Текст книги "Койданава (на белорусском языке)"
Автор книги: Адам Глебус
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)
Сёстры Юзэфа ды Канстанцыя плакалi i закрывалi насы белымi хустачкамi, калi мiлiцыянты прыехалi па Стася. Ён не супрацiўляўся, яму было ўсё роўна, дзе жыць – у турме цi ў Койданаве. Адзiная замiнка ў гэтай справе выйшла з фiнкаю. Калi ў Ажгiровiча спыталi, якiм нажом ён забiў Леанiда Даўнарыка, дык той дастаў з шуфляды кухоннага стала звычайны хлебны нож i сказаў, што вось iм. Мiлiцыянты спрабавалi адшукаць фiнку, але не знайшлi.
На Лёнiкавым пахаваннi старыя койданаўкi прадракалi Базылю хуткую смерць. Шапталi, што калi памiрае адзiн з блiзнят, то i другому век скароцiцца. Прароцтва не спраўдзiлася. Базыль жыве. Ажанiўся, дзецi знайшлiся, працуе на рамбазе i п'е, як усе.
А Стась Ажгiровiч памёр у турме.
Часам мне згадваецца фiнка. Яна ж недзе так i ляжыць, схаваная ў Койданаве. I думаю, што Стась слушна зрабiў, калi не аддаў зброю, якой абаранiў свой гонар.
Вiнак
Вiнак вырошчваў памiдоры. У Койданаве кожная сям'я нешта садзiла i нешта збiрала. Памiдорамi нiкога не здзiвiш. Але памiдоры Вiнака Шавуры адрознiвалiся ад усiх астатнiх у мястэчку, як сонца ад месяца.
Гаспадынi куплялi ў яго насенне, распытвалi, як i што рабiць, у якi дзень высаджваць i калi палiваць. Толькi, як яны нi старалiся, а прыходзiў час – i самыя-самыя памiдоры вырасталi ў Вiнакавым гародзе.
Не скажу, што ў астатнiх былi кепскiя, i калi iх вывозiлi на менскiя рынкi, дык на прылаўках яны глядзелiся як мае быць i прадавалiся выдатна. А вось Вiнаку i вывозiць не было чаго, усё Койданава прыходзiла купляць ягоныя.
Навошта купляць, калi свае пад бокам? Два крокi ад ганка ступiў, пахадзiў па градах, навыбiраў спялейшых цi, калi любiце, i цвярдзейшых, намыў, нарэзаў, накрышыў цыбулi, пасалiў, напярчыў, кропу кiнуў, заправiў алеем цi, калi хочаце, смятанаю, i стаўце на стол. Бярыце, частуйцеся, госцi дарагiя. Усё так, але...
Як гавораць у Парыжы, "жакет ад Кардэна", так у Койданаве казалi: "памiдоры ад Шавуры". I можаце не верыць. Адно скажу, што Вiнак быў не такi просты, як выглядаў з твару.
Выглядаў Шавура будзённа i шэра. Сiвы, загарэлы па-сялянску, у старым пiнжаку, надзетым на майку. Нагавiцы ў зямлi. Галёшы на босых нагах. I ўся будзённасць i някiдкасць кампенсавалася тварам. Гэта жарт, што Вiнак меў просты твар. Калi каму цiкава, дык можна знайсцi ў Беларускай Энцыклапедыi кандыдата ў члены Палiтбюро ЦК КПСС з 1968 года Шавуру. Гэта, вядома, не койданаўскi агароднiк, але твар вельмi падобны. Вiнак, калi б на яго надзець белую кашулю i ўзяць пад гальштук, быў бы рыхтык кандыдат, i вядома чаму стрыечныя браты.
Раней на розныя камунiстычныя святы на аскетычных фасадах урадавых пабудоў, акрамя чырвона-белых лозунгаў i сцягоў, вывешвалiся манументальныя палотны з тварамi Энгельса, Ленiна, Маркса i ўсiх жывых членаў i кандыдатаў у члены Палiтбюро ЦК КПСС. Жывыя (усе, як адзiн) былi намаляваныя ў цёмных пiнжаках, белых кашулях i пад гальштукам.
Сярод вохрыстых фатаграфiчна-дакументальных твараў я заўсёды адшукваў койданаўскага земляроба i з гонарам адзначаў сваю далучанасць да вельмi вялiкай справы.
Сваяцтва Вiнака Шавуры не магло не абрасцi ў мястэчку рознымi байкамi i казкамi, як у гародзе – колькi нi палiце, нi касiце, а крапiва куток свой знойдзе. I чаго толькi не плялi доўгiя языкi!
Гандлярка Стэфа з крамы "Садавiна i гароднiна" казала, што яе муж Волесь на ўласныя вочы бачыў, як Вiнак закопваў на сваiх градах бляшанкi з золатам, якiя яму на "чайцы" прывозiў маскоўскi брат.
– Ён таму i не ходзiць нiкуды са свайго двара ды поркаецца дзень i ноч на гародзе, – нашэптвала Стэфа даверлiвым старым цёткам – Юзэфе з Канстанцыяй. I памiдоры садзiць, каб замаскiравацца. А сам крамлёўскае золата пiльнуе.
Стэфу ўсе разумелi, бо Вiнак адных памiдораў прадаваў больш, чым яна ўсёй сваёй дзяржаўнай садавiны разам з гароднiнай. План у Стэфчынай краме трымаўся толькi на тым, што напрыканцы месяца ёй прывозiлi дзесятак скрынак з "Вермутам" па сто дваццаць дзве капейкi за рыльца. А якiя ў краме памiдоры, усе i так ведаюць. А вось калi цётка Пэля параўнала свае памiдоры з Вiнакавымi, дык у яе нарадзiлася думка, што Вiнакаў брат прысылае ў Койданава амерыканскае насенне, бо толькi з амерыканскiх зярнятак могуць вырастаць такiя смачныя памiдоры. Пэля пераканала сябе i спрабавала запэўнiць iншых, што Шавура ўсiм прадае адно насенне, а сам садзiць другое.
Да таго дайшло, што Казiкаву Валю паслалi на пошту даведацца, цi не атрымлiвае часам Вiнак пакункаў з Амерыкi. Валя праз былую аднакласнiцу даведалася, што нiякiх пасылак з ЗША i Канады ў Койданава за апошнi год не прыходзiла, а Вiнак атрымлiвае толькi часопiсы па садаводству i маскоўскую газету "Правда".
Цётку Пэлю такiя звесткi не пераканалi:
– Ну i што? Калi не па пошце прыслаў, значыць, на машыне прывёз!
Пярэчыць было бессэнсоўна.
Доўгая чорна-блiскавiчная машына разы два на год спынялася каля нефарбаванай Вiнакавай брамы. З яе выскокваў, як чорцiк з табакеркi, увiшны шафёр з тонкiмi кагэбiсцкiмi вусiкамi. Адчынялiся другiя дзверцы, i на койданаўскую запыленую прыдарожную траву ступаў цьмяна-блiскучы вузкi чаравiк Шавуры-малодшага.
Кандыдат у члены Палiтбюро ЦК iшоў, высока ўзняўшы паголенае падбароддзе, у братаву хату, а за iм, угiнаючыся, бег, як ненавязаны цюцiк, адданы шафёр.
Пра што гаварылi браты Шавуры? Цi бралi яны чарку? Цi даваў малодшы старэйшаму грошы? Койданава не ведала.
Услужлiвы шафёр пакаваў у багажнiк дзяржаўнай машыны скрынкi з памiдорамi. Светлыя, з абгабляваных дошчачак, зграбныя, невысокiя скрынi Шавура-партыец прывозiў з сабою. Койданаўцы казалi, што ён возiць памiдоры ў маскоўскi Крэмль, каб частаваць Хрушчова, Брэжнева i ўсiх астатнiх членаў Палiтбюро ЦК КПСС. Сам ён столькi з'есцi не мог, а вазiць памiдоры на "чайцы", каб згнаiць i выкiнуць – глупства. Так што Шавура-цэкоўскi ўсё ж некага частаваў.
Пры ўсiм сваiм скептычным стаўленнi да ўрада, койданаўцы паважалi Шавуру-малодшага, бо разумелi – не было б яго, i не было б памiдораў ад Шавуры-старэйшага. Бо хто б тады дазволiў Вiнаку прадаваць свае таматы налева i направа?
Хто гэта ў канцы 60-х мог дараваць беларусу заняткi адасобленай уласнiцкай эканамiчнай палiтыкай? Хто б дазволiў яму садзiць памiдоры i толькi памiдоры, калi ўсе астатнiя садзяць бульбу, рэпу, капусту, моркву, буракi, агуркi i боб з гарохам? Нiхто!
А так вось былi ў Койданаве лепшыя ў Беларусi памiдоры. Я, ва ўсялякiм разе, смачнейшых не каштаваў.
Баба Ядзя давала мне папяровы рубель, манетку ў дваццаць капеек i чысты, не з-пад бульбы, кошык.
– Папросiш Вiнака, каб ён сам табе навыбiраў, – казала яна. – Ён прапануе выбiраць, а ты скажаш, лепей вы самi навыбiрайце.
У Вiнакавай светлай хаце панаваў кiславата-салодкi востры памiдорны водар. На вокны не вешалiся фiранкi, i сонца вялiкiмi ромбамi ляжала на падлозе. У Вiнака амаль не было мэблi, так, самае неабходнае – ложак, стол, крэслы. I паўсюль на разасланых газетах у ромбах густога святла i ў празрыстых блакiтных ценях ляжалi, свяцiлiся сакаўной мякаццю праз тонкую глянцавую скурку, чырванелi наспелымi бакамi, зелянелi вострымi пупавiнамi пладаножак, патыхалi летнiм цяплом Шавуравы памiдоры.
– Выбiрай, – казаў гаспадар i працягваў узважваць на шалях, што стаялi на падлозе каля дзвярэй, памiдоры для дзвюх дзяўчынак. Яны былi старэйшыя за мяне, i я iх не ведаў. Пэўна, прыйшлi з другога канца Койданава цi з вёскi, з якiх-небудзь Макаўчыц цi Бакiнава.
Вiнак пазвоньваў дробнымi гiркамi, састаўляў iх па росту каля плiнтуса.
– Чаго не выбiраеш?
– Навыбiрайце самi, калi ласка. У мяне грошай на тры кiлаграмы...
I ён выбiраў i складаў на алюмiнiевы сподак.
Падобныя да цацачных качак дзюбкi вагаў пачыналi скакаць, аж пакуль тая, дзе ляжалi памiдоры, не плыла ўнiз. Шавура акуратна перасыпаў памiдоры ў мой кош.
Нёс я iх асцярожна, гэта ж памiдоры ад Шавуры.
Пазней, ужо ў iнстытуце, калi буду чытаць Басё, згадаецца Вiнак. Вялiкi японец па мянушцы Горкi Гарбуз сказаў вучням: "Хоку, i нiякiх iншых думак".
Так i ў Шавуры, не было iншых думак, акрамя салодкiх памiдораў. Але ў Вiнака была мара.
Аднойчы ён зайшоў у нашу хату па нейкую драбязу. Здаецца, дзед Бронiк паабяцаў яму аддаць нашу старую спружыну на дзверы... Не памятаю. Толькi дзеда не было. Мы з бабай Ядзяй вячэралi. Вiнак адмовiўся сесцi за стол. Стоячы ў парозе, ён раптам сказаў, што хоча кiнуць памiдоры, бо думае паспрабаваць вырошчваць вiнаград, але нiяк не збярэцца прадаць дом i пераехаць у Берасцейскую вобласць, бо там цяплей, чым у Койданаве. Баба не адгаворвала Вiнака. Кожны чалавек павiнен сам выбiраць, куды ехаць i што садзiць на сваёй зямлi.
Праз гады тры Вiнак з'ехаў спачатку на Берасцейшчыну, а далей i ў Малдавiю. Цi жыве ён там цяпер, у Койданаве не ведаюць.
А для койданаўскiх памiдораў насталi новыя часы, часы цяплiц i парнiкоў, але цi можна параўнаць тамат з-пад полiэтыленавай плёнкi з памiдорам, якi рос i спеў на жывым сонцы?
Тоня
Тоня хварэла ўсё сваё доўгае жыццё на чыста беларускiя хваробы: млявасць, агульную слабасць, нямогласць i каўтун. Хрэстаматыйны каўтун убiўся ў Тонiны валасы яшчэ ў мiнулым стагоддзi i недзе на самым пачатку нашага сышоў. Але ўспамiны аб iм прайшлi праз усе Тонiны размовы з койданаўскiмi лекарамi.
– Дзетачкi вы мае, – пачынала яна сваё доўгае апавяданне ў бальнiчным кабiнеце. – У мяне ж каўтун быў. З таго часу i балiць галава, не дакрануцца. I свет у вачах плыве, круцiцца ўсё вакол, як туманам засланае. I слабкасць, i рукi дрыжаць, нiчога рабiць не магу. Увесь час на сон хiлiць. Так бы, здаецца, i не прачыналася зусiм...
Лекараў на сваiм вяку Тоня перабачыла безлiч. I нi адзiн з iх нiколi нават не засумняваўся ў сапраўднасцi хваробаў i ў шчырасцi скаргаў. А скаргi цiха плылi, як шырокая рэчка праз балота, закалыхвалi i пераконвалi... Пэўна, лекару было вельмi цiкава слухаць тую сумную элегiю.
Шкада, што не знайшлося ў Беларусi фалькларыстаў – аматараў пазанатоўваць жаночыя скаргi на ўласнае здароўе. Менавiта жаночыя, бо ў мужчын яны каструбаватыя, неразгорнутыя, абсечаныя:
– Во!!! Палец цыркуляркаю адхапiла.
– Курыў, а вугельчык вазьмi ды ў вока пырснi.
– Хварэю, учора перапiў.
А ў жанчын зусiм iнакш, у iх плаўна, з iнтрыгаю, з накатам, з кульмiнацыяй. Яны так па-майстэрску складаюць свае апавяданнi, што лекар не заўважае, як робiцца суаўтарам i прагаворвае развязку, ставiць кропку – выдае такую патрэбную i доўгачаканую даведку на вызваленне ад працы.
У Тонiных скаргах кульмiнацыямi былi раптоўныя страты прытомнасцi i падзеннi.
– Я ж да вас i не пайшла б нiколi, i не стала б турбаваць, але баюся... Вось учора ранiцаю ўстала з ложка. Ледзь жа ўстала, ледзь прачнулася. Зрабiла два крокi i не помню, што адбылося, што са мной здарылася. Адно чую голас у цемры. Вочы расплюшчваю – Камiлька стаiць перапалоханая. Схiлiлася нада мною, а ў вачох – жах. Добры чалавек Камiлька, я ў яе цяпер жыву на кватэры. Яна дапамагла ўстаць i сказала: "Што ж гэта вы, цётачка, сябе зусiм не шкадуеце, не глядзiце? Вось ужо i падаеце на падлогу без прытомнасцi, а да лекара не сходзiце нiяк". Таму я i сабралася, i прыйшла сюды...
Твар у Тонi мучнiста-белы, нiбыта вылеплены з цеста, а зморшчынкi на iм тонкiя i глыбокiя. Вочы бясколерныя, вадзянiстыя, з драбнюткiмi, што льняныя зярняткi, зрэнкамi. I таму, калi глядзiш на Тоню, само сабою ўзнiкае жаданне засунуць яе галаву ў печ, каб твар набыў цёплы чалавечы румянец, а не патыхаў халаднаватай мярцвянасцю, за якую лекары выдавалi самыя каштоўныя даведкi.
Даведак у Тонi назбiралася безлiч. Яна гадзiнамi перабiрала, вывучала, перачытвала гэты адзiны свой сапраўдны скарб. Паперы трымалiся ў глыбокай кардоннай пушцы з-пад зефiру ў шакаладзе. У такiх ружова-залацiстых, з выцiснутымi кветкамi на накрыўках пушках дзяўчынкi зазвычай складаюць вiншавальныя паштоўкi з ружамi, цукерачныя абгорткi i фольгу, шаўковыя стужкi i зусiм маленечкiх лялек. Але ў Тонiным далёкiм дзяцiнстве не было гэткiх цацак, i яна на старасцi гадоў гуляла ў дзявочую папяровую гульню на поўным сур'ёзе. Гуляла i выйграла аднапакаёвую кватэру на першым паверсе цаглянага дома ў самым цэнтры Койданава. У свае сто чатыры гады Тоня нарэшце перабралася з прыватнай кватэры ва ўласную. Усе казалi, што ёй пашанцавала, але я не хацеў бы сто чатыры гады пражыць у падсуседзях... А ў Тонi якраз такi лёс – жыць у людзей i нiдзе не працаваць нiводнага дня, бо яшчэ на самым пачатку нашага стагоддзя высветлiлася, што падымаць больш за кiлаграм ёй нельга, нахiляцца няможна, хутка хадзiць, а тым больш бегаць, не варта, а займацца карыснай разумовай дзейнасцю ўвогуле забараняецца. Апошнi пункт у гэтым пералiку Тоня парушыла, але парушыла несвядома, бо свае паэтычныя скаргi яна не лiчыла за работу. А я дык якраз бачыў у Тонi таленавiтую паэтку, якая нiчым iншым, як паэзiяй, адпрацоўвала самы мiнiмум патрэбнага ў гэтым жыццi.
Тонiна паэзiя мела яшчэ адну выразную рысу – рэлiгiйна-мiстычную. Ва ўсiх яе апавяданнях пра хваробы зiхацелi словы i выразы накшталт: даруй Божа, а Божачка ты наш, хай Бог дапаможа... А пры Тонiным ложку, дзе б яна нi жыла, заўсёды на тумбачцы, на падваконнi цi проста на крэсле стаялi маленькiя каталiцкiя абразы. Пры бясконцых пераездах-пераходах з хаты ў хату яны складалiся ў пушку для даведак.
А пераходаў за сто чатыры гады было столькi, што i сама Тоня не палiчыць.
Вось у некага са знаёмых сына забралi ў войска, вызвалiўся пакой, з якога на гаспадароў пачынае павяваць халоднай проймаю страты. I яны не знаходзяць нiчога лепшага, як запрасiць пажыць у iх Тоню. Цi ў каго iншага дачка выйшла замуж i з'ехала з Койданава ў Менск цi куды далей. I зноў жа месца прапаноўвалася Тонi.
Так вось пасялiлася яна ў Мiлi Мiлько, калi Шурыка забралi служыць у Егiпце. А ў цёткi Косцi Тоня жыла пасля таго, як Ада выйшла за вайскоўца i з'ехала з iм у Нямеччыну ажно на пяць гадоў. У цёткi Пэлi Тоня пражыла гадоў сем, бо даводзiлася роднай сястрой Пэлiнаму мужу Ясечку, якi, дарэчы, быў старэйшы за Тоню i пражыў пад койданаўскiм небам сто тры гады.
Я нiколi не чуў, каб Тоня скардзiлася каму на лёс. Яна скардзiлася толькi на хваробы. Можа, яна скардзiлася i на што iншае падчас споведзi рубяжэвiцкiм ксяндзам. Але пра тое ведае адзiн Бог, бо старыя ксяндзы памерлi, а да новага, маладога, Тоня не ездзiць. А раней жа разы са два на год яна выбiралася да касцёла. Адкуль прывозiўся i ставiўся каля ложка новенькi яркi абразок. Звычайна – Мацi Божая Дзева Марыя з белым тварам i складзенымi на грудзях рукамi, такiмi ж чыстымi i белымi, бо не ведалi нi зямлi, нi пральнай дошкi, нi бруднага, завэдзганага тлушчам посуду.
Тоня жыве. I сто пяты год бачыць мацiцовае койданаўскае неба.
МА-МА
Апавяданне
Ма – тое самае, што i няма
(звычайна ў гутарцы дзяцей).
Як прыснiцца сырое мяса – абавязкова захварэеш, вядома, калi з чацвярга на пятнiцу. А калi не хочаш, каб сон спраўдзiўся, дык да абеду не расказвай цi, яшчэ лепш, раскажы вадзе. Можаш на кран гаварыць, пусцiць ваду i расказаць. Я так i раблю, каб злое паплыло з вадою, хай плынь тое злое, чорнае панясе. Калi саснiш кроў – атрымаеш вестку ад крэўнага, гэта калi крывi нямнога, адна кропля; больш – чакай сваяка, пэўна ж прыйдзе цi прыедзе. Вось калi Рэня павiнна была прыляцець, я ўбачыла, нiбыта пабiла руку, ударыла аб востры кант i падрапала, на скуры кроў выступiла.
Не веру ва ўсе гэтыя друкаваныя соннiкi, толькi ў тое, што ў нашым Койданаве казалi.
Я таксама не веру, але чытаць люблю, паэзiя ёсць. Вось прыклад з соннiка, прыдбанага за рубель у падземным пераходзе: "Рэха – пiсьмо здалёк". Метафара, грэгерыя на ўзроўнi Рамона Гомеса дэ ла Серны. У яго: "Суфлёр – рэха яшчэ да слова". Але што тут спрачацца, зразумела: Койданава блiжэй за Мадрыд, Беларусь, а не Iспанiя, мацi...
А мама мяне заўсёды папярэджвае, прыходзiць у сон i папярэджвае: калi ты цi Мiрак захварэеце.
Вось аднойчы: я спала, а снiлася, што ляжу i чытаю. Начная лямпа на тумбачцы гарэла – паўзмрок. I ўсё цалкам рэальна: кнiга, спачывальня, ложак, лямпа. Раптам адчынiлiся дзверы, мама зайшла. Яна ў зялёнай кофтачцы, ты павiнен помнiць – яркая, зялёная. Ведаю, мамы няма, памерла. А яна зайшла i стаiць над маiм ложкам. Я з пярэпалаху пачала сварыцца: "Мама, нашто вы прыйшлi?!" Памятаеш, я маму заўсёды на "вы" называла. "Мама, iдзiце адсюль, iдзiце", – рукою махаю, вось так. А яна стаiць i старэе – з маладой жанчыны ў старую кабету ператвараецца. Твар зрабiўся цёмны, земляны, пасечаны дробнымi зморшчынкамi, у жыццi такога нiколi не было. Састарэла, змеркла i растала ў паветры. Я прахапiлася i паўночы не магла заснуць. Ляжала, але бацьку не будзiла. Так з кнiгаю ў руках i заснула. I толькi заснула, як iзноў мама прыйшла. Прынесла ў спачывальню два вядры з вадою. Адно вядро ўпала, вада разлiлася, а з другога – толькi крышку расплюхалася на падлогу. Мама сышла. Да ранiцы я не змагла заснуць. А за дзень, мiтусня, той сон i забыўся. А ўвечары – няшчасце, Мiрак заспакаяльнага тры канвалюты прыняў. "Хуткая дапамога", бальнiца. Толькi праз дзень цi нават праз два я той сон з вёдрамi згадала.
Гэтаксама i ў мяне, вада – небяспека. З дзяцiнства, калi саснiў, што плыву ў моры i нясцерпна хочацца ў прыбiральню па маленькай патрэбе, а бераг далёка. Прачнуўся, а ў ложку мокра. Страх, ноч, сорам, бо ўжо ў школу хадзiў. Вось i цяпер, як ваду сасню – прахоплiваюся, ад таго дзiцячага страху, напэўна.
А бываюць зусiм iншыя сны. Вось цэлы год не было ў мяне добрых ботаў. Былi нейкiя старыя драныя-рамантаваныя, а новыя нiдзе не магла набыць. У мяне, як у мамы, пад'ём высокi. Колькi па крамах нi хадзiла – няма ботаў, цi памер не падыходзiць. Толькi пра боты думала. Бывае так, думаеш увесь час пра адно i тое ж, пра драбязу, аж сорамна робiцца, а ты ўсё не можаш адкiнуць яе. Вось уключыла тэлевiзар, прысела ў крэсла, а тут мама ў кватэру заходзiць i трымае ў руках новенькiя боты на высокiх абцасах. "Што ж ты, Нiна, боты сабе не купiш?" -спытала, i няма. Тэлевiзар iдзе. I гэта нават не сон, а так, нешта найшло. Насланнё, як кажуць. Праз дзень я ў магазiне "Чаравiчкi", што каля кiнатэатра "Цэнтральны" такiя боты i набыла, брунатныя, з маланкаю, на высокiх абцасах.
Гэта не сны.
Як мама памерла, я ўсё плакала. Успомню – слёзы самi цякуць. Мы тады каля могiлак Кальварыйскiх жылi. Бацька за сталом сядзеў, пiсаў, я на ложку ляжала, вы спалi. Мама ўспомнiлася, i сляза, вялiкая-вялiкая, па скронi пабегла. Нават цяпер адчуваю тую слязу. Тут бачу маму, яна злосна глядзiць на мяне i гаворыць: "Нiна, што вы з Бронiкам крычыце ўсё i крычыце? Спакою не даяцё. Перастань крычаць!" Сказала i выйшла на гаўбец. А мне падумалася – цiха плачу i зусiм не крычу. Чаму яна кажа, што з айчымам крычу? Устала з ложка i ў бацькi спытала: "Ты маю маму бачыў?" Бацька збялеў, па сардэчныя кроплi на кухню пабег. Прынёс. "Ты што, Нiна? Якая мама? Супакойся". А я: "Вось дзверы гаўбцовыя яна адчынiла". – "Скразняком дзверы адчынiла. Восьмы паверх". Мы тады на восьмым паверсе жылi. Вокны – на могiлкi. Мама iх любiла. Каплiцы, касцёл закiнуты. Яна ж каталiчка.
Як плакаў па бабе Ядзi наш дзед Бронiк, я забыць не магу. Штодня, i ўвосень, i ўзiмку, хадзiў на могiлкi, клаўся каля Ядзiнага капца i плакаў. Не мог ён без яе. Увесну iнсульт. А ўлетку, якраз праз два гады, каля Ядзiнага капца насыпалi Бронiкаў. Зямля пухам.
Трэба ў Кальварыйскiм касцёле iмшу замовiць.
А самае яркае, самае рэальнае з'яўленне было ў школе. Я тады ў школьнай бiблiятэцы працавала. Дзецi разышлiся. Цiха. Кнiжкi па палiчках расставiла, сяджу за сталом. Сцямнела. Я сяджу, стамiлася, устаць не магу. Спачатку крокi на калiдоры, потым мама ў бiблiятэцы. Падышла i так цiха-цiха ласкава шэптам: "Нiначка, сябе не глядзiш зусiм. Трэба да доктара iсцi, трэба сябе глядзець. Няўжо надумала дзяцей пакiнуць?" Яна гаворыць. А праз яе голас – крокi на калiдоры. Мама праз чытальную залю, за стэлажы, у кут, там зусiм цёмна. У бiблiятэку дырэктар заходзiць, святло запальвае i гучна-гучна: "Нiна Ўладзiмiраўна, што з вамi?" Лямант, мiтусня. Я не варушуся. Ён пабег у медпункт. Школьная доктарка яшчэ не сышла. Укол мне зрабiлi, "хуткую дапамогу" выклiкалi, але ў бальнiцу не павезлi. Бацьку нiчога не сказала, ён i так пасля адчыненых на гаўбец дзвярэй моцна перажываў.
Бываюць светлыя, радасныя з'яўленнi. Вось каля крамы "Бурацiна" – дзiцячае адзенне, бачу – мама насустрач iдзе. На ёй доўгая вiшнёвая сукенка, а праз руку, вось так, яшчэ некалькi сукенак перакiнутыя. Вецер. Валасы развяваюцца. Прыгожыя ў яе валасы былi, густыя, каштанавыя i вiлiся. Хустак мама не любiла. А вочы светла-блакiтныя. Твар белы, чысты. Яна такая гожая, маладая, iдзе мне насустрач, смяецца i гаворыць: "Ой, Нiна, як добра, што ты мне ў дарогу вiшнёвы адрэз паклала. Бачыш, якая сукенка атрымалася? Я тут самая прыгожая". Я хацела маму за руку ўзяць, а яна так мякка плячом павяла – не трэба. I пайшла. Я засталася. Схамянулася, а навокал пуста, вечар, нiдзе нiкога няма. А з гэтым вiшнёвым адрэзам вось як было... Калi ехала на пахаванне, дык па дарозе ў краму зайшла i купiла адрэз, ведала – мама больш за ўсё вiшнёвы колер любiла. Прыехала, у хату зайшла, а маму памылi ўжо i ў труну паклалi. Сукенка на ёй блакiтная i труна блакiтная. Дастала я з сумкi вiшнёвы адрэз i кажу: "Будзем пераапранаць. Пашыем зараз вiшнёвую сукню, блакiтную нажнiцамi разрэжам i здымем". Усе не чакалi такога i пагадзiлiся. Сваячка нават адрэз на стале разаслала, каб раскраiць. Але спачатку тая ж сваячка, а потым i ўсе астатнiя пачалi ўгаворваць – лета, гарачыня, не трэба... Я ў плач, у слёзы, а самой падумалася, што прывезла той адрэз маме, дык у труну ў ногi трэба пакласцi. Так i зрабiла.
Вочы ў бабы Ядзi былi блакiтныя. А здымак на помнiку брунатны. I ў дзеда Бронiка здымак брунатны. Але нават на карычневых здымках вiдаць, што вочы ў iх светлыя, блакiтныя. А можа, гэта толькi здаецца мне.
Звычайна, як хто блiзкi памiрае, я ў сне бачу яго. Першы раз гэта было, калi я ў iнтэрнаце жыла. Вярнулася з заняткаў, збiралася пачытаць, а ўсе дзяўчаты з нашага пакоя ў адзiн голас: "Мы будзем спаць, выключай святло". Пакрыўдзiлася, пайшла на калiдор чытаць. Суседка-аднакурснiца да мяне: "Чаго твая мацi сягоння прыязджала?" "Не сягоння, а ўчора", – кажу. А яна: "Учора гэта ўчора, а сягоння гэта сягоння. Тое i дзiўна, што два днi запар". Я ў наш пакой: "Вы спiце?" Спяць. Я грамчэй: "Вы спiце?" Тут Люда, самая старэйшая з нас, села на ложку: "Нiна, ты толькi не хвалюйся. Мы ж хацелi як лепей. У цябе баба Марыя памерла. А твая мацi хацела, каб ты заўтра ўранку прыехала. Мы i маўчалi". А сон? Сон быў напярэдаднi такi... Якраз у тую ноч, як баба памерла. Яна мяне ў дзяцiнстве вадзiла ў касцёл. I мне снiлася, што мы ўдзвюх заходзiм у касцёл. Яна – высокая, прыгожая жанчына, а я – зусiм маленькая дзяўчынка ў палярыне. У касцёле нiкога няма, светла, урачыста. Я глянула на бабу Марыю, яна вядзе мяне да алтара i маладзее. А я наадварот – расту. Я стала такой, як была на той час у сапраўднасцi. А яна – зусiм маленькая дзяўчынка. I ўжо не яна мяне вядзе, а я яе. Пасярод касцёла яна раптам вырвала сваю руку з маёй, пабегла i схавалася за алтаром. Я прачнулася.
А як мама памiрала, я ў дзiцячым лагеры была. Ну, правiльна, мы ж разам усе былi: i ты, i Мiрак. Мне ўбачылася такое: прыехала ў Койданава. Заходжу ў двор, а мама стаiць каля ганка i нешта робiць. Здаецца, бялiзну мые. Так, яна бялiзну мыла i пачула, як я клямкаю бразнула, азiрнулася. Яна маладая, смяецца, кажа: "Нiначка, мне ўжо нiчога-нiчога не балiць. (А ў яе рак, жахлiвыя болi.) Так добра. Я такая шчаслiвая. Нiна, мне нiчога не балiць". Я ўзрадавалася, iду да яе. А яна каля плота пабегла, стала маленькай, пад самай рукою маёй прабегла i – за веснiцы. Клямка бразнула. Прачынаюся, а ў вушах яшчэ бразгат клямкi звiнiць. Устала, выйшла на вулiцу. А тут ужо наш бацька: "Я па цябе. Машыну ўзяў. Трэба ехаць. Не плач".
У тую ранiцу пасля снядання я шукаў мацi па ўсiм лагеры. I ўбачыў яе, i пабег, а калi быў зусiм блiзка, схамянуўся – не мая мама, а выхавацелька. Я не спынiўся. Выхавацелька ўслед маё iмя крычыць. Слёзы душаць. Я ў лес. Ляжаў, плакаў на кастрыцы i пераконваў сябе, што баба Ядзя не памерла, што гэта я сам навыдумляў немаведама чаго. А калi слёзы скончылiся i прыйшоў да выхавацелькi i яна сказала, што баба Ядзя памерла, я не плакаў.
Мама мяне заўсёды папярэджвае. Даўно нешта не прыходзiла. Што гэта я кажу? Трэба па дрэве пастукаць.
Тук-тук-тук.
I ты пастукай.
Тук-тук-тук.
А калi абутак прыснiцца...
Як гэта я мог маму з выхавацелькай пераблытаць? Яны зусiм не падобныя.
...усё залежыць ад таго, якi абутак. Цi свой? Цi чужы? Цi новы? Цi чысты? А калi прыснiцца пажар, абавязкова пасварышся. Так у Койданаве казалi: пажар сварка.
САВА
Апавяданне
Саву ў Койданаве не любiлi. Нi тады, калi ён яшчэ стрыжаным пад нуль хлапчанём латашыў суседскiя сады i гароды, нi тады, як скончыў дзесяцiгодку i трос на танцах вiхрастым чубам. Яго недалюблiвалi яшчэ i з-за бацькi мiлiцыянта, чалавека звераватага, якi нiкому нiчога не дараваў: нi накапанага на чужым полi кошыка маладой бульбы, нi падшыпнiка, вынесенага з рамонтнай базы дзецям на самакат. Бацька лупiў Саву мiлiцыянцкай партупеяю, але жорсткае выхаванне толькi азлiла ды загартавала лядашчага хлопца. Саву абыходзiлi аднагодкi яшчэ i з-за мацi – крыклiвай пляткаркi, якая магла без дай патрэбы ўчынiць такi гвалт i прылюдны здзек у чарзе па цукар, што сёй-той згодны быў каўтаць вар голы, абы толькi не чуць брудных слоў i праклёнаў, што выляталi з шырокага, аздобленага металам рота мiлiцыянцiхi.
Саву нiхто не шкадаваў, калi ягоныя бацькi загiнулi ў адначассе. На чыгуначным пераездзе яны, абмiнуўшы караткаваты шлагбаўм, на ўсёй хуткасцi загналi жоўты службовы матацыкл пад колы лакаматыва. Хавалi iх у закрытых трунах, бо рэшткi людзей так перамяшалiся з анучамi ды жалеззем, што не раздзярэш, каб i хацеў. Парабiлi глыбокiя труны, паскладалi так-сяк тое, што яшчэ ўчора звалася прынцыповым мiлiцыянтам i нястрыманай жанчынаю, i занеслi на могiлкi. Сава застаўся на свеце адно з бабай Анцяй, якая з-за хворай нагi нават на магiлу сына i нявесткi не пайшла глядзець.
Тым летам Сава якраз i скончыў школу. Ён бадзяўся па Койданаве цэлымi днямi – забiваў час, што заставаўся да восенi, калi яго павiнны былi загрэбцi ў салдаты. Аднагодкi дый старэйшыя пазбягалi гэтага не па гадах дужага, шырокага ў плячах хлопца з белым чубам над заўсёды злосным гарбаносым тварам. Адно брыво Сава ўздымаў падчас гаворкi вышэй за другое, i з-пад яго, высока ўзнятага, пераламанага, глядзела на свет жоўтае, што ў рысi, вока. Адзiнае, што змянiлася ў Саве пасля гiбелi бацькоў, гэта губа пад носам – вусы запусцiў.
Прахалодны ранак. Сава сядзiць на дзёрне жыдоўскiх могiлак i пачэсвае пазногцем рудаватыя рэдкiя вусы. Насупраць яго на паваленым i ўрослым у зямлю помнiку габлюе калоду зашмальцаваных карт дробненькi ды кiрпаты Цiма, якi таксама чакае позву ў войска i не можа прыдумаць лепшага занятку, як з самай ранiцы гуляць "у дурня" з Савам. Карты хлёстка пляскаюць па адпалiраваным целе заваленага помнiка з квадратнымi тлустымi лiтарамi i шасцiканцовай зоркаю. Зноў пагоны! Сава акуратна выкладае на камень дзве чорныя сямёркi. Чакае цябе войска! Ён устае з дзёрну i ўскiдвае рукi, як салдат, здаючыся ў палон. Знайдзi ў мяне нож! Цiма разы са тры абшуквае Саву, абляпвае, абмацвае ўсяго, але нажа так i не знаходзiць. Бо той прышыў сабе да кашулi, за каўняром, мiж лапатак, патаемную скураную кiшэню, у якой i трымае бацькаў паляўнiчы нож. Цiма здзiўляецца. Нашто было столькi шыць? А ты, Цiмка, зiрнi на свае чобаты, брыдка глядзець, дзеўкi насы адварочваюць, як цябе ўбачаць. А ты лепшы? На тваiх спартыўных падштанiках каленi, што торбы, вiсяць... Не трапячыся, будуць у мяне нагавiцы i чаравiкi скураныя. Ты што, Саўка, рабаваць пачнеш? Можа, i нож схаваў, каб... Дагаварыць Цiма не паспявае. Дужыя рукi сцiскаюць каўнер на шыi: нi ўдыхнуць, нi выдыхнуць. Дробны тварык рудзее, моршчыцца, як антонаўка ў печы, вочкi вылуплiваюцца, а з носа вылятае зялёны смаркач. Падла здохлая, зараз ты ў мяне пасмяешся. Сава выпускае каўнер, замахваецца, каб урэзаць па сцятым тварыку, але спыняецца i апускае кулак. Заўтра паедзеш са мной у Маскву! Ехаць у Маскву Цiма хоча, нi разу не быў, цiкава глянуць. Толькi што за вандроўка з Савам, у якога мiж лапатак вiсiць нож?! Пярэчыць Цiма не адважваецца нi на могiлках каля паваленых помнiкаў, нi на другi дзень, калi Сава на золку грукае ў шыбу, нiбыта хлопцы збiраюцца на рыбу, а не ў Маскву.
Да Менска Сава з Цiмам даедуць на дызелi, без квiткоў i без прыгод. Усю дарогу прагуляюць у карты з рабочымi. Цiму будуць iсцi казыры, i ён выйграе колькi рублёў i страшэнна ўзрадуецца. Пакамечаныя паперкi ён аддасць мардатаму шафёру, якi на новенькiм, без нумароў "ЗIЛе" давязе хлопцаў да Барысава, так i не вымавiўшы нiводнага слова надзьмутымi сiняватымi губамi. Сава таксама нiчога не скажа: маўляў, твае грошы – рабi што хочаш. А вось калi касавокi скуласты шафёр белага легкавiка "Нiва", што за пяць гадзiн дамчыць хлопцаў з Барысава ажно да Тулы, запатрабуе разлiчыцца i Цiма пакорлiва палезе ў кiшэню, тады Сава папярэдзiць, што хай толькi касавокi скажа яшчэ хоць слова – яму адразу адрэжуць скуластую башку. Уладар "Нiвы" змаўчыць, лясне дзверцамi i так iрване легкавiк з месца, што хлопцам падумаецца, што, пэўна, шафёр удзельнiчае ў аўтаралi. Сава з Цiмам пойдуць пешкi. Неба зацягнецца хмурнасцю. Сцямнее. Зацярушыць дробны, вiдаць, надоўга, дождж. Машыны не будуць спыняцца, шархацецьмуць далей, пакiдаючы хлопцам смуродлiвыя аблокi пырскаў. Сава з Цiмам пратупаюць кiламетраў з дзесяць, праклiнаючы кожную машыну, што пакажа iм крывавыя агеньчыкi стоп-сiгналаў. Нарэшце шафёр вялiкай фуры пашкадуе вымаклых небаракаў, ён скажа, што едзе з Менска i баiцца заснуць, таму будзе гаварыць абы-што, каб не заплюшчылiся вочы. Ён высока ўздыме даўганосы профiль з высокiм, як на дваiх, кадыком i пачне крыць матам маскалёў, казацьме, што ўсе яны алкаголiкi i не ўмеюць працаваць, а Масква – самы сквапны горад з усiх, дзе ён быў. Вы б, хлопцы, да Краснай плошчы дайшлi, каб мяне не было. Яны ж тут i спынiцца баяцца. Хлопцы будуць пасмейвацца, зрэдку падтакваць кадыкатаму шафёру i незаўважна даедуць да маскоўскай кальцавой дарогi. Позна, застануся начаваць на стаянцы. Тут да метро два крокi. А грошай не трэба. Газiроўкi вып'еце за маё здароўе.
Хмары разыдуцца. Па блiскавiчным асфальце, прытанцоўваючы, пад зорамi Сава з Цiмам рушаць на Маскву.
У паўпустым абшарпаным вагоне метро Сава згледзiць першую ахвяру: смуглявую невысокую маладзiцу з цылiндрычным футаралам для чарцяжоў. Чарнявая маладзiчка хутка заўважыць нядобрыя зiркi нацятага Савы i паспрабуе ўцячы. З метро яна выйдзе на асветлены праспект, а з яго рэзка заверне ў прахадны двор. Сава дагонiць маладзiцу ў чэзлым скверыку i важкiм ударам у скроню прымусiць скурчыцца на растрэсканым асфальце. Футарал адкоцiцца ў пясочнiцу ды ляжа там, нiбыта забытая дзецьмi цацка. Сава забярэ ў маладзiцы гадзiннiк, шлюбны пярсцёнак i скураную сумачку. Футарал ён пакiне ў пяску, а сумачку растрыбушыць на сметнiку за тры кварталы ад месца, дзе тварылася злачынства. Цiма, агаломшаны ўбачаным, будзе iсцi за Савам, як прыблудны, ужо раз прагнаны сабака. Здарэнне так перапалохае Цiму, што ён, пераляканы, ажно перастане бачыць колеры, i свет паўстане для яго ў шарым аблiччы.