Текст книги "Дамавiкамерон (на белорусском языке)"
Автор книги: Адам Глебус
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 8 страниц)
Пасля сустрэчы з дзiкамi Грыбнiку прыснiўся сон, у якiм паўтаралася спатканне з дзiкамi, толькi ў сне велiзарны кныр заўважыў яго i, разявiўшы iкластую пашчу, пачаў нападаць. Ад сполаху Грыбнiк прахапiўся i доўга не мог заснуць. Ён варочаўся на мулкiм ложку ў пакамечаных прасцiнах каля гарачай жончынай спiны i пераконваў сябе, што трэба набыць паляўнiчую дубальтоўку i, калi якая звяруга сунецца, дык пекануць у лоб свiнцовым жаканам.
Стрэльбу Грыбнiк не прыдбаў, бо не захацеў выпрошваць дазвол у мiлiцыянтаў. I адзiнай зброяй, якую ён браў у лес, па-ранейшаму быў стары сцiзорык.
Грыбнiк перайшоў чыгуначны пераезд i накiраваўся да балоцiстае лагчыны, парослай чэзлым бярэзнiкам, дзе паклаў у кош дзесятак вялiкiх "бабак". За лагчынаю пачыналася гара i бярозавы гай, у якiм на верасовых палянах Грыбнiк нарэзаў "чырвонагаловiкаў" i тых жа "бабак", толькi страйнейшых. З бярэзнiку праз поле ён пайшоў у невялiчкi ельнiчак пашукаць лiсiчак. Грыбнiк любiў лiсiчкi, бо растуць яны вялiкiмi сем'ямi дый не чарвiвеюць. У ельнiку лiсiчак не было, пэўна, ужо адышлi. Але Грыбнiк не засумаваў, бо наперадзе чакала запаветнае месца з баравiкамi. Месца тое – вузкая прычыгуначная лесапалоса. I трэба ж такому здарыцца, што менавiта ў ёй разраслася грыбнiца. Крэпкiя тоўстыя баравiкi выходзiлi ледзь не да самага адхону. Грыбнiк не ведаў лепшага вiдовiшча, чым высокi брунатны баравiк у смарагдавай траве.
Ён прайшоў праз чыгуначны пераезд, на якiм вiсклiва пазвоньваў апушчаны шлагбаўм. Каля пасястай дошкi стаяла жонка пуцявога абходчыка з жоўтым скручаным сцяжком. На галаве ў жанчыны нязграбна сядзела мужава чырвоная фуражка.
– Лёдзя, а дзе гэта мужык твой? – Грыбнiк паставiў кош на шлагбаўм.
– А чорт яго ведае, павалокся некуды. А тут вось таварняк у 10.20 трэба сустракаць. А ты, Вiталь, мусiць, грыбное месца недзе тут знайшоў, бо ўсё каля нашага пераезда круцiшся?
Грыбнiк зняў са шлагбаўма кош з грыбамi i незадаволена прамармытаў:
– Якiя тут грыбы каля смярдзючых шпалаў? Мухаморы дый паганкi, цi трутавiкi на дрэвах...
Каб не выдаць свайго запаветнага месца, яму давялося сунуцца ў другi бок, пераходзiць праз палатно i рабiць вялiкi крук. Нарэшце ён дайшоў да купкi высокiх елак, пад якiмi i пачыналася грыбнiца баравiкоў. Грыбнiк так захапiўся зразаннем i складаннем у кош магутных, iнакш не скажаш, грыбоў, што сам не заўважыў, як апынуўся каля яркай, жоўтай з чорным у крыжы, радзюжкi. На той, раскiнутай на iмху пад сасною радзюжцы задыхана стагнала жанчына. У яе памiж сцёгнаў хутка рухалiся ўверх-унiз мужчынскiя клубы. Радзюжку Грыбнiк пазнаў адразу, бо такая, жоўтая ў чорныя крыжы, была адна на ўсё мястэчка i выткала яе Грыбнiкова мацi. Каханкi не заўважылi напоўненага злой помслiвасцю Грыбнiка. Пуцявы абходчык смактаў белую шыю Грыбнiковай жонкi i пакiдаў на ёй свежыя ружовыя сiнякi.
– Зараз я вам... – мармытнуў Грыбнiк i схаваўся за елкаю.
У двары пуцявога абходчыка ён пагрукаў у акно зялёнага дагледжанага дамка. Неўзабаве на ганку з'явiлася абходчыкава жонка.
– Лёдзька, я вось толькi што мiлiцыянта Савiча сустрэў, ён на матацыкле ў Стоўбцы ляцеў. А мяне ўбачыў, спынiўся i папрасiў, каб я табе перадаў... Толькi ты не перажывай надта...
Лёдзiн твар стаў белы, як пясок каля пераезда.
– I не плач... Мужыка твайго машына збiла каля малаказавода. Ён яшчэ жывы. У бальнiцы. Але Савiч сказаў, што, мусiць, не выжыве, бо галаву яму моцна пабiла.
Лёдзя заскуголiла тоненька, па-сабачы.
– Ты, Лёдзя, у бальнiцу бяжы, а я пераезд павартую.
Абходчыкава жонка, як стаяла ў хатнiм халаце, так i пабегла ў мястэчка.
Грыбнiк зайшоў у дом. Ён ведаў, што ў абходчыка ёсць дубальтоўка. Яна вiсела на сцяне ў спачывальнi над шырокiм, засцеленым стракатай, бурачковай i сiняй у квадраты, радзюжкай. Рэмень з патронамi Грыбнiк зняў з цвiка ў кладоўцы. Узброены дубальтоўкаю ён рушыў у сваё запаветнае месца.
Спатолiўшы смагу кахання, абходчык i Грыбнiкова жонка пiлi самагон, заядаючы хлебам, салам i памiдорамi. За гэтым мiрным заняткам iх i заспеў Грыбнiк. Правая руля дубальтоўкi выплюнула набой шроту ў твар абходчыка пуцей, а левая – у спiну жонкi-здраднiцы, якая спрабавала ўцячы. Перазарадзiўшы стрэльбу, Грыбнiк два разы стрэлiў у горла жончынага спакушальнiка. Забiўшы яго, ён зноў жа два разы пусцiў шрот пад жончыну патылiцу. Трупы каханкаў Грыбнiк склаў побач i накрыў яркай, у крыжы радзюжкаю.
Паўпляшкi самагону ён выпiў з рыльца i са смакам закусiў чырвоным, як кроў, памiдорам.
Захмялелы Грыбнiк зняў чаравiк, сеў пад сасну i нацiснуў на курок вялiкiм пальцам босай нагi. Толькi нiводная шрацiна не трапiла ў сэрца. I праз якiх пятнаццаць хвiлiнаў Грыбнiку давялося ўстаўляць у рот дзве рулi стрэльбы, каб назаўсёды развiтацца з любай лесапалосай, поўнай крамяных баравiкоў.
Стрэлаў нiхто не чуў, бо iх паглынуў грукат цягнiкоў, таварняка i пасажырскага.
У турме скалечаны Грыбнiк вельмi пакутаваў, асаблiва напрыканцы жнiўня i ў вераснi. Ён любiў i мог гадзiнамi расказваць сваiм асуджаным на прымусовае зняволенне таварышам пра запаветныя месцы, пра лiсiчкi i чырвонагаловiкi.
– Каб яны ў якiм iншым месцы любiлiся, далiбог, не страляў бы, – казаў Грыбнiк i плакаў, успамiнаючы пакiнуты каля шлагбаўма кош грыбоў.
LV. ЛIРЫК
Яны зайшлi ў пустую кватэру.
– Зараз прыгатую каву, – сказала жанчына, калi здымала капялюш.
Лiрык моўчкi прайшоў у залю, дзе, цяжка ўздыхнуўшы, апусцiўся ў чорны скураны фатэль.
Жанчына прынесла на срэбным сподзе каву i канапкi.
– Чорную цi з вяршкамi?
– Чорную, – ледзь чутна вымавiў Лiрык.
Ён глядзеў на жанчыну халоднымi вачыма, як звычайна пазiраюць у тэлевiзар. Яна сядзела, адкiнуўшы плечы, каб лепш вылучалiся круглыя грудзi. Пад паўпразрыстай кашуляй чарнеў карункавы станiк.
Лiрык не хацеў блiзкасцi, на ягоным твары ляжала пячатка адчужэння. У жаночых вачах з'явiлася прыкрасць. Ён выпiў каву, запалiў цыгарэту, прапанаваў запалiць жанчыне. Яна палiла i пажадлiва ўсмiхалася. Ён узняўся з фатэля i ўважлiва, нiбы лекар, агледзеў яе з галавы да ног. Жанчына iмгненна зразумела мужчынскае памкненне.
– Мне распрануцца? – яна паклала цыгарэту на край крышталёвай папяльнiцы.
– Станiк можаш пакiнуць, мне падабаецца ўсё чорнае: чорная кава, чорны станiк, чорны настрой...
– Ты – рамантык?
– Так, як i кожны лiрык.
Жанчына скiнула спаднiцу, пад якой былi адно чорныя карункавыя майткi.
– Табе прыемна глядзець, як я распранаюся?
– Мне прыемна думаць, што ты распранаешся.
Жанчына завяла рукi за спiну i расшпiлiла станiк. Яна стаяла перад iм цалкам аголеная.
– Пайшлi, – нарэшце сказаў Лiрык i пагасiў недапаленую цыгарэту.
Яны зайшлi ў цёмную спачывальню.
Лiрык падумаў, што ўчора ў гэтую спачывальню ён прыводзiў iншую жанчыну, зусiм не падобную да гэтай, усмешлiвай.
– Кладзiся, – загадаў Лiрык i распусцiў пас.
– А ты...
Ён павольна распрануўся, лёг побач з ёю i пяшчотна правёў рукою па яе плечуку.
– Колькi ў цябе было мужчын?
– Я iх не лiчыла, гэта мужчыны займаюцца такiмi глупствамi, як падлiк спакушаных дзяўчат...
– А хто быў першы? Толькi не кажы, што ён загiнуў у аўтакатастрофе i ты не можаш яго забыць.
– На жаль, усё было не так. Першы быў мой стрыечны брат, якi прыйшоў з войска ў адпачынак... Мне было пятнаццаць... Хадзiла ў школу.
– А хто быў апошнi?
– Прайшло больш за месяц...
Лiрык прыгарнуў жанчыну i пацалаваў. У лоб, як на развiтанне цалуюць дзяцей.
– Табе сумна са мною?
– Зусiм не.
– У цябе сумныя вочы.
– Гэта толькi здаецца.
– Пацалуй мяне... Толькi не так, як цалуюць дзяцей.
У жанчыны была вельмi белая скура. Лiрык нiколi ў жыццi не бачыў такой бялюткай i пяшчотнай скуры. Ён лашчыў яе ўсю кранальнымi дотыкамi вуснаў. Лiрык авалодаў жанчынай асцярожна i запаволена. Яны доўга ляжалi злiтыя ў непадзельнае цэлае.
Лiрык устаў з ложка i адвярнуўся.
– Можна, я пайду ў лазнiцу?
– Вядома, iдзi...
У глыбiнi кватэры зашархацеў душ.
Лiрык сядзеў у чорным скураным фатэлi. Ён апрануў адно белую свежую кашулю з накрухмаленым каўняром.
Калi жанчына вярнулася з лазнiцы i пабачыла Лiрыка, што спаў у пакоi, яна спалохалася, бо ён выглядаў як нежывы.
LVI. ДЭПУТАТ
Дэпутат запхаў гiшпанскi берэт у кiшэню плашча.
– Надвор'е цудоўнае, можна хадзiць i голай галавою.
Дэпутат глянуў праз акуляры на адбiтак Аспiранта, якi з'явiўся ў люстэрку з-за ягонага пляча:
– I ты ўцякаеш з другога аддзялення?
– Трэба набыць лямпачку з маленькiм цокалем. Перагарэла. Увечары працаваць не магу.
– А я хачу пераапрануцца, каб на фуршэт да мiнiстра пайсцi ў строi. Ты ў якi бок? – у iнтанацыi Дэпутата прамацвалася жаданне пазбавiцца ад Аспiранта.
– Нам па дарозе, – здзеклiва канстатаваў той.
З опернага тэатра яны накiравалiся ў бок скверыка, што не носiць iмя пiянера-героя Марата Казея, хоць помнiк непаўналетняму немцабойцу там i стаiць.
– Ну i як вам у дэпутатах?
– Кепска, братка. У галаве замест паўшар'яў ляжаць кавалкi бетону. Калi пачынаю думаць, яны труцца адзiн аб адзiн, крышацца, крыгочуць. Кыхр-р-р, кыхр-р-р, – Дэпутат закашляўся.
– А "Гульню ў шкляныя перлiны" Германа Гесэ больш не перакладаеце?
– Ты, братка, шмат помнiш...
Яны перамiнулi класiчны будынак генеральнага штаба мiнiстэрства абароны i моўчкi пашыбавалi па ўзбярэжжы Свiслачы.
Аспiрант не стаў казаць Дэпутату, што памятае, як той у п'янай шчырасцi прызнаўся, што толькi аднаго разу ў жыццi пачуваўся чалавекам.
– Аднойчы, братка, я быў чалавекам. Здарылася тое пад Гамбургам. Вечарэла. Турыстычны аўтобус спазняўся ў гатэль, але мужчыны пасля нямецкага чорнага пiва запатрабавалi ў шафёра прыпынку. Я адышоўся ў высокую траву, прысеў i пачуў гудзенне вялiкага горада. Гу-у-у... Трава казыча дупу, з мяне вывальваюцца шлакi, за небакраем гудзе Гамбург, i я адчуў сябе чалавекам.
Дэпутат з Аспiрантам парукалiся каля станцыi метро "Пляц Перамогi", дзе гарэў Вечны агонь у гонар палеглых у барацьбе з фашысцкай Нямеччынай.
Лямпачку з маленькiм цокалем Аспiрант набыць не паспеў, крама зачынiлася. Назаўтра ранiцай давялося iсцi па яе зноў. Па дарозе Аспiрант набыў газету, у якой прачытаў паведамленне, што Дэпутат прызначаны паслом у Федэратыўную Рэспублiку Нямеччыну.
– Цiкава, цi будзе Дэпутат ездзiць пад Гамбург у высокую траву, каб адчуць сябе чалавекам? – прамармытаў сабе пад нос Аспiрант i выкiнуў газету.
LVII. ПРЫТУЛЯЛЬНIК
Лета. Спёка. Тралейбус. Проймы.
Трынаццацiгадовы Прытуляльнiк стаяў на задняй пляцоўцы i пазiраў, расплюшчыўшы нос аб шыбу, у запыленае акно.
На прыпынку "Пратэзны завод" у салон узнялася пяцiдзесяцiгадовая мажная кабета. Яна ўпэўнена заняла месца побач з хударлявым вузкагрудым Прытуляльнiкам. Ён адхiнуўся ад шыбы i скасавурыўся на спадарожнiцу глыбокiя зморшчынкi апускалiся ад трапятлiвых крылцаў тонкага носа да куточкаў поўных падмаляваных пунсовай памадаю вуснаў. Фарбаваныя ў белыя, валасы былi завiтыя ў дробныя-дробныя кудзеркi. Пагляд Прытуляльнiка ссунуўся нiжэй – конусы ёмiстых грудзей былi забраныя ў станiк, не раўнуючы, як у рыцарскiя латы, прахалода белай крухмальнай кашулi спынялася глыбокай чарнатой спаднiцы, што туга абцягвала вялiкi круглы жывот. Прытуляльнiк зрабiў лёгкi, ледзь заўважны крок. Ягоны востры, яшчэ зусiм дзiцячы локаць слiзгануў па чорнай бавоўне жаночае спаднiцы.
"Якi тугi ў яе жывот?! – зазначыў Прытуляльнiк. – Якi ён пругкi i тугi! Нiколi б не падумаў, што ў такой старой кабеты можа быць такi тугi жывот".
Прытуляльнiк адчуў, як у ягоных школьных нагавiцах за прарэхай, у якой не хапала гузiка, узнiкла напружанасць, а потам пругкасць i напятасць. Прытуляльнiк зрабiў яшчэ крок, але ўжо не лёгкi, а рэзкi i нахабны, так каб усёй рукой прыцiснуцца да пукатага жывата пяцiдзесяцiгадовай спадарожнiцы. Кабета адсунулася, падумаўшы, што дотыкi школьнiка выпадковыя. Ён зноў прытулiўся i налёг на жанчыну так, каб плечуком датыкацца да ёмiстай цыцкi. Кабета, нарэшце ўцямiўшы, што азначаюць прытуляннi, павярнула да хлопца насаты твар.
– Ты што робiш? – тралейбусны салон запоўнiў сухi шэпт, шорсткi i пыльны, як асфальт.
– Я чырванею! – адпрэчыў Прытуляльнiк i саскочыў на прыпынку "Вячэрняя школа".
Ён сапраўды быў пунсовы, бо кроў з пахавiння ўдарыла ў галаву.
LVIII. МАЛЫ РЫБНIК
Малы Рыбнiк уладкаваўся ў краму "Акiян".
Пэўна, ён быў адзiным юнаком у горадзе, каго не раздражняў пах гнiлых селядцоў i смак перастаялай цвiлой вады. Ён нават любiў ёдзiстую мляўкасць марской капусты i гумовую саладжавасць кальмараў. Адным словам, Малы Рыбнiк быў дробным вычварэнцам. Ён натуральна ўздымаўся на сёмае запаветнае неба, калi ўзлазiў на цыстэрну, поўную яшчэ варухлiвых люстраных карпаў. З сапраўднай вынегаю Малы Рыбнiк чэрпаў рыбiн вялiкiм сачком i кiдаў iх у ацынкаваныя балеi, растрасаючы кропелькi мiлага водару.
Пасля чарговага завозу жывых карпаў у "Акiян" стомлены Рыбнiк сядзеў на перакуленай балеi. Ён адчуваў такую палавую ўзбуджанасць, што не мог абысцiся без дапамогi рук. Справа ў тым, што перад ягонымi вачыма стаяла i нiяк не жадала знiкаць пiкантная карцiна: загадчыца аддзела кансерваў, даўганогая маладзiца з велiзарнымi грудзьмi, схiлiлася над скрынкаю i пачала перакладаць бляшанкi са шпротамi ў валiзу. Малы Рыбнiк якраз сядзеў на кукiшках i збiраў у вядро наплюханую карпамi лужыну. Маладзiца нахiлiлася так, што караткаваты халат узняўся ледзь не на плечы. Рыбнiку адчынiлася ашаламляльнае вiдовiшча: у ямцы памiж сцёгнаў i клубоў чарнела рыбiна похвы. Кiнуўшы анучу, ён схаваўся за скрынi з кансервамi i, счакаўшы, пакуль сыдзе загадчыца, расшпiлiў нагавiцы ды пачаў масiраваць свой пругкi, нiбыта мянтуз, стрыжань. Мацiцовыя кроплi насення плытка ўпалi на падлогу якраз у той момант, калi за спiнаю Малога Рыбнiка загучаў голас загадчыцы аддзела кансерваў:
– Дык вось чым займаецца на адзiноце малы нягоднiк!
Ад сполаху Рыбнiкаў стрыжань сцiснуўся i схаваўся ў кулаку, як той вiнаградны вусень у ракавiнку.
– Я за карпамi лужыны збiраў. Яны наплюхалi, не прайсцi... Трэба ж было падмыць, – голас юнака дрыжаў, як хвост карпа, якому кухар адразае галаву.
– Падмываў, кажаш? Якi ты старанны хлопчык, як ты любiш парадак i чысцiню... А я i не ведала, што ты любiш падмываць за карпамi. Ты ж любiш падмываць, праўда? – загадчыца аддзела насоўвалася на Малога Рыбнiка ўсiм сваiм высокiм целам, усёй магутнасцю грудзей, падобных да кiлаграмовых ананасаў.
– А я заўсёды мыю падлогу, – Рыбнiк прыўстаў з балеi i нязграбна пачаў хаваць у прарэху слiзкi чэлес.
– А ты ведаеш, малы мярзотнiк, што ў мяне памiж сцёгнаў ёсць чорная рыбка i яе трэба таксама мыць. I зараз ты памыеш маю маленькую рыбку сваiм маленечкiм языком, – загадчыца нацiснула рукамi на юнаковы плечы, i той бязвольна апусцiўся на каленi.
Салодкi, прахалодны водар свежае рыбы ахутаў Малога Рыбнiка цалкам: юнак апусцiўся ў падводнае царства.
Наступным ранкам дырэкцыя крамы "Акiян" абвiнавацiла Рыбнiка ў крадзяжы кансерваваных шпротаў i звольнiла.
LIX. РУСАЛКА-2
Русалка ўскочыла ў кватэру першая. Мужчына праслiзнуў за ёю ў цемнаваты перадпакой. Яна прапанавала распрануцца тут жа, каля скрынi з абуткам i пачапельнiка. Апранахi, ломячы рукавы i калашыны, пападалi на кiлiм. Ён са здзiвам разглядаў рабацiнне на шырокай Русалчынай спiне. Тая, ужо цалкам аголеная, азiрнулася i спытала:
– Што? Шукаеш мой хвост? Не шукай. Русалчыны хвасты засталiся ў XIX стагоддзi.
Русалка пацягнула мужчыну ў лазнiцу, дзе ўключыла душ са срабрыстым гафрыраваным шлангам.
– Шланг душа заўсёды нагадвае мне пра цмока, якi i спакусiў Адама i Еву ў Боскiм Раi... Як там было? – мужчына пацалаваў Русалчыну рабую лапатку. Карацей, вогненна-чырвоны анёл выгнаў першых людзей з-пад райскiх шатаў... Не пашанцавала...
– У мяне такая глыбокая адтулiна, што ў ёй заўсёды застаецца вада, стоячы ў ванне, паведамiла Русалка i паставiла адну нагу на край чарупiны. Паглядзi, якая глыбiня. Засунь туды палец...
– А вада такая халодная, – ускрыкнуў мужчына, трапiўшы пад струменi. Здаецца, так пiсаў Камю ў сваiм "Падзеннi", калi дзяўчына-самагубца кiнулася з моста ў рэчку.
– Зараз, зараз, зараз... Зробiм табе цяплейшую... А цi-цi, а цi-цi... Здаецца, так прыгаворвае матка, калi кладзе ў начоўкi сваё немаўлятка, а яно разяўляе бяззубы рот, маўляў, радуецца, маўляў, смяецца... А цi-цi... У мяне нiколi не будзе дзяцей, я так вырашыла.
Вада пацяплела. Мужчына цалаваў млечны шлях рабацiння на Русалчыным хрыбетнiку.
– Скажы мне, любая, а цi праўда, што Русалка можа зацяжараць ад тапельцавага насення?
– У XIX стагоддзi, любы, усе казкi засталiся ў мiнулым... А можа ты хочаш, каб я ўтапiла цябе, зацягнула ў глыбiню, а потым яшчэ зацяжарала?
"I зусiм у яе не глыбокая... Наадварот, – падумаў мужчына. – Вузкая i караткаватая дый поўная мяне... Стоячы нязручна".
Русалка трымала шланг-цмока за горла, каля самай галавы-распырсквальнiка. Локцем яна пацiху закручвала халодны кран. Вада пагарачэла.
– А цi-цi! – закрычала Русалка. – А цi-цi!
На каханкаў ляцеў кiпень. У густой пары патанула экстатычнае заканчэнне акта.
– Цiкава, як хутка сыдуць з майго пляча пухiры апёкаў? – спыталася Русалка ў мужчыны, што выцiраў голаў махровым ручнiком.
– Думаю, праз тыднi два i следу не застанецца, – сказаў той, разглядаючы свае ружовыя апараныя пальцы.
LX. ДАМАВIК-6
Лiтаратар жыў каля iнфекцыйнай бальнiцы. Штодня даводзiлася праходзiць каля яе. Вядома, ён не карыстаўся тэлефонным апаратам, што вiсеў на вартаўнiковым буданчыку каля металёвай механiзаванай брамы. Можа, таму лiтаратар не баяўся падхапiць жаўтуху-гепатыт цi якую iншую трасцу з халераю. Да людзей у белых ды iншаколерных халатах ён ставiўся абыякава, без шкадобы i спачування. Ходзяць сабе за плотам i хай сабе ходзяць. Ёсць яны i ёсць я, i нiшто нас не знiтоўвае. Толькi нельга сказаць, быццам бы лiтаратара зусiм не цiкавiла бальнiца. Яму вельмi падабалiся цагляныя дамкi, збудаваныя на пачатку стагоддзя ў казачным стылi мадэрн. Ён нават марыў займець, калi стане вядомы i адпаведна заможны, падобны вось такi акуратны дом пад чырвона-брунатнай дахоўкаю. Асаблiва падабаўся дом з крыжыкам над уваходам.
Аднаго разу, шпацыруючы каля iнфекцыйнай бальнiцы разам з крытыкам, лiтаратар спытаўся:
– Бачыш дамок з пакручастым дахам?
– Звычайны мадэрн, – вiславусы крытык знiзаў сутулаватымi плячыма.
– Болей таго, – узбудзiўся вiхрасты лiтаратар, – правiнцыйны югендстыль... Але мне падабаецца... Гэта ж не дашчаная шпакоўня на лецiшчы i не раскiрэка будан экс-партыйца цi ньюкамерсанта... Гэта твор... Два асобныя ўваходы, вокны арачныя, канёк з флюгерам, падмурак высокi каменны, дзверы фiлянговыя, ганкi з каляровых цэментаў – чорны, чырвоны, блакiтны, i асноўнае – белыя накрухмаленыя фiранкi. Усё-ўсё разумею, i бальнiчны каларыт у iх, i элемент галечы прысутнiчае, i халадок эфiрны, лёгенькая пройма, скразнячок, ветрык, свежасць... стэрыльнасць мяне заўсёды вабiла...
– А мне ад такiх халерных баракаў тхне фармалiнам. Не разумею, нашто табе морг? Цi ты вырашыў займацца некрафiлiяй?
– Якi морг? Вунь дом, жоўты... – лiтаратар асекся. – А я нiколi не думаў, што адбываецца ўсярэдзiне. Стаiць i стаiць. Дах, сцены, вокны...
– Сутарэннi, – утроп дадаў крытык. – Другi ўваход вядзе ў сутарэннi, дзе ў холадзе на лёдзе захоўвалi нябожчыкаў, а ў верхнiм памяшканнi iх анатамiравалi. Толькi давай пагаворым пра iншае...
I крытык распавёў лiтаратару пра тое, як у дзяцiнстве яго паклалi на сорак дзён у гэтую iнфекцыйную бальнiцу. Мацi крытыка, а тады трэцякляснiка, працавала ў пiянерлагернай бiблiятэцы. З-за гнiлаватай перамёрзлай бульбы, якой кухар спрабаваў кармiць дзяцей, яна перасварылася не толькi з кухарам i лыжкамыйнiкамi, а i з загадчыцай медыцынскага пункта. У спрэчцы бiблiятэкарка, вядома, атрымала перамогу, i ў лагер прывезлi два кодабы добрае бульбы. Адпрацаваўшы чэрвень i лiпень, яна з'ехала на цэлы жнiвень адпачываць на Каўказ у Гагру, пакiнуўшы сына ў тым жа лагеры. I ўсё было б добра, каб не дурнiцы, што выспелi на калялагерным балотцы. Хлопец наеўся лясных ягад так, што страўнiк узбунтаваўся, i давялося бегчы ў медпункт i прасiць лекi, каб спынiць панос. Вельмi лагодная загадчыца ўгаварыла трэцякласнiка пераначаваць у iзалятары. А той, не бачачы пасткi, згадзiўся. Яна ж выклiкала з Менска "хуткую дапамогу", сказаўшы, што ёсць падазрэннi на дызентэрыю. Спрачацца, бунтаваць хлопцу не выпадала, i яго соннага i вялага перавезлi ўночы з лагернага iзалятара ў рэспублiканскую iнфекцыйную бальнiцу. Дызентэрыйнай палачкi аналiзы не выявiлi, i "стул" быў нярэдкi. Толькi памяркоўныя дактары вырашылi не рызыкаваць. I, праляжаўшы з хворымi дзецьмi тры днi, будучы крытык быў як i ўсе – з рэдзенькiм "стулам", тэмператураю i наяўнасцю палачкi. Хлопцу давялося праляжаць у мадэрновым дамку ажно ўсе сорак дзён. Праз закратаваныя вокны ён бачыў засаджаны бэзам двор, старую драўляную паветку i высозны паркан, над якiм зрэдчас праплывалi сiнiя тралейбусныя дахi. Сум i аднастайнасць зняволення крышку ўпрыгожвала дзяўчынка аднагодка. Яна дазваляла будучаму крытыку прыходзiць да яе ў ложак i засоўваць пальцы ў пругкую мiжножную цяплынь...
– Пасля выпiскi я нi разу яе не сустрэў, – са шкадобаю ў голасе скончыў свой аповед крытык.
Лiтаральна на другi дзень позна ўвечары лiтаратар вяртаўся дамоў i праходзiў каля бальнiцы. У завулку нi душы. Святло высачэнных лiхтарняў цьмянае i мярцвянае. Нават у будынку вартаўнiка вокны чорныя, як смала. Мёртва. А рэха крокаў такое гулкае i страшнае, нiбыта iдзеш па дарозе ў пекла. I ў той момант, калi лiтаратар наблiзiўся да морга, лiхтарнi ўспыхнулi ярчэй, яны, нiбыта маланка, асвяцiлi нерухомы краявiд i згаслi. Але не канчаткова. Над чорнымi шатамi клёнаў, у нябеснай сiнечы, вiселi крывава-гнiлаватыя лямпачкi. Яны нагадвалi кавалкi яшчэ жывой, яшчэ гарачай плоцi. Лiтаратар пабег па завулку пад ледзь жывымi лямпачкамi.
З таго часу ён iмкнуўся не трапляць уначы на той завулак, дзе стаяў морг.
Але такая перасцярога не ўратавала лiтаратара ад здарэння.
Iдучы ўраннi па хлеб, ён краем вока зiрнуў на фiлянговыя дзверы некалi любiмага дамка. Яны былi прачыненыя. З-за iх i пачулася меладычнае запрашэнне:
– Калi ласка, заходзьце... Яны стамiлiся чакаючы... Заходзьце, калi ласка...
Лiтаратар укамянеў. Яго ахапiў транс. Дробненькiмi крокамi ён прайшоў паўз вартаўнiковы буданчык, у механiзаваную браму i накiраваўся да морга. Цяжкiя дзверы расхiнулiся лёгка, нiбыта фiранкi. У кутку беласценнага пакоя ўзвышалася шкляная шафа з хiрургiчнымi iнструментамi. Побач стаялi беланогiя стол i крэсла. Пасярэдзiне пакоя на двух шырокiх сталах ляжалi iстоты: стары чорнабароды Дамавiк у скураным плашчы i вастраносых ботах i белагаловая Русалачка ў белых гольфах з шаўковымi кутасiкамi. Вочы абедзвюх iстот былi заплюшчаныя, рукi складзеныя на грудзях, але ўсё казала, што i стары i дзiця жывыя.
– Ты пабачыў, – аднекуль здалёк учуўся лагодны голас, – старога Дамавiка, якi яшчэ не памёр, i маленькую Русалачку, якая яшчэ не нарадзiлася. А цяпер iдзi i раскажы ўсiм пра тое, што чуў i бачыў.
Са здарэння i трансу лiтаратар выйшаў толькi ў хлебнай краме, пачуўшы раздражнёнае:
– Вось ваш хлеб, мужчына!
LXI. ГАСЦЯВIК
Гасцявiк атрымаў ад свайго даўняга таварыша пiсьмовае запрашэнне прыйсцi на калядную вячэру. А так як у Гасцевiка не было сваякоў i ён не мог наладзiць сямейнае свята ў поўнай меры, дык прапанова адсвяткаваць Божае нараджэнне ў чужым доме была нават дарэчная.
Яшчэ за тыдзень да Калядаў Гасцявiк замовiў у рэстарацыi ментолавы торт.
У Гасцевiка быў хворы страўнiк, i таму, баючыся непрыемнага паху, якi iшоў з рота, увесь час трымаў пад рукою мятныя таблеткi, жавальныя гумкi дый цукеркi-ледзянцы. Паступова мята i ментол перакачавалi ў розныя стравы, i рацыён Гасцевiка цалкам прапах "халадком". Дайшло i да вынаходнiцтва – быў створаны новы прахаладжальны напой: мятная гарбата з дробна накрышаным лёдам.
Заказны торт выйшаў выдатны, за калядным сталом яго хвалiлi ўсе.
– Я даўно не каштаваў нiчога падобнага, – сказаў Гасцевiкоў даўнi таварыш, на круглым твары ў якога граў здаровы румянец.
– Нiколi не думала, што i сярод сучасных мужчын сустракаюцца гурманы, здатныя знаходзiць кулiнарныя дзiвосы, – выказалася таварышова жонка.
Тры дачкi пагодкi: 15-, 14– i, адпаведна, 13-гадовая вельмi шматслоўна гаварылi пра мятны торт.
– Кухар, якi выпякаў торт, сапраўдны мастак. Яблыневыя лiсцiкi, вылепленыя з крэму, выглядаюць зусiм як жывыя, ад iх павявае свежасцю ды вясной. Спадзяюся, тата абавязкова возьме адрас кухара i замовiць на мой дзень нараджэння такi ж самы шэдэўр, – сказала старэйшая з дачок.
– Пасля такiх слоў мне няёмка прасiць бацькоў заказваць торт i на свой дзень нараджэння, таму я вельмi ўзрадуюся, калi на свяце ў маёй старэйшай сястры ўрачыста прыбраны банкетны стол будзе ўпрыгожаны такiм цудоўным тортам, – сярэдняя сястра манерна, адставiўшы мезенец, узяла срэбную лапатку i паклала на свой сподачак яшчэ адзiн кавалак торта.
Пакуль жонка даўняга сябра разлiвала гарбату, Гасцявiк адчуў страўнiкавы дыскамфорт, яму здалося, што пачаў расцякацца па пакоi малапрыемны пах. "Гэткi саладжава-цвiлы дух у самотных мужчын. Пэўна, так патыхала ад пустэльнiкаў. Мусiць, такi смурод сыходзiў ад святога Антонiя. Жах у тым, што смурод ты глытаеш нават не хочучы. I нябожчыкi былi б не такiя страшныя, калi б не даводзiлася ўсмоктваць у сябе часцiнкi раскладзенага цела. Як я разумею людзей, што ўлiваюць у горла паўшклянкi гарэлкi перад тым, як iсцi на пахаванне..." – падумалася Гасцевiку, i ён, не пытаючыся дазволу, налiў сабе поўную чарку каньяку.
– Прашу прабачэння, – занепакоiлася гаспадыня. – Мы зусiм забылiся на нашага шаноўнага госця. Трэба ўсiм налiць па чарачцы i выпiць за цудоўны торт.
Жонка гаспадара першая пасля Гасцевiка адчула небяспеку. Яна не магла дапяць, адкуль сыходзiць бяда, але чула яе сэрцам. Ва ўсiх трох дачок уадначассе зрабiлася цяжка на сэрцы, i яны хуценька, папрасiўшы прабачэння, пакiнулi гасцёўню. Толькi стары прыяцель Гасцевiка са смакам даядаў iндычыны смажаны кумпячок. Ружовы румянец залiваў усмешлiвыя шчокi.
"Ён так цудоўна выглядае, так свежа, як нiколi за апошнiя два гады", падумалася жонцы гаспадара, i яна супакоiлася.
А вось Гасцявiк наадварот расхваляваўся. Ён не зводзiў вачэй з даўняга таварыша, якi паядаў iндычыну з воўчым апетытам. Гасцевiка пачала бiць дрыготка, ён зразумеў, што прыяцель памрэ, калi не сёння, дык заўтра. Гасцявiк пачуў ледзянiсты дух смерцi, ён быў падобны на водар першага снегу.
Праз тыдзень Гасцявiк атрымаў тэлеграму, у якой паведамлялася, што таварыш памёр.
Гасцявiк прынёс да труны букет калаў, цалаваць нябожчыка ён не стаў, бо бачыў у гэтым традыцыйным учынку прыхаваны акт канiбалiзму.
Удава i дочкi-сiроты, слухаючы Гасцевiковыя спачуваннi, перамiргнулiся, бо пачулi лёгкi водар спiрту з ментолам.
LXII. ВАНIТНIЦА
Ванiтнiца запрасiла мужчыну на Новы год. Нават лёгкага намёку на нейкую эротыку ў запрашэннi не было:
– У мяне збяруцца чалавек 10-12, i калi не будзе куды прыткнуцца, то прыходзь.
Мужчына ведаў пра сталага палюбоўнiка, якi абавязкова ўзнiкне за навагоднiм сталом, таму ўспрыняў запрашэнне як знак ветлiвасцi.
Праводзiны Старога года, як i сустрэча Новага ў Ванiтнiцы праходзiлi феерычна – танцы на крэслах, пабiты посуд, сцэны рэўнасцi, хапанне за нож i спроба гаспадынi выкiнуцца з акна... Скончылася феерыя ўцёкамi сталага палюбоўнiка i раз'ездам гасцей на страшэнна дарагiх таксоўках.
У вынiку мужчына апынуўся пад адной коўдраю з гаспадыняй растрыбушанай кватэры.
У Ванiтнiцы былi доўгiя цёмныя i прамыя валасы, круглы дагледжаны твар з круглымi чорнымi вачыма i доўгае, як у мадонны Пармiджанiна, цела.
Мужчына, па ўсiм вядомай прычыне, пачаў дамагацца пяшчоты ад вытанчанага, але халоднага, як маньерыстычны жывапiс таго ж Пармiджанiна, цела. I калi круглатварая i доўгавалосая галава прыязна ўсмiхалася, дык усё астатняе ляжала плазам. Мужчына рабiў усялякiя вядомыя яму намаганнi: лашчыў маленечкiя вострыя грудзi, гладзiў сцёгны i гарачы нiз жывата, выводзiў пальцам спiралi ад лабка i да пупа. Але Ванiтнiца заставалася безуважная, толькi цьмяная ўсмешка ўсё нiяк не знiкала з пабялелага твару.
Мужчына аказаўся чалавекам настойлiвым, якi не любiць кiдаць справу на паўдарозе. Нават калi думка наконт некрафiлii прамiльгнула ў ягонай свядомасцi, ён не пакiнуў намеру авалодаць гаспадыняю.
Мужчына ўстаў, скiнуў на падлогу коўдру, рукамi шырока рассунуў жаночыя ногi, паспрабаваў быў крышачку сагнуць iх у каленях, але не змог, цела iмгненна вярнулася ў стан плаза. Тады ён узлез на ложак, лёг на жанчыну i рукою заправiў свой стамбурок у яе глыбiню. Пасля чаго, цяжка ўздыхнуўшы, мужчына зрабiў першы магутны штуршок. I што тут усчалося! Жаночае цела, якое яшчэ iмгненне таму было ледзь не мёртвае, раптоўна ажыло, нiбыта ў яго зайшоў разрад току, а не звычайны чэлес невялiкiх памераў. Спачатку жанчына змянiла тэмпературны стан, з прахалоднай яна зрабiлася гарачая, а потым уся выгнулася насустрач мужчынскаму штуршку. Ашчаперыўшы каханка рукамi i нагамi, Ванiтнiца ўпала спачатку бокам на ложак, а з ложка кульнулася на коўдру, скiнутую на падлогу. А там яна падмяла мужчыну пад сябе, села на яго конна i, схапiўшыся за жывот, выпусцiла на волю даўжэзны струмень ванiтаў. Мужчына не закрыў рукамi твар i нават вочы заплюшчыць не паспеў.
Пакуль ён мыўся, Ванiтнiца прыбiрала. Цяжкi паслясвяточны дух лунаў у пакоях.
У цеснай лазнiцы мужчына выдаiў з сябе ў рукамыйнiк тое, што збiраўся падараваць жанчыне.
– Даруй! – прашаптала Ванiтнiца, калi мужчына вярнуўся.
– Бывае. Ты не перажывай. Бывае горш. – Мужчына вяла махнуў рукою.
– Не, горш не бывае. Але ты не крыўдуй, калi ласка.
– Я зусiм не крыўдую, але бывае значна горш, павер мне.
– Ну што ты, я зусiм не хачу цябе пакрыўдзiць. – Ванiтнiца ссыпала з саўка ў смеццевае вядро друз пабiтых талерак. – Толькi што можа быць горш за вадаспад ванiтаў, якi хляпаецца табе на твар?
– Ты сапраўды хочаш пачуць пра горшае за чужыя ванiты ва ўласным роце?
– Так! Бо мне крыўдна за паводзiны ўласнага страўнiка. Мне прыкра.
– Слухай, – госць уладкаваўся на ложак. – Была ў мяне сяброўка. Мы сустрэлiся, крышку выпiлi i нам захацелася выпiць яшчэ i яшчэ захацелася злiцца, як злiваюцца сябар з сяброўкаю. Толькi ў мяне было мала грошай, а ў яе зусiм грошай не было. На ўвесь мой капiтал мы ўзялi бутэльку вiскi i пайшлi ў пад'езд высокага дома. Мы ўзнялiся на апошнi паверх, адтуль паднялiся на гарышча, дзе пiлi i займалiся злiццём. Мы выпiлi цэлую бутэльку вiскi i нацалавалiся да непрытомнасцi. А тады мне захацелася вылiць з сябе рэшткi насення i закарцела выштурхнуць яго не ў першую, а ў другую, заднюю дзiрачку. Сяброўка не выказала захаплення, але я настаяў. Злiццё атрымалася кароткае i наўздзiў экспрэсiўнае. Сяброўка стаяла крышку вышэй за мяне, на драўлянай бэльцы. Я аберуч падтрымлiваў яе сцёгны i накiроўваў наезды на стамбурок. Наталенне прыйшло хутка, я выйшаў з дзiрачкi, i на мяне паляцела змесцiва прамой кiшкi. Спачатку я падумаў, што гэта сiкуны, змесцiва было рэдкае, але потым, калi нос адчуў водар, я ледзь з глузду не з'ехаў. Уявi яе i мае боты, яе i мае нагавiцы. Мы ж злiвалiся, не здымаючы джынсаў.