Текст книги "Пялёсткi (апавяданнi на белорусском языке)"
Автор книги: Владимир Дубовко
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)
Я такi папарыў свае ногi, пасля налiў кубачак вады, дастаў з рукзака буханку хлеба i чую, што мяне нiбыта голкамi нешта коле. Узнiмаю вочы ўгору, а там, на палатках, дзецi гэтай гаспадынi, чацвёра. Ведаючы, як у iх кепска справа з харчаваннем, я запытаўся:
– А цi няма ў вас яшчэ кубачкаў?
Гаспадыня мая здзiвiлася:
– А што вы з iмi будзеце рабiць? Кубачкi ёсць, зразумела.
Паставiла яна яшчэ пяць кубачкаў. Налiў я ў iх гарачай вады, парэзаў на шэсць кавалкаў сваю буханку хлеба i на кожную лусту паклаў падушачак.
– Справа ў тым, дарагая гаспадыня, што я чалавек сямейны. У нас заведзена так, каб усе садзiлiся за стол разам, а нiхто адзiн аднаму ў рот не заглядваў.
Яна пачала пярэчыць, што мне яшчэ дзень iсцi. Я адказаў, маўляў, мне лягчэй стане iсцi, калi на сэрцы будзе лёгка...
Пакуль мы з ёй размаўлялi, дзецi самi пазлазiлi, селi ля стала, i мы ўсе разам павячэралi.
Ранiцой, аддзякаваўшы ёй за начлег, пайшоў я ў свой апошнi перагон i ўжо цёмна-цёмна з'явiўся дадому...
I смех, i грэх...
Заўтра – Пятро, як дзяды нашы казалi. Нават i ў Сiбiры настала лета. Мы пазаносiлi на вышкi розныя накрыўкi, iмi накрывалi лехi гурковыя, таматы ды наогул усю гароднiну, якая не мае дружбы з замаразкамi. Але па старой звычцы кожны вечар, кладучыся спаць, я выходзiў на ганак i глядзеў, колькi градусаў на надворным тармометры.
Пайшоў i ў той вечар, адзiнаццатага лiпеня. На тэрмометры было два з паловай градусы цяпла. Калi я сказаў пра гэта жонцы, яна не паверыла i дала раду:
– Пасвяцi электрычным лiхтарыкам, трэба ведаць вельмi дакладна.
Пры электрычным святле – усё роўна два з паловай градусы. У маленстве я чытаў апавяданне аднаго фiнскага пiсьменнiка, як стары, сiвы i ў дадатак сляпы дзядуля выйшаў ранiцай на панадворак, памацаў рукой зямлю i пасля гэтага закрычаў у роспачы: "Дзеткi, уставайце! Уся наша праца загiнула!". Каб пасля бяды не галасiць дарэмна, не мацаць ранiцай прымарожаную гароднiну, мая гаспадыня дала параду:
– Пастаў будзiльнiк на першую гадзiну ночы. Тады пабачым. Калi знiзiцца яшчэ, пойдзем накрываць.
Зрабiўшы так, я паскiдваў, на ўсякi выпадак, усе накрыўкi з вышак, сабраў у адно месца старыя газеты i пасля таго заснуў. Неўзабаве зазванiў гадзiннiк. Я да градуснiка: паўтара градуса марозу. Значыцца, перад свiтаннем будуць усе шэсць. Не бавячы часу, мы занялiся ратаваць сваю працу. У нас была яшчэ аўчарка, дык яна, паддаўшыся нашаму настрою, больш паловы накрывак перацягала ў гарод. Накрываць мы накрываем, а нашы суседзi спяць, нiчога не чуюць. Падбег я да аднаго акна, стукнуў:
– Мароз, накрывайце гароднiну.
Маладая гаспадыня выскачыла босая, аж гвалт закрычала:
– Зiмна! – Пабегла яна, абулася ды за працу.
Падышоў я да другое хаты, стукнуў таварышу, з якiм разам у майстэрнi адной працавалi:
– Пятро! Мароз! Мы гарод накрываем!
А ён мне адказвае:
– Сусед дарагi! Заўтра мае iмянiны, нiякiх маразоў не павiнна быць. А што вы накрываеце – накрывайце, у вар'яцкiм доме яшчэ весялейшыя фокусы бываюць...
Падзякаваў я за такi прыгожы камплiмент ды зноў на свой гарод. Панакрывалi мы ўсё, нават фасоль i тую газетамi пазасцiлалi. Апрача таго, поўныя бочкi, якiя для палiву стаялi, вадой дапоўнiў. Глянулi на градуснiк – шэсць градусаў марозу.
Ранiцай, як толькi сонейка ўзышло, паднялося, пайшлi мы ўсе накрыўкi скiдаць ды гароднiну вадой з палiвачак палiваць. У нас – не змерзла нiводнага калiва, а ў беднага iмянiннiка нават бульбоўнiк увесь счарнеў.
Днём у майстэрнi смеху было немаведама колькi. А гэты самы Пятро мне прэтэнзiю даў:
– Чаму вы мяне не ўгаварылi? Я тады, можа б, устаў i таксама пазакрываў сваю гароднiну.
Саратаўскi беларус
Прыехалi мы з жонкай у Беларусь. У адну маленькую вёсачку, дзе нiколi ў жыццi не былi, нiкога з людзей да таго не бачылi i не ведалi. Вёсачка дужа прыемная, прыгожая. Нават вулiца i тая асаблiвая, не падобная да iншых: зялёная, спарышнiкам уся зарасла, як зялёным дываном пакрыта. А з бакоў, апрача садоў i кветнiкаў, рабiнамi абсаджана. Ходзiм мы на возера купацца, ходзiм у лес грыбы збiраем, на памежках некаторыя лекавыя раслiны бяром ды сушым: святаяннiк, насенне трыпутнiку, мяту. Адначасна, калi бывае ў людзей вольны час, слухаем, як яны гавораць, якая ў iх сама вымова, якi лексiчны запас. Iдучы вулiчкай, да нас на лаўку перад домам садзяцца калi, хоць на кароткi час, суседзi, пытаюцца, расказваюць...
А насупраць дома нашай гаспадынi жыла адна вельмi слаўная сям'я. Мацi працавала на мясцовай пошце, бацька – рабочы. Дачушка старэйшая адвучылася ў восьмым, перайшла ў дзевяты клас. Мала таго, што прыгожая i разумная, але гэта была на дзiва для нас з жонкаю працавiтая дзяўчына. Яна адна даглядала ўсю хатнюю гаспадарку, гатавала есцi для ўсёй сям'i, рыхтавала пойла ды корм для жывёлы, прачкарыла, знаходзiла i час чытаць кнiгi. А школьныя адзнакi ў яе ўсе былi выдатныя. Гэтыя акалiчнасцi выклiкалi ў нас вялiкую сiмпатыю да гэтае сям'i i не меншую павагу. Калi аднойчы да нас падышоў пагаманiць крыху сам бацька, мы з вялiкiм задавальненнем паслухалi яго, падтрымалi размову з iм. Гаварыў ён па-беларуску прыгожа, нават, я сказаў бы, з лiтаратурным ухiлам. Вымова ў яго была чыстая, натуральная: казаў "дзякую", а не "д'зякую", як некаторыя ў горадзе, "сяджу", а не "сяд'жу".
Аднойчы ён у мяне запытаўся, з якога раёна Беларусi я паходжу.
– З Пастаўскага, але даўно-даўно выехаў адтуль. А вы?
– Я з Саратаўшчыны...
У мяне нават думкi такой не з'явiлася, што гэта з той Саратаўшчыны, якая на Волзе. Я парашыў, што пасля вайны якi-небудзь наш раён перайменавалi ў Саратаўскi. Але запытаўся:
– Даруйце, але дзе ж ён, той Саратаўскi раён, як ён называўся раней?
Мой субяседнiк засмяяўся ды i пытаецца:
– Няўжо вы не ведаеце, дзе знаходзiцца Саратаўшчына? Вы жартуеце, зразумела...
– Як?! – яшчэ больш здзiвiўся я. – Дык вы з Волгi, з той самай Саратаўшчыны?!
– Але, але. А чаму вы дзiвiцеся?
– Мяне дзiвiць, што вы гаворыце па-беларуску так, нiбыта тут нарадзiлiся.
– Нiчога дзiўнага! Калi я ажанiўся, а мая жонка – тутэйшая, – то надумаў тут i застацца. А жыць з людзьмi, сустракаючыся з iмi штодня, i не ведаць iх мовы – я лiчу недастойным людской годнасцi. Апрача таго, гэта значыла б прызнацца ў сваёй бяздарнасцi. Цi цяжка вывучыць яшчэ адну мову! Мая дачушка вывучыла чатыры, уладае iмi як мае быць. Трэба ж i мне не вельмi адстаць ад яе. Хiба я няправiльна разважаю?
– Вы разважаеце дужа правiльна, па-ленiнску.
"А Маня дурная!"
Аднойчы сядзеў я на лавачцы каля дома з суседскай дзяўчынкай Маняй. Падышоў да мяне, павiтаўся i сеў побач таксама суседскi хлопчык Шлёмка, такога ж узросту, як i Маня.
Я люблю размаўляць з малымi. Цiкава, як яны глядзяць на жыццё, на вакольны свет. I гэтым разам пагаварылi аб тым-сiм. Тут хлопчык i кажа:
– А гэта Маня дурная!
Я здзiвiўся i пакрыўдзiўся.
– Што ты вярзеш? Ты б такiя адзнакi са школы прыносiў, як яна. У яе ж адны пяцёрiкi...
– Ха! Што яе пяцёркi! Я залез у iхнi сад, узлез на самую лепшую яблыню i латашу сабе яблыкi, поўную пазуху напакаваў. Прыходзiць яна. Прайшла каля самай яблынi, мяне не ўбачыла, узяла з-пад суседняга дрэва нейкi ападыш ды i пайшла з саду... Дзе ж яе розум?!
Я праз малы час пытаюся ў Манi, цi праўда гэта, што Шлёмка кажа.
– Праўда, дзядзечка! Я пайшла да яблынi адмыслова, гэта ж мая самая любiмая. Кожную ранiцу хаджу да яе. Аж бачу, на дрэве сядзiць ён. У iх свайго саду няма. Няхай, думала так, няхай паласуецца... Узяла зусiм не патрэбны мне яблык i пайшла прэч з саду, каб не засмуцiць, не здэтанаваць яго...
Хованкi
Недалёка ад Сянна, на беразе таго ж возера, пры якiм стаiць i Сянно, ёсць невялiчкая, утульная вёсачка Свабоднае. Давялося нам неяк пражыць там з паўлета. Што, апрача прыроды, спадабалася нам у тым прыгожым куточку Беларусi – гэта людзi. Вельмi добрыя, цiкавыя, лагодныя людзi. А затым – дзецi. Жонка мая бадай усё жыццё працавала настаўнiцай, ды i паездзiлi мы па свеце багата. Такiм чынам, маглi рабiць параўнаннi, супастаўленнi. Розныя бываюць i дарослыя, розныя бываюць i дзецi. Вось, напрыклад, у часе вайны iшла жанчына прасёлкам да станцыi. Сустрэла мужчын. Пытаецца ў iх:
– Цi так я iду, цi правiльным шляхам?
– Ды не, – кажуць, – зусiм не! Вам трэба iсцi вось гэтай дарогай. Адразу i прыйдзеце туды, куды вам трэба.
Бедная жанчына паслухала iх, прайшла кiламетраў дзесяць па асенняй калатусе, ды з клункамi, i даведалася, што ёй трэба было зусiм у адваротны бок iсцi...
Скажыце, цi варты тыя людзi добрага слова? Нейкая звярыная, жывёльная жорсткасць i бязлiтаснасць кiруюць такiмi iстотамi...
А вось у Свабодным, гуляючы ў лесе, мы неяк затлумiлiся i пайшлi не ў патрэбны бок, а ў адваротны. Па дарозе сустрэлi двух хлопчыкаў, якiя ехалi на фурманцы ў кузню, везлi нейкую дэталь ад жняяркi для рамонту. Павiталiся з намi. Жонка пытаецца:
– Цi далёка да Свабоднага?
Большы адказвае:
– Недалёка, але ж вы не ў той бок iдзеце. Сядайце на нашу фурманку, мы вас падвезямо...
Едучы, яны расказалi нам пра свае дзiцячыя справы, а ў нас запыталiся, хто мы, дзе жывём. Уся гутарка была далiкатная, без нiякiх выкрутасаў i зухаватасцi...
У Свабодным жа мы наглядалi неаднойчы, як дзецi, якiя не хадзiлi ў поле, гулялi ў розныя гульнi, у тым лiку i ў хованкi. Было дзяцей блiзу нашае хаты шасцёра-сямёра, прычым больш-менш аднаго ўзросту. Але гуляў разам з iмi адзiн хлопчык гадоў чатырох, а можа, i менш таго, бо ён хадзiў у адной кашульцы, без штонiкаў. Клiкалi яго – Вася.
Калi давалi сiгнал хавацца, ён адыходзiў крокi на два i закрываў далонямi свой твар. Гэта азначала, што ён схаваўся, што яго нiхто не бачыць. Мiмаволi згадалiся нам страўсы, якiя, прытамiўшыся ад пагонi, хаваюць галовы ў пясок. I вось хлопец або дзяўчынка, якiя правяралi ўсе хованкi, самыя патаемныя мясцiнкi, праходзiлi колькi разоў ля гэтага маленькага Васi i ўсё пыталiся:
– Ды дзе ж той Вася схаваўся? Ды як жа нам адшукаць Васю? Хто нам дапаможа знайсцi Васю?
А Вася аж танцуе на сваёй схованцы, але рук ад твару не адымае. Урэшце ён застукаў усiх, ён перамог...
Як бы хацелася зiрнуць сёння на таго Васю! Цяпер яму, пэўна, чатырнаццаць або пятнаццаць гадкоў. Вось бы паглядзець, як ён гуляе з малодшымi ад сябе! Цi так жа добра, як гулялi з iм самiм...
Зiмовыя браткi
У вайну некаторы час я працаваў эканамiстам. Мае абавязкi былi – улiк работы брыгад. А тут яшчэ трэба выходзiць на тэрмiновыя пагрузкi вагонаў нашымi вырабамi, якiя накiроўвалiся на заводы. Адным словам, работы хапала ўсiм i ўсялякай. Тым не менш, шмат хто знайшоў час i ўрабляў агародныя пляцоўкi. Меў такую пляцовачку i я. Расло ў мяне багата гароднiны, большую палову яе з'ядалi сябры, якiя, калi справа даходзiла капаць гарод, казалi:
– А навошта нам? Мы заўтра, можа, адсюль паедзем...
Аднак елi тую гароднiну яны надзвычай ахвотна. Насеялi i насаджалi мы розных кветак, спаборнiчалi адзiн з адным, сусед з суседам. Перад уваходам у мае жытло была вялiзная клумба, уся занятая браткамi, прычым самых розных колераў i барваў. Хоць даскокамi, але знаходзiў я час прапушыць зямлю пры iх, палiць. Раслi яны так, што лепш не можа быць. Нават людзi з дужа жорсткiмi сэрцамi спынялiся ля клумбы i захаплялiся ўголас...
I што было галоўнае: усе ўздыхалi аб тым, што вось прыйдзе зiма, маразы, i гэтае хараство загiне пад снегам...
Я падумаў, падумаў: што калi хоць частку кветак узяць на зiму ў памяшканне?
Пачаў я ажыццяўляць сваю задуму. Зрабiў вялiкую скрыню, больш метра даўжынёй, сантыметраў сорак вышынёй i столькi ж ушыркi. У скрыню я насыпаў самай лепшай зямлi i перасадзiў з зямлёй жа даволi багата кветак. Некалькi дзён i начэй гэтая скрыня стаяла ля клумбы, а перад самымi маразамi я занёс яе ў сваё жытло, паставiў на вышыню двух метраў.
Усе ў адзiн голас казалi:
– Нiчога не будзе! Гэтыя кветкi ў памяшканнi жыць не стануць.
А трэба дадаць яшчэ, што ў мяне ўсю ноч гарэла лямпа ў дзвесце ват. Печка, вялiзная, чыгунная, палiлася круглыя суткi, без перапынку.
Што дапамагло – не ведаю: цi святло ад лямпы, якая была на адлегласцi аднаго метра ад кветак, цi цеплыня ад печы, цi добрая акуратная перасадка, але кветкi красавалi безупынна. Адны адцвiталi, другiя пачыналi, зелянiна была цёмна-зялёная, здаровая.
Кожны вечар, прыходзячы з работы, мы падыходзiлi да кветак i разглядвалi iх з добрай, прасветленай усмешкай. Можа, кожны згадваў тыя днi, якiя красавалi для яго, як гэтыя прыгожыя, дзiвосныя кветкi, калi на душы i сэрцы было спакойна i чыста. Хто ведае! Адны ўздыхалi, другiя ўголас выказвалi сваё захапленне.
I дажылi кветкi, прыносячы асалоду ўсiм, аж да канца сакавiка месяца.
Прыйшлося мне, у сваю чаргу, быць адказным дзяжурным на кухнi. Працуючы там, я некалькi разоў хадзiў i падкладваў дровы ў сваю печ, каб трымалася цеплыня. Пад самую ранiцу, гадзiны за паўтары да раздачы снедання, кухар папрасiўся ў мяне:
– Дазволь, я пайду пасплю гадзiнку якую ў цябе!
Не хацелася мне пускаць яго.
– Ты мне кветкi памарозiш!
– Я буду дровы ў печ падкладваць, – дакляраваў кухар.
Што зробiш, прыйшлося дазволiць.
...Калi я пайшоў будзiць кухара, бачу, што з майго комiна не дым, а пара iдзе: апошняя цеплыня выходзiць. Пастукаў у дзверы. Адчынiў ён. Я першым чынам да кветак... Нахiлiлi галоўкi... Я да вядра з вадой, каб папырскаць iх – кубак у вядро не лезе, лёд ледзьве не ў палец таўшчынёй паверх вады... Падкладваў дровы кухар!
Так i загiнулi мае кветкi...
Цяжка ўявiць, якi гвалт быў увечары, калi людзi прыйшлi з работы!
Усю вiну клалi на мяне:
– Навошта ты таго кухара пусцiў...
Кожны шкадаваў аб сваiм. А я – дык аб тым, што не стала каму вiтаць мяне i цiхенька-цiхутка нагадваць мне песеньку, якую калiсьцi спявала мацi... Гэта ж яны, мае кветкi, падавалi сваiмi пялёстачкамi гукi ўцехi, надзеi, наступнай радасцi i, з'яднаўшыся з галасамi кветак майго сэрца, стваралi такую чароўную мелодыю...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А сам я i сёння згадаў пра вас, браткi, бо такiя самыя, мiлыя майму сэрцу сiнявокiя браткi я сустрэў у сябе ў Беларусi.


