм справы няма? Пагуляла з блазнаватай i кiнула, так?! Варта было з'явiцца першаму ж казлiшчу, i ты... Такое тваё боскае служэнне?

IЗАБЭЛА. Ды як у цябе язык паварочваецца такое казаць? Ён памiрае...

СЯСТРА IААННА. Нiчога ты не разумееш! Ты чэрствая, жорсткая, дурная! Я паверыла ў цябе... Я думала... Я... (Рыдае). Ты! Ты не ўяўляеш, кiм тя была для мяне! Ты не... I вось цяпер ён! I ты! Невыносна1

IЗАБЭЛА. (у разгубленасцi) Iаана, я жанчына. Мы не можам...

СЯСТРА IААННА. Дурнiца! (выбягае, рыдаючы). Якая ж ты дурнiца!

IЗАБЭЛА. (спрабуе спынiць) Iаана...

СЯСТРА IААННА. (На бягу) Траўка? Будзе табе траўка! Вылечу я яго. Радуйся!

(Выбягае).

Сцэна 20

ЖАФРЭЙ. (прыйшоў у сябе, слабым голасам) Iзабэла, Iзабэла.

IЗАБЭЛА. Жафрэй, ты прыйшоў у сябе? Дзякуй Богу, Ён пачуў мае малiтвы...

ЖАФРЭЙ. Колькi я ляжаў?

IЗАБЭЛА. Некалькi дзён.

ЖАФРЭЙ. А да гэтага...

IЗАБЭЛА. Трызнiў.

ЖАФРЭЙ. Дрэнна памятаю... Усё як скрозь полымя.

IЗАБЭЛА. Лiхаманка. Як сябе зараз адчуваеш?

ЖАФРЭЙ. Гарачка крыху спала. Лягчэй. Дыхаць лягчэй.

IЗАБЭЛА. А раны?

ЖАФРЭЙ. А... Бог з iмi...

IЗАБЭЛА. Хочаш чаго-небудзь?

ЖАФРЭЙ. Вады...

IЗАБЭЛА. Зараз. (Падае яму вады. Ён п'е). Бачыш, ты ўжо i пiць можаш. Самае страшнае ўжо прайшло. Паправiшся, дзякуй Богу.

ЖАФРЭЙ. Папраўлюся... Далёка яшчэ да гэтага. Галава балiць.

IЗАБЭЛА. Гэта пройдзе.

ЖАФРЭЙ. Ты ведаеш, у мяне да гэтае пары ў руцэ твой крыжык. Нi на iмгненне яго з рукi не выпусцiў.

IЗАБЭЛА. Вось i не выпускай. Ён табе дапаможа.

ЖАФРЭЙ. Я табе казаў, што ты анёл?

IЗАБЭЛА. I не аднойчы. У трызненнi.

ЖАФРЭЙ. Я праўду казаў.

IЗАБЭЛА. Добра, добра... Толькi не хвалюйся. Табе нельга зараз хвалявацца. Табе трэба берагчы свае сiлы, iначай не ачуняеш.

ЖАФРЭЙ. Я думаў, што памру сёння.

IЗАБЭЛА. Не кажя так.

ЖАФРЭЙ. I цяпер вось, гляджу на цябе, на твой твар, i думаю, што лепей бы памёр.

IЗАБЭЛА. Нельга так казаць, гэта грэх.

ЖАФРЭЙ. Мне ўсё роўна. Я кахаю цябе.

IЗАБЭЛА. Не.

ЖАФРЭЙ. Я кахаю цябе.

IЗАБЭЛА. Маўчы! Маўчы!

ЖАФРЭЙ. Я ведаю, гэта гучыць як блюзнерства тут, у святых сценах манастыра, казаць такое сятры Бога Нашага Iсуса Хрыста. Мне ўсё роўна! Няхай я загублю душу гэтымi словамi, але... Я кахаю цябе!

IЗАБЭЛА. Маўчы! Ну што ж ты робiш? Ты загубiш мяне. Ты загубiш мяне.

ЖАФРЭЙ. Мне ўсё роўна.

IЗАБЭЛА. Гэта грэх. Ты не можаш. Я дала зарок.

ЖАФРЭЙ. Але Гасподзь не забараняў каханне. Ён дарае каханне. Каханне сапраўднае (Iзабэла маўчыць). Божа, навошта ты мучыш мяне. Чалавек не мае ўлады над сваiм сэрцам. Чаму я не памёр сёння?! Я малiў цябе аб смерцi, Божа...

IЗАБЭЛА. Жафрэй, Жафрэй... Мы нiколi не зможам быць разам, зразумей жа гэта. Скарыся i пакiнь... Боль пройдзе, ты паправiшся, ты забудзеш.

ЖАФРЭЙ. Паглядзi мне ў вочы.

IЗАБЭЛА. Што?

ЖАФРЭЙ. Паглядзi мне ў вочы. (Глядзiць). Ты таксама не маеш улады над сваiм сэрцам.

IЗАБЭЛА. Божа... (Падае на каленi, пачынае малiцца). Божа, даруй, даруй... I злiтуйся, Божа. Я не вытрымала выпрабавання, слабая, слабая... што мне цяпер рабiць, Божа...

ЖАФРЭЙ. Не дакарай сябе. Мы ўжо праклятыя.

IЗАБЭЛА. Жафрэй...

ЖАФРЭЙ. Я забяру цябе адсюль. Як толькi я змагу сесцi на каня, мы паедзем. Паедзем далёка. У Навару. Нiхто не даведаецца.

IЗАБЭЛА. Я не магу. Я дала клятву!

ЖАФРЭЙ. Усе клятвы ўжо парушаныя.

IЗАБЭЛА. Злiтуйся!

ЖАФРЭЙ. Я не магу жыць без цябе.

IЗАБЭЛА. (Крычыць): Я не магу ўехаць!

ЖАФРЭЙ. Чаму?

IЗАБЭЛА. Ты не ўсё ведаеш. Я... я Iзабэла з П'емонта.

ЖАФРЭЙ. (збянтэжаны) Як...

IЗАБЭЛА. Я не магу паехаць. Ты не разумееш. Варта мне апынуцца за сценамi Невельскага манастыра, герцаг Нармандскi спусцiць усiх сваiх сабак. Я заложнiца гэтых муроў. У мяне ныма шанцаў... Мяне заб'юць. Заб'юць, разумееш? А калi ты будзеш разам са мною, дык i цябе таксама.

ЖАФРЭЙ. Я магу абаранiць цябе.

IЗАБЭЛА. Любы мой, храбры мой. Ваяры герцага – гэта не сялянскiя разбойнiкi з драўлянымi коламi. I iх нашмат болей.

ЖАФРЭЙ. Я папрашу за нас бiскупа Альберта. Ён дапаможа...

IЗАБЭЛА. Бiскуп сам марыянетка герцага. Ён не возьме на сябе адказнасць за жыццё Iзабэла з П'емонта. Iдзе вайна. Нiхто, нiхто не возьме на сябе такую адказнасць. Невельскi манастыр – адзiнае месца, дзе герцаг не можа дастаць мяне, пакуль...

ЖАФРЭЙ. Але я кахаю цябе. Клянуся, я што-небудзь прыдумаю.

IЗАБЭЛА. Безумоўна, базумоўна. У цябе будзе час паразважаць, пакуль загояцца раны.

ЖАФРЭЙ. Iзабэла, Iзабэла з П'емонта. Зверанё. Я не магу паверыць... Я бачыў яе... цябе. Тая была як сама смерць. У кожным яе воку сядзелi дзясятак дэманаў. Я памятаю, як яна рубiла рукi i галовы сваiх палонных. Сама... Я памятаю пырскi крывi на яе твары. Я памятаю выскал... А ты, ты зусiм iншая... Не, не, ты – не яна. Ты анёл.

IЗАБЭЛА. Яна. Яна, Жафрэй.

ЖАФРЭЙ. Сапраўды, Бог здзяйсняе цуды.

IЗАБЭЛА. Мы будзем разам. Толькi спачатку табе трэба вылечыцца. Паабяцай, паабяцай мне на святым крыжы, якi трымаеш у сваiх руках, што ты нiчога не будзеш распачынаць да тае пары.

ЖАФРЭЙ. Ты патрабуеш ад мяне зароку?

IЗАБЭЛА. Абяцай!

ЖАФРЭЙ. Я паабяцаю, але ты мяне пацалуеш.

IЗАБЭЛА. Абяцай!

ЖАФРЭЙ. Абяцаю табе... (Яна яго цалуе).

IЗАБЭЛА. Я буду гарэць ў пекле.

Заслона.

Сцэна 21

(Заходзяць сястра Вентурыя, сястра Бернарда i сястра Ганна).

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Дзе яна?

СЯСТРА ГАННА. Усё яшчэ з iм.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Яна з iм днямi сядзiць. Нi на хвiлiну не адыходзiць. I так тры тыднi запар.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Не да дабра гэта.

СЯСТРА ГАННА. А я думаю, богаўгодная гэта справа, даглядаць хворага, якi пацярпеў за веру.

СЯСТРА БЕРНАРДА. справа, бясспрэчна богаўгодная. Алнак гэта можа далёка зайсцi.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Я згодная з сястрой Бернардай. Быць так доўга сам-насам з мужчынаю, з рыцарам...

СЯСТРА ГАННА. Не разумею, пра што вы.

СЯСТРА БЕРНАРДА. З другога боку, ён яшчэ вельмi слабы, целам, i наўрад цi здольны...

СЯСТРА ГАННА. А што, калi папрасiць Мацi-iгуменню прызначыць ёй каго-небудзь у дапамогу? Ну каб спынiць гэтыя размовы...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Маладая ты яшчэ, сястра Ганна, шмат чаго не разумееш. Няўжо мы можам ўказваць Мацi-iгуменнi, што рабiць? Балазе, мудрасцю нашую матушку гасподзь не абдзялiў. Яна сама ведае, як трэба. Ды i не згадзiцца яна нiколi змянiць сваё рашэнне.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Ага, праўда... Скажаш ёй што – зазлуецца. Тады склепу не пазбегнуць.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А склеп цяпер халодны, сыры... Ды i поганi там усялякай завялося. Кажана нядаўна бачылi.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Да ну?

СЯСТРА ГАННА. А можа нашыя страхi, ну, наконт сястры Iзабэлы дарэмныя?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Дай Бог, дай Бог...

СЯСТРА ГАННА. Так яно i ёсць, бо сястра Iзабэла такая набожная, такая цiхая.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. А да споведзi не ходзiць.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А калi пра хворага, пра рыцара гэтага пачынаюць раварыць, маўчыць. Маўчыць або выходзiць адразу.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Падазрона гэта.

СЯСТРА ГАННА. Проста вам пагутарыць няма пра што. Вось i ўсё.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Дай Бог, дай Бог.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Даруй нам, Божа, нашыя страхi. Людзi грэшныя. I думкi ў iх грэшныя...

СЯСТРА ГАННА.. А ўсё ж такi шкада iх...

СЯСТРА БЕРНАРДА. Каго?

СЯСТРА ГАННА. Iзабэлу i гэтага рыцара. Цяжка iм, напэўна.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Дурнiца ты. I гэтага ўжо нiчым не паправiш. Хадзем.

СЯСТРА БЕРНАРДА. А мне казалi, што ён яе проста па iменi называе.

СЯСТРА ВЯНТУРЫЯ. Да ты што? А хто казаў?

СЯСТРА БЕРНАРДА. Ёсць крынiцы...

СЯСТРА ГАННА. Напэўна, гэта ён, калi трызнiў.

СЯСТРА БЕРНАРДА. Ага, калi трызнiў.

(Перамiгваюцца i выходзяць).

Сцэна 22

(Заходзiць Урбена i чакае. Заходзiць сястра Iаана).

УРБЕНА. Iаана, пачакай.

СЯСТРА IААННА. Хто кажа "Iаана пачакай"? Урбена, ты?

УРБЕНА. Куды ты?

СЯСТРА IААННА. Куды ногi iдуць. Куды вочы глядзяць. Ад болю прэч!

УРБЕНА. Табе прычынiлi боль?

СЯСТРА IААННА. Боль... (Плача). Сэрца колюць iголкаю. Колюць i колюць...

УРБЕНА. Гэта Iзабэла коле тваё сэрца iголкаю? Так?

СЯСТРА IААННА. I няма трыпутнiку, каб прыкласцi да ранкi.

УРБЕНА. Хадзi сюды. Хадзi да мяне. Раскажы мне пра свой боль, табе стане лягчэй.

СЯСТРА IААННА. Лягчэй? А можа, я не хачу, каб мне было лягчэй?

УРБЕНА. Можа i не хочаш...

СЯСТРА IААННА. Хто ведае, чаго я хачу? Я хачу, каб сонца зрабiлася сiнiм, а зямелька – мягкай i цёплай, як немаўля, каб ляжаць ў ёй глыбока-глябока i бачыць сны... Або не!

УРБЕНА. Што не?

СЯСТРА IААННА. Апошнiм часам у сне я бачу чартоў замест анёлаў. Нават у краiне Рэз завялiся д'яблы, чарцяняты, макрыя, слiзкiя, з лускаю на храпе i членамi стаўма. I ўсе рагатыя! Да чаго гэта, Урбена?

УРБЕНА. Я не ўмею тлумачыць сны. Ты шмат думаеш пра Iзабэлу?

СЯСТРА IААННА. Шмат? Не. Я думаю пра яе ўвесь час. Хiба гэта шмат? Але думаць гэта яшчэ нiчога.. Уяўляць яшчэ нiчога... Але бачыць!

УРБЕНА. Нешта адбываецца з табою, калi ты яе бачыш?

СЯСТРА IААННА. Навошта ты ў мяне пытаеш?

УРБЕНА. Раскажы мне.

СЯСТРА IААННА. А ты пакажы мне свой твар.

УРБЕНА. Ты хочаш бачыць мой твар?

СЯСТРА IААННА. Так.

УРБЕНА. Добра (Паднiмае пакрывала).

СЯСТРА IААННА. Ух. Якi ён брыдкi. Навошта ты хаваеш такi брыдкi твар? (Смяецца). Даўно гнiеш?

УРБЕНА. Даволi даўно.

СЯСТРА IААННА. Але ты яшчэ не зусiм згнiла. А вочы? Ты што-небудзь бачыш iмi? Ххiба можна бачыць гнiлымi вачыма? Напэўна, праз iх увесь свет здаецца гнiлым. А ў цябе на твары яшчэ не завялiся чарвякi? Гэта, напэўна, будзе вельмi казытаць... Цiкава, толькi ты так смярдзiш. Фу. Як гэта – жыць i адчувацб смурод уласнага гнiення?

УРБЕНА. Непрыемна.

СЯСТРА IААННА. Хутка ў цябе зусiм не будзе нi носа, нi вачэй, нi языка. Тады мы зможам узяць пчалiны воск i хваёвую смалу i зляпiць табе новы нос, якi захочашю а замест вачэй засунуць балотных мушак, а замест языка – яловую шышку, ўчокi мы намажам бурачным сокам, i будзеш ты ў нас красуня-прыгажуня...

УРБЕНА. Я хутка памру, Iаана...

СЯСТРА IААННА. Я таксама хуiка памру. Калi буду глядзець на яе!

УРБЕНА. Раскажы мне, што з табою адбываецца, калi ты глядзiш на яе.

СЯСТРА IААННА. Я калi ўбачыла яе, падумала, Гасподзь мне анёлка прыслаў, анёлачка...I загаварыла з ёю i зразумела, што яна i я – адзiнае. Сёстры мы. Яна мне, я ёй... Быццам блiзняткi, яе боль – мой боль, яе радасць – мая... Я хацела, каб мя нiколi не расставалiся, нiколi! Толькi яна падманула мяне.

УРБЕНА. Ты казала, штосьцi адбываецца зтабою, калi ты яе бачыш...

