355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Винцесь Мудров » Гарачае лета 00-га (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Гарачае лета 00-га (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 16:42

Текст книги "Гарачае лета 00-га (на белорусском языке)"


Автор книги: Винцесь Мудров



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Мудров Винцесь
Гарачае лета 00-га (на белорусском языке)

Вiнцэсь Мудроў

Гарачае лета 00-га

I

– Запрашай! – махнуў рукой палкоўнiк, i русявы маладзён, што стаяў ля дзьвярэй, высьлiзнуў з габiнэту.

Празь iмгненьне ў тамбуры затупалi i з прыцемку выплыў нiзкарослы тыпус, квадратны твар якога быў пазбаўлены якой-кольвечы думкi, а натапыраныя вушы з кожным крокам дзiўным чынам варушылiся. Сьледам за iм у габiнэт увайшоў цыбаты мурын у бэйсболцы, якi нёс пад пахаю вялiзны скураны тубус.

– Радыя вас бачыць, мiстэр Вiк, – зганяючы з твару гiдлiвую ўсьмешку, палкоўнiк запрасiў госьця прысесьцi, i Вiк плюхнуўся ў мяккi фатэль.

У фатэлi лядашчае Вiкава цела выглядала яшчэ больш мiзэрным. Госьць адчуў гэта, бо адразу ж раскрылiў пiнжак i ўсьпёр на стол свае падагрычныя ногi.

Палкоўнiк з прадстаўнiком Камiтэту пераглянулiся.

"Пасадзi сьвiньню за стол..." – моўчкi прамовiў палкоўнiк.

"Вытрымка... жалезная вытрымка!" – моўчкi адказаў прадстаўнiк Камiтэту, i лiловы пiсяг на палкоўнiцкай шчацэ налiўся нэрвовай чырваньню.

За сваю доўгую гiсторыю дубовы стол – колiсь ён стаяў у габiнэце 2-га сакратара Цэка – шмат чаго пабачыў i шмат чые локцi соўгалiся па ягоным дзяржаўна-зялёным сукне. Але каб на сукне тым соўгалiся заднiкi зьбiтых чаравiкаў – такога ў гiсторыi яшчэ не было.

– Як вам нашае надвор'е? – запытаўся палкоўнiк i закашляўся, спрабуючы ўтаймаваць нэрвовы клёкат у горле.

Мурын – ён выконваў функцыi сакратара i целаахоўнiка – пачаў перакладаць, але шэф незадаволена пстрыкнуў пальцамi i сiпла прамовiў:

– Let's pass from words to deeds. Time presses.*

* Давайце аб справе. Час прысьпешвае (анг.).

У пацьверджаньне плынi часу ў куце габiнэту бомкнуў стары гадзiньнiк, i палкоўнiк, цяпер ужо бяз клёкату ў горле, запытаўся:

– Тавар у вас?

Мурын падышоў да стала, паклаў на яго скураны тубус.

– For five number, as we treated?* – госьць удругарадзь пстрыкнуў пальцамi, i цемнаскуры сакратар працягнуў шэфу прадаўгаваты, блiскучы на выгляд пачак.

* На пяць нумароў, як i дамаўлялiся (анг.).

"Жавальная табака... "Чырвоны iндзеец", – адцемiў пра сябе палкоўнiк.

– As soon as you transfer your money on our count the first consignment will come.* – госьць прамовiў гэтую фразу, жуючы табаку, i мурын, слухаючы няўцямна-шапялявую гаворку, заклапочана пацёр лабешнiк.

* Як толькi перавядзеце грошы на наш рахунак, адразу ж атрымаеце першую партыю (анг.).

Згадка пра валютны рахунак усхвалявала палкоўнiка.

– Раней вы казалi: варта толькi прачытаць тэкст. Цяпер загаварылi пра непасрэдны кантакт з галавою. А гэта ж зусiм iншы каленкор, – палкоўнiк стрымана кашлянуў i, пасьля паўзы, дадаў: – I зусiм iншыя грошы.

Цемнаскуры цiвун скрывiўся, падбiраючы адпаведнiк слову "каленкор", i мiстэр Вiк, пстрыкнуўшы пальцамi абедзьвюх рук, загаварыў па-расейску, расьцягваючы, па прыкладу латышоў i чэхаў, галосныя зыкi.

– Над праектам працавалi тры iнстытуты, у справу ўбiта тры мiльярды даляраў, да таго ж я сур'ёзна рызыкую. Калi там... – госьць узьняў да столi пукатыя вочы, – даведаюцца пра нашу зьдзелку, я мушу сесьцi ў крэсла. Самi ведаеце, якое...

– Ве-едаем, – выдыхнуў палкоўнiк, таксама расьцягваючы зыкi, – тры тысячы вольт, дым з вушэй i ўсё такое...

– What does it have to do with my ears?* – абурыўся госьць, ускочыў з фатэля, i разам зь iм ускочыў з крэсла i прадстаўнiк Камiтэту.

* Пры чым тут мае вушы? (анг.).

– Панове... ня будзем пiкiравацца, – прымiрэнчым голасам прамовiў камiтэтчык, – заўтра правядзём экспэрымэнт i калi ўсё будзе добра, тады i абмяркуем нашыя праблемы.

Калi за гасьцямi зачынiлiся дзьверы, прадстаўнiк Камiтэту з дакорлiвай усьмешкаю ў вачах зiрнуў на палкоўнiка.

– У нашай працы трэба быць не ганчакамi, а лiсамi... Калi гэтая рэч i сапраўды... – камiтэтчык з гучным поканьнем раскрыў тубус, – ... выпроствае зьвiлiны, тут нiякiх грошай не пашкадуеш. За пару месяцаў зьлiквiдуем усялякую апазыцыю. Уяўляеш... Скразьняк нясе праблемны артыкул у "Лубянскi набат", Лабуцька вядзе рэй у Антынатаўскiм камiтэце... Гэты... як яго?.. Кудыка... зьбiрае мiтынгi з патрабаваньнем надаць Акадэмii навук iмя любiмага Прэзыдэнта.

Слухаючы калегу, палкоўнiк пачухаў сьвярблiвы шнар на шчацэ, памацаў скрутак паперы, што тырчаў з тубуса, i, падняўшы трубку нутранога тэлефона, каротка загадаў:

– Трэцюю тэчку на стол!

Важкая тэчка з мэталёвай лiчбай "3" на вокладцы зьмяшчала дасье на галоўных апазыцыянэраў.

Хаця лейтэнант Надгайны – так звалi русявага маладзёна – чытаў дасье бадзёрым голасам, палкоўнiк слухаў ня надта ўважлiва i толькi калi лейтэнант дайшоў да Вячаслава Забелы – iнжынэра-праграмiста з завода iмя Манiлава, рыпнуў крэслам i зяхлiва запытаў:

– А на якiя сродкi ён жыве, гэты Забела?

– У вольны ад працы час прадае кантрабандныя запалкi, – гукнуў лейтэнант, выпетрыўшы з палкоўнiцкай галавы рэшткi дрымоты.

– Iнжынэр Забела прадае запалкi... Сорамна, бацюхна! – зь ленiнскай картавiнкай прамовiў палкоўнiк, пасьля чаго ўжо сур'ёзным голасам прабурчаў: Далей.

Ганчарык Аляксей Пятровiч. Сябар ПЭН-цэнтру. Аўтар пятнаццацi празаiчных кнiжак, напiсаных з варожых славянскаму сьвету пазыцый.

– Гэта ня той Ганчарык, што гандлюе трусамi на Камароўцы? – ускiнуў брыво палкоўнiк.

– Той самы, – працадзiў прадстаўнiк Камiтэту.

– Вось зь яго i пачнем, – сказаўшы так, палкоўнiк пайшоў да тэлефону, хвiлiн пяць даваў розныя распараджэньнi, потым дастаў з сэйфу пачатую пляшку каньяку, налiў сабе i камiтэтчыку, сьпехам кульнуў чарку i, падхапiўшы тубус, адрыгнуў каньячным духам: – Едзем у друкарню!

II

– Iван! Чуеш? Грошай няма нi капейкi, – рыпучы жончын голас прабiўся пад коўдру, нэрвовым сьвербам прайшоўся па скуры. – Ганчарык на Камароўцы сядзiць. Шабуня кашы пляце, а гэты лежнi правiць. Думае, я яго кармiць буду! – гукнула жонка, бразнула ўваходнымi дзьвярыма, i Iван вытыркнуў галаву з-пад коўдры.

Зыркая яснасьць адбiрала зрок; вочы мiжволi заплюшчылiся, i так, з закрытымi вачыма, Iван апусьцiў нагу на падлогу. Ён вылазiў з-пад коўдры паволi – як самнамбул, як немаўля з матчынага ўлоньня, як чарвяк з надкусанай папяроўкi. Ну, а даўшы волю мастацкай вобразнасьцi, можна сказаць i так: Iван вылазiў з-пад коўдры, як адубелы ад холаду небарака-чмель. (Зрэшты, ранак выдаўся цёплым, нават гарачым, i згадка пра адубелага чмяля не зусiм дарэчная.)

Iван насунуў на ногi тэпцi, пайшоў на кухню, доўга пiў нагбом цеплаватую ваду з чайнiка, потым убiўся ў прыбiральню, гэтак жа доўга выдаляў з нутра вiльгаць, а тузануўшы фаянсавую гiру, пабрыў туды, куды i мусiць брысьцi пiсьменьнiк часiнай ранiшняга одуму – у сваю творчую лябараторыю.

Цяжка (магчыма, нават з вохканьнем) сеў Iван за пiсьмовы стол, абхапiў рукамi скронi i з панылай зацятасьцю агледзеў папяровы сьметнiк, што ляжаў на стале. Тут, у поўным бязладзьдзi, ляжалi расейска-беларускiя i беларуска-расейскiя слоўнiкi, старыя газэты, зашмальцаваныя блякноты, бухгальтарскiя кнiгi, змацаваныя залацiстай сашчэпкай старонкi лiрычнай навэлы "У Заказельлi днее", лiсткi фэналягiчнага дзёньнiка ды iншы хломазд.

Колькi сябе помнiў Iван, на стале ягоным заўсёды панаваў вэрхал. Кожнага ранку, пагалiўшыся i надзеўшы белую кашулю, ён сядаў за стол, ссоўваў убок папяровы сьметнiк i, падрыхтаваўшы такiм чынам пляцдарм дзеля творчага парыву, натхнёна рыпаў старым "паркерам".

Вэрхал, якi панаваў у лябараторыi, ня толькi не раздражняў, але i ствараў своеасаблiвую працоўную атмасфэру. Сёньня ж уся гэтая папяровая брыда цьвялiла нэрвы й нараджала палкае жаданьне ўзяць яе ў ахапак i выкiнуць у сьмецьцеправод. Падуладны такому жаданьню, Iван крэкнуў (магчыма, нават пукнуў), раскрылiў рукi, каб прыбраць з вачэй хломазд, ды нечакана абмяк i зноўку абхапiў далонямi скронi.

За апошнiя пяць, цi нават болей, гадоў у Iвана нiчога не выдавалася. Пiсаць не было сэнсу, i ўсё ж такi нейкая неадольная сiла цягнула яго да стала, i ён пэцкаў неразборлiвымi радкамi старонкi бухгальтарскiх кнiг, сям-там прарываючы ў творчым запале лядашчую паперу. Iван пiсаў аўтабiяграфiчны раман. Сьпiсана было восем гросбухаў (iх прыносiла з працы жонка-бухгальтарка), а жыцьцяпiс толькi-толькi наблiзiўся да таго моманту, калi малады герой, памацаўшы мокры ад матчынай сьлязы штрыфель пiльчака, выправiўся з роднага хутара ў шырокi сьвет.

Звычайна Iван пiсаў да абеду, а па абедзе iшоў у адведкi да сяброў, такiх жа безграшовых i зьнявераных у жыцьцi лiтаратараў. Нейкiм дзiўным чынам яны знаходзiлi грошы, куплялi таннага вiна i ўчынялi сяброўскiя бяседы – цi то ў парку (калi дазваляла надвор'е), цi то ў рэдакцыi часопiсу "Славянская румка".

Была ў Iвана i норма спажываньня "мармытухi": чатыры паўлiтровых пляшкi. Выпiўшы болей, ён шалеў: чапляўся да жанок, лаяў кiраўнiцтва СП, а то, дастаўшы з нутраной кiшэнi пакамечаныя лiсткi, уголас чытаў урыўкi з аўтабiяграфiчнага рамана. Пасьля такiх гулянак у Iвана балела галава, уваччу мiльгацелi чорныя мятлiкi, i ачмурэлая ад перагару Муза кожнага разу вылятала з творчай лябараторыi праз адчыненую фортку. У такiя хвiлiны Iван мераў дробным крокам лябараторыю, здушана аддзiмаўся, а прайшоўшы разоў дваццаць ад пiсьмовага стала да дзьвярэй i наадварот, пацiраў рукi i нясьмела, па-кашэчы насьцярожлiва, падыходзiў да кнiжнай шафы. Там, на сярэдняй палiцы, стаялi радком усе пяць Ягоных кнiжак. Дрогкая рука выцягвала самую тоўстую, з залатымi лiтарамi "Выбранае" на карэньчыку, пальцы мiтусьлiва гарталi старонкi, i масьлянiстыя вочы сьлiзгалi па знаёмых радках.

– Магу... магу... – шаптаў Iван, чытаючы ўласныя, немаведама калi напiсаныя тэксты, i свавольнiца Муза, паблукаўшы па навакольлi, лёгкiм ветрыкам залятала ў пакой.

Гэтым разам хадзiць па лябараторыi не было сiл: ён проста сядзеў, абхапiўшы рукамi голаў i невiдушча глядзеў на падрапаны край стала.

Стол, дарэчы сказаць, займаў добрую трацiну пакою, быў куплены гадоў пятнаццаць назад ва ўдавы аднаго клясыка i, падобна, захоўваў у сваiм нутры думкi былога гаспадара. Нездарма ж першы напiсаны за iм твор – аповед "Маня з Заказельля" – сюжэтна нагадваў апошнi раман памерлага клясыка. Вось i цяпер, пазiраючы на завiлыя драпiны, Iван згадаў героя таго рамана – калгаснага мэханiзатара Сьцёпку, якi, пакахаўшы бiблiятэкарку Клаву, кiнуўся зь сякерай на цяжарную жонку. Уваччу – дарэшты выяўна – паўстаў Сьцёпка-мэханiзатар зь сякерай у руках, увушшу – таксама выяўна – прагучаў жончын голас: – Думае, я яго кармiць буду! – i Iван, каб разагнаць чмуру, ускудлацiў валасы на скронях.

Словы, сказаныя жонкаю паўгадзiны таму, пазбавiлi ня толькi творчага натхненьня, але й душэўнай раўнавагi. Душа Iванава ўжо даўно абмiрала ў прадчуваньнi такiх слоў, i вось яны былi сказаны...

Трэба было штосьцi рабiць, шукаць нейкую працу. Пагатоў, многiя лiтаратары ўжо даўно недзе ўладкавалiся, зарабляючы на хлеб з тонкiм слоем "Рамы". Паэт Мiнковiч падаўся ў начныя вартаўнiкi, эсэiст Анкуда зьехаў у родную вёску i гадаваў там трусоў, драматург Шабуня плёў кашы, а празаiк Ганчарык – заўзяты весялун i залётнiк – гандляваў на Камароўскiм рынку цi то шкарпэткамi, цi то бюстгальтарамi, цi то яшчэ нейкай халерай.

Апошняе прозьвiшча захрасла ў мазгах, i Iван прыгадаў, як летась весялун i залётнiк прапанаваў яму ўключыцца ў базарны бiзнэс. Тады ён толькi рагатнуў у адказ, а цяпер, успомнiўшы тую размову, падняўся на ногi i засяроджана пачухаў патылiцу.

III

На выцьвiлым небе не было нi аблачынкi, i сонца палiла як не ў сабе. Пакуль Iван датупаў да Камароўкi, мазгi амаль што расталi, i кропля ядранага поту сьвярблiва кацiлiся па драбах.

Адразу ж ля брамаў яго падхапiў людзкi натоўп, сьцiснуў з усiх чатырох бакоў, пацягнуў за сабой у напрамку павiльёна "Насеньне". Абышоўшы два разы вакол павiльёна, даверху завешанага скуранымi курткамi, i зразумеўшы, што базарны бiзнэс – гэта не для яго, Iван памкнуўся да выхаду i пачуў, як недзе непадалёку пакрыўджана загарлала кабета:

– А чыво эта вы са мной па-беларускi разгаварваеце?

Давялося стаць на дыбкi, выцягнуць шыю.

– Купiла трусы мужыку... палез у ваду i краска ў с... уелася. Нiчым не адмыць, – галёкала кабета, махаючы ў паветры чырвона-зялёнымi трусамi.

Ганчарык – а лаялiся, вядома ж, на яго – хваравiта крывiўся, змучана аддзiмаўся i, мяркуючы па ўсiм, ня ведаў, што адказаць кабеце, якая патрабавала вярнуць ёй сорак мiльёнаў. Магчыма, Ганчарык i вярнуў бы грошы, ды тут яго падтрымала маладая гандлярка, што вытыркнулася з-за калашыньня разьвешаных штаноў.

– Пемзай пашаруй! – жартам выдала гандлярка, i кабета, забыўшыся на Ганчарыка, накiнулася на тую зь лютымi праклёнамi.

Базарная лаянка Iвана ня толькi ўразiла, але й занепакоiла. Ён утулiў голаў у плечы, прыгнуўся, каб не патрапiць Ганчарыку на вочы, але калега крутнуў галавой, i яны сутыкнулiся позiркамi.

Ганчарыка сустрэчы ня надта ўзрадавала: калега ўздыхнуў, скасiў вока на сварлiвую кабету i, спахапiўшыся, стаў зрываць зь вяроўчыны разьвешаныя мэтлахi ды запiхваць у вялiзную цыратавую сумку.

– Усё, зь мяне хопiць! – выгукнуў весялун i залётнiк, усьпёр напакаваную сумку на голаў, як гэта робяць афрыканскiя тубыльцы, i кiўком галавы загадаў Iвану iсьцi сьледам.

Не згаворваючыся, яны рушылi ў напрамку прадуктовай крамы. Ганчарык за ўсю дарогу не прамовiў нi слова; нават купляючы газэту ў шапiку, моўчкi паказаў пальцам на тыднёвiк "Наша Пiва", i толькi ля крамных дзьвярэй, дастаўшы з кiшэнi пачак грошай, коратка запытаў:

– Пiшаш?

У адказ Iван неакрэсьлена страсянуў галавой, потым гэтак жа неакрэсьлена кiўнуў i хуценька падаўся ў краму.

Лёшку Ганчарыка ў пiсьменьнiцкiм асяродку ня надта любiлi. Быў ён творцам таленавiтым, амбiтным i, да таго ж, церабiў, а то й рэзаў праўду-матку. Калi Ганчарыка пыталiся, што ён думае пра новы раман цi аповед якога-небудзь жывога клясыка, Лёшка заўсёды хмурнеў i прамаўляў ня надта мiлагучнае слова (каб чытачы здагадалiся – што гэта за слова, паведамiм: яно сугучнае драсёну, Дрысе i Дрысьвятам).

Праўда, была ў Лёшкi й дадатная рыса: калi хто з знаёмцаў прасiў грошай на пахмелку, ён нiкому не адмаўляў, а, атрымаўшы буйны ганарар, частаваў братоў-пiсакаў на поўную губу.

Частаваў Ганчарык i Йвана. Налiваў гранёную шклянку, абдымаў за плечы i, згадаўшы "Маню з Заказельля" – той самы аповед, у якiм трактарыст Трыфан кiнуўся з сякерай на абрыдлую цешчу, – прамаўляў сваё ўлюбёнае слоўца. Iван пры гэтым ня мог уцямiць – жартаваў Ганчарык цi казаў усур'ёз; прытоеная крыўда штораз падступала да горла, i даводзiлася заганяць яе ў страўнiк глытком пякучай гарэлкi.

... Стоячы ў чарзе, Iван пералiчыў грошы, i старая крыўда зварухнулася на дне страўнiка. "Я ў падзёртых штанах хаджу, а ў гэтага прайдзiсьвета па мiльярду ў кожнай кiшэнi", – бязгучна прабубнеў Iван i, кiўнуўшы прадаўшчыцы, цяпер ужо ўголас прамармытаў:

– Тры вiна i слоiк салянкi.

IV

Жлукцiць такою парою вiно можна было толькi ў адным месцы: ля рэчкi. Туды яны i скiравалi.

Людзей на рэчцы было аж занадта. Сам бераг апанавала дзятва – вiскат стаяў неверагодны, крыху зводдаль усё было застаўлена машынамi, на вузкай лугавiне ўпокат ляжалi тлустыя цёткi, падставiўшы сонцу свае неабдымныя жываты, i пiсьменьнiкi, паблукаўшы, знайшлi сабе месца пад гонкай бярэзiнай, якая, аднак, амаль не давала ценю.

Пакуль Iван адкрываў салянку i адкаркоўваў пляшку, напарнiк, сьпехам распрануўшыся, пабег да вады. Ганчарык любiў купацца – мог адседзець у вадзе цэлую гадзiну, Iван гэта ведаў, а таму, нюхнуўшы счарнелую салянку, устурбавана зiрнуў з-пад рукi на тлумны бераг.

Калега вярнуўся хвiлiн празь пяць – задыханы i задаволены.

– Давай i ты... адразу палягчэе, – бадзёра гукнуў Ганчарык, казелячы вочы на кабету, што загарала непадалёку.

Iван адмахнуўся ад такой прапановы, напоўнiў шклянку – у бяздоннай ганчарыкаўскай сумцы знайшлiся i сьцiзорык, i вiдэлец, i шклянка – i натхнёна пацёр далонi:

– Паехалi!

Першую пляшку адолелi моўчкi, Iван адкаркаваў другую i, упiхнуўшы ў рот жмутак асьлiзлай салянкi, у сваю чаргу запытаў:

– А ты... пiшаш што-небудзь?

Калега зiрнуў на кабету, i тая, адчуўшы мужчынскi пагляд, зьняла з носа лiсьцiк трыпутнiку i падабрала пукаты жывот. Ганчарык нiчога не адказаў, выцягнуў з сумкi "Наша Пiва", а разам зь ёю яшчэ адну газэту – "Лубянскi набат".

– Во ё... кiяскёрка не дагледзела – упёрла, – уражана мацюкнуўся весялун i залётнiк, узяў "Лубянскi набат" двума пальцамi – нiбыта гэта была здохлая вужака – i кiнуў Iвану: – Зрабi сабе капялюш, а то галава ўгрэецца.

Iван садраў корак з трэцяй пляшкi, навалiўся плечукамi на сумку, разгарнуў газэту. Без асаблiвай увагi прачытаў развагi прафэсара Кракадзiлава пра натаўскiх людажэраў, потым пераключыўся на артыкул лiтаратуразнаўцы Лява Бердашкевiча аб крывавых оргiях, што ўчыняюцца ва ўправе ПЭН-цэнтра, потым пазяхнуў i памацаў угрэтую макаўку. "I сапраўды – трэба зрабiць якi каптур", з гэткаю думкаю Iван склаў газэту ў дзьве столкi i паскроб няголенае падбародзьдзе. Апошнi раз ён займаўся такой справай гадоў трыццаць таму i адразу ня мог уцямiць – куды якiя канцы загiнаць. Як бы там нi было, а нейкую падабiзну каптура ён усё ж такi зьляпiў i нацубiў на самыя вочы.

Не пасьпеў Iван зьмежыць павекi, як слых напоўнiўся набатным звонам. Званы гулi недзе далёка, цi не за рэчкай. Неўзабаве набат стаў мацнець i ўраз рабiцца ўсё больш адрывiстым i бразгатлiвым. Стваралася ўражаньне, што нехта зацята бiў чымсьцi жалезным у падвешаную рэйку. Iван разьмежыў павекi, страсянуў галавою. Сон, здавалася, доўжыўся кароткую хвiлю, а Ганчарык мiж тым ужо сядзеў ля кабеты, i цёплы ветрык даносiў да вушэй абрыўкi фраз:

– Што ж вы... такая элегантная... i адна?

Рука мiжволi пацягнулася да пляшкi, Iван зрабiў ладны глык – ажнуль закашляўся – i зноў навалiўся на сумку. Нейкая хваравiтая стома авалодала целам i Iвану падалося, што ён плыве ў пругкiм паветры, не даючы рады паварушыць нi рукой, нi нагой. Дзесьцi зноў ударылi ў рэйку; удары сталi сыпацца ўсё часьцей i часьцей, аж пакуль не ператварылiся ў ляскат танкавых гусенiц. I вось, на тле злавеснага ляскату, прагучаў суворы i крыху надтрэснуты голас:

– Натаўскiя бранятанкавыя армады ўжо гатовыя былi рынуцца на ўсход, каб расьцiснуць сваiмi тракамi славянскiх дзяцей i жанок, ды на iхнай дарозе грознай скалой паўстаў Абаронца Ўсiх Славянаў...

Гэта быў ня сон, а нейкае трызьненьне. Надтрэснуты голас слова ў слова паўтараў надрукаваны ў газэце артыкул, i ў Iвана ад такой праявы – ён адчуў гэта – варушылiся i выпроствалiся мазгавыя зьвiлiны, халодным сьвербам працiнаючы ўгрэты голаў. Ён паспрабаваў растулiць павекi i раптам убачыў Абаронцу Ўсiх Славянаў. Убачыў не ўсяго яго, а толькi перапэцканыя ў глiну гумовiкi ды калашыньне картовых штаноў. Абаронца быў такiм магутным i велiчным, што, пачынаючы ад крысься балоньневай курткi, хаваўся ў шэрых аблоках. Надтрэснуты голас яшчэ сьвiдраваў левае вуха, але Iван ужо нiчога ня чуў. Ён зачаравана глядзеў угору, i духi яму займала ад велiчы Славянскага Волата.

– Вось хто верне нам нашыя ганарары! – малiцьвенна прашаптаў Iван, i ў той жа мiг цела ягонае набыло важкасьць i апусьцiлася на зямлю.

– ... А гэта так званыя пэнцэнтраўцы – агенты ЦРУ i Масаду, – прагучала цяпер ужо ля правага вуха, i мiма Iвана з капытлiвым грукатам прабегла гурба нейкiх мярзотнiкаў.

Першы зь iх бег, махаючы, па прыкладу трактарыста Трыфана, крывавай сякерай, другi цягнуў на карку вялiзны мех – праўдападобна, з далярамi, трэцi валок на плячы шыбенiцу, а чацьверты – маленькi i лысаваты – пёр супрацьтанкавую базуку амэрыканскай вытворчасьцi. Твараў Iван не разгледзеў, але першы – той, што махаў сякераю – нагадваў Ганчарыка, а апошнi – маленькi i лысаваты – быў вылiты Шабуня.

– Агенты ЦРУ i Масаду пусьцiлi атрутным каранi на нашай лiтаратурнай нiве. Агенты носяць славянскiя iмёны, але мы ведаем: у ПЭН-цэнтры, як i ў iншых антыславянскiх цэнтрах, угнязьдзiлiся выключна адны жы...

– Ды-ы... – выгукнуў Iван i ачуўся.

Сонца сьляпiла вочы, у галаве шумела, i Iван напачатку нiяк ня мог даўмецца: дзе ён i што зь iм. I толькi намацаўшы бутэльку, канчаткова пазбыўся чмуры.

Ля берага вiшчэла дзятва, непадалёку покаў мячык – нейкiя хлопцы гулялi ў валейбол, а Ганчарык, седзячы на кукiшках, штосьцi казаў кабеце, i па ягонай натхнёнай паставе можна было зразумець: калега чытаў вершы.

Дзiўнае насланьнё ўбiлася ў сьвядомасьць. Iвану падалося, што нехта неадрыўна глядзiць яму ў сьпiну, хтосьцi сочыць за iм, i ад таго позiрку душа сьцялася i балюча заныла, нiбыта па ёй прайшлiся наждачкай. I яшчэ адна непрыемнасьць напаткала Iвана: у нетрах успушанага жывата штосьцi абарвалася, пералiлося з аднае кiшкi ў другую i азвалася раскоцiстым бурчэньнем. У жываце ўзбунтавалася салянка.

Да блiжэйшых кустоў ён бег на паўсагнутых, iрвучы на хаду газэтны каптур, i ўсьлед яму – а можа гэта толькi здавалася – пагрозьлiва бухалi чыесьцi цяжкiя боты.

З кустоў небарака вылез праз паўгадзiны. Расьпешчаны, разьняволены, ён новымi вачыма зiрнуў на сьвет, i сьвет адкрыў яму патаемную iсьцiну: ва ўсiм вiнаватыя жыды i нацыяналiсты.

Лагодная, дагэтуль нечуваная цеплыня разьлiлася нiжэй сьпiны. Iван памацаў азадак i толькi тады зразумеў, што гэтае цяпло спарадзiла бацькоўская турбота аб iм Абаронцы Ўсiх Славянаў.

Цяпло рабiлася ўсё больш адчувальным. Яшчэ хвiлiна – i кезаўку прыпякло так, нiбыта ў яе ўпiхнулi распалены лiтавальнiк. Iван брыклiва падскочыў i, ратуючыся ад гарачай турботы, пабег да вады. Па дарозе ён зьбiў з ног дзiцёнка, наступiў на голаў той самай кабеце, якой Ганчарык прагнай пяцярнёй рабiў масаж сьцёгнаў i, зьняўшы штаны разам з трусамi, з усяго маху плюхнуўся ў раку.

Тым часам у цёмна-зялёным "мэрсе", што стаяў непадалёку, апусьцiлi бакавое шкло, i ў прыцемнай пройме блiснулi шкельцы бiнокля.

– Што гэта зь iм? – незадаволена выдыхнуў вастраносы тыпус, мацаючы лiловы шнар на левай шчацэ.

Другi тыпус, якi сядзеў ззаду, таксама зiрнуў у бiнокаль, сплюнуў на пясок агiдную жуйку i яшчэ больш незадаволена працадзiў:

– The paper contains under forty per cent cayenne.*

* Папера ўтрымлiвае да сарака адсоткаў чырвонага каенскага перцу (анг.).

Эпiлёг

Праз два днi Iван прынёс у рэдакцыю "Лубянскага набату" вялiкi артыкул аб жыда-масонах, што атабарылiся ў Cаюзе пiсьменьнiкаў. Рэдактар – сiвагаловы мужчына са значком Дзяржынскага на штрыфлi пакамечанага пiнжака – прабег вачыма дробна сьпiсаныя старонкi, ухвальна кiўнуў i параiў напоўнiць зьмест канкрэтнымi фактамi. Рэдактар выцягнуў з сэйфа тэчку з апэратыўнымi матэрыяламi на сябра СП Ганчарыка, паклаў перад Iванам i, натхняючы на плённую працу, ляпнуў па сьпiне.

Наступны артыкул Iван прысьвяцiў драматургу Шабуню, якi, як высьветлiлася, плёў ня толькi кашы, але й iнтрыгi супроць Абаронцы Ўсiх Славянаў. Потым былi артыкулы пра паэта Мiнковiча i эсэiста Анкуду, потым, па рэдакцыйнай замове, Iван напiсаў выкрывальнiцкi аповед пра вядомую варагiню славянства Валерыю Старадворскую, за якi атрымаў прэмiю Ўсясьветнага Славянскага Камiтэту "Чыгунны Вiцязь".

Вяртаючыся з чыгунным вiцязем дахаты, Iван увесь час азiраўся. Яму здавалася, што варагiня славянства iдзе за iм сьледам, а калi ўбiўся ў творчую лябараторыю, дык убачыў у вакне тую самую Старадворскую. Агентка ЦРУ i Масаду сядзела на бальконных парэнчах i з нахабным выглядам палiла папяросу. Iван здрыгануўся, шпурнуў у вакно чыгуннага балвана i зь лямантам, дарэшты заглушаным звонам разьбiтага шкла, выбег на вулiцу...

Увечары таго дня небараку бачылi на ганку Галоўнай Адмiнiстрацыi: ён бiўся з ахоўнiкамi, спрабуючы прайсьцi ў будынак. Па сьведчаньнi вiдавочцаў, неўзабаве Iван быў дастаўлены спачатку ў спэцразьмеркавальнiк на Ахрысьцiна, потым у прыймовы пакой Старынкаўскай бальнiцы, нарэшце, ва ўтульны габiнэт лейтэнанта Надгайнага. Там яму былi зроблены iн'екцыя трыяксазыну i цiкавая прапанова: ачолiць Аргкамiтэт па стварэньнi Саюза Патрыятычных Славянскiх пiсьменьнiкаў, якi павiнен згуртаваць у сваiх шыхтах усе здаровыя пiсьменьнiцкiя сiлы. Падумаўшы хвiлiну, Iван змахнуў са шчакi няпрошаную сьлязiну, пацалаваў камсамольскi значок на лейтэнантавым мундуры i моўчкi кiўнуў галавой на знак згоды.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю