355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Койданава (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Койданава (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 15:46

Текст книги "Койданава (на белорусском языке)"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 4 страниц)

Глебус Адам
Койданава (на белорусском языке)

Адам Глёбус

Койданава

МНЕ СНIЦЦА КОЙДАНАВА

Апавяданне

Мне снiцца Койданава... Вось iдзе па вулiцы цётка Пэля. Гэта менавiта тая Пэля, што ў Рубяжэвiчах, каб блiжэй да касцёла, паставiла сабе помнiк на могiлках. Каб жа толькi сабе. Дык i мужу свайму, Ясечку, таксама пры жыццi помнiк узвяла i агароджай помнiкi тыя абнесла. Ледзь не кожную нядзелю ездзiла Пэля ў Рубяжэвiчы, да касцёла ды на сваёй i мужавай магiле кветкi садзiла i даглядала, каб як у людзей было. "А хто ж мне помнiк паставiць, як памру? любiла казаць цётка Пэля. – Нiхто! Сам сабе не паставiш – нiхто табе не паставiць! А чым я горшая за людзей?" Нельга было не пагадзiцца з Пэляю, бо i логiка ў яе была жалезная, як агароджа вакол помнiка, i перакананнi. Толькi вось з датамi на помнiках выйшла недарэчнасць. З датамi нараджэння мужа i жонкi ўсё было як мае быць, а вось з датамi смерцi... На мармуровых дошках выбiлi iм лiчбу – 196, а яны ўзялi i дажылi да 1970 года. Перарабiлi iм 196 на 197, нiхто не ведаў, што Ясечка, i так на дваццаць гадоў старэйшы за сваю Пэлечку, возьме i пражыве аж 103 гады. Вось i прыйшлося цётцы Пэлi наймаць чалавека, каб на Ясевым помнiку назаўсёды ўсталяваўся 1980 год. Языкатыя, а iх у Койданаве заўсёды хапала, пачалi здзекавацца: маўляў, i Пэльцы яшчэ прыйдзецца 198 на 199 перапраўляць. Толькi хай тым языкатым языкi паадсыхаюць, а калi не паадсыхаюць, дык хай з iх паганых языкоў скура аблезе! Не дажыла наша цётка Пэля да 1990 года, пайшла за сваiм Ясем раней. Хай iм зямля будзе пухам. Пра мёртвых блага не гавораць. Што за чалавек быў наш Ясечка? Музыка! Ён вам i польку, i кракавяк, i вальс... I скрыпка ў Яся была свая, у дыктавым футарале. Да васьмiдзесяцi гадоў Ясечка на вяселлях граў, аж пакуль пальцы не перасталi слухацца. А як перастаў ён граць, дык скрыпку на гарышча занёс i ў труну схаваў. На гарышчы ў Пэлiнай хаце дзве труны стаялi – адна сiняя для Ясечкi, другая барвовая для самой Пэлi. Толькi спачатку iх дзве было, а потым стала чатыры, бо першыя дзве за дзесяць гадоў шашаль з'еў. Ды каб гэтая бяда была самай вялiкай у Пэлiнай хаце! А то ж было яшчэ здарэнне... Пракладалi каля старых могiлак новую дарогу. Частку могiлак трэба было знесцi, i якраз тую частку, дзе Пэлiны бацькi ляжалi. Спачатку плакала цётка Пэля, а потым радавалася. "Вось i добра, я сваiх бацькоў да касцёла блiжэй пакладу, перавязу iх у Рубяжэвiчы!" – казала Пэля суседзям. Заказала яна дзве труны: мацi зялёную, бацьку – зялёную; не падумайце, што яна паточаныя шашалем узяла, не той Пэля чалавек, яна любiла смерць, як iншы жыццё палюбiць не можа. Выкапалi ёй мужчыны бацькоў i ў труны паклалi. А справа была ў снежнi. Толькi яны выкапалi, а тут мароз, i такi мароз, што зямля ўкамянела, нi ломам, нi сякераю тую зямлю не возьмеш, не тое што рыдлёўкаю. Карацей, нi адзiн мужчына ў Рубяжэвiчах не стаў яму для Пэлiных бацькоў капаць, так яны ў хляве да сакавiка i прастаялi. Добра, што зiма ў той год была сапраўдная, з завiрухамi, з маразамi. А цяпер у цёткi Пэлi ўсё добра: спiць яна побач са сваiм Ясечкам у Рубяжэвiчах непадалёк ад касцёла, спяць яны пад акуратнымi помнiкамi, на якiх блiшчаць аднолькавыя надпiсы: "Ад сваякоў". Толькi вось блiзкiх сваякоў у цёткi Пэлi i не было, калi не лiчыць яе бацькоў, што спяць вечным сном на адных з Пэляй i Ясем могiлках. Няма ў Койданаве Пэлi, няма той чорнай жалобнай хусткi, у якой яна хадзiла па вулiцах. А чаму ў жалобнай хустцы? Ды не было ў Койданаве пахавання, каб абышлося без цёткi Пэлi. Нiхто так не ўмеў плакаць i галасiць, як яна. Калi галасiла цётка Пэля – голас яе, плач яе стаяў ад зямлi i да самага неба.

Мне снiцца...

Сны – адзiнае, што належыць мне. Астатняе не маё. Мне належыць толькi тое, што знiкне разам са мной.

...Снiцца Койданава.

На адной з цёткай Пэляй вулiцы жыла панi Петухоўская, яе ўсё Койданава так i называла – панi Петухоўская. Была Петухоўская такая тоўстая, што сядзець на адным крэсле не магла, бо адно крэсла, якое б нi было, хай сабе i дубовае, не вытрымае койданаўскую панi. Калi хто запрашаў да сябе ў госцi Петухоўскiх, то абавязкова ставiў для яе лаву цi крэслы звязваў вяроўкаю, каб, крый Бог, не раз'ехалiся, бо, калi грымнецца на зямлю панi, дык праломiцца зямля i невядома, што будзе. А больш такiх тоўстых у Койданаве не было. Тоўстыя былi, але, каб сядзець на двух крэслах цi займаць палову фотакарткi, на якой засталiся стаяць дзесяць чалавек, такiх тоўстых не было.

А стары Галякевiч такi худы, што праз гэтую худобу на яго казалi палiцай. На пачатку шасцiдзесятых гадоў у койданаўскiх дзяцей палiцай павiнен быў быць абавязкова худы, з вусамi i ў чорным галiфэ. А Галякевiч летам i зiмою насiў чорнае галiфэ, i нават у самую спёку да белай майкi на iм было галiфэ.

Унук яго – Барыс Ладаўшчук (дачка Галякевiча назло бацькам пайшла за насатага, касавокага Ладаўшчука) – быў такi ж худы, толькi што высокi, i галiфэ не насiў, а так – рыхтык стары Галякевiч. З Барысам Ладаўшчуком драма ўтварылася. Сябраваў ён з Жэнiкам Попелам. Купiў Барыс матацыкл, дзед з бацькам дапамаглi, i з'явiўся на нашай вулiцы чорны "К-750" з люлькай, не матацыкл – лялька. Каталiся Барыс з Жэнiкам на той ляльцы i ў лес, i на возера, i на рэчку, i на танцы... Каталiся самi i каталi койданаўскiх дзевак. Каталiся, пакуль не наехалi на тэлеграфны слуп. Жэнiк у люльцы сядзеў, яму адразу смерць, а Барысу хоць бы драпiна якая, было б лягчэй, а так нiчога – нi шнара, нi пералому, а люльку ў гармонiк, i Жэнiкава цела ледзь з таго "гармонiка" дасталi, ледзь у труне выпрасталi. Пахавалi Попела, а Ладаўшчука засудзiлi, далi дзесяць гадоў. Жэнiкавы бацькi прасiць хадзiлi, каб не судзiлi Барыса, бо жывое жывым, а сына з магiлы не падымеш. Перагледзелi ў судзе справу i далi Барысу не дзесяць, а пяць гадоў турмы. Адсядзеў Барыс Ладаўшчук свой тэрмiн, а ў Койданава не вярнуўся. Людзi казалi, што не мог ён сабе Жэнiкаву смерць дараваць, не мог па койданаўскiх вулiцах хадзiць. А стары Галякевiч панi Петухоўскай зусiм iншае гаварыў, быццам ажанiўся Барыс у Казахстане, i добра яму там, вось таму i не едзе ў Койданава. А панi Петухоўская не паверыла старому Галякевiчу. Хто ж такому паверыць, што койданаўскаму хлопцу можа быць добра ў Казахстане, ды так добра, што ў Койданава ён i не паказваецца?

Былая койданаўка Ада ў Нямеччыне жыла, сапраўднае футра насiла, а штогод, летам, у Койданава прыязджала i дзецям з нашай вулiцы цацкi дарыла. У мяне i цяпер ёсць зялёны губны гармонiк, што Ада падарыла.

Снiцца...

А вам снiцца iншае. Вам снiцца сваё, толькi вам належнае. Хай вам снiцца дзяцiнства – ваша вёска цi мястэчка, горад цi хутар... Хай вам снiцца дзяцiнства – час, калi вас любiлi.

Мне снiцца Койданава, наш койданаўскi сквер.

Той сквер, дзе Шурыку Мiлько, якому цётка Пэля адпiсала свой дом, хлопцы перабiлi ключыцу. Шурык вяртаўся з танцаў, да яго падбеглi хлопцы, адзiн з iх, нiчога не кажучы, перацяў Шурыка жалезным прэнтам. Шурык страцiў прытомнасць, а калi ачуняў, дык нiкога не было. У акрываўленай кашулi прыйшоў Шурык дамоў. У суд ён не падаваў, бо хлопцы са сквера, як даведалiся, што не таго, каго хацелi, пабiлi, хадзiлi да Шурыка штодня i прасiлi, каб не заяўляў. Грошай у хлопцаў Шурык не ўзяў, а кашулю ўзяў, бо ягоная была парваная i ў крывi. У мiлiцыю ён не заявiў, бо такi ўжо чалавек Шурык Мiлько – добры. Ён нават сабаку свайго, Арсiка, застрэлiць не мог, калi нейкая свалата Арсiку нiжнюю пашчэнку вывернула i зубы павыбiвала. Пакутаваў сабака, есцi не мог, i трэба было Арсiка застрэлiць. Шурык суседа Воўку Савiча прасiў, каб той застрэлiў, бо сам не мог. Сусед i застрэлiў Шурыкаву суку, якую клiкалi Арсiк, бо ўсе сабакi ў Мiлько былi Арсiкамi, i сукi, i кабялi, i ўсе гэтыя арсiкi былi страшэнна злосныя i прызнавалi толькi Шурыка. Адзiн з арсiкаў хадзiў з Шурыкам на льнозавод, дзе Шурык падзарабляў у час летнiх вакацый вартаўнiком. Шурык яшчэ браў на завод свой ровар "Спутнiк". Ён зацягваў ровар на дах высознага цэха i катаўся па краi даху, а Арсiк бегаў за роварам i брахаў на ўсё Койданава.

А ў нашым двары ўсе сабакi былi або Жулiкi, або Матросы. Праўда, была адна сука Тайга, але яна праз тыдзень, як яе прывезлi, уцякла. Першы Жулiк, якога я помню, быў белы i кудлаты. Ён хадзiў з жанчынамi на Захар'яш, Захарава балота. Жанчыны на балоце, у цёмнай вадзе, мылi бялiзну. Вада была бурштынавага колеру, а бялiзна ў ёй мылася надзiва добра. Жанчыны мылi прасцiны i складалi ў алюмiнiевыя мiсы, а Жулiк ляжаў у траве i лавiў мух. А потым у Жулiка пайшлi лiшаi.Каб дзецi не набралiся лiшаёў, павялi нашага Жулiка за жыдоўскiя могiлкi, у канаву, там яго забiлi i закапалi. Мы з Антосем Кiсялём на тым месцы крыж з трэсак паставiлi.

Мне снiцца Койданава.

Камянi... Камянi... Яны iдуць на груд, яны падставiлi шырокiя шурпатыя спiны койданаўскаму сонцу i iдуць на груд жыдоўскiх могiлак. Апошнiм, каго пахавалi на гэтых могiлках, быў аптэкар – Эня Цыканоўскi. Эня кахаў Лёдзю, прадаўшчыцу з рамбазы. На рамбазе ў невялiчкiм дамку пад блакiтным дахам была крама, у якой прадавалася ўсё: ад кiрзавых ботаў i галёшаў да цукерак i селядцоў. Каля гэтай крамы i чакаў лысаваты Эня сваю Лёдзю. Спачатку Лёдзя быццам i пагадзiлася пайсцi за Эню. Ды, на бяду аптэкару, з'явiўся на рамбазе малады афiцэр. Стала прыгожая Лёдзя хадзiць па койданаўскiх вулiцах з высокiм афiцэрам, а лысаваты Эня дарэмна прыходзiў на рамбазу. Не прайшоў i месяц, як загрымеў бубен на Лёдзiным вяселлi. Афiцэр за вясельным сталом сядзеў у чорным цывiльным гарнiтуры. А Эня Цыканоўскi тым часам выпiў у сваёй аптэцы. Эня выпiў не гарэлкi i не спiрту за здароўе маладых. Эня выпiў паўлiтра воцату, i яго не ўратавалi. Койданава гаварыла, што Эню Цыканоўскага панясуць хаваць у белым мяшку, а не ў труне, але пахавалi Цыканоўскага ў труне. А прадаўшчыца Лёдзя са сваiм афiцэрам з'ехала ў Сiбiр. Людзi казалi, што афiцэр кiнуў Лёдзю з двума дзецьмi, казаць казалi, але мала хто верыў.

Камянi... Камянi... Каменныя далонi на плiтах, каменныя зоры... Год за годам, вясну за вясною ўрастаюць камянi ў зямлю. Танкарогiя белыя козы пасвяцца на койданаўскiх жыдоўскiх могiлках. Хiтрыя гаспадары крадуць камянi i робяць з iх падмуркi сваiх дамкоў, але так робяць прыезджыя i прыблудныя, бо не зможа койданаўскi чалавек жыць у доме, якi стаiць на жыдоўскiх помнiках. Iншая справа, калi будавалi бальнiцу i бурылi рэшткi замка на Кальвiнскай гары, там людзi бралi i валуны на падмуркi, i цэглу. Але замак гэта замак, а могiлкi – гэта зусiм iншае. На Кальвiнскай гары таксама пасвяцца козы.

Непадалёк ад Кальвiнскай гары жыла самая прыгожая дзяўчына ў Койданаве Валя. Колькi было размоваў, за каго пойдзе Валя, каму з хлопцаў пашанцуе. Большасць была ўпэўненая, што Валя пойдзе за самага прыгожага хлопца ў мястэчку, за Ярака Ясюкевiча, бо такога прыгожага, як Ярак, трэба яшчэ пашукаць, i невядома, цi знойдзеш. Але лёс i ў Валi, i ў Ярака быў зусiм iншы, нiводная здагадка не спраўдзiлася. Прыгожая Валя ўтапiлася ў возеры. На вяселлi яна была за шаферку i са сваiмi двума братамi пайшла з таго вяселля на возера купацца, бо гарачыня стаяла страшэнная, сонца пякло цэлы тыдзень. П'яныя браты палезлi ў крынiчную ваду, i аднаму з братоў ногi скруцiла сутарга, ён пачаў тануць i хапацца за другога брата. Валя кiнулася ратаваць. Той, якога скруцiла сутарга, адпусцiў брата i ўчапiўся ў Валю. Валя з малодшым братам пайшла на дно, а старэйшы даплыў да берага, выскачыў i пабег на вяселле клiкаць на помач. Так ён i прыбег на двор, дзе грымела музыка i танчыў п'яны вясёлы народ, так ён i стаў пасярод двара мокры, у адных трусах. Калi вясельнiкi з вылупленымi вачыма стаялi на беразе i цяжка, засопшыся ад бегу, дыхалi, дык бачылi толькi малодшага з братоў, якi ляжаў на беразе i быў без прытомнасцi. Мужчыны палезлi ў ваду шукаць Валю i даволi хутка знайшлi яе цела пад прыбярэжным карчом. Спробы ўратаваць дзяўчыну былi марныя. Казалi, каб быў лекар цi каб на колькi хвiлiн Валю знайшлi раней, цi каб... Але казаць можна што заўгодна, а прыгожая Валя выратавала братоў, а сабе знайшла смерць у крынiчнай вадзе койданаўскага возера, пад прыбярэжным карчом. Плакала ўсё Койданава. Хавалi Валю ў белым строi нявесты, i ляжала яна ў труне, як жывая. За машынаю, на якой везлi труну, iшло столькi народу, колькi не iшло нi за адной iншай труною, бо не было ў Койданаве прыгажэйшай дзяўчыны. А каб Валiна апошняя дарога была хоць крышку даўжэйшая, машына тры разы аб'ехала вакол сквера. На Валiным помнiку браты напiсалi: "Трагiчна загiнула". Так i не пашанцавала нiводнаму з койданаўскiх хлопцаў узяць сабе за жонку прыгожую Валю.

А што да Ярака Ясюкевiча, дык ён страцiў сваю прыгажосць недарэчна i нечакана для ўсiх. Варыў ён бiтум у жалезнай бочцы. Бiтум закiпеў i плюхнуў Яраку на галаву, калi той падкладаў дровы ў агонь пад бочкаю. Выратаваць Ярака выратавалi, ён нават не аслеп, але пра нейкую прыгажосць гаварыць ужо не было нiякай падставы. Пасля бальнiцы Ярак пачаў пiць i хутка ператварыўся ў шэрую iстоту, якiя таўкуцца каля крамных дзвярэй у вечным чаканнi з пякельнай смагаю ў роце. Спачатку Ясюкевiча шкадавалi, а потым няўзнак пачалi абыходзiць. Вось такi лёс быў у самых прыгожых людзей з Койданава. Лёс даў Яраку i Валi прыгажосць, а потым з д'ябальскай жорсткасцю забраў яе.

Мне снiцца... Цi, хутчэй, мною снiцца Койданава.

А вось з кошыкам у руцэ iдзе па грыбы ўдмурт Кулемiн. Той самы Кулемiн, якi не можа жыць без грыбоў. Яго любяць дзецi з нашай вулiцы, бо Кулемiн бярэ iх з сабою ў лес. Ён, як свой гарод, ведае i Рыжаўку, i Бязоднiцу, i другiя навакольныя лясы, куды можна зайсцi пешкi, бо ровары, машыны i матацыклы Кулемiн не прызнае. Ён iдзе, як заўсёды, наперадзе, а за iм з кашамi iдуць Вiцька i Воўка Бакiноўскiя...

Цыбаты Вiцька i крываногi Воўка, яны ўдвух бiлiся са сваiм бацькам, маленькiм сухiм Стасiкам. Стась Бакiноўскi пiў, а як напiваўся, трацiў розум i хапаўся за сякеру. Воўка з Вiцькам бралi калы i баранiлi мацi. З крыкам i лямантам бегалi Бакiноўскiя па гародзе вакол сваёй хаты. Бойкi гэтыя звычайна канчалiся тым, што Стась кiдаў сякеру ў гарод, садзiўся на ганак i плакаў п'янымi слязамi, побач з iм садзiлiся на ганак Вiцька i Воўка.

Кулемiн iдзе басанож. Ён любiць хадзiць басанож i не любiць галiцца. Сiвая, па-татарску рэдкая шчэць блiшчыць на загарэлым твары. Толькi адзiн раз бачыў я Кулемiнаў твар скажоны крыўдаю i болем. Тады мы iшлi па грыбы ў Рыжаўку. Рыжаўка – лес з балотамi. Iшлi мы такiм балотам. Кулемiн крочыў наперадзе i наступiў на гадзюку, а тая ўкусiла яго за пяту. Кулемiн сеў на мох, дастаў з каша нож i адрэзаў кавалак пяты, за якi ўкусiла змяя. У мяне ад жаху сшэрхла скура. Кулемiн зняў кашулю, адарваў рукаво i абвязаў пяту. На выцвiлай анучы цёмнай свежасцю выступiла кроў. Вярталiся мы праз жыта. Я нiяк не мог адарваць погляд ад Кулемiнавай пяты. Быў тады з намi i Кулемiнаў Воўка, ён, як убачыў, што бацька нажом сабе кавалак мяса адрэзаў, пачаў ад страху рагатаць i рагатаў, пакуль бацька не выцяў яго папругаю, тады Воўка пачаў iкаць. Мы вярталiся ў Койданава праз жыта: Кулемiн iшоў наперадзе, я глядзеў на пяту, а Воўка iшоў за мною i iкаў.

Другi раз Воўка Кулемiн iкаў на койданаўскай плошчы каля хлебнай крамы.

Па хлеб мы ездзiлi на роварах. У цемнаватай краме пахла дрэвам i кiслай вiльгаццю. Боханы мы прывязвалi да багажнiкаў. Ездзiць па хлеб, напэўна, самы прыемны з абавязкаў койданаўскiх дзяцей. Праўда, было i такое, што каля крамы прападалi ровары, але мой i братаў, Антося Кiсяля, былi такiя дабiтыя, што нiводзiн злодзей не спакусiўся. А вось у Воўкi Кулемiна новы дарожны ровар, якi той пакiнуў каля хлебнае крамы, нехта звёў. Воўка плакаў i гаварыў: "Злаўлю – заб'ю! Злаўлю, заб'ю!" Толькi нiкога ён не злавiў i не забiў, акрамя гадзюкi, якую прыцёг з Бязоднiцы i павесiў на яблынi ў сваiм двары. А Воўкава мацi, Кулемiнава Нiнка, спалохалася, а як даведалася, што Воўка тую змяю павесiў, лупiла яго салдацкiм пасам. Воўка паса не баяўся. Ён i холаду не баяўся – хадзiў зiмою па ваду басанож i не хварэў. I не плакаў Воўка Кулемiн нiколi, толькi ў той раз, як ровар нейкая паскуда павяла. Ён тады сядзеў пасярод плошчы на пяску, i хлеб ягоны ляжаў на пяску, сядзеў Воўка i плакаў, аж пакуль iкаўка на яго не напала. Толькi як стаў ён iкаць, тады падняў хлеб i пайшоў з плошчы.

Снiцца Койданава.

Быў у Койданаве граф, праўда, такi ён граф, як усе астатнiя хлопцы i дзяўчаты былi баронамi i баранесамi, але якi быў, такi быў. Звалi яго – граф Альто. Называць сябе графам ён пачаў яшчэ са школы. Альто расказваў сваiм сябрам па вялiкiм сакрэце, што ён зусiм i не Анатоль Жыдовiч, а граф, i сапраўднае яго прозвiшча – Альто, i што на гарышчы ў старым куфры ён знайшоў паперы, у якiх ясна напiсана, што i бацька яго, i дзед, i прадзед – графы Альто. Папер тых сябры не бачылi, але мянушка ўсё ж прыляпiлася да Анатоля, i ў Койданаве з'явiўся свой граф. Зразумела, каб быць сапраўдным графам, мянушкi мала, патрэбен капiтал. Граф Альто разумеў гэтую простую iсцiну i зрабiў усё, каб мець грошы да свайго самапальнага тытула. Альто скончыў сталiчную вышэйшую навучальную ўстанову i да абароны дыплома звадзiў у загс унучку рэспублiканскага дзеяча культуры. Графа Альто не спынiў нават той факт, што ягоная будучая цешча за месяц да вяселля наведала койданаўскую палiклiнiку i за невялiкi хабар (багатыя вялiкi хабар не даюць) праверыла, цi няма ў будучага зяця якой шызафрэнii цi залечаных пранцаў з менiнгiтам. Нi менiнгiту, нi пранцоў цешча не знайшла. Акрамя хрэстаматыйнай свiнкi "дзюдзi", нiякiя хваробы ў Анатолевым целе не вялiся.

Цешча засталася задаволеная сваiм тайным наведваннем правiнцыйнай палiклiнiкi, пра якое гаварыла ўсё Койданава. Граф Альто пераехаў у Менск i зажыў новым, хай сабе i не вельмi вольным, затое сытым жыццём. У Койданава граф прыязджаў летам, калi ехаў дамоў, як на дачу, каб паесцi любiмых ананасавых яблыкаў. Першыя колькi гадоў усё было цiха i спакойна, але, як высветлiлася, цешча хвалявалася недарма, бо шызафрэнiя, абавязковая графская хвароба (хто не ведае, як выдурвалiся ранейшыя графы?!), прыйшла i да Альто. Спачатку на яе хварэў Анатолеў цесць, адзiны нашчадак рэспублiканскага дзеяча. Цесць, высокi, барадаты, iнтэлiгентнага выгляду – нiколi не скажаш, што хворы, – аднаго разу перапiў армянскага каньяку, узяў стрэльбу i высунуўся ў акно, каб страляць па "ворагах народа". Дзякуй Богу, "ворагаў" на вулiцы не было, бо на вулiцы наогул нiкога не было, была ноч. Цешча выклiкала брыгаду ў белых халатах, i стралка павезлi на адпачынак у кашулi з двухметровымi рукавамi. Сам дзеяч культуры на шызафрэнiю не хварэў, ён у вольны ад працы час пiсаў скалазубныя камедыi на злабадзённыя тэмы i друкаваў iх пад раслiнным псеўданiмам. А на асноўнай працы ён упарта i паслядоўна наблiжаў беларускую мову да вялiкай братняй расейскай мовы. Дзiўна, але койданаўскага графа Альто знакамiты дзеяч рэспублiканскай культуры палюбiў. Але Альто не апраўдаў шчырага даверу, бо быў няздатны браць удзел у мовазнаўчых, а тым больш у палiтычных, гульнях. Наш койданаўскi граф адразу стаў, калi можна так сказаць, графам заняпаду, ён захварэў на манiю падазронасцi. Альто шукаў па начах, хаваючыся ад жонкi i цешчы, шукаў i не знаходзiў апаратуру для падслухоўвання. А як ты знойдзеш тую апаратуру ў прыбiральнi, за ўнiтазам? Нарэшце Альто скемiў, што мiкрафон з магнiтафонам не ў прыбiральнi, а на кухнi ў вентыляцыйным люку, над плiтой. Граф зрабiў дыктавую заслонку i забiў вентыляцыйны люк. У Койданаве спачувалi Толiкавай мацi i шкадавалi Толю Жыдовiча, добрага хлопца, якi так няўдала стаў графам. Як вядома, за ўсё, што набываеш, трэба плацiць. Хто ж ведаў, што за графскi тытул Анатоль Жыдовiч заплацiць розумам, што за тое, каб мець графа, наша Койданава вымушана будзе трываць вар'ята? О, каб жа ведаць наперад!

Мне снiцца Койданава...

А чаму яно снiцца мне? Шукаю адказ i не знаходжу. Прыйдзе час, i я знайду яго, а пакуль думаю, што мне снiцца Койданава, бо я там нарадзiўся i рос, пакуль не пайшоў у школу. У школе... Але гэта iншы матыў, iншая песня. Школа мне не снiцца. Снiцца Койданава, зямля, дзе закапалi мой пуп.

А пакуль я далёка ад свайго мястэчка Койданава, i яно мне снiцца.

На нашай вулiцы запланавалi пакласцi асфальт. Машыны панавозiлi пяску i глiны. Мы з Антосем Кiсялём, хаваючыся за пясчанымi гурбамi, бiлiся глiнянымi глыжамi i грОдамi. Я ляжаў на пяску i слухаў, калi Толiк кiне груду, каб адразу ўскочыць i кiнуць па iм. Ляжаў я доўга, пакуль не пачуў голас Кiсяля:

– Валодзя...

Я падумаў, што гульня скончылася, i высунуўся з-за гурбы. Вялiзная груда ўдарыла мяне па галаве. Да памяцi я вярнуўся ад халоднай вады, якую Антось Кiсель лiў на мяне.

– Я ж табе крычаў, Валодзя, не вылазь, Валодзя, не вылазь, а ты ўзяў i вылез...

Мне снiцца Койданава.

КОЙДАНАЎЦЫ

Аповесць у навелах

Казiк

Казiк вярнуўся з працы зусiм хворы. У яго падскочыла тэмпература, а жывот пакрыўся гiдкiмi плямiнкамi зудлiвае высыпкi.

У хаце занепакоiлiся. Пайшоў з дому здаровы чалавек, а вярнуўся ледзь жывы. I Казiкава жонка Ядзя, i ягоная мацi Маня, i нават дачка, школьнiца Валя, без перапынку пыталiся: "Што з iм?". Казiмiр ляжаў, выпрастаўшыся, на канапе, i ледзь чутна адказваў. Жанчыны даведалiся, што iх муж, сын i бацька нiчога кепскага не еў i не пiў, што на працы пачуваўся добра, што пасля зайшоў у краму па папяросы, па дарозе з крамы адчуў нямогласць, галава пачала круцiцца, у вачах заскакалi зорачкi. Як дайшоў да ўласнага падворка, не помнiць. Жанчыны пакiнулi хворага ў зале, перайшлi ў варэльню, каб абмеркаваць бяду дый пачаць нешта рабiць, бо ад лекара Казiк адмовiўся. Яму не верылася, што ў трыццаць пяць гадоў чалавек можа без дай прычыны сканаць.

Казiкаў сын Антось сядзеў на крэсле каля канапы ды спалохана зiркаў на змярцвелы вастраносы бацькаў твар, што нядобра цямнеў на белай падушцы.

– Тата, а вы не памраце, як дзед Ваця? – Антось спытаў шэптам.

Яму згадаўся дзед, што памёр увесну. Згадалася пахаванне i глыбокая ямiна на каталiцкiм баку могiлак. У ямiну струменiўся падсохлы на травеньскiм сонцы светлы пясок. Шасцiгадовы Антось забаяўся, што бацьку, як i дзеда, пакладуць у чорную труну, галавою на белую падушачку, а баба Маня прымусiць пацалаваць халодны, як камень у пограбе, лоб нябожчыка.

– Не бойся, Антосiк, не памру. Мы яшчэ з табою на гармонi пайграем. I на трубе я цябе граць навучу. Будзем на святы ў аркестры хадзiць. Мы яшчэ з табой машыну купiм i катацца будзем. Захочам у лес – селi ды паехалi. А захочам у Менск, мы i ў Менск з'ездзiм, – Казiк пагладзiў стрыжаную пад бокс галаву сына i падправiў чубок, што выглядаў непатрэбным над спалоханым тварыкам з заечаю губой.

Казiку раптам зрабiлася крыўдна за сябе, маладога, калi ён п'яны хапануў сякеру ды кiнуўся на жонку, што ўжо восьмы месяц хадзiла Антосем. Цяжарная жанчына ледзь уцякла з хаты, а раз'юшаны муж пахапаў яе сукенкi дый пасек на парозе. Антось нарадзiўся хваравiты i брыдкi з твару. На левай скронi ён насiў вялiкую, як боб, чорную радзiмку, з якой тырчалi сiвыя валаскi. А пад носам у яго ружавеў глыбокi шнар заечай губы...

У свае васемнаццаць гадоў Антось паспрабаваў запускаць вусы, але яны раслi рэдзенькiмi, светлымi i не хавалi непрыгожай адмецiны. Тады ён наляпiў сабе штучныя вусы, але i ад iх давялося адмовiцца – людзi кпiлi i насмiхалiся. I сын пракляў бацьку, бо паверыў, што брыдкая губа з'явiлася на твары ў той самы момант, калi п'яны Казiк секануў на парозе па Ядзiнай сукенцы.

Ядзя гэтаксама пракляла Казiка i з'ехала ў Менск да Валi, якая паспела выйсцi замуж за курсанта вайсковай вучэльнi.

Адно згорбленая баба Маня дажыла доўгi век пры сыне, якi ўпарта iшоў да мары свайго жыцця – легкавой машыны, уласнай, дагледжанай i любай, на якой можна i ў лес, i ў Менск, i нават у горад Парыж да сцяны камунараў, да той самай сцяны, паўз якую Казiка правялi ў калоне палонных у 1945 годзе.

Шлях да сцяны Парыжскiх камунараў пачынаўся з тае самае хаты, дзе ён ляжаў на канапе з невядомай хваробай. I пачынаўся з гульнi, з дзiцячай забаўкi. Казiк майстраваў з рэечак i паперы мадэль самалёта, а ягоная кузiна, лядашчае дзяўчо, схавала клей. Нястрыманы, шалёны ад прыроды Казiк зазлаваў, пачаў лаяцца, разламаў ушчэнт мадэль, а калi бацька паспрабаваў супакоiць сына скураным пасам, выскачыў на сярэдзiну вулiцы i закрычаў:

– Страляць вас усiх трэба! Страляць!!! Бандзюгi, партызаны! У гэтай хаце партызаны!..

Iшоў 1942 год, i ў Койданаве было поўна немцаў i палiцыянтаў. Казiкаў крык перапалохаў усю вулiцу. Людзi пахавалiся ў дамкi i з-за фiранак цiкавалi, як Казiкаў брат Бронiк разам з бацькам Вацем звязвалi рамянямi хлопца, што з'ехаў з глузду. Звязаны Казiк праляжаў у хаце на печы два днi, пакуль афармлялiся ягоныя дакументы на адпраўку ў Нямеччыну. Ваця сам пайшоў у палiцыю, дзе i ўгаварыў кiраўнiцтва, каб забралi сына i звезлi куды найдалей. Палiцыянты ўпарцiлiся, не хацелi браць дакументаў, бо Казiк быў занадта малады, усяго 15 гадоў, але Ваця дамовiўся, i ў паперах змянiлiся лiчбы, i неслух паехаў у Германiю.

Пра жыццё ў Нямеччыне Казiк успамiнае з прыемнасцю, ён не хаваў, як iншыя, што жылося там соладка i сытна на вялiкiм хутары пад Берлiнам. Казiк трапiў не на завод i не на шахту, а на дагледжанае поле заможнага гаспадара, якому спадабаўся белагаловы вастраносы хлопчык-беларус.

– I чаму ты не нарадзiўся немцам? – ушчуваў гаспадар. – Ты ж, Казiк, рыхтык немец – арыец. I валасы ў цябе светлыя, i вочы блакiтныя, i профiль германскi, можна i на манеце выбiць. Каб не ведаў, што са славянаў, дык i не паверыў бы, што ты беларус.

А ў дадатак да гэтых вартасных характарыстык за якiя паўгода Казiк вывучыўся гаварыць па-нямецку. I гаспадар прызначыў яго на пасаду наглядчыка. Казiк сачыў, каб два дзесяткi маладых славянак мелi ўсё неабходнае i добра працавалi.

Але вось вайна скончылася. Нямеччыну падзялiлi на зоны. Казiк апынуўся ў французскай, i яго адправiлi ў парыжскi лагер для iнтэрнаваных асобаў. Калi калону славян вялi паўз сцяну камунараў, нейкi жартаўнiк-афiцэр загадаў спынiцца, каб усе паглядзелi на помнiк сваiм "iдэйным папярэднiкам".

У Парыжы Казiк пражыў паўгода. Першыя тры месяцы ён чакаў дакументаў, а калi нарэшце атрымаў пашпарт, дык не змог яго зберагчы. Укралi. Можа i дагэтуль недзе жыве несапраўдны Казiмiр Вацлававiч Кiсель – беларус i каталiк. Ну, ды Бог з iм. Толькi Казiку з-за гэтага злодзея давялося прасядзець у лагеры яшчэ тры месяцы. Адно суцяшала – Парыж, як там нi кажыце, не Архангельск, а Францыя не СССР, дзе Казiку давялося адразу пасля прыезду пайсцi ў войска, каб не апынуцца ў якiм сiбiрскiм цi архангельскiм лагеры, хапала i таго, што ён вярнуўся ў лагер сацыялiстычны.

Першае, што Казiк зрабiў, як прыйшоў з войска, дык ажанiўся, узяў зусiм маладзенькую сiрату Ядзю. Неўзабаве нарадзiлася Валя, а за ёй праз тры гады Антось, якi так баяўся за бацьку, каб той не памёр, пакуль жанчыны ў варэльнi нiяк не маглi вырашыць, дзе шукаць ратунку ад невядомай хваробы. Тым разам менавiта Антось выратаваў бацьку. Той самы стрыжаны пад бокс Антось, якi пазней пракляў Казiка i на ўсiх фотакартках у сямейным альбоме замазаў бацькаў твар чорным атрамантам.

Сям'я развалiлася. Баба Маня памерла. Казiк застаўся адзiн у вялiкай хаце. Ён зрабiў рамонт, адпусцiў рудыя з сiвiзною вусы ды пачаў насiць капялюш замест шарай кепкi. А самае галоўнае: Казiк нарэшце прыдбаў машыну – новую памаранчыкава-чырвоную, зiхоткую.

Неяк я праходзiў паўз Казiкаў сад. Ён гукнуў мяне i пачаў прасiць, каб я пагаварыў з Антосем i сказаў, што бацька ў чалавека адзiн, якi ўжо ёсць, i другога не будзе, а машыну ён усё роўна аддасць сыну. Зрабiлася шкада гэтага пакрыўджанага лёсам i людзьмi дзядзьку ў фетравым капелюшы з вядром iгруш лiмонак у руцэ. Я паабяцаў перагаварыць з Антосем. Да той размовы я недалюблiваў Казiка, бо недзе ў душы застаўся дзiцячы сполах ад таго, што ён, убачыўшы мяне на сваёй яблынi, паабяцаў абрэзаць грабеньчыкам стручок, якi хаваецца ў хлопцаў памiж ног. Але ў восеньскiм садзе пад iгрушаю прыйшло на памяць, што гэта мая мацi Нiна схавала клей, якiм Казiк мацаваў мадэль самалёта.

Антося я ўгаворваў доўга. Мы пiлi гарэлку, i ён паказваў фотаальбом, дзе замест Казiкавага твару чарнелi неакуратныя плямiны. Нарэшце я выцягнуў з яго абяцанне паехаць да бацькi i пагаварыць. Антось i сапраўды з'ездзiў у Койданава, а Казiк паказаў яму завяшчанне, паводле якога машына пасля смерцi бацькi пераходзiла да сына. Але Антось з Казiкам зноў пасварылiся. Сын жа не ведаў, што праз месяц бацька памрэ ў той самай машыне.

Казiк не трапiў у аварыю, ён цiха скiраваў на ўзбочча дарогi, дастаў з кiшэнi трубачку з нiтраглiцэрынавымi таблеткамi, але сэрца раптам спынiлася. Казiка пахавалi побач з мацi, на каталiцкiм баку могiлак.

А ў сям'i пачалася новая сварка з-за спадчыны, бо Валя не захацела, каб за проста так новая машына належала брату. Бог iм суддзя. Але дзе Бог, там i людзi, якiя маюць прагу да чужых радасцяў i бедаў.

Такую прагу да ўсёведання мела Казiкава суседка – цётка Пэля, яна ведала ў Койданаве ўсё i пра ўсiх, а чаго не ведала Пэля, таго або зусiм не было, альбо яно не ўяўляла анiякай цiкавасцi. I гэта пра яе ўспомнiў Антось, калi зблажэлы бацька ляжаў на канапе i нiхто не мог прыдумаць, як ратаваць нябогу. Антось пабег да жанчын у варэльню i сказаў, што трэба як хутчэй паклiкаць цётку Пэлю. Жанчыны ўзрадавалiся, бо i сапраўды, хто ў Койданаве, як не Пэля, мог загаварыць сполах, напрарочыць лёс, назваць хваробу? Толькi яна i магла.

Пэля прыйшла i села на край канапы, дзе ляжаў невядома чым агаломшаны Казiк.

– Казiчак, – пачала цётка сваiм касцельна-ласкавым голасам, – а цi не пашкадаваў ты чаго сам сабе?

Нечакана для ўсiх Казiк сеў на канапе, чым перапужаў прысутных, акрамя, зразумела, цёткi Пэлi, якая адно заправiла сiвую пасмачку пад чорную хустку i сказала:

– А я вось зайшла, бачу, ляжыць наш Казiчак нi жывы нi мёртвы i адчуваю, што пашкадаваў ён сабе нешта, моцна так пашкадаваў...

– Торт! – выгукнуў на ўсе грудзi Казiк. – Торт я сабе не купiў. Зайшоў у краму па папяросы. На вiтрыне торт стаiць з крэмавымi ружамi, шакаладнымi лiсцiкамi. I так мне захацелася таго торта, што ледзь слiну пракаўтнуў. Ледзь стрываў. А ў кiшэнi поўна грошай, зарплата i прэмiя. Але ж усе ведаюць, на машыну трэба адкладаць. Не купiў я торт. Сцяўся i не купiў. Ядуць яго чэрцi. Дый не можа такога быць, каб мяне так скруцiла, а потым выпрастала з-за нейкага там торта з ружамi! Нешта вы, цётка Пэля, наблыталi...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю