355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Владимир Орлов » Вова Цымерман (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Вова Цымерман (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 00:50

Текст книги "Вова Цымерман (на белорусском языке)"


Автор книги: Владимир Орлов



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Орлов Владимир
Вова Цымерман (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

Вова Цымерман

Блаславёны, хто мае на свеце дом, у якiм прамовiў першае слова, навучыўся хадзiць пад стол, а потым датупаў да ганка, бразнуўся з яго i, румзаючы ад страху ды болю, папоўз на збiтых каленках да веснiцаў.

Тое месца, дзе стаяў некалi наш скарбовы драўляны полацкi дом, ужо даўно занятае прысадзiстым бетонавым кубiкам Палаца культуры завода шкловалакна. Часам я заходжу ў ненавiсную мне спаруду, блукаю па яе пустых калiдорах i спрабую ўявiць, дзе што месцiлася ў тыя гады, калi паляцеў у космас Юры Гагарын i нашую вулiцу назвалi ягоным iмем.

Сам дом быў, здаецца, там, дзе сёння шатня, "шпакоўня", – акурат на месцы цяперашняй прыбiральнi, а пад падлогаю глядзельнае залi, магчыма, ацалела жменька попелу з таго раскладзенага пад маёй улюбёнай папяроўкаю вогнiшча, дзе мы некалi спалiлi, папярэдне выкалаўшы яму вочы, партрэт Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна. Тады мне было дзевяць гадоў, а Вову Цымерману, што разам з намi браў удзел у карнай акцыi, – на паўтара меней, але гэты рослы мурлаты хлопчык з падобнымi да двух мячыкаў ружовымi шчокамi мог лёгка адужаць любога з нас.

Статыстыка сведчыць, што ў 1885 годзе з кожнае сотнi палачанаў габрэямi было шэсцьдзесят шэсць, а на пачатку XX стагоддзя – роўна палова. У гады майго дзяцiнства агульныя лiчбы, вiдавочна, змянiлiся, але нашага раёна гэта нiяк не датычыла. Вакол нас жылi Шэфы i Гофеншэферы, Лiўшыцы i Эпштэйны, Рафайловiчы, Сралiовiчы i Герцыковiчы, трохi далей – Берманты, Бернштэйны, Кацы, Кацманы i Кацнельсоны. Дзякуючы сваiм пазнейшым гiстарычным росшукам я заўважыў, што некаторыя прадстаўнiкi гэтых слаўных фамiлiй упарта захоўвалi вернасць прафесiям продкаў. Абодва дарослыя Сралiовiчы, напрыклад, працавалi ў гарадской друкарнi – праўда, не гаспадарамi, як iхнi дзед, а ўсяго толькi метранпажамi з вечна чорнымi ад волава i фарбы пальцамi. Бермант i Бернштэйн, гэтаксама як iх сваякi перад "вялiкiм кастрычнiкам", жывiлiся з фатаграфii.

Чым займалiся сто гадоў таму Герцыковiчы, я не даведаўся, аднак сын старога Залмана Айзiк, што працаваў завучам нашае школы, меў бясспрэчныя заслугi ў змаганнi з шыкоўнай фрызурай будучага беларускага лiтаратара Вiнцэся Мудрова, а пляменнiк Айзiка Залманавiча Аркаша Кацман кiраваў пазней папулярнай секцыяй аэробiкi. Пасля агульных заняткаў ён зазвычай пакiдаў у зацiшнай спартовай залi адну са сваiх выхаванак, каб яшчэ з паўгадзiны пазаймацца iндывiдуальна, а потым прыходзiў я, мы рэзалiся ў пiнг-понг, i я прапаноўваў Аркашу трохi адрэдагаваць назву секцыi, дадаўшы перад "б" лiтару "е". Гуляючы са мной развiтальную партыю напярэдаднi ад'езду ў Лос-Анджэлес, Аркаша Кацман прамовiў сакраментальную фразу: "Не пойму я никак, Володя, почему ты вырос среди евреев, а никак приличную квартиру не получишь".

Але гэта прычынiлася праз шмат гадоў пасля дзяцiнства, а ў той малечы час, жывучы сярод суседзяў, якiх спрэс звалi Хаiмамi, Абрамамi, Iзраiлямi ды Мойшамi, я ад душы здзiўляўся, што ў майго таты такое нетутэйшае iмя Аляксей.

Дом маiх бацькоў на вулiцы першага касманаўта атачалi будынкi розных установаў, дзе пасля шасцi заставалiся толькi вартаўнiкi i вахцёры, а таму ўвечары ў нас было пустэльна i цiха. Затое за нашым гародам пачыналiся ажно тры густа населеныя вулiцы з парадкавымi нумарамi пад агульнаю назваю Рабочая. Каб там жылi калi-небудзь нейкiя рабочыя, я не памятаю. Там жылi габрэi, i гэтыя вулiцы, прынамсi, старэйшая частка iхняга жыхарства, гаварылi на iдыш.

У цёплыя летнiя адвячоркi гаспадары выходзiлi з драўляных дамовак, уладкоўвалiся на лавачках каля гародчыкаў, у якiх раслi бэз, "разбiтае сэрца" i жоўтыя вяргiнi, i паважна гаманiлi на не зразумелай мне мове. На ўтравелых вулiцах, дзе машыны з'яўлялiся толькi калi хтосьцi памiраў, хадзiлi козы i куры, бегалi непародзiстыя каты i сабакi рознае масцi, i мы з габрэйскiмi дзецьмi гулялi ў "пiкара" i "калiм-бам-ба".

Тоўстая, як капешка, цётка Роза Саламонаўна любiла пачаставаць нас агрэстам або малiнамi. На свята з яе пульхных пальцаў можна было атрымаць кавалак габрэйскага мядовага пернiка пад экзатычнаю назваю "тэйгэлэх". Цётка Роза працавала касiркаю на атракцыёнах у парку каля Дзвiны i сваiм людзям адказвала па-свойму: "Драйсiк копiкес бiлет". З мяне грошай яна нiколi не брала. Па часе я зразумеў, здаецца, прычыну такое дабрачыннасцi: мой тата быў пракурорам, а яе сын Фiма цягнуў тэрмiн за тое, што зарэзаў жонку. Гэтае злачынства ўяўлялася мне бясконца загадкавым, бо якраз будучы забойца даў мне пачытаць "Маленькага прынца" i яшчэ багата цiкавых кнiжак.

Тэрмiн Фiма атрымаў невялiкi, бо ўчынiў смертазабойства, як казалi дарослыя, "на почве ревности". Мая дзiцячая спроба дазнацца, што гэта за "почва", скончылася нiчым. Ну i што з таго, што заспеў жонку з iншым? разважаў я над пачутым тлумачэннем, iнтуiтыўна падазраючы, што з гэтае прычыны можна перарэзаць занадта шмат жонак. I потым было зусiм незразумела, навошта калi заспеў яе з iншым – рэзаць менавiта жонку, а не таго iншага.

Ведама ж, нашы суседзi-габрэi не толькi прадавалi квiткi ў парку культуры i адпачынку ды рэзалi жонак. Царскi генерал Мiхаiл Без-Карнiловiч, што выдаў у 1855 годзе кнiжку "Истбрические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии", пiсаў аб полацкiх i наогул прыдзвiнскiх габрэях наступнае: "Предприимчивы, любопытны, проницательны. Заранее рассчитают барыши, какие может доставить предпринимаемая операция; исчислят расходы, и тогда только возьмутся за дело. Избегают утомительных работ: между ними найдете много портных, сапожников, шапошников, стекольщиков, лудильщиков, жестянщиков, резчиков печатей, золотых и серебряных дел мастеров; редко встретите кузнеца, плотника, пильщика. В вере тверды, единодушны, любят помогать своим, в особенности когда пострадают от пожара".

Усё праўда.

Муж цёткi Розы Iзраiль Майсеевiч таксама пазбягаў пыльных ды "утомительных" работ i зарабляў на хлеб начным вартаваннем паркавых атракцыёнаў. Хоць iмя гэтага мужнага чалавека ў памяцi палачанаў ужо сцёрлася, ягоны подзвiг назаўсёды ўвайшоў у гарадскiя аналы. Калi ў парку паставiлi атракцыён "Пятля Несцерава", двое мiлiцыянтаў з дзяжурнага патруля раскатурхалi Iзраiля ў ягонай вартоўнi i загадалi пракацiць. Муж цёткi Розы паслухмяна нацiснуў кнопку i пайшоў дасыпаць. Мiлiцыянты "пятлялi" ў скляпаным з бляхi самалёце давiдна. Знялi iх непрытомных i ледзь жывых. На шчасце, адзiн з "лётчыкаў" перад тым як знепрытомнець, здолеў выцягнуць пiсталет i разрадзiць абойму ў бок вартоўнi, чым i парушыў бесклапотны сон пiльнага Iзраiля Майсеевiча. (Перад ад'ездам у Iзраiль муж Розы Саламонаўны, праўда, прызнаваўся, што не заснуў у тую ноч нi на волас.)

I наконт пажару праўда. Калi ў Герцыковiчаў згарэла палова дому, iм папрыносiлi з усiх Рабочых вулiцаў столькi рэчаў, што стары Залман быў проста шчаслiвы i хвалiўся, быццам у адбудаванай дамоўцы цешыцца са сваёй Сiмай не на двух, як да пажару, а ажно на чатырох ложках.

Яшчэ адна Сiма – Сiмачка Музыкант, дачка iнспектара гарана, жыла побач з намi ў завулку з глыбокай лужынай, у якую глядзелiся цераз плот падвязаныя сiнiмi стужкамi мальвы. Смуглявая, з глыбокiм малiнавым румянкам i зялёнымi мiндалевымi вачыма, Сiма надоўга заняла месца ў маiх эратычных фантазiях i самотных забавах. I дагэтуль, перачытваючы "Найвышэйшую песню Саламонаву", я бачу кранутыя лёгкiм загарам Сiмiны ножкi – палевыя з блакiтнымi жылкамi.

Так, варта было выйсцi з дому, прабегчы сотню крокаў, i ты як быццам трапляў у iншую краiну – з яе моваю, з яе аблiччамi i iмёнамi, нязвыклымi звычаямi i стравамi.

Неадменнаю часткаю гэтай краiны, над якой дзьмулi далёкiя гарачыя вятры, быў дзядзька Грыша Цымерман, што сядзеў на лавачцы каля дагледжанага, пафарбаванага ў тэракотавы колер дамка i задуменна глядзеў выцвiлымi лавандавымi вачыма на стогадовую таполю.

Удзень бацька Вовы Цымермана працаваў шаўцом у будцы каля першай у Полацку крамы самаабслугоўвання. Увечары, перш чым выйсцi са свайго прапахлага скураю i клеем закутка, каб паглядзець на таполю, ён таксама працаваў шаўцом. Асаблiва захапляла мяне тое, як па-цыркавому спрытна дзядзька Грыша выплёўваў з рота маленькiя цвiчкi i адным снайперскiм ударам заганяў iх у належнае месца. На вайне ён служыў у артылерыi, атрымаў кантузiю, i кожны год, на схiле лета, яго апаноўвала замарачэнне. Ён рабiўся гаваркi, апавядаў, як выпiваў з маршалам Жукавым i бачыўся на перадавой з самiм Сталiным, а разышоўшыся, пачынаў выгукваць артылерыйскiя каманды. Тады дзядзьку забiралi на месяц за Дзвiну, дзе ў колiшнiх мурах братоў-бернардзiнаў месцiлася вар'ятня. Хворых лекавалi там не толькi медыкаментамi, але i псiхатэрапiяй. Напрыклад, калi медыкам спатрэбiлася цэгла, бабiнец кляштарнага сабора разабралi, а косткi з пахаванняў пад iм раскiдалi проста пад нагамi ў пацыентаў.

Пасля лекаў дзядзька Грыша да наступнага жнiўня губляў усю ваяўнiчасць, рабiўся цiхмяны ды лагодны i штовечар займаў звычную пазiцыю насупраць таполi. Ягоныя адносiны з гэтым дрэвам прыводзяць мне на памяць пачуццi, што звязвалi палкоўнiка Аўрэлiяна Буэндыя з каштанам, уткнуўшыся ў якi лбом герой Маркеса назаўсёды развiтаўся з нашым светам.

Калi ў гады "развiтога сацыялiзму" дамы, лавачкi i гародчыкi на Рабочых вулiцах пазносiлi, а таполю спляжылi i, прычапiўшы тросам да бульдозера, кудысьцi адвалаклi, Цымерманы атрымалi кватэру ў дзевяцiпавярховiку побач з iхнiм былым падворкам. Дзядзька Грыша штовечар уладкоўваўся каля вакна на пятым паверсе i да цёмнага глядзеў у той бок, дзе некалi шамацела лiстотаю ягоная таполя. Думаю, у тыя хвiлiны ён па-ранейшаму сядзеў на выслiзганай азадкамi лавачцы пры цёплай тэракотавай сцяне. У новай кватэры нiхто ўжо не пачуў ад яго нi ўспамiнаў пра Жукава, нi артылерыйскiх камандаў. Не дачакаўшыся жнiўня, дзядзька Грыша аднойчы адчынiў вакно.

Але я забягаю наперад. Да вакна, праз якое Воваў бацька задуменна ступiў у любы яму зруйнаваны свет, яшчэ заставалася палова дзяцiнства.

Мы пераходзiлi з класа ў клас, пачыналi чытаць братоў Стругацкiх i Брэдберы, пiсаць любоўныя цыдулкi i цiскаць iхнiх адрасатак у школьным гардэробе. Мне падабалася поўненькая аднакласнiца Поля Кругляк. У шостым класе я колькi разоў падводзiў яе дахаты i прапаноўваў "дружить". Поля чырванела, апускала вочы i, картавячы "р", цiха казала, што яна згодная толькi на сур'ёзныя адносiны. Я не ведаў, што такое сур'ёзныя адносiны, i маркотна пазiраў услед поўным Полiным нагам, падобным да лiтровых малочных бутэлек.

Да Сiмачкi Музыкант Полi было, безумоўна, далёка, аднак Сiма з бацькамi ўжо з'ехала ў Iзраiль. Выправiлася на гiстарычную радзiму i шмат iншых суседзяў. З'ехалi Шэфы з сынам Iллюшам, маiм аднагодкам, што меў не надта, вiдаць, зручную для iзраiльскага грамадзянiна мянушку з нейкiм арабскiм прысмакам – Мустафа Ягло-Ягло. З'ехалi Кацнельсоны са сваiм Мiшам, мянушка ў якога (прышчэпленая, дарэчы, Фiмам-забойцам) была шматкроць даўжэйшая, велягурысцейшая i дзiўнейшая – Мабута Чомба Лэя Пiнзя Скавародкiн.

"Жиды редеют, а ряды жидеют", – са злосцю зацятага антысемiта казаў школьны ваенрук Iван Кiрылавiч, што на занятках па грамадзянскай абароне вучыў нас з малалецтва карыстацца супрацьгазам, якi аднойчы назваў таямнiчым словам "гандон". Я не разумеў ягонае злосцi. Мне было шкада аднакласнiкаў, што назаўсёды знiкалi з майго жыцця разам з мянушкамi, бацькамi, брацiкамi i сястрычкамi. У шостым класе афiцыйных габрэяў у нас засталося ўсяго трое Поля Кругляк, Марк Альтбрэгiн, якому я пякуча зайздросцiў, бо ў яго дома было ажно два тэлевiзары, i Бора Гасiль.

Бору я не зайздросцiў. Выконваючы пiянерскае даручэнне, я падцягваў яго па матэматыцы.

Падцягванне Боры адбывалася даволi цiкава. Мы займалiся на кухнi, дзе плаваў настоены пах смажанай цыбулi, за сталом, засланым белаю цыратай у блакiтныя краткi. Трэба сказаць, што з маiх тлумачэнняў Бора нiколi нiчога не разумеў дый не iмкнуўся зразумець, а ўвесь час прапаноўваў згуляць у настольны футбол. Ён працягваў вучыцца па матэматыцы на стабiльны дваяк, але я ўпарта прыходзiў да Боры зноў i зноў. Апрача масляных плямаў на сшытках для практыкаванняў, я заўсёды нёс у кiшэнi жменю дарагiх цукерак кшталту "Мишка на севере", атрыманых ад Боравай мацi ў якасцi незаслужанага ганарару. Плюс гульня ў настольны футбол. Плюс кучаравая Борава сястра Фiрка, якая хвалявала маё сэрца не меней за Полю Кругляк.

Пад час нашых заняткаў Фiра зазвычай уладкоўвалася побач на зэдлiку i ела мяне пукатымi авечымi вачыма, пакуль я не збiваўся i не заблытваўся ў лiчбах. Заўважыўшы гэта, яна дарыла мне задаволеную ўсмешку i, трасянуўшы кудзеркамi, выплывала з кухнi, падкрэслена круцячы клубамi i пакiдаючы ва ўсёй маёй iстоце саладкавую гарачую млявасць. У тыя хвiлi ўваччу неадчэпна стаяў малюнак з нядаўняе мiнуласцi, калi я вучыўся ў чацвёртым класе, а Фiра – у трэцiм. Пакiнуты на другi год пяцiкласнiк Вася Шуйскi прапанаваў Фiрцы за марозiва схадзiць з iм у зараснiкi лопуху за канавай i паказаць, што ў яе пад трусiкамi. Калi Фiра вярнулася, тое самае, але ўжо за пяцьдзесят капеек прапанаваў ёй Васькаў прыяцель Валерка Акаркоў, i яна зноў згадзiлася. Кажуць, што потым, на зямлi продкаў, Фiра пачала з масажнага кабiнета, вельмi хутка пайшла ўгору i цяпер кiруе велiзарнай сеткаю гэткiх кабiнетаў па ўсёй краiне, у што я, успамiнаючы тую дзiцячую кухонную млявасць, ахвотна веру.

З кнiжкi пра Грышку Распуцiна я ўведаў, што сакратаром у яго служыў мазырскi габрэй Сiмановiч. Аднойчы генiяльны прыдворны чмут вырашыў падараваць паплечнiку залаты спод з надпiсам. Надпiс уласнаручна накрэмзаў гравёру на шматку паперы сам Распуцiн – "Лутшиму ис ивреив".

Каб у дзяцiнстве мне прапанавалi падараваць спод з гэткiм надпiсам камусьцi з маiх знаёмых габрэяў, я без ваганняў выбраў бы Вову Цымермана.

У школьныя гады мы хадзiлi як злыганыя. Разам гадавалi прывезенага мною з бабулiнай вёскi маладога зайца Колю i разам, пусцiўшы слязiну, хавалi ягоныя костачкi ў скрынцы з-пад абутку, калi гаротнiка Колю разарваў суседскi сабака Дунай. Разам латашылi чужыя сады, а ў сваiх садах, якiя трэслi суседскiя хлапчукi, пяклi ў прыску бульбу. Разам палохалi дзяўчынак акулярыстымi вужакамi, якiх лавiлi ў траўнi на прыгарадных азёрах i прыносiлi ў школу за пазухай.

Мая мацi кармiла нас дранiкамi, клёцкамi з душамi i старадаўняй полацкай стравай – халоднай варанаю бульбай з бруснiцавым сочывам. Мацi Вовы Цымермана, настаўнiца малодшых класаў Марыя Абрамаўна, частавала рыбай-фiш, фаршмакам i цымусам. Адзiнае, што з яе кухарства мне не падабалася – вiдаць, па генах, гэта маца.

Разам з Вовам мы першы раз пераплылi туды i назад Дзвiну i, узрушаныя здзейсненым, прысягнулi адзiн аднаму вусцiшнай сяброўскаю прысягай, якую напiсалi ў двух асобнiках на аркушах з вучнёўскага сшытка. Прысяга была па-мужчынску лапiдарная – "Дружба до гроба", подпiсы мы паставiлi крывёю, раскалупаўшы пальцы шпiлькаю, што замяняла мне гузiк на рукаве зялёнай запомнiлася ад урачыстасцi моманту – кашулi.

Ды цi мала чаго яшчэ перажылi мы з Вовам.

Нас не здолела развесцi нават iзраiльска-арабская вайна 1967 года, пасля якой багата полацкiх габрэяў узялiся хуценька мяняць iмёны ды прозвiшчы, ператвараючыся з Iзраiля ў Iллю, з Абрама ў Аляксандра, а з Макса Моўшавiча ў Марка Мiхайлавiча. Вову Цымермана зусiм не крыўдзiлi мае показкi накшталт той, чый герой слухае па дарозе дахаты па радыё, як габрэi наблiжаюцца да Каiра, а потым адчыняе дзверы, а яны ўжо там.

Нас – банальная гiсторыя! – развяла ў розныя бакi беларуская дзяўчынка Наталля Ўсвайская з майго былога дзесятага класа. Пад канец школы яна з непрыкметнага заморка з цыпкастымi нагамi-трысцiнкамi, што вучылася на чацвёркi i пяцёркi, неўпрыцям вырасла ў прыгажуню троечнiцу, вакол якое круцiлiся нават лётчыкi з задзвiнскага ляснога аэрадрома. Я прыглядаўся да Наталлi здалёк i, даючы ўначы волю лятункам, удзень рыхтаваўся да iспытаў у БДУ i марыў пра час, калi сустрэну Ўсвайскую, вярнуўшыся дахаты студэнтам.

Першы, каго я спаткаў, прыехаўшы з Менска, быў Вова Цымерман з Наталляю. На маё ганарлiвае паведамленне, што я ўжо студэнт, Вова паклаў даме майго сэрца руку на талiю (а праўдзiвей, крыху нiжэй) i, тэатральна закацiўшы вочы, прадэкламаваў найагiднейшыя з усiх вядомых мне дагэтуль паэтычных радкоў:

Натали моя, Натали,

Утоми мою плоть, утоли...

Перад Наталляй стаяў студэнт унiверсiтэта, а яна ўхвальна падхiхiквала нейкаму паршываму дзесяцiкласнiку. Я моўчкi павярнуўся i з нечалавечай самотаю ў душы пайшоў прэч, выкiроўваючыся на дарогу ведаў i зрабiўшы на сцежцы да яе кароткi прывал у бары "Пралеска", дзе ўпершыню ў жыццi выпiў алкагольны кактэйль "Луна".

Каханка маiх сноў наталяла Вову Цымермана нядоўга. На зiмовых вакацыях я са змрочным помслiвым задавальненнем даведаўся, што мой супернiк не вытрымаў канкурэнцыi з якiмсьцi задзвiнскiм лётчыкам, якi неўзабаве зрабiў Наталлi дзiця i ўвiшна перабазаваўся на iншы лясны аэрадром неабсяжнае краiны.

У душы зноў заварушылiся ачахлыя сяброўскiя пачуццi, аднак мы з Вовам ужо рухалiся па розных траекторыях, i цяпер я сачыў за iм адно здаля.

Звесткi, што дасягалi мяне, толькi пацвярджалi маю выснову: сябар дзяцiнства быў нетыповым носьбiтам нацыянальнага характару свайго народа.

Гэта выяўлялася, скажам, у тым, што Вова Цымерман займаўся не шахматамi, як большасць ягоных схiльных да спорту адзiнакроўцаў, а вольнай барацьбой i меў па ёй разрад.

Пасля школы ён не палез у iнстытут, а пайшоў у тэхнiкум цераз дарогу ад дому i потым працаваў на аўтарамонтным заводзе з розным жалеззем.

Вова мог няквола выпiць, у тым лiку i за свой кошт.

У адрозненне ад шмат каго з супляменнiкаў Вова пайшоў служыць у савецкую армiю. Праўда, там ён не скакаў з парашутам i не будаваў БАМа, а граў у аркестры на ўдарных, але дружная армейская сям'я ўсё адно хутка падрыхтавала Цымерману нялёгкае выпрабаванне. Двое дзембялёў паклiкалi Вову з рэпетыцыi на паважную размову за казарму. "Слушай, жидяра пархатый, – сказаў, паказаўшы на боты, першы дзембель, родам аднекуль з-пад Растова, – будешь по утрянке вылизывать нам до блеска говнодавы". Другi, больш вытанчаны i адукаваны, бо гадаваўся ў "колыбели революции", iнтэлiгентна дадаў: "В противном случае, сударь, сыграем на ваших гениталиях шестую симфонию Шостаковича". Пасля гэтага Вова паказаў сваiм суразмоўцам пару барцоўскiх штукаў, i да самага развiтання з роднай вайсковаю часткай тыя дзембелi публiчна звярталiся да яго выключна так, як i было загадана, – "господин Циммерман".

Яшчэ Вова быў буйны спецыялiст па жанчынах. Да чутак дадалося i адно маё ўласнае назiранне. Працуючы пасля ўнiверсiтэта ў гарадской газеце, я атрымаў заданне напiсаць рэпартаж, як гараджане дапамагаюць вёсцы. Дабраўшыся з фотакарам пад вечар у калгас, мы заспелi ўсiх памагатых на кiнасеансе ў клубе. Пасля кожнае часткi кiншчык пакутлiва доўга мяняў бабiну i ў залi запальвалi святло. У адным з гэтых перапынкаў я ўгледзеў наперадзе буйную стрыжаную галаву i крутыя плечы Вовы Цымермана, якi абдымаў нейкую маладзiцу. Праз некалькi хвiлiнаў пракураная i запляваная семкамi заля пачула сцiшаны, але выразны Цымерманаў басок: "Слушай, Зинка, надоело. Пойдем лучше пое...ся". "Цiха ты!" – цыкнула Зiнка, i дзве постацi рушылi да дзвярэй.

З сумам мушу зазначыць, што тады я бачыў Вову астатнi раз. Неўзабаве ён паспрабаваў уладкавацца на наваполацкае прадпрыемства пад кодаваю назваю "Измеритель", аднак першы аддзел завярнуў яму дакументы. "Не прошел по шнобелю", – вясёла тлумачыў Вова знаёмым. Але ў душы пакрыўдзiўся i зазбiраўся ў Iзраiль...

Памiж днём, калi я ўзяўся пiсаць гэтыя прыгады, i днём, калi я iх скончыў, была ноч, у якую мне саснiўся Полацак. Чамусьцi ён дужа выдаваў на Нью-Йорк з вядомага фiльма "Аднойчы ў Амерыцы", а мы з сябрамi – на падлеткаў, што зрабiлiся гангстэрамi. Ноч навылёт мы гойсалi па вулiцах, кагосьцi мачылi, рабавалi i гвалцiлi, да апошняга патрона адстрэльваючыся ад мiлiцыi. Ад гэтае стралянiны я i прачнуўся. Ляжаў i ўсцешана думаў, што, дзякуй Богу, нiкога мы з Вовам Цымерманам насамрэч не згвалтавалi, не абрабавалi i не зарэзалi. А таму засталiся ў нас на дваiх успамiны цнатлiвыя ды чуллiвыя, якiмi няшкода i падзялiцца.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю