Текст книги "Брудная справа (СИ)"
Автор книги: Уладзімір Мажылоўскі
Жанр:
Историческая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
– Антук засек Юрку, каб той яго не выдаў?
– Тым днём Юрка з’явіўся ў карчме і ўсё, што набалела на яго душы за гэтыя гады, выказаў Антуку. Антук выслухаў Юрку спакойна, прапанаваў дваццаць коп грошай. Юрка не адмовіўся, Антук сказаў, што за дзень збярэ грошы і перадасць іх яму на беразе рэчкі. Што было далей, ты ведаеш.
– Давай раскажу. Твой сын Пятрусь, як заўжды, сядзеў у запечку і чуў размову дарослых. Ён хаця і хворы, аднак скеміў навошта Антук назначыў Юрыю сустрэчу ля Мухаўца, навошта ўзяў з сабой сякеру. Адвячоркам ён непрыкметна пакінуў сваю хованку і, прыхапіўшы цяжкі дубец, накіраваўся следам за Антуком.
Ён бачыў, як Антук секануў Юрыя і, выбраўшы зручны момант, сам ударыў Антука па галаве. Аглушаны айчым абярнуўся, абхапіў Петруся за шыю і той з усяе сілы, памножанай на страх і нянавісць, адштурхнуў Антука ад сябе. Антук зваліўся ў ваду і патануў, пры гэтым ён сарваў з шыі хлопца нацельны крыжык. Пра што думаў тады Пятрусь, я не ведаю, аднак мне падаецца, што ён даўно паляваў на Антука і даўно хацеў яго забіць, як нейкую крыважэрную пачвару.
– І ты, Матруна, была недзе побач, бачыла забойства, не папярэдзіла яго, прыняла страшэнны грэх на сваю душу. Менавіта ты падхапіла вось гэту сякеру і прынесла яе дамоў, менавіта ты забрала ў Антука грошы, якія ён збіраўся аддаць...
– Не было ніякіх грошай, – стомлена паправіла Самуіла жанчына. – Антук ішоў забіваць Юрыя і ніякіх грошай з сабою не браў. У астатнім жа ты ўсё расказаў правільна, бы сам бачыў.
– А мяне хто хацеў забіць тры дні таму?
– Не ведаю. Магчыма, Пятрусь убачыў у табе новую небяспеку, магчыма, ты сказаў нешта такое, што напалохала яго.
– Калі ён будзе біць дубцом усіх, хто яму не падабаецца, то хутка пераб’е палову горада. Яго лячыць трэба.
– Трэба, – цяжка ўздыхнула жанчына, – і я ўжо знайшла лекарку, якая згодна прыняць яго на лячэнне, калі толькі ты.
– Калі я буду маўчаць? – Корчак падняўся з бараны, абтрос порты. – Вось ты кажаш, што Бог пакінуў цябе і тваю сям’ю, пазбавіў вас сваёй літасці. Так, здараецца, што Гасподзь пазбаўляе чалавека сваёй ласкі, але робіць Ён гэта наўмысна, для таго, каб мы маглі адчуць Яго не толькі па Яго міласці і дабрыні. Ён пасылае нам выпрабаванне і добра ведае да якой мяжы мы можам трываць. Гэта людзі могуць вырачыся Бога, адмовіцца ад Яго, здрадзіць Яму. Ён жа ніколі не пакідае чалавека сам-насам з бядой, і калі ў цябе гора, то перацярпі яго годна, па-хрысціянску, бо гэтым горам Ён цябе выпрабоўвае. Гора ачысціць душу, годна вытрымаўшы іспыт, ты адчуеш Яго ласку і Яго міласць. Я не святар і настаўляць цябе на правільны шлях не буду, але тое, што адбылося з табой і тваёй сям’ёй, павінна стаць для цябе ўрокам на ўсё жыццё. Запомні гэта, жанчына, і няхай Бог будзе суддзёй табе і твайму сыну.
7
Наступным днём берасцейскі бурмістр пан Міхал пацікавіўся ў Корчака:
– Ну што, Самуіл, прызналася карчмарка ў зладзействе?
– Яе самае вялікае зладзейства заключаецца ў тым, што яна некалі паверыла Антуку і пагадзілася стаць яго жонкай.
– Значыць, усё ж такі не яна забіла мужа?
– Яго пакараў Бог! – адказаў лаўнік.