355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Якуб Колас » Над прасторамi зямлi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Над прасторамi зямлi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 01:18

Текст книги "Над прасторамi зямлi (на белорусском языке)"


Автор книги: Якуб Колас



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Колас Якуб
Над прасторамi зямлi (на белорусском языке)

Якуб Колас

Над прасторамi зямлi

Прысвячаецца Цiшку Гартнаму

Адвечны рух, бясконцае блуканне па свеце выпала на долю гэтым бязродным хмаркам.

Хто яны такiя? Скуль яны ўзялiся?

Якое прызначэнне iх на свеце?

Такiя запытаннi напэўна паўсталi б у кожнага, хто першы раз убачыў бы гэтых несупынных вандроўнiц. Але ж трудна сказаць, хто i калi ўбачыў iх першы раз, i гэтыя пытаннi цяпер ужо страчваюць сваю цiкавасць. I, можа, нават не шкодзiць заўважыць наогул, што не трэба многа думаць над такiмi звычайнымi з'явамi, бо гэта не дае практычных вынiкаў, i затым выказваецца i такая думка – колькi б людзi нi думалi, хоць бы нават страцiлi апошнi волас на галаве ў сваiм думаннi, дык i тады не здолеюць даць разумнага адказу на некаторыя запытаннi.

Збiралiся хмаркi ў дарогу.

Ранiца была такая цiхая i такая прыўдалая. Часамi перад навальнiцаю бываюць такiя прыгожыя ранiцы. Сонца яшчэ не было вiдаць, але яго ружова-залацiстыя слупы ўжо высока падымалiся над зямлёю, расцякалiся ў бязмежных прасторах свету. У гэтых залатых слупах-праменнях i купалiся хмаркi. Iх было многа, але яны былi такiя тонкiя i празрыстыя, што некаторых трудна было нават разгледзець. I весела было хмаркам – яны ж збiралiся вандраваць па свеце, пачынаючы новае жыццё новага дня. А ў гэтай вандроўцы было так многа павабнасцi i хараства. А калi яшчэ ўзяць пад увагу, што яны вольны, не прыкаваны да якога-небудзь пэўнага месца, што яны "вечна халодныя, вечна свабодныя", што ў iх няма нi "родзiны, нi выгнання", як сказаў аб iх паэт, дык стане яснаю ўся iх радасць i ўся паўната iх шчасця.

I гутарылi мiж сабою гэтыя хмаркi.

– Падымаецца зараз ветрык, i мы рушым у дарогу. Падумайце, якое гэта шчасце – не мець нiякага клопату, нiякiх турбот i вечна хадзiць па безгранiчных прасторах, калi табе ўсюды адкрыты дарогi, – гаворыць адна хмарка, грэючы на сонцы свае шаўкавiстыя ружовыя пасмачкi.

– I куды гэта паплывём мы сёння? – пытаецца другая, павiсшы ў небе вельмi прыгожымi завiтушкамi. – Мяне гэта надзвычайна цiкавiць, i ў гэтым гаданнi, калi хочаце, ёсць пэўная асалода.

– Што да мяне, – азвалася трэцяя, – то я хацела б унь туды – пайсцi следам за гэтым блiскучым срэбрам вады, што паблiсквае з-пад зялёных шатаў купчастых алешын.

– Ах, мiлыя, куды нi пойдзеш, усюды будзе добра, – заўважыла яшчэ адна хмарка.

– Я толькi не люблю гэтых пустак i гэтых жоўтых пяскоў, бо сярод iх так аднастайна i так непрытульна, i калi мне здараецца праходзiць над iмi, то я стараюся знiкнуць або зусiм не глядзець на iх, каб не бачыць убоства iх, зазначыла папялястая хмарка.

– Хутчэй, хутчэй бы ў дарогу! – загаманiла хорам цэлая чародка хмарак. – I дзе гэта падзеўся вецер? Ужо сонца стаiць над лесам, пара б нам i рушыцца.

– Пастойце, родныя, не спяшайцеся, – пачуўся новы голас, i голас iшоў знiзу. Адна хмарка стаяла нiжэй. На яе падалi ценi ад тых, што стаялi значна вышэй, i гэтыя ценi надавалi ёй досыць пануры выгляд.

– А чаго стаяць? – з нецярплiвасцю адказалi ёй i дадалi: – Усякае стаянне на месцы пераходзiць у звычайны застой. А ў застоi хiба можа быць якi сэнс? Сэнс нашага жыцця – несупынны рух.

– Але, несупынны рух, – пацвердзiлi i ўсе iншыя хмаркi.

– Вы занадта адарваныя ад зямлi, бо далёка стаiцё ад яе, i таму ў вас няправiльны погляд на сваё прызначэнне, – адказала цёмная хмарка, – вось чаму я i кажу: не спяшайцеся. Чаму? Бо трэба зрабiць, гаворачы моваю вучоных, рэвiзiю нашага погляду на рэчы i на сваё прызначэнне.

– Iншага прызначэння мы не ведаем. Прызначэнне ў нас адно – вечны рух, вечны пераход з аднаго месца на другое, з аднаго краю ў iншыя краi, i так да сканчэння свету.

– А я думаю, што гэта мала. Спусцiцеся нiжэй, бо на вашай высачынi вам не чуцен голас зямлi.

I мiж iмi завялася гарачая спрэчка, i ў ёй быў заглушан голас зямлi.

У той час, калi мiж хмаркамi вялася такая паважная дыскусiя на ўзнёслую фiласофскую тэму аб прызначэннi i розных маральных абавязках, на зямлi таксама была гутарка, але зусiм iншага характару.

– Якi гарачы будзе сёння дзень! Глядзiце, як борзда высыхае раса, гаворыць зялёны бульбянiк.

– Горача, горача, – адзываецца вусаты ячмень, – яшчэ толькi ранiца, а як ужо прыпякае сонца. На маiх вусах даўно павысыхалi мае бясцэнныя дыяменты. Ах, як хочацца пiць!

– Пiць, пiць! – жаласна пранёсся ледзь-ледзь чутны шум па нiвах i па траве.

– Глядзiце, сябры, цi гэта толькi мне здаецца, – зашумеў авёс, – там нiбы хмары збiраюцца... Ах, як шкода, што я малы i мой кругазор нязначны! Зiрнiце вы, зрабiце ласку, васпане дубе, вам ляпей вiдаць: цi не вiдаць, цi не збiраецца толькi дождж?

– Эх, сынку, – уздыхае дуб, – штодзень збiраюцца хмары, а дажджу ўсё няма i няма.

– Без сэрца яны, без лiтасцi, пустыя халодныя плямы на небе. Апошнюю расу нашу пабралi, – скардзiцца грэчка.

– Ох, мацi зямля, – зашушукалi краскi на межах, – дарма называюць цябе сырою. Мы сохнем без вiльгацi, мы гарым на сонцы. Хоць бы дачакацца халадку начнога.

– Дзеткi, мае дзеткi! – гаворыць зямля. – Я разарвала грудзi сабе, патрэскалася, аддаючы апошнюю вiльгаць, каб гэтаю вiльгаццю жывiць вас i напаiць хмары, каб спорным дажджом вярнулi нам яны мае слёзы, любыя раслiнкi! I болей зрабiць не магла я нiчога.

Густая смуга-сiнеча – як смутак пасохлай зямлi, акiнула далi, знямелыя ад жары.

У гэты ж час там, угары, спрэчка мiж хмаркамi не спынялася. Але, як i заўсёды, у спрэчках нiхто нiкога не пераканаў i тут, нягледзячы на самыя мудрыя аргументы. I такiх аргументаў было не мала.

– Вы адарвалiся ад зямлi, вы забылiся цi не хочаце памятаць таго, што гэтая зямля, над якою плывяце вы, выпеставала i выкармiла вас, а сама засталася спустошанаю. Яна чакае ад вас дапамогi, i калi вы не спусцiцеся нанiз дажджом, то яе раслiны папрападаюць, – гаварыла хмарка знiзу.

– Не заўсёды можна лiчыцца з жаданнямi другога, – адказваюць хмаркi з гары. – Дзецi часамi захочуць пагуляць з брытваю, да цi можна даваць iм брытву? Наш прыход на зямлю ў часе такой спякоты можа прычынiць ёй толькi шкоду, бо мы не можам паручыцца за сябе, каб не распражыцца страшным градам i бураю. Мы вернемся на зямлю цiхiм, дробным дожджыкам у спакойную восень. Ты, сястрыца, не пакрыўдзься за слова: ты стаiш нiзка. У цябе няма такога шырокага далягляду, якi ёсць у нас. Ты – цёмная i страшная хмара. У цябе многа дзiкай сiлы, ты прынясеш навальнiцу i громы, ты наробiш многа шкоды i бяды на зямлi. Цi акупiцца гэтае няшчасце карысцю ад тваiх навальных улiўных дажджоў? Не будзь упартаю i плывi разам з намi, бо дарога наша адна. Паглядзi, падымiся вышай, якiя светлыя прасторы чакаюць нас. Спяшайся, бо чуецца наблiжэнне свежых ветравых хваль.

Здрыганулася паветра, i зрушылiся высокiя светлыя хмаркi. Адлегласць мiж iмi i цёмнаю хмараю з кожнаю хвiлiнаю рабiлася большай i большай.

– Бывай! – гукнулi яны з далёкай высачынi сваёй цёмнай задумлёнай таварышцы.

Як белыя лебедзi, паплылi яны ў бяскрайняй прасторы, ператвараючыся ў самыя вычварныя, дзiвосныя постацi, i знiклi з вачэй.

Яшчэ больш пацямнела нiзкая хмара, нерухома застыўшы на адзiн момант. Зрушылася, заварушылася. Як шапка-волат, спускаецца нiжай, выпускаючы па краях кудлатыя касмыкi, апранаючы ценем зямлю.

– Хмара находзiць! – узрушана-радасна зашумелi кусты.

– Ш! ш! – зашастала асака. – Маўчыце, не спалохайце мiлую, слаўную хмару.

I знямелая цiш агарнула зямлю.

– Гром, гром! Вы чуеце гром? – прытоеным, сцiшаным голасам загаманiлi аўсяныя кiстачкi.

– А што гэта гудзе дзесь далёка, ды гэтак жа густа? – запытала трава.

– Гэта дождж, гэта дождж гудзе! – радасна залепятала лiсце на дубе.

– Сцеражыся, братка, – гучна зашумеў вецер, пагнаўшы пыл па зямлi, каб зараз жа прыбiць яго жыватворчым дажджом.

Грозна i гучна наступала цёмная хмара, аблiваючы зямлю iмклiвым патокам дажджу, кладучы на дол засмаглыя нiвы i травы.

Прайшла навальнiца. Блiснула сонца. Мiльярды брыльянцiстых кропель брыльянцiстай вады заззялi ў праменнях.

Ляжыць на доле авёс, абцяжараны i напоены дажджом. Павылеглi нiвы.

– Хвала табе, цёмная хмара! Хоць i злажыла ты нас на дол, але мы ўстанем, бо ты нам дала моцы i сiлы, – шэпчуць шчаслiвыя раслiнкi i цягнуцца зноў угору да яснага сонца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю