Текст книги "За бугром, за рэчкай (на белорусском языке)"
Автор книги: Владимир Орлов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Орлов Владимир (2)
За бугром, за рэчкай (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
За бугром, за рэчкай
Вугорскi дыярыюш
Рэчка гэтая – Тыса. Пра яе распавёў нам некалi савецкi пiсьменьнiк А. Аўдзеенка. Зь дзяцiнства засталося ўражаньне: плюнеш над Тысаю – абавязкова трапiш цi ў бандэраўца, цi ў шпiёна, цi ў чэкiста або ў якога iншага чалавека асобага складу. Гэта на нашым баку, а што на тым – i ўявiць было боязна.
Апанаваны ўспамiнамi, стаю над Тысаю й рыхтуюся да мытнага агляду.
Там, за рэчкаю, – Вэнгрыя, Вугоршчына.
Першае, што заўважаеш, трапiўшы ў Вугоршчыну, – мадзяры гавораць, пяюць песьнi, вучаць дзяцей i моляцца ў храмах на сваёй мове. Ужо за адно гэта яны вартыя больш людзкага жыцьця, чым беларусы.
У Дэбрэцэне, першым вугорскiм горадзе на шляху нашае менскае турыстычнае групы, мы прачынаемся 15 сакавiка, на ўгодкi вызваленчага паўстаньня 1848 года, задушанага войскамi царскае Расеi – жандара Эўропы.
Дзень, зразумела, непрацоўны. На грудзях у кожнага сустрэчнага трохкалёрныя адзнакi ды стужачкi, у руках у дзяцей i ў дарослых чырвона-бела-зялёныя сьцяжкi. Сотнi гараджанаў з кветкамi вакол помнiка Шандару Пэтэфi, верш якога "Нацыянальная песьня" стаўся гiмнам паўстаньня. Пачынаю лiчыць уторкнутыя ў газон ля помнiка нацыянальныя сьцяжкi. На трэцяй сотнi зьбiваюся. (25 сакавiка, у дзень абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублiкi, я падыйшоў у Менску да помнiка аўтару "Пагонi". На голым п'едэстале дагнiвалi тры гвазьдзiкi.)
Сьцягi ня толькi над кожнымi дзьвярыма, але й на гаўбцах, у вокнах. Падкрэсьлена будзённы толькi адзiн будынак. Мо тут жывуць нашчадкi Габсбургаў, супраць якiх паўставалi мадзяры? Не, гэта генэральнае консульства СССР.
Мусiць, ягоныя гаспадары ня могуць дараваць мадзярам нi вызваленьня ад камунiстычнага дурману, нi вiтрынаў навакольных крамаў, каля якiх таўкуцца савецкiя турысты.
Каб не забывалiся, што яны – прадстаўнiкi самай перадавой краiны, iм абмянялi цэлыя 19 рублёў. За 500 атрыманых форынтаў можна 17 разоў праехаць туды й назад на гарадзкiм аўтобусе альбо сто разоў наведаць грамадзкую прыбiральню.
Найбольш адметнае ў прапанаванай турыстам вугорскай кухнi тое, што й на абед, i на вячэру замест кавы цi гарбаты гасьцей частуюць вадою з крана. Не падабаецца – замаўляй вiна, брэндзi цi яшчэ якога пiтва, але дзеля гэтага трэба йсьцi на рынак i гандляваць правезенаю празь мяжу кантрабандай.
На вугорскiм рынку, як i ў iншых краiнах, дзе камунiсты ўжо не займаюцца iдэалягiчным забесьпячэньнем сяўбы й вытворчасьцi тавараў народнага спажываньня, усё прадаецца разы ў паўтара-два таньней за крамныя кошты, бо дзяржаўныя й прыватныя крамы заваленыя таварамi.
Рынак вiруе. Амаль роднымi здаюцца палякi. Грамадзяне СССР, кiруючыся пачуцьцём пралетарскага iнтэрнацыяналiзму, купляюць двухкасэтнiкi "Iнтэрнацыяналь" i лiтровыя пляшкi 96-працэнтовага сьпiрту. Мае спадарожнiкi распакоўваюць валiзы, i выяўляецца, што ледзь ня кожнага другога трэба саджаць. Душу апаноўваюць лятункi пра час, калi пасадзяць тых, хто, зрабiўшы сацыялiстычны выбар, змушае нас цягнуць усё гэта празь мяжу.
Празь нейкую гадзiну ў дзьвюх дамачак з нашае тургрупы ўжо шамацяць у руках тысячныя купюры. Яшчэ праз гадзiну ў iх крадуць сумку з таварам, а заадно й партманэткi з грашыма й пашпартамi.
Мацней прыцiскаю да грудзей торбу зь некалькiмi як быццам бы законна правезенымi пляшкамi й пытаюся ў нашага гiда, за колькi можна збыць шампанскае. Спадарыня Iльдыко ня ведае. Iхняя сям'я шампанскага сабе не дазваляе.
Потым высьветлiцца, што мясныя стравы Iльдыко й яе бацькi ядуць два разы на тыдзень – сярэднестатыстычны вугорскi паказчык.
Але ня будзем сьпяшацца шкадаваць гарапашных мадзяраў. Проста ў iх iншыя стандарты. Мяса двойчы на тыдзень, затое свой трохпакаёвы дом i непусты гараж. Дый мяса, якое смажыць Iльдыко, – гэта ня наш нашпiгаваны радыенуклiдамi жылаваты кусман, урваны ў чарзе, дзе чалавек чалавеку – друг, таварыш i брат. Мяса мадзярка купляе ў такой краме, куды нашай гаспадынi трэба йсьцi з валiдолам, бо там толькi кiлбасы гатункаў дваццаць. А замест дарагога шампанскага можна па даступнай цане набыць пляшку "бычынае крывi" або "такаю", або... "Сёньня ў нас у продажы 150 найменьняў вiнаў i лiкёраў", – сьцiпла паведамляе абвестка на адной з будапэшцкiх крамаў.
Тут не пасажыры стаяць у чарзе па таксi, а таксi ў чарзе па пасажыра. Тут немагчыма ўявiць на дзьвярах кавярнi цi рэстарацыi шыльду, што няма месцаў. Каб падтрымлiваць стандарты свайго жыцьця, сярэднестатыстычны вугорац працуе па 12 гадзiн 10 хвiлiн пяць дзён на тыдзень, але ён ведае, што, зарабiўшы патрэбныя грошы, ён за некалькi хвiлiн можа купiць амаль усё, чаго прагне душа або цела.
Вышла мадьярка на берег Дуная,
Бросила в воду цветок.
Утренней Венгрии дар принимая,
Дальше понесся поток...
Насьвiстваючы песеньку свайго дзяцiнства, я шпацырую па сталiчнай набярэжнай i не магу пазбыцца ўражаньня, што апошнiм часам у Дунай – i ў Вугоршчыне, i ў Югаславii, i ў Баўгарыi, i ў Румынii, i ў "нашай" Малдове найчасьцей кiдаюць ня кветкi, але помнiкi "правадырам працоўных".
У сапраўднасьцi, прынамсi ў Вугоршчыне, было йначай – "ленiнаў" ды ягоных пасьлядоўнiкаў рознае масьцi, што наблiжалi сьветлую будучыню чалавецтва расстрэламi, арганiзаваным голадам i бязьлiтаснай эксплёатацыяй народу, цывiлiзавана дэмантавалi й прыбралi далей ад вачэй.
Непараўнана цяжэй дэмантаваць iхнюю спадчыну – лiквiдаваць плянавую эканомiку, ураўнiлаўку, адкрыць шлях прыватнай уласнасьцi ды прадпрыймальнiкам...
Наш гiд Пал кажа, што яны ўжо пачалi, а ў нас усё наперадзе.
Наш стукач Саша спрабуе выступiць у абарону сацыялiзму.
Сашу мы вылiчылi яшчэ ў першы дзень, калi ён распытваў пра золата, валюту й пра тое, цi праўда, што БНФ атрымлiвае з Iзраiля зброю.
Не да густу Сашу й гiдаў аповед пра народную рэвалюцыю 1956 году, калi, годна доўжачы баявыя традыцыi жандара Эўропы, Савецкi Саюз кiнуў супроць Будапэшту столькi ж танкаў, колькi ў 1940-м вёў на Парыж Гудэрыян. Трохi супакойвае Сашу паведамленьне, што новыя вугорскiя ўлады вырашылi прызначыць пэнсii сем'ям ня толькi палеглых паўстанцаў, але й забiтых у часе баёў вугорскiх "гэбiстаў", якiя стралялi ў братоў.
– Вот это правильно! – кажа Саша.
– Да, – пагаджаецца спадар Пал. – Все они жертвы коммунизма.
У нас вольны час, i, калi ня йсьцi на рынак, можна ўдосталь пагуляць на самоце па Пэшце.
Прыдунайскiя кварталы вельмi нагадваюць Парыж, якi мы бачылi ў францускiх фiльмах. У падземным пераходзе на вулiцы Ракацы на раскладным крэсьле сядзiць мурын. Ён пад гiтару сьпявае па-ангельску нешта мэлянхалiчнае й непрыхiльна пазiрае на белага жабрака, што ўладкаваўся на тым баку пераходу. Ля мурынавых ног абцёрханы брунатны капялюш з прыладжанай чырвона-бела-зялёнай стужачкай. Штораз, калi туды падае колькi форынтаў, iльсьняна-чорны мурынаў твар асьвятляе мацiцовая ўсьмешка.
Вылузнуўшыся зь невялiкага збою слухачоў, нейкi заджынсаваны чалавек ляпае мурына па плячы, i я чую "общепонятный язык".
– Хороший ты мужнк, да дать тебе нечего.
– А ты х...вый мужик, – амаль без акцэнту адказвае мурын. – Мог бы форинтов десять и отстегнуть.
Збой з павагаю глядзiць на белага чалавека, што ўмее па-негрыцянску.
У двухзоркавым гатэлi "Вена", што дае нам прыстанак, аповед пра мурына не выклiкае асаблiвае цiкавасьцi. У цэнтры ўвагi вылазка двух нашых спадарожнiкаў у начны бар на апршнiм паверсе гатэля, дзе высьветлiлася, што жанчына каштуе там 3 тысячы форынтаў, прычым не за ноч, а за гадзiну.
– Саша, а табе твая кантора на баб грошы выпiсвае? – цiкавiцца нехта.
Стукач Саша нядобра ўсьмiхаецца, i мне прыгадваецца чутая ад знаёмага марака гiсторыя пра тое, як яго злавiлi ў дацкiм публiчным доме. У самую адказную хвiлiну мой знаёмы пачуў за дзьвярыма: "Товарищ Горелик, вы здесь?"
Мне чамусьцi робiцца шкада й марака, i самога сябе, i мурына, што сьпявае на вулiцы Ракацы. Я ўспамiнаю, да каго той мурын падобны – да чарнаскурага студэнта Белдзяржунiвэрсытэту, якi жыў у нашым iнтэрнаце разам з двума вiетнамцамi й штодня – апоўначы й а шостай ранiцы – змушаў iх стоячы слухаць гiмн СССР.
Союз нерушимый республик свободных
Сплотила навеки великая Русь...
Як жа там, дарэчы, вырашыўся лёс Саюзу на рэфэрэндуме, якi мы мусiлi – хто вымушана, а хто й не – байкатаваць? Перад вячэраю пытаемся пра гэта ў гiда.
Пачуўшы папярэднiя вынiкi рэфэрэндуму, Саша, а зь iм яшчэ зь дзясятак саўкоў пляскаюць у ладкi. Мы – за Саюз. Мы другой такой страны не знаем...
Апошнi перад вяртаньнем вугорскi горад Эгер. Неверагодная чысьцiня й дагледжанасьць вулiц, жылых будынкаў, сярэднявечнае фартэцы й храмаў. Колькi гадоў таму ў горадзе памерла апошняя праваслаўная, але праваслаўны сабор з гэтае прычыны чамусьцi не ператварылi ў склад мiнэральных угнаеньняў, i ў гадавыя сьвяты там па-ранейшаму служыць сэрбскi архiяпiскап з Будапэшту.
На вулiцах такога гораду пачуваесься гэтаксама надзейна i ўтульна, як у сваёй хаце. Такiмi былi б нашыя Горадня цi Нясьвiж, каб не бальшавiкi ды iншыя верныя ленiнцы. Былыя эгерскiя рэзыдэнцыi iхнiх вугорскiх паплечнiкаў будынкi колiшнiх гарадзкога ды абласнога камiтэтаў кадараўскае партыi здаюцца ў арэнду, але ўжо даўнавата стаяць упусьце. Мусiць, арандатары чакаюць, пакуль ня выветрыцца стары дух.
У часе экскурсii спадар Пал прыгадвае сямiградзкага ваяводу мадзяра Сьцяпана Батуру (Штэфан Батары), што быў абраны каралём Польшчы й вялiкiм ккязем лiтоўскiм. Абсалютная большасьць маiх спадарожнiкаў чула пра пераможцу над Iванам Жахлiвым i вызвольнiка беларусаў ад маскоўскае няволi ня больш, чым пра апошняга караля iнкаў.
– Почему он сказал, что это наш король? – неўразумела пытаецца адна турыстка. – У нас ведь цари были, а не короли.
Аказваецца, наш гiд ведае пра беларусаў трохi болей за сярэдняга вугорца. У прыватнасьцi, чуў, што, дзякуючы роднай савецкай уладзе, у Беларусi не засталося беларускiх школаў. Як жа з такiмi школамi цяпер, пасьля перабудовы?
– У сельскай меснасци ищо коя-гдзе сахранилися, но вуобщим-та ўсё эта атмираит, – бадзёра адказвае жыхарка беларускае сталiцы, не разумеючы нi сутнасьцi, нi спачувальнае афарбоўкi пытаньня спадара Пала.
Словы суайчыньнiцы нагадваюць: хутка дамоў, туды, дзе "ўсё атмираит".
Тургрупа ўжо прасьпявала на разьвiтальнай вячэры "Подмосковные вечера". За вокнамi – апошнiя кiлямэтры вугорскае зямлi. "Божа, як востра iм не хапае рубэройду!" – у роспачы думаю я, пазiраючы на крытыя дахоўкаю дамы, хлявы, курнiкi й нават сабачыя будкi.
Усьмешка вугорскага памежнiка, ягоныя "здравствуйте", "до свидания" ды iншыя эўрапейскiя штучкi выклiкаюць у нас амаль што абурэньне. Мы – патрыёты. Мы замiлавана пазiраем на савецкага хлопца зь зялёнымi пагонамi, якi не ўсьмiхаецца й не дазваляе сабе розных там сантымэнтаў накшталт "до свидания".
– Давай! – загадвае ён нашаму кiроўцу, i мы пераяжджаем ужо нiштавата пасунутую на ўсход мяжу сацыялiстычнага лягеру.
На ўваходах у залю мытнага агляду – папярэджаньнi – "Проход держать открытым!" Да кожнага нечая руплiвая рука акуратна дапiсала наперадзе: "задний".
Ужо ў самой назве памежнага савецкага гарадка Чоп чуваць нешта роднае, "чрезвычайное" – ЧОН, ЧК, ЧП...
Якiя да болю свае – хоць прытулi iх да грудзей – шыльды й аб'явы: "Комендатура", "Милиция", "Торговля только по талонам", "Туалет не работает", "Имя и дело Ленина будут жить в веках"... Як звыкла й жадана ўштукоўваецца ў засьмечаны прывакзальны краявiд i сам абседжаны галубамi ленiн. Яшчэ адзiн падфарбаваны золатам ленiн схаваўся ад дэструктыўных галубоў у вакзальную пачакальню. Ля ног iльлiча трое пасажыраў сьцелюць газэцiну з фотаздымкам Гарбачова, крояць на ёй сала i, апасьлiва аглядаючыся на бакi, дастаюць кантовую шклянку.
Я ўглядаюся ў дарагi зь дзяцiнства, лагодны й мудры твар правадыра. Правадыр, сарамлiва адвёўшы вочы за пляшкi "Гуцульскай" на газэцiне, празорлiва глядзiць удалеч, на шыльдачку "Ресторан закрыт нет воды". Мне здаецца, ягоныя вусны шэпчуць нешта генiяльнае:
– Как нам реорганизовать Рабкрин?
– Социализм – это учет...
Што да гэтага ленiнскага запавету, дык у Чопе поўны парадак. Палова крамаў зачыненая на пераўлiк, але, мусiць, хутка адчынiцца, бо выстаўлены ў вiтрынах асартымэнт сьведчыць, што пераўлiк можна правесьцi iмгненна.
Мэмарыяльная шыльда на вакзале паведамляе, што ў Чопе жывуць людзi розных нацыянальнасьцяў, аб'яднаныя адной велiчнай справай – будаўнiцтвам камунiзму. Шыльду, на добры лад, трэ было б прадубляваць на замежных мовах, каб iншаземцы таксама зразумелi, зь якой прычыны зачыненыя абедзьве вакзальныя прыбiральнi. (Трэба меркаваць, што ў камунiзме прыбiральнi ўжо нiкому не спатрэбяцца.)
Тым часам па вакзале й вакол нэрвова пахаджаюць колькi дзясяткаў нашых i замежных грамадзянаў. Людзi савецкага гарту хутка знаходзяць выйсьце – хто заглыбляецца ў сквэрык, хто хаваецца за цягнiк або плiшчыцца ў прыватны сэктар.
Бездакорна адзеты сiвы iншаземец з пакутаю на твары адважваецца таргануць дзьверы зачыненае на рамонт прыбiральнi. Установа залiтая сьмярдзючаю жыжкай, сярод якой сям-там тырчаць цаглiны. У госьця нашае краiны хапае змогi толькi на два скачкi. Не дацягнуўшы да трэцяе цаглiны, ён ступае на дно i ў роспачы падцягвае пашытыя дзе-небудзь у Парыжы цi ў Гамбургу нагавiцы. Але тут яму ня Монтэ-Карла. Жыжкi – па костачку, i белыя iншаземцавыя шкарпэткi ўмомант набываюць менш кiдкi колер.
У вiтрыне зачыненай на пераўлiк крамы лётае верабей. За шклом газэтнага шапiка – нумар цi то маскоўскай, цi то яшчэ нейкай такой самай "правды" з буйным загалоўкам: "Народ сказал Союзу "да"! Народ сказал "да" социалистическому выбору".
Мне хочацца паглядзець на таго, хто прысягае ў вернасьцi сацыялiстычнаму выбару – толькi каб ён паўтарыў гэта не з тэлеэкрану, а з цаглiнак у сьмярдзючай жыжцы.
Па пэроне, апусьцiўшы голаў, брыдзе сiвы iншаземец з мокрымi нагамi. Над вакзальным будынкам лёзунг: "Да здравствует марксизм-ленинизм – вечно живое, революционное интернациональное учение!"
На твары ў госьця нашай краiны – пакора.
Але яму ёсьць куды вярнуцца.
А мы ўжо вярнулiся.
Сакавiк, 1991 г.