Текст книги "Высокі страх"
Автор книги: Васіль Ткачоў
Жанр:
Юмористическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Васіль Ткачоў
ВЫСОКІ СТРАХ
Апавяданні для малодшага школьнага ўзросту
ЦЁПЛЫЯ АБНОЎКІ
За ноч увесь двор замяло снегам. Алёнка, калі толькі прачнулася, адразу падбегла да акна, абрадавалася:
– Бабуля, паглядзі, якая бялюткая коўдра!
– Зараз паглядзім, зараз, што там за коўдра такая, – паспяшалася да ўнучкі бубуля.– Ну, дзе там яна, коўдра тая?
– Вунь! Бачыш?
– Бачу, бачу, Алёнка. Гэта зіма нам падаравала нарэшце такую коўдру. Доўга не было снегу, а за гэтую ноч яго насыпала столькі, што і на лыжах дзецям можна катацца. Малайчына, зіма!
Паглядзець на бялюткую коўдру захацелася і маленькаму кудлатаму сабачку Джэсі. Ён узабраўся на падваконнік і таксама з захапленнем глядзеў на двор.
– Вось паснедаеш, і можаш пахадзіць па сняжку, – сказала бабуля.
І раптам Алёнка засумавала, куды і падзеўся яе добры настрой.
– Што з табой, унучачка мая залатая? – захвалявалася бабуля.
– Джэсі таксама хоча на вуліцы пагуляць, – сказала дзяўчынка.
– Дык возьмеш яго з сабой, бяды тае!
– Ага, возьмеш: калі я маю валёнкі, то ў Джэсі іх няма. А ён жа можа лапкі адмарозіць
Джэсі двойчы пацвердзіў, што яго гаспадынька праўду кажа:
– Гаў-гаў!..
Бабуля задумался. А потым сказала:
– Ну, што ж: трэба і для Джэсі валёнкі зрабіць.
– Ты, бабулька, малайчына!– пахваліла яе дзяўчынка.– Ты самая здагадлівая бабулька. Давай, давай рабіць валёнкі для Джэсі! А як зробім, тады мы і пойдзем з ім на вуліцу.
– А, можа б, ты адна пакуль пабегала? Глядзі, як прыгожа на дварэ? А то можа і так у нас атрымацца: пакуль будзем валёнкі рабіць сабачку, снег раптам растане. Зіма сёлета на сюрпрызы ахвотніца вялікая.
– Адна – не, не пайду. Як гэта адна? Ты што гаворыш, бабуля? А што мне Джэсі скажа? Ты пра гэта падумала?
– Не, Алеська, не падумала, – шчыра прызналася бабуля.– Тады давай рабіць валёнкі для твайго сябра. Так і быць.
Бабуля ў Алёнкі – майстрыца добрая, пра гэта дзяўчынка ведае. Яна ўсё жыццё працавала швачкай на фабрыцы. Але што ж скажа пра тыя валёнкі Джэсі, калі іх будзе рабіць толькі яна адна? Сабачка ж ходзіць за дзяўчынкай, нібы іголка за ніткай. Канешне ж, ён ведае, што зараз будуць шыць яму зімовы абутак. Стараецца не перашкаджаць. А дзяўчынка тым часам зняла чаравічкі са сваёй лялькі, падала іх бабулі.
– І ў Джэсі такая ножка, як у лялькі Машы, – сказала яна.
– Добра, няхай гэты чаравічак будзе нам узорам, – пагадзілася бабуля.– А якога ж калеру ты хочаш пашыць валёнкі?
Дзяўчынка не разгубілася:
– Цёплага!
І залілася смехам. Бабуля прытуліла Алёнку да сябе: разумніца ты мая! А потым яны падабралі тканіну, якраз у бабулі застаўся кавалак фланелі ад безрукаўкі, у якой яна і ходзіць цяпер па пакоі, з таго кавалачка і выкраілі валёнкі.
Валёнкі атрымаліся такія прыгожыя, што іх адразу ацаніў і Джэсі: як апранулі яму на ножкі, дык ён і не даў зняць.
– Бабуля, у нас жа засталася яшчэ тканіна, – Алёнка паказала на кавалачак фланелі.– Не прападаць жа ёй.
– Здагадваюся, пра што ты, здагадваюся, унучка.
– Ты правільна здагадваешся, бабуля, – усміхнулася дзяўчынка.
– Бяры аловак і сама намалюй паліто, у якое б ты хацела апрануць свайго любімчыка.
У валёнках і паліто Джэсі стаў сапраўдным франтам. Але нос не задраў. Ён моўчкі бегаў побач з Алёнкай па сняжку, а калі хто ішоў ім насустрач, Джэсі прыціскаўся да нагі дзяўчынкі і ўсім сваім выглядам паказваў, што гэта яна, Алёнка, падаравала яму такі цудоўны зімовы дзень.
ВЫСОКІ СТРАХ
У гарадскім парку дзеці зрабілі коўзанку. Шумна на горцы. Стасік трымаецца за руку дзядулі, з зайдрасцю глядзіць, як хлопчыкі і дзяўчынкі – хто на чым – спускаюцца ўніз. Ён зайдросціў дзецям: мне б так! І яшчэ Стасік раз-пораз паглядае на атракцыён «Чортава кола», ён побач, і на ім шмат снегу: спіць, мусіць. Як мядзведзь у бярлозе, так і ён – да самай вясны. Канешне, хто цяпер, у такі холад, адважыцца забірацца вышэй дрэў, што растуць у парку? Дзівакоў няма. Стасік глядзеў і глядзеў на атракцыён, а тады ўзяў ды і паказаў яму язык: во, бачыш?
– З кім гэта, унук, ты так размаўляеш? –пацікавіўся дзядуля.
– З высокім страхам, – адказаў хлопчык.
– А дзе ж ён, страх той? – пакруціў галавой па баках дзядуля.
Стасік паказаў на чортава кола:
–Ды вунь, вунь!... А ты хіба не ведаеш, дзе жыве высокі страх?
– Не.
– На чортавым коле.
– Няўжо?
– Ага.
– А я гляджу на атракцыён, і ніякога страху там не бачу, – здзівіўся дзядуля.
– І не ўбачыш. Бо ты дарослы, а я маленькі. А страх бачаць толькі дзеці.
– Хто табе так сказаў?
– Я сам ведаю...
– Бач ты! І як жа ты, Стасік, думаеш перамагчы той высокі страх?
– Мне здаецца, дзядуля, каб я таксама з’ехаў з горкі, як усе хлопчыкі, я б спярша перамог маленькі страх, а тады б не баяўся катацца і на чортавым коле...
Дзядуля ўсміхнуўся і дазволіў Стасіку пайсці на коўзанку. А сам сустрэў унука ўнізе.
– Ну, і як, перамог маленькі страх? – пацікавіўся дзядуля.
– Перамог, дзядуля, – сур’ёзна адказаў хлопчык. – Пачакаю, калі “прачнецца” чортава кола, тады перамагу і высокі страх.
І Стасік зноў пачаў карабкацца на горку.
ЛЮБКА-ГАЛУБКА
Ну, бачылі яе, Любку? Накрашыла ў талерку хлебных крошак, насыпала семак, паставіла побач кубачак з вадою. І чакае, калі прыляціць яе голуб Цішка. Нічога не скажаш – прывабная і сур’ёзная афіцыянтка. Хоць і з-за стала яе не відаць. Таму Любка з талеркай стаіць на табурэце перад акном. Чакае. За ўсім гэтым назірае бабуля Валя. Яна жыве ў суседнім доме, таму нярэдка заходзіць, каб праведаць унучку: Любка яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, і адну яе на вуліцу не выпускаюць. Нават да бабулі. Тата забараніў: «Падрасцеш, тады і пойдзеш сама. А пакуль – рана».
Голуба нешта доўга няма. Мо здарылася што? Ці наогул забыўся, дзе тое акно, каля якога чакае яго Любка?
–А як жа ты, унучачка, пазнаеш: твой гэта голуб ці іншы? Яны ж усе быццам на адзін твар.
Любка не пагаджаецца:
–Нічога ты, бабуля, не разумееш. У майго ж Цішкі лапка адмарожана. Таму ён кульгае. І ён самы прыгожы голуб – не такі, як усе. Цяпер зразумела?
–Тады добра,– пагаджаецца бабуля і таксама глядзіць на акно: ці не прыляцеў яшчэ Любкін голуб?
Нарэшце ён з’яўляецца. Вочы дзяўчынкі свецяцца радасцю. Яна глядзіць на бабулю: а ты не верыла! І адчыняе акно, вітаецца з птушкай і ставіць талерку з ежай на падваконнік.Цішка не баіцца дзяўчынкі, хоць і надта блізка не падыходзіць: толькі калі дзяўчынка прыбрала рукі ад талеркі, ён пачаў кляваць.
–Калі з’ясі ўсё, я табе яшчэ падкладу, – кажа Любка і прычыняе акенца. – Прыемнага апетыту!
Што яшчэ зацікавіла і здзівіла бабулю: падсілкаваўшыся, голуб не паляцеў з падваконніка, а доўга стаяў на ім і глядзеў на дзяўчынку праз шыбу і ўважліва слухаў, пра што яна яму расказвала. А пра што? Яна пахвалілася птушцы, што сёння ў яе ў гасцях бабуля Валя і папрасіла яе, каб тая ўзнялася з табурэціка і пакланілася Цішку, як артыстка на сцэне гледачам. Бабуля паслухалася: унучка ж просіць! А потым дзяўчынка прыгадала дзіцячы садзік, куды ходзіць, сказала, што ёй там вельмі падабаецца. І паківала на голуба пальчыкам – за тое, што ён баязлівец, мог бы зайсці ў пакой і пагрэцца. Ці нават жыць у пакоі. Цёпла і ўтульна.
Голуб Цішка ўважліва выслухаў дзяўчынку, пачысціў дзюбай пяр’ё і паляцеў. Дзяўчынка памахала яму і пачала думаць, што прыгатаваць Цішку на вячэру. Прыдумала. Але нават бабулі Валі не прызнаецца, чым будзе частаваць Цімку.Тайна.
– А мая ты Любка-галубка! – прыгарнула бабуля ўнучку да сябе і пацалавала. – І не гавары, не трэба… Галоўнае не ў гэтым, чым накорміш ты свайго самага прыгожага голуба. Мне радасна, што ты расцеш добрай дзяўчынкай.
МАЛЫ І СТАРЫ
Малы – гэта хлопчык Міколка, а стары – ягоны дзядуля Міколка: як клікалі таго ў дзяцінстве, калі быў такім, як цяпер унук, так і клічуць сёння. Прывыклі. Два Міколы, адным словам. Бабуля звяртаецца да кожнага з іх вельмі проста: малы і стары. Калі спатрэбіўся ёй нечага ўнук, то кліча:
– Ты дзе там, малы?
А дзядулю так:
– Ты дзе там, стары?
Яшчэ, бывае, калі два Міколкі набедакураць – ну, гэта калі з яе боку глядзець, бабульчынага, вядома ж, – то яна абыякава махне рукой, буркліва скажа:
– Што малы, што стары!.. Ай, што з вамі паробоіш?.. Ідзіце ешце, пакуль каша не астыла.
Не тое, бач ты яе, зрабілі. Але ты, бабуля, пачакай, пачакай трошкі... Зробім для цябе і іншае нешта. Усяму свой час. Што тады скажаш, а?
Так думае ўнук і дапамагае дзядулю: яны рыхтуюць бабулі падарунак да 8 сакавіка. Падарунак робяць ужо колькі дзён сваімі рукамі, зачыніліся ў пакойчыку, і майструюць. Бабуля зазірне, бывае, моўчкі паглядзіць на малога і старога, ціхенечка прычыніць дзверы, а сама сядзе на канапу, шчасліва ўсміхнецца : калі яе Міколкі заняты карыснай справай, то яна не нарадуецца. Так захапіліся, бач ты, ажно не заўважаюць, што яна не-не ды і выгляне з дзвярэй, моўчкі дзівіцца на іх. Хіба ж, думаеце, і бабулі не сумна без сваіх Міколкаў? Яшчэ як.
У дзень свята ўнук прачнуўся раней, чым дзядуля. Адразу раскатурхаў таго, паказаў позіркам на дзверы: пара на кухню, сняданак рыхтаваць трэба. Дамаўляліся ж, ці забыўся? Дзядуля плюснуў вачыма: зразумеў, ага, і выслізнуў з-пад коўдры. Сняданак рыхтавалі потайкам, асцярожна, каб не грымець посудам, а размаўлялі паўшэптам: сёння бабулін дзень, то няхай адпачне. Толькі ж бабуля пра ўсё здагадалася, яна ўжо і сама хацела ўстаць з ложка, але рашыла не перашкаджаць сваім Міколкам.
Аднак усё ж яна потым не вытрымала: «Нешта яны там доўга корпаюцца? Ды, ніяк, і на патэльні падгарэла штосьці ў іх?.. Ай!.. Што малы, што стары!..» І ўсхапілася.
Калі бабуля нарэшце падфранцілася і паказалася на кухні, стол быў застаўлены ежай. А дзядуля кіўнуў унуку: давай, Міколка, падарунак.
Што за падарунак зрабілі два Міколкі сваёй любімай бабулі – не гэта самае важнае. Больш за ўсё смяялася бабуля, калі прачытала на прыгожай шкатулцы, якую падаў ёй унук: «Ад малога і старога».
А калі ўсміхаецца бабуля, ды яшчэ чмокае па чарзе ў шчаку сваіх Міколкаў, значыць, падарунак ёй вельмі спадабаўся.
ХТО ВЫПІЎ ВАДУ
Як толькі прыгрэла на дварэ сонейка, кот Антон аблюбаваў сабе месца на падаконніку: зусім абляніўся, толькі грэецца і грэецца, ад задавальнення ажно вусамі шавеліць. Марыйка пагладзіла Антона, ён падзякаваў:
–Мяў!
І падставіў сонейку зноў сваю пыску. А дзяўчынка палівае з гарлачыка вазоны з кветкамі – іх на кожным падаконніку цяпер багата з’явілася, паставілі сюды нават і тыя, што ўзімку на стале былі, падалей ад халодных шыбак: няхай таксама пялёсткі лашчацца на сонейку, як і кот Антон.
Антону ўсё ж надакучыла ляжаць, пачаў прасіцца, каб дзяўчынка выпусціла яго на двор. Калі ласка. Марыйка зрабіла гэта хуценька, і працягвала далей паліваць кветкі. І тут толькі яна заўважыла, што перастаралася: пацякла з аднаго вазона вада, ажно лужына ўтварылася. І якраз на тым падаконніку, дзе толькі што ляжаў кот. Дзяўчына падумала, што трэба ўзяць анучу і выцерці ваду, а потым загулялася і забылася. Калі ўспомніла, вады ўжо не было. Хто б яе мог выпіць? Кот Антон? Дык ён недзе яшчэ на дварэ ходзіць.
Спярша Марыйка разгубілася, бо не ведала, на каго і падумаць. А потым яна пра ўсё здагадалася. Паглядзела на сонейка, усміхнулася яму і паківала пальчыкам:
– Я ведаю, што гэта ты выпіла вадзічку. На здароўе, сонейка!
МАБІЛЬНАЯ ВЫДАТНІЦА
Ірынка вярталася са школы. Як толькі дзяўчынка зайшла ў салон аўтобуса, адразу ж дастала з прыгожага футлярчыка мабільны тэлефон, прабегла вачыма па адрасах: каму б, каму б патэлефанаваць на гэты раз?.. І не проста патэлефанаваць – пахваліцца, якая яна сёння разумніца, якая яна сёння выдатніца!.. Маці, вядома ж, не падыходзіць: яна і так даведаецца, калі разгорне дзённік... А вось Святланцы, суседцы, можна: няхай пазайдросціць. А заадно няхай даведаюцца і пасажыры, з кім яны едуць.
– Прывітанне, Святланка! – пачынае Ірынка гаманіць і паважна водзіць галавой па баках, нібы ўпэўніваецца, ці ўсе пасажыры падрыхтаваліся яе слухаць .– Ну, як ты там? А я вось са школы еду... Сёння, як і заўсёды, дарэчы, быў мой дзень... Ты здагадлівая, Святланка! Хвалю. Дзве дзесяткі. Па мове і геаметрыі. Паслухай, Святланка... – На гэтым месцы дзяўчынка замоўкла і пачала хаваць тэлефон у футлярчык: на яе – твар у твар – глядзела настаўніца Аксана Пятроўна. Ірынка ўся запунсавелася, разгублена кіўнула – прывіталася: сёння яе, толькі цяпер успомніла дзяўчынка, не было ў школе на ўроку геаметрыі, кажуць – хварэе. І вось такая нечаканая сустрэча ў аўтобусе. Ды яшчэ ў самы непатрэбны час – калі яна, вяртаючыся са школы, любіць пахваліцца, якая яна выдатніца. Якая ж яна выдатніца на самой справе, з усіх пасажыраў ведала толькі Аксана Пятроўна.
Добра, што прыпынак.
Чырвоная ад сораму, Ірынка вышмыгнула на брукаванку.
МУРАШКА
Петрыку роўна столькі год, колькі і павінна быць, каб пайсці сёлета ў першы клас. Шэсць. Нават ў лесе, збіраючы з сястрычкай грыбы, ён думае пра школу. Сястрычку завуць Алай, яна жыве ў горадзе і вучыцца ў каледжы, а на канікулы прыехала да бацькоў у вёску. Вядома ж, і да Петрыка.
Хораша ў лесе. Вусціша. Толькі, калі прыслухацца, чуваць, як спяваюць птушкі ды шапочуць дрэвы. Кошык з грыбамі носіць Ала, а Петрык толькі паспявае аглядаць грыбныя мясцінкі. Ён добра запомніў іх: учора яны таксама былі тут, і хлопчыку асабліва цікава, ці выраслі баравічкі з тых карэньчыкаў, якія пакідалі, акуратна зразаючы грыбы сцізорыкам. І засмучаўся, калі нічога не знаходзіў. Затое радаваўся, убачыўшы крамяны баравічок недзе крыху ўзбоч.
Калі грыбоў насабіралі брат з сястрычкай поўны кошык, спыніліся каля мурашніку. Петрык зацікавіўся: вунь яны якія працавіценькія, мурашкі! Сапраўды, імкліва так снуюць узад-уперад, кожная спяшаецца некуды. А сястрычка сказала Петрыку:
– Годзе, нам пара дахаты. Дождж будзе.
– А ты адкуль ведаеш, што ён будзе? – стала цікава хлопчыку.
– Мурашкі зачыняюць свае вокны і дзверы, – патлумачыла яму Ала.– Бачыш, усё меней і меней дзірачак у мурашніку робіцца... А калі пачнецца дождж, усе яны пахаваюцца ў сваіх пакойчыках, і дождж будзе ім ні па чым.
Ала ўзяла кошык, і яны пайшлі дамоў.
Дождж забарабаніў па даху, калі Петрык з Алай перабіралі грыбы. І раптам Петрык заўважыў вялікую мурашку, якая бегла па ножцы баравічка – уцякала ад яго.
– Глядзі, Ала! – гукнуў хлопчык.
– Што там у цябе? – падняла на Петрыка вочы сястрычка.
– Мурашка…
– Ну, бачу, што мурашка.
– Ды нічога ты не разумееш,– Петрык надзьмуў шчокі, а твар ягоны зрабіўся надзвычай сур’ёзным.– Гэта ж мурашка з таго мурашніку, каля якога мы былі. Там усе такія вялікія. Пакуль стаяў кошык з грыбамі, яна, канешне, і залезла ў яго. Хіба ты не разумееш? Таму што непаслухмяная… А мо і лянівая? Калі ўсе вокны і дзверы зачынялі, яна гуляла недзе… А мо мурашка проста рашыла пацікавіцца, колькі ў нас грыбоў у кошыку?
– Відаць, так і было, – пагадзілася сястрычка.
– А ўсё роўна мне яе шкада, – пасядзеўшы крыху моўчкі, прамовіў хлопчык.– Яе ж, відаць, там ужо шукаюць мама з татам. А яна ў нас… А?
Ала паглядзела на брата, усміхнулася:
– Дык што ж ты прапаноўваеш?
Петрык уздыхнуў, паціснуў плячыма і пацікавіўся:
– А заўтра зноў пойдзем мы ў лес?
– Абавязкова. Грыбоў жа багата, чаму ж не пайсці?
– Тады добра! – засвяціўся твар у хлопчыка.– Сёння я і сам крыху стаміўся… А заўтра я аднясу гэтую непаслухмяную мурашку ў мурашнік. Уяўляю, як дастанецца ёй ад мамы з татам!..
Петрык узяў у куфры маленькі слоік і асцярожна апусціў туды мурашку. Ён не ведаў, чым яны, мурашкі, сілкуюцца, але цвёрда верыў, што да раніцы наступнага дня з ёй нічога не здарыцца.
ЦІХАЯ МЯСЦІНКА
Дзеці пайшлі ў лес на экскурсію. Здаецца, і блізка лес, але пакуль дайшлі – стаміліся.
– Зараз адпачнём, – сказала выхавальніца.– Вось толькі ціхую мясцінку знойдзем.
На зялёнай палянцы прыселі адпачыць. Сядзелі моўчкі, любаваліся прыгажосцю летняга лесу. І раптам Ігарок загаварыў:
– Надзея Канстанцінаўна, а мясцінка наша не ціхая.
– Чаму ты так рашыў, Ігарок? –паглядзела на хлопчыка выхавальніца.
– Я чую, як птушкі спяваюць, як лісточкі на дрэвах перашэптваюцца… Прыслухайцеся!
Надзея Канстанцінаўна прыслухалася. І ўсе дзеці таксама.
Спявалі птушкі.
Перашэптваліся лісточкі.
Звінеў камарык.
Шапацеў у траве жучок.
Стракаталі конікі…
Па дарозе ў дзіцячы сад выхавальніца сказала:
– Бачыце, дзеці, цяжка знайсці ў лесе ціхую мясцінку. Як і на ўсёй нашай зямлі, вялікай і прыгожай. А ты, Ігарок, малайчына, што першы заўважыў гэта…
ПАСТКА
На летніку Максімка жыў з дзядулем Сцяпанам. І неяк той сказаў:
– Збірайся, унучак, будзем вяртацца ў горад.
А што тут збірацца? Далі наказ кату Антону, каб далёка не адыходзіў, а то яшчэ, чаго добрага, зусім ад свайго жытла адаб’ецца. Паабяцалі неўзабаве зноў прыехаць і прывезці яму ласунак – свежую рыбіну. Напакавалі сумкі садавіной і гароднінай, прыселі перад дарогай на лаву. І тут Максімка ўбачыў птушачку, якая неяк ушчамілася паміж рамамі падвойнага акна і там спалохана трапяталася, білася то ў адну шыбіну, то ў другую: прасіла , каб вызвалілі з палону. Разумела, недарэка, што самой з пасткі не выбрацца– цесна, аніяк крыльцы не распраміць.
Дзядуля пакруціў галавой, сказаў:
– Бачыш, ражок у шыбе адламіўся, на зямлю ўпаў. І трэба ж было верабейку патрапіць у гэтую шчылінку? Чуеш, просіць у нас паратунку.
Дзядуля асцярожна засунуў руку паміж рамамі, злавіў верабейку, падаў Максімку:
– На, падкінь яго, цікаўнага, у неба, няхай парадуецца, што вызвалілі.
– Трэба, дзядуля, шкло памяняць на цэлае,– выпусціўшы верабейку, сказаў Максімка. – А то зноў заляціць у гэту пастку якая-небудзь птушка. Хто тады выратуе? Нас жа тут ужо не будзе.
Дзядуля прынёс новае шкло, паставіў яго на месца пабітага, сказаў унуку:
– А ты, Максім, здагадлівы хлопчык. Малайчына. Верабейка якраз і прасіў нас гэта зрабіць.
НЕ ХАЦЕЛАСЯ Ў САДЗІК
–Уставай, сынку, у садзік пара ісці, – кранула мама за плячо Юраську. Хлопчык пацягнуўся, пазяхнуў, а калі мама схавалася за дзвярыма, схаваўся пад коўдрай.
Неўзабаве мама зноў заглянула ў спальню, сказала больш строга:
– Юраська, спознішся!
Трэба ўставаць. Хлопчык споўз на падлогу.
– Рабі, рабі фіззарадку! – паспяшае мама.
Раз, два – і ўсё, зроблена.
– Мыцца будзеш, ці, можа, не? – з іроніяй глядзіць на малога мама.
– Буду...
Юраська патупаў да мыцельніка.
Не пазнаць сёння Юраську. Сам на сябе не падобны.
– Ці не захварэў ты, сынку? – насцярожылася мама.
– Захварэў, – схлусіў хлопчык.
А яму проста не хацелася ў садзік. І сам не ведаў – чаму.
Тут паказаўся тата.
– Сёння ў садзік салдаты прыедуць, – прамовіў тата.
– Праўда? – засвяціліся вочы ў Юраські.
І ён хуценька пачаў апранацца.
– Я ўжо сабраўся…
– Ты хоць мяне пачакай, – кажа тата і ўсміхаецца разам з мамай.
ДЖЭНТЛЬМЕН
Міхаськаў дзядуля, калі быў яшчэ зусім не дзядулем, а маладым хлопцам, пасля заканчэння інстытута ў Мінску жыў і працаваў пэўны час у далёкай і сонечнай Туркменіі, дзе можна сустрэць нават у горадзе вярблюда і круглы год ласавацца вельмі смачнымі дынямі і кавунамі.
Вярнуўся адтуль дзядуля з бабуляй, якая, вядома, на той час таксама не была бабуляй. І – з нардамі. Гэта гульня такая. І хоць прайшло ўжо шмат часу, а нарды захаваліся. Больш таго, гульня стала сямейнай.
Міхаська таксама хоча навучыцца гуляць у нарды, але ён пакуль умее лічыць толькі да дзесяці. Затое ён хораша падкідвае над дошкай кубікі. Учора хлопчык дапамагаў гуляць бабулі, а сёння сеў каля дзядулі. Падкіне два кубікі за яго, а ў самога вочкі хітравата свецяцца.
– Выйграй, бабуля, у дзядулі, выйграй! – просіць унук і ажно пляскае ў аладкі .
На гэта бабуля, лагодна ўсміхнуўшыся, заўважае:
– Ты ж з дзядулем гуляеш, а хочаш, каб я выйграла.
Хлопчык маўчыць, не ведае, што адказаць. Яно ж і сапраўды так.
Выручае, як заўсёды, дзядуля:
– Мужчына расце! – кажа ён не без гонару і гладзіць малога па галоўцы.– Джэнтльмен!..
СЛЁЗЫ
Маша сядзела побач з татам на канапе. Тата глядзеў тэлевізар, яна таксама. Хоць перадача і для дарослых пра паляўнічых. Дзяўчынка зусім і не думала глядзець тэлевізар, яна гуляла са сваімі лялькамі, аднак як толькі пачула стрэл і ўбачыла сусліка, які стаяў на задніх лапках і трывожна зыркаў вачыма па баках, не разумеючы, відаць, што адбылося, падсела да таты: зацікавілася.
Дзяўчынка бачыла на экране тэлевізара дзядзьку паляўнічага, ён другі раз пачаў цэліцца ў звярка з вінтоўкі, калі той зноў паказаўся з травы і стаяў, як і перад гэтым, на задніх лапках і разглядваў, што робіцца навакол. Звярок зусім не здагадваўся, якая бяда можа здарыцца з ім. І тады дзяўчынка не вытрымала, гукнула:
Хавайся, суслік, хавайся!..
Суслік, аднак, не пачуў дзяўчынку. Не схаваўся. Маша сядзела побач з татам і хлімкала: ёй надта шкада было прыгожага і бездапаможнага звярка.
Тата выключыў тэлевізар і моўчкі выцер слёзы на твары дзяўчынкі .