Текст книги "Гамсахурдзiя - наш чалавек (на белорусском языке)"
Автор книги: Владимир Орлов
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Орлов Владимир (2)
Гамсахурдзiя – наш чалавек (на белорусском языке)
Уладзiмiр Арлоў
Гамсахурдзiя – наш чалавек
На плоце наклеены нясьвежы нумар газэты "Правда". Друкаваны орган прыпыненай партыi абураецца, што мумiю правадыра хочуць вынесьцi з маўзалею й па-хрысьцiянску аддаць зямлi побач з магiлаю мацi. Аргуманты па-бальшавiцку грунтоўныя: вось памруць, маўляў, Мiхаiл Сяргеевiч з Раiсай Максiмаўнай, i заманецца некаму пахаваць iх на Стаўрапольшчыне, каля магiлы мацi былога генсека... Мiж тым, прэзыдэнт не вылазiць з тэлевiзара, прэзыдэнцiха ўчора паведамляла народу, што "передвижники внесли большой вклад в искусство", а прэзыдэнтава мацi днямi яшчэ сядзела на лавачцы пры сваёй сьцiплай стаўрапольскай хацiнцы, казала тэлегледачам, што Мiша быў актыўны камсамолец, i таксама памiраць нiбыта не зьбiралася.
А можа, "Правда" нешта ведае?..
Карацей, думай, што хочаш.
Побач з газэцiнаю матляецца аб'яўка: з 30-га маршрутная таксоўка ў аэрапорт хадзiць ня будзе ў сувязi з паломкаю. А сёньня толькi 25-га. Адкуль вядома, што акурат празь пяць дзён маршрутка паламаецца – загадка.
Але ўсё гэта драбяза.
Вось праблема, вартая iнтэлiгентнага мужчыны: дзе я знаходжуся?
Вакол кiпарысы, горы, жанчыны й гандлёвыя кропкi Абхаскай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi, якая ўваходзiць у склад СССР. Але адначасова яна ўваходзiць i ў Рэспублiку Грузiю, якая ў СССР не ўваходзiць.
Ёсьць толькi адзiн спосаб дабраць тут нейкага сэнсу. Яго завуць Бора Гальперашвiлi. Гэты абхаскi жыд, здаецца, нiколi ня быў нi акцябронкам, нi пiянэрам, не вучыўся нi ў школе, нi ў ВНУ, а ад нараджэньня, паблiскваючы заплылымi тлушчам разумнымi вочкамi, стаяў за стойкаю аднаго з прыморскiх пiцундзкiх бараў зь непрэтэнцыёзнаю назваю "Бар".
З Борам мы пазнаёмiлiся яшчэ на досьвiтку перабудовы, калi аднойчы так заўзята падтрымлiвалi дэмакратычныя працэсы, што потым давялося падтрымлiваць нас. Тады, памятаецца, пляшка цынандалi каштавала ў "Бары" два рублi, а гарачы сакаўны хачапуры – сорак капеек.
Час не спрыяе чульлiвасьцi, i мы з Борам сустракаемся па-мужчынску стрымана. Памiж намi адбываецца першы дыялёг.
– Господин Боря, – кажу я, – изможденный организм жаждет бутылочку цинандали и один хачапури.
– А что, дорогой, – пытаецца "господин Боря", – Белоруссия тоже отделилась?
– А как же, – адказваю я, падазрона пазiраючы на загадзя адкаркаваную пляшку без налепкi, а потым на Бору.
Спакойна вытрымаўшы мой позiрк, Бора цiкавiцца:
– А какая у вас будет валюта?
– Драньки и майсюки, – не змаргнуўшы, адказваю я.
– Интересные названия, – з павагаю кажа Бора.
– Причем, в одном драньке будет 99 майсюков, – помсьлiва дадаю я.
Бора настолькi ўражаны складанасьцю нашай грашовай сiстэмы, што хавае адкаркаваную пляшку без апазнавальных знакаў i адкаркоўвае новую, з налепкай.
– А почему 99, а не 100?
– Потому, что один уже есть.
Гэта мая дробная помста за таямнiцу Абхаскай ССР. Няхай ведае, што й мы ня ў рэшаце яешню смажым.
З пляшкаю залацiстага цынандалi за восем рублёў, з хачапуры амаль бяз сыру й бяз масла, затое за траячку, i зь фiлiжанкаю з адбiтым вушкам (шклянкi ў Абх.ССР цi ў незалежнай РГ ужо скончылiся) я йду да мора й выбiраю сабе абгладжанае хвалямi й выкiнутае ўрэшце на бераг бервяно.
Шторм быў учора. Сёньня зялёныя хвалi ласкава лiжуць бераг. Раз-пораз пенлiвы язык мора дастае да самага бервяна. Тады каменьчыкi ўспыхваюць i пералiваюцца рознымi колерамi, ды хутка зноў робяцца шаравата-аднатоннымi, i толькi рэдкi зь iх не губляе свае барвы.
Зьверху грэе сонца, зьсярэдзiны – цынандалi, зьнiзу – утульнае цёплае бервяно. Магчыма, яго кiнулi ў хвалi турэцкiя працоўныя, каб дапамагчы працоўным незалежнае РГ (цi Абх. ССР) пераадолець энэргетычны крызыс, якi змушае на ўсiм гэтым абшары (незалежна ад уваходжаньня цi неўваходжаньня ў СССР) з 12-цi да 17-цi вырубаць электрычнасьць.
Але выпiць першую фiлiжанку за турэцкiх працоўных я не магу. Бо ў такiм разе мне нiколi не даруе беларускi паэт, прозьвiшча якога я беспардонна выкарыстаў у размове з Борам Гальперашвiлi.
Першыя глыткi я п'ю за Лёню Дранько-Майсюка. Цяпер мяне грэе ня толькi сонца, бервяно й цынандалi, але i ўспамiн пра Лёню. Гэта ён, Лёня, напiсаў мне на сваёй апошняй кнiжцы аўтограф:
Валодзя, дружа, жарты – жартамi,
Ды трэба й гэткага чакаць,
Што будзем хутка з парыжанкамi
Па-беларуску размаўляць.
Я ня супраць. Праўда, парыжанак мне хочацца замянiць на фiлiжанкi. Тады атрымаецца больш сьцiпла й блiжэй да жыцьця...
Палiтыка на гэтай блаславёнай зямлi прысутнiчае сёньня ва ўсiм, нават у цынандалi.
Калi я п'ю за здароўе турэцкiх працоўных, iмя Леанiда Васiлевiча Дранько-Майсюка ў маёй сьвядомасьцi ўжо цалкам выцесьненае iншым – Зьвiяд Канстанцiнавiч Гамсахурдзiя.
Калiсьцi ён змагаўся за правы чалавека, яго садзiлi, ён нiбыта каяўся, выходзiў на волю, зьбiраў дэманстрацыю й вёў яе да Мцхецкага храму. Насустрач Зьвiяду Канстанцiнавiчу выяжджаў Эдуард Амвросiевiч Шэварднадзэ, якi, сеўшы ў крэсла першага сакратара грузiнскага ЦК, перасаджаў, кажуць, 30 тысяч гэтак званых спэкулянтаў i ценевiкоў, за правы якiх, называючы iх прадпрыймальнiкамi, ваюе цяпер у "Движении демократических реформ".
А тады верны ленiнец, брэжневец i андропавец Шэварднадзэ, раскрылiўшы рукi, iшоў насустрач дэманстрантам.
– Чаго ты хочаш, сынок? – пытаўся ён у Гамсахурдзii, спрабуючы абняць яго.
– Нiякi я табе не сынок, – хмурна абзываўся сын клясыка грузiнскае лiтаратуры дысыдэнт Зьвiяд. – У мяне адна мацi – Грузiя, i ты яе прадаў.
Гамсахурдзiю зноў садзiлi, i ўсё паўтаралася. Пра гэта распавядаў мне гадоў дзесяць таму знаёмы грузiнскi мастак – памiж злоснай антысавецкаю показкай пра тое, як Брэжнева вадзiлi па Эрмiтажы (Вось, Леанiд Iльлiч, Гоя, а вось "Дзяўчынка на шары" Пiкаса. – А гэта што за малпа? – А гэта, Леанiд Iльлiч, люстэрка. – А-а, Таркоўскi...), i блюзьнерскай показкай пра тое, як Гiвi намаляваў мадону, аднак "слишком балшой малчык палучился".
Першая пляшка цынандалi, як i часiны застою, калi яна каштавала ня больш за два рублi, ужо сталася гiсторыяй.
У Боры бяруць марозiва салдацiкi Савецкай армii. Лыжачкi ў Абх.ССР (цi ў незалежнай РГ) ужо скончылiся, i Бора падае марозiва зь вiдэльцамi. Воддаль спыняецца машына з трыма грузiнскiмi гвардзейцамi, i памiж мною й Борам адбываецца другi дыялёг.
– Боря, ты хотел бы служить в национальной гвардии?
– ...национальная гвардия... и... – вытанчана й прыгожа лаецца Бора.
– Боря, а в Советской армии ты служил?
– Советская... и... армия... и... – Бора лаецца непрыгожа й нявытанчана.
Вяртаючыся да бервяна, я знарок раблю кругаля, каб прайсьцi побач з нацыянальнымi гвардзейцамi й падараваць аднаму зь iх бел-чырвона-белы значак.
– Ты за Гамсахурдиа? – замест якога-небудзь значка наўзамен, пытаецца гвардзеец, i тры пары цёмных вачэй глядзяць на мяне, нiбыта тры дубальтоўкi.
– Я за демократию, – абачлiва адказваю я пад гэтымi трыма сэктарамi абстрэлу.
– Проходи, – кажа гвардзеец.
Цынандалi з новае пляшкi пераконвае, што вадаправод у "Бары" з 12-цi да 17-цi пакуль што не адключаюць.
Бервяно, мора й цынандалi зноў скiроўваюць мае думкi да загадкi – дзе я знаходжуся? – i да асобы, якая гэтую загадку ўвасабляе.
Чарговая пабыўка Гамсахурдзii на волi атрымалася такая працяглая, што дысыдэнт здолеў ператварыцца ў прэзыдэнта.
Народ любiць свайго прэзыдэнта батона Зьвiяда Гамсахурдзiю. Нiякага сумневу ў гэтым не пакiдае ўчарашнi нумар "Вечернего Тбилиси", што тырчыць у мяне з кiшэнi. "Напрасно враги Грузии, – напiсана ў iм на першай старонцы, тешат себя надеждой, что наш народ устал в борьбе за независимость и демократию. Он неутомим, как и его Президент. Проискам врагов мы противопоставим сплоченность и единство. Те же, кто выступает против народа, будут сурово наказаны".
Ад гэтых суворых слоў лёгкi хмель пакiдае мяне, i я пасьпешлiва напаўняю фiлiжанку, каб адагнацца ад халоднае думкi, цi не выступаю я супраць народу, што супрацьпаставiць мне сваю згуртаванасьць i адзiнства.
З газэтнае паласы на мяне дапытлiва глядзiць дарагi батона прэзыдэнт. "Хай смутак нiколi ня росiць вачэй тваiх добрых i ясных", – выплываюць на памяць словы зь лiста беларускага народу да вусатага суайчыньнiка дарагога батона прэзыдэнта.
Тамсама, на першай старонцы, пад партрэтам дарагога падвярстаны лiст армянаў, якiя дзякуюць "и лично дорогому президенту" за адкрыцьцё ў грузiнскай школе армянскае клясы.
Учора ўвечары, калi далi электрычнасьць, па першай праграме TV паведамiлi, што ў Тбiлiсi за арганiзацыю забастоўкi арыштавалi старшыню грузiнскага дзяржтэлерадыё й яшчэ дзевяць апазыцыянэраў. Тэлежурналiсты па-ранейшаму бастуюць, i па тбiлiскай праграме йдуць адно iнфармацыйныя выпускi й амэрыканскiя баявiкi.
У вечаровым выпуску паказваюць мiтынг. На iм выступаюць: прыгожая жанчына ў чорных панчохах, непрыгожая жанчына ў чорных панчохах i з вусамi, неiнтэлiгентны мужчына ў чорных акулярах з падазрона аттутураным крысом пiнжака й сам батона прэзыдэнт. Ён чыста выгалены, але ўсё адно цяжка пазбыцца моцных асацыяцый з фiдэлеўскай смаляной барадою. Над натоўпам падымаецца збой партрэтаў дарагога батона.
Пасьля iнфармацыйнага выпуску круцяць вэстэрн пра iндзейцаў, якi, мусiць, нiдзе, апрача Абх.ССР (цi незалежнай РГ), ня ўбачыш. Фiльм iдзе па-ангельску, унiзе паўзуць гiероглiфы японскiх субтытраў, за кадрам гучыць пераклад то на грузiнскую, то на расейскую, то на нейкую зусiм незнаёмую мову. Напэўна, паказ наладжаны адмыслова дзеля дарагога прэзыдэнта, якi ведае зь дзясятак моваў.
З боку Турцыi хвалi павольна падганяюць два бервяны й яшчэ нешта незразумелае.
Яшчэ адна фiлiжанка за туркаў, i неўпрыкмет я апынаюся ў смузе колеру разбаўленага цынандалi. У ёй пачынае вымалёўвацца нейкая выснова. Вось зараз я ўхаплю яе за хвост, але...
Але ў гэтай залацiста-празрыстай смузе па пляжы – быццам кагадзе сыйшоў з тэлеэкрану – сунецца ў белых штанах генэрал КГБ Алег Данiлавiч Калугiн. Ён без накладной барады й чорных акуляраў i вiдавочна не падобны да зацкаванага людзьмi Гамсахурдзii агента (хай сабе й адстаўнога) варожай дзяржавы. Значыцца, я ўсё ж у Абх. ССР.
– Господин Калугин! – гукаю я, падымаючыся зь бервяна.
Ён ня ўздрыгвае й не палохаецца. Здаецца, яму нават прыемна, што яго пазналi. Генэрал стамiўся безь вядомасьцi, ваюючы на таемных франтох барацьбы зь iмпэрыялiзмам.
– Г-н Калугин! Интервью для белорусской газеты "Наша Нiва"! Первый вопрос: Вы прибыли сюда в качестве агента Кремля?
Генэрал аблiвае нахабу прафэсiйным лiпуча-чэпкiм позiркам i дастае з кiшэнi асадку "паркер". Мяне працiнае: вось стрэлiць зараз якой-небудзь атрутнай стралой...
– Так вы из Минска? – Ён хавае "паркер" у кiшэню. – Что-то вы не очень похожи на белоруса.
Нiякiх дакумантаў у мяне з сабою няма, i замест iх я пачынаю чытаць генэралу верш Рыгора Iванавiча Барадулiна:
Трэба дома бываць часьцей.
Трэба дома бываць ня госьцем...
– Это намек? – пытаецца пiльны спадар Калугiн.
Я прапаную яму разбаўленага цынандалi ймя Боры Гальперашвiлi. Генэрал адмаўляецца. Магчыма, прычына ў тым, што фiлiжанка ў мяне адна, а йсьцi па другую да Боры неахвота.
Банальная iдэя наконт iнтэрвiю ўжо пакiнула мяне.
Ну, пайшоў ён у ворганы адразу пасьля фiлфаку Ленiнградзкага ўнiвэрсытэту (цi не пастукваў, як быў студэнтам?). Ну, сядзеў на "дыпляматычна-журналiсцкай" пасадзе ў ЗША, закупляючы рэдактараў эмiгранцкiх выданьняў. Ну, выдаваў пад псэўдонiмам "О. Кедров" свае кнiжкi, дзе выкрываў акулаў капiталiстычнага сьвету. Ну, ажанiўся зь Людмiлай Вiктараўнай (яна ўжо зьявiлася на даляглядзе й занепакоена наблiжаецца да нас у штанах колеру бэж). Ну, працуе яна, скончыўшы пэдынстытут, у Iнстытуце ЗША й Канады. (Мы й так ведаем, што якраз у пэдынстытутах i рыхтуюць гэткiх спэцыялiстаў.) Усё гэта неiстотна.
Новую фiлiжанку я п'ю за генэрала Калугiна, найлепшага з усiх прадстаўнiкоў ягонага ведамства, якiх я дагэтуль ведаў.
Ён не паказваў мне сваёй корачкi, не выклiкаў мяне ў бюро прапускоў, не казаў пра "нагнетание националистических страстей в некоторых рассказах". Урэшце, нават апазнаў ня ён мяне, а я яго.
За вас, генэрал!
Людмiла Вiктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалi, i яны аддаляюцца ўздоўж шампанiстага прыбою. Iхнi ўлюбёны адпачынак – дваццацiкiлямэтровая прыморская прагулянка.
За вас, Алег Данiлавiч i Людмiла Вiктараўна!
Як кажуць у вас у Расеi, скатертью дорога!
Я гляджу на мора. Таямнiчая рэч, якую несьлi хвалi, ужо блiзка. Гэта абшарпанае драўлянае крэсла. Напэўна, яго таксама прыслалi турэцкiя пралетары, прачытаўшы ў газэце, што ў нас крызыс з мэбляю. Я выцягваю аблупленае крэсла з вады й кладу яго на жвiр сушыць.
У яго толькi тры нагi, але на iм можна сядзець, што я й раблю, дапiваючы за турэцкiх пралетараў апошнiя глыткi. На ўсялякi выпадак я пералiчваю грошы й гляджу на Бору. Крэсла, як быццам прадчуваючы хуткае расстаньне, ня хоча адпускаць мяне.
Памiж мною й Борам адбываецца трэцi дыялёг.
– Кто этот человек? – ён кiвае ў той бок, куды пайшоў генэрал.
– Это Калугин, – адказваю я. – Ну тот, генерал КГБ.
– ... и... КГБ... – кажа Бора.
За час, пакуль я гаварыў з генэралам i сушыў турэцкае крэсла, у "Бары" прычынiлася падвышэньне коштаў на цынандалi й хачапуры, аднак мне як старому клiенту Бора адпускае яшчэ па старым кошце. Ягоны позiрк раптам робiцца загадкавы й скiраваны некуды паўзьверх майго пляча.
Я адварочваюся ад стойкi й бачу побач са сваiм крэслам нейкага чалавека.
– Эй! – вясёла крычыць ён. – Это твоя стула?
– Моя!
– Можно, я заберу?
– Нельзя!
– Спасибо! – крычыць незнаёмы грамадзянiн Абх.ССР (цi незалежнай РГ), пасылае мне сарамяжлiвы позiрк i, прытулiўшы да грудзей турэцкае крэсла, шпаркай ступою кiруецца ў кiпарысавыя прысады.
На шчасьце, захапiць з сабою маё цёплае бервяно ён ня здолеў. Я прыхiнаюся да яго, расьсьцiлаю газэту "Вечерний Тбилиси", кладу побач з партрэтам Гамсахурдзii свой трэцi хачапуры, дзякую Бору й асабiста дарагому прэзыдэнту й пагружаюся ў залацiстую смугу.
Перада мною мора, усьцяж якога шпацыруе генэрал Калугiн. За мною горы, за якiмi сядзiць генэрал Дудаеў. Галаваломнае пытаньне Абх.ССР i незалежнае РГ абрастае новымi варыяцыямi: Грузiя ўваходзiць у Абхазiю, СССР выходзiць з Грузii, я выходжу з СССР, СССР выходзiць зь мяне...
Чамусьцi ад усяго гэтага мяне наведвае востры прыступ самоты. Сьвет здаецца страшэнна няпэўным i крохкiм. Ён гатовы абрынуцца на мяне й пахаваць пад сваiмi руiнамi. Шукаючы духоўнага апiрышча, я гляджу на фiлiжанку з адбiтым вушкам. Яшчэ iмгненьне, i ад роспачы я загавару зь ёю па-беларуску, спраўдзiўшы адрэдагаванае абяцаньне Лёнi Дранько-Майсюка.
I тут з залацiстае смугi прыходзiць паратунак. З гэтае смугi колеру разбаўленага цынандалi ймя Боры Гальперашвiлi выплывае выснова, якая ўкладваецца ў тры словы: Гамсахурдзiя – наш чалавек.
Каб не забыцца, я пiшу iх на вiльготным пяску буйнымi лiтарамi:
ГАМСАХУРДЗIЯ – НАШ ЧАЛАВЕК.
Праз хвiлiну мне здаецца, што гэта ня надта патрыятычна, i побач я дапiсваю:
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Сьвет вакол мяне зноў набывае ўстойлiвасьць i надзейнасьць.
– Гамсахурдзiя – наш чалавек, – уголас прамаўляю я, дажоўваючы апошнi кавалак гумовага хачапуры й запiваючы яго апошнiм глытком Боравага цынандалi, у чыiм непаўторным букеце яўна прысутнiчае хлёрка.
Няроўны белы язык хвалi лiжа мой надпiс. На пяску застаецца толькi:
НАШ БЕЛАРУСЬ!
Даволi доўга я гляджу на гэтыя шматзначныя словы з каўкаскiм акцэнтам. Потым падымаюся i йду да Боры.
Надыходзiць чульлiвая хвiлiна разьвiтаньня. Я люблю Бору Гальперашвiлi й адчуваю патрэбу сказаць яму нешта цёплае. Наш чацьверты дыялёг зусiм кароткi.
– Калi ты прыедзеш у Беларусь, – кажу я, – цябе будуць зваць Гальпяровiч.
Не азiраючыся, каб не пусьцiць скупую мужчынскую сьлязiну, я йду ў авiякасу.
Лiстапад, 1991 г.