Текст книги "Шорахi чужой планеты (на белорусском языке)"
Автор книги: Владимир Шитик
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
Спадарожнiца Каменнага мячыка апусцiлася за горы, у цяснiне стала зусiм цёмна, i Балачан вобмацкам знайшоў свой выступ. Гэта было дарэчы, бо галава зрабiлася цяжкай, як пасля напружанай, працяглай працы. Ён паспрабаваў расслабiцца. Галаве палягчэла, але затое вярнулiся ранейшыя фантастычныя прывiды. Незнаёмае, незямное паселiшча дзiўнай архiтэктуры. Будынкi, падобныя на скалы, навiслыя над шырокай ракой, пакрытай лёгкiм рабацiннем. Над iмi ззяе блакiтнае неба. А потым пачалося нешта незразумелае. Вада ў рацэ заклубiлася парай, неба пацямнела, i на iм выступiлi зоркi, якiх не магло загасiць нават дзённае свяцiла. Лаланд? Балачан падумаў, што вельмi падобна, i тады заўважыў новае падабенства: высахлая рака нагадвала ўжо знаёмую яму далiну.
"Зноў тое ж самае!" – мiльгнула ў галаве. Балачан аж раззлаваўся, хацеў устаць i пайсцi i... застаўся. Бо раптам падумалася, што варта было б паглядзець, чым усё гэта скончыцца. I сапраўды, у далiне тым часам пачалi разгортвацца новыя падзеi. У адной са скал-пабудоў з'явiлася шчылiна, i ў ёй паказалася нешта круглае, як чалавечая галава ў гермашлеме. Балачан мiжволi напружыўся, быццам мог разглядзець, хто гэта там выторкваецца са скалы. Дзiўна, але ён убачыў вочы. Як чалавечыя. Яны глядзелi праз абалонку гермашлема з непрытоеным сумам. Балачан аж сцепануўся пад гэтым позiркам. Гермашлем павярнуўся сюды-туды i схаваўся ў шчылiне, а следам знiкла i сама шчылiна. Балачан адчуў, што яго пакiдаюць сiлы. Але перш чым ён страцiў прытомнасць, яму яшчэ ўявiўся незнаёмы касмадром, iмклiвы ўзлёт ракеты i маленькая зорачка ў невядомым сузор'i.
– Балачан, га Балачан? – гэты поклiч пачуўся Балачану як далёкi, несапраўдны, адрасаваны камусьцi чужому. – Я зараз! – на гэты раз ён пазнаў голас i здзiвiўся, чаго ўсхваляваўся Тарасевiч. I раптам успомнiў усё, што яму нядаўна прывiдзiлася.
– Ты заснуў? – пытаўся Тарасевiч, саджаючы гравiлёт паблiзу ад Балачана.
Балачан акiнуў яго невiдушчым позiркам, ён усё яшчэ не мог вырвацца з-пад улады сваiх трызненняў.
– Пайшлi, – мякка, як да хворага, звярнуўся да яго Тарасевiч i ўзяў пад руку.
Балачан паслухмяна ўстаў i нечакана i для сябе, i тым болей для Тарасевiча папрасiў:
– Я хачу паглядзець твой сённяшнi дзённiк.
Тарасевiч уважлiва зiрнуў на яго i павярнуў да станцыi.
– А ведаеш, – сказаў Балачан, калi яны ўвайшлi ў памяшканне станцыi, я ўжо добра сябе адчуваю.
Тарасевiч моўчкi падвёў яго да стала, дзе знаходзiлiся запiсы аб сённяшнiм дзяжурстве. Балачан узяў iх у рукi i апусцiўся ў крэсла.
– Так яно i ёсць. З дзвюх васьмi да дзвюх трынаццацi ты прасвечваў цяснiны.
– Ну i што з таго? – Тарасевiч зноў рабiўся самiм сабой. – Як я разумею, ты на мяне за гэта не крыўдуеш?
– Наадварот...
– Вось як! – задаволена сказаў Тарасевiч. Ён праверыў, цi ўключана сувязь з базай, i спытаў: – Ты нас чуеш?
– Чую! Што там у вас? – нецярплiва крыкнуў Камай.
– Зараз прыедзем, Балачан праiнфармуе.
Камай ледзь дачакаўся iх.
– Такiя справы, – сказаў Балачан, калi яны з Тарасевiчам, скiнуўшы скафандры, уселiся ва ўтульным салоне базы. – Гэтыя шорахi, за якiмi мы ганялiся столькi часу, хутчэй за ўсё сiгналы. Ты, Камай, правiльна ўлавiў сутнасць праблемы. Так, сiгналы, – працягваў ён, – пакiнутыя для нас цi нам падобных колiшнiмi абарыгенамi планеты. Удалая iмiтацыя бiятокаў. Думаю, што перадатчык знаходзiцца недзе паблiзу, у раёне далiны. Мажлiва, нават схаваны над выступам, на якiм мяне агортвалi ўспамiны аб Зямлi i пасля прыходзiлi прывiды. А мажлiва, перадатчыкi раскiданы па ўсёй планеце, гэта нават больш верагодна. Адчуўшы нашы бiятокi, яны потым прымушаюць нас мысленна адказваць на пытаннi аб нас, людзях, аб нашых гарадах, ладзе жыцця. Наўрад цi аўтамату гэта патрэбна як звесткi. Хутчэй за ўсё ён павiнен упэўнiцца, што склад думак, прынцып мыслення i ў яго гаспадароў, i ў iстот, што трапiлi ў поле яго дзейнасцi, аднолькавы, што мы можам зразумець адзiн аднаго. I тады перадатчык "расказвае" разумным прышэльцам пра лёс планеты i цывiлiзацыi, якая тут некалi была. Натуральна, усё гэта бегла, штрыхамi. Але галоўнае ёсць – былая цывiлiзацыя паслала вестку сабе падобным.
– Што карысцi з тае весткi? – прамовiў Камай, уражаны неверагоднасцю паведамлення Балачана. – Iх самiх даўно няма.
– Хто ведае? – не згадзiўся Балачан. – Калi я правiльна зразумеў, усё не так проста, як ты думаеш. Псторыя гэтай планеты нагадвае мне марсiянскую – тая ж паступовая страта атмасферы, абязводжванне, знiкненне ўмоў для жыцця. Але жыхары Каменнага мячыка падрыхтавалiся да такога павароту падзей. Мне здаецца, яны перасялiлiся ў iншае месца. Тое сузор'е, якое я ўбачыў, а дакладней, зорачка ў iм, вiдаць, i ёсць гэта месца. Сузор'е мне незнаёмае, але так i павiнна быць. Мы ж ведаем зоркi толькi па зямным уяўленнi. Адсюль сузор'i выглядаюць iнакш. Аднак, думаю, я змагу намаляваць яго, i нашы астраномы, знаўцы космасу дакладна скажуць, дзе гэта. Ну, ды гэта ўжо клопат спецыялiстаў. А мы сваю задачу, здаецца, выканалi, разгадалi сутнасць шорахаў.
– Цiкава... – прамовiў Камай i зiрнуў на Тарасевiча: – А ты што маўчыш?
Той пацiснуў плячыма.
– Каб не наш доктар, – засмяяўся Балачан, – я хутчэй за ўсё прайшоў бы мiма гэтага адкрыцця. Проста думаў бы, што мне ўся гэтая фантасмагорыя прывiдзiлася.
– Прышый-прысцябай, – буркнуў Тарасевiч, захоўваючы абыякавы выгляд.
– Кiнь ты, не блазнуй, – з прыкрасцю сказаў Балачан, – мы славу не дзелiм. Але менавiта ты непрыкметна падштурхоўваў мяне да адзiна правiльных дзеянняў. Я надта добра ведаю цябе, каб прапусцiць твой нават маленькi намёк. Ты сумняваўся, правiльна, таму i не гаварыў прама, але ты не выключаў, што справа прыме такi паварот. Цi не так?
– Выдумшчык!
– Памаўчы ты, – абурыўся Камай, – дай даслухаць. Згодзен, Балачан, шорахi – гэта бiятокi, якiя нi мы, нi Туравец не маглi расшыфраваць. Але чаму знiкала сувязь?
Балачан падумаў i адказаў:
– Гэтага я не ведаю. Спытаеш, як вернемся, у iнжынераў. Бо да нашага выпадку, спадзяюся, гэта дачынення не мае. – Ён устаў i сказаў: – Пайшлi, сябры, складзем паведамленне на Зямлю.
Балачан выйшаў першы, за iм крануўся Тарасевiч. Абодва спакойныя, будзённыя, быццам нiчога незвычайнага не адбылося. Камай паглядзеў iм услед i абурана i разам з тым з захапленнем сказаў:
– Крэмнi!..