Дэжа вю: перавыбранае
Текст книги "Дэжа вю: перавыбранае"
Автор книги: Андрэй Хадановіч
Соавторы: Андрэй Хадановіч
Жанр:
Поэзия
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)
Андрэй Хадановіч
Перавыбранае
Вершы з пяці кніг
З кнігі “Старыя вершы” (2003)
Ноч у мытні пры старым замку
Сам насам са швэдрам, што кінуты ў кут,
сам насам са страчаным часам,
сам насам з уласнай прысутнасцю тут,
са столькім, што ўжо не сам насам, –
знадворку, бо замак замкнуты стары,
на пекную гледзячы зорку
(знадворку адносна ўсяго, што ўнутры, –
так блізка, што ўжо не знадворку),
нарэшце стамлюся ад словаў, чужы
у некалі скончанай спрэчцы,
нарэшце спынюся на самай мяжы –
так позна, што ўжо не нарэшце.
Выбар
я абіраю вольнасць
як абіраюць бульбу
атожылак пінскай
пасля панямонскай
нарэшце чарнобыльскай
шляхты
(што сынку дапамаглі табе
гэтыя ш-ш-ш-ляхі?)
які атруціўшы атрамант
амаль не зважае на лямант
бо покуль не момант
скуголіць раўці турбавацца
праз нейкія там бел-чырвона-
белыя плямы на мапе
згвалчанай колісь Еўропы
Падшпарак-Пачварак
Я завуся Падшпарак-Пачварак,
бо паводжу сябе вельмі дрэнна.
Я аматар падступак і сварак;
не чытайце маралі – дарэмна!
Каб дабро пацярпела фіяска,
я гатовы пайсці на злачынства…
Ах, спадар буржуін, калі ласка,
запішыце мяне ў буржуінства!
Адчуваю нашмат сябе ўтульней,
як залажу ў чужыя кішэні.
Пагуляць у дарослыя гульні
запрашаю – прымі запрашэнне!
Я юнак-падсвінак, юны злодзей.
Спадары, пашкадуйце дзяцінства:
я з маленства жыву на балоце –
запішыце мяне ў буржуінства!
Я страшэнна хачу бочку сочыва,
я страшэнна хачу кошык печыва,
а маё сэксуальнае рэчыва
ўсё чакае чагосьці жаночага!
Вам прадамся за смачную булку
(толькі страўнік – крыніца адзінства!),
палітычнага дайце прытулку –
запішыце мяне ў буржуінства!
З лістоў Івана Жахлівага да Н.К. Крупскай
Богу роўным станецца той смяротны,
Што будан сямейны з табой раздзеліць,
Раявацьме поруч з такою порсткай,
Палкай кабетай!
Твой пяшчотны голас пачуе зблізку,
Любы твар убачыць у сне й наяве,
Лёгкае дыханне па кроплі вып’е
Ў цёмных прысадах!
Навярзе на вушка нясціплых рэчаў,
А пасля занурыць у пацалунках:
Пацалуеш раз, а юрлівым вуснам
Хочацца болей…
Дай яму спазнаць і дабра, і ліха,
Дай яму сарваць незямное веды
З дрэва каталогаў тваёй машыны
З назваю “Apple”!..
Мушу скончыць ліст: пару пільных справаў
Маю вырашаць, а найперш – павешу
Ўсіх стральцоў. Чакаю твайго адказу.
Ваня Жахлівы.
1 крэсавіка 598 (?) да н.э., выспа Віскас
Львоў
Юрку Прахаську
Адапхнуцца ад Ратушнай вежы ды рынуцца ў бездань,
каб магутныя крылы паноўных над местам званоў
падхапілі, панеслі, загойвалі даўнюю бессань,
занураючы ў фарбы ляткіх недабачаных сноў.
Бессэнсоўна лунаць, абмінаючы стрэчныя вежы,
прамінаючы коміны ў іхнай цаглянай красе.
І спачыць ад палёту, і пасвіць начныя відзежы
на бляшанай, старой, незнаёмай з дахоўкай страсе.
Назіраць, як у шпацырах вечар праводзяць львавяне,
па спякотных гадзінах лагодны вітаючы змрок,
удыхаючы водар з густоўнай павохнай кавярні,
пад павекамі цемры павольна губляючы зрок.
Усміхацца разумнаю ўсмешкай крылатага блазна
жабраку, што пры цэрквах на вечных жабрачых правах.
А калі заманецца агледзець усё падрабязна –
і самога сябе нечакана знайсці далавах.
Заблукаць, загубіцца, заблытацца, трапіўшы долу,
ў камяніцах, дзе genius loci дагэтуль жывы.
Са шматлікіх святыняў аддаць перавагу касцёлу –
пасля шклянкі-другой каньяку ля армянскай царквы.
Ля муроў Бернардынаў піць піва з вядомым паэтам;
калі ж зноў скалане наваколле стрывожаны спіж,
павучынай сягнуць па-над галіцкім бабіным летам,
як паветраны змей, самагубна ўзлятаючы ўвыш…
Заблукаўшы ў паветры, прасторы, няздзейсненым міце,
каляровы матыль, папяровы кітайскі дракон
патанае ў блакіце, блакіце, блакіце, блакіце…
І вялізарны звон пераможна плыве наўздагон.
З кнігі “Лісты з-пад коўдры” (2004)
Лісты з-пад коўдры
праз акно месяцовы поўраз
апускаецца па крывой
я не бачу
залез пад коўдру з
галавой
навісаюць словы хадульна
расстаўляюць пасткі пасты
а пад коўдрай цёпла і ўтульна
і нястрашна пісаць лісты
будзе рады палкоўнік маркес
і астатнія пацаны
асцярожна ступае накрас
клышаногі й трохі п’яны
не кампутарныя крамзолі
а жывое рукі сляды
хай баляць на пальцах мазолі
не бяды
бо нашто электронная пошта
калі проста так не ў пару
немавед пра што і навошта
немавед каму гавару
Калыханка для маладога літаратара
Кукалка, каўшанка, хрызаліда,
лялечны зародак вышыні!
Досыць гідкіх фарбаў краявіду,
іншага няхай грызе агіда!
Супакойся, мілы, адпачні!
Спі, дзіцятка, птушкі ўжо паснулі,
зоры ў неба па ваду пайшлі.
Кукавадла вусцішнай зязюлі,
люлі-люлі, прыляцелі кулі…
Стала ціха на усёй зямлі.
Засынай, загорнуты ў анучы.
Пасталееш хутка ў барацьбе.
Спі, выратавальнік наш прыйдучы:
у абладзе фюрэра і дучэ
спадзяемся толькі на цябе!
Некалі ў варожым наваколлі
возьмешся з расою за кассё
беларускай мовы, і ніколі
не забудзеш, што вучыў у школе:
геній у адказнасці за ўсё!
Зведаеш, што значыць акавіта,
і спазнаеш поспех у кабет;
станеш апранацца самавіта,
станеш выражацца сакавіта,
станеш карыстацца з “алфавіта”
і забудзеш слова “альфабэт”…
Хрызаліда, кукалка, каўшанка,
запарука крылаў матыльку,
дурню – радасць, знаўцу – абяцанка, –
слухай, як лунае калыханка
на халодных крылах скразняку.
З чаго пачынаецца Жодзіна?
З чаго пачынаецца Жодзіна?
Дальбог, не з машыны “БелАЗ”!..
Я сёння святкую народзіны:
Як што, запрашаю і вас!
Пад месяцам, сонцам і зоркамі
Балюе з суседам сусед.
Як сцвердзіў паэт, i паморкамі
Ёсць час для сяброўскіх бясед!
Як не, адмаўляйся без сораму –
Шмат ежы на Белай Русі!
Пад месяцам, сонцам і зорамі
Ўсяго ўсё адно не з’ясі!
Шчэ больш на зямлі – мама родная! –
Харошых ды розных кабет;
Ды не пакахае ніводная,
Хоць руш у манахi ў Тыбет!
Сігаеш за пекнымі паннамі,
Ды марным стаецца твой сіг.
І ўсё ж не памрэм занядбанымі,
Бо Жодзіна дбае пра ўсіх!
Сардэчнымі словамі, поўхаю,
Прутом, бізуном, рамянём
Гадуе, кунежыць, выхоўвае.
І большай ні ўночы, ні днём
Нас песціць не знойдзем аматаркі.
А як адыходзім да сну,
Вачыма ласкавае мацеркі
Глядзіць у калыску й труну.
Пільнуе ды сочыць паводзіны,
То хваліць, то ставіць у кут…
З чаго пачынаецца Жодзіна?
Яно пачынаецца тут…
За мрой экзатычныя спецыі,
За праўду ў айчынным віне,
За Grande Canale ў Венецыі,
Які не гайдае мяне;
За госця, няйначай татарына,
Нязванага сябра твайго;
За Катадру Нашай Спадарыні,
Якая смяецца з Гюго;
За сверб разумовага голаду,
Што я спаталяў задарма
Агнямі вялікага гораду,
Якому наймення няма, –
Чым стане мне змогі, аддзячу я
Найлепшай у свеце зямлі –
За першыя крокі дзіцячыя,
За першыя слёзы, калі
Бацькамі бяз жалю-без літасці
Быў гнаны ў дзіцячы садок…
Што будзе пасля – акалічнасці,
Галоўнае – першы радок!
Пачатак, прывабныя ўводзіны
Жую саладзенькім дражэ:
З чаго пачынаецца Жодзіна?
З разгалістай літары “ж”,
Як жонка, жыхарства, жыдоўская
Жахліва жывая журба,
Жабрацтва, журы, “Жыгулёўскае”,
“Жызэль”, “Жэрміналь”, жажаба,
Жырафа, жаўрук з журавінаю,
Жыгучка, жаўнер, жалуды,
Жаданне жывіцца жанчынаю,
Жартоўнасць жыцця без жуды…
Славутую песню каверкаю,
Карціны ўстаюць уваччу.
Пытанне гаркавай цукеркаю
У роце смакую, смакчу, –
Як гронку чырвонай смуродзіны.
І тахкае сэрца ў грудзях.
З чаго пачынаецца Жодзіна?..
І ці абяцае працяг?
Бармэн-сюіта
На тытунёвай фабрыцы жанчыны
чатыры дні таму без дай прычыны
абвесцілі агульны лакі-страйк,
і ў бары прыбыло слабога полу:
ціхманы апускае вочы долу,
затое для залётніка – кландайк!
Наш бар – утульны, танны і спакойны:
сусветныя паскончваліся войны
і не сваволяць зброяй землякі.
А па-за тым, наш бар – на параплаве,
і лярвы, не забітыя ў аблаве,
бухаюць на сярэдзіне ракі.
Была адна, што больш за ўсіх бухала
й не апускала веек-апахала,
стыдаючыся позіркаў гасцей.
Яна была па пашпарце цыганкай,
паводле звычак – нашай выхаванкай
і ўвагі нашай знакі найчасцей
“зялёнымі” прымала і “капустай”,
ды яўнай не займалася распустай,
бо замужам была, хоць сужанец
часова кукаваў без сужаніцы,
за кантрабанду седзячы ў вязніцы:
злавілі на гарачым – і канец.
Фліртуючы з сумнеўнымі сябрамі,
яна чакала пры турэмнай браме,
пакуль яе прапусціць вартаўнік,
што стаўся сведкам ейнай прыгажосці
і дзень пры дні чакаў красуню ў госці –
і пачуцця фатальнага не ўнік.
Ён прагнуў, каб аднойчы, у Севільі,
ягоны сон яны ажыццявілі,
пабраўшыся ў мясцовага айца…
Ён не чытаў “Кармэн” – быў непісьменным.
А я на параплаве быў бармэнам
і бачыў гэту драму да канца.
Няшчасны вартаўнік паходзіў з баскаў
і з недаверам ставіўся да баксаў,
і шлях, якім пайшоў ён, быў цяжкі:
ён дарыць краскі, краля – анігадкі,
ні гваздзікі не ўражваюць, ні брáткі,
бо іншае дарылі ёй браткí.
Ён трызніў у душэўным неспакоі,
начамі паўтараў імя, якое
мы блыталі то з кармай, то з кармой.
А здрадніца сядзела ў нашым бары
і, не знайшоўшы ніштаватай пары,
маркотна частавалася хурмой…
На параплаве музыка іграе,
канчаецца трагедыя старая:
прыбылы з Андалузіі нацмен
у бар наш урываецца без маскі
і, крыючы па-мацеры па-баскску,
страляе ў беспасажніцу Кармэн:
“Ну дык не даставайся ж ты нікому!”
Юрлівіца правальваецца ў кому,
а там адно цямрэча й цішыня…
А заўтрашні Высьпяньскі (ці Астроўскі)
нацешыцца й забудзе па-матроску,
як востраў (выспу) ўчорашняга дня.
Калі разгуляецца…
Люблю навальніцу на свята працоўных,
калі разгуляецца ў небе пярун,
а тут, на зямлі, са стыхіяй на роўных,
свой верш прамаўляе паэт-гаварун.
Нябёсы маланкай міргнуць дабрачынна,
вясновую зліву ўзмацніўшы ўтрая, –
прамокне наскрозь чарнявая дзяўчына,
прынада, прынада, прынада мая!..
Да хаты вяртаецца ўдзячная моладзь
з дзіцячых садкоў беларускіх і школ,
нябеснага бацьку ў Жыровічах моляць,
каб шчасце ды мір панавалі вакол.
На ўсходзе даўно не здаралася путчаў,
на захадзе хутка дазволяць аборт,
а шчасны паэт, не раўнуючы Цютчаў,
чакае натхнення, пускаючы “word”.
Ён будзе пяяць пра сюжэт старадаўні.
Пра іншае, дружа, пакуль памаўчы!
Як кожнага году на першага траўня,
галоўнае свята пачнецца ўначы.
Курган векавечны амаль раскапаны,
і хутка натоўп неразумных хазар,
вампіры і ведзьмы, залётнікі й панны,
калонай памкнуць на славянскі базар!
Сябрына на шабаш, бы спожыць у кайстру, –
без лебедзяў чорных і белых варон.
І кожнай Мальгрэце – асобнага Майстра,
і кожнаму Фаўсту – уласны патрон.
Шатаны, анёлы, багі, дэміургі,
прыходзьце, нясіце дары ў дарасхоў:
зямля беспасажна-цнатлівых Вальпургій
дагэтуль чакае сваіх жаніхоў!
Вольны муляр
Я буду будаваць сабе кватэру,
з буслам на даху й Будам на сцяне.
Не бунгала, не будку бультэр’еру –
бетонны бункер – не разбурыш, не!
Каб днём бурлескам бузаваць паперу
і бударажыць будуар у сне.
Будуючы, у будучыню веру…
Хоць з бадуну нам рай і ў будане.
Будуйма! А падтрымкай нашым будням –
Сямён Будзённы із Сымонам Будным,
Афрык Сымон (музыка), дзядзька Сэм,
Сім, Хам, Яфет… Збудуйма нармалёва
і Будапешт, і Буда-Кашалёва,
Буэнас-Айрэс, Бургас, Бэтлеем!
Няўлоўныя мсціўцы
Нам калыханкай сталіся здаўна
гарматны гул і кулямётны строкат.
Мы часцяком спыняліся за крок ад
смяротнай бліскавіцы й перуна.
Паслоў варожых пасылалi на…
Блукалі па балотах, жэрлі блёкат,
пілі атруту i, паснуўшы ўпокат,
цвярозымi ўставалi давiдна.
Без мараў пра хвалу і ўзнагароду
жыццё аддаючы ў імя народу,
на вогнішча ішлі, як Жанна д’Арк.
Бо кожны з нас да звышгеройства звыклы,
і вораг часта бачыў нашы іклы,
заходзячы ў мясцовы заапарк.
Chansons de geste
1.
Дзіўлюся намаганням чалавечым:
забыўшыся на пляшку і графін,
чытаннем зрок над свечкаю нявечым –
і льецца на старонкі парафін.
Лепш смерць ад кніжнай плесні ў галаве, чым
тэлевізійны бог, Ісус “Навін”.
І трызніць уначы сераднявеччам
амаль абеларушчаны ліцьвін.
Ён там, дзе воі гінуць на адхоне
і трубіць Аліфант у Ерыхоне,
і лопаюцца скроні трубача.
Па даўняй гераічнай завядзёнцы
хаўтурны стол чакае крумкача –
і Шарлемань Бэн Нун спыняе сонца.
2.
Дванаццаць пэраў – у адной палаце:
дыягназ просты – печаняў цыроз.
Ім лекар, што сядзіць тут на зарплаце,
паліць не дазваляе папярос.
Спіць Аліўе, чый твар даўно ў салаце:
ён марыў паглядзець Ралан-Гарос,
а бачыць Ганэлона ў маскхалаце,
што зросся па кавалках і ўваскрос.
Першасвятар Турпэн, зацяты вернік,
дазнаўся, што на свеце быў Капернік
і не было нязрушнае зямлі.
Ой, Госпадзе, нябесны абаронца,
калі зямля бяжыць наўкола сонца,
дык што ж тады спынялі каралі?!
Вагнер. Тэтралогія “Фаўст”
І. Пра-Фаўст
Ён век тапіў у ведзьміным нектары,
як сведчыць знакаміты фаліянт;
пяяў для Грэтхен нават без гітары,
і спеў быў найчысцейшы, як брыльянт.
Пасля ў вар’ятні білі санітары
(няспраўджаны дагэтуль варыянт).
Агент “0,7”, кароль усёй шклатары,
ягоны цёзка і фаміліянт.
Цяпер яго не вабяць пагулянкі:
а мо шатэнкі й насамрэч шатанкі?
Не, досыць! Ён адгарцаваў сваё!
Як радца, мае ў Ваймары заробак,
чытае Аляксандра-бацьку, то бок
прыгоды д’Артаньяна й Рышэльё.
ІІ. Бессань у ноч Вальпургіі
Праз горы й красавіцкі начны холад
у месяц травень рушыш напрасткі.
У небе два сузор’і – Серп і Молат –
плывуць, прычым у розныя бакі.
Красуня на мятле й рагаты волат
мілуюцца й скавычуць, як ваўкi;
твой сябра Мефістофель (ён жа – Воланд).
Што за народ? Вядома ж, землякі,
што раз на год збіраюцца на Гарцы.
Кульнуць па чарцы ды з’ядуць па скварцы –
і браму пекла разаб’юць ушчэнт.
І ўратаваны шараговец Каін,
як гаспадар ад Брокену да ўскраін,
паўсюдна здзейсніць поўны хэпі-энд.
ІІІ. Гамункул
Каспара, Мельхіёра й Бальтазара
не будзе – я не веру ў трох цароў.
З набыткамі вяртаюся з базару,
каб хлопец не застаўся без дароў.
Мне ж падарункам – здзейсненая мара:
праз кропельніцу ўведзеная кроў
бруіцца ў жылах, ажыла пачвара,
ён нарадзіўся, Вагнер! Будзь здароў,
чатырохкротны доктар і магістар,
загартаваны ведаю філістар,
няўдзячны імітатар хараства,
ледзь не забіты сківіцай аслінай!
Ты па начах над колбай пырскаў слінай –
і стаўся зоркай новага Раства!
Але памрэш, як жыў, – напаўраслінай.
ІV. Галена
Ты ўзнёс у ейны гонар не хаціну –
гатычны замак, велічную цвердзь.
Схуднеўшы ад кахання на траціну
й цвярозы розум страціўшы на чвэрць,
намаляваў уяўную карціну:
любоўны вір, пяшчотаў кругаверць.
Ды твораць неадольную плаціну
яе каханкі, час, прастора й смерць.
Ты прагнеш немагчымага, упарты,
з нябыту клічаш валадарку Спарты,
царыцу старажытнагрэцкіх сноў.
Ды мара не скараецца нахабу:
над прывідам схіляешся – і зноў,
гаротны, узасмокт цалуеш жабу.
Вавілонскі праект
1.
Марнеюць у гародзе буракі,
ні часныку не вырасла, ні кропу:
вось радасці суседу-мізантропу,
што пяты год не падае рукі!
А ў хаце, без цукерак і сіропу,
пакутуюць самотна хлапчукі:
не хочуць рускамоўныя бацькі
пускаць іх у пясочніцу Еўропу.
Як пусціш? У тамтэйшых дзетак спрэс
грашовы інтарэс і пулярэс,
а іхныя бацькі – зірні на пейсы! –
героі найпачварнейшых легенд –
гандлёвец, здраднік, хлус, інтэлігент –
жыды, касмапаліты, еўрапейцы!
2.
Не, мы не проста бавімся ў пяску –
падмурак новай Вавілонскай вежы
будуем на памежжы. (Рым нясвежы,
ды скуль жа іншы возмецца ў радку?)
Канструктар “Lego” возьмем у руку…
Дарэчы, што за дзіўныя відзежы?
Вандроўны цень у форменнай адзежы
па нашым шнырае мацерыку.
Хто там ідзе? Мо ўласную харызму
нам дэманструе прывід камунізму?
Маг Бальтазар? Маэстра Картасар?
Не, гэта з пошты тупае палкоўнік:
нарэшце ліст – і ён бярэ каркоўнік,
па-еўрапейску кажучы – гляйс ар.
3.
Не тую парыжанку, што ўсе вы
шануеце не менш за Мону Лізу;
не іншую, чый кругаслуп крывы
на ўсе вякі праславіў горад Пізу;
не тое дзіва, што сярод Масквы
сасной палала ад гары да нізу, –
не, нашая не схіліць галавы
дый у Еўропу нам адкрые візу!
Складзем на вежы з вершаў пра чабор
дыхтоўны беларускі кнігазбор,
што апявацьме Борхес невідушчы…
А мо наўкола пасадзіць лясы
і жыць, як у Гусоўскага часы,
у нетрах Вавілонавежскай пушчы?..
4.
Не хопіць у пясочніцы нам гліны,
каменьчыкаў стае адно ледзь-ледзь,
а мы ўсё лепім крохкія цагліны,
каб нашай пабудове ацалець.
Будуем казематы, равеліны
і кажам: “Трывалейшыя за медзь!”
А словы сэнс мяняюць штохвіліны,
і аднадумцам цяжка зразумець.
Мы ім: – Каштоўны скарб Старога Свету!
Друкарства! Рэфармацыя! Асвета!
Навука! Гільятэн і Франкенштэйн!
Грамадская й Шэнгенская дамовы!
Кілішак дваццаціпяціграмовы!
Еўропа, разумееш?! – Ніхт ферштэйн.
Маленькі жабрак
Я ведаю, няма тваёй віны
ў тым, што кагось прыручыш алкаголем.
Учора ўночы мне прысніўся Голем,
пітушчы прывід пражскае вясны.
Кітайскім матылям тлумачым сны,
а раз на месяц роспачна скуголім
на месяц – голым каралём дэ Голем
з кінэматаграфічнай прасціны.
Раскоша чалавечага сумоўя,
цяпельца выпадковага зімоўя…
Тапелец, што прачнуўся ў немавед
якім паветры без вады і сябры,
спрабуе надзімаць пялёсткі-жабры,
самотнай ружай кінуты ў сусвет.
Трамвай “Жаданне”
Остановите, вагоновожатый…
М. Гумілёў
Ты пустазеллем у цяпліцы вырас
і хутка забадаў усіх, бадай…
І рвецца з вуснаў нецэнзурны выраз,
хоць іншаземцу чуецца: “must die!”
Нясеш па свеце небяспечны вірус:
замураваны ў бомбе самурай,
ляціш з нябёсаў і сягаеш віру з
небеларускім воклічам “банзай!”
Нібы забыты лірыкамі топас,
блукаеш па начах, п’яны аўтобус,
ці карабель – у акіяне слоў…
Ты са слупамі загуляўся ў кеглі
і йдзеш на дно, а пасажыры збеглі,
як толькі флейту ўзяў пацукалоў.
Паслямова
Ты занураўся ў сене, нібы ў Сене,
з цыганскаю красуняю Кармэн,
ёй недарэчы дарачы насенне
й нічога не жадаючы ўзамен.
Пара збіраць плады, цяжар асенні
узважваць, ды марнее твой бязмен.
А ты ўсё прагнеш боўтацца ў басейне –
мяркуеш, што дагэтуль супермэн.
Ты б мог сягнуць вышэй за піраміды,
але ў кампутары Семіраміды
твой сад завіс яшчэ ў палеаліт.
Гадуючы жыгучку і дзядоўнік,
чакаеш, покуль з’явіцца садоўнік,
які націсне “ctrl”-“alt”-“delete”.
Дачакаць!
Чаканне каштоўнейшае за чаканку
старых медалёў, старажытных манет.
Чакаць ганарару, навінаў, каханку,
што ўночы наведае праз “інтэрнэт”;
чакаць, што знаёмыя вернуць пазыкі,
і клясціся больш не даваць напавер;
чакаць, што паўстане народ без’языкі,
калі пасля дожджыку будзе чацвер;
чакаць, і пад томам “Сымона-музыкі”
у пыльнай шуфлядзе трымаць рэвальвер.
Чакаць, калі здарыцца Раз Назаўсёды,
з надзеяю гледзячы за далягляд.
І вось дачакацца, калі не свабоды,
дык першых у новай эпосе каляд.
У міры ды згодзе, са смехам дый годзе,
на стол пачастункі паставіць свае
і ў першага-лепшага тысячагоддзя
спытаць: “Трэцім будзеш?”
А раптам не п’е?!
Усе атрымалі святочныя грошы,
засмажылі тлустую смачную гусь
і жджэм, што апоўначы самы харошы
з экрана прамовіць “Жыве Беларусь!”
А мы ап’янеем, губляючы розум.
Закружыцца голаў ад мрояў і кроз.
Міколка, што некалі быў Паравозам,
а сёння ўвіхаецца як Дзед Мароз,
ізноў распачне навагоднія жарты,
снягуркі апрануць свае кімано
і сядзе дасведчаны шулер за карты –
гуляць са стагоддзямі ў “дваццаць адно”…
А стрэлка праходзіць апошні адцінак.
(Два тысячагоддзі – на ейным баку!)
Зязюля падкінула яйка ў гадзіннік
і хутка ўсясветнае грымне “ку-ку”.
Прадмова да Кнігі Юдзіф
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
дзе бароняць звяры сваіх нораў;
дзе рахманыя пчолы бароняць вуллі,
пазабыўшы пра мірны свой нораў;
дзе пра голаў тваю гільятына пяе,
дзе бароніць пятля тваю шыю,
птушкі гнёзды зацята бароняць свае
й беларусы бароняць чужыя;
дзе Заслонава прывід стаіўся ў траве
і штовечар паненак лякае –
памяркоўная нацыя ціха жыве,
толькі гутарка ходзіць такая:
што анёлы бароняць крылаў сваіх,
каб не ўмёрлі;
што шатаны бароняць рылаў сваіх,
каб не ўмёрлі;
што тапельцы бароняць сваіх віроў,
белавежскія пушчы – сваіх зуброў,
бэтлеемскія зоры – сваіх цароў,
каб не ўмёрлі;
што сярпы бароняць сваіх каласоў,
каб не ўмёрлі;
што ткачыхі бароняць сваіх паясоў,
каб не ўмёрлі;
кожны першы бароніць сваіх другіх,
найлягчэйшы бароніць іншых, цяжкіх,
пагарджаных век, іх, сляпых, глухіх,
каб не ўмёрлі;
Беларусь бароніць сваіх Скарын,
каб не ўмёрлі;
Маргарыты бароняць свой маргарын,
каб не ўмёрлі;
невідушчы бароніць свой далягляд,
найсвятлейшыя панны – сваіх немаўлят.
Барані сваё й дажывеш да каляд
з беларускай песняю ў горле!
Раство на “Раствора-Бетонным”
Раство на “Раствора-Бетонным”.
Снежань за часам мясцовым.
Цяжка брысці мадоннам
у зімным святле месяцовым
ходзішчам незнаёмым
з ліпамі паабапал.
Вось Каспар пакрыёма,
нібы кульгавы д’ябал,
вось Бальтазар з батонам,
вось Мельхіёр з бітонам –
на пацеху мадоннам
крочаць “Раствора-Бетонным”.
Слота вечная наша,
звыклы голад і холад.
Вецер made in Russia,
вецер made in Poland.
Паўзе апошні тралейбус.
Наступны прыпынак “Раствора-
Бетонны”. Падпіты бэйбус
глядзiць на мадоннаў сувора.
Дзеўкі – ведзьма на ведзьме –
бавяцца ў тамагочы.
Месцаў мадоннам з дзецьмі
ніхто саступаць не хоча.
На мёрзлых шыбах узоры –
лотаць, канвалі, ружа –
банальна звялі – І’m sorry –
ад рыфмы банальнай “сцюжа”.
Зімна крохкім бутонам.
Парай плыве гаворка.
Над “Раствора-Бетонным”
у небе спыняецца зорка.
Гары Потэр, ліцэіст
Я нарваўся на шалёных троляў на польскай мяжы ды ў Менску
крыху не паразумеўся ў бары з вампірам – а так усёнька было
гладка…
Дж. К. Роўлінг. Гары Потэр і Ордэн Фенікса
Гары Потэр, выдатнік у гуманітарным ліцэі,
пераможца на алімпіядах па бел-чырвона-
белай магіі, зноўку ў пошуках панацэі:
дух закону ці – па традыцыі – зуб дракона?
Бо ў газетах вусаты гоблін з кілішкам жытняй,
над мяжою ў паветры вісяць птушыныя коркі,
пошту з выраю рэквізуюць ужо на мытні
то шалёныя тролі, то оркі з Мар’інай Горкі;
бо дарога даўгая й рэклама задарагая,
бо сышлі ў шоў-біз настаўнікі ды сяброўкі,
бо чырвона-зялёная магія перамагае
й цуда-зёлкі ідуць на экспарт у складзе зуброўкі;
бо чароўнаю палачкай стаўся дручок гумовы
й барада тэрарыста-джына прамокла да ніткі,
бо ў астатніх школах не вучаць птушынай мовы,
а палёты на памяле спыняюць зеніткі;
галасы аднадумцаў гучаць з кожным днём ахвярней,
і штодня складаней трымацца нейтралітэту,
жлукціць безалкагольнае піва ў таннай кавярні
ў атачэнні занудаў з варожага факультэту…
Закаркоўвае пляшку й выходзіць на ліпеньскі водар.
Сквер Марата Казея, а ў пляшцы – кактэйль для цвярозых.
Ён, вядома, ізноў пераможа, бо ён Гары Потэр,
ратавальнік вялікіх дзяцей і маленькіх дарослых.
дэжа вю
ажываюць персанажы анекдотаў
з падсвядомасьці выходзяць на пленэр
зноў матросаў закрывае дзіркі дотаў
зноўку бацьку падстаўляе піянер
льецца песня на далёкім паграніччы
у чальцоў кпсс пайшоў працэс
мудры чукча запалярны паляўнічы
стаў на лыжы з групенфюрэрам эсэс
падрывае партызан цягнік варожы
ў акупантаў перманентны пераляк
іх чакаюць ваяры на раздарожжы
тры танкісты рускі немец і паляк
прыхадзіце сёння ў танку будуць танцы
баявік ужо ўзышоў на бранявік
пралятае на тачанцы-растаўчанцы
кат катоўскі энергічны сілавік
камікадзэ супраць шашкі скача боса
куля дура камандарма не чапай
ардынарац пецька тройчы выдаў боса
крыкнуў певень і на дно пайшоў чапай
але прывід камунізму тут не вымер
ён глядзіць з чырвоных зорак п’яны ў дым
і ваван валодзя вовачка ўладзімір
назаўсёды застанецца маладым
арляняты гэй шыхтуйся ў шчыльны шэраг
паляцім куды не ходзіць наш цягнік
як не згубімся? элементарна шэрлак
нас чакае дасканалы праваднік
верным шляхам запаветамі дэ сада
верным шлюхам не застацца сёння збоч
па вальпургіевай ночы шахразада
будзе вам варфаламееўская ноч
хто ідзе? штандартэнфюрэр са штандарам
прапар з прапарам выходзіць на прасцяг
шпаркім крокам проста ў будучыню шпарым
па кастрышчах па касцёлах па касцях
ананасы із шампанскім будуць нашы
хто не з намі пасмяротна стане наш
ажываюць персанажы персанажы
трыюмфуе неўміручы персанаж
гарадскі раманс
у год дваццаць восьмы як ты нараджэннем пацешыў айчыну
амаль выпадкова сустрэў ты дзяўчыну дакладней жанчыну
вы стрэліся з ёю на лесвічнай клетцы на сёмым паверсе
шыкоўныя ногі й даруй мовазнаўца адметныя персі
такое здарэнне такая падзея такая прыгода
між сёмым і шостым дакладней паверхам ля смеццеправоду
яна была роўнай блукаючай зорцы вандроўнай камеце
калі грацыёзна цябе абмінула выносячы смецце
без лішніх ілюзій без марных спадзеваў без подумкі задняй
яе ты праводзiў амаль да пярэдняй вітальні дакладней
ты крочыў у спальню з трымценнем хлапечым з дрыготкай юначай
нічога такога не меў ты і ў думках ды выйшла іначай
яна цалавала пяшчотней ад сонца за ветрык лагодней
ты зь ёй сустракаўся штодзённа а часам і двойчы на содні
ты быў шараговым амаль выпадковым і зрэшты чарговым
каханкам красуні ў цагляным будынку сяміпавярховым
а сэрца пяшчотай бруілася ўпотай дакладней каханнем
якое багомім кунежым і песцім руйнуем і ганім
з юрлівых і ўвішных збірае Ўсявышні нявернасці чынш і
цвітуць ужо вішні а потым віншую з’яўляецца іншы
падводзячы вынік мілосным турботам нядзелям суботам
а потым няпруха а потым запоі а потым а потым
а потым з балкону зрываешся долу амаль выпадкова
і лічыш паверхі і дзякуеш лёсу сяміпавярхова
альба альбарутэніка
я стаю пры тваім акенцы
і пяю табе сэрэнаду
ты ў акне ў празрыстай сукенцы
мне гаворыш мальчык ня нада
я ж чаканю рым дубальтовы
й не пайду да ранку дамоў
на ўсіх мовах пяяць гатовы
(ты ня ведаеш гэтых моў)
па-японску як такубоку
па-кітайску як сам лі бо
я кахаю цябе глыбока
ты прымі гэту альбу альбо
засьпяваю новыя альбы
я давёў іх сёньня да ладу
перайду для цябе цераз альпы
і складу ня альбу баляду
эх пакласьці цябе на раяль бы
і такую ўчыніць карусэль бы
я цябе апяваю ў альбе
гэта як сустрэча на эльбе
гэта варта вершаў і прозы
й трызьняць альбаю ў неспакоі
альбіносы і альбатросы
альбігоі і проста гоі
напісаць пранізьлівы вершык
пра любоў пад мастом мірабом
зрымаваць традыцыйна зь “вершнік”
і пакінуць табе ў альбом
падбіраць беларускія словы
і крычаць іх адно табе
зразумелыя да паловы
і ня ўсім жыхаром эрбэ
у парыве літаратурным
барукацца зь дзявочым сном
трубадурам не трубадурнем
пад тваім замкнёным акном
* * *
Час перайсьці ад словаў да явы
(раяць курцы і матацыклісты),
толькі прыходзіць сон мой яскравы,
зыркія словы ў золак імглісты.
Ён наплывае, нібы знадворку,
покуль чуйную ў вадах і хібах.
Распачынае зьліва гаворку,
першыя кроплі граюць на шыбах.
Дэсантавацца ў сярэдзіну зьлівы,
высьніўшы словы, выславіць сон,
кінуўшы вонкі ў горад дажджлівы
свой параплаў, парашут, парасон.
Недзе на біржах падаюць баксы,
недзе на ладан дыхае Ўсама,
менскаю зьлівай дыхаюць таксы,
мокрыя таксы
й таксісты
таксама.
Толькі ўмыкнеш электронны папірус,
вецер ляціць шалапутны і файны:
як найнавейшы кампутарны вірус,
кружыць над местам усе твае файлы.
Марна шукаеш маркі й канвэрты,
марна чакаеш паслуг інтэрнэту.
Сеціва ўрыўкі лятуць у паветры –
пазачарговае бабіна лета…
Сьпелячы словаў смачныя сьлівы,
дыхаеш воляй – пад рэбрамі коле.
Дыхаеш зьлівай, дурань шчасьлівы,
мроячы не прачынацца ніколі.
Геніюс у лодцы
Трэція содні палюем на genius loci,
менскаю зьлівай любуемся ў ілюмінатар.
Тры мудрагелі на жоўтай падводнай лодцы:
лепей захоплены катэр, чым схоплены катар.
Клёвыя мальцы, гарачыя менскія парні,
бы ў гермэтычную скрынку, скарбонку, шкатулку,
разам загнаныя ў нетры падводнай кавярні,
вонкі насоў не высоўваюць,
просяць прытулку.
У парцалянавы слоік хаваецца слонік,
покуль вада не сягнула вяршыняў камоды.
Моцныя выразы моўчкі хаваем у слоўнік –
у непагоду прыязнасьць вяртаецца ў моду.
Проста чакаць, дэгустуючы словы й напоі,
слухаць навіны ды ўважна сачыць за паводкай.
Катэр ці катар – дарэчы, абое рабое!
Мабыць, усё-ткі ў глыбіні падводнаю лодкай.
Азбука Морзэ вадой захлынаецца морскай,
долу зрынаецца неба, сьцякаючы рынай,
звабленае марадзёрзкаю мараю дзёрзкай –
сьвет праглынуць і тваёй закусіць субмарынай …
Міжземнаморскае дзіва, каралавы ёлуп,
будзеш вякі вандраваць пад вадой аўтастопам…
На гарадзкой тэлевежы ўскудлачаны голуб
устурбаваны чарговым сусьветным патопам.
* * *
Ён спускаецца зь першай зьнічкай
і пільнуе нас на рагу.
Набывае душы са зьніжкай
дробным оптам і на вагу.
І тваю хацеў бы пакратаць
пад рыданьні і горкі сьпеў.
А ў яе вялікая радасьць –
не пасьпеў, сябрук, не пасьпеў!
І прыходзяць магі і прынцы,
і пытаюць тваю душу,
а яна: “На сусьветнай ялінцы
навагодняй цацкай вішу!”
І заводзяць танец пагоркі,
і сьпявае п’яны трысьнёг,
і гараць бэнгальскія зоркі,
і душа ў сьвяточных агнёх!
Не злавіць яе ў чыстым болі,
у чыстым шчасьці шукаць дарма.
Вязень-вусень даўно на волі.
Дзе ты, аніма?
А няма.
Ні канвою ў крылатых ботах,
ні анёла спраўдзіць білет…
Угары, як апошні подых,
растае інвэрсійны сьлед.
размовы з экерманам
мысьлю значыць яшчэ жывы
каб любіць пярдолю на вы
быццам івіка журавы
на палесьсе да беларусі
бо я ўмею лётаць у сьне
не тану ў айчынным лайне
і на самым глыбокім дне
покуль дыхаю спадзяюся
паталухi гашыш віно
два такія жыцьцi за адно
толькі каб не зусім лайно
позна ворагі за ракою
ты ня вер што рады дамо
камісар суцэльнае чмо
nevermore крумкач nevermore
не кружы над маёй башкою
уваччу стаяць міражы
дзе радзімыя рубяжы?
ад маркоты і настальжы
на шчацэ ўскочыў фурункул
той куточак перада мной
толькі скронь зіхціць сівізной
што сьмярдзіць? натуральны гной
у рэторце падох гамункул
усё для дзетак бацька мінай
будаўніцтва распачынай
хай квітнее (з)абраны край
а чакаць імгненьняў цудоўных
дармаедам забарані
хай майстры лядовай гульні
адпрацоўваюць працадні
ў змайстраваных табой лядоўнях
хай кахаюць баб мужыкі
партызаны рвуць цягнікі
прызвычайвайся сьвет такі
звычка нам другая натура
піянэрам скажы шалом
за радзіму гінуць аблом
дык зьбірайце мэталалом
усё іншае макулятура
* * *
кожны старт азначае фініш
і канчаецца альфабэт
толькі ўласнае “я” закінеш
у кірылічна-кілерскі сьвет
ён сьмяецца аж бачыш дзясны
бог з машыны
аўтар з аўто
на пачатку ня вельмі ясны
і далей невядома што
не тырчыш ад сьвету? тым горай
бачыш іншыя пад настрой
прагнуць кайфу кожнаю порай
кожнай парай кожнай парой
ліст да сьвету прыйдзе знадворку
ў панядзелак
адкуль? куды?
знойдзеш аўтарку да аўторка?
дасі рады да серады?
вунь мінак юнак недарэка
мутны погляд шчасьлівы твар
прэцца ў пошуках чалавека
чырванее пад вокам ліхтар
мудакі стаяць у мундурах
кулі-дуры стаяць у чарзе
покуль бард нахтыгаль прыдурак
ачмурэла вершы вярзе
брыдучы ў неймавернай мове
па скалечаным целе трысьця
паміраючы ад любові
да жыцьця
падарожжа
схіліўшыся ўначы да офіснае лямпы
што некалі правёў у кожны дом ільліч
глядзець на манітор дзе штампы штампы штампы
і кожны дабл клік як ваяўнічы кліч
сусьветнае лайно прымаючы варожа
як пералётны птах сапсець на правадах
а потым карабель пачатак падарожжа
сьпярша суцэльны жах а потым зьедзе дах
а навакольны сьвет хоць ты яшчэ падлетак
ня грэбуе табой і пад сябе грабе
сьціскаеш у кулак камяк нэрвовых клетак
і пераймае дых і вусьцішна табе
бяссоньніца гулец у словы словы словы
засмучаны габрэй вяршуе за сталом
ты сьпісак шындлера прагледзеў да паловы
і кожнаму з мужоў пасьпеў сказаць шалом
ня чуюць мерцьвякі а пераможцы сьвіньні
як скажа адысэй вярнуўшыся дамоў
каханьне багавіц патоне ў багавіньні
разьюшаным багом не да тваіх прамоў
раўнівыя мужы няверная галена
як сьцьвердзіў буалё адпраўлены ва ўтыль
п’яному караблю сем футаў па калена
парыскаму арго пасуе ўсякі штыль
і гумбэрт на вадзе й лаліта ў залюстроўі
паветраны пацук кажан на караблі
ты страціў наўсуцэль псыхічнае здароўе
ня ведаеш чаму і немавед калі
што ты гэкубе й што табе да той гэкубы
нябога гэракліт стаячая вада
траянскаму каню не зазірай у зубы
як гаварыў кароль паўцарства за дада
гуляюць у футбол аякс і макавеі
бязногі ахілес ганяе чарапах
спакусьлівая плоць бяз скуры ружавее
i цемрай зеўраюць вачніцы ў чарапах
нам троя й картаген дзіцячаю пляцоўкай
узброены амур нам проста авадзень
багіня-карабель з крывавай распальцоўкай
зь цямрэчы паўстае вітайма новы дзень
* * *
архівуй гэты плач
свой уздых да ліста прыатач
запусьці ў тэмпе згадак
па вялікай паштовай раўніне
для спакою душы
пасьля гумару смайлік пішы
і на ўсякі выпадак
пастукай па штучнай драўніне
кадаваныя сны
хай навобмацак рушаць адны
нетрываласьць маны
кірылічнаю глінай замесіш
дасканаласьць CV
парушае трымценьне ў крыві
а таму абарві
прафэсійна зацягнуты мэсыдж
у глыбокай начы
на тутбаі сваім вісячы
дзе ні сьвята ні будня
й гудзе электронна прастора
не пытай: хто ідзе?
то кругі па люстранай вадзе
каляровая студня
стрывожаны сон манітора