355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Мажылоўскі » Жоўты туман (СИ) » Текст книги (страница 2)
Жоўты туман (СИ)
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 19:30

Текст книги "Жоўты туман (СИ)"


Автор книги: Уладзімір Мажылоўскі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

З гэтымі словамі ён забраў у сябра сасуд, паклаў яго на магільны пагорак і лёгенька зверху стукнуў заступам па яго баку. Сасуд раскалоўся на дзве часткі, з якіх на чорную зямлю пасыпаліся залатыя манеты.

– Ого-го-го! – не хаваючы пачуццяў, закрычаў Юрка.

– Заткніся, дурань! – Грышка схапіў сябра за плячо і з усяе сілы трасянуў яго. – Не хапала, каб сюды збеглася палова горада. Лепш падай мне торбу.

Юрка падхапіў торбу, працягнуў яе сябру і яны пачалі павольна, любуючыся бляскам кожнай манеты, парадкаваць знойдзены скарб. Марцін падсвечваў ім свечкай. Усе радаваліся, бы дзеці, і толькі Самуіл маўчаў, ніяк не выказваў сваіх пачуццяў. Ён нават не глядзеў на золата, бо яго ўвагу адцягваў тонкі струменьчык жоўтага дыму, што ішоў з разбітай карчагі.

– Што гэта за жоўты дым? – ціха, амаль шэптам запытаўся ён сам у сябе.

Аднак яго пытанне пачуў Грышка.

– Пра які дым ты кажаш, лаўнік? Гэта чорная зайздрасць да нашага шчасця засцілае табе вочы жоўтым туманам. Так я кажу, хлопцы?

– Ага, – адазваўся адзін Юрка, які нават не разумеў, пра што ідзе гутарка.

«Дарэмна ты спрачаешся з імі, – раптам аднекуль зверху да Самуіла данёсся ціхі шэпт

ветру. Ён нават не пачуў яго, а адчуў усім целам. – Дарэмна разрываеш сваё сэрца ад бяссілля пераканаць іх. Яны самі выбралі свой шлях і без пакаяння адпусцілі душу, якая ахоўвала гэту магілу, таму самі і адкажуць за свае ўчынкі». Разгублены, збіты з толку Самуіл падняў галаву, аднак акрамя халодных зорак у цёмным небе нічога не ўбачыў.

«Хутчэй адсюль, хутчэй з гэтых могілак, у цемру, там выратаванне», – лаўнік паспешліва аддаліўся ад разрытай магілы.

Цемра дыхнула ў твар холадам. Зусім нядаўна ён праклінаў яе, баяўся, парываўся вырвацца з яе абдымкаў, а цяпер з асалодай глытаў яе шырока раскрытым ротам. Толькі тут, за мяжой могілак, ён адчуў, наколькі спалохаўся, якімі мяккімі, непаслухмянымі сталі ногі, наколькі моцна б’ецца сэрца, напаўняючы жывой крывёй жылы. Ён прытуліўся спінай да тоўстай, пасечанай маланкамі і часам, сасны і нават не заўважыў, як побач з’явіўся брат.

– Багаты скарб знайшлі, Самуіл. Вельмі багаты! – голас Марціна звінеў золатам.

– Хадзем адсюль, – быццам не пачуў брата, абыякава прамовіў Самуіл. – Пайшлі да сем’яў.

– Ты ідзі, а мы цябе дагонім, – вочы Марціна, бы ў ваўкалака, свяціліся ў начной цемры чырвонымі вугольчыкамі. – Толькі бацькам нічога не расказвай.

Калі Марцін зноў адбегся да сяброў, Самуіл адштурхнуўся ад дрэва, выйшаў на знаёмую сцяжынку і, не спяшаючыся, пакрочыў да горада. «Ойча наш, каторы ёсць на небе! Свяціся імя Тваё, прыдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым, і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амінь», – шапталі яго вусны.

І ўжо ў хаце, стоячы на каленках перад абразом, ён раз за разам у думках вяртаўся да паходу на могілкі, да сваіх размоў з сябрамі Марціна, убачанага і пачутага там, і чым больш ён успамінаў, тым большы цяжар асядаў на яго душу. Самуіл праганяў дурныя думкі, імкнуўся забыцца ў малітве, аднак думкі ўюнамі лезлі ў галаву і які ўжо раз, шукаючы прычыны свайго незадавальнення, ён усё больш думаў, што паспяшаўся сысці, змаладушнічаў, што трэба сёння ж пагутарыць і з Марцінам, і з яго сябрамі.

Замшэлы крыж так і застаўся дагніваць побач з абязвершанай сасной, якую некалі скалечыла сляпая, а таму бязлітасная да чужога жыцця маланка.

5

Раніцай, яшчэ да ўзыходу сонца, Самуіл памыўся крынічнай вадой, у якую жонка, вярнуўшыся з царквы, паклала некалькі залатых манетак і чырвонае асвечанае яйка. Апрануўся ў святочны строй, пабудзіў Васятку і яго, яшчэ соннага і кволага ад сну, таксама прымусіў памыцца. «Каб быў увесь год чыстым, здаровым і чырвоным, бы велікоднае яйка», – прыгаворваў ён, са смехам паліваючы сыну рукі халоднай вадой.

Пакуль мужчыны мыліся, Насця накрыла святочны стол, за які, папярэдне шчыра памаліўшыся Богу, хутка ўселіся сваёй невялікай сям’ёй, каб разгавецца – уволю паласавацца пасля доўгага посту рознымі прысмакамі.

– Ух, – першым стаміўся есці Васятка. Ён важна пахлопаў сябе па тугім жываце і адкінуўся да сцяны. – Ну я і наеўся, на цэлы тыдзень!

– А цяпер пойдзём яшчэ да дзядулі, – усміхнулася задаволеная Насця. – Што ты там будзеш рабіць?

Пачуўшы пытанне маці, сын на імгненне прыціх. Вочы яго акругліліся, вусны скрывіліся і ледзьве не плачучы, ён паскардзіўся:

– А вы ж абяцалі адпусціць мяне валачобнікам!

– Валачобнікам? – вясёлы выраз на твары Насці саступіў месца шчыраму здзіўленню. Яна нават крыху прыўзнялася з лавы: – Ты яшчэ малы хадзіць па дварах.

– Калі мы табе гэта абяцалі? – сур’ёзна запытаў Самуіл.

– Летась.

– Летась? – бацька хмыкнуў у свае рэдкія вусы, задумаўся, згадваючы леташні Вялікдзень. Потым прамовіў: – Калі абяцалі – ідзі. Толькі скажы, з кім ты пойдзеш, дзе будзеце хадзіць і ці ведаеце вы валачобныя песні?

– Хадзіць мы будзем па Кавальскай вуліцы, – радасна падхапіўся з лавы Васятка. – А песні мы ведаем. – І заспяваў:

Пане гаспадару, слаўны мужу,

Хрыстос уваскрос, Сын Божы!

Слаўны мужу над мужамі!

Слава табе, Божа, на ўвесь свет!

А ці спіш, ляжыш, спачываеш...

– Ну хопіць, хопіць, – замахаў рукамі Самуіл. – Пачуўшы твае спевы, гаспадары апошняе аддадуць, каб ты толькі хутчэй сышоў з іх двара.

– Няпраўда, – Насця бліжэй падсела да сына і пагладзіла яго па галаве, – спяваеш ты добра, жаласліва, але ўсё роўна доўга па дварах не хадзіце, а як усіх абыдзеце, то адразу прыходзь да дзядулі. Добра, сынок?

– Добра, – радасна паабяцаў Васятка.

Адпусціўшы сына да валачобнікаў, – купкі дзяцей, што ўжо нецярпліва тапталася на вуліцы ля двара Корчакаў, – пачалі збірацца ў госці і Самуіл з Насцяй, і не паспела яшчэ ранішняе сонца высушыць расу на дарозе, як яны весела і бадзёра, з клункамі ў руках, крочылі да бацькоўскай хаты.

6

Барталамей сустрэў гасцей на панадворку, з кожным пахрыстосаваўся, пацікавіўся, дзе Васілёк і, пачуўшы, што той пайшоў з сябрамі валачобнічаць, шырока засмяяўся:

– Малайчына!

– А дзе Марцін? – у сваю чаргу запытаўся Самуіл. – Можа, яшчэ спіць пасля начной прагулкі?

– Пасля якой прагулкі? – Барталамей з непаразуменнем павярнуўся да сына і ўжо раскрыў рот, каб пра нешта ў яго запытацца, але не паспеў – на панадворак выйшла жонка.

– Ну што ты марозіш дзяцей на вуліцы? – нязлобна ўпікнула яна мужа і адразу падалася да нявесткі: – Хрыстос уваскрос, любая!

– Сапраўды ўваскрос, матулечка! – Насця тройчы абнялася і пацалавалася са свяк роўкай.

Гэтак жа павітаўшыся з сынам, гаспадыня зноў звярнулася да мужа:

– Запрашай гасцей у хату.

Уладкаваліся за сталом, памаліліся, з’елі па кавалачку асвенчанага яйка, выпілі мёду і прыступілі да ежы. Хутка, паспытаўшы розных прысмакаў і выпіўшы яшчэ па кубку мёду, разгаварыліся. Пакуль жонка з нявесткай абмяркоўвалі смак пірагоў, Барталамей з сынам квола гутарылі пра купецкія справы, а калі жанчыны завялі гутарку пра сваё здароўе, гас падар не вытрываў:

– Хадзем на панадворак, падыхаем паветрам, – і першым падняўся з лавы.

На панадворку ён хітнуў Самуілу на кароценькую лаву, што стаяла ля студні: «Сядай». Сам жа ўладкаваўся на шырокай калодзе і адразу ж пацікавіўся:

– Пра якую начную прагулку Марціна ты ў мяне пытаўся? – па ўсім было бачна, што гэтае пытанне не давала Барталамею спакою з моманту прыходу гасцей. – Ён мне нічога пра яе не расказваў.

– Учора вечарам ён з сябрамі быў на Перуновых могілках, – зразумеўшы, што бацька нічога не ведае, а таму проста ад яго не адчэпіцца, Самуіл вырашыў расказаць яму праўду. – Там яны адкапалі скарб.

– Скарб? – у голасе Барталамея прагучаў страх. Ён падняўся з калоды, узад-уперад прайшоўся па панадворку, спыніўся насупраць Самуіла: – А ты адкуль ведаеш?

– Я быў з імі.

– Быў з імі? – Барталамей асуджальна, бы затраўлены воўк, паглядзеў у вочы сына: – Чаму ж не спыніў? Навошта дазволіў непакоіць нябожчыка?

– Я паспрабаваў іх спыніць, аднак яны не захацелі мяне нават слухаць.

– Цяпер я разумею, пра які сюрпрыз перад адыходам казаў мне Марцін.

– І гэта не апошні сюрпрыз, які ён збіраецца паднесці табе з маці на гэтым тыдні, – Самуіл нават абрадаваўся, што гутарка збочыла ад учарашняй вандроўкі на могілкі.

– Што яшчэ ён прыдумаў?

– Будзе прасіць цябе паслаць сватоў да Глеба Кацуры.

– Да Глеба? – вочы Барталамея палыхнулі недаверам. – Дык яго ж дачцэ, пэўна, няма і чатырнаццаці!

– Ужо шаснаццаць.

– Шаснаццаць? А на выгляд зусім дзяўчо – невялічкая, худзенькая, сціплая. Бачыў яе нядаўна, калі быў у Глеба. Але ж. – гаспадар на імгненне задумаўся, быццам вагаючыся, і ўсё ж вырашыў сказаць, – ці ведае Марцін, што на ёй, як і на ўсім роде Глеба, ляжыць пракляцце, страшэннае, смяротнае, крывавае?

– Што за пракляцце?

– Мы з Глебам не такія ўжо і сябры, аднак гадоў сем таму, пасля смерці яго жонкі, ён мне расказваў, што раней яны жылі ў Кобрыне. Жылі добра, даволі заможна, пакуль зімой пяцьсот трыццаць шостага года на іх горад знянацку не напаў маскоўскі загон. Маскавітаў было нямнога, сотні дзве, і асаблівай шкоды гораду яны не нанеслі – крыху парабавалі прадмесце, спалілі некалькі двароў і гэтак жа імкліва зніклі. Але для Глеба і яго сям’і гэта быў ракавы напад. Тым днём ён быў у лаўцы і, пачуўшы пра гвалт у прадмесці, кінуўся да свайго двара. Раз’юшаны да бяспамяцтва, з сякераю ў руках, ён уварваўся ў сваю хату і, заўважыўшы двух рабаўнікоў, адзін з якіх рыўся ў куфры, а другі жорстка збіваў яго жонку, не задумваючыся пусціў у ход зброю. Першы маскавіт памёр адразу і ціха. Другі ж, хаця Глеб і рассек яго амаль напалам, перад сваёй канчынай паспеў сказаць некалькі слоў, і словы гэтыя аказаліся пракляццем.

– Падумаеш, на вайне амаль кожны забіты праклінае свайго забойцу.

– Справа ў тым, сынок, што той другі рабаўнік быў маскоўскім святаром. Глеб пра тое пракляцце нікому не расказваў, а каб схавацца ад яго, пераехаў у наш горад. Аднак недзе гады праз тры пасля пераезду ля Берасця знайшлі забітым яго старэйшага сына. Потым раптоўна памерла яго дачка, за ёй – жонка. Ёсць над чым задумацца мужыку.

– Проста супадзенне, – Самуіл ніяк не хацеў паверыць у праклён маскавіта, не мог пагадзіцца з такой несправядлівасцю – пракляцце рабаўніка забірае жыцці сумленных людзей!

– Глеб расказваў, што пасля кожнай смерці родных да яго ў сне з’яўляўся засечаны ім поп і пахваляўся, нібы гэта ён пазбавіў жыцця яго дзяцей і жонку, і нібы душа яго не супакоіцца, пакуль не звядзе з гэтага свету апошняга з роду Кацураў.

– А ці звяртаўся Глеб.

– Бацюшка наш, пасля смерці Глебавай жонкі, асвяціў яго хату, а потым, між іншым, яшчэ параіў звярнуцца па дапамогу да мясцовай знахаркі Халімоніхі.

– Дапамагло?

– Не ведаю, – няўпэўнена паціснуў плячыма Барталамей, – але ж пакуль у сям’і Кацуры ціха і, дасць Бог, так будзе і надалей.

І, быццам абвяргаючы гэтыя словы, раптоўна расчыніліся веснічкі і на панадворак Корчака заскочыў незнаёмы, узлахмачаны і расчырванелы ад бегу, хлапчук. Убачыўшы мужчын, ён спыніўся, перавёў дыханне, рукавом святочнай кашулі выцер нос і толькі потым скарагаворкай выпаліў:

– Стражнікі хочуць забраць у астрог Янінку і вашага Марціна.

– Дзе? – падхапіўся з лавы Самуіл. – За што?

– Не ведаю. Мяне дзядзька Глеб папрасіў толькі, каб я хутчэй паклікаў да яго Корчака.

– Вось табе і сюрпрыз на Вялікдзень, – расчаравана выгукнуў бацька і, у адчаі рыпнуўшы зубамі, дадаў: – Марцін трымае слова.

7

На двары Глеба Кацуры было людна. Акрамя трох стражнікаў, якіх Самуіл добра ведаў і з якімі павітаўся кіўком галавы, там штурхалася яшчэ з дзясятак цікаўных – не кожны дзень у іх ціхім і спакойным горадзе забівалі людзей.

Самуіл наблізіўся да Глеба, пацікавіўся, што здарылася, аднак той не адказаў на словы лаўніка і толькі раз за разам прасіў прабачэння ў нейкай Аксінні.

– Не чапай ты яго, – побач з Корчакам няведама адкуль з’явіўся Фёдар Буцюта. – Звар’яцеў ад гора мужык. Гэта не жартачкі адразу згубіць і сына, і дачку.

– Што тут адбылося, Фёдар? – Самуіл павярнуўся да сябра тварам. – Дзе мой брат?

– Давай адыдземся, – Фёдар падхапіў Самуіла за локаць і, адвёўшы яго на некалькі крокаў ад Кацуры, прадоўжыў паўшэптам: – Я яшчэ сам не разабраўся, што тут адбылося, але зразумеў вось што: сын Глеба Юрка Кацура гэтай ноччу, заместа таго, каб славіць уваскрашэнне пана нашага Іісуса Хрыста, разам са сваім сябрам Грышкам Галендай недзе выкапалі скарб і, дзелячы яго, пасварыліся. Галенда, як мацнейшы, задушыў Юрку, але і сам не ўратаваўся – яго зарэзала сястра Юркі, вунь тая маленькая паненка.

Самуіл міжволі паглядзеў у той бок, куды паказаў вачыма Фёдар. Ён убачыў невысокую, тоненькую, бы хварасцінка, дзяўчыну. Яна і сапраўды хадзіла каля ўваходу ў родную хату, але крокі ў яе былі роўныя, рукі рухаліся плаўна, паварот галавы быў горды, а на твары яе, чыстым і прыгожым, чыталася хваляванне за некага іншага, але не за сябе – і наогул было ў ёй нешта такое, што збянтэжыла Самуіла, пракацілася па грудзях шчымлівай хваляй, адначасна выклікала пачуцці і жалю, і спагады, і павагі. «Няўжо гэтае птушаня, баронячы брата, зарэзала Грышку?» – прамільгнула ў яго галаве. Ён нават усміхнуўся яе недарэчнасці, а ўслых пацікавіўся:

– А пры чым тут мой брат і дзе ён цяпер?

– Твой брат, хаця і прыйшоў сюды пазней за мяне, сцвярджае, што гэта ён забіў Грышку, што за забойства трэба караць яго, а не Яніну, і што ён не выйдзе з хаты, пакуль яго не арыштуюць і не адвядуць у астрог.

– Балван, – вылаяўся Самуіл. Ён стаміўся слухаць аповед Фёдара, яму не спадабалася бязладдзе на двары Кацуры, яго раздражнялі жарты і позіркі выпадковых цікаўных.

– Хто вядзе следства? – запытаўся ён, стрымліваючы шаленства.

– Пакуль ніхто не вядзе, – абыякава паціснуў плячыма сябар. – Я жыву тут побач таму мяне першага і паклікалі, а ўжо я выклікаў сюды стражнікаў.

– Зразумела, – у голасе лаўніка з’явілася сталёвае адценне. Ён махнуў рукой жаўнерам і, паказваючы на натоўп цікаўных, скамандваў: – Ачысціце двор ад чужых і зачыніце вароты.

Потым павярнуўся да Фёдара:

– А ты, Федзя, пакажы мне месца злачынства

– Хадзем, – Фёдар зноў паціснуў плячыма. – Хаця на што там глядзець? Хіба на золата!

Хата Глеба Кацуры злучалася з прырубам і клеццю. Справа ад увахода высілася печка. На покуці віселі абразы пад чыстым узорыстым набожнікам. Там жа стаяў і стол з амаль некранутымі стравамі, побач на шырокай лаве ў адзіноце сядзеў Марцін. Убачыўшы брата Марцін падхапіўся, вінавата ўсміхнуўся, але прамаўчаў.

Прамаўчаў і Самуіл. Ён зняў шапку, перажагнаўся на абразы і, не паварочваючы галавы, звярнуўся да Фёдара:

– Дзе забітыя?

– А вось тут, – рукою паказаў налева Фёдар і першым накіраваўся ў бок клеці

У невялікім памяшканні панаваў паўзмрок. Маленькае слюдзяное акенца прапускала няшмат святла, а таму Самуіл з цяжкасцю адрозніў спачатку цела аднаго забітага, потым – другога.

– Падай свечку, – распарадзіўся ён і агледзеўся.

Пакуль ён разглядаў пакой, Фёдар прынёс падсвечнік з трыма свечкамі і ўжо пры іх святле Самуіл уважліва агледзеў нябожчыкаў.

Юрка ляжаў ля стала. Яго твар быў пунсовым, вочы амаль павылазілі з вачаніц, шырокі язык да самага кораня вываліўся з рота, а аб прычыне смерці яскрава сведчыла вяроўка, туга зацягнутая вакол шыі.

– З гэтым зразумела, – раз за разам палахліва жагнаючыся, прагаварыў Фёдар. – Грышка зацягнуў на яго шыі ўдаўку, а вяроўка ільняная, тонкая, таму зацягнулася туга.

– Памаўчы, – Самуілу таксама было не па сабе ад выгляду нябожчыка, аднак ён перамог гідлівасць і, апусціўшыся побач з забітым на кукішкі, уважліва агледзеў яго раздзёртую да крыві шыю і акрываўленую правую руку.

Потым, не кажучы ні слова, падняўся, кінуў позірк на стол, на якім трыма залатымі купкамі ляжалі манеты, на труп Грышкі і запытаўся:

– Хто першым знайшоў нябожчыкаў?

– Тодар Мірун расказваў, што раніцай ён пабачыў Глеба на панадворку і вырашыў зайсці да яго, каб пахрыстосавацца і выпіць з суседам за свята па кубку мёду. І толькі ён адчыніў веснічкі, як з хаты да яго слыху данёсся кароткі жаночы вокліч. Крык пачуў і Глеб і адразу, не марудзячы, кінуўся да хаты. Тодар прыбег ужо за ім. І што ён убачыў? Задушанага Юрку, зарэзанага Грышку і Яню, якая без прытомнасці, з акрываўленым нажом у руках, ляжала недзе тут, дзе зараз стаім мы.

– А дзе нож?

– У мяне, – неахвотна адказаў Фёдар і выцягнуў з-за халявы свайго бота нож з адмысловай ручкай, які мінулым вечарам Самуіл бачыў у руках Юркі.

Самуіл да нажа нават не дакрануўся, хаця адразу ж пазнаў яго.

– Няхай нож будзе пакуль у цябе, – ён нахіліўся і ўважліва агледзеў цёмныя плямы на падлозе. Потым выпрастаўся, яшчэ раз кінуў грэблівы позірк на золата і выйшаў з клеці ў хату. Там ён апусціўся на лаву побач з братам, крыху памаўчаў, ціха запытаўся:

– Ты на самай справе думаеш, што Яня магла забіць Грышку?

– Гэта я яго зарэзаў.

– І чым ты яго зарэзаў? – сумна усміхнуўся Самуіл. – Кулаком? Пальцам?

Марцін не адказаў.

– Добра, – невядома з чым пагадзіўся Самуіл і звярнуўся да Фёдара: – Сядай, Федзя, будзем разважаць разам

Фёдар паставіў на стол падсвечнік, крыху падумаў і з дзелавым сапеннем, па-свойму разумеючы важнасць моманту, уладкаваўся за сталом прама пад абразамі.

– Я думаю, што сварка паміж Юрыем і Грышкам адбылася з-за золата.

– Правільна, – не ўтрымаўся Фёдар, – але з імі была яшчэ і Яня, бо золата раздзелена на тры часткі.

– Не было там Яні! – узвіўся Марцін.

– Хто ж тады быў трэцім? – бы ў адчаі, Фёдар падняў угору рукі. Потым, дурашліва ўсміхнуўшыся, звярнуўся да Марціна: – А, можа, трэцім з імі быў ты, Марцінка?

– Хопіць спрачацца, – павысіў голас Самуіл і пагрозліва паглядзеў на брата: – І ты маўчы, не паказвай іншым сваю дурноту. Я цалкам згодны з табою, Федзя, – ужо спакойным, нават лагодным тонам працягваў Самуіл і такі пачатак размовы бальзамам праліўся на душу Фёдара. – Грышка і Юрка дзялілі знойдзены імі скарб на тры часткі, бо адну з іх збіраліся ахвяраваць Спаса-Праабражэнскай царкве. Аднак Грышка пачаў пудлаваць, надзяліў сабе больш золата і Юрку гэта не спадабалася. Яны пачалі спрачацца, потым схапіліся за грудкі і Грышка, як мацнейшы, паспрабаваў прыдушыць Юрку, але, тут ты,Федзя, зноў маеш рацыю, вяроўка аказалася ільняной і моцна зацягнулася на шыі небаракі. Задыхаючыся, з апошніх сіл, Юрка пырнуў свайго хаўрусніка нажом у жывот. Уласна кажучы, ты, Федзя, правільна апісаў гэта забойства. Малайчына!

– А Янька? Мірун жа сам бачыў яе з акрываўленым нажом у руках!

– Глеб, са слоў Міруна, таптаўся на панадворку і не чуў спрэчкі свайго сына з сябрам.

А Яня – чула. Яна, напэўна, стаяла ля дзвярэй і падслухоўвала, і заскочыла ў пакой толькі тады, калі пачула стук ад падзення на падлогу цела брата. Яна схапіла з падлогі нож, якім Юрка пырнуў Грышку, кінулася да брата, каб перарэзаць вяроўку на яго шыі, але... У яе проста не хапіла душэўнай моцы бачыць так блізка выскал гвалтоўнай смерці і яна, згубіўшы прытомнасць, сама павалілася побач з братам. Я правільна агучыў твае думкі, Федзя?

– Ну-у, яно так і было, – Фёдар пачухаў патыліцу. – Вось толькі золата.

– А што золата? – абыякава паціснуў плячыма Самуіл і шырока ўсміхнуўся сябру. —

Золата – гэта ўжо задача Глеба Кацуры, ён няхай і вырашае, куды яго дзяваць. Ты ж сваю справу зрабіў выдатна, следства правёў бліскуча і галоўнае – хутка. Думаю, пан Ласкевіч цябе адзначыць.

Твар Фёдара расплыўся ў самазадаволенай усмешцы.

– Ну што ж, – ён падняўся з лавы і на развітанне працягнуў руку Самуілу. – Тады я распараджуся, каб стражнікі адвезлі цела Грышкі да родных.

– У яго няма родных, – урэшце адазваўся і Марцін. – Ён наогул не мясцовы.

Фёдар падазрона паглядзеў на Марціна, потым перавёў разгублены позірк на Самуіла.

– А няхай стражнікі пахаваюць яго на Перуновых могілках, – знайшоўся Самуіл. —

Месца там ціхае, спакойнае, і лішніх пытанняў ніхто задаваць не будзе.

– І праўда! – абрадаваўся парадзе Фёдар і, задаволены, ён выйшаў вонкі.

У хаце зрабілася ціха. Браты думалі кожны пра сваё, аднак маўчалі, баяліся сказаць лішняе, непатрэбнае.

– Хопіць сядзець ёлупнем у хаце, – першым загаварыў Самуіл. – Ідзі супакой Яню, а то зусім згарыць дзяўчына ад гора і невядомасці.

– А Глеб?

– Глеба не кранай. Ён, бы сабака, павінен у адзіноце перабароць бяду, пабыць самнасам з мінулым. Потым, апоўдні, пагавары з ім, налі яму кубак акавіты і прасачы, каб ён лёг спаць.

– А-а.

– Цела Грышкі забяруць стражнікі, Юрку крыху пазней абмыюць суседкі. А золата? Прыбяры яго з вачэй неадкладна, потым вырашыш, што з ім рабіць.

– Не патрэбна яно мне такое!

– Ты ж нядаўна казаў, што яно не мае паху! – Самуіл падняўся з лавы і паспрабаваў зазірнуць брату ў вочы. – Навошта ж тады хадзіў за ім учора?

– Дурнем быў!

– Добра, – адмахнуўся ад братавых слоў Самуіл і накіраваўся да ўваходных дзвярэй, і ўжо ля парога спыніўся, нешта ўспомніў. – Хрыстос уваскрос, брат! – дайшоў да Марціна запознены напамін.

– Сапраўды ўваскрос!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю