355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андре Моруа » Мiрына » Текст книги (страница 1)
Мiрына
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 01:45

Текст книги "Мiрына "


Автор книги: Андре Моруа


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Моруа Андрэ
Мiрына (на белорусском языке)

Андрэ Маруа

МIРЫНА

Лепшыя пiсьменнiкi нашага часу захаплялiся Крысцiянам Менетрые. Праўда, i ворагаў прыдбаў ён шмат, паколькi iх заўсёды плодзiць чужая ўдача i асаблiва таму, што ўдача гэта прыйшла да Менетрые позна, тады ўжо, калi сябры i крытыка прывыклi лiчыць яго паэтам для нямногiх, вартым пашаны, але не здольным распальваць страсцi, i ўвага да яго твораў набыла характар спакойны i бяскрыўдны. Яго жонка, Клер Менетрые, асоба з прэтэнзiямi, гарачая i энергiчная, вывела Крысцiяна ў людзi ў 1927 годзе, угаварыўшы кампазiтара Жана Франсуа Мантэля напiсаць оперу "Мерлiн i Вiвiяна" на сюжэт драматычнай паэмы свайго мужа. Але найбольшая заслуга ператварэння Крысцiяна Менетрые ў папулярнага драматурга належыць акцёру Леону Ларану. Гiсторыя гэта мала вядомая, i, можа, будзе цiкава яе прыпомнiць, паколькi яна асвятляе некаторыя слаба даследаваныя праявы творчага працэсу...

Леон Ларан, якi так многа зрабiў для адраджэння французскага тэатра ў перыяд памiж дзвюма войнамi, на першы погляд здаваўся чалавекам далёкiм ад акцерскай прафесii. Нiякага зазнайства, заўсёды гатовы з поўнай аддачай узяцца за пастаноўку добрай п'есы, ён глядзеў на тэатр, як на храм. Яго культурнасць проста здзiўляла. Ён меў бездакорны густ i мог дасканала разабрацца ў самым складаным i нязвычным. Кiруючы ўласнай трупай, ён адважыўся паставiць "Праметэя" Эсхiла, "Вакханак" Эўрыпiда i "Буру" Шэкспiра. Яго Праспера i Арыэль у выкананнi Элен Месьер – цудоўныя, незабыўныя вобразы. Ён асвяжыў Мальера, Мюсэ, Марыво арыгiнальным прачытаннем i рэжысёрскай трактоўкай яшчэ тады, калi Камедзi-Франсэз соладка спала, чакаючы, пакуль яе пабудзiць Эдуард Бурдэ. Нарэшце, ён умеў вышукваць сярод пiсьменнiкаў нашага часу тых, хто быў гатовы падтрымаць слаўныя традыцыi тэатра паэтычнага. Французскай драматургii ён даў школу i сцэну.

Я сказаў, што на першы погляд у iм не было нiчога акцёрскага. Гэта праўда. Тонам, манерай, падборам слоў ён хутчэй нагадваў маладога настаўнiка альбо лекара. Але такое ўражанне трымалася нядоўга. Некалькi хвiлiн iгры – i вы пераконвалiся, што перад вамi артыст магутнага дару i шырокага дыяпазону, якi мог зрабiцца велiчным Аўгустам у "Цынне", пацешным абатам у "Дарма слова не давай!" альбо трагiкамiчным донам Базiлiо ў "Севiльскiм цырульнiку".

Крысцiян Менетрые iм захапляўся, не прапускаў нiводнай прэм'еры з яго ўдзелам, але, напэўна, нiколi б не пазнаёмiўся з Ларанам, бо яны абодва саромелiся, каб не ўмяшалася ў справу рашучая Клер. Клер Менетрые ў дачыненнi да выдатнага артыста цалкам падзяляла пачуццi мужа i выказала пажаданне, каб Крысцiян напiсаў п'есу. Яна меркавала, i зусiм слушна, што спрактыкаваны артыст знойдзе спосаб яго прымусiць, i ўжыла ўсе захады, каб прывабiць Ларана ў свой дом. Гэта ёй удалося. Бледныя шчокi i ясныя вочы колеру марской вады надавалi Клер прывабнасцi, а жаночае хараство было той сiлай, якая заўсёды ўзрушвала Леона Ларана. Зрэшты, пазнаёмiўшыся, мужчыны адразу ж знайшлi ўдзячную тэму для дыскусiй – "тэатр". У Крысцiяна на гэты конт было мноства iдэй, i большасць iх супадала з думкамi мастацкага кiраўнiка трупы.

– Вялiкая памылка рэалiстаў, – сказаў Крысцiян Менетрые, – у тым, што яны выносяць на сцэну бытавую гутарку... А гэта якраз i не цiкава гледачу ў тэатры. Не трэба забываць, што драма бярэ свой выток з абрадаў, а таму працэсii, выхады i хоры займаюць у ёй значнае месца... I нават камедыя... Гавораць, што Мальер вывучаў мову насiльшчыкаў на мосце Понт-о Шанж. Гэта магчыма, гэта напэўна так, але ён вывучаў, каб потым яе стылiзаваць.

– Згодзен, – сказаў Леон Ларан. – Цалкам згодзен. I гэта яшчэ адзiн довад, Менетрые, каб я вам параiў заняцца пiсаннем для тэатра... Вашы лiрычныя строфы, адмысловая вобразнасць, пры ўсёй iх як быццам неадпаведнасцi, цудоўны матэрыял для акцёра... Зрабiце нам статуi – мы дадзiм iм жыццё.

Леон Ларан гаварыў кароткiмi фразамi, i яго прыгожы голас надаваў iм непаўторнае гучанне.

– Але ж я пiшу для тэатра, – запярэчыў Крысцiян.

– Не, дарагi мой!.. Не!.. Вы пiшаце паэмы-дыялогi для дамашняга ўжытку, а не для публiкi.

– Калi ж мяне не iграюць.

– Скажыце лепш, што вы нiколi не ставiлi сваёй мэтай, каб вас iгралi... Вы i дагэтуль не ўяўляеце законаў сцэнiчнага мастацтва. А без iх тэатра няма... Напiшыце п'есу для мяне... Так, дарагi мой, для мяне, такога, якi я ёсць. Тады вы пабачыце рэпетыцыi... I гэта будзе вам навука!.. Вось што, у вас ёсць (i гэта, па-мойму, адзiны ваш недахоп) некаторая афектацыя, уласцiвая сiмвалiстам... Але, як толькi тэксты вашы прагучаць, вы самi лёгка адрознiце сапраўднае ад фальшывага. Сцэна для аўтара тое самае, што для прамоўцы пласцiнка з запiсам яго голасу. Ён знаходзiць свае памылкi i выпраўляе iх.

– Гэта самае я гавару яму кожны дзень, – заўважыла Клер. – Драматургiя яго прызванне.

– Не ведаю, не ведаю, – прамовiў Крысцiян.

– А вы паспрабуйце... Паўтараю яшчэ раз: напiшыце п'есу для мяне.

– А на якi сюжэт?

– У вас жа iх сотнi, – здзiвiўся Леон Ларан. – Што вы? Калi я заходжу да вас, вы мне ў некалькi хвiлiн расказваеце цалкам першы акт i амаль заўсёды выдатна. Сюжэт! Вам толькi трэба сесцi за стол i запiсаць тое, што вы мне ўжо расказалi... Гэта ж вельмi проста! I я абяцаю вам наперад, што сыграю ўсё, што вы для мяне напiшаце.

Крысцiян Менетрые задумаўся:

– Ну добра. Здаецца, у мяне ёсць iдэя. Вы не ведаеце, як турбуе мяне зараз пагроза вайны, колькi сiл я прыкладаю, i мiж iншым дарэмна, каб звярнуць увагу французаў на яўныя намеры вар'ятаў, што кiруюць Германiяй...

– Я чытаў вашы артыкулы ў "Фiгаро", – пацвердзiў Леон Ларан. – Здорава i карысна... Але злабадзённы спектакль, разумееце...

– Я ж вам не прапаную п'есу пра нашу сучаснасць. Не! Я хачу зрабiць перамяшчэнне. Вы помнiце становiшча афiнцаў у момант, калi Фiлiп, цар македонскi, абвясцiў, што яму не хапае жыццёвай прасторы, i заняў, адзiн за адным, некалькi дробных грэчаскiх гарадоў. "Сцеражыцеся! – папярэджваў Дэмасфен афiцэраў. – Сцеражыцеся! Калi вы не заступiцеся за Чэхаславакiю, ён i вас праглыне праз некаторы час!" Але афiнцы былi даверлiвыя, легкадумныя, а Фiлiпу памагала "пятая калона"... Дэмасфена спасцiгла няўдача... I вось аднойчы прыйшла чарга да Афiн... Гэта ўжо змест другога акта.

– Здорава! – блiснуў вачыма Леон Ларан. – Выдатна? Вось ён, наш сюжэт! Пачынайце работу!

– Не спяшайцеся. Не адразу. Мне трэба перачытаць дзесяткi кнiг. Але я выразна бачу вас у ролi Дэмасфена на трыбуне. Вы ж, мабыць, будзеце iграць Дэмасфена.

– Ну вядома.

Узрадаваная Клер аж да пяцi гадзiн ранiцы слухала дыскусiю наконт п'есы. I калi госць нарэшце развiтаўся, галоўныя эпiзоды былi ўжо намечаны. Крысцiян нават знайшоў блiскучую канцоўку. Пасля розных ускладненняў высветлiлася, што толькi раптоўная смерць Фiлiпа цудам ратуе Афiны ад гiбелi. Але Дэмасфен не верыў у трываласць цудаў, не спадзяваўся на ласку нябёс, а заклiкаў афiнцаў адважна абараняць свой горад. "Так, – гаварыў ён, – гэта праўда... Фiлiп Македонскi памёр... Але як завецца сын Фiлiпа?" I нехта з натоўпу адказваў: "Аляксандр..."

– Дасканала! – сказаў узрушаны артыст. – Дасканала! Я iх чую... Я ўжо вымаўляю гэтыя словы... Менетрые, калi вы праз месяц не напiшаце гэту п'есу, вы не драматург.

Роўна праз месяц п'еса была гатова. Сёння мы ведаем, што твор гэты ў поўнай меры апраўдаў надзеi Клер i Ларана. Аднак, калi Леон Ларан, пасля трыумфальнай чыткi ў тэатры, з'явiўся да Менетрые, каб дамовiцца аб размеркаваннi роляў, тэрмiнах i рэпетыцыях, ён быў стрыманы i на выгляд заклапочаны. Крысцiян, вельмi чуллiвы, як i ўсякi мастак, калi справа датычыцца яго творчасцi, адразу зразумеў, што акцёр нечым не задаволены.

– Не, – заявiў ён Клер, калi выйшаў Ларан, – не, настрой у яго няважны... Чаму? Ён мне не сказаў. Ён мне нiчога не сказаў. Але тут нешта ёсць... I не тое, што яму не падабаецца п'еса. Наадварот, ён яшчэ раз пахвалiў сваю ролю ў сцэне сустрэчы з кiраўнiкамi, i гэта было шчыра. Толькi ён нешта ўтойвае... А што? Не магу здагадацца.

Клер усмiхнулася:

– Крысцiян, вы – генiй, я ў захапленнi ад вашага таленту, але вы наiўны як дзiця ў справах элементарных адносiн мiж людзьмi... Нават не бачыўшы Ларана, я магу запэўнiць вас, што ведаю прычыну. У вашай п'есе ёсць...

– Што там ёсць?

– Лепей сказаць, няма. У вашай п'есе, дарагi мой, няма ролi для Элен Месьер... Вось i ўвесь сакрэт. Ва ўсякiм разе я вас папярэдзiла.

Крысцiян з нецярплiвасцю пачаў тлумачыць:

– Адкуль там можа ўзяцца роля для Месьер? Сiмпатычная актрыса, цудоўная ў п'есах Мюсэ i Марыво, што яна можа рабiць у палiтычнай трагедыi?

– Ах, мой любы, як вы блытаеце пытаннi! Справа не ў тым, што можа рабiць Элен у палiтычнай трагедыi, а ў тым, каб Леон Ларан мог спакойна жыць са сваёй каханкай.

– Элен Месьер – каханка Леона Ларана?

– Вы што, з неба звалiлiся, мой друг? Яны жывуць разам ужо чатыры гады.

– Не ўсё ж мне ведаць. I прычым тут мая п'еса? Вы думаеце, што Ларан хацеў бы?..

– Я думаю, што Ларан не толькi хацеў бы, а нават будзе патрабаваць ролi для Месьер. I яшчэ дадам, што не прадбачу асаблiвых цяжкасцей, каб яго задаволiць. Варта ўключыць персанаж, якi...

– Нi за што!.. Гэта парушыць кампазiцыю твора.

– Добра, Крысцiян... Пагаворым як-небудзь потым.

I такая размова адбылася, бо Ларан прыходзiў змрочны, марудзiў з пастаноўкай, спасылаючыся на складанасць увасаблення, на раней узятыя абавязкi i розныя iншыя перашкоды. У Крысцiяна, якi гарэў жаданнем хутчэй пабачыць сваю п'есу на сцэне, таксама пачалi здаваць нервы.

– Слухайце, мой друг, – звярнулася да мужа Клер, – вы не будзеце пярэчыць, калi я адна пабуду з Ларанам? Мне ён адважыцца даверыць тое, што яго мучыць, i я вам абяцаю справу ўладзiць... Вядома, пры ўмове, што вы напiшаце ролю.

– Але як? Не магу ж я перайначваць закончаны твор, i тым болей твор мастацкi, для таго, каб...

– Ах, Крысцiян! Гэта так лёгка, i ў вас такая багатая фантазiя... Напрыклад, у другiм акце, дзе вы паказваеце, як македонцы арганiзоўваюць у Афiнах "пятую калону", чаму б iм не выкарыстаць для гэтай мэты адукаваную куртызанку, прыяцельку афiнскiх арыстакратаў, банкiраў, дзяржаўных дзеячаў. Вось вам i персанаж, прычым абсалютна праўдзiвы.

– Так, магчыма... I нават можна было б... Парада слушная... Яно сапраўды цiкава паказаць тайныя спосабы прапаганды, старыя, як само чалавецтва...

Клер ведала, што ўсякае зерне, папаўшы ў мыслi Крысцiяна, абавязкова прарасце. Яна затрымала Ларана, i гутарка мiж iмi дала плённыя вынiкi.

– Ах! Якая шчаслiвая iдэя! – прызнаўся ён з палёгкай. – Вы ведаеце, я не асмельваўся прасiць аб гэтым вашага мужа, чалавека бескампрамiснага ў пытаннях творчасцi. Але п'еса без жанчын наўрад цi будзе мець поспех у публiкi. Сам Шэкспiр у "Юлiю Цэзары"... Карнель у трагедыi пра Гарацыяў не абышоўся без Сабiны, Расiн у мiф пра Федру дадаў i Арысiю... А яшчэ, мадам, скажу вам шчыра, я не люблю ставiць п'есы, у якiх не прымае ўдзелу Элен... Не люблю. Яна такая маладая, такая прыхiльная да мяне... але ёй хочацца танцаваць, боязна заставацца адной... I калi я буду пакiдаць яе на ўвесь вечар, дык у яе завядуцца кампаньёны, i гэта, павiнен прызнацца, будзе мяне вельмi трывожыць. А калi ваш муж напiша для яе невялiчкую ролю, усё стане на сваё месца, i праз тыдзень я пачну рэпетыцыi.

Так зарадзiўся вобраз Мiрыны. Крысцiян, ствараючы яго, уяўляў сабе некаторых жанчын Арыстафана, нахабных i разумных, i адначасова какетлiвых красунь Марыво, у п'есах якога блiскуча выступала Элен Месьер. Прадуктам гэтай парадаксальнай мешанiны, нечакана для самога аўтара, быў характар свежы i на рэдкасць прывабны. "Залатая роля!" – пахвалiў Ларан. Клер запрасiла Элен Месьер на абед, каб Менетрые прачытаў ёй свой новы варыянт. Гэта была абаяльная асоба, мiнiяцюрная, з доўгiмi апушчанымi вейкамi, з грацыяй асцярожнай кошкi, гаварыла яна мала i нi разу не сказала глупства. Элен спадабалася Крысцiяну.

– О, актрыса з душком! – прамовiў ён. – Небяспечная штучка! Такая сапраўды можа арганiзаваць "пятую калону".

– А вы не закахалiся ў яе, Крысцiян?

– Ды не. Важна, што яна кахае Ларана. I не толькi кахае, ён яе стварыў, ён даў ёй жыццё. Яна яму абавязана ўсiм.

– Вы думаеце, што адчуванне такой залежнасцi робiць яе больш ласкавай? Я скептычна гляджу на жанчын i хутчэй паверу ў падсвядомую злапамятнасць. Але якая вам справа да гэтага. Роля ёй даспадобы, i ўсё iдзе як не трэба лепей.

Сапраўды, некалькi дзён усё iшло як мае быць. Потым iзноў Ларан спахмурнеў.

– Што ў яго яшчэ? – запытаў Крысцiян.

– На гэты раз нiчога не ведаю, – адказала Клер. – Але я магу даведацца.

Ларан не прымусiў сябе прасiць. Ён растлумачыў:

– О не, роля цудоўная, i Элен на сёмым небе... Але ж... вы разумееце, мы жывём разам i наймаем у тэатр адно таксi; ехаць паасобку – абсурд... Калi ж Элен будзе выступаць толькi ў другiм акце, што ж ёй тады рабiць у сваёй прыбiральнi цэлую гадзiну? Ёй альбо стане нудна, чаго яна цярпець не можа, альбо да яе з'явяцца вiзiцёры, i тады, я ведаю сваю натуру... гэта сапсуе мне iгру... а яшчэ больш, пашкодзiць сэрцу... Праўда, маё сэрца пана Менетрые не цiкавiць, а вось мая iгра...

– Карацей кажучы, – падагулiла Клер, – вы жадаеце, каб Мiрына дзейнiчала i ў першым акце.

– Ад вас нiчога не схаваеш, мадам.

Калi яна расказала Крысцiяну пра гэта новае патрабаванне, той пачаў крычаць: "Прымушаць пiсьменнiка! Навязваць яму!.." Клер нядрэнна разбiралася ў сiстэме мужавых думак. Перш за ўсё трэба было супакоiць яго сумленне.

– Чакайце, Крысцiян, усе драматургi працавалi ў залежнасцi ад абставiн. Шэкспiр, як вам вядома, улiчваў фiзiчныя асаблiвасцi сваiх акцёраў, Расiн пiсаў для Шанмеле. Гэта засведчыла ў сваiх "Пiсьмах" мадам дэ Сэвiнье.

– Яна ненавiдзела Расiна.

– Яна яго добра ведала.

Мiрына з'явiлася i ў першым акце. Мабыць, няма патрэбы гаварыць, што праблема таксi, вельмi важная для сумеснай дастаўкi каханкаў у тэатр, была не менш важная i для адначасовага iх вяртання дадому, так што ў канчатковым варыянце п'есы Мiрына трапiла i ў трэцi акт. Клер зноў была прымушана ўмяшацца:

– А чаму б, Крысцiян, гэтую Мiрыну, пасля паражэння афiнцаў, не павярнуць на шлях дабрачыннасцi. Зрабiце яе патрыёткай, адпраўце да партызан. Аддайце нарэшце ў палюбоўнiцы Дэмасфену.

– Ох, Клер, паслухаць вас, дык я напушчу туды сентыментальнасцi, як у галiвудскiх фiльмах. Даволi, хопiць, я не дадам нi радка.

– Чаму вы лiчыце гэта банальным i нерэальным? Хiба жанчына лёгкiх паводзiн не можа стаць патрыёткай? У жыццi такое бывае скрозь. Кастыльёне спакусiла Напалеона Трэцяга iдэяй аб'яднання Iталii... Трэба толькi разумна i нечакана падрыхтаваць перамену ў Мiрыне... Вы ж распiсваць мастак. Ну, а без палюбоўнiцы Дэмасфен можа абысцiся, я сказала гэта жартам.

– Чаму жартам?.. Успомнiце некаторых дзеячаў французскай рэвалюцыi...

Клер, праявiўшы вытрымку, прымусiла Крысцiяна нарэшце згадзiцца, i роля Мiрыны, павялiчаная i ўдасканаленая, стала адной з галоўных у п'есе.

Надышоў дзень прэм'еры. Гэта быў трыумф. Увесь Парыж глядзеў на гераiню вачамi Ларана. Публiка, падзяляючы ў душы палiтычныя трывогi Менетрые, прагнучы бачыць патрыятычны спектакль, падобны на "Персаў" Эсхiла, зрабiла аўтару авацыю. Спецыялiсты высока ацанiлi майстэрства, з якiм ён, не ўпадаючы ў пародыю, на антычным матэрыяле адлюстраваў сучаснасць. Сам Фабер, не надта прыхiльны да сваiх калег, прыветлiва сустрэў Клер за кулiсамi.

– Не iначай, як вы прыклалi сваю лапку да гэтай Мiрыны, смуглявая чараўнiца! – прабурчаў ён добразычлiва. – Нiчога не скажаш! Жанчына як жанчына, сапраўдная жанчына... I ваш праведны муж сам без дапамогi нiколi б яе не выдумаў. У жаночых справах ён не акадэмiк... Можа, няпраўда?

– Прыемна чуць, што вам спадабаўся вобраз Мiрыны, – усмiхнулася Клер, але я тут нi пры чым.

Назаўтра Рабер Кемп у сваёй рэцэнзii гаварыў толькi пра Мiрыну. "З гэтага часу, – пiсаў ён, – iмя Мiрыны стане такiм жа славутым, як iмя мальераўскай Агнесы альбо Селiмены".

Клер сядзела каля мужа i, з асалодай чытаючы хвалебны артыкул, шаптала:

– Падумаць толькi, каб не праблема таксi, не iснавала б i Мiрыны!

Астатняе належыць гiсторыi лiтаратуры. Трагедыя "Фiлiп" была перакладзена на многiя мовы i дала пачатак новым плыням у развiццi тэатральнага мастацтва. Засталася невядомай толькi адна дэталь. Нядаўна, пасля таго як Элен Месьер кiнула Леона Ларана i выйшла замуж за рэжысёра з Галiвуда, Ларан звярнуўся да Клер, якая, аўдавеўшы, стала наследнiцай твораў Менетрые, з просьбай выкраслiць ролю Мiрыны.

– Ва ўсякiм разе, – сказаў ён, – мы з вамi ведаем, што ў п'есу яна трапiла выпадкова i ў першым варыянце яе не было. Дык чаму ж не аднавiць аўтарскую задуму?.. Тады роля Дэмасфена набыла б аскетычную суровасць, а гэта на карысць вобразу i мне блiжэй. Ну, i эканомiя сродкаў. Не трэба шукаць гераiнi.

Але Клер адмовiла далiкатна i рашуча:

– Што вы, Ларан! Няўжо вам так цяжка знайсцi актрысу? Пры вашых здольнасцях вы створыце яшчэ адну Мiрыну. Даруйце, я не магу дазволiць папраляць п'есу майго мужа... Не будзем разлучаць тых, каго зблiзiў Крысцiян.

I Мiрына, дачка натхнення i неабходнасцi, па-ранейшаму ўпрыгожвае сцэну.

Пераклад: Юрка Гаўрук


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю