Текст книги "Мой знаёмы забойца Сяргей (на белорусском языке)"
Автор книги: Владимир Орлов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Орлов Владимир
Мой знаёмы забойца Сяргей (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
Мой знаёмы забойца Сяргей
У празрысты, з лёгкай смужынкаю дзень бабiнага лета мы сядзелi на адкрытай тэрасе "Буслоў" i для старонняга вока выглядалi як двое даўнiх сяброў, што вырашылi прысвяцiць свой вольны дзень малдаўскаму кабернэ. Аднак напраўду мы былi ледзьве знаёмыя, дый знаёмства наша мела своеасаблiвы прысмак, бо адзiн некалi быў блiзкi з жонкаю другога, а другi яе дзiка i страшна забiў.
Трэба, вядома, удакладнiць, што здарылася гэта не ўчора i не на мiнулым тыднi, а гады праз тры пасля майго з Лiнай першага спаткання, якое звяло нас у нейкай душнай летняй кватэры з пыльнымi шторамi, спаткання, што расчаравала мяне, а яшчэ верагодней – нас абаiх, i таму засталося адзiным.
Сяргей забiў Лiну за доўгi i п'яны раман з iншым чалавекам, якi назаўтра ж зачынiў кватэру на замок i назаўсёды знiк з горада. Лiнiна мацi выступiла на судзе ў абарону забойцы i прасiла зменшыць яму тэрмiн.
У тыя часы Сяргей iграў на гiтары ў рэстаранным ансамблi. Я глядзеў на ягоныя даўгiя музыкальныя пальцы i марна намагаўся ўявiць, як яны сцiскалi Лiнiна горла, бiлi яе галаву аб край ванны, а потым тапiлi гэтую галаву ў гарачай вадзе.
Ён вярнуўся толькi ўчора, i я аказаўся першым сустрэчным з той часткi ягонага жыцця, што завяршылася ў ванным пакоi. Мы сутыкнулiся каля газетнага шапiка насупроць "Буслоў", i, як нi дзiўна, нягледзячы на пяць гадоў i на зусiм кароткi сiвы вожык, я пазнаў яго i без ваганняў згадзiўся пасядзець у кавярнi. Мяне вяла, вядома, i прафесiйная цiкавасць, але i нешта больш iстотнае, што не адразу паддаецца асэнсаванню.
Першую пляшку мы выпiлi пад знакам маўчання. Унiзе, за балюстрадаю, раз-пораз звiнелi трамваi, i крыклiвая буфетчыца гандлявала на прыпынку бочкавым пiвам. Бочка была жоўтая, як бярэзiнкi ўсцяж трамвайных шляхоў, i на баку ў яе нейкi грамацей прыгожа вывеў блакiтнаю фарбай: "Пiво".
Я пацягваў вiно i разважаў, што можа адбывацца ў душы ў нармальнага саракагадовага мужчыны, якi аднойчы выпiў бутэльку гарэлкi, забiў жонку i адседзеў за гэта пяць гадоў. Разважаннi заводзiлi мяне ў безнадзейны тупiк.
Сяргей паклiкаў афiцыянтку i замовiў яшчэ пляшку. Колькi кропляў вiна расплылiся па белым настольнiку, аднак нiякiх рызыкоўных асацыяцыяў у мяне не выклiкалi. Я падумаў, што, у адрозненне ад Сяргея, астатнiя знаёмыя мне рэстаранныя музыкi любiлi не вiно, а больш моцныя напоi. Можа, калi б ён у той вечар выпiў заместа гарэлкi вось такога трохгадовага кабернэ, паблiзу ад магiлаў маiх бацькоў i не з'явiлася б новага трафарэтнага помнiка з мармуровай крошкi. Пасля гэтае думкi я на ўсялякi выпадак даў сабе слова нiколi не пiць нелюбiмых напояў.
Ад такога ўзроўню абагульненняў мне зрабiлася смешна. Я паспрабаваў выклiкаць у памяцi Лiнiна аблiчча, але ўспамiналiся адно яе плоскiя белыя грудзi i занадта гучны голас, якi паведамiў мне, што ў ягонай гаспадынi нiколi не будзе дзяцей, а таму нiчога не трэба баяцца. У той душнай кватэры мы пiлi цёплае вiно, якое чамусьцi закусвалi мёдам, i цяпер мне здалося, што ўжо адно гэтае недарэчнае спалучэнне не пакiдала нам анiякiх шанцаў на працяг. У дадатак узгадалася яшчэ зялёная сукенка, у якой я неяк сустрэў Лiну з лысаватым, нiжэйшым за яе на цэлую галаву каханкам, якому наканавана было стаць у яе жыццi апошнiм.
На пустую тэрасу паднялiся з першага паверха дзве дзеўчынёшкi ў аднолькавых эфiрных блузачках i аднолькавых скураных намёках на спаднiчкi. Яны ўладкавалiся за суседнiм столiкам i без лiшнiх цырымонiяў папрасiлi закурыць. Сяргей даў iм па цыгарэцiне, а я налiў вiна. Дзеўчынёшкi пераглянулiся, i адна запыталася, цi мы выпадкова не крутыя. Я засмяяўся, Сяргею ж пытанне з нейкае прычыны вельмi не спадабалася, i ён гучным шэптам сказаў нашым суседкам пару такiх слоў, што праз хвiлю пра iх нагадвала толькi недапiтае вiно.
Пасля другой пляшкi Сяргей расцёр у попелцы недапалак i знячэўку загаварыў. Напэўна, выпiваць на зоне даводзiлася нячаста, i ён вiдавочна захмялеў. Ягоны кароткi маналог атрымаўся блытаным i досыць дзiўным. Ён пачаўся з кошкi, якую Лiна з парады каханка атруцiла мыш'яком, але ахвяра ўсё ж выжыла, праўда, страцiўшы пры гэтым зрок i слых. Потым я даведаўся пра тое, як у камеры Сяргея хацелi згвалцiць блатныя, а яшчэ пра тое, куды зэкi зашываюць металёвыя шарыкi, каб не расчароўваць сваiх абраннiц. На заканчэнне Сяргей паведамiў, што на зоне меў трох жанчын.
Я зацiкавiўся, як гэта адбываецца там, на зоне, але замiж роспытаў сказаў Сяргею, што ў рэстаране, дзе ён iграў, нядаўна адчынiлi вар'етэ, пясля чаго там ужо два разы стралялi. I зноў над сталом запала маўчанне, у якiм мне немаведама чаму ўспомнiлася школьнае каханне – кругленькая Дзiна, якая прыехала ў наш горад з Архангельска, якая ўмела соладка цалавацца ў пустым класе i якая напрыканцы майго першага ўнiверсiтэцкага верасня прызналася, што цяжарная ад нейкага Колi.
Трэцюю пляшку мы пiлi ўжо з афiцыянткай Ленай, якую Сяргей угаворваў, але так i не ўгаварыў сесцi яму на каленi. Трамваi ўнiзе звiнелi часцей i весялей. "Пiво" ў жоўтай бочцы скончылася, i ягоныя аматары, маючы на такi выпадак адмысловыя запасы, дружна пацягнулiся ў блiзкi лясок.
Насупроць кавярнi спынiўся аўтобус, адкуль палезлi грыбнiкi з поўнымi кошыкамi апенькаў. Мы ўзялi першую шакаладку i чацвёртую, а магчыма, i пятую, бо тут я не зусiм пэўны, пляшку кабернэ i дамовiлiся, што заўтра ўраннi ўсе разам – я, Сяргей i афiцыянтка Лена – таксама паедзем у грыбы. Я паабяцаў паказаць мясцiны, дзе навалам маладых i таўстаногiх, як баравiкi, абабкаў, а калi iх раптам не будзе, дык заўсёды можна нарэзаць чорных груздоў.
Тэраса пакрысе запаўнялася публiкай, i афiцыянтка Лена ўжо не магла бавiцца з намi. Сяргей абвясцiў, што сёння пойдзе да жанчыны, якая да мiнулага Новага года пiсала яму на зону лiсты i слала пасылкi. Пасля гэтых слоў ён выняў з кiшэнi i падкiнуў угору сцiзорык. Бяскрыўдны сцiзорык вярнуўся ў Сяргееву руку грознаю фiнкай. Сяргей склаў яе, паказаў мне кнопку i папрасiў павартаваць "цацку" да ранiцы.
Афiцыянтка Лена, як i чакалася, на аўтастанцыю назаўтра не прыйшла, i мы паехалi ў грыбы ўдвух.
Дзень выпаў такi, як i ўчора, – з сонцам, павучынкамi i одумным кружляннем лiсцяў над утравелай лесавой дарогаю, што сустрэла нас некранутай расой. На iмшыстых купiнах у нiзавым рэдкаватым ялiннiку з дамешкам бярэзiнак цярплiва чакалi абабкi. Па вершалiнах, спрытна кiруючы пухнатымi хвастамi, шырокiмi кругамi доўга лётала над намi пара закаханых вавёрак. Адной ад глыбiнi пачуццяў захацелася паразмаўляць са мной, i яна спусцiлася зусiм нiзка.
Спярша мы з Сяргеем часта перагуквалiся, але ягоны голас усё аддаляўся i нарэшце зацiх. Я трохi пакрычаў i супакоiўся, бо мы ўсё адно павiнны былi сустрэцца на недалёкай шашы, якая час ад часу нагадвала пра сябе гулам машын.
На краi балацявiны я нарваўся на цэлую чараду маладых падасiнавiкаў, i калi, нацешыўшыся гэтым грыбным краявiдам, узяўся зразаць першы, спiнаю адчуў нечы позiрк. Цiшыня ўмомант напялася, i трэск сухой галiнкi прагучаў, быццам стрэл. Я, прыгнуўшыся, адскочыў убок i, сцiскаючы ў руцэ свой кухонны нож, павярнуўся тварам да небяспекi.
За пяць крокаў ад мяне з фiнкаю ў адведзенай руцэ стаяў Сяргей. Мяне апякла думка, што ён ведае пра нашае з Лiнай адзiнае спатканне. Мой труп ён утопiць у балоце, i яго нiколi не знойдуць. Я вырашыў, што без бою не здамся, i пачаў шаптаць малiтву. Бясконцую хвiлiну мы стаялi насупроць адзiн аднаго, а тады ён засмяяўся i, спружынiста крутануўшыся, кiнуў фiнку ў стаўбур старой ялiны. Фiнка ўпiлася ў дрэва на ўзроўнi чалавечага росту i азвалася тонкiм вусцiшным звонам.
Збiраць грыбы пасля такой прыгоды мне не хацелася, i праз чвэрць гадзiны мы ўжо галасавалi на шашы. Гэта была шаша на Рыгу, якою мы з Дзiнай, пакуль яна не зацяжарала ад Колi, дамаўлялiся ў першае студэнцкае лета дайсцi да мора. Машыны з латвiйскiмi нумарамi праляталi на крэйсерскай хуткасцi. Беларускiя грузавiкi i легкавушкi iшлi цiшэй, аднак не спынялiся. Нейкiя "Жыгулi" пачалi былi гамаваць, ды, наблiзiўшыся да нас, кiроўца нечакана рвануў наперад. Я ўважлiва паглядзеў на стрыжаную Сяргееву галаву i даў яму сваю кепурку. Гэты нескладаны манеўр змянiў сiтуацыю, i неўзабаве мы трэслiся ў кабiне спадарожнага "ЗiЛа".
Сяргей папрасiў спынiцца каля могiлак. Сонца пякло па-летняму, i на ўзбочыне мы скiнулi штармоўкi i швэдры, застаўшыся ў адных кашулях. Сярод крыжоў i помнiкаў сям-там мiльгалi падазроныя постацi. Хтосьцi, не тоячыся, збiраў бутэлькi, хтосьцi – зладзеявата – кветкi.
Хрызантэмы на мамiнай магiле былi яшчэ цэлыя.
Сяргей няўпэўнена азiраўся, i я адно тады ўцямiў, што ён не ведае, дзе пахавалi Лiну. Я, безумоўна, не ведаў бы таксама, каб яе магiла не была за пяць крокаў ад помнiкаў маiм бацькам. "Пайшлi", – сказаў я, i Сяргей зразумеў.
На Лiнiнай магiле акуратным крыжам зелянелi смолкi. Каля нядаўна пафарбаванай сiняй агароджы вырас вялiкi крамяны падасiнавiк. На фотакерамiчным медальёне Лiна выглядала значна цiкавейшаю, чым у жыццi. Сяргей пагладзiў адбiты рог помнiка i выцягнуў пляскатую пляшачку з нержавейкi.
На закуску ў мяне засталiся два яблыкi i лусцiк з сырам. "За што?" недарэчна запытаўся я. "Не будзем", – адказаў Сяргей i акрапiў з пляшачкi край магiльнага грудка.
У пляшачцы аказаўся спiрт.
Ехаць дахаты не хацелася, i з могiлак мы пайшлi цераз поле да Дзвiны. Сцежка плыла пад нагамi, i, не згаворваючыся, мы павярнулi да стажка саломы.
Сяргей узяўся перабiраць грыбы. Наверсе ў ягоным кошыку ляжаў магiльны падасiнавiк.
Я выцягнуўся на спiне i, адчуваючы, як мякка пагойдваецца пада мною зямля, стаў глядзець у высокае неба i думаць, што добра было б памерцi, каб на маёй магiлцы таксама вырас падасiнавiк i каб хтосьцi прыйшоў туды i выпiў спiрту, а потым ляжаў на цёплай саломе, слухаў, як па шашы з сухiм шоргатам праносяцца машыны i думаў, што добра было б памерцi...
Я прачнуўся, калi ў хмызняку ўжо варушылiся прыцемкi i ад ракi плыла халодная свежасць.
Сяргея i ягонага кошыка не было, а мой стаяў прыцярушаны дзеля маскiроўкi саломаю. Сонца сядала ў хмару, i прамiнулы дзень мог застацца апошнiм усплёскам цеплынi перад восеньскай стынню. Я скiнуў з грыбоў салому i ўбачыў зверху той самы сцiзорык, што ўмеў ператварацца ў фiнку. Гэта магло азначаць, што Сяргей зноў пайшоў да жанчыны – цi да той, што пiсала яму лiсты, цi да якой-небудзь яшчэ, i я пажадаў яму, каб зашытыя куды трэба шарыкi ўсё-такi не адыгрывалi ў ягоным вiзiце вырашальнае ролi.
Але ўсё, што мяне абкружала, чамусьцi здавалася выцвiлым малюнкам са старой дзiцячай кнiжкi. Я адчуў, што павiнен зараз успомнiць нешта надзвычай важнае, тое, што ўжо само страпянулася ў душы i прасiлася на свет.
Я спусцiўся да ракi i змыў халаднаватай вадою рэшткi сну. На жвiрыстым плыткаводдзi гулялi пячкурыкi, а крыху воддаль, дзе ўжо мацнела плынь, плыла аднекуль з Полацка ясеневая галiнка з трыма лiсткамi.
I раптам я ўспомнiў.
Я ўспомнiў, як аднойчы мы купалiся з табой у Дзвiне, i як ты заплыла на быстрыню, i як, нечакана адчуўшы моцныя абдымкi плынi, спалохалася i рванулася да мяне ўсiм сваiм маладым палевым целам...
Я стаяў над ракой i яшчэ не зусiм цвяроза думаў, што нiколi не здолею забiць цябе.