СЯСТРА IААННА. Так, адбываецца... Калi я бачу яе, яе твар, белы нiбы шлюбны ўбор, яе вочы, блiкучыя, як iльдзiнк, яе вусны, пунсовыя i мяккiя, яе шыю... Калi я бачу яе пальчыкi на нагах, Урбена.... Мне становiцца цёпла. Па ўсiм целе разлiваецца дзiўная млосць... Я адчуваю, як налiваюцца мае грудзi i саскi становяцца як дзве маленькiя цвёрдыя пацеркi. Дакранешся да iх – i ўся задрыжу! I ўнiзе стане цёпла i прыемна. Улонне маё адкрыецца.. Гэта так салодка i прыемна! I мне захочацца стаць змяёю i кошкаю, i ашчаркаю, i расамахаю, выгiнацца i курчыцца, i вярцецца, i лашчыцца, i каб хто-небудзь рваў i расцягваў, гнуў i душыў мяне...

УРБЕНА. Ты праўду гаворыш?

СЯСТРА IААННА. Не. Вядома, не. Усё выдумала. Усё... Ляжала ўначы i ўсё прыдумла. А ты паверыла? (Раптам хiтравата ўсмiхаецца). А можа i не ўсё. Можа, толькi крышку прыдумала. Сама не ведаю. А як гэта называецца?

УРБЕНА. Гэта страсць, Iаана.

СЯСТРА IААННА. Ты ведаеш, што такое страсць?

УРБЕНА. Кожная жанчына зазнае ў жыццi страсць, Iаана. Калiсьцi мне таксама хацелася лашчыцца i выкручвацца ад жаданняў, што апаноўвалi мяне. Толькi гэта было даўно.

СЯСТРА IААННА. А Iзабэла чэрствая! Яна ведае ўсё i мучыць мяне!

УРБЕНА. Хочаш, я прывяду табе мужчыну?

СЯСТРА IААННА. Мужчыну?

УРБЕНА. Ён спаталiць тваю страсць. Я прывяду табе прыгожага, маладога мужчыну. Ён будзе нават высакародным, калi пажадаеш.

СЯСТРА IААННА. Не! Мужчыны ўсе падобныя на казлiшч. У iх барада i рогi! Яны б'юцца памiж сабою, гаварыць не ўмеюць, а толькi мекаюць i бекаюць. Навошта мне казлiшча? У яго ж няма такiх пальчыкаў на нагах?

УРБЕНА. Але Iзабэла не зможа спаталiць твае страсцi...

СЯСТРА IААННА. Ды няма ў мяне анiякай страсцi, Урбена! З чаго ты ўзяла? Няма... Табе проста скрозь гнiлыя вочы здалося... Ды i няважна гэта. Я запытаю ў травак. Яны ведаюць, яны дапамогуць... Яны заўсёды мне дапамагаюць. Галоўнае знайсцi трапутнiк i прыкласцi яго да сэрца, дзе iголка ўкалола – рана i загоiцца. I iншыя траўкi ёсць.. I яшчэ трэба выгнаць чарцянятаў з краiны Рэз... (Забягае сястра Марыя).

СЯСТРА МАРЫЯ. Iзабэлу, Iзабэлу не бачылi?

СЯСТРА IААННА. Бачылi Iзабэлу – яна стала як абгрызеная костка. Толькi хто яе абгрыз?

УРБЕНА. Яе няма тут. Што такое, Марыя?

СЯСТРА МАРЫЯ. Сястра Ганорыя яе шукае. Ой, ктосьцi ёй нешта сказаў пра Iзабэлу. Яна такая раз'юшаная!

СЯСТРА IААННА. Калi ў раз'юшанасцi з'есцi вугельчык – можна дыхаць полымем, як дракон!

УРБЕНА. Што ёй сказалi?

СЯСТРА МАРЫЯ. Нiхто не ведае.

СЯСТРА IААННА. Яе трэба папярэдзiць! Яе трэба схаваць ад Ганорыi. Я адшукаю яе. Бяжым, сястра Марыя, хутчэй. (Яны выбягаюць).

УРБЕНА. Позна ўжо папырэджваць. Позна...

(Урбена выходзiць).

Сцэна 23

(Заходзiць сястра Ганорыя, за ёю Iзабэла).

IЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя, сястра Ганорыя, я праше вас!..

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Позна!

IЗАБЭЛА. Малю, выслухайце мяне!

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Я ўсё ведаю.

IЗАБЭЛА. Вы не так..

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. (перапыняе) Так! Так! Цябе чакае анафема. Д'ябальскi ты выпладак. Чартоўка, чартоўка – вось ты хто! Гарэць табе ў пекле.

IЗАБЭЛА. Усё не так, як вы думаеце...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Дрэнь! Цябе спаляць! Цябе i твайго палюбоўнiка!

IЗАБЭЛА. Не кажыце так.

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Як ты смееш?! Распуснiца! Як ты адважылася ў святых сцянах, што далi табе прытулак, такое распуства ўчынiць!

IЗАБЭЛА. Я...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Што? Скажаш, выпадкова атрымалася? Так? Чорт падбiў? Без памяцi была? Сiлай цябе прымусiлi? А? Маўчыш? Адказаць няма што? Дрэнь! Распуснiца! Вядзмарка! Але цяпер табе канец. А я ж адразу ведала, адразу, як толькi цябе ўбачыла, як толькi ты пераступiла паог манастыра, я адразу зразумела, што ты не Богу, але д'ябалу, страсцям сваiм служыць прыйшла. Ну што, нецешылася? Задаволiла Страсцi? Ганарышся грэхападзеннем сваiм, а? Юрлiвая дрэнь!

IЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя, умаляю вас, заклiнаю вас, злiтуйцеся...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Сама падсцiлаешся, пралюбадзейнiчаеш, а цяпер злiтуйцеся? Не ўжо! Канец табе! Табе i твайму палюбоўнiку!

IЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя...

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Я буду глядзець, як ты будзеш курчыцца на агнi.

IЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя!

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. А яму адсякуць ягоны адростак, скормяць яго псам, а самога павесяць на круках! Ён доўга будзе пакутаваць!

IЗАБЭЛА. Сястра Ганорыя!

СЯСТРА ГАНОРЫЯ. Але перад вогнiшчам ты паглядзiш на гэта! Дрэнь!

IЗАБЭЛА. (раптам у шаленстве): Сама дрэнь! Не смей так са мной размаўляць! (Хапае камень i ў шаленстве б'е сястру Ганорыю па галаве. Тая нежывая падае). Не смей! Я Iзабэла з П'емонта! I ты – тля! Нiхто не можа мне гаварыць такое! Нiхто! Нiхто! Нiхто! (Паўза. Камень выпадае з рук. Яна глядзiць на труп). Божа... Што ж ты нарабiла, сястра Ганорыя. (Схiляецца над целам. Плача). Што ты нарабiла?.. Божа, за што ўсё гэта. Няўжо ты ўззлаваўся на мяне, Божа? Я шчыра, шчыра iмкнулася да Цябе. Служыць Табе хацела...Як жа гэтак? Цяпер усё, усё страцiла сэнс. Хто я цяпер? Хто? Што ты нарабiла, сястра Ганорыя...

Сцэна 24

(Заходзiць Мацi-Iгумення, за ёю астатнiя манахiнi. Усе бачаць, што адбылося).

IЗАБЭЛА. Я не хацела... Я. Я не ведаю... (Плача. Сёстры кленчаць i пачынаюць малiцца).

СЯСТРА МАРЫЯ. Мёртвая.

МАЦI-IГУМЕННЯ. Малiцеся. Малiцеся за спачын яе душы. I радуйцеся. Ясстра Ганорыя зараз у Бога Нашага Iсуса Хрыста, абагрэтая святлом Ягоным, суцешаная словам Ягоным. Ёй добра.малiцеся, малiцеся i за iншую душу, за душу аблудную, за душу скалечаную, за душу грэшную, за душу гордую. Малiцеся, каб Гасподзь не пакiнуў яе ў лiтасцi сваёй. (Iзабэла таксама пачынае малiцца). Iзабэла з П'емонта, Невельскi манастыр ад чыстага сэрца прыняў цябе ў свае сцены. Сёстры манастыра сталi табе сёстрамi. Я хацела стаць для цябе мацi. Шляхi да святасцi i Бога былi адкрытыя перад табою. Але ты аддала перавагу людскiм страсцям. Ты пайшла iншым шляхам. Ты заблудзiлася... Ты праклята.

IЗАБЭЛА. Матушка! (Кiдаецца ёй у ногi.) Матушка! Як жа?..

МАЦI-IГУМЕННЯ. Гасподзь лiтасцiвы. Ён зразумее. (Сёстрам) Закаваць яе!

IЗАБЭЛА. Бярыце мяне! Палiце мяне! Усё вытрымаю, усё прыму. Толькi не чапайце яго! Ён не вiнаваты. Гэта я, я...

МАЦI-IГУМЕННЯ. Маўчы! Святая Царква не пакiне цябе. (Iзабэлу звязваюць i прыкоўваюць да сцяны. Сёстрам). Сястру Ганорыю занясiце ў царкву. Я сама буду адпяваць яе. Падрыхтуйце месца на манастырных могiлках.

СЯСТРА МАРЫЯ. Што будзе з сястрой Iзабэлай?

МАЦI-IГУМЕННЯ. Што будзе? Гасподзь пакажа!

(Выходзiць. За ёю выходзяць манашкi, з сабою нясуць цела сястры Ганорыi).

Сцэна 25

(Заходзiць сястра Iаана).

СЯСТРА IААННА. Iзабэла.

IЗАБЭЛА. Што? Хто тут?

СЯСТРА IААННА. Цень ад ценю...

IЗАБЭЛА. Iаана, ты?

СЯСТРА IААННА. (рэхам) Ты, ты, ты, ты...

IЗАБЭЛА. Дзе ты? Тут цёмна. Я не бачу цябе.

СЯСТРА IААННА. (рэхам): Цябе, мяне сябе, кахаць...

IЗАБЭЛА. Ты прыйшла, каб пасмяяцца з мяне?

СЯСТРА IААННА. Як ты забiла яе?

IЗАБЭЛА. Што?

СЯСТРА IААННА. Ты забiла яе каменем?

IЗАБЭЛА. Так.

СЯСТРА IААННА. А калi ты праламiла ёй галаву, адтуль не вылецела тпушка зiмародак?

IЗАБЭЛА. Не.

СЯСТРА IААННА. Дзiўна. Я была ўпэўненая, што ў яе галаве сядзiць птушка зiмародак.

IЗАБЭЛА. Iаана, паслухай, я, напэўна, пакрыўдзiла цябе нечым.

СЯСТРА IААННА. Напэўна...

IЗАБЭЛА. Паслухай, я, можа нетак паставiлася да цябе.

СЯСТРА IААННА. Можа...

IЗАБЭЛА. Даруй мне.

СЯСТРА IААННА. Дараваць? Ты просiш мяне дараваць тое, што разарвала мне душу, што ты затаптала яе так, што яна ператварылася ў маленькi, шэранькi блiн?

IЗАБЭЛА. Я не хацела гэтага. Ты ведаеш...

СЯСТРА IААННА. Я ведаю? Я ведаю, што ў тваёй галаве сядзiць не зiмародак, а мядзведзь. Я ведаю, што, хоць у цябе i няма звярыных кiпцюроў на нагах, ты ўсё роўна напалову зверанё.

IЗАБЭЛА. Няхай, няхай так. Аднак жа я люблю цябе, Iана, люблю як сястру, якой ў мяне нiколi не было. Ты мне вельмi, вельмi дарагая.

СЯСТРА IААННА. Дай руку.

IЗАБЭЛА. Што?

СЯСТРА IААННА. Дай мне сваю руку

IЗАБЭЛА. Навошта?

СЯСТРА IААННА. (Бярэ руку i прыкладае яе да свёй шчакi). У цябе такая мяккая скура. Цудоўная скура. Мяккая i гладкая.

IЗАБЭЛА. Паслухай, у мяне ёсць да цябе адна просьба.

СЯСТРА IААННА. ...мяккая, яе хочацца цалаваць (Цалуе). Гэтая скура сама як пацалуй анёла. Цябе нiколi не цалавалi анёлы? Я люблю, калi яны цалуюць мяне. Я сплю, а яны цалуюць мяне...

IЗАБЭЛА. Паслухай... Калi ты маеш хоць кроплю спачування i любвi да мяне, малю цябе, памажы яму..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю