355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Владимир Орлов » Не гуляйце каля статуi Свабоды (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Не гуляйце каля статуi Свабоды (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 05:18

Текст книги "Не гуляйце каля статуi Свабоды (на белорусском языке)"


Автор книги: Владимир Орлов



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Орлов Владимир (2)
Не гуляйце каля статуi Свабоды (на белорусском языке)

Уладзiмiр Арлоў

Не гуляйце каля статуi Свабоды

У сёмай клясе наш настаўнiк геаграфii стварыў турыстычны гурток. Праграма дзейнасьцi была зразумелая й простая, як абвешчаны Хрушчовым плян пабудовы камунiзму. Увечары мы хадзiлi на таварную станцыю разгружаць вагоны, каб на атрыманыя грошы ўлетку падарожнiчаць. Хадзiла пагудка, што палову нашага заробку кiраўнiк гуртка прысабечыў, але мы не затаiлi на яго крыўды, бо на астатнiя грошы ён павёз нас у Рыгу.

Рыга была маiм першым вялiкiм горадам.

Падчас разгрузкi вагонаў скрыня з бутэлькамi адцiснула нагу майму аднаклясьнiку Вiцю Скрыпкiну, i ён доўга кульгаў. Вiцю перавялi да нас у трэцяй клясе, i мы глядзелi на яго як на дэбiла. Дый хто яшчэ ў нашым уяўленьнi мог вучыцца ў адзiнай у Полацку беларускай школе, якую якраз тады па просьбах працоўных зачынiлi?

З тых часоў Скрыпкiну вечна не шанцавала. У Рызе ён адно пацьвердзiў сваю рэпутацыю няўдатнiка. На экскурсii ў зьвярынец Вiцю найбольш спадабалася лама, што падыйшла да самае агароджы й рахмана глядзела на нас пукатымi вачыма нашага завуча Розы Iзрайлеўны. Адламаўшы дубчык, Скрыпкiн засунуў яго ламе ў наздрыну i задуменна круцiў там, пакуль зьняможаная гэткiм экспэрымэнтам жывёлiна ня чхнула юнаму натуралiсту проста на галаву. У вынiку ў маiм дзёньнiку, дзе я да непрыстойнасьцi цнатлiва прызнаваўся ў каханьнi да аднаклясьнiцы Люды, зьявiўся ляпiдарны запiс: "В зоопарке лама чихнула на Скрипкина".

Але гэта было ня самае моцнае рыскае ўражаньне. Ня самым моцным было й тое, што ў трамваi з мноствам вольных сядзеньняў мяне зь Вiцем прымусiлi падняцца й саступiць месца дзьвюм бабулям, i тое, што вакол гаварылi не па-расейску, як у нас, у Полацку, а на зусiм незразумелай мове (балазе, настаўнiк геаграфii папярэджваў, што ў Латвii жывуць нацыяналiсты).

Наймацнейшым маiм уражаньнем было мора. Плюхаючыся на юрмальскiм плыткаводзьдзi памiж далёкiмi караблямi й блiзкiмi, парослымi хвоямi выдмамi, я злавiў сябе на тым, што пачаў размаўляць зь iм, з морам, i папрасiў у яго зрабiць маё пачуцьцё да аднаклясьнiцы Люды ўзаемным.

Мора не дапамагло, але з таго часу я заўсёды гавару зь iм i чаго-небудзь у яго прашу.

Гэтыя чульлiвыя прыгады спавiваюць мяне ў купэ мiжнароднага цягнiка Менск-Талiн, вядомага яшчэ як "Чайка". За вакном мяняюцца ахайна-халаднаватыя летувiскiя краявiды; сям-там трапечацца на ветры тутэйшы трыкалёр, пад якiм вяртаецца да ўлады цi то понас цi то таварыш Бразаўскас зь ягонай былой кампартыяй i жыве мой сябра гiсторык Гедымiнас, якога днямi ўжо не пусьцiлi ў архiў КГБ.

Пасьля першай дзiцячай вандроўкi рыскiя пеўнi безьлiч разоў сустракалi мяне зь менскiх i полацкiх цягнiкоў i аўтобусаў, i мне здавалася, што нi ў воднага зь iх нi разу ня ўзьнiкла ахвоты зьляцець са свайго сьпiчака й дзюбнуць мяне ў тое месца, дзе сьпiна страчвае сваё годнае найменьне.

Я пiў з бочкi на хутары пад Рыгаю свойскае пiва на латыскае Купальле Лiго i, не шкадуючы нырак, асушаў кухаль за кухлем у рыскiм бары "Zеm оzоlа", а па-наску – "Пад дубам", дзе праводзiў выязное паседжаньне наш загнаны ў падпольле факультэтаўскiм начальствам гiстфакаўскi "Клюб аматараў пiва".

Я слухаў арганныя канцэрты ў Домскiм саборы i слухаў на прыдзьвiнскай эсплянадзе бывалага марака Мiшу, што пад мэлёдыю завойнага шлягеру "Сiнi лён" у выкананьнi Ларысы Мондрус апавядаў мне пра рыскiя падпольныя публiчныя дамы, у адным зь якiх ён, нацягнуўшы нагавiцы, прачытаў суровае маральнае настаўленьне дзяўчу, што кагадзе дзялiла зь iм ложак.

Аднаго разу ў студэнцтве я прымудрыўся зьезьдзiць у Рыгу зайцам. (Грошай хапала толькi на пiражкi й дарогу ў адзiн канец, i я разважыў, што лепей пакiнуць iх на зваротны шлях.) Блукаючы пасьля неспакойнай зайцовай ночы па старым горадзе, я апынуўся каля разнасьцежанага вакна: за iм гралi на пiянiне Шапэна, а на падваконьнi пад аховаю сiямскага ката дымеў вялiкi сiнi кубак з каваю. Ад'яжджаючы ўвечары ў Полацак, я ўпершыню ў жыцьцi ўбачыў хлопца ў белых штанах. Калi праваднiца выцягнула жоўты сьцяжок, ён укленчыў у запляваным тамбуры i апошнi раз абняў сваю дзяўчыну, што заставалася на рыскiм пэроне. З таго часу ў слове Рыга мне чуюцца яшчэ прэлюды Шапэна, пах кавы, кацiнае вуркатаньне й сьмешныя словы закаханага юнака ў белых штанах з чорнымi каленямi.

Я люблю цябе, Рыга, i тое, што я ўжо два гады не хадзiў па тваiх вулках, успрымаецца як нейкая недарэчнасьць.

Я люблю цябе, Рыга, i ў вагонным вакне ўжо плывуць твае пеўнi.

У гэтай Рызе ня граюць за расчыненымi вокнамi Шапэна й ня ставяць на падваконьнi кубкаў са сьвежазваранаю кавай. Рэч, мабыць, ня толькi ў тым, што на двары восень.

Пазамiнулым лiстападам разам зь лiстотаю рыскiх лiпаў i клёнаў з дамоў абляцелi шыльдачкi са старымi назовамi. Вулiца Ленiна ператварылася ў Брывiбас, гэта значыць, Свабоды, а вулiца Кiрава й наогул зрабiлася Элiзабэтас.

Мужчыны ў белых штанах сустракаюцца на гэтых вулiцах значна радзей, чым мяняльныя канторы, дзе за нашыя "зайчыкi", цi, як той казаў, "шышкебiчы", вы не атрымаеце анiводнага латыскага "рэпшыка", а за сотню расейскiх "ленiнак" вам адшпiляць 45 рублiсаў – пражыцьцёвы дзённы мiнiмум беспрытульнага рыскага ката.

Побач са мною йдзе па Элiзабэтас чалавек, iмя якога вядомае з двух бакоў беларуска-латыскае мяжы. Гэта мастак Вячка Целеш, таму няма нiчога дзiўнага, што неўзабаве мы апынемся ў Вячкавай майстэрнi на Брывiбас, дзе на мальбэрце пачаты партрэт Зоськi Верас.

Раней на прытульнае Целешава гарышча, зь якога беларусы мелi выхад да мора, паказваў рукою бронзавы правадыр. Цяпер Лукiча прыбралi, затое – каб мастаку не было маркотна – зьявiўся сын колiшняга гаспадара дома, якi выцягнуў адпаведныя паперы й запатрабаваў за арэнду трыста на месяц, прычым ня рублiсаў, а даляраў.

Ад гэткае навiны робiцца нiякавата нават мне, госьцю, што трымае ў адной руцэ кiлiшак, а ў другой – крыло вэнджанай курыцы. Што ўжо казаць пра гаспадара, якi звычайнае гарышча, дзе марцавалi рыскiя каты, ператварыў у атэлье, вартае Манмартру й Манпарнасу.

На добры лад гэтыя трыста даляраў павiнна было б узяць на сябе Мiнiстэрства культуры РБ. У Вячкавай майстэрнi перавярнулася добрая палова нашага Саюзу мастакоў i чвэртка Саюзу пiсьменьнiкаў. Зь яе вакна бачылi вежачку на даху суседняга дома Ўладзiмер Караткевiч i Рыгор Барадулiн, Стафанiя Станюта й Павал Дубашынскi.

Калi ў Мiнiстэрства няма грошай на майстэрню, дзе апрача музаў зьбiраюцца на свае паседжаньнi сябры беларускага культурнага таварыства ў Рызе "Сьвiтанак", няхай купляе на рынку коцiка-скарбонку й пачне зьбiраць СКВ хоць на Целешаву Кнiгу гасьцей. Ужо сёньня гэты фалiянт у брунатным пераплёце дасьць фору шмат якiм зборам твораў. Ня буду стамляць iмёнамi народных i заслужаных (афiцыйна й не), вядомых i невядомых (накшталт аўтаркi сьцiплага запiсу "Вячку я считаю мужчиной"), жывых i адляцелых у вечны вырай, дзе iх таксама грэе ўспамiн пра рыскае гарышча.

Адных вершаў тут хопiць на самавiты зборнiк – ад просьценькiх спробаў зарыфмаваць "Целеш" – "келiх" да выведзеных цьвёрдай рукою Караткевiча амаль клясычных радкоў:

З майстэрнi мiлай пана Вячкi

Паўзьлi мы ледзь не на карачках.

I дух наш ледзь трымаўся ў целе,

Калi дамоў пусьцiў нас Целеш.

Настальгiю па былых часiнах, калi спадар Лецка яшчэ не ўзначальваў беларусаў сьвету дый усе мы жылi лёгка й бесклапотна, абуджаюць радкi ахвярнага песьняра Целешавага Парнасу С.Панiзьнiка:

Хто нi быў у майстра Вячкi!

I лiцьвiнкi, i палячкi

Заключалi творчы пакт.

Вось вам ню, а вось вам акт...

Свой хацеў пакiнуць ген

Лецка, той, якi – Яўген...

О tеmроrа, о mоrеs!

Пакiдаючы мяне нанач у майстэрнi, гаспадар раiць не хадзiць на вечаровы шпацыр. Найлепей бавiць рэшту вечара тэт-а-тэт зь ягонай найбагацейшаю ў сьвеце калекцыяй беларускiх паштовых картак. (Выдавецтва "Беларусь" ня мае сродкаў на выданьне ягонай кнiгi "Гарады Беларусi на старых паштоўках", i Вячка спадзяецца на фундатараў.) У тым разе, калi я засумую над карткамi, маю адзiноту можа разьвеяць чэрап на палiцы. Перахапiўшы мой позiрк, гаспадар кажа, што некаторыя з начлежнiкаў i нават (што ўжо зусiм недаравальна) зь дзеячоў нацыянальнага адраджэньня прыкрывалi чэрап газэцiнай, хоць ён, Вячка, i папярэджваў, што гэты знойдзены археолягамi чэрап насiла на сваiх плячох простая беларуская жанчына аднекуль з-пад Ваўкавыску.

Карацей кажучы, чым бадзяцца па сталiчных вулках, лепей пасядзець з чэрапам беларускай жанчыны. Днямi каля манумэнту Свабоды абрабавалi самога амэрыканскага пасла, якi, мабыць, вырашыў сустрэцца з латыскiм народам.

Я, дзякаваць Богу, не пасол, шмат у мяне не нарабуеш, а таму я заходжу ў густа сьпiсаны кiрылiцаю лiфт i празь дзесяць хвiлiнаў у чаканьнi магчымых экспрапрыяцыяў наблiжаюся да статуi Свабоды. Мяне займае адзiн iстотны аспэкт нацыянальнага пытаньня. А менавiта: цi лягчэй разьвiтвацца з грашыма, калi злодзеi гавораць з табой на тваёй мове?

Рабаўнiкоў на прыцемных цэнтральных вулiцах з выключанай рэклямаю пакуль не вiдаць, як, зрэшты, амаль не вiдаць i верагодных ахвяраў. Мабыць, i адныя, i другiя яшчэ сядзяць ва ўтульных рыскiх кавярнях. Пералiчыўшы свае цэлыя рублiсы, я вырашаю таксама неадкладна заняць месца за столiкам. Мяне чакае жорсткае расчараваньне. Кавярняў процьма, але ўсе яны, за выключэньнем пары валютовых, ужо зачыненыя, хоць на гадзiньнiку яшчэ бяз чвэрцi восем. Напэўна, скончылася кава, а магчыма – наведнiкi. Грэючы душу астатняй надзеяй, кiруюся ў знакамiтыя "12 крэслаў" каля Домскага сабора. "12 крэслаў" на замку, перададзены вернiкам сабор – таксама.

Улякнуўшы ў падваротнi нейкую даму з сабачкам, я падымаюся ў знаёмым лiфце. Гэтым разам сьвятло запальваецца ў iм адно тады, калi я, зачынiўшы дзьверы, нейкiм дзiвам намацваю ў мораку патрэбную кнопку.

У майстэрнi праблемаў са сьвятлом ня ўзьнiкла, аднак зьявiлiся iншыя: а дзевятай гадзiне вечара адначасова адключылiся вадаправод i ацяпленьне.

За вокнамi рэдка сьвяцiўся гатэль "Латвiя" й ляжала цёмная, як цешчына вёска, сталiца незалежнае Латвiйскае Рэспублiкi.

Я доўга пахаджаў па выстылым гарышчы, пiў сам з сабою сьветлае грузiнскае вiно, ад якога рабiлася яшчэ халадней, i гаманiў з жанчынаю з-пад Ваўкавыску.

Стоена й гаркава пахлi прывялыя бэзавыя хрызантэмы. Шкрэблася ў кутку адубелае мышанё. У цьмяным старадаўнiм люстры клубiлiся мае й чужыя ўспамiны.

Майстэрня напоўнiлася гаманою, шэптамi, пацалункамi... Я крыху распрануўся i даў нырца пад тры коўдры, дзе ўжо даўно, скруцiўшыся ў клубочак, соладка пасопвала на канапе мая азяблая душа.

З усiх рыскiх пеўняў найблiжэй да неба той, што атайбаваўся на саборы сьвятога Пятра. Падняўшыся на сотню мэтраў, я стаю пад ягоным крылом i гляджу ў бок мора. Зьнiзу, з пляцу, плыве ў марозным паветры музыка: скрыпка, акардэон i басэтля. Такую мэлёдыю, толькi выдзьмутую з дуды-дудаса я чуў на вясковым беларуска-латыскiм вясельлi паблiзу Рыгi, дзе пазнаёмiўся з Андрысам.

Андрыс адседзеў тры гады за тое, што павесiў над сельсаветам латыскi нацыянальны сьцяг. "Запомнi, Володя, – казаў ён мне, – русские никогда не будут здесь хозяинами. Если бы ты был русский, я бы с тобой не сел выпить". Праз пару месяцаў Андрыс у штармавую ноч уцёк на маторцы на швэдзкую выспу Готлянд.

Спусьцiўшыся з сабора, можна паслухаць музыкаў, пакласьцi iм нешта ў капялюш i рушыць далей. А можна й не пакласьцi.

Зусiм ня так проста разьмiнуцца з музыкамi, што ўладкавалiся ў вузкiм аркавым праходзе па дарозе да сабора сьвятога Яна. На выхадзе скрыпач, не пакiдаючы граць, заступае вам дарогу, у пяшчотным голасе скрыпкi праразаюцца сталёвыя ноткi эпохi незалежнасьцi й эканамiчнага абвалу, i рука сама сабою цягне з кiшэнi пяць рублiсаў.

У электрычцы, што вязе мяне ў Юрмалу, да мора, я разгортваю сьвежы нумар газэты "Советская молодежь". Зрэшты, так газэта звалася раней. Цяпер гэтае заслужанае выданьне выходзiць пад таямнiчай назваю "СМ – сегодня". Што такое СМ – здагадвайцеся самi. "Современная молодежь? Совковая? Суверенная? Счастливая?" А ня выключана, што i "М" – гэта зусiм не "молодежь". "Макулатура? Макуха? Малина?.." Што б там нi было, два тузiны бутлiкаў дэзадаранту для цела "Лунная ночь", што стаяць каля лiфту ў Вячкавым пад'езьдзе на Брывiбас, выжлукцiла вiдавочна СМ.

На першай старонцы эксклюзыўнае iнтэрвiю з намесьнiкам камандзера рыскага ОМОНу. "Год пребывания в следственном изоляторе мало изменил его внешне, – з замiлаваным дамскiм прыдыханьнем паведамляе газэта, – разве что прибавили взрослости усы. В свои 32 года он по-прежнему любит покушать, но теперь вынужден еще глотать таблетки: развившийся здесь ситуационный невроз и заметно усилившийся логоневроз (заикание) – симптомы условий жизни, изменившихся не по его воле". Значыцца, жыў-быў сабе сьцiплы расейскi хлопчык, "кушал", хадзiў у бiблiятэку чытаць кнiжкi i раптам – нi з пушчы, нi з поля – "изменились условия жизни".

Прафэсiйна акцэнтаваны здымак: бамбiза ў профiль з кветачкай у руцэ, на заднiм пляне – краты й ахоўнiк. "Я просто хочу дать им шанс", – пачынае сваё iнтэрвiю гаротны хлопчык Сярожа. Дыяпазон шанцаў, што даюць хлопцы з такiмi патылiцамi, настолькi вузкi, што чытаць далей нецiкава.

Станцыя Прыедайнэ. Тут жыве мастак Валеры Дэвiскiба. "Дэ" пiшацца разам, бо Валеры нiякi не вiконт i ўвогуле не француз, а беларус, якога мацi нарадзiла ў фашыстоўскiм канцлягеры й якi потым падаўся зь Беларусi шукаць шчасьця ў Эўропу – у Латвiю. Праўда, Бацькаўшчына не адпускала, i Валеры то маляваў Скарыну, то ехаў з паходным мальбэртам на родную Гомельшчыну, дзе быў затрыманы мiлiцыяй у прыбiральнi на аўтастанцыi, калi мыў запэцканыя фарбамi рукi: пiльны наведнiк прыбiральнi паведамiў ворганам, што забойца змывае кроў.

Аднойчы Валеры стварыў мой партрэт. Гэта здарылася ў чарнобыльскiм 1986-м годзе, калi я прыехаў на ўзмор'е ў пiсьменьнiцкi Дом творчасьцi "Дубулты".

За сьценамi нашага флiгелю шумела мора i – кантрапунктам – прыбярэжныя хваiны. У бары можна было ўбачыць нездаровы азызлы твар рэдактара "Литгазеты" i аднаго з фурманаў яшчэ нерастрэсенага возу СП СССР Аляксандра Чакоўскага зь нязьменнаю люлькаю ў зубох. Па беразе, дыхаючы марскiм паветрам, ад вiдна да вiдна шнуравалi натоўпы адпачывальнiкаў; сярод iх быў мой сусед па сталоўнi маскоўскi нiбыта лiтаратар, што паўсюль цягаў з сабою яшчэ рэдкi тады мiнiяцюрны Раnаsоniс i колькi разоў напужаў сабратоў па пяру, пракруцiўшы iхнiя вольналюбiвыя выказваньнi наконт "Софьи Власьевны", як дзеля кансьпiрацыi называлi савецкую ўладу некаторыя расейскiя iнтэлiгенты. Уладар Раnаsоniс'а пазнаёмiўся з пагляднай гамяльчанкаю й канфiдэнцыйна пацiкавiўся ў мяне, цi перадаецца радыяцыя полавым шляхам. Я запэўнiў калегу, што абавязкова перадаецца, прычым у небясьпечных дозах.

Стаяў халодны, з прымаразкамi, верасень, але ў нашых пакоях было так цёпла, што я спаў пад адной прасьцiнай. Аднае начы я прачнуўся ад вусьцiшнае халадэчы i, надзеўшы на сябе ўсё, што меў, да самае ранiцы ляскаў зубамi. На пытаньне, чаму выключылi ацяпленьне, пакаёўка сказала, што ўначы Чакоўскi ад'ехаў у Маскву.

Найбольш пакутаваў ад холаду мой сусед зьлева, сiвы кульгавы сын каўкаскiх вяршыняў. Ён распачаў з дырэктарам Дому творчасьцi барацьбу за грамадзянскiя правы шараговых пiсьменьнiкаў, сабраў подпiсы, i праз тыдзень батарэi зноў нагрэлiся. Шчасьлiвы змагар у адзiноце адзначыў перамогу, выйшаў з нумару, i, забурыўшыся, са страшэнным грукатам скацiўся па стромкiх драўляных сходах на першы паверх.

Мой сусед зьлева ад холаду не пакутаваў. Ён быў сынам азэрбайджанскага мiнiстра i, мяркуючы па гуках з-за сьцяны, заложна зьбiраў матэрыял для будучага сэкс-баевiка.

Адна пiсьменьнiца з гораду на Няве на грамадзкiх пачатках займалася тады маёй адукацыяй. Яна ведала Льва Гумiлёва i выклiкала зь iм разам нейкiя трансцэндэнтныя сiлы, пасьля чаго адчайныя экспэрымэнтатары нiбыта апынулiся ў тэлефоннай будцы на другiм канцы гораду.

Нядаўна Гумiлёў апынуўся значна далей. Засталася ягоная тэорыя этнасаў, згодна зь якой памiж этнасамi йснуе невiдочная сувязь, што выяўляецца або ў прыязнасьцi або ў адкрытым адштурхоўваньнi – нешта накшталт узаемадачыненьняў плюсавых i мiнусавых часьцiнак у сьвеце электрамагнiтных хваляў. Паводле Гумiлёва, на ўзроўнi супэрэтнасаў нiякай натуральнай прыязнасьцi аднаго да аднаго нарадзiцца ня можа. Напрыклад – памiж этнасамi заходне– i ўсходнеэўрапейскiмi. Прыбалтыку ён адносiў да заходнеэўрапейскага, i яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, калi яна была вiзытнаю карткай савецкай iмпэрыi, а я разгружаў з турыстычным гуртком вагоны, пiсаў, што Балтыя неадменна пойдзе на Захад, бо той лiчыць яе хоць i задворкамi, але – сваiмi.

З думкаю, да якога супэрэтнасу належаць беларусы i ад каго яны мусяць непазьбежна адштурхоўвацца, я выходжу ў Дубултах з электрычкi й заглыбляюся ў жоўта-зялёныя ад лiстоты й колеру будынкаў юрмальскiя вулачкi.

Зачыненыя кавярнi з бруднымi вокнамi. П'яная расейская жанчына просiць пяць рублiсаў на чыёсьцi пахаваньне. У двух дзейных шапiках прадаюцца лiтаратурна-мастацкiя творы з сэрыi "Жесткий секс для взрослого чтения" па 10 рублiсаў за штуку. "Приключения молодой женщины" заважылi на ўсе 15. Магчыма, iх выдае сын азэрбайджанскага мiнiстра.

Павыбiваныя й застаўленыя фанэраю вокны нацыяналiзаванага пансiянату "Прибалтика". Дом творчасьцi сёлета таксама вярнулi латыскаму народу, прычым кажуць, што ў працэсе вяртаньня былому дырэктару далi аўтаматным прыкладам па галаве.

Не сказаць, каб я надта шкадаваў адданага прыхiльнiка раманаў А. Чакоўскага, але йсьцi да Дому творчасьцi мне неахвота. Замест гэтага я паварочваю да мора.

Ад колiшнiх гаманлiвых гурмаў савецкiх працоўных, што прыяжджалi прыгожа адпачыць i паправiць здароўе працэдурамi ды гарэлкаю "Кристалл" з рыскiм бальзамам, цяпер засталося толькi некалькi самотных постацяў. Я вiтаюся з морам, i нiхто не замiнае нашай элегiчнай размове.

З выкiнутых хвалямi галiнак хтосьцi выклаў iмя жанчыны, а можа – коткi цi птушкi – Люка. Я падымаю ўторкнутую ў кружок ад лiтары "ю" гронку арабiны. Ягады халодныя й гаркавыя, але iх хочацца зноў i зноў.

