Текст книги "Цвiркун (на белорусском языке)"
Автор книги: Якуб Колас
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Колас Якуб
Цвiркун (на белорусском языке)
Якуб Колас
Цвiркун
У кожнага чалавека сваё жыццё, свой талент i сваё шчасце. Па характару людзi розныя, але ёсць у некаторых з iх адно агульнае: яны iмкнуцца ўгору i стараюцца стаць як мага вышэй. Разважаючы гэтак, я ўяўляю сабе цыркуль, што стаiць на стале з акуратна разведзенымi ножкамi. Самае высокае месца ў цыркулi – шарнiр, што злучае i замацоўвае ножкi цыркуля. Шмат каму здараецца ўзлезцi на шарнiр, што значыць стаць высока ў людскiх вачах, падбiраць плады славы i пазiраць на ўсё звысака. Ды, глядзiш, раптам нечакана сарвецца з шарнiра – цi то па сваёй вiне, цi то па чужой волi, i стрымгалоў коцiцца нанiз, як гэта здарылася з цвiркуном, пра якога я i хачу расказаць.
З краю пасёлка, на самым канцы вулiцы i крыху наводшыбе, пры лесе, стаяла старэнькая, закiнутая хатка. У хатцы жыла бабка-бабылка. Нiшто не кiдалася ў вочы ў гэтай хатцы, хiба толькi шырокая, прасторная, прысадзiстая печ з рознымi пячуркамi, з прыпечкам, падпрыпечкам i ямкамi з двух бакоў прыпечка. Бабка-бабылка заграбала сюды жар i прысыпала яго попелам, каб не гаслi вугельчыкi. Што ажыўляла хатку-хiбарку i скрашвала адзiноту бабкi-бабылкi, дык гэта – цвiркун. Жыў ён зiмою на печы, i ўсю ноч нястомна цвiрчэў. Песня яго была просценькая, без усякiх кампазiтарскiх завiтушак. Кампазiтарам жа быў сам цвiркун. Самаю адданаю слухачкаю яго была бабка-бабылка – яна любiла свайго спевака, называла яго "мой музыканцiк-цвiркунок".
– Хораша, сардэчна цвiркаеш ты, мiленькi мой цвiркуночак! З табою на свеце жыць весялей. Каб не ты, ад нуды зайшлася б тут адна, – не раз казала бабка-бабылка.
Цвiркун проста рос у сваiх вачах ад такiх слоў бабкi-бабылкi i цвiркаў яшчэ харашэй i, я сказаў бы, яшчэ болей лiрычна. Ён мяняў пазiцыi на печы, па комiне прабiраўся пад самую столь на пячны карнiзiк, садзiўся там i цвiркаў. Цвiрканне яго адтуль даносiлася яшчэ галасней. Здаралася i так, што цвiркун залазiў на гару, а зрабiць гэта было не цяжка: памiж комiнам i столлю была невялiчкая шчылiна. Праз яе i пралазiў цвiркун. На гары ён выбiраў адпаведнае месца i распачынаў сваю песню. Голас яго ледзь-ледзь далятаў да вуха бабкi-бабылкi.
– Ото жэўжык! – цешылася бабка-бабылка. – Захацелася, бач ты, пацвiркаць на волi. Ну, цвiркай, цвiркай на здаровейка, родненькi мой!
Бабка-бабылка ведала, што яе цвiркунок зноў вернецца на печ, бо печ для цвiркуна – тое самае, што эстрада для аркестра. Такiя штукi прарабляў цвiркун не адзiн раз. Праўда, рабiў ён гэта ў цёплае надвор'е пад канец лета. Але цвiркуну адной гары-вышкi паказалася мала. Захацелася яму аднойчы сысцi не толькi з гары-вышкi, але i за межы дворыка бабкi-бабылкi выбрацца. На гары пад шчытом было незашклёнае акенечка. Праз яго цвiркун па сцяне апусцiўся на зямлю. Ноч была цёплая i цiхая-цiхая.
Натамiўся за дзень вецер i прылёг на ўскрайку лесу, пад пышнымi лугавымi кустамi, пад стагамi i наогул у спакойных мясцiнах, каб адпачыць. Яму ж таксама патрэбен адпачынак. А вецер у тутэйшых краях быў найбольшаю i найважнейшаю асобаю. Усё мясцовае жыхарства, пераважна птушкi, кузуркi, матылькi, паважалi яго, услаўлялi, складалi яму песнi, як хто ўмеў. Кожны подых ветра, кожнае слова яго зараз жа падхоплiвалi тысячы галасоў. Ды, праўду сказаць, было за што паважаць вецер: ён ачышчаў паветра ад смугi, дыму i туманаў, падмятаў дарогi i сцежкi, наганяў хмары, калi зямлi i рознаму стварэнню патрэбен быў дождж. Але калi, бывала, вецер узлуецца, дык тады сцеражыся: наробiць такой бяды i такога разбурэння, што i за два тыднi не ачухаешся. Вось чаму так паважала вецер насельнiцтва лесу, палёў i лугоў.
Вецер пачынаў драмаць, натупаўшыся за дзень, вандруючы па свеце. I раптам ён чуе голас, нязвыклы для слыху. Вецер злёгку паварушыўся i стаў услухоўвацца. Гэта спяваў цвiркун, забраўшыся ў верхавiну высачэннай хвоi.
– Што гэта? хто так цiўкае? – цiха, нiбы сам сабе, прамовiў вецер.
– А гэта, шаноўны ветру, цвiркун так спявае, – пачцiва адказала ветру сава-начнiца, пралятаючы на гэты час непадалёку ад хвоi, дзе наладзiў сабе новую эстраду цвiркун.
– Скажыце, калi ласка, – цвiркун! Якi голас! Ды гэта проста – здольнасць, талент! – гаварыў вецер (ён быў у добрым гуморы).
– Так вось i здаецца, – казаў ён далей, – што гэта круцiцца залатое калёсца на маленькай срэбранай восi.
Вецер быў мастак па часцi вобразных выказванняў i крылатых слоў. Апроч таго, ён i сам быў у некаторай ступенi музыкант. Хто не ведае, якiя песнi высвiствае ён у завiруху, якую сам жа наладжвае!
Як бы там нi было, ветравы словы былi пачуты i падхоплены тысячамi галасоў. На досвiтку другога дня яны абляцелi ўсе ваколiцы, бо iх сказаў не хто-небудзь, а сам вецер. I асаблiва пашанцавала "залатому калёсцу i маленькай срэбранай восi". Кацiлiся яны i кацiлiся па ўсёй акрузе. Цвiркун стаў знатнаю асобаю. Аб iм гаварылi, спявалi i шумелi, праслаўляючы надзвычайныя музычныя здольнасцi яго. Да цвiркуна зляталiся птушкi, каб паслухаць песню, музыку славутага музыканта i аддаць яму данiну павагi i захаплення. Каля новай эстрады на высачэннай хвоi мiтусiлiся цэлыя клубкi камароў. Iм таксама хацелася пераняць што-колечы з матываў цвiркуновай песнi, хоць асаблiвых матываў там i не было. Прыляталi да цвiркуна розныя матылькi i машкара, i ўсе яны так цi iначай выказвалi яму павагу i пашану. Цвiркун заганарыўся i звысака пазiраў на розную драбязу. Ён забыўся нават пра сваю ранейшую сядзiбу, пра печ бабкi-бабылкi i пра самую бабку-бабылку. Цвiркун быў на шарнiры, другiмi словамi – у росквiце сваёй славы, i асаблiва закружылася галава яго тады, калi ён даведаўся, што вядомы спявак дрозд прыступае да напiсання манаграфii: "Цвiркун i яго музычная школа". Але ў жыццi нiчога вечнага няма. Ужо адна тая акалiчнасць, што спявак-дрозд не толькi адступiўся ад свайго намеру пiсаць манаграфiю аб музычнай школе цвiркуна, але i лапкi свае абмыў, што гэтага рабiць не будзе, гаворыць шмат аб чым, – проста зразумець трудна. У чым жа тут справа?
Раскажу, чаму так сталася.
Як нам ужо вядома, найважнейшая i самая паважаная асоба ў тутэйшых мясцiнах быў вецер. Вiдаць, яму снiлiся нядобрыя сны, бо, прачнуўшыся, ён сярдзiта пазяхаў i адчуваў сябе пагана. Ён зусiм забыўся пра цвiркуна i пра свае пахвальныя словы яму. Ды гэта i не дзiва: у ветра няма вытрыманай сталасцi. Сягоння ён дзьме з аднаго боку, заўтра з другога, а то i зусiм зацiхае. Нездарма ж кажуць аб людзях, што мяняюць свае погляды: у яго сем пятнiц на тыднi або ў галаве яго вецер ходзiць.
Было яшчэ цёмна. Ледзь-ледзь на свет займалася, калi прачнуўся вецер. I трэба ж было цвiркуну ў гэтую нядобрую хвiлiну распачаць сваю песню. Агорнуты славаю, цвiркун цвiркаў ва ўсю моц, ад гэтага песня яго страчвала сваю мяккасць i лiрычнасць. Вецер прыслухаўся.
– Каго ж гэта так рана чэрцi дрэнчаць? – прамовiў ён сам сабе i дадаў: Свяргоча, скрыпiць, як нямазанае кола на нямазанай дубовай восi з нямазаным падоскам.
Якраз на гэтую пару там пралятала сава-начнiца.
– А гэта, ваша мосць, цвiркун так спявае, – пачцiва адказала сава-начнiца.
– К чорту! – зашумеў вецер. – Ляцi, скажы гэтаму скрыпуну, каб заткнуўся!
Сава паляцела, а летучы выгуквала:
– Кi-гi! кi-гi! Хо-хо-хоо!
Ёй заўсёды было весела, калi хто з блiзкiх або знаёмых зрываўся з высокага месца i кацiўся ўнiз. Падляцеўшы да цвiркуна, сава загалёкала:
– Заткнiся! заткнiся! сцiхнi – так сам вецер казаў!
Саве хацелася нагаварыць шмат болей, але недалёкi ўсход сонца палохаў яе, i яна спяшалася ў сваё цёмнае дупло. Словы ж яе зрабiлi сваю справу. Праз кароткi час уся акруга ведала пра трагiчнае здарэнне з цвiркуном. Яго пачалi высмейваць i кпiць над iм.
– Спявак знайшоўся!
– Занадта многа забраў сабе ў галаву!
– Ведай, цвiркунок, свой на печы куток.
I нiхто не сказаў слова спачування.
Пакрыўджаны, зняважаны цвiркунок змоўк, не падаваў аб сабе нiякага знаку. На новай, цяпер зацiхшай эстрадзе дачакаўся ён цёмнага вечара i цiхенька, каб нiхто не бачыў, падаўся на сядзiбу бабкi-бабылкi. А як была яна рада, што яе цвiркунок зноў заняў сваю пазiцыю на печы! А калi цвiркун перажыў боль свайго падзення i зацвiркаў, бабка-бабылка аж заплакала ад радасцi.
I гэта была поўная i сапраўдная радасць.