Текст книги "Паўлінка"
Автор книги: Янка Купала
Жанр:
Разное
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
Выходзяць, за імі – Альжбета з клінком.
З’ява XIV
Паўлінка, Сцяпан.
Сцяпан. Ох, і даюцца ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзве дзюркі ў носе і сканчылося, – ужо пазбыўся.
Паўлінка. А даўно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі і татка дамоў пехатой прытрапаў?
Сцяпан. Што было, тое сплыло, і болей, каханенькая, родненькая, не будзе, як кажуць людзі.
Паўлінка. Паглядзім. Заўтра кірмаш.
Сцяпан. Не бойся, каханенькая, родненькая. Я кабылу злаўлю, але і ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоння гаварыў.
Паўлінка. Што ён конь ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?
Сцяпан. Не конь і не вол, а так сабе, дойная жывёліна.
Паўлінка. Дык, татка, яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я і не думаю.
Сцяпан. Нічагутанькі, каханенькая, родненькая. Надумаешся, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісці.
Паўлінка. Ліха не возьме! Гэткі цукер не раз-мокне.
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, як скажу, так і будзе; дзве дзюркі ў носе і сканчылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоння каляндар – нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым іншым. Значыцца, пагля-дзім праўды.
Ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не паспявае.
(Падымаючы фатаграфію.) А гэта што такое?
Паўлінка (хочучы адабраць). Гэта мая. Аддайце мне, тата!
Сцяпан. Я пытаюся – хто гэта?
Паўлінка. Ці ж, тата, не бачыце?
Сцяпан (са злоснай насмешкай). Ха-ха-ха! Якім!.. Хай жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае.)
Паўлінка (скрозь слёзы). Аддайце, татачка, аддайце, не рвіце! не здзеквайцеся над ім…
Сцяпан (адпіргнуўшы ад сябе Паўлінку). Адчапіся ад мяне, гіцлёўка! Я вам тут наразводжу шашняў…
Стукат у сенцах. Уваходзяць Пранцісь, Агата, а за імі Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы слёзы, і скубе пальцамі фартух.
З’ява XV
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь, Агата.
Пранцісь. Глупства, пане дабрудзею. Я, вось-цо-да, казаў, собственно, не дзе падзенецца.
Агата (дражнячы). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і слядоў прыглядаліся.
Альжбета. Ну, дзякуй Богу, што хоць найшла-ся. (Да Сцяпана.) Што ты там круціш у руках?
Сцяпан (тыкаючы фатаграфію ў твар Альжбе-це). На, на! любуйся, якія празэнты атрымлівае твая дачушка!
Альжбета (закрываючы рукою твар). Чаго соваешся… Такая яна і твая, як мая.
Сцяпан. Лжэш! Каб яна была мая, то была б такая, як і я.
Пранцісь. Пакажы, пакажы, пане дабрудзею, што гэта за птушка?
Сцяпан (паказваючы). На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам!
Пранцісь (разглядаючы). Эгэ! Гэта гэты разумненькі, вучоны, грамацей… Собственно, Сарока, вось-цо-да.
Сцяпан. Але ж, але! Якім Сарока.
Агата (да Сцяпана). Тудэма-сюдэма, пакажыце і мне, сватка.
Пранцісь (да Агаты). Ты, пане дабрудзею, баба, не лезь сюды з цікавым носам. Собственно, пільнуй сваёй спадніцы і панчохаў, вось-цо-да. А мы суд зробім… правы і скоры.
Паўлінка (падыходзячы да Альжбеты, ласкава). Мамачка, адбярыце яе ў таткі.
Альжбета. Што я з ім, дзеткі, зраблю? Яшчэ біцца будзе…
Сцяпан (да Пранціся). А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?
Пранцісь. А такі, пане дабрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясці. Собственно, інквізі-тарскі суд зрабіць – па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да.
Паўлінка (кідаючыся да Сцяпана і цалуючы яму рукі, скрозь слёзы). Татачка, аддайце! Не здзеквайцеся над ім!.. Ён жа вам нічога благога не зрабіў.
Сцяпан (са злосцю). Спаць, спаць пайшла, калі гэткага знайшла! Спаць! (Рве фатаграфію.)
Паўлінка (з плачам апускаючыся на лаву). Татка, загубіць мяне хочаце… Гвалтам з хаты выгнаць.
Пранцісь (дастаючы пляшку). А цяпер, собственно, вып’ем хаўтурнага, вось-цо-да. (П’е.)
Паўлінка (усхапіўшыся з лавы, кідаецца да Пранціся). Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога і падноскаў не варт! (Вырываючы і разбіваючы аб зямлю пляшку.) Вось-цо-да!
Пранцісь (развесіўшы рукі, здзіўлены, як і ўсе). О-о-о!!!
Заслона
Акт Другі
Тая ж самая – што ў першым акце – святліца. За сталом сядзяць: Сцяпан, Альжбета і госці – тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанчыны – з другога. П’юць гарбату, наліваючы на сподкі, закусваюць. Дзецюкі з дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі ад хлеба. З левай стараны (гле-дзячы ад публікі) пры сцяне ад бакоўкі – сядзяць два музыкі і, зводзячы інструменты, ціха перагаварваюцца між сабой. Ля дзвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся па-святочнаму, увіхаецца каля гасцей. Трохі ў твары змяніўшыся; час ад часу ўздыхае і няўзнак паглядае ў акно; адно стараецца быць з усімі вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона – Паўлінка нясе гарбату.
З’ява I
Паўлінка, Сцяпан, Альжбета, госці, музыкі.
Паўлінка (стаўляючы гарбату перад Сцяпанам). Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху ні духу? Ці не знюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака?
Сцяпан. Каханенькая, родненькая, не бядуй. Не будзе Гіршы, будзе чорт іншы.
Паўлінка (насмешліва). Мала што будзе… Але ж калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць да гэтага Бык… Бычка… Ах, як яго?..
Сцяпан (з націскам). Быкоўскага.
Паўлінка (падыходзячы да другога канца стала). Можа, Адэльцы яшчэ шкляначку?
Адэлька (госця). Дзякуй. Ужо напілася.
Альжбета. Ды бяры! Што там пытаешся? Панна Адэля толькі дзве выпіла.
Адэлька. Калі ж болей не хочацца.
Паўлінка (забіраючы шклянку). Вып’еш, вы-п’еш, Адэлька, – змесціцца.
Альжбета (падсоўваючы гасцям яду). Старайцеся, госцікі, старайцеся. Вось – сыр, масла, вяндліна! Такі ж сягоння трохі папрацавалі каля полькі ды лявоніхі.
Колькі галасоў (перажоўваючы і сёрбаючы). Дзякуй, дзякуй! Мы стараемся.
Сцяпан. Чым хата багата – тым рада. Хлеб на стале – рукі свае. Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма. Але я ў гэтым не вінават. Хацеў узяць у Міхалішках, дык, як наліха, манаполька цэлы дзень была закрыта.
Музыка (убок да другога). Каб не салгаў, дык бы і не жыў. Я сам бачыў, як пасля імшы адбываўся з пляшкамі пры манапольцы нешпар.
Другі музыка. Слухаць! Скнэра, і больш нічога.
Паўлінка (паставіўшы Адэлі шклянку, да аднаго з гасцей). Можа, пан Вінцусь яшчэ вып’е?..
Вінцусь (госць, уціраючы канцом настольніка губы і лоб). Яно б то было ўжо і досыць, але калі панна Паўлінка так пекна просіць, дык можна яшчэ са шкляначку.
Паўлінка (ідучы са шклянкай). Гэты ўжо дык пятую шклянку бабохае…
Сцяпан (да Альжбеты). Ці добра хаця ты прасіла Пустарэвічаў? Чаму іх так доўга няма?
Альжбета. Каб і не прасіла, то прыедуць. (З насмешкай.) Пэўне, собственно, кабыла заблудзіла.
Адзін з гасцей. Штось сягоння на кірмашы Якіма Сарокі не было. А то, бывала, такім франтам пахаджывае, што куды мяне вядзеш, пусці мяне к чорту.
Паўлінка (стаўляючы гарбату). А пану Банадысю зайздрасць, што так прыадзецца не патрапіць, хоць мо і мае, за што.
Госць. Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.
Паўлінка (садзячыся на ложку). І працэнцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.
Госць (самадавольна). Хе-хе-хе! А панне Паўлінцы злосць яшчэ не адышла, што калісь гэтаму ягамосцю Сароку ні за які працэнт не пазычыў.
Паўлінка. Вельмі ж яму гэтым і не пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтаў пазычылі і далі яму магчымасць паехаць на настаўніцкія курсы. Цяпер нічыёй ласкі не патрабуе.
Адна з гасцей. Пэўне, што не! Такі чалавек нідзе не прападзе.
Сцяпан (прыслухваючыся дагэтуль гутарцы аб Сароку). Каханенькія, родненькія, кіньце аб гэтым свінапасе гаварыць. Прыелася ўжо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. І ці гаманіце аб ім, ці не гаманіце – усё роўна нічога не выйдзе. Я ўжо яму даў дарогу.
Паўлінка (неспакойна). Якую дарогу?
Сцяпан. А ты, каханенькая, родненькая, не слухай, вушы развесіўшы, ды лепей гасцей глядзі. Дзве дзюркі ў носе і сканчылося.
Нейкую хвіліну ціха. Паўлінка падыходзіць браць шклянкі, але ўсе адказваюцца.
Альжбета. Што ж, выбачайце, госцікі. Не хацелі піць і есці, пасля самі будзеце жалець.
Сцяпан. Выбачайце, выбачайце, каханенькія, родненькія, адно не скажыце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі не было.
Колькі галасоў (устаючы з-за стала). Дзякуем, дзякуем пану гаспадару і пані гаспадыні! Падмацаваліся, хвала Богу, як лепей не трэба.
Паўлінка (устаючы з ложка). Проша паненак сюды прысесці, а паны кавалеры, вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў.
Сцяпан і Альжбета (вылазячы з-за стала). А як жа – трэба, трэба!
Дзяўчаты садзяцца на ложку, хлопцы каля іх на табурэтах; жартуюць між сабой.
Альжбета (падыходзячы да музыкаў). Хадзіце, міленькія, выпіце са шкляначку гарбаты.
Музыкі. Дзякуем, пані! Мы ўжо сягоння пілі.
Альжбета. Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца. (Забірае інструменты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкаў за стол і сама садзіцца. Да Паўлінкі.) А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!
Сцяпан (закурваючы люльку). Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма.
Музыкі. І без гэтых кропель будзем жывы.
Чуваць стукат у сенцах.
Сцяпан. А бач, нехта такі хоць нарэшце з’явіў-ся. Трэба ісці ды глянуць, а то яшчэ ў дзверы не луча. (Ідзе.)
Адзін з гасцей. Нясі, Божа, нежанатага ды багатага!
Адна з гасцей. Жаніць будзем!
Паўлінка (стаўляе музыкам гарбату, падыходзе і глядзіць у акно. Убок). Ах, як жа цёмненька!
Адзін з гасцей. Каго так, панна Паўлінка, выглядаеце?
Паўлінка. Таго ж – нежанатага ды багатага.
З’ява II
Тыя ж і Адольф Быкоўскі.
Сцяпан (спатыкаючы Адольфа ў дзвярах). А-а! Нарэшце з’явіўся, дарагі госцік! Што ж гэта, каханенькі, родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?
Адольф (вешаючы паліто на сцяне каля парога). Пахвалёны ў хату!
Колькі галасоў. Навекі! Навекі!
Адольф (вітаючыся са Сцяпанам). Выбачайце, што трохі прыпазніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з гары, што каля Прытыкаў, – і мяне выкінуў, і вось зламаў, так што аж мусіў другую каламажку ўзяць; праз тое і замарудзіў.
Адзін з музыкаў (убок да другога). Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс! Прыстаў конь, ды ўсё тут.
Другі музыка. Няўжо ж што. У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў, і тая ўжо скарэй яго панясе.
Сцяпан (да Адольфа). Проша ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе ўсе тут.
Адольф. Дзякую, дзякую, вашэці. Проша са мной клопату не рабіць.
Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ёй бокам і не згінаючыся.
Альжбета. Проша пана Адольфа, проша за стол! Можа, вып’еце гарбаты і чаго закусіце? (Да Паўлінкі.) Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!
Адольф (садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурваючы папяроску). А што ж у васпанства добрага чуваць?
Сцяпан (прысаджваючыся к сталу). Ды што ў нас чуваць? Старая баба не хоча здыхаць, а маладая замуж ісці.
Адольф (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.
Альжбета (да Сцяпана). А, ваша, схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага.
Адольф. Не турбуйцеся. Я яго добра прывязаў.
Сцяпан. Каханенькі, родненькі, хоць і прывязаў, але сена, пэўна, не даў. У нас так: госць як папала, а жывёліну дык трэба добра дагледзець. (Выходзіць.)
З’ява III
Тыя ж без Сцяпана.
Паўлінка (стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзячыся аподаль). Што ж гэта пана Адольфа конь хацеў разнесці?
Адольф. А як жа! Тры сотні вясной заплаціў і толькі клопату нажыў. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх не ўгоніш.
Паўлінка (хітравата). Пэўне, і авечкі ў пана Адольфа таксама гілююць?
Адольф. А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як ударыць гарачыня, дык яны чуць не ўсе чыста круцяцца на адным месцы.
Паўлінка (ідучы па гарбату для сябе, убок). Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут (паказваючы пальцам на сваю галаву) матылі мае, а думае, што яны зыгуюць.
Альжбета. Якія ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?
Адольф. А нішто сабе. (Відам лгучы.) Жыта нажаў коп са дзвесце, аўса таксама са дзвесце, ячменю – з сотню.
Адзін з гасцей. А колькі ж у пана зямлі?
Адольф. Валокі з паўтары добрыя будзе.
Госць. І лес ёсць?
Адольф (абціраючы хустачкай лоб). А як жа – ёсць: з паўвалокі, калі не болей. Сасна ў сасонку!
Госць. І сенажаць ёсць?
Адольф. Ёсць, ёсць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог, як шафран.
Музыка. Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?
Адольф. Н-нуу, так! З добрую паўвалочку!
Альжбета. У нас ворнай зямлі, мусіць, і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.
Паўлінка (сеўшы з гарбатай пры стале). Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.
Адольф. О, у мяне гаспадарка ні ў чым не зблыша. У мяне жонка і то будзе лепшая, як ува ўсіх.
Адзін з гасцей. Каб толькі не ўдалася нара-вістая.
Паўлінка. Цікавасць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?
Адольф. Гэта, пакуль што, сакрэт.
Паўлінка. А мне пан Адольф скажа?
Адольф. Так. Але перш тату і маме, а пасля ўжо і васпані на самае вушка.
Паўлінка (беручы ў яго шклянку). Добра, добра! Пан Адольф як ведаў, што я трохі глухавата.
Адольф. Глухавата?!
Паўлінка (ідучы па гарбату, убок). Трэба шэршня за нос павадзіць, каб і дзесятаму заказаў, як жонкі купляць.
Альжбета. Пан Быкоўскі, здаецца, у нас першы раз?
Адольф. А так – першы!
Адна з гасцей. Дык пану трэба даць пацалаваць старую бабу.
Адзін з гасцей. Пан Адольф толькі да маладых ды багатых лас, а старыя ў яго ў рахунак не йдуць.
Адольф. А праўда, праўда! Я толькі да маладых маю імпэт.
Альжбета (убок). І дурны ж ён, як відаць.
Паўлінка (падаючы гарбату Адольфу). Да каго гэта маеце такі імпэт, да дарагіх кароў ці дарагіх кабыл?
Альжбета. Ды не! Пан Быкоўскі мае імпэт толькі да маладых дзяўчат.
Адольф (п’ючы гарбату). Але ж, але. Толькі да маладых дзяўчат.
Паўлінка. А кільчака часам з гэтага не нагоніце на язык?
Альжбета. Што ты?! Ці ж пан Быкоўскі конь?
Музыка (убок да другога). Конь не конь, а як відаць, дык быдлё парадашнае.
Адольф (да Паўлінкі). Панна Паўлінка дык усё мне капліменты гавора.
Паўлінка (рассеяна). Ага! Капліменты. (Да музыкаў.) Мацуйцеся, мацуйцеся, музыканцікі. А то ўжо ногі чэшуцца. Так і хочацца з панам Адольфам сыпнуць лявоніху.
Адольф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю.
Музыка (да Паўлінкі). Дзякуем! Ужо як нале-жыць сабраліся, цяпер можам і рэзнуць што-колечы для паненкі. (Садзяцца на свае месцы і зводзяць інструменты.)
Паўлінка (да Адольфа). А якія ж вы танцы гуляеце?
Адольф. Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. (Выходзячы з-за стала, цалуе Альжбету ў руку, да Паўлінкі.) Ну, што ж? Можа, мы з паненкай папрабуем?
Паўлінка. Калі ж я гэтых мудрых танцаў не толькі што не ўмею, але ніколі нават іх і не бачыла.
Адольф. Не бойцеся! Я на ўсе лады выўчу паненку скакаць. (Бярэ Паўлінку як да танца, да музыкаў.) Зайграйце нам гэрц-польку!
Музыка. Мы гэтага не ўмеем.
Адольф. Ну, дык падзі-спаць!
Музыка. Першы раз чуем.
Адольф. А можа, падзі-кварту знаеце?
Музыка. І гэта першы раз чуем.
Паўлінка (як бы бядуючы). А-ей-ей! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.
Адольф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоўвайся ды вырабляй нагамі так, як і я.
Паўлінка. Значыцца, будзем гуляць пад язык.
Смех. Адольф іграе на язык і без толку выкручваецца з Паўлінкай.
Адольф (паказвае). Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галава ў левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два, тры, то направа, то налева…
Усе прыглядаюцца да іх і смяюцца.
З’ява IV
Тыя ж і Пранцісь, Агата, Сцяпан.
Пранцісь (п’яны). Пахвалёны Езус. Вось-цо-да, пане дабрудзею.
Колькі галасоў. Навекі! Навекі!
Пранцісь (глянуўшы на Паўлінку і Адольфа). А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку ці ў сумашэдшым доме?
Адзін з гасцей. Гэта пан Быкоўскі навучае панну Паўлінку навамодных танцаў.
Пранцісь і Агата распранаюцца.
Пранцісь. Можна, можна далей круціцца, як у хваробе святога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!
Адольф (далей паказваючы Паўлінцы). Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два, тры!
Паўлінка (вырываючыся). Не, такі нічога не выйдзе. Не кемкая я да навукі.
Адольф (садзячы Паўлінку). Гэта толькі трудна першы раз, а пасля пойдзе ўсё гладка, як пугай высмаліць!
Ходзіць па хаце, махаючы каля твару хустачкай. Пранцісь, Агата і Сцяпан садзяцца за стол; Альжбета падае ім гарбату.
Пранцісь (закурваючы люльку са Сцяпанам). Собственно, пане дабрудзею, кабыла заблудзіла, і праз тое трохі спазніліся. Але гэта глупства, глупства! Яшчэ парой будзе, вось-цо-да.
Агата. Якое чорта заблудзіла! Пакуль аб’ехаў, тудэма-сюдэма, усю ваколіцу, як пагарэлец, дык і поўнач чуць не агарнула. Тудэма-сюдэма, усё гары тэй сабе шукаў.
Пранцісь. Ты, баба, собственно, маўчы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі не кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане дабрудзею, Барнашоў, дзе пайшоў, там і прайшоў. (Да гасцей.) А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане дабрудзею, пакуль казінец не ўбіўся ў ногі.
Паўлінка. А праўду дзядзька кажа. Будзем гуляць, нашто дарма час марнаваць! (Да музыкаў.) Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце… каб аж свет хадыром пайшоў!
Музыкі іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф з Паўлінкай, другія госці – хто з кім. За сталом Пранцісь са Сцяпанам частуюцца гарэлкай з пляшкі, якую першы прынёс з сабою.
Адольф (танцуючы, прыпявае)
Танцовала рыба з ракем,
А пятрушка з пастарнакем,
А цыбуля дзівовала,
Цо пятрушка танцовала.
Паўлінка (адпяваючы)
А на печы, на лучыне,
Дзеўкі грошы палічылі;
Налічылі паўталера
Дый купілі кавалера.
Адольф
Дзяўчынэчка суха, бляда,
Я да цебе ў госці яда
І конікаў не жалую,
Ўшыстку ночку маршырую.
Паўлінка
У гародзе ячмень родзіць,
А да мяне Якім ходзіць.
Радзі, радзі, ячмень, гусцей, -
Хадзі, хадзі, Якім, часцей!
Адольф
Сядзіць голуб на галіне,
Салавей на ветке;
С аднэй дзевушкай гуляю,
Другая ў прыметке.
Паўлінка
Ажаніся, не ляніся, -
Будзеш панаваці:
З аднэй будзеш свінні пасвіць,
З другой – заганяці.
Адольф
Наша поле камяніста -
Ні праехаць, ні прайсці.
Нашы дзевачкі фарсісты -
Нельга к ім і падысці.
Паўлінка
Я фарсуха, ты католік;
Не руш мяне за падолік, -
Мой падолік шоўкам шыты,
Хто палезе, будзе біты!
Сцяпан (як сціхла гульня). Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян да ружанцаў.
Пранцісь (пацягваючы з пляшкі). Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішэні пуста, затое ногі сыплюць густа. Каб яму яшчэ ды мой розум растропны, дык зусім было б добра, пане дабрудзею.
Агата. Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, плявуз-гаць, як латак у млыне! Гуляюць – няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.
Альжбета (да Пранціся). Можа б, чаго, сватка, закусілі?
Пранцісь. Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да гасцей.) А вы, пане дабрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты не гоне, вось-цо-да.
Паўлінка (да Адольфа). Можа, пан Адольф, спяеце нам што-колечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце.
Адольф (астанаўліваючыся). Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых.
Колькі галасоў. Дык проша спець. Мы ўсе просім.
Адольф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую ж бы панна Паўлінка хацела?
Паўлінка. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.
Адольф (пяе няскладна, махаючы хустачкай па твары).
Плываё голэмбі,
Летаё лабэндзі;
З нашэго кахання,
Пэўна, ніц не бэндзе.
Паўлінка. А такі ж нічога не будзе.
Адзін з гасцей. Ці ж гэта «голэмбі» плываюць, а «лабэндзі» лятаюць?!
Адольф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім не буду пець.
Альжбета. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае ды пяе; ведама, – блазнота, што яны знаюць!
Паўлінка (паглядзеўшы ў акно). Выбачайце, пан Адольф! У мяне няўмысле вылецела слаўцо.
Колькі галасоў. Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш не будзем!
Пранцісь. Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.
Адольф. Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!
Колькі галасоў. Не, не! Не будзем!
Адольф (пяе).
Гляджу я без толку на хладную шаль,
І чорную душу церзае печаль.
Паўлінка (душачыся ад смеху). Ці ж у пана Адольфа чорная душа?
Адзін з гасцей. Нашто ж глядзіш на яе, пан, без толку?
Адольф (насупіўшыся). Болей пець вам не буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца.)
Паўлінка. Дык і спяём, калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (Убок.) Эх, скарэй бы ўсё гэта скончылася!
Адзін з гасцей. А такі ж спяём, і ўсе разам.
Паўлінка (да Адольфа, хітравата). А пан Адольф нам паможа?
Адольф. Ані думаў.
Колькі галасоў. А што мы спяём?
Паўлінка. «Дый куды ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?..»
Адольф. Фі, мужыцкая!
Паўлінка. А пан Адольф, можа б, хацеў, каб завялі якога манчыза?!
Пранцісь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане дабрудзею.
Сцяпан (да Пранціся, сціха). Каханенькі, родненькі, не кратайце яго! Ён, бачыш, як я ўжо і казаў, масціцца да маёй Паўлінкі. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.
Паўлінка. Ну, дык што? Згода на гэту?
Колькі галасоў. Згода, згода!! А пасля другую.
Паўлінка. Толькі не збівацца з толку. Гля-дзець, як буду я рукамі тахты адбіваць.
Колькі галасоў. Добра, добра!
Пяюць. Паўлінка, сумна ўсміхаючыся, дырыгуе, пасля і Пранцісь падходзе і пляшкай адмахвае тахты; музыкі такжа сваёй ігрой памагаюць.
Дый куды ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
Пранцісь (як перасталі пець). А цяпер, вось-цо-да, «Як жа мне не пець», пане дабрудзею.
Адольф. Ізноў мужыцкую!
Пранцісь. Але, мужыцкую, але, вось-цо-да! А васпан, собственно, сваю панскую схавай свінням на снеданне.
Агата (падыходзіць і цягне Пранціся за полы). Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, з поля сходзіць!
Пранцісь. Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане дабрудзею!
Паўлінка. Ну, будзем пець «Як жа мне не пець, як жа не гудзець?..».
Пяюць, як першую.
Пранцісь (як скончылі). А цяпер, собственно, чачотачку, пане дабрудзею.
Колькі галасоў. Чачотачку, чачотачку! (Пяюць чачотачку.)
Спарадзіла чачотачка семера дачок,
Спарадзіла невялічка семера малых…
Альжбета (як сціхлі). Аддыхнеце, міленькія, хоць трохі, а то замарыліся дужа. (Да Пранціся.) Хадзіце, сваток, за стол ды, можа, чаго закусіце, бо і ты ж памагаў.
Пранцісь (садзячыся). Собственно, глупства, вось-цо-да. Маладым трэба паказаць, паказаць, пане дабрудзею, а яны ўсё патрапяць… правільна толькі навучыць іх. (Папіваючы з пляшкі, да Сцяпана.) А ты, сват, трымайся, вось-цо-да. Ім не дам, яны маладзічкі яшчэ, паспеюць.
Сцяпан. А праўда, праўда, сватка! Яшчэ іх пара не ўцякла. (Выпівае.)
Паўлінка (каля гасцей). А што ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напяяліся, дык, можа, ізноў пагуляема?
Пранцісь (закусваючы). Собственно, пачакайце, я зараз скамандую, пане дабрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога не ведаеце.
Паўлінка. Ну, добра, пачакаем. (Да Адольфа.) Што ж гэта, пан Адольф, надуўся, як мыш на крупы або як апошняе ў печ усыпаўшы?
Адна з гасцей. Пан Адольф, відаць, закахаўся.
Адольф. Ну, дык што, калі закахаўся?
Пранцісь (перажоўваючы яду). Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем лявоніху, пане дабрудзею!
Усе. Лявоніху! Лявоніху!
Адольф. Ізноў мужыцкае!
Паўлінка (да Адольфа, прыпадхлебваючыся). А мы з панам Адольфам сыпнем лявоніху, сапраўды, сыпнем! Адпусціцеся на мяне, грэшную, болей ці ўдасца так весела з вамі паскакаць.
Адольф. Ды я ўжо вельмі не гневаюся. Калі ўжо так хочаце, дык пойдзем, што ж там надта такое?!
Пранцісь (да музыкаў). Собственно, рэжце, пане дабрудзею! (Да Альжбеты.) А мы з сваццяй тупнем, вось-цо-да!..
Сцяпан (да Агаты). А мы з сваццяй, каханенькая, родненькая!
Музыкі іграюць лявоніху. Кабеты трохі ўпіраюцца, але пасля ідуць, за імі іншыя госці. Паўлінка з Адольфам.
Пранцісь (прыпявае)
О, Лявоніха-Сымоніха была,
Ды Лявону хлеба, солі не дала!
О, Лявоніха-Сымоніха, а-ей!
Не хадзі ламаць капусткі маей!
Альжбета
Хоць капуста зарасла лебядою,
Не пайду яе палоць за табою.
Прападзі ты і з капустай сваёй,
Не сушы ты маладосці маёй!
Сцяпан
О, Лявоніха, ты жонка мая,
Дый не мытую сарочку дала;
Не качаную, не мытую,
Толькі шоўкам абашытую.
Агата
А мой татка, дзевярусенька,
Вядзі мяне памалюсеньку.
Не вядзі мяне па пожынцы,
Вядзі мяне па дарожынцы;
Па пожынцы мае ножкі не йдуць,
Па дарожынцы дык самі бягуць.
Адольф
Як я бегаў, дык і бегаў,
Абы мілую праведаў;
Як каціўся, дык каціўся,
Абы к мілай прыхіліўся.
Паўлінка
А калі ж я у матулькі жыла,
Як вішанька у садочку цвіла,
Дасталася злому духу – мужыку,
Ссушыў мяне, як ліпінку у духу.
Адольф
Ты, бярозачка, бярозка мая,
Ты, бярозка, нецярэбленая;
Тваё лісце не сярэбранае,
Нашы дзеўкі непаседлівыя.
Паўлінка
Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў сад, -
Завядзі мяне к татульку назад;
Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў бор, -
Завядзі мяне к татульку на двор!
Пранцісь (як перасталі гульню, да Сцяпана). Собственно, і дала ж твая баба мне дыхту, вось-цо-да. Аж лыткі трасуцца, пане дабрудзею.
Сцяпан. І твая, каханенькі, родненькі, не адстала, – аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.
Агата. Абодва вы кавалёвыя мяхі, тудэма-сюдэма, непаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкага даваў.
Альжбета. А праўда, свацейка, праўда. Ім толькі каля пляшкі круціцца, а не з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісці.
Пранцісь. Ага, собственно, добра, што свацейка, пане дабрудзею, успомніла. (Дастае пляшку і частуецца з Сцяпанам.)
Паўлінка (да Адольфа). Ну, як жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я ўважаю, дык лепей у вас лявоніха выходзе, чымся тое нейкае «падзі-кварта». І прыпеўкі складныя знаеце.
Адольф (нібы скромна). А трохі ж нейкіх навучыўся калісь.
Адзін з гасцей. Пара нам і чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы матаецца.
Колькі галасоў. Так, так, час рухацца дамоў!
Паўлінка (з аблягчэннем, убок). Дзякуй Богу!.. (Да гасцей.) А можа б, яшчэ пагулялі?
Альжбета. Каму далёка, то яно так, а каму блізка, дык не шкодзіць яшчэ пазабаўляцца.
Колькі галасоў. Не! Не! Ужо час і пара!
Паўлінка. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша зайграюць, каб весялей усім снілася і каб моцна, моцна ўсім спалася.
Сцяпан. А гэта не шкодзіць. (Да музыкаў.) Што ж, каханенькія, родненькія, зайграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госцікам, а там дзве дзюркі ў носе і сканчылося.
Музыкі іграюць марш. Госці адзяваюцца, адвітваюцца і выходзяць, за імі – музыкі.
З’ява V
Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета, Пранцісь і Агата.
Сцяпан. Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ўжо каму скакаці.
Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Было шумна, пане дабрудзею, і будзе шумна!
Агата. А так, так, тудэма-сюдэма, як будзе вяселле ў Паўлінкі.
Паўлінка. Э-э, майго вяселля ніколі не будзе, значыцца, і шумна не будзе!
Адольф. Ці ж у бацькоў маладога, паненка, думаеце, не хваце на вяселле?
Паўлінка. Хваце не хваце, а такі вяселля майго ніхто не ўбача…
Сцяпан. Гэта, каханенькая, родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсць і ў сваёй хаце гаспадар, а не госць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд.
Пранцісь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Часам ці вяселле, ці павесіў – адно на другое, пане дабрудзею, выходзе.
Агата. А ты, «вось-цо-да», прыкусі свой язык і не тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе не просяць. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!
Альжбета (да Агаты). Што ж там, свацейка, такое? Сват жа нічога благога не кажа. (Да Паўлінкі.) Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала.
Пранцісь. Собственно, ці свінні елі, ці шляхта папасавалася – гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане дабрудзею.
Паўлінка. Добра, мамка, зараз. (Да Адольфа.) А пан Адольф мне паможа?
Адольф. Калі патраплю, дык чаму ж не?
Прыбіраюць са стала; пасудак стаўляюць на табурэце, каля самавара.
Альжбета. Вы бы, дзеткі, занеслі пасудак на тую палавіну.
Паўлінка. Усё роўна я пасля занясу сама, а цяпер… (паглядаючы хітравата на Адольфа) я баюся з панам Адольфам ісці адна на тую палавіну!
Адольф (несучы пасудак, убок). Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю.
Паўлінка (ідучы к сталу, убок). І собіла ж Богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!
Пранцісь (да Паўлінкі). А праўда, собственно, лепш старожа, як варожа, пане дабрудзею.
Агата (да Пранціся). А ты, «старожа», не мялі попусту, а думай, як дахаты ісці.
Пранцісь. Пане дабрудзею, дык і пойдзем; што ж там, собственно, такое.
Развітваюцца абое і выходзяць. Альжбета памагае прыбіраць са стала.
З’ява VI
Паўлінка, Адольф, Сцяпан, Альжбета.
Паўлінка. Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. (Паказвае.) Ну, і зграбны ж! не раўнуючы – як вол да карэты.
Адольф. А панна Паўлінка ўсё капліменты мне гавора.
Паўлінка (убок). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!
Альжбета (да Сцяпана, які клюе носам за сталом). Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта ж табе тут не карчма!
Сцяпан (сонна). Каханенькая, родненькая, я наважу, а ты купіш. Сон – не кепская рэч. Для чаго калядкі – добрыя святкі, што пад’еў ды на палаткі. (Вылазячы з-за стала, да Адольфа.) Каханенькі, родненькі, выбачай… Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі… Сягоння яшчэ досвіта мяне мая ўспарола. (Адводзячы Адольфа ў старану.) Ну, што? Як мая Паўліна… падышла пад мысль?
Адольф. О, важная маладзіца! Хоць сягоння гатоў з ёю жаніцца.
Сцяпан. Ну, так тупай каля яе; толькі смела; яна дзеўка падатлівая, хоць, можа, і мае трохі якіх мухаў у носе.
Адольф. Хэ-хэ-хэ! Я да ўсякай патраплю падлізацца.
Сцяпан. Ну, дык падлізвайся, каханенькі, родненькі. (Адвітваецца і ідзе ў бакоўку.)
З’ява VII
Паўлінка, Адольф, Альжбета.
Альжбета (сціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа, у карты пайграеш з панам Адольфам?
Адольф (закурваючы). Ды і мне ўжо трэба збірацца дамоў.
Паўлінка. Ці ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцёся збірацца? Заедзеце яшчэ; каня ж маеце не жартачкі!..
Адольф. О, конь мой добры!
Альжбета. Ну, дык і чаго ж спяшацца?.. Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад’еў ды на печ.
Паўлінка (убок). Чаго добрага – заначуе, вось будзе бяда! (Голасна.) А пагода сягоння нядрэнная. Нават месяц свеціць, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.