На станцыi Маяры ўдаецца знайсьцi адчыненую кавярню. Яна сустракае мэлёдыяй "Yesterday" i пахам сапраўднае кавы. Гэтая ўтульнасьць, кава, узьбiтыя вяршкi й булачкi з разынкамi здаюцца асколкамi iншага сьвету, i ў маёй грэшнай галаве варушыцца блюзьнерская антыдэмакратычная й агiдная мне самому (але, зараза, варушыцца) думка: што ўсё ж лепей – быць параднай брамаю азiяцкай iмпэрыi цi задворкамi эўрапейскай цывiлiзацыi?

Нешта падобнае вiдавочна рупiць i маiм спадарожнiкам па электрычцы. Адна пара гаворыць па-расейску, другая – па-латыску. "Вот и получили Латвию, свободную от всего", – кажа "русскоязычная" кабецiна й апавядае пра якуюсьцi цi то кладаўшчыцу цi то таваразнаўцу Веру, што ня здала абавязковага iспыту па латыскай мове, бо ня ведала галоўных твораў тутэйшага мэтра жывапiсу.

Пра што гамоняць латышы, я не разумею. Не разумею, апрача таго, што гаворка йдзе пра Дайнiса Iванса, зь якiм я маю гонар быць знаёмым з часоў латыска-беларускага змаганьня супраць праекту Даўгаўпiлскай ГЭС.

Мы былi з Дайнiсам у 1986-м на водным ральлi пратэсту па Дзьвiне; яно пачыналася на мяжы, у Друi, а таму ў менскiх касах нiякiх квiтоў туды не было, хоць бесьперасадачныя вагоны "Менск-Друя" йшлi пустыя.

Я бачыў, як Дайнiс iрваўся да мiкрафону на канфэрэнцыi па абмеркаваньнi праекту ГЭС, калi аўтар праекту масквiч тав. Тверытнеў зь вясёлаю ўсьмешкай даводзiў тубыльцам, што iхнiя найбольш каштоўныя архiтэктурныя помнiкi ў зоне затапленьня вялiкiя белыя бацькi з Масквы абгародзяць бэтоннымi дамбамi i да iх можна будзе, калi заманецца, падплысьцi на чоўне.

Найперш дзякуючы Дайнiсу напалову рэалiзаваны праект пахавалi. Дзясяткi тысяч людзей у Латвii й Беларусi засталiся жыць у сваiх дамох, а тая барацьба сталася пачаткам руху, якi нарадзiў прыгожае й разумнае дзiця – Народны фронт Латвii.

Я памятаю, як Дайнiс дыктаваў па тэлефоне свой артыкул у "Комсомольскую правду" i колькi разоў паўтараў той самы сказ – "Моя Родина больше не желает быть колонией" – бо на другiм канцы проваду, вiдаць, упарта не хацелi разумець такога прыбалтыйскага акцэнту. Мы пiлi гарбату ў ягонай цеснай i сырой кватэрцы на першым паверсе нейкай паваеннай развалюхi, дзе Дайнiс тулiўся з жонкаю Эльвiрай i чатырма малымi дзецьмi. (Каб латышы ня вымерлi, кожная сям'я павiнна мець як мага больш дзяцей.)

На Каляды 1988 году ён званiў мне ў Наваполацак, шчасьлiвы, што ў Латвii гэты дзень абвешчаны выхадным, i я падумаў, што там, у Рызе, у мяне зьявiўся сябра.

Наступны раз мы пiлi гарбату ўжо ў штаб-кватэры НФ – у асабняку ў цэнтры старой Рыгi, над якiм быў узьняты чырвона-бела-чырвоны латыскi сьцяг. Потым мы йшлi зь Iвансам па вулiцы, i жанчыны ўсьмiхалiся яму й махалi з вокнаў тралейбусаў.

Пасьля гэтага я доўга бачыў старшыню НФ, а затым першага намесьнiка старшынi Вярхоўнага Савету Латвii толькi па тэлевiзары. Рыга, Масква, Брусэль, Жэнэва, Ню-Ёрк... Дазванiцца на новую Дайнiсаву кватэру было не лягчэй, чым у ягоны кабiнэт у парляманьце. Аднаго разу сакратарка не захацела разумець нiякiх тлумачэньняў i адказвала выключна па-латыску, нават тады, калi я, страшэнна напружыўшыся, здолеў ёй нешта растлумачыць па-ангельску. Напэўна, я нарваўся на Дзень латыскае мовы, калi дазванiцца да Вярхоўнага Савету можна было толькi латышам.

Паступова я скарыўся з тым, што калi твой сябра грунтоўна йдзе ў палiтыку, ён пакiдае быць тваiм сябрам.

Астанкiна ўжо даўно не выпускае Дайнiса на нашыя блакiтныя экраны. Дайнiс Iванс – у ганаровай ссылцы – не ў дыпляматычнай мiсii, як некаторыя, а на чацьвертым паверсе Мiнiстэрства культуры Латвii, дзе месьцiцца прадстаўнiцтва ЮНЕСКО. Я ня ведаю службовага тэлефону, а хатнi ўсе апошнiя днi глуха маўчыць, i застаецца спадзявацца, што тыя, хто змусiў Iванса падаць у адстаўку, з кватэры яго ўсё ж ня выселiлi.

Апошнiя зьвесткi, якiя я пра яго маю – з iнтэрвiю ў "Московских новостях". Былы старшыня НФ гаворыць пра "людзей з гумовымi пазваночнiкамi", што прыйшлi на зьмену iнтэлектуалам зь першае хвалi фронту i "атруцiлi народ прымiтыўнай iдэяй разьвязваньня любых праблемаў праз аднаўленьне колiшняй дзяржавы ў абсалюце – грамадзянства, права ўласнасьцi..."

Сёлета я зноў павiншую Дайнiса з Калядамi.

Электрычка грукоча па рыскiм Задзьвiньнi. Недзе тут жыве на вулiцы Талсу перакладчык Талрыд Рулiс – патомны курземец, падобны да невысокага Мэфiстофэля. Ён пераклаў i выдаў па-латыску столькi беларускiх кнiжак, што, прыгнуўшыся, можа схавацца за iхным стосам. Раманы Ул. Караткевiча "Каласы пад сярпом тваiм" i "Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi" выпусьцiць ён ужо не пасьпеў, бо, як яму растлумачылi ў выдавецтвах, Латвii гэткая лiтаратура ня трэба.

У студзенi 1991-га Талрыд быў на барыкадах каля парляманту. Цяпер у кампанii чатырох цi пяцi котачак ён вядзе бiтву за ўраджай на сваiм летнiку.

Цярусiць дождж, пад якiм адбываецца мая разьвiтальная праходка па бульвары Брывiбас. Каля манумэнту Свабоды мокра й пустэльна. Сёньня нiхто не патрабуе тут, як колькi дзён таму, гнаць зь Вярхоўнага Савету ягонага старшыню Анатоля Гарбунова – за тое, што ягоны бацька беларус; турнуць прэм'ера Годманiса, у якога дзядуля быў жыдом; даць пад зад мiнiстру замежных спраў Юркансу – за тое, што паводле пашпарту паляк; крыкнуць "Visо gеrо!" цяперашняму старшынi НФ Латвii летувiсу Ражукасу... Сёньня пiкетчыкi нацыянал-радыкалаў маюць, як i астатнiя грамадзяне, законны выхадны.

На пэроне мне на момант мроiцца, што цягнiк "Рыга-Менск-Гомель" ходзiць ужо толькi ў адным кiрунку. Я пераконваю сябе, што ўсё гэта – проста восень. Ляжа сьнег, загарыцца рэкляма, i Рыга зноў будзе ранейшая.

Праз гадзiну наш трансэўрапейскi экспрэс спыняецца на памежнай станцыi i, мне ставяць у пашпарт пячатку, што я пасьпяхова пакiнуў сувэрэнную Латвiйскую Рэспублiку.

Цяпер можна выцягнуцца да самага Менску на вагонным палку, каб прысьнiць мора, загадкавую Люку з халоднай гронкаю рабiны, абрабаванага амэрыканскага пасла, Вячкаву майстэрню i майго аднаклясьнiка Вiцю Скрыпкiна, якi быў вечным няўдачнiкам, пакуль ня зьехаў летась у Пiцер i не зрабiўся там мiльянэрам...

I ўвесь час у сьне мяне ня будзе пакiдаць трывожнае чаканьне: вось зараз зьлятуць са сьпiчакоў рыскiя пеўнi i возьмуцца дружна дзяўбсьцi мяне ў тое самае несамавiтае месца нiжэй сьпiны, бо няма ўва мне анi кроплi латыскае крывi, а ёсьць адно беларуская, ды яшчэ й разбаўленая кропляю цыганскай...

Кастрычнiк, 1992 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю