355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Винцесь Мудров » Гiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
Гiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 04:08

Текст книги "Гiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке)"


Автор книги: Винцесь Мудров



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)

– Ну чаму, чаму я такi? – шаптаў начны летуценьнiк, раз-пораз шморгаючы азяблым носам.

У носе сьвярбела. Iван доўга зьбiраўся зь сiламi, каб чхнуць, а калi сабраўся i ўжо затрос галавой, з адчыненых дзьвярэй клюбу вырваўся вясёлы вiскат Люськi Халiмонавай.

– Адчапiся, нам дахаты трэба!

Чхаць не выпадала – трэба было хавацца, i начны летуценьнiк, пацёршы далоньню пераносьсе, пабег на нягнуткiх нагах у блiжэйшыя кусты.

Зарагатаў i ацiх Васька Бохан, крыкнуў штосьцi няўцямнае Юрка Гуль, i па цэмэнтавым ганку дробна застукалi дзявочыя туфлiкi.

– Слухай, а хто ён такi? – запыталася Маша, калi яны зь Люськай падышлi да матацыкла.

– Хто, Васька?

– Ды не... Ну той, дзiўны такi...

– А-а! Дэсантнiк! – Люська азiрнулася, падбегла да кустоў, за якiмi хаваўся начны летуценьнiк, i, прысеўшы на кукiшкi, прамовiла: – У яго ня ўсе дома. Чокнуўся, як зь вежы падаў.

У цемры мiльганула дзявочае сьцягно, iрванулася да каленяў палоска белых майтак, i ў Iвана, якi аглядаў усё гэта, на момант спынiлася сэрца. Ён i ня сьцямiў адразу – пра якога гэта дэсантнiка вядзе гаворку Люська Халiмонава, а калi сьцямiў i абурана глынуў паветра, у носе ягоным зноў засьвярбела, i ён аглушальна чхнуў. Люська войкнула, пабегла ўпрысядкi да матацыкла, на хаду нацягваючы майткi, а Iван, страсянуўшы галавой, чхнуў ёй усьлед чатыры разы запар.

Дахаты ён iшоў, сьцiскаючы кулакi i ўголас лаючы Люську Халiмонаву.

"Нiчога, яшчэ пашкадуе, – супакойваў сябе Iван. Апанаваны ўласнымi фантазiямi, ён уявiў, як роспачна будзе плакаць Люська Халiмонава, i нечакана ступiў нагой у каровiну "аладку". Фантазii выпетрылiся з галавы, i Iван, выцiраючы чаравiк аб траву, з рашучасьцю, на якую толькi быў здольны, вырашыў не хадзiць болей на танцы.

Ноччу яму добра спалася. Ён праспаў да абеду i абудзiўся, як i мiнулым днём, ад бразгату вёдраў на доле.

– Слухай, тут жа ў Азярышча Карзо прыяжджаў, – прамаўляла, гучна бразгаючы вёдрамi, суседка Мiронаўна, – дык i гэтая папёрлася... Людзi казалi – лезла нейкую кнiжку падпiсваць, а той на яе i не зiрнуў нават.

– А на каго там глядзець? – падтрымала Мiронаўну мацi. – Пыса як у той рапухi... i куды ўжо лезеш?

Мандрычыха, а гэта яе абгаворвалi жанчыны, пад час вайны была ў партызанскiм атрадзе – мыла там бялiзну ды з камандзерам спала. I вось за гэтыя подзьвiгi Карзо яе па вайне ў райкам уладкаваў, у аддзел прапаганды i агiтацыi. Ад тых часiн жанкi яе i зьненавiдзелi, i абгаворвалi пры кожным зручным выпадку.

Паслухаўшы плёткi, Iван занурыў галаву ў падушку, мерачыся паспаць яшчэ якую гадзiну, але тоўшчу падушкi прарэзаў жаночы лямант:

– Бабы, што скажу!

Лямантавала Карпачыха. Iван скiнуў з галавы падушку, прыслухаўся.

– Ляжыць у амбуляторыi... i морда ў крывi, – гукала з суседняга агароду Карпачыха. – Карпачыха бегла па гародзе i пад нагамi ейнымi спалохана шамацела капуснае лiсьце.

– Уся морда? – перапытала Мiронаўна, а мацi, пляснуўшы ў далонi, улякнута выдыхнула:

– У каго?

– У Гарашчэнi! У п'янтоса гэтага... Пракопаўна краму адчыняла, а тут ён падбег... кажа: "Чаму Лёшку Мандрыку вiно прадаяце, а мне не?" – i Пракопаўну за руку схапiў. А тая доўга ня думала. Разгарнулася ды як лясьне замком па лобе. Так лоб i расьсекла.

Карпачыха змоўкла, пераводзячы дых, i цяпер ужо Мiронаўна дала волю сваiм лёгкiм:

– Цi чула ты? Гарашчэню забiлi-i! – крыкнула Мiронаўна, праўдападобна, цётцы Авадзiсе, i на доле зноў зашамацела капуснае лiсьце.

... Сонца адбiрала вочы. Iван прымружыўся, паглядзеў з-пад рукi ў бок Авадзiшанага агароду, на якiм тым часам ўжо сабраўся збой жанчын, i, прыпалiўшы папяросу, усеўся на верхняй папярочцы драбiнаў.

На душы было пагана, а на двары пустэльна; нават куры некуды пахавалiся, i толькi певень з паскубаным хвастом стаяў ля дзьвярэй хлеўчука, пазiраючы на Iвана круглявым вокам.

"Вунь i певень глядзiць, – падумаў Iван, зацягваючыся пяршывай папяросай. – Вiдаць, прачуў ужо пра маю ганьбу?" – I, ня ведаючы, чым заняць сьвярблiвыя рукi, шпурнуў у пеўня кавалкам бярозавай кары.

Певень падскочыў, залапатаў крыламi, выставiў наперад грудзiну i празь iмгненьне прарэзаў сьвет кукарэканьнем, запрашаючы курэй паглядзець на таго, хто так абняславiў сябе на ўчарашнiх танцах.

Пасьля абеду мацi папрасiла схадзiць па хлеб. Iсьцi, вядома, не хацелася: сорамна было зьяўляцца на людзях, але што паробiш... Давялося ўсё ж узяць сетку i рушыць у краму.

Ля крамы гаманiў натоўп. Вясковыя цёткi, павесiўшы на рулi сваiх вэласыпедаў торбы з хлебам, на розныя галасы абмяркоўвалi падзеi сёньняшняга ранку, пад час якiх магазыншчыца Пракопаўна разьбiла пысу вартаўнiку Гарашчэню.

Iван азiрнуўся, шукаючы вачыма Машын матацыкл, ступiў на сельмагаўскi ганак i пачуў, як недзе непадалёку сiплавата зарагатаў Лёшка Мандрык.

Лёшка стаяў сьпiнаю да Iвана, праваруч ад уваходу, i, махаючы рукамi, распавядаў Мiронаўне, вядомай бычкоўскай пляткарцы, як яно ўсё было.

– Гарашчэня да Пракопаўны падышоў i кажа: "У цябе ў прысенку "вэрмут" схаваны. Дзьве скрынi. Не прадаш – ноччу сам вазьму", – i заграбкi Пракопаўну хапануў. – Паказваючы, як Гарашчэня хапаў магазыншчыцу "заграбкi", Лёшка схапiў Мiронаўну за рукаў, Мiронаўна адкаснулася, плюнула, а Iван, каб не патрапляць Лёшку на вочы, сьпехам шмыгануў у краму.

Крама ў Бычках – самае люднае месца. Калi не прыйдзеш – увесь час народ таўчэцца. Вясковыя цёткi сюды ня столькi па справункi прыходзiлi, колькi дзеля таго, каб апранахi перамацаць, якiя на палiцах вiселi. Прыйдзе якая, грудзямi на прылавак навалiцца i давай носам па баках вадзiць:

– А пакажы ты мне, Пракопаўна, вунь тую кофту... – I Пракопаўна давала, хаця i ведала, што кофту тую браць ня будуць, бо яна ўжо тут дзесяць гадоў вiсiць.

Лаючы ў душы цётак i штохвiлi ўздрыгваючы ад грукату матацыклаў знадворку – крый Бог, Маша прыедзе, чырваней тады, – Iван болей як гадзiну прастаяў у чарзе, а калi, нарэшце, узвалiў на карак сетку зь цёплымi буханкамi i выйшаў з крамы, дарогу яму заступiў Лёшка Мандрык.

– Ваня! Куды хiляем? – рыкнуў Лёшка голасам чалавека, якi прагнуў пахмялiцца.

Лёшка зазiрнуў Iвану за сьпiну, адламаў ад буханкi храбусткi акраец. "Кароль зоны" з асалодаю хруснуў скарынкаю, а Iван, апусьцiўшы вочы, падумаў: "I як ад яго адчапiцца?" I не пасьпеў Iван уздыхнуць, як ля крамы загуў бэнзавоз i з кабiнкi вытыркнулася галава Юркi Гуля.

– Лёха, давай сюды!

– Навошта? – азваўся "кароль", глынуўшы недажаваную скарынку.

– У Азярышча едзем, па пiва! – Юрка выцягнуў з-пад сядзеньня полiэтыленавую канiстру, а Лёха, адламаўшы ад бохана ладны кавалак, пабег да машыны.

Мацi дома не было: на дзьвярах вiсеў замок, а за дзьвярною клямкаю тырчэла раённая газэта "Зара камунiзму" i аркушык паперы. "Схадзi па камбiкорм", прачытаў Iван на паперцы i пачухаў патылiцу.

Па камбiкорм трэба было iсьцi да цёткi Авадзiхi. Зяць цётчын рабiў на млынкамбiнаце галоўным бухгальтарам. Ну i, вядома, тое-сёе сьпiсваў на цешчу. Авадзiха ў горад ледзь не штодня наведвалася – туды бiтоны з "дамагай" везла, а назад мяхi з камбiкормам перла. "Дамагу" цётка зь яблычнага соку вырабляла хмельнае вiно атрымлiвалася. Мiнулай восенi Iван сьцягнуў у сваячкi тры лiтры – трэба было Ваську Бохана падпаiць, каб не чапляўся. Авадзiха пасьля той прапажы доўга супакоiцца не магла, нават брата свайго, мiлiцыянта Мiхнова, выклiкала. Мiхноў тры днi з рулеткай важдаўся, мераў штосьцi каля пограбу; выпiў болей, чым укралi, а злодзея так i не знайшоў.

Ачуўшыся ад одуму, Iван разгарнуў раёнку, зiрнуў на зводку ўборкi лубiну, i лiчба "0,1%", а менавiта столькi лубiну скасiлi ў калгасе "Шлях камунiзму", прывiдна заскакала ўваччу.

... Цётка сядзела ў пограбе i звонку быў бачны ейны шырокi азадак. Iван прайшоўся па двары, разважаючы – з чаго пачаць гаворку, i пакуль ён гэта рабiў, цётка Авадзiха неяк вельмi хутка вылезла з пограбу i гэтак жа хуценька павесiла на прабой амбарны замок.

– Цяпер ня ўлезеце, – крэкнула Авадзiха, перахапiўшы Iванаў пагляд, разьвялося фулюганьня... ратунку няма.

Пасьля такiх слоў размаўляць пра вiно не было сэнсу. Iван сплюнуў цягуткую сьлiну, азiрнуўся i рашуча запытаў:

– Дзе камбiкорм?

– Вунь, ля плоту стаiць, – кiўнула цётка на латаны мех. – Лорцы скажаш, каб грошы прынесла. Шэсьць рублёў.

– Скажу, – буркнуў Iван, узвалiў мех на сьпiну i шырокiм крокам рушыў па цётчыным агародзе.

– Чаго ты па бураках пайшоў? – крыкнула наўздагон яму цётка, i пляменьнiк, перакiнуўшы мех цераз плот, скрозь зубы працадзiў:

– Ды пайшла ты... жмiнда няшчасная.

Хаця й заракаўся Iван не хадзiць у клюб, а згледзеў, седзячы на драбiнах, бэнзавозку, што з гораду вярталася, i засьвярбела ў душы жаданьне – зiрнуць, цi напiўся Лёшка Мандрык. Бо калi напiўся i не стаiць на нагах, дык i хвалявацца няма чаго – да Машы сёньня чапляцца ня будзе. Iван праводзiў позiркам бэнзавозку, пачакаў яшчэ хвiлiну ў тайнай спадзеўцы ўбачыць на дарозе Машын матацыкл, i толькi потым, пацёршы здранцьвелы азадак, спусьцiўся па драбiнах долу.

Юрка зь Лёшкам сядзелi ў Лябёдкi: з прачыненага вакна кiнабудкi вырывалiся iхныя галасы i жаласьлiвыя ўздыхi.

– Пiва, пiва... паперлiся як фофаны... – гукаў Лёшка Мандрык, футболячы па цэмэнтавай падлозе пустую канiстру.

– Хто ж ведаў... учора прадавалi, – апраўдваўся Юрка Гуль, i пустая канiстра зь левага кута пераляцела ў правы.

– Прадава-алi, – голас Лёшкаў панiк, чаравiкi ягоныя зашоргалi ля блiжняй сьценкi i з прачыненага вакна вылецеў сьлiнявы недакурак.

– Перапiхнуцца зь якой, цi што? Чуеш, Юрка? – Юрка прамаўчаў, а Лёшка, дзьмухнуўшы ў папяросу, запытаў: – А што гэта за лярва на матацыкле езьдзiць?

– Зь Ленiнграду. Баркоўскага пляменьнiца, – Юрка пазяхнуў i, выдыхаючы паветра, мацюкнуўся.

Ад такiх слоў ў Iвана перахапiла дыханьне. Ён прыцiснуўся да сьцяны кiнабудкi, наструнiў слых, але болей нiчога не пачуў, бо Лябёдка завёў сваю перамотку i галасы патанулi ў напорлiвым гудзе.

Iван пастаяў яшчэ пару хвiлiн, а потым пацёгся прэч, асуджана пацепваючы панiклай галавою. I поўныя жаху карцiны паўсталi перад вачыма: ён уявiў, як Лёшка будзе цалаваць Машу, як будзе зьдзiраць зь дзяўчыны вопратку, i ў галаве ягонай нарадзiлася iдэя. "Перапынiць Машу, перахапiць па дарозе, як на танцы паедзе", – i апанаваны такою думкаю, Iван рушыў на гатаўскую праселiцу.

Сядзець у кустах давялося аж да цёмнага. Ужо i зоркi высыпалi на небе, i кiно пачалося ў клюбе, а Маша ўсё ня ехала, i якраз у той момант, калi Iван хацеў ужо вылезьцi са свайго схову, з боку Гатава пачуўся матацыклетны рокат. Рокат мацнеў, убiраўся ў сiлу, сухiм трэскам рассыпаўся па кустах, i па тым нязладжаным пошчаку можна было зразумець, што па дарозе ехалi два матацыклы. Iван вытыркнуўся з кустоў, наструнiўся i ўпалым голасам прашаптаў:

– Сашка Собалеў.

Колькi часу ён сядзеў у непаразуменьнi, потым пацёр рукою лоб i, прадзершыся скрозь кусты, пабег насустрач бязладнаму рокату.

"Спыню на павароце, як Сашка праедзе. Самае зручнае месца", – мiтусiлiся ў галаве адрывiстыя думкi, а вусны раз-пораз паўтаралi кагадзе прыдуманую фразу: "Маша, спынiся... у клюбе бойка!"

Каб апраўдаць гэтую вэрсiю, ён на хаду расшпiлiў кашулю, пацёр кулаком вока, хацеў яшчэ i нос расквасiць, але перадумаў. I вось ужо праляцела мiма, дыхнуўшы ў твар халодным пылам, Сашкава "Панонiя", i новым строкатам – мерным i басавiтым – напоўнiлiся вушы, i з жахам адчуў Iван, што забыў тую фразу, якую зьбiраўся выгукнуць.

Матацыкл быў ужо зусiм блiзка, калi Iван, страцiўшы надзею згадаць патрэбныя словы, рынуў на дарогу. У вочы ўдарыла сьвятло ад фары, рухавiк "Iжа" завыў на фарсажы, i матацыкл са страшным трэскам абрынуўся ў алешнiк.

Хвiлiну панавала цiшыня, i парушыў яе дрыготкi Машын голас:

– Люся, ты жывая?

– Жывая, толькi нагу парэпала.

Зашамацела лiсьце, трэснула галiна, i Люська Халiмонава спачатку аддзьмулася, а потым натужлiва крэкнула. Мяркуючы па ўсiм, дзяўчыны выкочвалi матацыкл на дарогу.

– Хто гэта быў? – запыталася Маша, на хаду абабiваючы спаднiцу.

– Ванька Бянькоў. Я ж табе казала, што ён ненармальны.

Матацыкл чхнуў... раз... другi, потым завёўся, i сярод перарывiстага матацыклетнага рокату Iван яшчэ раз пачуў усхваляваны Машын голас:

– Iдыёт. Ледзь пад колы не патрапiў.

Дахаты ён цягнуўся, не разьбiраючы дарогi, i вочы ягоныя засьцiлi сьлёзы. Сьлёзы пякучай крыўды на Лёшку Мандрыка, на Люську Халiмонаву, на сябе самога вiхлястымi раўчукамi зьбягалi па твары, блiскучымi пацеркамi дрыжэлi на падбародзьдзi; i жоўты маладзiк калыхаўся ў небе, як на хвалях бязьмежнага акiяну, i Траянаў камбайн, што стаяў на ўзьмежку Карпачышынага агароду, здаваўся нейкай вялiзнай пачварай, якая выплыла на iмгненьне з акiянскiх глыбiняў.

Iдучы паўз камбайн, Iван выцер рукавом вочы, усхлiпнуў на астачу, i ўсхлiп гэты супаў з глухiм бразганьнем пад нагамi. Траян вось ужо другi дзень рамантаваў зламанае матавiла, i навакольле было закiданае рознымi жалязякамi. На прамасьленай ватоўцы ляжала кучка шрубных ключоў, стаяла, дзержаком угору, пудовая кувалда, а пасярод iржышча тырчэла, цьмяна блiскаючы ў месяцавым сьвятле, пакарабачаная манцiроўка. Iван зладзеявата шморгнуў носам, пужлiва агледзеўся. Страшная думка, ад якой зварухнулiся валасы на галаве, уварвалася ў сьвядомасьць, i падуладныя ёй дрыготкiя рукi спачатку прылашчылi валасы, а потым падхапiлi пакарабачаную манцiроўку.

Бычкоўскую краму – струхлелую, перабудаваную некалi з кулацкай хаты будынiну, – рабавалi ледзь не штогоду. Балазе рабаваць яе было адно задавальненьне. Торкнi пальцам у той жа дах – i праб'еш навылёт: дранка на даху зусiм збуцьвела. Дарэчы, Хведзька, брат Васькi Бохана, менавiта праз дах i ўлез. Сто рублёў тады ўзяў i дзесяць пляшак мятнага лiкёру. Тры днi пiў, у лазьнi схаваўшыся, а на чацьверты паехаў у Азярышча пляшкi здаваць – тут яго i злапалi. На судзе прасiўся, каб у Сьвярдлоўскую вобласьць паслалi, туды, дзе раней сядзеў. Казаў, дужа там мясьцiны прыгожыя. Хведзька Бохан быў адзiны, хто грошы ўзяў. Усе астатнiя рабаўнiкi – тыя як людзi... Скрыню вiна якога выносiлi ды пару бляшанак кансэрваў на закуску. Ноччу рабавалi, а ранiцай, працьверазеўшы, грошы прыносiлi. Вунь электралiнейшчыкi, дык тых i ў турму грэх было садзiць. Жылi, небаракi, у кузьнi – у хату нiхто не пускаў, бо яны ў суседняй вёсцы адрыну спалiлi па неасьцярожнасьцi. Вось i давялося электралiнейшчыкам у сярэдзiне лiстападу ў кузьнi жыць, зубамi ад холаду ляскаць. А на кастрычнiцкiя сьвяты, канчаткова адубеўшы, у краму ўлезьлi. Усю ноч гарэлкаю грэлiся ды на гармонiку гралi, а ранiцай да Пракопаўны прыйшлi... з пакаяньнем. Таго ж дня сьвятло ў вёску далi i крамныя дзьверы бляхаю абабiлi. Але ўсё адно брыгадзiр iхны на "хiмiю" паехаў – як высьветлiлiся, ён ужо так чацьверты сельмаг рабаваў. I вось, праз два з паловаю гады пасьля тых падзеяў, прабiў i Iванавы час лезьцi ў краму.

"Чарнiла", па словах вартаўнiка бычкоўскай крамы Гарашчэнi, стаяла ў прыбудове. "Вазьму пару пляшак, пакладу дзе-небудзь, каб Лёшка ўбачыў... З ночы нап'ецца, а ўраньнi мiлiцыя абудзiць..." – з гэтымi думкамi Iван i падышоў да Гарашчэневай хаты. У вокнах хаты лiпела кволае сьвятло: лямпачка гарэла дзесьцi ў прысенку i гэта сьведчыла за тое, што вартаўнiк мог зьявiцца на аб'екце ў любую хвiлiну.

Дзiўна, але ён зусiм не хваляваўся, i толькi даткнуўшыся плечуком да плоту, адчуў, як да холаду манцiроўкi, якую хаваў у рукаве, дадаўся непрыемна-казытлiвы халадок у пахвiне.

... Плот быў гэткi ж, як сама крама: дошкi шмат дзе падгнiлi, трымалiся на адным цьвiку, i Йван, адсунуўшы адну зь iх, спрытна ўлез у дзiрку. Трэснула пад нагою кара, прашапацела над галавою начнiца, i халадок, якi нарадзiўся ў пахвiне, вомiгаў разьлiўся па ўсiм целе. Тут, у закутку, якi ўтваралi збуцьвелы плот i крамная сьцяна, захоўвалi некалi лазовую кару. Яшчэ i Iван памятаў, як мацi разам зь iншымi жанчынамi хадзiла ў зарэчныя кусты, дзерла там лазовую кару i потым, высушыўшы на сонцы, несла здаваць у краму. Лазу ўжо даўно нiхто ня дзер, а вось плот ды прысьценак, дзе яе захоўвалi, засталiся i паволi буцьвелi на дажджы i сонцы.

Намацаўшы дрыготкiмi пальцамi прабой на дзьвярах прыбудовы, Iван выцягнуў з рукава манцiроўку i прыслухаўся. Яму падалося раптам, што дзесьцi зусiм побач трэснула кара i нехта здушана кашлянуў. Анямелымi рукамi ён упiхнуў манцiроўку ў прабой, пацягнуў мэталёвае дзяржальна, i амбарны замок з грукатам звалiўся пад ногi. Ён ступiў у прысьценак, памацаў нагою ў цемры, наткнуўшыся спачатку на пустое вядро, потым на нейкае жалезьзе, i нарэшце да вуха ягонага даляцеў такi лагодны i такi жаданы бразгат напоўненых бутэлек. Сунiмаючы дрыготку, Iван разапхаў бутэлькi па кiшэнях, пiхнуў адну бутэльку за пояс штаноў i, наступiўшы ў поцемках на вядро, пакiнуў месца злачынства. Прабiраючыся ўздоўж сьцяны, ён паспрабаваў разгледзець этыкетку на бутэльцы, а прачытаўшы дзiўнае слова "ацэтон", спалохана войкнуў. Нейкая шалёная сiла вывернула руку, прыцiснула да зямлi; зямля кульнулася дагары нагамi, i разам са звонам разьбiтай бутэлькi пачуў Iван злавесны голас:

– Папаўся, зладзюга!

Тое, што адбывалася потым, успрымалася як нейкi вусьцiшны сон. Яму заехалi па шыi, павялi некуды ў бок Зарэчанскай вулiцы, потым стукнулi яшчэ раз, хоць ён i не супрацiўляўся, i, узьняўшы за каршэнь у паветра, пасадзiлi ў матацыклетны вазок. Ён паспрабаваў устаць, яму заехалi трэцiм разам, з калашыньня штаноў выпала бутэлька, i ён, плюхнуўшыся на сядзеньне, суцiх да часу, з галавою накрыўшыся каляным брызэнтам. Пасьля кухталёў увушшу натужлiва зьвiнела. Ён амаль нiчога ня чуў, i здавалася, што паветра ў лёгкiя паступае праз вушы. У вазку трэсла, ад выхлапной трубы перла задушлiвым гарам, i на Iвана ўжо на першых кiлямэтрах дарогi найшло ачмурэньне...

... Яшчэ ў люльцы яго званiтавала. Яму паляпалi па шчоках, пырснулi ў твар вады, пацягнулi, трымаючы пад пахi, па нейкiм даўгiм калiдоры i неўзабаве, абклаўшы незласьлiвымi мацюгамi, паклалi на жалезны ляжак. Ён удыхнуў халаднаватае, прапахлае прыбiральняй паветра, злавiў краем вуха нечы магутны храп, i суцiх незварушна, разважаючы – што гэта было: жахлiвы сон, цi хваравiтае трызьненьне?

Ранiцою яго абудзiў зычны голас:

– Мамедаў, на выхад!

У куце зарыпеў ложак, i той, каго клiкалi Мамедавым, усхапiўся на ногi. Сукамэрнiк памахаў у паветры рукамi, папрысядаў дзеля разьмiнкi i пад незадаволеныя воклiчы сяржанта, што стаяў ля ўваходу, выйшаў з камэры.

Iван павярнуўся на другi бок, пацёр зьнямелую шыю – спаць давялося на жалезнай сетцы, – i задумаўся.

"Што рабiць?" – думаў Iван, тупа пазiраючы на брудную сьценку. Ён шмат разоў паўтарыў у думках гэтае пытаньне, але адказу не знайшоў. Адлежаўшы правы бок, ён крутнуўся на правы i ў той жа мiг пачуў незадаволены голас каўказца:

– Я патрабую начальнiка! Што вы мяне да гэтага хлапчука водзiце?

Потым бразнула завала, i дзьверы з працяглым рыпам адчынiлiся. Iван прыўзьняўся на локце, але замест шаргатлiвых крокаў пачуў нешта зусiм iншае.

– Ну як, званiў? – запытаўся каўказец зьнацку ацiхлым голасам.

– Званiў. Нiхто не падымае, – адказалi з калiдору, i каўказец, сказаўшы штосьцi па-свойму, выцягнуў з кiшэнi нататнiк.

– Пазванi па гэтым, – шапянуў ён, вырываючы аркушык, пасьля чаго дзьверы з бразгатам зачынiлiся.

– Эй, ты хто? – выдыхнуў Мамедаў, толькi цяпер заўважыўшы, што ён у камэры не адзiн.

– Бянько-оў, – адказаў Iван, ня ў сiлах утаймаваць дрыготку ў голасе. У гэты момант ён згадаў Лёшкавы аповеды пра асобаў каўкаскай нацыянальнасьцi, якiя лютуюць у камэрах, i яму стала не па сабе.

– Што, зарэзаў каго? – запытаўся Мамедаў.

– Ды не... У краму залез, – прашаптаў Iван са свайго кута, намагаючыся не глядзець на каўкасца.

На радасьць Iвану, сукамэрнiк плюхнуўся на ложак, памаўчаў хвiлiну, зь веданьнем справы запытаўся:

– Колькi ўзяў?

– Пя-аць! – усхлiпнуў Iван, але пра тое, што ў пляшках было не вiно, а ацэтон, прамаўчаў.

– Э-эх! Цi варта было з-за пяцi штук рукi пэцкаць? – з запалам вымавiў каўказец i, аглушальна рыпнуўшы спружынамi, кульнуўся на бок.

I сапраўды – цi варта? Думка заварушылася, закружыла ў галаве. Iван уявiў, як роспачна будзе плакаць мацi, пачуўшы пра ягоную бяду, i да таго iрэальнага плачу дадаўся зусiм рэальны бразгат дзьвярэй.

– Эй ты, шкет! Выходзь! – загадаў, як адрэзаў, сяржант, i Йван, звалiўшыся з ложка, дробна затупаў да выхаду.

Габiнэт, у якi яго завялi, быў спрэс застаўлены сталамi ды сэйфамi, i за адным з тых сталоў сядзеў, гартаючы нейкiя паперы, малады ружовашчокi лейтэнант. Убачыўшы затрыманага, лейтэнант склаў паперы ў стос, мяльком кiўнуў на крэсла, i Йван зразумеў, што гэта ён, ружовашчокi лейтэнант, злапаў яго каля крамы.

– Што, Гарашчэня, даскакаўся? – мэталёвым голасам прамовiў лейтэнант, калi пад Iванам рыпнула крэсла. – Смаркачы пад носам не абсохлi,а ўжо ў краму лезеш...

– Я не Гарашчэня, – выдыхнуў Iван, i нiжняя губа ягоная плаксiва затрэслася.

– Як не Гарашчэня? – зьнiякавеў лейтэнант i ўжо зусiм лагодным голасам запытаў: – А хто?

Iван удыхнуў паветра, мерачыся сказаць сваё прозьвiшча, але ў гэты мiг лейтэнант падхапiўся на ногi i абцягнуў мундур.

– Хвацка ты, лейтэнант... За тры днi працы – два затрыманьнi, – прамовiў ад дзьвярэй каржакаваты дзядзька ў шэрым гарнiтуры, i па той рашучасьцi, зь якой лейтэнант падскочыў на ногi, Iван палiчыў, што гэта ўвайшоў генэрал.

– Адкуль? – запытаўся генэрал, зь цiкаўнасьцю агледзеўшы затрыманага.

– З Бычко-оў... – прабляяў затрыманы, i мыскi генэральскiх чаравiкаў задрыжэлi i расплылiся ў ягоных вачах.

– Што, у краму ўлез? – генэрал прысеў на край стала, чакаючы тлумачэньняў, але Iван маўчаў, i генэрал перавёў позiрк на лейтэнанта.

– Напярэдаднi сыгнал быў. Бычкоўская магазыншчыца тэлефанавала. Сказала, што ўночы зьбiраюцца ў краму залезьцi. Ну я i выехаў... прыхаваўся там...

– Зноў Бычкi, – з уздыхам прашаптаў генэрал. – Даўно ўжо трэба было гнаць гэтага Мiхнова, генэрал зьлез са стала, выцягнуў з пачка папяросу, iзноў утаропiўся на Iвана.

– Як тваё прозьвiшча?

– Бянько-оў, – пралепятаў Iван.

– Бянькоў? – генэрал выпусьцiў з роту шызы дым, летуценна паглядзеў на столь. – Гэта ня ты ў Вiцебску шапiк абабраў?

Пасьля такога пытаньня Iван яшчэ больш сьцяўся, i галава ягоная ўбiлася ў плечы.

– Ну?! – пагрозьлiва гукнуў лейтэнант.

– Я-а-а-а... – другiм разам прабляяў Iван i спалохана заплюшчыў вочы. Ён чакаў грымотнага кухталя, але не дачакаўся.

Генэрал кашлянуў, павольнай хадою прайшоўся па габiнэту.

– Што ён там сьцягнуў?

– Пяць пляшак ацэтону. Можа i яшчэ што – уначы не разгледзеў.

– Ацэтону? Яны ўжо там ацэтон п'юць? – генэрал узяў Iвана за чупрыну, зьлёгку тузануў угору. – А чарняўскую краму ня ты абабраў? – прыкiдваючы, цi мог затрыманы абабраць i чарняўскую краму, генэрал разважлiва мыкнуў, зьбiраючыся нешта сказаць, ды тут расчынiлiся дзьверы i вясёлы дзявочы голас паведамiў:

– Iван Iванавiч, вас да тэлефону!

Iван Iванавiч шпурнуў у адчыненую фортку папяросiну, выйшаў з габiнэту, i лейтэнант зь нейкiм дзiўным шкадаваньнем паглядзеў яму ўсьлед.

– Дык як, ты кажаш, тваё прозьвiшча? Бянькоў? – лейтэнант узяў у рукi самапiску, патрос яе, каб ямчэй пiсала, прыклаўся да паперы. Iнтанацыя, зь якой ён гэта сказаў, сьведчыла за тое, што ён згубiў да падсьледнага ўсялякую цiкавасьць.

– Бянькоў, – буркнуў Iван i, апярэджваючы новыя пытаньнi, дадаў: – Iван Васiлевiч.

– Дзе i калi нарадзiўся? – лейтэнант iзноў патрос асадку.

– У пяцьдзесят пятым годзе, на станцыi Назарбай...

– Як-як ты кажаш? Назар...

– Назарбай, – па складах прамовiў падсьледны, – Цалiнаградзкай вобласьцi.

Пёрка асадкi адчайна рыпнула, лейтэнант шпурнуў асадку на падлогу, вылаяўся i абхапiў рукамi голаў. Ён адседзеў у такой паставе хвiлiну, а можа, i болей i ачуўся толькi тады, калi пачуў генэральскi голас.

– Анашыст у капэзэ сядзiць? – запытаўся генэрал, прачынiўшы дзьверы.

– У капэзэ, Iван Iванавiч.

– Пратаколы па Мамедаву да мяне занясi. Я iм сам займуся, – генэрал грукнуў дзьвярыма, а лейтэнант, кашлянуўшы ў жменю, паклаў перад Iванам аркуш паперы.

– Сядай вунь за той стол, – лейтэнант азiрнуўся, кiўнуў у кут, а пачуўшы таропкiя крокi на калiдоры, падхапiўся на ногi. Дзьверы зь цiхiм рыпеньнем адчынiлiся, i ў дзьвярной пройме паўстала кабета ў караценькай форменнай спаднiцы.

– Леванiд Сяргеевiч, вы каву пiць будзеце? – гульлiвым голасам запыталася маладзiца, i той, да каго яна зьвярталася, гэтак жа гульлiва адказаў:

– Будзем, Валечка, абавязкова будзем. – Хвiлiну лейтэнант з замiлаваньнем глядзеў на дзьверы, потым абцягнуў мундур, прылашчыў валасы i, прамовiўшы: Добра, напiшаш iншым разам, – загадаў падсьледнаму падняцца.

Набраўшыся страху ў сьледчым габiнэце, Iван вяртаўся ў КПЗ, як у родную хату – з усьмешкай на твары. Плюхнуўшыся на ложак, ён закiнуў рукi за патылiцу, i ўваччу паўстаў чыгунок з гарачай капустай.

– Яны нас кармiць думаюць? – прасiпеў, чытаючы Iванавы думкi, Мамедаў. Хоць бы чаю якога прынесьлi, шакалы, – сказаўшы так, Мамедаў скасiўся на Iвана, чакаючы, што сукамэрнiк падтрымае размову, але Iван змаўчаў, i каўказец, нешта буркнуўшы па-свойму, павярнуўся да сьцяны.

КПЗ – цудоўнае месца для одуму. Вось i Iвана апанавалi думкi. I думаў ён, глытаючы сьлiну, пра хатнюю кiлбасу, пра гарачую капусту, пра сопкую бульбу са скваркамi, i, каб пазбыцца дакучлiвых думак, жаласьлiва ўздыхнуў.

– Што так уздыхаеш? – гукнуў Мамедаў, якому, вiдаць, таксама мроiлася ежа. – Згадваеш, як касу браў?

– Ды я ня ў касу лазiў, – прамовiў Iван, пацягваючыся. – У падсобку. Хацеў вiна ўзяць, а ўзяў... – Iван запынiўся, маракуючы, цi варта казаць Мамедаву ўсю праўду, пасьля чаго iзноў уздыхнуў i цiхiм голасам скончыў: – ...пяць пляшак ацэтону.

– Каго-каго? Ацэтону? – сукамэрнiк блiснуў вачыма, гаўклiва iкнуў i так адчайна зарагатаў, што панцырная сетка пад iм азвалася працяглым гудзеньнем.

– Ну i шакалы, – прамовiў Мамедаў, нарагатаўшыся ўдосыць. – З-за пяцi бутэлек чалавека ў гадзючнiк уперлi.

Каўказец падняўся з ложку i, змагаючыся з позехам, прасьпяваў:

– А ты сам адкуль?

– З Баранавiчаў, – без асаблiвай ахвоты адказаў Iван.

– З Баранавiчаў? – мяркуючы па голасе, каўказец ведаў, што гэта за горад i дзе ён знаходзяцца.

Мамедаў прайшоўся па камэры, пацёр рукi, акрыялым голасам зазначыў:

– А я зь Ленкаранi. Ты Ленкарань ведаеш?

Ленкаранi Iван ня ведаў.

– А Сальяны?

Сальянаў Iван ня ведаў таксама.

– У мяне ў Сальянах брат жыве. Алескерам клiчуць. Такога ж узросту, як i ты. – Мамедаў зноў упаў на ложак, пазяхнуў i пачаў распавядаць Iвану пра брата Алескера, пра Ленкарань, пра нейкiя Талыскiя горы, дзе яго, Мамедава, аднойчы злавiлi памежнiкi. Загаварыўшыся, ён стаў балбатаць па-свойму i прыканцы аповеду спытаўся:

– Прозьвiшча тваё як?

– Бянькоў, – з пакутаю выдыхнуў Iван.

– Ну дык што, Бянькоў... Калi хочаш выйсьцi з гэтага гадзючнiку, я табе дапамагу. А ты мне дапаможаш, як выйдзеш на волю. Згода?

Iван у адказ кiсла пасьмiхнуўся. Ну чым яму мог дапамагчы гэты каўказец, якi ляжаў на суседнiм ложку i справаю якога зьбiраўся заняцца сам генэрал? I ўсё ж, каб не пакрыўдзiць таварыша па няшчасьцi, Iван кiўнуў галавой i ўголас прашаптаў:

– Згода.

Праз пару гадзiн Мамедава паклiкалi на допыт. Застаўшыся на самоце, Iван доўга хадзiў з кута ў кут, потым доўга ляжаў на ложку, потым зноў хадзiў, лiчачы пры гэтым крокi, i акурат ў той момант, калi ён зрабiў семсот сорак трэцi крок, дзьверы камэры расчынiлiся, i на парозе паўстаў перацягнуты рамянямi сяржант.

– Есьцi табе прынёс, – прабурчэў сяржант, несучы алюмiнiевую талерку i шклянку гарбаты.

Сяржант паставiў талерку i шклянку на адкiдны столiк, спытаў Iвана, цi хоча той у прыбiральню, i, паправiўшы на рукаве павязку дзяжурнага, выйшаў з камэры.

Iван праглынуў ежу i адчуў сябе весялей – нават замармытаў нейкую песьню з рэпэртуару Валерыя Абадзiнскага, але нейзабаве зноў зажурыўся. Сядзець адному ў камэры было страшнавата, таму ён i прыслухоўваўся да кожнага калiдорнага зыку, чакаючы вяртаньня Мамедава. Але сыходзiў час, усё радзей чулiся на калiдоры людзкiя крокi, а калi гэтых крокаў зусiм ня стала чутна, Iван зразумеў, што Мамедаў ня вернецца.

Ноччу ён ляжаў, закiнуўшы рукi за голаў, глядзеў на цьмяную лямпачку, што гарэла над галавой, i думаў пра мацi. У начной цiшы яму мроiўся матчын голас. Аднойчы ён нават разабраў словы, якiя прагучалi знадворку: "Ваня, не пускаюць да цябе!" Пачуўшы гэта, ён падбег да вакенца, ухапiўся рукамi за краты i доўга наструньваў слых у намаганьня ўцямiць, цi гэта сапраўды быў матчын голас, цi гэта толькi здалося.

Ранiцай наступнага дня сяржант вывеў яго з камэры i павёў па сходах на другi паверх. Яны прайшлiся доўгiм калiдорам, павярнулi направа i спынiлiся перад дыхтоўнымi, абабiтымi чорным дэрмацiнам дзьвярыма. Сяржант адчынiў дзьверы, упiхнуў галаву ў пройму:

– Iван Iванавiч... Бянькоў...

Iван увайшоў у габiнэт, i першае, што ўбачыў, – гэта партрэт Леванiда Iльлiча Брэжнева, якi вiсеў на сьцяне. Пад партрэтам сядзеў, апранены ў мiлiцэйскi мундур, Iван Iванавiч, якога Iван лiчыў генэралам i якi наяве аказаўся ўсяго толькi маёрам.

Iван Iванавiч акiнуў цёзку калючым позiркам i, паказаўшы на крэсла, запытаў:

– На Мамедава даўно працуеш?

Iван прысеў самы на край крэсла i, ня ведаючы, што адказаць, прамармытаў:

– Нядаўна.

– А ты, Бянькоў, артыст. Паглядзець на цябе – дык дурыла дурылам. Нiколi б не падумаў, што ты на гэтую свалату працуеш, – сказаўшы слова "свалату", маёр зрабiў паўзу i кiўнуў у бок брэжнеўскага партрэту.

– Сам хоць гэтую брыдоту ня палiш?

– Якую брыдоту? – не зразумеў Iван.

– Ды анашу... анашу... – грымнуў маёр i падняўся з крэсла. – Глядзi, хлопец... Цяпер ты ў нас вось тут... – цяжкая маёрава рука апусьцiлася на стос папераў. – Болей не пападайся. Згнаiм! I мая табе парада – завязвай ты з гэтымi анашыстамi. Чуеш?

Маёр узяў Iвана за шкiрку, падвёў да дзьвярэй, i яшчэ празь iмгненьне падсьледны вылецеў з габiнэту, атрымаўшы пры гэтым ладнага кухталя i ня меней ладнага высьпятка. Акурат у гэты момант па калiдоры iшла знаёмая кабета ў караценькай спаднiцы, i Бянькоў, падаючы долу, мiжволi схапiў яе за голыя каленi.

– Ай, ай, хто гэта? – усклiкнула маладзiца, падскочыла на месцы, а маёр, задаволена рагатнуўшы, растлумачыў:

– Гэта яму на разьвiтаньне. Каб болей не пападаўся.

Стогнучы i трымаючыся за бакi, Iван выйшаў на двор, дацягнуўся да блiжэйшай лавы i, прысеўшы на левую кумпячыну, перавёў дых. Балела ня толькi нiжэй сьпiны, але i сама сьпiна, i карак, i галава, i суворы мiлiцыянт з плякату, што вiсеў на суседнiм будынку, замарачна мiтусiўся ўваччу. Ён прымружыўся, пацёр павекi i ўбачыў перад сабою задаволеную фiзiяномiю Мамедава.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю