355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андре Моруа » Нараджэнне майстра » Текст книги (страница 1)
Нараджэнне майстра
  • Текст добавлен: 10 октября 2016, 01:23

Текст книги "Нараджэнне майстра "


Автор книги: Андре Моруа


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Моруа Андрэ
Нараджэнне майстра (на белорусском языке)

Андрэ Маруа

НАРАДЖЭННЕ МАЙСТРА

Мастак П'ер Душ якраз канчаў нацюрморт – кветкi ў аптэчным слоiку i баклажаны на талерцы, – калi ў майстэрню ўвайшоў пiсьменнiк Поль-Эмiль Глез. Некалькi хвiлiн Глез глядзеў, як працуе яго сябар, потым рашуча сказаў:

– Не!

Мастак перастаў падпраўляць баклажан i ў здзiўленнi падняў галаву.

– Не, – паўтарыў Глез. – Не! Так ты нiколi не будзеш мець поспеху. Ёсць у цябе майстэрства, ёсць у цябе талент, i чалавек ты сумленны. Але твой жывапiс, галубчык, занадта просты, нават банальны. Ён не крычыць, не лезе ў вочы. У Салоне, дзе пяць тысяч палотнаў, твае карцiны не прыцягнуць увагi сонных разявак... Не, П'ер Душ, поспеху мець ты не будзеш. А шкада.

– Але чаму? – уздыхнуў сумленны мастак. – Я малюю тое, што бачу. Стараюся выявiць тое, што адчуваю.

– Справа не ў гэтым, мой бедны сябра. У цябе ёсць жонка, галубчык, жонка i трое дзяцей. Кожнаму з iх трэба па тры тысячы калорый у дзень. А карцiн куды больш, чым пакупнiкоў, i дурняў куды больш, чым знаўцаў. То якiм жа спосабам, П'ер Душ, ты мяркуеш выбiцца з натоўпу нiкому не вядомых няўдачнiкаў?

– Працай, – адказаў мастак, – i шчырасцю.

– Гэта несур'ёзна. Ёсць толькi адзiн спосаб разбудзiць сонных дурняў, П'ер Душ, – адважыцца на што-небудзь небывалае. Абвясцi ўсiм, што ты едзеш на Паўночны полюс паляваць сярод iльдоў. Выйдзi на вулiцу ў вопратцы эгiпецкага фараона. Альбо яшчэ лепш – ствары якую-небудзь новую школу. Выцягвай, як бiлецiкi з капялюша, розныя вучоныя словы: экстэрыярызацыя, дынамiзм, падсвядомасць, абстракцыя – i складай манiфесты. Адмаўляй рух цi, наадварот, спакой, белае цi чорнае, круг цi квадрат. Выдумай якi-небудзь "неагамерычны" жывапiс, якi прызнае толькi жоўты колер i чырвоны, жывапiс "цылiндрычны", "актаэдрычны", "чатырох вымярэнняў"...

У гэты момант дзiвосны i тонкi пах духоў абвясцiў аб з'яўленнi панi Каснеўскай. Гэта была прыгожая полька, сiнiмi вачамi якой захапляўся П'ер Душ. Выпiсваючы дарагiя часопiсы з раскошнымi рэпрадукцыямi шэдэўраў, намаляваных трохгадовымi дзецьмi, яна не сустракала там прозвiшча сумленнага Душа, а таму лiчыла яго жывапiс нiкуды не вартым. Выцягнуўшыся на канапе, яна зiрнула на пачатае палатно, трасянула пасмамi льняных валасоў i ўсмiхнулася з лёгкай пагардай:

– Учора я была на выстаўцы мурынскага мастацтва эпохi росквiту, паведамiла яна сваiм пявучым, раскацiстым голасам. – Ах! Якая экспрэсiя! Якая выразнасць! Якая сiла!

П'ер Душ прынёс i паказаў ёй гатовы партрэт, якi яму самому падабаўся.

– Нядрэнна, – працадзiла яна праз зубы. I пайшла... пахучая, пявучая, iмклiвая i расчараваная.

Шпурнуўшы палiтру ў кут, П'ер Душ павалiўся на канапу.

– Пайду ў страхавыя агенты, у банк, у палiцыю, абы куды! – заявiў ён. Мастацтва – самы нiкчэмны занятак. Каб мець поспех у разявак, трэба быць махляром альбо шэльмай. А крытыкi, замест таго каб падтрымлiваць майстроў, расхвальваюць дзiкунства. Хопiць з мяне! К д'яблу!

Выслухаўшы гэты крык душы, Поль-Эмiль Глез закурыў цыгарэту i надоўга задумаўся.

– А можаш ты, – запытаў ён нарэшце, – аб'явiць урачыста i зусiм сур'ёзна Каснеўскай i некаторым iншым, што апошнiя дзесяць гадоў распрацоўваеш новы творчы метад?

– Хто? Я?

– Пачакай... Я апублiкую ў часопiсах парачку артыкулаў для нашай "элiты" i паведамлю, што ты засноўваеш iдэааналiтычную школу жывапiсу. Да гэтага часу партрэтысты ў сваiм невуцтве вывучалi чалавечае аблiчча. Глупства! Сапраўдная сутнасць чалавека – гэта тыя вобразы, якiя ён абуджае ў нас. Напрыклад, партрэт палкоўнiка: блакiтны з золатам фон, а на iм пяць вялiзных пагонаў, у адным кутку – конь, у другiм – крыжы. Партрэт фабрыканта: заводская труба i здаравенны кулак на стале. Разумееш, П'ер Душ, якую ты навiну нясеш свету? Скажы мне, зможаш ты намаляваць за месяц дваццаць iдэааналiтычных партрэтаў?

Мастак журботна ўсмiхнуўся:

– За адну гадзiну намалюю. Але сумна тое, Глез, што, каб я быў чалавекам iншым, твая выдумка, можа, i ўдалася б.

– Паспрабуем.

– Я не ўмею трапаць языком.

– Вось што, галубчык... Калi цябе папросяць растлумачыць, ты, не спяшаючыся, запалi сваю люльку, пусцi ў твар таму, хто пытае, воблака дыму i, памаўчаўшы, скажы так: "Вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?"

– А што гэта азначае?

– Нiчога, – адказаў Глез. – Вось таму i палiчаць, што ты – сiла. Пачнуць цябе раскрываць, вывучаць, захапляцца табой, а потым, калi ты ўжо будзеш на вяршынi славы, мы i прызнаемся, што ўсё гэта мiстыфiкацыя. Цiкава, як яны будуць сябе адчуваць?

* * *

Мiнула два месяцы. Выстава карцiн Душа ператварылася ў сапраўдны трыумф. Пахучая, пявучая, iмклiвая, чароўная панi Каснеўская не адыходзiла ад свайго новага кумiра.

– Ах! – паўтарала яна. – Якая экспрэсiя! Якая выразнасць! Якая сiла! I якiм чынам, дарагi сябар, вы дабiлiся такога цудоўнага сiнтэзу?

Мастак, не спяшаючыся, запалiў сваю люльку, выпусцiў воблака дыму i, памаўчаўшы, сказаў:

– Мадам, вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?

Вусны прыгожай полькi задрыжалi, абяцаючы яму пахучае i пявучае шчасце.

Малады блiскучы Струнскi ў палiто з трусiным каўняром тлумачыў групе наведвальнiкаў:

– Файна! Файна! Магутна! Скажыце мне, Душ, як вы натрапiлi на такое адкрыццё? Цi не з маiх артыкулаў?

П'ер Душ доўга маўчаў, потым выпусцiў яму ў твар воблака дыму i прамовiў з надзвычайнай сур'ёзнасцю:

– Дарагi мой, вы бачылi калi-небудзь, як цячэ рака?

– Файна сказана! Магутна! – аслупянеў Струнскi.

Тым часам вядомы гандляр карцiнамi, закончыўшы агляд майстэрнi, падхапiў мастака пад руку i зацягнуў яго ў куток.

– Душ, дружа мой, – сказаў ён, – а вы – хiтрун! На гэтым можна выскачыць. Так i быць, бяру вашу прадукцыю. Толькi не ўздумайце без майго дазволу мяняць манеру. Купляю пяцьдзесят карцiн у год... Згодны?

Нiчога не адказаўшы, П'ер Душ спакойна палiў.

Мала-памалу майстэрня апусцела. Наведвальнiкi выйшлi, i Поль-Эмiль Глез зачынiў дзверы. З лесвiцы, паступова аддаляючыся, даносiўся гул захаплення. Застаўшыся з мастаком сам-насам, пiсьменнiк весела засунуў рукi ў кiшэнi.

– Ну як, галубчык, – запытаў ён, – абкруцiлi мы iх вакол пальца? Чуў, што гаварыў гэты смаркач з трусiным каўняром? А прыгожая полька? А тры дзяўчынкi-красунi? Яны гатовы былi малiцца на цябе: "Ой, як нова! Ой, як свежа!" Ах, дарагi П'ер, ведаў я, што чалавечай дурасцi канца няма, але тое, што адбылося сёння, перавысiла мае самыя горшыя меркаваннi.

I яго ахапiў шалёны, нястрымны смех. Мастак нахмурыў бровы i, бачачы, што той аж заходзiцца з рогату, раптам выпалiў:

– Iдыёт!

– Iдыёт? – ускiпеў раз'юшаны пiсьменнiк. – Ды такая штука яшчэ нiкому не ўдавалася з часоў Бiксiу!..

Мастак з гордасцю агледзеў дваццаць iдэааналiтычных партрэтаў i, канчаткова пераканаўшыся, зiрнуў на свайго прыяцеля:

– Я не жартую, Глез, ты – iдыёт. У гэтых карцiнах нешта ёсць.

Уражаны пiсьменнiк вытарапiў вочы.

– Ах, вось ты як! – закрычаў ён. – Ты што, забыў, хто табе падсунуў гэты новы творчы метад?

П'ер Душ, памаўчаўшы, выпусцiў са сваёй люлькi воблака дыму i сказаў:

– Ты бачыў калi-небудзь, як цячэ рака?

Пераклад: Юрка Гаўрук


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю