355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Таврус » Банкет (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Банкет (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 октября 2016, 05:20

Текст книги "Банкет (на белорусском языке)"


Автор книги: Таврус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Таврус
Банкет (на белорусском языке)

Таўрус

Банкет

I

Радасны i вясёлы пад'язджаў Пятрусь у сваё сяло, каторага ён не бачыў ад самых каляд. Вырваўшыся з душнага горада, дзе за дамамi не ўбачыш нi далёкага лесу, нi раздолля шырокiх палёў, i апынуўшыся сярод знаёмых узгоркаў i хвайнякоў, Пятрусь пачуўся вольна i лёгка. Яго так i цягнула ў гэтыя кусты на беразе рэчкi, на зялёны шырокi луг, бо тут кожны куст, кожнае дрэва i грудок былi яго добрымi старымi знаёмымi.

Едучы, ён закiдаў пытаннямi iх парабка Андрэя, як i што дома. У гэтых пытаннях адбiваўся мужычы дух, моцна зросшы з зямлёй, з родным сялом.

Вот i сяло, вот i iх хата. Бацька даўно ўжо тупаў па двары, не раз паглядаючы на дарогу. Ён сам адчынiў вароты i выйшаў за браму на спатканне сыну. Пятрусь борздзенька саскочыў з каламажкi i кiнуўся да бацькi.

Сын-гiмназiст i бацька, ужо паджылы сталы селянiн-хлебароб, абнялiся i моцна пацалавалiся.

– Ну, як жа здароў, Пятрусь? Як пашанцавалi экзамены?

Пятрусь наскора адказаў бацьку i пабег да маткi. Яна ўжо даўно стаяла каля парога, загадзя абцёршы губы фартухом, i не спушчала вачэй з сына.

– А сыночак ты мой! а маё ты панянятка! – гаварыла мацi, цалуючы хлопца.

I сапраўды Пятрусь у форме гiмназiста зусiм быў, як панiч. Нават папоў сын – бурсак, равеснiк Петрука, адступаў перад iм на заднi план i касаваўся. Дык i не дзiва, што мацi так цешылася, гледзячы на сына-гiмназiста.

Увайшоўшы ў хату, Пятрусь агледзеў усе куты, кожную новую рэч у хаце. Пры гэтым ён расказваў пра гiмназiю, пра горад, пра сваiх новых сяброў, пра ўсё тое, што цiкавiла там яго самога. Але яму не сядзелася ў хаце, яго цягнула на двор, на волю, i праз паўгадзiны ён ужо шворыўся ў садку; адтуль, пералезшы цераз плот, выбег на вулiцу. Праз паркан суседскага садзiка на яго пазiрала колькi пар вачэй яго равеснiкаў. Пятрук зараз жа заўважыў iх. Адзiн з хлапцоў высунуў галаву з-за паркана i моўчкi прыглядаўся да Петруся. Зараз жа паказалася другая галава ў старой шапцы, праз дзiркi якое прабiвалiся космы светлых валасоў, парыжэўшых на канцах ад сонца.

Нi Пятрук, нi хлопцы нiчога не гаварылi. Петруку хацелася прылучыцца да iх кампанii, але ён чуў, што як бы нешта лягло мiж iм i хлопцамi, i ў яго неставала смеласцi падысцi да сваiх даўнейшых сябрукоў. Кругом усе былi проста адзеты, i толькi ён адзiн кiдаўся ў вочы ўсiм сваёю формай. Ён дагадаўся, што гэта форма i клала той рубеж мiж iм i хлопцамi, каторы i стрымлiваў яго падысцi да iх, як даўней, i пачаць разам гульню. Трохi пастаяўшы i падумаўшы, Пятрусь пабег зноў у хату, скiнуў свой мундзiрчык, нацягнуў свой стары каптанiк, узяў яшчэ колькi цiкавых кнiжак з рысункамi i зноў выбег на вулiцу. Цяпер ён смела падбег да хлапцоў i, падышоўшы, хацеў сказаць iм "здрастуйце", як гаварыў ён у гiмназii да сваiх таварышаў, але ў сяле мiж малымi такога звычаю не вялося, i ён проста сказаў:

– Хадзем пагуляем. Я пакажу вам цiкавыя малюнкi.

Хлопцы пералезлi цераз паркан i падышлi да Петруся. Трохi счакаўшы, яны ўжо бегалi на задворках i агародах, рвалi моркву, скраблi яе трэсачкамi або проста абцiралi аб сваю адзежу i елi. Пятрусь ад iх не адставаў. Цяпер на яго галаве сядзела шапка з чужой галавы, а ў яго шапцы бегаў адзiн з таварышаў. Хлопцы гаварылi, крычалi, шумелi. Мiж iмi пачалася гульня. Кожная старана старалася выказаць найцiкавейшыя штукi i гэтым самым выклiкаць у другiх зайздрасць i здзiўленне. Гаворка iх была самая жывая i борзда пераскоквала з аднаго на другое, i такiм парадкам праз колькi хвiлiн хлопцы сталi гаварыць аб дужанцы.

– Ну, давайце падужаемся! – гаварыў Пятрусь i выставiў уперад адну нагу i напляваў на рукi.

Зiрнуўшы ў акно, Петрукоў бацька ўбачыў, як яго сын качаўся з хлопцамi ў пяску.

– Пятрусь! Пятрусь! што ты гэта робiш?

Яму здавалася, што яго сыну непрыстойна займацца гэткiм глупствам i, звярнуўшыся да жонкi, сказаў:

– Зусiм ён тут адзiчэе, паглядзi: i форму сваю скiнуў, ледзьве пазнаў.

– А што ж там такое, калi пагуляе? Вядома, дзiця яшчэ, – заступiлася мацi.

Паклiкаўшы Петруся, бацька строга сказаў:

– Табе, Пятрук, не надта прыстойна качацца па пяску. Убачаць людзi смяяцца будуць. Скажуць – такi самы мужык.

– А хiба ж я пан?

– Павiнен быць лепшы за пана! Што там пан? Усякi сам сабе пан. А ты вось што: сягоння ў нас будуць госцi, дык ты прыбярыся i, глядзi, трымайся так, каб нiхто не смеў на цябе тыкаць пальцам! А госцi будуць не простыя.

II

Вечарам на змярканнi пачалi збiрацца госцi. Першымi прыйшло колькi сталых, паважных гаспадароў, а потым сталi збiрацца i госцi вышэйшага стану: сядзелец, пiсар са старшынёй, ураднiк, дзяк.

Гэтыя паны-госцi варты таго, каб аб iх сказаць хоць колькi слоў.

Пiсар быў мужчына гадоў за трыццаць. Ён лiчыў сябе чалавекам, цэлай галавой большым ад усiх i самым патрэбным у гасударстве. Бо i праўда, чаго нi кранiся – усюды пiсар. Хто галоўная труба ў валасным судзе? – пiсар. Хто робiць раскладкi? – зноў пiсар. А хто выдае пашпарты? – пiсар жа. Адным словам, куды нi павернешся – пiсар i пiсар. Дык i не дзiва, што гэты пiсар так многа забраў сабе ў галаву. Ураднiк жа часам казаў яму за чаркай:

– Што пiсары валасныя? – затыклы, папiхачы.

Але пiсар на гэта адказваў:

– Ну, гэтага не скажы! А вось з цябе, то карысць невялiкая: кожны валасны стораж патрапiць споўнiць ураднiкаву "хункцыю".

Сядзелец больш маўчаў, i ажыў толькi тады, як на стале станавiлася добрая закуска i выпiўка. Тады яго вочы блiшчалi, i ён пачынаў што-небудзь хлусiць. Дзяк быў вядомы ў сяле тым, што раз, прабiраючы мужыкоў, што нiхто з iх не ўмее гаварыць пацеры, узяўся сам паказаць, як трэба гаварыць пацеры, i збiўся, а ўсе паднялi яго на смех, бо дзяк часта любiў умешвацца не ў сваё. А пра ўсiх разам можна было сказаць, што гэта былi людзi, якiя ад доўгай сваёй практыкi прывыклi пры спатканнi з чалавекам перш паглядзець на яго рукi i кiшэнi, а потым ужо пазiраць яму ў вочы.

Спачатку гаворка не так-то клеiлася. Пiсар дымiў папяросай i, трымаючы яе ў зубах, гаварыў з фельчарам, як з самым вучоным тут. Дзяк расказваў старшынi i сядзельцу, як ён у маладосцi быў у архiрэйскiм хоры i дзёр баса.

Тады толькi госцi ажывiлiся, як гаспадар i гаспадыня пасадзiлi iх за стол, загружаны закускамi i выпiўкай. А як чарка зрабiла колькi кругоў, то гаворка так палiлася, што некаму было i слухаць. Сядзелец пачаў расказваць, як ён у хвоi знайшоў гняздо кунiц i голай рукой выцягнуў з дупла цэлых шэсць штук. А што гэта была праўда, то ён паднёс да самага носа старшынi руку, на якой яшчэ i цяпер быў знак, як укусiла яго кунiца.

Цяпер толькi госцi заўважылi Петруся i зiрнулi на яго вокам ласкi.

– Дзякуй богу! перайшоў у чацвёртую клясу, – гаварыў бацька. – Не мне будзе раўня. Даўней не так спрытна вучылi, як цяпер, хоць пападалiся i добрыя дарэктары. Я вот памятую, як сам хадзiў вучыцца. Бывала, калi залепiць табе гэты самы дарэктар па патылiцы, скарэй плюшч вочы, каб не павыскаквалi з лобу; а ўсё ж такi вучнi не так-то добра зналi, хоць па зiм пяць вучылiся. А цяпер, бачыш, i не б'юць, а вучацца.

– А ты думаеш, гэта лепш, што не б'юць? – спытаў дзяк. – Калi, бывала, давалi лупцоўку, то i людзi былi. А цяпер што? Глядзiш, чуць вiдзен ад зямлi, а ўжо нос задзiрае, нiякага паважання к старшым. А ў школах што вытвараюць? Забастоўкi робяць. Вот бы гэтакага забастоўшчыка разлажыць на столак, ды закасаць кашулю, ды ўсыпаць – i бунт бы ўвесь прайшоў. От узяць бы к прыкладу хоць мяне: бiлi i ў людзi вывелi.

– Якi ты ў чорта людзi? – спытаў яго пiсар. – Ты – чвэрць чалавека.

Усе зарагаталi.

– Ну, а ты – цэлы чалавек! А вот давай паспорым: "Жэзл во образ тайны прыемлецца, празябенiем бо прэдразсуждает свяшчэннiка..." Што гэта азначае?

– Жэзл – гэта палка, – пачаў тлумачыць пiсар i спынiўся.

– Гэта i дурань ведае, што жэзл – палка, але далей што? – насядаў дзяк на пiсара.

Сядзеўшыя тут сяляне прыслухоўвалiся да споркi i пыталiся адзiн другога, якую гэта задачу загадаў дзяк, што i пiсар не разгадае.

Адзiн з мужыкоў, Пiлiп Гладыш, прыйшоў на падмогу пiсару:

– А гэта мо тая палка, што б'юць, як на папоў вывучваюць.

– Добра ты кажаш, – падхапiў пiсар. – Не шкодзiла б ёю высвенцiць i нашага дзяка.

– Нiчога вы не знаеце, – абвёў дзяк усiх поглядам чалавека, атрымаўшага верх: – жэзл – гэта той шост, на каторым...

Пры гэтым Пятрусь моцна зарагатаў.

Усе зiрнулi на Петруся.

– Што, не праўду мо кажу? – спытаў дзяк, зiрнуўшы ў яго бок.

– Вы змылiлiся, – сказаў нясмела Пятрусь. – Гэта той жэзл, каторы быў паложаны разам з другiмi ў каўчэг завета i прарос. Гэта быў жэзл Арона, i ўсе патомкi яго i лiчылiся выбранымi богам свяшчэннiкамi.

Тут дзяк схамянуўся.

– Ну, а я як кажу? I я хацеў сказаць тое самае.

– Эй, дзяк! – гукнуў пiсар. – Лепш бы ты вучыў мужыкоў, як гаварыць пацеры.

Пятрусь пасля гэтага здарэння адразу вырас у вачах гасцей, асаблiва ў сялян. А мацi, хоць i не ўсё сцямiла тут, але чула, што Пятрусь сказаў нешта разумнае, i твар яе разгарнуўся ў шырокую ўсмешку задавальнення.

Сядзелец, седзячы каля пiсара, шаргануў туды i сюды пальцам нос (гэта азначала, што ён нешта надумаў i зараз штось скажа).

– А вот, Пятрусь, скажы: колькi гэта будзе каштаваць дваццаць кварт, дваццаць паўкварт i дваццаць кручкоў гарэлкi разам з пасудай.

Спытаўшы аб цане бутэлькi кожнага сорту, Пятрусь, чуць падумаўшы, зразу адказаў, колькi ўсё гэта каштуе.

Сядзелец не чакаў, што Пятрусь так скора вылiчыць, i ад здзiўлення аж стукнуў рукою па стале.

– Маладзец!

– Ну, а цi зробiш такую раскладку: 1300 руб. 80 кап. разлажыць на 640 гаспадароў.

Пятрусь, узяўшы аловак, як бачыш вырахаваў.

– Два рублi i тры з чвэрцю капейкi.

Пiсар паглядзеў.

– Гэта ваша навука так лiчыць, а мы, людзi-практыкi, робiм крыху iначай: замест драбнiц лiчым цэлую капейку. Вот табе i будзе залажыць банчок.

Крыху памаўчаўшы, пiсар зноў сказаў:

– Навука – рэч не кепская, ды толькi для таго, хто ўмее з яе карыстаць. Ну што з таго, што наш земскi, каб далёка не хадзiць, вучоны? А прыедзе ў воласць i за кожным глупствам iдзе да пiсара. А пiсар усё ведае, хоць ён у гiмназiях не вучыўся i экзаменаў вялiкiх не здаваў.

– Лайдацтва iдзе ад гэтай навукi! – стукнуў ураднiк кулаком па стале. Ось дай ты мужыкам навуку, i жыць на свеце нельга будзе. З чаго пайшлi гэтыя забастоўкi, дэмакраты? Усё ад навукi!

Тут ураднiк расказаў, як у сяло прыйшоў забастоўшчык.

– Хто ты? – пытаюць яго.

– Дэмакрат.

– А! ты канакрад?! Вяжы яго, вужа! – I ўраднiк, сказаўшы гэта, адзiн зарагатаў на ўсю хату. Ён ужо быў п'яны i пачаў прыставаць да маладзiц.

Слухаючы гэта, гаспадар сядзеў, як на iголках: спрачацца было нягожа: як-нiяк, а гэта былi яго госцi, i маўчаць таксама не выпадала, бо ён сам мужык, а вот вучыць свайго сына. I ён пускаў мiж вушэй п'яныя гутаркi дзiкiх людзей, якiя лiчылi сябе iнтэлiгентамi.

Горш за ўсiх тут чуўся Пятрусь. Яму даўно ўжо хацелася кiнуць гэту кампанiю, ды ён не хацеў саромiць бацькi i мусiў сядзець сярод гэтых чужых i нямiлых яму людзей.

А госцi пiлi, елi i п'янелi, i iх языкi, як сарваўшыеся з прывязi сабакi, пачалi малоць усякiя глупствы. А як ураднiк пачаў выкiдаць свае штукi, хлопец, не стрымаўся i, адвярнуўшыся да маткi, упаўголаса сказаў:

– Каб паноў-гасцей пасадзiць у клетку ды павезцi...

– Каго? нас у клетку? – спытаў пiсар, што меў вельмi чуткiя вушы i чуў гутарку Петруся. – Што ж мы, па-твоему, звяры, цi што?

У гутарку ўмяшаўся ўраднiк:

– Вот! я i казаў, якая з навукi карысць. Але што з цябе возьмеш, калi ты яшчэ дурное шчанё? Каб ты быў крыху большы, то я сам даў бы табе па мордзе.

– То сабраў бы зубы ў прыгаршчы! – гняўлiва адказаў ураднiку Пятрусь.

– Цi я не казаў, – падхапiў i дзяк. – От як яны паважаюць начальства i старшых! Разумнага маеш, Тамаш, сына.

А бацька перш не ведаў, што рабiць. Потым ён борзда падняўся i абярнуўся да Петруся.

– Цябе вучылi ў гiмназii розным навукам, i я iм дзякую за гэта. А цяпер я навучу цябе, як трэба шанаваць гасцей.

З гэтымi словамi бацька ўзяў сына за вуха. Потым перапрасiў гасцей i прасiў iх выбачыць гэта глупства сыну.

Пятрусь загарэўся ўвесь з сораму. Ён даўно ўжо адвык, каб яго круцiлi за вушы. Здаецца, каб паднёс да яго твару запалку, то ён запалаў бы.

У адзiн момант Пятрусь шуснуў пад стол, выскачыў на хату. Узяўшыся за клямку, ён сказаў:

– Калi ты iх наклiкаў, то i сядзi з iмi, а я з такiмi сядзець не буду.

Госцi разышлiся. Позна ўжо знайшоў бацька Петруся ў гумне.

– Сынок! ты на мяне не гневайся. Я i сам каюся, што наклiкаў гэту псярню. Але не мог жа я пахвалiць цябе за тое, што ты iм сказаў. Праўда на тваiм баку, i яны заўтра будуць саромецца самi сябе.

I сын з бацькам у згодзе пайшлi ў хату.

Толькi ж у Петруся глыбока-глыбока запала ў душу гэта крыўда, i ён нiколi не мог успомнiць пра гэты выпадак без таго, каб сэрца яго не сцiснулася тупой боллю.

1913 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю