Текст книги "Львы"
Автор книги: Іван Пташнікаў
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Іван Пташнікаў
Львы
Міколу Мятліцкаму прысвячаю.
Апавяданне
1
Джукі блажыла.
Яму выварочвала нутро і язык, – язык рабіўся доўгі, выцягваўся з рота, чырванеў, як агонь, слаўся на траву і на жоўтыя ў цвеце кунатыя адуванчыкі, і з яго цякла зялёная сліна – пенай. Калі блага адпускала, яго адразу хапаў кашаль – сухі, дзяркаты, глыбокі, ад яго падцінала духі, спірала ў вузкіх, маладых яшчэ сабачых грудзях – Джукі не было яшчэ і двух гадоў, – і ён тады задыхаўся ад сухой гарачкі, якая паліла ў горле і востра пахла растаптаным палыном і ёдам.
Ён бег тады з двара, пасля бег вуліцай з Бабчына на лог, пасечаны на чорныя сцежкі кароўімі капытамі яшчэ ад згону зімы, шукаў жыватом халодную пляйстру зямлі, клаўся аблогай і выцягваў сваю чорную як смоль з белай ласачкай на носе морду ў купіну – у густую цёмную ніжыперніцу, на якой увесь дзень, горача ці холадна, віселі буйныя, па ягадзе, кроплі расы. Тады адпускала, можна было перавесці дух. Язык цямнеў, рабіўся ліловы, не лез назад у рот, ляжаў на купіне, выцягнуты і здранцвелы, не хацеў нават злізваць расу. Па языку адразу пачыналі поўзаць мурашкі. Маленькія, худзенькія, рудыя і жоўта-выцвілыя, яны абсыпалі яго і пяклі, што крапівай ці чорт ведае чым… І тады Джукі чуў, што ён яшчэ жывы… Падымаў сваю доўгую чорную з ласачкай морду з купіны і адплюшчваў балючыя вочы. Яны рэзаліся ад пяску, пылу, дыму, смуроду і былі мокрыя ад гарачых слёз. Ён цёр тады іх сагнутай крывой правай лапай – зраслася абы-як пасля таго, як ён сунуў яе ля магазіна пад машыну; калі апускаў лапу – уваччу было жоўта ад адуванчыкаў. Яны раслі, старчма і абвісшы, на купіне, на сцежцы, воддаль на лагу, усыпалі поле, як скінуць балючымі вачыма, перабягалі за шэры асфальт і знікалі пад самым лесам ля Вялікай Пелі – балотца. Ад іх уся зямля, увесь Бабчын і нават зацягнутае густой тумановай завалаччу сіняе неба акрывавілася нейкай праціўнай успененай чырвонай жаўцізной… Здавалася, што ўвесь свет жоўты… Каб хоць сонца ўгары не было жоўтае. А то і яно крывава-жоўтае і, падняўшыся над лесам і над дарогай, круціцца і круціцца, як вялікае сабачча вока… Ад яго пачынае круціцца зямля падыспадам з полем, Бабчынам, шэрай шашой, далёкім лесам, – каб і хацеў, дык не ўдзержыш яе пад сабой сваімі пакалечанымі кволымі сабачымі нагамі. Як ні чапляйся…
І тады зноў падступае блага… Так тузае, што, здаецца, галаву сарве з карка і адкіне за жоўтую купіну…
Блажыць пачало тыдні два назад, калі з начы выпаў сіні іней. Джукі тады сарваўся з прывязі – адцяў два кружочкі ад ланцуга, яны і цяпер, калі ён бяжыць, бывае, звіняць на ашыйніку на грудзях, там, дзе спірае кашаль. Ён бег у тую раніцу вуліцай, а над ёй вісеў густы нейкімі жоўта-бурымі клубамі – ад ранішняга сонца, ці што? – туман. Ні хат, ні платоў не было відаць. Вуліцу ён чуў толькі носам – пахла пылам і палыном, што рос ля платоў і частаколаў. Туман быў цёплы, як пара, і пах нейкай праціўнай мазутай, перагарам, паленай гумай, бензінам, гнілой ворванню, ад якой выварочвала нутро, і… ёдам. Джукі бег за вёску, шукаючы ў рудым тумане хоць які ўзмежак з прытаптанай вільготнай дзяцельніцай, куды можна было б уткнуць нос. Спачатку ён дыхаў палыном. Пасля і палын пачаў смярдзець, бензінам, гнілой ворванню і ёдам… Ні ля калгаснай студні, ні на ўзмежках, ні на дзядзінцы ля фермы не было ратунку…
Выбегшы за вёску на лог, Джукі згледзеў, што ўсюды на траве ляжыць сіні дробненькі іней – насыпаўся, як увосень. Іней лез у нос, нічым не пах, можа, трохі сухім торфам, але хацелася перхаць. Ад перхаўкі шорсткі, як пілавінне, сіні іней лез у грудзі, і тады іх разрываў кашаль. Праз якую гадзіну пачало блажыць – вырвала на жоўтыя адуванчыкі ўсё, што Джукі падабраў учора позна вечарам на двары ў курыным карыце, і пагнала зялёную пену… Ужо нічога не давала рады: ні палын на межах, ні зверабой, ні лебяда ў гародзе, ні жоўтыя адуванчыкі, якія ён жвакаў у роце зубамі, – адуванчыкі буялі такім цветам, які Джукі ніколі яшчэ не бачыў. Не ратаваў ні густы пырнік, ні дзяцельніца, ні жычка ля хлеўчыка, ні маліннік у гародчыку ля студні, дзе Джукі качаўся. Куды толькі ён не соваў нос… Нідзе не было спасу. Ратавала толькі ніжыперніца – расла, сцелячыся сваім шырокім, пажмаканым, як мяхі ў гармоніку, лісцем па самай зямлі. Яе прыкрывалі зверху ад інею і пылу густая трава і адуванчыкі, ніжыперніца была халодная, як лёд, і на ёй вісела раса.
На другі дзень Джукі шукаў носам адну толькі ніжыперніцу. Спачатку ён злізваў сваім доўгім языком з яе халодную расу. Пасля пачаў жаваць лісце і глытаць. Блага мінала.
І Джукі, пасля таго як выпаў сіні іней, усе гэтыя дні, калі яго душыла блага, шукаў ніжыперніцу…
2
Пасля ніжыперніцы адпусціла. Джукі мог дыхаць усімі, ахрыплымі за гэтыя дні, грудзьмі, і, падняўшыся з лагчынкі ля купіны, ён пабег, форскаючы ад пылу і задзіраючы морду, назад у Бабчын – на свой двор, дзе з учарашняга былі расчынены насцеж і вялікія вароты, куды заязджаў гаспадар на трактары і на грузавой машыне, і маленькія варотцы, праз якія ўсягды хадзілі да іх на двор па ваду суседзі. Джукі на суседзяў ніколі не брахаў; ляніва глядзеў і на курэй, што беглі на двор з усяго канца вёскі і лезлі ў карыта да свіней. Іх ганяла сама маладая гаспадыня – гальніком, дзержачы на руцэ малое.
На двары было пуста, дзверы ў хату і ў хлеў былі пазачыняны. У хляве, чуваць было, грукала рагамі аб сцяну карова і рохкалі свінні. Куры, выдзеўбаўшы гразь у карыце, паселі на ганку і круцілі галовамі. У хаце крычала на ўсё горла радыё – не выключылі.
Джукі, прыбегшы з логу, як і ўчора раніцай, шукаў маладога гаспадара: станавіўся на заднія лапы і пярэднімі дзёр па дзвярах у хату, пішчаў і скуголіў. Ніхто не адчыняў. Тады ён даставаў лапамі да акна ў хаце і стрэпаў кіпцямі па шкле. У хаце было пуста. Джукі бачыў у шыбіне толькі сваю чорную вострую морду з белай плямкай на носе і доўгі чырвоны язык – выцягнуўся за гэтыя дні, аж не месціцца ў роце. Каб хоць яго можна было схаваць за зубамі, а то целяпаецца, ловячы пыл, пясок, мух і мурашак, робіцца за дзень шорсткі, як тарка. Мякчэў язык толькі пасля благі – ад зялёнай пены.
Джукі глядзеў праз акно ў хату, дзе былі параскіданы па падлозе лыжкі і дзіцячыя чырвоныя лялькі, і чакаў. Вот выйдзе на ганак малады гаспадар, высокі, стройны, чорна кучаравы, у чорных штанах і белай рубашцы. Джукі падскочыць з зямлі, пакладзе яму на плечы пярэднія лапы і лізне языком у самы кончык носа, асцярожна, далікатна – і ўсё: малады гаспадар не любіў, каб яму вадзілі па шчоках мокрым языком, як анучай, гэта маладую гаспадыню можна было лізаць, ніколі не закрывалася, – і тады малады гаспадар пусціць у хату, адчыніць шафку і адрэжа яму кавалачак кілбасы, што прынёс з магазіна. Джукі яе вельмі падабаў.
Джукі лёгка клаў маладому гаспадару лапы на плечы – быў у свае няпоўныя два гады рослы – на высокіх лапах; доўгі – калі клаўся пад дзверы, займаў увесь ганак; з доўгім хвастом – хвост чорным цяжкім выцягнутым сярпом цягнуўся за ім аж па зямлі. Сам Джукі быў, відаць, беспародны, аблавухі дварняк, толькі, што ні кажы, – разумны і, ў дадатак да ўсяго, чорны, як бог ведае ў што афарбаваны, і бліскучы, аж палыскаўся. Малога яго звалі Бімам, пасля, калі падрос і ўжо ганяў курэй, сталі зваць Жукам. А летась увосень на цэлы месяц прыехаў дамоў іхні сусед – таксіст з Кіева. Высокі, вышэй маладога гаспадара, ценкі, цяней за гаспадара, з доўгімі, аж па плечы, кучаравымі чорнымі валасамі, даўжэйшымі, чымся ў маладога гаспадара, з чорнымі вусамі, большымі, чым у гаспадара, хадзіў ён заўсёды ў белых штанах, чырвонай рубашцы, пад чорным, як у яго, Джукі, хвост, доўгім гальштукам і ў чорных, такіх бліскучых туфлях, што на іх не было як глядзець – слеплі сабачыя вочы. Ён зваў яго не Жук, а Джукі – на загранічны манер. І перахрысціў сваёй лёгкай рукой. Адразу…
За акном усё яшчэ звінела радыё і муха – білася ў шкло. Гаспадар не выйшаў ні з хаты, ні з хлява. Джукі тады скочыў у сад – у кут да студні. У два скачкі, з ганка цераз частакол… Закалыхалася толькі ўгары голле ад яблыні і пасыпаўся на сцежку пад лапы позні белы цвет… Джукі не бачыў яшчэ, каб так цвіў сад – быў увесь белы ад цвету, як ад пены, зрабіўся нейкі празрысты, нібы шкляны, і цягнуўся ўгару – здавалася, за гэтыя дні ён пачаў шугаць у неба адным белым цветам. І трава ў садзе так буяла, што ў ёй хавалася дзежачка з вадой, якая стаяла пад яблыняй…
У садзе было ціха – каб дзе муха зазвінела. Джукі, не знайшоўшы ў садзе гаспадара, бег ад студні белай ад цвету сцежкай на двор і чуў, што ступае лапамі на мёртвых пчол… Яму яшчэ здалося, што ў хаце заплакалі малыя гаспадаровы дзеці. Ён спыніўся ля ганка і задзёр угару галаву – у сінім небе над вёскай нылі самалёты, цягнучы за сабой белыя, як цвет на яблыні, пеністыя дарожкі – іх было аж чатыры, – і за сцяной у хаце звінела радыё…
І Джукі, як і ўчора, не знайшоўшы дома маладога гаспадара, выбег на вуліцу і пусціўся ў канец вёскі да школы, дзе ён бачыў свайго гаспадара апошні раз. Выбегшы на вуліцу, ён быў яшчэ спыніўся – хацеў павярнуць на шашу, каб пабегчы ў лес да свінакомплекса, дзе ўсягды дзень і ноч прападалі яго малады гаспадар і маладая гаспадыня і дзе ў дзесяці доўгіх і высокіх мураваных будынках было гэтулькі свіней, што калі б давялося забрахаць на кожную адзін толькі раз, не хапіла б сабачага жыцця… Але ён ужо бегаў туды ўчора. Маладога гаспадара там не было. Адно галодныя свінні вірашчалі так, што здавалася, поўсць стане дыба…
І Джукі пабег у канец Бабчына пад Стралічава.
3
Пацягнуўшы носам густы пыл з палыном і мазутам, Джукі адразу пачуў, што ягонага маладога гаспадара няма ў грумадзе. Але ён бег, усё нюхаючы пыл і форскаючы носам, у грумаду да школы пад канец вёскі. Усюды пахла палыном і саляркай, здратаванай травой, дымам ад папярос і праціўным вінным перагарам, як ад кіеўскага таксіста, а ён, Джукі, цягнуў і цягнуў носам пыл: не ля школы, дык ля магазіна гаспадар будзе – мала, што ён у тую раніцу сеў з маладой гаспадыняй – у яе на руках было двое малых, а ён валок два вялікія чамаданы – у бітком набіты аўтобус. Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве, гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Джукі, у нос і заплакаў. Джукі бег ззаду за аўтобусам аж за Стралічава, не дабегшы да Хойнік. Джукі не раз быў у Хойніках, ведаў, што малады гаспадар мог сесці ў вялікі чырвоны аўтобус і паехаць далей – у Гомель. Ну і што?.. Не раз было: паедзе – прыедзе…
У грумадзе ля школы на дзядзінцы неяк прарэзліва і праціўна звінелі галасы і вёдры – ну і што? Хіба так не было? Завялі трактар, застракатаў матацыкл, зараўлі цяжкія, крытыя брызентам машыны, пускаючы сіні дым вышэй стрэх. Ля магазіна стаялі ў рад вялікія чырвоныя аўтобусы…
Джукі адразу сунуўся ў грумаду – пад ногі: яму раптам здалося, што ён пачуў знаёмы пах гаспадара – пах свіней на свінакомплексе, саляркі, варанай бульбы і яшчэ нечага рэзкага – так пахлі двое маленькіх дзяцей, калі гаспадар трымаў іх на руках; малаком і сікамі. Гэты пах быў недзе зусім блізка, і Джукі аж спёрла ў горле. Ён бег, цёршыся ля босых, мокрых ад расы і апырсканых граззю ног, ля халяў кірзавых запыленых ботаў і заляпаных гноем гумовікаў, ля новых беленькіх кедаў, красовак, туфелек, чаравікаў і басаножак… Ён круціўся ўзад-уперад, задыхаючыся ад пылу, яму сталі абцасам на балючую правую лапу, і ён закульгаў… Кульгаў, пакуль не пачаў задыхацца ад пылу і знямогі. Падумаў тады, што і боты, і босыя ногі, і штаны, і спадніцы – усё пахне сёння гаспадаром: свіным хлевам, гарам і дзіцячымі сікамі, збіваючы яго са штыху.
Рыкала недзе скаціна, крычалі і плакалі людзі, брахалі сабакі, хлебястаў блізка трактар, але Джукі не шманаў – такое бывала і ля школы, і ля магазіна не раз. І не такое нават, калі сюды сыходзілася вечарам шафярня і калі сярод іх быў кіеўскі таксіст. Але сёння над усім гэтым – над вёскай, над людзьмі, над доўгімі чырвонымі аўтобусамі і вялікімі кузаўнымі машынамі, крытымі брызентам, у кабінах якіх сядзелі ваенныя, вісела нейкая ўтрапёная, гарачая чалавечая трывога, якую Джукі ўлавіў ужо тыдні два назад. Яна адрознівалася ад звычайнай сабачай трывогі, і яе Джукі ніяк не мог зразумець сваім маладым яшчэ розумам… Нарэшце яна вылілася ў адну кроплю, чыстую і празрыстую, як раса на ніжыперніцы: ён больш ніколі не ўбачыць свайго маладога гаспадара з маленькімі дзецьмі на руках…
Над вёскай павіслі гарачае сонца – паліла з засмужанага жоўтага неба – і плач. Дзяцей адлучылі ад грумады і пасадзілі ў вялікія чырвоныя аўтобусы – садзілі людзі ў белых шапачках на галовах. Ад іх пахла ёдам – аж зрывала нос.
У аўтобусах шчыльна пазачынялі вокны.
Астатняя грумада, грукаючы кірзавымі ботамі, шлёпаючы гумовікамі і сіляючы басаножкамі пясок, села ў крытыя брызентам машыны.
Ля школы асталося некалькі чалавек з вёскі – пусціліся бегчы за машынамі. Джукі абагнаў іх і пабег першы. Бег аж за Стралічава, пакуль язык ад пылу, што падымалі машыны, не зрабіўся шорсткі, як кара…
Тады яго зноў зблажыла…
4
Змораны, Джукі сядзеў на пагурку ля шашы пад Стралічавам і глядзеў на поўдзень, дзе несціхана гулі ў небе самалёты і далёка, недзе ўжо на Ўкраіне, падымалася і стаяла, як і ўсе гэтыя дні, густое бурае воблака. Ён не ведаў чаму, але яму раптам захацелася завыць, і ён, задзёршы ўгару галаву і гледзячы на рудое воблака, над якім кружылі дробныя чорныя мушкі – самалёты, зацягнуў, як воўк. Раз, другі, цягнуў доўга, як выліваючы з душы і страх і бяду і сабачыя слёзы па гаспадару, якога вельмі любіў, і самому яму адтаго рабілася жудасна – уставала на хібе поўсць…
У Бабчыне пачалі адзывацца сабакі.
Яны і атакавалі яго, калі ён збег з пагурка ад Стралічава на вялікі лог з асушальнымі канавамі, у якіх блішчала на сонцы вада. Бабчын разросся, пайшоў паўкругам да шашы і да лесу, акруціўшы шырокай, доўгай абтаполенай вуліцай хат на дзвесце вялікі лог, дзе нядаўна яшчэ было возера. Па ім плавалі на чоўнах па траву, лавілі карасёў і стралялі качак.
Яны сабраліся з усяго Бабчына на лагу ля канавы. Вада ў ёй была роўна з берагамі. На беразе стаяў чырвоны трактар – пампаваў яе ў два вялікія, укрытыя цэлафанавай плёнкай, душы – адзін і воддаль яго – другі. За плёнкай відаць былі цьмяныя сілуэты голых людзей; вуха лавіла халодны баязлівы смех. Да душаў – аднаго і другога – выцягнулася доўгая чарада людзей, як, бывае, да магазіна; знадворку ля цэлафану падымалася высака ўгару мыльная пена, і яе разносіў гарачы вецер, які дзьмуў з самай раніцы з гары – з Украіны. Ля душаў, ля трактара і ля крытых брызентам машын завіхаліся людзі ў белых халатах, з белымі шапачкамі на галовах і з белымі павязкамі на тварах…
Атакавалі яны яго з гэтага боку, ад людзей з белымі шапачкамі. Джукі згледзеў яшчэ здалёку, з гары, што яны, збегшыся, круціліся пад нагамі ў людзей з белымі шапачкамі, перабягалі ад трактара да канавы і назад, ляжалі хто як на траве, кашлялі, перхалі, ванітавалі, падпаўзалі да душа і лізалі белую пену. Былі злосныя, гыркалі на людзей і самі на сябе.
Джукі іх усіх адразу пазнаў: леглі, згледзеўшы яго, на беразе канавы на стоптанай траве ў адзін рад і натапырыліся ў яго бок, нават хвастамі не краталі – чакалі.
Самая першая ляжала, выцягнуўшы ўперад лапы і паклаўшы на іх морду, сучка Брынза. Была яна старая, худая, доўгая, касцістая і ўся жоўтая – і вочы ў яе былі жоўтыя. Жыла яна з таго канца Бабчына, пад свінакомплекс, у старой будцы з дзіравай жоўтай, як сама, ржавай бляшанай стрэшкай ля хлеўчыка ў такой жа старой гаспадыні. У Брынзы быў гадаванец – Тузік, такі ж жоўты, кудлаты, толькі недаростак. Ляжаў ён цяпер за ёй ззаду і церабіў нагой за вухам.
Воддаль Брынзы, павярнуўшыся да яе галавой, кашляў Руды. Дварняк з выбітым вокам. Невядома чый. Аціраўся каля ўсіх свіных карыт у Бабчыне і ў дадатак еў курыныя яйкі ў гнёздах.
За Рудым ніяк не мог улежаць – усё торгаўся і круціў па баках галавой – Палкоўнік, высокі, калі стане на ногі, рыжы, стройны ганчак-мяшанец. Жыў цераз вуліцу ад старой сучкі Брынзы. Гаспадар яго, прыйшоўшы некалі без нагі з вайны, крычаў, напіўшыся: я – палкоўнік! Гаспадар так і стаў у вёсцы Палкоўнікам, а цяпер і ягоны сабака. Палкоўнік-сабака быў усягды дагледжаны, накормлены. Меў раскошную новую, пафарбаваную ў чырвоны колер, як страха на хляве, будку і кожны раз кідаўся з яе на Джукі і хапаў адразу за горла, калі той забягаў на двор.
За Палкоўнікам ляжалі ўпобачкі Пушок і Чапа – Чапкоўскі. Пушок – маленькі, рыжанькі, кудлаценькі. Хатні. Жыў пасярод вёскі ў маленькай хаце адзінокай гаспадыні. Чапа – Чапкоўскі – быў чорны, прыземісты, даўгавухі – вушы аж па зямлі. Ніколі не задзіраў галавы, любіў дзяцей, бегаў за імі па вёсцы, і яны цягалі яго за вушы. Гаспадара яго Джукі не ведаў.
За імі, ускочыўшы раптам з зямлі, пачалі нюхаць адзін аднаго два Бімы – Вялікі Бім і Малы Бім. Абодва чорныя, у белыя плямы. Равеснікі Джукі. З новага пасёлка над Стралічавам. Жылі яны на размалёваных верандах, будак у іх не было.
Скочыўшы наперад, падбеглі і ляглі бліжэй за ўсіх да яго, Джукі, Вермут – карычневы, як спелы каштан, падобны на аўчарку шыракагруды здаравяк, і сучка Вілія – такая ж карычневая аўчарка – дзесятая вада на кісялі. Гэтыя жылі ў канцы вёскі ля школы. Ні будак у іх не было, ні жыцця добрага. Прывёз іх некалі абаіх са Стралічава п'яніца-трактарыст смаркатымі шчанятамі і кінуў на вуліцы… Яны і цяпер ляжалі ўсягды на вуліцы на пяску ўпобачкі, перахлябістыя, галодныя, і куры клявалі ім хвасты.
Далей кратаўся ў траве, як усё роўна рыў сабе яму, чорненькі маленькі Маркіз з белай манішкай на грудзях і стаячымі вушкамі. Гэтага Джукі добра не ведаў – прывезла яго фельчарка з Гомеля і рэдка выпускала з хаты.
Была тут і сучка Малекула, бурая, падгалая. Жыла ў настаўніка ля самай школы ў хітрай будцы з шыфернай стрэшкай. Лавіла курэй.
Апошнім у гэтай сабачай гайні, якая часта збіралася вечарамі ў Бабчыне на лагу, ля школы, на ферме, а то і аж на шашы пад свінакомплексам і рэдка разыходзілася з мірам жывая і здаровая, быў Мірон – чорная няўдалая барзяціна. Жыў Мірон на двары ў старшыні калгаса. Сядзеў усягды ці на ланцугу ля будкі, ці ў легкавой машыне з гаспадаром.
Ён першы і кінуўся на яго, Джукі, падскочыўшы з зямлі, як мячык… І ў гэту кароценькую долю імгнення, пакуль Мірон вісеў угары, Джукі згледзеў, што той аблез… Быў увесь шэры, нібы ўкачаны ў попел. Доўгая чорная кудлатая поўсць у яго асталася толькі на шыі і на канцы хваста, як у льва… Дагэтуль Джукі бачыў львоў толькі ў тэлевізары, калі гаспадар быў добры і пускаў яго вечарам у хату… Ён спопаразку затрымаўся на міг на месцы – а так бы ён скочыў убок! – тут яго і збіў з ног Мірон, пакаціўшы па траве… Коцячыся ўніз з беражніцы, Джукі згледзеў яшчэ, як усе яны, пачынаючы ад жоўтай Брынзы і канчаючы прагавітай Малекулай з Бімамі, Чапамі і Маркізамі – няшчаснай малечай, калі схапіць якую – на адзін зуб з кішкамі ў прыдачу – распласталіся ўгары ў шалёным скачку. І зноў Джукі разанула па вачах – усе яны аблезлі: і Брынза, і Малекула, і два Бімы… Хто знізу з жывата, хто зверху са спіны. Жоўтая Брынза была ўся голая…
Яго збіў з ног Мірон, Мірон яго і выратаваў. У той міг, калі жоўта-гола-шэрая беспародная гайня, сплёўшыся яшчэ ўгары над ім у раз'юшаны разяўлены клубок, сапучы гарачынёй, яхкаючы і рычачы, упала на яго зверху – яна лучыла на спіну Мірону, які ў гэты час прыціснуў яго, Джукі, перакуленага дагары, да зямлі і намагаўся сцяць зубамі за горла. Мірон заекатаў на ўвесь свой пярхаты, ахрыплы голас; пад ім распаўзліся ногі, і ён прыціснуў сабой – з усёй гайнёй, якую не ўтрымаў на спіне – Джукі да зямлі… Джукі пачуў, як у яго палезлі з вачніц вочы… Пасля гэты калючы, гарачы, раз'юшаны аблезлы клубок падхапіў яго вострымі кіпцюрамі з зямлі і, здзёршы ашыйнік, пакаціў па беражніцы, парытай кратамі, па ліпкай траве, запырсканай пенай, слінай, сікамі і кроўю. Ён чуў, як яго рвалі зубамі за спіну, за бакі, за хвост… і сам выпусціў кіпцюры і запусціў зубы, чуючы ў роце пясок, поўсць, якая была асталася яшчэ на баках аблінялай зграі, і салёную кроў, ад якой ён звярэў… Але іх, аблезлых, было многа… А ён быў адзін… І яны кацілі яго берагам да чырвонага трактара, пасля людзям пад ногі на мокрую траву і мыльную пену. Кацілі і рвалі зубамі… Калі яго выкацілі на чыстую беражніцу на чорны торф і сівы пясок, ён пачуў, што задыхнецца ад пылу, не вытрывае… Хапіў кашаль, і падступіла блага… Як кожную раніцу… Злавіўшы момант, калі яго зноў распласталі на спіне, ён сабраў у абкусаныя лапы ўсю сваю сабачую сілу, спружыўся, адштурхнуў ад сябе гарачы, запылены зубаты клубок і… астаўся ляжаць на зямлі… на спіне… Гарачы, раз'юшаны клыкасты клубок у гарачцы забыўся на яго і пакаціўся, гыркаючы, форскаючы і якочучы, сівым пясчаным логам, падымаючы з зямлі пыл, поўсць, камякі торфу, траву і жоўтыя адуванчыкі…
Джукі ляжаў на мокрай ад крыві траве на спіне, не могучы адразу падняцца. Напружыўшыся, ён задзёр галаву і глядзеў на запылены аблезлы львіны клубок, які нібыта гарачым ветрам гнала на шашу пад Стралічава…
Блізка недзе ракатаў трактар, бразгалі вёдры і крычалі людзі.
Яны і падышлі да яго, пачакаўшы – двое, у белых шапачках і з белымі павязкамі на тварах. Нахіліліся, падклалі рукі і паставілі на ногі…
Ён не даўся, каб яго пагладзілі па галаве.