355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уэйд Миллер » Гадзiна памяцi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Гадзiна памяцi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 19 сентября 2016, 13:35

Текст книги "Гадзiна памяцi (на белорусском языке)"


Автор книги: Уэйд Миллер



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Миллер Уэйд
Гадзiна памяцi (на белорусском языке)

Уэйд Мiлер

ГАДЗIНА ПАМЯЦI

Джэкi ўпершыню з'явiўся ў маiм кабiнеце а трэцяй гадзiне папалуднi ў чацвер, выклiкаўшы гэтым самым у мяне моцную раздражнёнасць.

Апошнi год я прысвячаў менавiта гэтую гадзiну роздуму, бо якраз у гэты самы час мая жонка Хэлен загiнула ў аўтамабiльнай катастрофе. Нават рэгiстратарка не ведала, што гэтыя штодзённыя перыяды былi па сутнасцi мемарыяльныя, i думала, што я раблю перапынак, каб выпiць кавы i даць крыху адпачыць галаве.

Ды гэта i не была мана, бо псiхiятр канцэнтруе ў сябе столькi праблем iншых людзей, што пачынае адчуваць неабходнасць праветрыць галаву. А ўвесь год пасля смерцi Хэлен я вельмi шмат працаваў – стараючыся, як бы так мовiць, пахаваць свой смутак у рабоце.

Вось чаму мяне занепакоiла тое, што гэту гадзiну, якая, на маю думку, належала толькi мне, узурпаваў новы пацыент. Хоць мне не заставалася нiчога iншага, як шукаць найлепшы выхад з сiтуацыi, я ўсё ж вырашыў зрабiць суровую вымову рэгiстратарцы за неабачлiвасць пры назначэннi прыёмаў. Але, як аказалася, мяне настолькi захапiла анамальнасць хворага пацыента, што я нават не зрабiў заўвагi.

Маiм новым пацыентам быў мужчына маладога ўзросту, якi, мяркуючы па яго паводзiнах, быццам разумеў, што яго прысутнасць аказалася непажаданай. Ён сеў насупраць мяне, у вялiкае скураное крэсла, затрымаў позiрк на дыпломах, што вiселi на сцяне над маёй галавой, i пачаў кплiва чытаць уголас:

– "Да ведама ўсiх прысутных сапраўдным пацвярджаюць, што Джон Кермiт Конавер закончыў курс навук, прадугледжаны законам..." Ну, вядома, гэта павiнна прыдаваць вам чароўныя сiлы, доктар Конавер.

– Зусiм не. – Не варта крыўдзiцца: многiя асобы з разладжанай псiхiкай спачатку займаюць у адносiнах да псiхааналiтыка абарончую пазiцыю. – Дыпломы проста сведчаць пра тое, што на працягу некалькiх год я праходзiў пэўны курс навучання. Я ўсяго толькi звычайны чалавек. Як i вы.

– Не, – адразу ж запярэчыў пацыент. Ён быў вельмi ўзрушаны. – Не, мы нi ў якiм разе не можам быць падобнымi.

Прынамсi, што датычыць знешнасцi, дык ён казаў праўду. Ён з яго спрытам i атлетызмам, увасабляў абаяльнасць маладосцi, прыгожы выгляд сведчыў аб здароўi i iмпэце, адразу было вiдаць, што на iм дарагое адзенне, ну, а я... што ж, мне пяцьдзесят тры, старамодны, цiхi i шэры, як сцены майго кабiнета.

– Што, калi мы пачнём з вашага прозвiшча? – прапанаваў я.

Ён зноў супакоiўся i пачаў паводзiць сябе фанабэрлiва.

– Што, калi Джэкi Н'юман? – адказаў ён з усмешкай.

Я не сумняваўся, што гэта прозвiшча фiктыўнае, i нiчога асаблiва дзiўнага тут не было.

– Называйце мяне Джэкi. Баюся, што нам давядзецца, яшчэ часта сустракацца.

– Добра, Джэкi. Можа, я здолею дапамагчы вам. Аднак...

– Слухайце, у вас там на сцяне ў рамачцы пазначана, што вы – псiхiятр. Вы вырашаеце чалавечыя праблемы, цi не так?

– Не зусiм так. Кожны павiнен сам вырашаць свае праблемы. Мой абавязак у тым, каб дапамагчы вам высветлiць i зразумець, у чым на самай справе ваша праблема. Потым вы забяспечваеце тэрапiю.

– Цiкавая рэч атрымлiваецца, – фыркнуў Джэкi. – Ганарар вам, а праца кладзецца на мае плечы.

– Вельмi важна, каб вы адносiлiся да гэтага менавiта так. У вас часта з'яўляецца пачуццё, што вас падманваюць. – Ён злосна глянуў у мой бок, але нiчога не сказаў у адказ. – Бачыце, як пабочны назiральнiк, я часта магу вызначыць, да чаго пацыент занадта эмацыяльна ставiцца, якiя ў яго схiльнасцi. Тады я магу дапамагчы.

Джэкi апусцiў галаву.

– Вы не зможаце мне дапамагчы, – прамармытаў ён. – Нiхто не зможа. Я ўжо ведаю, што са мной адбываецца.

– Ну, дык тады пагаворым пра гэта.

– Я баюся, – сказаў ён проста. Твар, з якога знiкла фанабэрыя, памякчэў i зрабiўся падобны на дзiцячы. – Калi мяне не спынiць, я ведаю, што зраблю штосьцi дрэннае.

– Што вы маеце на ўвазе – дрэннае?

– Вы ведаеце... – Ён сцiснуў правую далонь, нiбыта сцiскаючы нешта ў кулаку. – Штосьцi гвалтоўнае – зрабiць каму-небудзь балюча.

Я запэўнiў Джэкi, што схiльнасць да гвалтоўнасцi закладзена ва ўсiх нас. Лепш, калi пацыент не лiчыць сябе цалкам ненармальным.

– Што ж, вы калi-небудзь зрабiлi нешта гвалтоўнае, Джэкi?

– Не. Пакуль не. Але не так даўно – ну, я пачаў браць рэчы, красцi.

– Якiя рэчы?

Джэкi склаў рукi, нiбыта моцна прыцiскаючы нешта да грудзей.

– Ну, так, рэчы. – Ён не зводзiў вачэй з ручкi, якая тырчала з прыбора на стале. – Нiчога такога, што мне сапраўды патрэбна. Але я не магу ўтрымацца унутры мяне ўвесь час грызе пачуццё, якое вымушае браць рэчы – i штораз, то болей.

Я паспрабаваў правесцi далейшы зандаж, але беспаспяхова. Якiя пачуццi валодалi iм у час гэтага акта? Што ён адчуваў пасля? Я ведаў, што па ўкрадзеных рэчах можна меркаваць, што вымушала Джэкi рабiць такiя ўчынкi, але ён увесь час абыходзiў гэтую тэму.

– Мяне не турбуе праблема крадзяжу, – нарэшце выкрыкнуў ён раздражнёна. А зусiм iншае, пра што я гаварыў раней.

– Вы думаеце, што крадзеж – гэта прыступка да чагосьцi горшага, цi не так?

– Ну, мяне ўвесь час ахоплiваюць iмкненнi, здаецца, штосьцi кiпiць унутры. Быццам крадзеж рэчаў ужо не задавальняе. Быццам iснуе штосьцi такое, што я змагу зрабiць нават лепш.

– Можаце прывесцi прыклад?

Замест адказу ён абмежаваўся выразнай усмешкай. Не быў шчыры ён i наконт сваiх фантазiй, калi я паспрабаваў зайсцi з гэтага боку. Псiхiятрыя – адзiная галiна медыцыны, дзе пацыент хавае сiмптомы сваёй хваробы, хавае iх нават ад самога сябе. Але сам незвычайны факт, што Джэкi ўсё-такi прыйшоў да мяне, абнадзейваў, i таму я сказаў:

– Давайце падыдзем да ўсёй справы з другога боку. Раскажыце пра сябе.

Ён расказаў гiсторыю свайго жыцця нават з нейкiм гонарам. Жыццяпiс быў блытаны, канцы не сыходзiлiся з канцамi, i чым далей я слухаў, тым болей упэўнiваўся, што нават у час размовы ён працягваў выдумляць. Хоць цяпер, паводле яго слоў, ён застаўся адзiн на цэлым свеце, але паходзiў з багатай сям'i, што жыла на поўначы штата, атрымаў адзнакi ў час службы ў войску.

– Мяне двойчы ўзнагароджвалi медалём "Пурпурнае сэрца" за раненне!

А потым ён памяняў некалькi заняткаў, прынамсi, быў аўтагоншчыкам, удзельнiчаў у геалагiчных пошуках урану. Улiчваючы яго малады ўзрост, уся гiсторыя, якую ён расказаў, здавалася крыху неверагоднай.

Джэкi, вiдаць, адчуў мой недавер, бо раптам спынiўся.

– Ну, як вам усё гэта падабаецца? – спытаў ён. – Вы мне зайздросцiце?

– Скажам так – у вынiку ў мяне ўзнiкла некалькi пытанняў, – адказаў я.

– Што ж, давядзецца з iмi пачакаць, – сказаў ён рэзка i ўстаў. – Альбо я сустрэнуся з вамi на наступным тыднi, альбо я зусiм не прыйду. Такi вось я.

Толькi калi Джэкi пайшоў, я зразумеў, што не папярэдзiў яго наконт таго, што менавiта гэты час у раскладзе прыёму – самы нязручны. Потым, прааналiзаваўшы ўласную рэакцыю, я прыйшоў да думкi, што мая няпамятлiвасць была наўмысная: мне хацелася, каб Джэкi прыйшоў зноў. Ён прадэманстраваў, разам з дрэннымi манерамi i ўсiм астатнiм, магчымасцi, якiя завалодалi маёй увагай, нягледзячы на незразумелую сутнасць захворвання.

У кабiнет зайшла рэгiстратарка.

– Доктар, мiсiс Грыер адмовiлася ад прыёму, назначанага на чатыры гадзiны. Да яе нечакана з'явiлiся нейкiя госцi. Спадзяецца, што вы не будзеце супраць.

– Не, гэта мне выдатна падыходзiць, – адказаў я. – Ад апошняга пацыента ў мяне страшэнна разбалелася галава.

– Я прынясу вам аспiрыну, – сказала яна, адразу ж выказаўшы клопат. Я часта задумваўся над тым, чым кiравалася Лiнда, калi вырашыла працаваць у псiхiятра; яна ж такая прастадушная асоба. Прыгожанькая брунетка, яе пыхаючая здароўем жаноцкасць i жывёльная жыццяздольнасць часта ўражвалi мяне сваёй недарэчнасцю сярод неўрозаў i псiхозаў, якiмi я займаўся ў сваёй практыцы, нiбыта яна весела пырхала сярод мёртвых. Тым не менш яна была даволi кемлiвая i ведала справу i, хоць не мела спецыяльнага дыплома, выконвала многiя абавязкi медыцынскай сястры. – Мiж iншым, доктар, я падумала, што, раз сёння ў нас не будзе больш пацыентаў, цi нельга было б мне пайсцi крыху раней. Сёння юбiлей нашага вяселля, i таму мы з Эдзi планавалi павячэраць дзе-небудзь у горадзе i, можа, схадзiць на якi-небудзь канцэрт.

– Юбiлей? Няўжо прайшоў цэлы год?

– Не, толькi шэсць месяцаў, – захiхiкала Лiнда. – Можа, вам гэта здаецца глупствам – але мы па-ранейшаму страшэнна шчаслiвыя, што пажанiлiся.

– Не апраўдвайцеся за сваё шчасце, – сказаў я. – Шчаслiвых людзей так мала.

Я даволi часта думаў пра Джэкi, хоць зусiм не быў упэўнены, што калi-небудзь зноў яго ўбачу. Аднак ён з'явiўся ў чацвер у вызначаны час. Гэты раз ён быў пануры i не такi гаваркi, абмежаваўся прызнаннем, што па-ранейшаму краў "рэчы".

Ахоплены дэпрэсiяй, ён альбо забыўся пра свой жыццяпiс, альбо адмовiўся ад яго, бо тыя лiчаныя факты мiнулага, якiя ён паведамiў гэты раз, вельмi адрознiвалiся ад ранейшых, але здавалiся больш верагоднымi. Сапраўдным залатым самародкам, што мне ўдалося адсеяць, быў той факт, што Джэкi нейкi даволi непрацяглы час вучыўся ў тым самым унiверсiтэце, што i я, але я не змог выкарыстаць гэту агульную для нас падзею ў жыццi, каб знiтаваць цiкавiўшую мяне сувязь.

Джэкi кiнуў вучобу, бо яму зрабiлася сумна, да таго ж ён пачаў мармытаць нешта пра дзяўчат, што вучылiся разам з iм, але я не адразу зразумеў, пра што iдзе гаворка, а ён больш не вяртаўся да гэтай тэмы. Ён нешта гаварыў пра "швэдары i голыя ножкi", i я падумаў, што ўся праблема круцiцца вакол сексу, але ён не адрэагаваў i на гэтыя пытаннi. Не захацеў ён гаварыць i пра тыя сем гадоў жыцця пасля каледжа, прабурчаўшы, – навошта гаварыць пра гэта. Усё ў мiнулым. Альбо аднекваўся, ужываючы сваю любiмую форму адмаўляцца ад размовы: "Гэта не важна!" Ад кансультацыi ў мяне засталося тайнае пачуццё безнадзейнасцi, часткова ад таго, што на мяне перакiнуўся яго пануры настрой, але больш ад адчування, што справа зайшла ў тупiк.

Але на наступным тыднi Джэкi здзiвiў мяне, прынёсшы ў пакеце рэчы, якiя ён украў. Гэта перакрэслiла маю першую версiю наконт галоўнай прычыны яго хваробы. Гэтымi "рэчамi" аказалiся станiкi – большасць з iх фасонныя – з карункамi або яркiх колераў – i ён мiжволi падрабязна расказаў, калi i дзе ўзяў iх. Частка прынесенай бялiзны была знята з вяровак у розных канцах горада, але многiя рэчы былi новыя, нават з крамнымi цэтлiкамi.

– Чаму вы расказваеце мне аб гэтым сёння i адмаўлялiся зрабiць гэта раней? – спытаў я.

– Таму што я завязаў, – радасна адказаў Джэкi, усхвалявана ходзячы па пакоi i адмаўляючыся сесцi ў крэсла для пацыентаў. – Я не збiраюся больш iх красцi. Проста трэба паставiць перад сабой задачу праяўляць стрыманасць.

– Вы калi-небудзь задумвалiся над тым – нягледзячы на гэта адхiленне з крадзяжом, якое само па сабе не з'яўляецца значным, – што вы знаходзiцеся пад занадта моцным кантролем? Што, можа, вы хаваеце ад самога сябе штосьцi сапраўды важнае?

Ён павярнуўся ў мой бок з пакрыўджаным тварам.

– Вы не лiчыце, што я вылечуся?

– Вы можаце вылечыцца. Але гэта рэдка так лёгка здараецца, Джэкi.

– Вось убачыце, – паабяцаў ён сур'ёзна, нiбыта пяцiгадовы хлапчук. – Я прынёс гэта шмаццё з сабой, каб вы яго маглi аддаць тым, у каго я яго ўзяў.

Я згадзiўся, ведаючы, аднак, што гэту задачу здзейснiць немагчыма. Калi паспрабаваць вярнуць усю крадзеную бялiзну законным уладальнiкам, узнiкнуць пытаннi, на якiя я не змагу адказаць. Таму я проста ўцiснуў пакет у нiжнюю шуфляду шафы для дакумантаў, якая стаяла ў прыёмнай перад маiм кабiнетам, мяркуючы пазбавiцца ад яго ў больш зручны час.

Аднак Лiнда знайшла здабычу Джэкi раней, чым я ўзгадаў аб сваiм намеры. Калi аднойчы ранiцай я заходзiў у свой кабiнет, яна стаяла ў прыёмнай, заглядаючы здзiўлена ў пакет.

– Доктар, што, напрамiлы Бог, гэта за рэчы?

Я растлумачыў, паведамiўшы тое-сёе пра пацыента, але, зразумела, не называючы яго iмя. Яна засмяялася.

– Ну, цi не бязглуздзiца гэта? Красцi такое!

– Для вас, можа, i так, – сказаў я крыху раздражнёна. – Але магу вас запэўнiць, што ў яго гэта сур'ёзна i тут не да жартаў. Недзе ў iм, як у асобе, утварылася глыбокая i жахлiвая расколiна.

Джэкi нiколi больш не ўзгадваў пра станiкi, i, як я мог меркаваць, крадзяжы спынiлiся. Ён з гонарам гаварыў аб вынiках вынайдзенага iм самакантролю, але мне здавалася, што яго проста зацiкавiлi iншыя, больш злавесныя сферы. Хоць Джэкi па-ранейшаму адмаўляўся запоўнiць iнфармацыяй белую пляму ў яго жыццi працягласцю ў сем год, ён нечакана пачаў даволi шматслоўна расказваць пра жанчын, якiх ён ведае цi калiсьцi ведаў. Усе яны, паводле яго слоў, лезлi са скуры, каб звярнуць на сябе яго ўвагу.

Нарэшце, калi яго гiсторыi пачалi рабiцца яшчэ больш шматслоўнымi, а раманы – паўтарацца, я выказаў думку, што ён, вiдаць, захапiўся фантазiямi.

Джэкi ад душы рассмяяўся.

– Я ж вам казаў, што вы мне зайздросцiце. Толькi таму, што я атрымаў усё, што можна ўзяць ад жыцця. Вось, мяркуецца, што вы павiнны мяне лячыць, а вы нават не заўважаеце, наколькi сумны вы чалавек.

– Вы можаце не паверыць, – сказаў я спакойна, – але калiсьцi я таксама быў малады.

– Магу паспрачацца, што не зусiм так. Гатоў бiцца аб заклад, што вы заўсёды сядзелi, уткнуўшы нос у якую-небудзь кнiгу. Я не такi. Вось яшчэ да таго, як скончыў каледж... – I зноў пачалося апiсанне са смакам эратычнай i, вiдаць, прыдуманай прыгоды. З другога боку, можна было пагадзiцца з думкай, што Джэкi казаў праўду, бо быў ён i прыгожы, i дастаткова напорысты. Мяне заўсёды тачыла сумненне, калi я спрабаваў вызначыць, хто такi быў сапраўдны Джэкi.

Сярод патоку амурных успамiнаў нярэдка здаралiся моманты, калi ўдавалася даведацца, чым займаецца Джэкi цяпер. Мне стала вядома, што ён купiў бiнокль i бавiў шмат часу ў вялiкiм парку побач з маiм кабiнетам. Ён сачыў за людзьмi цi, як ён сказаў, "вывучаў iх".

– Нiчога дрэннага тут няма, – сказаў Джэкi, калi я спытаўся ў яго пра гэта. – Я раблюся больш адкрытым. Мушу жыць на свеце з такiмi ж чалавечымi стварэннямi, як сам, i таму павiнен пазнаёмiцца з iмi. – Ён раптам крыва ўсмiхнуўся. – Пазаўчора я назiраў за вашай Лiндай, калi яна сядзела на траве з папяровым пакетам i палуднавала. Думаю, што яна спецыяльна выставiла ногi, каб яны загарэлi. Вас, вiдаць, падбадзёрвае прысутнасць у кабiнеце на працягу цэлага дня стварэння з такой вось фiгуркай?

Разумеючы, што гэта быў не вельмi ўдалы прыём тэрапii, я тым не менш быў вымушаны сурова заўважыць.

– Лiнда – вельмi прыстойная дзяўчына i шчаслiвая ў замужжы. Таму вам лепш не думаць пра яе.

У адказ Джэкi толькi самаздаволена ўсмiхнуўся. Знаходзячыся ва ўзбуджаным стане, ён iмкнуўся прымусiць мяне перайсцi да абароны, каб у нашых адносiнах мы памянялiся ролямi. Але ён вельмi абурыўся, калi я прапанаваў аддаць мне бiнокль, i наадрэз адмовiўся зрабiць гэта. I ўсё ж, хоць я больш не настойваў, калi прыём скончыўся, выявiлася, што ён пакiнуў бiнокль на маiм стале. Я схаваў яго побач з крадзенай бялiзнай у шафе для дакумантаў.

На працягу наступных некалькiх тыдняў калекцыя паступова павялiчвалася. Дэталёвыя чарцяжы i планы будынкаў, карты i распiсаныя на паперы планы розных авантур, якiя ён меркаваў здзейснiць. Большасць iх уяўлялi сабой юнацкiя фантазii, аднак мяне турбаваў матыў агрэсiўнасцi, якi ўвесь час паўтараўся. Але якiмi б вычварнымi гэтыя планы нi былi, усе яны ўяўлялi сабой сурагаты сексу – як i ўсе яго дзеяннi ў той час, – i таму я зразумеў, што маю справу з праблемай, якая рабiлася ўсё больш складанай – вызначэннем таго, што Джэкi зрабiў на самай справе i што ён здзейснiў толькi на словах.

Спярша ён нагадаў у час размовы, што ў некалькiх месцах разбiў вокны. Потым пералiчыў пустыя дамы, што будавалiся ў новым раёне, якiя ён паспеў наведаць. Пасля гэтага пачаў расказваць, як урываўся ў памяшканнi, дзе ўжо жылi людзi, у асноўным у кватэры ў цэнтры горада, населеныя адзiнокiмi жанчынамi. Гэтыя процiзаконныя дзеяннi адбывалiся на досвiтку. Джэкi, паводле яго слоў, заходзiў пацiху ў спальню i назiраў некаторы час за спячай жанчынай, а потым крадком, так i не пабудзiўшы яе, выходзiў з кватэры.

– Няўжо вы не баiцёся, што вас могуць злавiць? – спытаў я яго.

– Я нiчога не баюся, – пахвалiўся Джэкi.

Часцей за ўсё ён не тоячыся, з пагардай, ставiўся да астатнiх людзей, асаблiва да тых, хто належаў да органаў улады, напрыклад, да палiцэйскiх – цi да мяне, якога ён таксама лiчыў прадстаўнiком улады. Аднак Джэкi часам перажываў перыяды, калi ён сапраўды саромеўся сваiх паводзiн i прыдумваў сабе ўрачыстыя "запаведзi" для прыстойнага жыцця, якiя ён хутка парушаў цi нават не збiраўся выконваць.

Я пачаў сачыць за газетамi, шукаючы ў iх спасылкi на яго магчымыя подзвiгi. Iх я не знайшоў, разумеючы, аднак, што гэта неабавязкова можна лiчыць дастатковым доказам.

Разбiтае шкло ў вокнах цi збiтая з ног дзяўчынка на пустой вулiцы, такiя здарэннi, за якiя, па яго словах, ён быў адказны, былi, вiдаць, вельмi нязначныя, каб iмi зацiкавiлiся газеты.

Аднойчы я знайшоў паведамленне, ад якога праняў холад. Разведзеная жанчына, вяртаючыся позна вечарам дадому, заспела ў спальнi злодзея. Памiж iмi адбылася бойка, i жанчына была паранена ў плячо, вiдаць, пешняй для лёду. Незнаёмец знiк.

Я адчуў цвёрдую ўпэўненасць, што на жанчыну напаў Джэкi. Як ён i асцерагаўся з самага пачатку, нязначныя адхiленнi пачалi паступова пераходзiць у больш жахлiвыя дзеяннi. I мяне ўвесь час непакоiла думка, што я не магу знайсцi шлях да яго душы i даведацца аб iм праўду.

Вядома ж, Джэкi ў наступны чацвер, у час чарговай кансультацыi расказаў у дэталях пра нападзенне. Ён быў збялелы i напалоханы тым, што здарылася. Рука яго калацiлася, калi ён падаваў мне пешню для лёду, якая, па яго словах, i была ўжытая iм зброя. Потым я сутыкнуўся з жахлiвай дылемай, несумненна, самай пакутлiвай праблемай у маёй лячэбнай практыцы. З аднаго боку, вiдавочна, што Джэкi Н'юман з'яўляўся небяспечным для грамадства i маiм абавязкам было перадаць яго справу палiцыi. З другога боку, перада мной сядзеў пацыент, якога мучыла хвароба, а метады, што ўжывае палiцыя, не змогуць нi вылечыць яго, нi аказаць дапамогi. Акрамя таго, над усiм, нiбы туман, павiсла складанае пытанне: што, калi Джэкi мог гэтак жа проста прачытаць тое ж паведамленне ў газеце, што i я, i прыстасаваць яго да ўласнага жыццяпiсу? Таму, дзе б нi была схавана праўда, у мяне быў свой абавязак.

Лiнда заўважыла маю надзвычайную дэпрэсiю.

– Доктар, вы занадта многа працуеце. Чаму б вам крыху не адпачыць? Пасля вакацый вы адчулi б сябе лепш.

– Я не супраць, Лiнда, але, баюся, на гэта няма часу. Мне б увесь час думалася, што я бежанец. У мяне пад наглядам хворы, i я павiнен давесцi яго лячэнне да канца.

– Ну, на тыдзень вы б маглi адлучыцца.

– Толькi не з гэтым пацыентам. Спадзяюся, што змагу ўрэшце зрабiць вывад, што гэта iстэрычная фантазiя i што працяглы эмацыянальны канфлiкт вымушае яго адыходзiць ад свайго сапраўднага я. Дагэтуль не змог вызначыць гэтае я, якое яно на самай справе.

Я прыняў рашэнне. На мне ляжала адказнасць за Джэкi. Я разумеў, што павiнен пазбегнуць прафесiйнай пасткi, зацiкавiўшыся пацыентам звыш меры, бо iнакш схiлюся на яго бок замест таго, каб заставацца ўбаку. Я i так пачаў ужо адчуваць, што праяўляю недарэчны бацькоўскi клопат. Разам з тым заўважыў прыкметы i iншых небяспек як для меня, так i для iншых. Джэкi дэманстраваў класiчныя сiмптомы манii вялiкасцi, канчатковым выяўленнем якой з'яўляецца, як вядома, забойства. Цяпер ён гаварыў, што ўзбройваецца, "таму што маё жыццё ў небяспецы" – хоць, наколькi я мог меркаваць, ён нiчога дзеля гэтага не рабiў. Ён нарэшце прызнаўся, што начамi марыць – уяўляе сябе асам – злачынцам, кiраўнiком злачынных змоў, шалёна носiцца ў вялiкiм чорным аўтамабiлi.

Перыяды шчырага пакаяння здаралiся ўсё радзей, i Джэкi з усё больш адкрытай падазронасцю ставiўся да мяне i маiх метадаў, па iронii лёсу, якраз у той час, калi я быў яму патрэбны больш, чым калi-небудзь. Калi я прапанаваў скарыстаць пентатол у якасцi дапамогi, каб дабрацца да каранёў яго псiхозу, Джэкi наадрэз адмовiўся. Ён са злосцю зыркнуў у мой бок, калi я спытаў аб прычынах адмовы.

– Вы ведаеце чаму.

– Не, калi гэта можа дапамагчы. Пентатол проста расслабляе падсвядомыя ахоўныя функцыi мозга. Таму яго часта называюць сывараткай праўды. – Я растлумачыў важнасць спавядання для тэрапii на аснове самааналiза. – Амаль усе мы карыстаемся той цi iншай формай спавядання ў якасцi прыроднага засцерагальнага клапана. Дзiця выкарыстоўвае для гэтага сваю мацi, муж – жонку цi наадварот... Так, калi была яшчэ жывая мая жонка, я часта рабiў яе сваiм спавядальнiкам, каб пазбавiцца любых дэпрэсiй, што мучылi мяне.

Гэты раз Джэкi ў якасцi ахоўнага панцыра паспрабаваў павярнуць супраць мяне мае ж словы.

– Людзi спавядаюцца таму, што баяцца, цi не так?

– Гэта вельмi грубае абагульненне.

– Чаму вы не прызнаяцеся, што былi вымушаны рабiць поўны даклад кожную ноч сваёй жонцы таму, што баялiся яе?

– Таму, што гэта была б няпраўда.

– Гэта гавораць ахоўныя функцыi мозга, – са здзекам ухмыльнуўся Джэкi. Якраз вам i патрэбна сываратка праўды, доктар. Можа, вы i спазнаяце iсцiну. Як i тое, што гэтыя перыяды медытацый, якiя я парушаў, на самай справе святкаванне з выпадку таго, што ваша жонка памерла, i вы цяпер вольны.

– Вольны рабiць што? – спытаў я стомлена. Апошнiм часам галава пачынала балець значна раней.

– Вольны ўзяць на працу гэтую грудастую брунетку, напрыклад. Ваша жонка ў свой час не дазволiла б гуляць у такiя гульнi, цi не так? – Мне прыйшло ў галаву, што нават ухмылкi i грымасы Джэкi рабiлiся з цягам часу ўсё больш распуснымi. – Я таксама вывучаю людзей, доктар. I ведаю, што адбываецца вакол.

Лiнда. Думкi Джэкi апошнiм часам усё больш круцiлiся вакол Лiнды. Яго цiкавасць да маладой рэгiстратаркi, якая ўвесь час паглыблялася, здавалася, мне злавеснай лiнiяй на тэмпературным графiку, што няўхiльна паўзла ўгору.

Перш былi толькi завуаляваныя заўвагi, якiя перайшлi ў больш адкрытыя абмеркаваннi, нягледзячы на ўсе мае спробы адвесцi размову ад гэтай тэмы. Потым пачалiся лiсты – доўгiя, накрэмзаныя алоўкам пасланнi на яе iмя, здавалася б, звычайныя любоўныя лiсты, але нават ад iх выгляду патыхала разбэшчанасцю, непрыстойнасць у iх паступова ператваралася ў бессаромнасць. Але нiводны лiст не быў адасланы па пошце або нейкiм iншым чынам дастаўлены ёй; ён перш аддаваўся мне, а потым трапляў у дасье Джэкi, якое паспела за гэты час стаць даволi аб'ёмiстым. Больш таго, Джэкi не рабiў нiякiх спроб асабiстага зблiжэння з Лiндай, можа, таму, што я сурова папярэдзiў яго супраць любых такiх спроб.

Я папярэдзiў таксама Лiнду, але больш ускосна. Як бы мiж iншым сказаў, што, здаецца, апошнiм часам з'явiлася шмат злачынцаў, што нападаюць на жанчын, дадаўшы крыху з гумарам:

– Але я не думаю, што Эд кiдае цябе адну на доўгi час, Лiнда.

Яна засмяялася ў адказ.

– Я б сказала, што не кiдае. Эд дома кожны вечар. Я ўвесь час гавару яму, што не дзеля таго выходзiла замуж, каб увесь час быць адной.

Гэта мяне супакоiла. Паколькi дома яна знаходзiлася пад аховай мужа, а на рабоце – пад маiм пiльным вокам, я не лiчыў, што Лiнда знаходзiлася ў якой-небудзь канкрэтнай небяспецы, нават калi выявiцца, што Джэкi шалёны вар'ят. Я ж па-ранейшаму быў упэўнены, што ён iстэроiдны фантазiйнiк, падвоеная асоба, якая жыве ў летуценным свеце юнацкiх iмкненняў i спантаннай маны.

Потым нейкi час здавалася, што адбылося сапраўднае паляпшэнне. Джэкi зноў адчуў жаданне, каб яму дапамаглi. Хоць ён сядзеў са збянтэжаным выглядам i неахвотна iшоў на размову, але тое, што я гаварыў, слухаў уважлiва. Ён, як i раней, хутка прымаў канчатковыя рашэннi палепшыць свае паводзiны, але цяпер, як мне здавалася, большасць iх выконваў. Прызнаўся, што бязмэтна блукае ноччу па вулiцах горада, але ўжо без актаў дробнага вандалiзму. А таксама, што па-ранейшаму адчуваў шалёныя позвы, але цяпер, як ён заявiў са змрочным гонарам, перамагаў iх. Але самым значным было тое, што ён не гаварыў так часта, як раней, пра Лiнду i больш не пiсаў ёй эратычныя лiсты.

Упершыню я пачаў верыць, што настаў паваротны момант i што Джэкi хутка будзе пры сваiм розуме.

У адзiн чацвер ён прыйшоў у вельмi ўзрушаным стане. Вiдаць, паўгадзiны ён моўчкi круцiўся ў вялiкiм скураным крэсле, нават не гледзячы ў мой бок. За ўвесь час ён толькi раз выкрыкнуў:

– Паскудная распуснiца – што б з ёй нi здарылася, яна гэта заслужыла!

Я iнстынктыўна здагадаўся, каго ён меў на ўвазе, але вырашыў упэўнiцца.

– Лiнда?

– Ну, я ўсё бачу. Учора вечарам, праз акно яе дома, яна i гэта тупая жывёла, за якога яна выйшла замуж, цалуюцца, абдымаюцца, дурацца – не хапiла нават прыстойнасцi апусцiць шторы.

– Джэкi, ты абяцаў...

– Ад гэтага робiцца моташна. – Ад злосцi ён сцiснуў кулакi. – Скача па пакоi ў адных майтках, а гэты iдыёт сядзiць i лыбiцца, а ўвесь гэты час на яго месцы павiнен быў быць я. – I дадаў недарэчы: – А на вячэру ў iх быў бiфштэкс.

Я панура слухаў, як Джэкi ўсё больш юшыўся, пераказваючы кожную непрыемную падрабязнасць таго, што рабiлi Лiнда i яе муж. Ён праседзеў цэлы вечар на кукiшках на пажарнай лесвiцы каля iх кватэры, назiраючы i слухаючы, што рабiлася за вокнамi. Нарэшце я перабiў яго.

Здавалася, ён не пачуў маёй заўвагi.

– На станiку, злева – сэрца з карункаў. Нiчога больш прыгожага я не бачыў – такое прыгожае, што хацелася сарваць.

– Джэкi, паслухай! Час спынiцца!

– Я нiчога не зрабiў. – Ён хiтравата паглядзеў на мяне. – Чаго гэта вы так хвалюецеся?

– Тое, што ты зрабiў, было даволi гнюсна, – адказаў я са злосцю. Я вымушаны быў прыкласцi намаганнi, каб супакоiцца. – Ты ж разумны чалавек, Джэкi, i ведаеш, чым канчаюцца такiя паводзiны. Я паверыў, што мы разам з табой зможам вырашыць твае праблемы. Але яшчэ некалькi такiх учынкаў – i я буду вымушаны звярнуцца па дапамогу збоку.

Ён устаў i нахiлiўся нада мной, неяк дзiўна ўтаропiўшыся ў мой твар.

– Але я не думаю, што вы сапраўды хочаце мяне вылечыць, доктар. Я думаю, што вы хутчэй мною цешыцеся.

Сказаўшы гэта, ён пайшоў.

Я праседзеў рэштку адведзенай на яго вiзiт гадзiны, утаропiўшыся ў тэлефон i вырашаючы для сябе, цi трэба патэлефанаваць палiцыi i тым самым палажыць канец усёй гэтай справе. Але я не мог прымусiць сябе ўзяць слухаўку. Яшчэ адна сустрэча, вырашыў я, i я буду ведаць дакладна. Да таго ж я быў абсалютна ўпэўнены, не маючы на гэта падстаў, што Джэкi вернецца.

Ён вярнуўся ў звычайны час, у наступны чацвер, спакойны i самаўпэўнены. Я таксама iмкнуўся схаваць сваю нервовасць.

– Джэкi, ты думаў пра нашу папярэднюю размову? – спытаў я.

Ён усмiхнуўся, абышоў стол i спынiўся, схiлiўшыся нада мной.

– Ну, зразумела.

– Тады, я мяркую, ты прыйшоў да якога-небудзь рашэння.

– Так, я канчаткова вырашыў. Я збiраюся выправiцца пасля гэтага.

– Пасля гэтага? – Ад таго, што я глядзеў на яго знiзу ўверх, у мяне пачало ламаць шыю. – Пасля чаго?

– Пасля таго як я займуся Лiндай. Вось што мне было патрэбна ўвесь час выгнаць з сябе нячысты дух. I тады я змагу стаць добрым раз i назаўсёды. – У яго звонкiм голасе чулася палёгка i хлапчуковая захопленасць. – Гэта такi просты спосаб лячэння.

Я з цяжкасцю мог гаварыць, пачуўшы такую фантастычную прапанову.

– Джэкi, – прашаптаў я, – ты памыляешся. Як ты мог нават падумаць...

– Усяго толькi адзiн апошнi дрэнны ўчынак, – аб'явiў ён. У кутку яго рота блiснула слiна. – Вось тады ўсё будзе скончана. Вы ведаеце, што я мушу гэта зрабiць, доктар. Таму паклiчце яе сюды i дазвольце мне гэта здзейснiць. – Ён пачаў расшпiльваць кашулю.

– Не! – крыкнуў я. – Справа заходзiць занадта далёка! Сядай i падумай, наколькi гэта ўсё немагчыма!

– Але гэта будзе так проста. Я мацнейшы за яе, гэтак жа як я мацнейшы за вас. I, акрамя нас, тут нiкога больш няма.

Тое, што ён сказаў, была праўда. У гэты момант уладаром быў Джэкi. Але я ўсё ж звярнуўся да яго з апошнiм заклiкам.

– Джэкi, ты хоць бы падумаў, што можаш зрабiць самому сабе! Падумай аб вынiках! Падумай, што яны зробяць з табой!

– Мне трэба атрымаць спакой, – урачыста сказаў ён. – Яны зразумеюць гэта, калi я iм усё раскажу. Так, паглядзiм – куды я паклаў гэту пешню для лёду?

Я адчуў, што не магу зварухнуцца з месца. Нiбы скрозь тонкую заслону туману я бачыў, як ён выцягнуў шуфляду шафы для дакумантаў i пачаў там корпацца, шукаючы пешню для лёду. Я дакладна зразумеў, што ён хоча зрабiць, але не меў сiлы яму перашкодзiць. Нiбыта ў страшным сне, я быў пазбаўлены волi. Над усiм уладарыў Джэкi. Я ўбачыў, як ён нацiскае кнопку званка, каб паклiкаць Лiнду, i падрыхтаваўся быць сведкам жахлiвай сцэны, што павiнна была вось-вось адбыцца.

Дзверы адчынiлiся, i ў кабiнет зайшла яна з усмешкай на твары i ў белай унiформе – нiбыта iлюстрацыя да паняцця фiзiчнага здароўя i нармальнай псiхiкi.

– Слухаю вас, доктар.

– Падыдзi сюды, – хрыпла загадаў Джэкi. – Я цябе даўно чакаю.

Яна зрабiла крок наперад, потым вочы яе шырока адкрылiся ад здзiўлення, калi ўбачыла, як да яе пачаў красцiся Джэкi.

– У чым справа? – спытала яна, адступаючы назад. – Што вы робiце з гэтай пешняй?

Лiнда пачала крычаць, калi на яе наскочыў Джэкi, моцна прыцiснуў да сябе, а потым пачаў iрваць на грудзях унiформу. Лiнда аказалася мацнейшай, чым думаў Джэкi – яна змагалася за сваё жыццё. Яна ўхапiлася за запясце яго правай рукi i абедзвюма рукамi старалася адхiлiць ад грудзей вострую пешню, а Джэкi вольнай рукой бiў яе па твары i сцягваў сукенку. Я ж увесь гэты час спаралiзаваны жахам назiраў за гэтым садысцкiм нападзеннем.

Вырываючыся, Лiнда паслiзнулася i выцягнулася на падлозе каля ног Джэкi. Той выскалiў зубы ў шалёнай радасцi ад перамогi. Ён узняў пешню, каб нанесцi апошнi ўдар. Лiнда закрычала, просячы лiтасцi i называючы яго iмя.

Але ў гэтым крыку пачулася не iмя Джэкi. Гэта было маё iмя.

– Доктар Конавер! – крычала яна. – Богам прашу, не забiвайце мяне!

Раптам востры боль зноў абцугамi ахапiў маю галаву: вось я ўжо не назiральнiк спробы забойства. А той, хто робiць гэтую спробу. Я з жахам зiрнуў на пешню, што трымаў у руцэ, на Лiнду, што скурчылася каля ног. Не Джэкi Н'юмана, а доктара Джона Кермiта Конавера. Джэкi – гэта быў я.

Не дзiўна, што я быў цалкам захоплены яго "захворваннем", бо гэта была мая хвароба. Лiнда, выкрыкнуўшы маё iмя, прарвалася праз ланцугi, што сцiскалi маю волю, i я змог убачыць жахлiвы твар асобы, якую я прыдумаў, "новага чалавека", якiм я iмкнуўся быць.

Джэкi ўяўляў сабой усё тое, чым я нiколi не быў. Цяпер я мог азiрнуцца на сваё пустое жыццё: памылковая ранняя жанiцьба яшчэ ў каледжы, сем гадоў вучобы на медыка пад пугай амбiцый Хэлен. Нават Джэкi, гэтае амаральнае, прыдуманае мною, сваё ўвасабленне, не хацеў гаварыць пра тыя сем год. "Ён" не баяўся праўды. Я ненавiдзеў Хэлен. Я рады, што яна памерла. Але памерла яна занадта позна, каб я мог памяняць сваё жыццё i цешыцца новай воляй.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю