Текст книги "Вайна забiвае нявiнных (на белорусском языке)"
Автор книги: Сергей Давидович
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Давидович Сергей
Вайна забiвае нявiнных (на белорусском языке)
Сяргей Давiдовiч
Вайна забiвае нявiнных
Нягледзячы на страх, выклiканы прароцкiмi прадказаннямi Настрадамуса аб нейкай катастрофе сусветнага маштабу, чалавецтва без вялiкiх патрасенняў пераступiла праз парог трэцяга тысячагоддзя. I не толькi пераступiла, але й пражыло ў новым тысячагоддзi ажно цэлых пяць год. I ў слове "ажно" няма нiякай iронii, бо для таго, каб загiнуць усяму жывому на Зямлi, патрэбны нават не гады, не днi, а гадзiны.
Вось чаму свядомая частка чалавецтва, цвяроза ацэньваючы стан сучасных узаемаадносiнаў памiж дзяржавамi, палiтычную амбiцыёзнасць некаторых з iх i ўзровень узбраення, радавалася кожнаму ўсходу сонца i ўкладала ў словы "спакойнай ночы" асобы сэнс.
Але што такое чалавецтва? Паняцце гэта даволi абстрактнае, якое абагульняе ўсiх людзей у нешта ледзь не мiстычнае, цяжкадаступнае i малаэфектыўнае ў барацьбе з такiм пачварным злом, як самазнiшчэнне – вайна.
Колькi разоў гiсторыя паказвала чалавецтву, што яно – сляпое i бездапаможнае немаўлятка ў руках палiтыканаў, авантурыстаў, прайдзiсветаў. А тая частка чалавецтва, якая лiчыла, што вырасла з паўзункоў немаўляткi, уяўляла з сябе мяккую глiну пад магутнымi патокамi дэзiнфармацыi, прапаганды, адкрытай iдэалагiчнай iлжы, якую тыя ж авантурысты i прайдзiсветы шчодра лiюць на галовы чалавецтва, i гэтая "глiна", непрыкметна для сябе, паслухмяна дэфармуецца i набывае патрэбныя палiтыканам формы.
Працяглы мiр i трывалы дабрабыт прытупляюць пiльнасць чалавецтва, i яно, адаспанае ў мiрным ложку i ад'етае за тлустым сталом, праяўляе не трывогу, не страх, а дзiцячую зацiкаўленасць да кожнай новай "гарачай" кропкi на зямлi. З вуснаў чалавецтва гатова сарвацца адвечнае прагнае слова: "Вiдовiшчаў!" – пры гэтым яно забываецца на тое, што ў першую чаргу вайна забiвае нявiнных – само чалавецтва.
I што самае небяспечнае – чалавецтва, ходзячы па касцях папярэдняга чалавецтва, не разумнее. "Глiна" паслухмяна мяняе формы – балем правяць адзiнкi.
* * *
Тыя кропкi, якiя завуцца "гарачымi", узнiкаюць цi "гарачэюць" не самi па сабе, за iмi – нечая зацiкаўленасць, унутраная альбо знешняя. I хоць кажуць: дзе два, там трэцi лiшнi – часцей за ўсё раздзiмае агонь гарачых кропак менавiта трэцi.
Тайныя змовы, цкаванне спадцiшка, падкармлiванне грашыма i забеспячэнне зброяй, абяцанкi i пагрозы, шантаж i прамое ўмяшанне ў справы – вось далёка не ўсе вугельчыкi таго жару, якi i робiць кропку гарачай.
Галоўным вугельчыкам гэтай "апошняй" "гарачай" кропкi, як напачатку сцвярджалi эксперты-палiтолагi, было неаднойчы праверанае цкаванне спадцiшка. Тут, у цэнтры Эўропы, у невялiчкай краiне, сутыкнулiся ўнутраныя нацыянальна-рэлiгiйныя амбiцыi. Асаблiва на рэлiгiйнай глебе адно вiрусаслова, кiнутае спадцiшка "трэцiм", здольна вылiцца рэкамi крывi як з аднаго, так i з другога боку. Трэцi, як правiла, выходзiць з вады (з крывi) сухiм.
Афiцыйна ж той трэцi выказваў незадаволенасць кiруючым рэжымам сярэднеэўрапейскай краiны, дзе, з яго слоў, правiў не закон, а дыктат, дзе чалавечая годнасць была раздушана крывавай падэшвай сярэднявечча.
I ўсё ж не першае i не другое прымусiла "трэцяга" пайсцi на рызыкоўны крок, растаптаўшы цяпер ужо дэмакратычнай падэшвай многiя людскiя лёсы, пацвердзiўшы адвечнае: "Вайна забiвае нявiнных".
Галоўнай смакатой, якая казытала палiтычную ненажэрнасць "трэцяга", – была прага пашырэння палiтычнага цiску на ўвесь свет, хаця i без таго пад гэтым цiскам задыхалiся многiя краiны, у тым лiку i саюзнiкi ненажэрнага.
Былi i iншыя далёка забягаючыя планы, якiя нiколi не пакiдалi гарачыя галовы, пераходзячы, нiбы гены, ад пакалення да пакалення.
* * *
Нешта падобнае адбывалася ў канцы другога тысячагоддзя. Тады краiны, якiя лiчылi сябе дэмакратычнымi, бамбiлi, як яны называлi яго, чалавеканенавiсны рэжым. Рэжым, як вядома, не разбамбiлi, а вось многiя, нi ў чым не вiнаватыя людзi, злеглi заўчасна ў зямлю. А тыя, хто засталiся жывымi, сядзелi на клунках i папялiшчах сваiх дамоў, побач з магiламi родных i блiзкiх.
Аказваецца, i дэмакратычныя бамбёжкi нясуць простым людзям гора i разруху. Вiдаць, косцi продкаў, па якiх ходзiць чалавецтва, павiнны шматслаёва вырасцi, каб аднойчы, з гэтай жахлiвая вышынi, апошнi жыхар Зямлi здолеў акiнуць вокам увесь доўгi i крывавы шлях сваiх папярэднiкаў...
– Нешта падобнае адбывалася ў тысяча дзевяцьсот дзевяноста дзевятым годзе, – такiмi словамi пачаў нараду кiраўнiк ваеннага ведамства самай магутнай капiталiстычнай дзяржавы.
Абвёўшы поглядам прысутных, сваiх саюзнiкаў па ваеннаму блоку, працягваў:
– Тады мы паказалi ўсяму свету, што наша моц i наша зброя – галоўны аргумент, супраць якога астатняе – дэмагогiя!
Усе ўважлiва слухалi.
– Сёння, – працягваў прамоўца, – новы час i новыя задачы. Урокi мiнулага яшчэ адзiн наш саюзнiк. Таму, як лiчыць Прэзiдэнт маёй дзяржавы, для правядзення больш паспяховай ваеннай акцыi супраць антыдэмакратычнага рэжыму, мы павiнны адначасова з паветранымi ўдарамi пачаць i наземную аперацыю.
Усталявалася доўгая i марудная цiшыня. Нiхто нават не варухнуўся.
– Гэта што, згода?.. Ваша маўчанне – згода?! – перапытаў выступаючы.
Слова ўзяў кiраўнiк ваеннага ведамства Францыi Клод Жуан:
– Сваё асабiстае маўчанне я тлумачу поўнай нечаканасцю прапановы, адсутнасцю маiх паўнамоцтваў для рашэння такога пытання i, неафiцыйна, чыста па-чалавечы, сваёй нязгодай на правядзенне наземных ваенных дзеянняў... Сэр, я не толькi генерал, я – яшчэ i бацька i на праблему гляджу з пазiцыi бацькоў, якiя хочуць бачыць сваiх дзяцей жывымi. Цана, якую мы...
– Ну, ну, ну! – прымiральным тонам занукаў вядучы нарады. – Ну не трэба лiрычных мелодый! Гэта ж толькi першая нарада, на якой канцэптуальна вырашым, як казаў Гамлет: быць цi не быць? Нiякiх дэталяў, нiякiх бацькоўскiх пачуццяў... А калi ўжо закранаць гэтыя пачуццi, магу строга канфiдэнцыяльна давесцi да вашага ведама, што наш Прэзiдэнт у выпадку пачатку наземных дзеянняў, каб паказаць дэмакратычнасць нашага ладу i роўнасць усiх перад законам, пашле i свайго адзiнага сына разам з iншымi амерыканскiмi салдатамi абараняць дэмакратыю i свабоду.
Гэта навiна была не менш нечаканай, чым аб'ява аб падрыхтоўцы шырокамаштабнай паветранай i наземнай аперацыi ўсярэдзiне Эўропы супраць суверэннай дзяржавы.
Прысутныя разумелi, што iх згода цi нязгода – толькi гульня ў дэмакратыю. Усё будзе вырашана (цi ўжо вырашана) на самым высокiм узроўнi. Яны, ваенныя, толькi выканаўцы волi сваiх кiраўнiкоў...
З усiх выступаючых на гэтай нарадзе, якiя дыпламатычна заявiлi, што, калi паступiць загад, яны яго выканаюць, можна адзначыць ангельскага генерала Тэрнера. Вось яго заключныя словы:
– Я хоць сёння гатовы паставiць на марш любую колькасць узброеных i высокападрыхтаваных вайскоўцаў!
На што старшынствуючы адказаў:
– Старая добрая Ангельшчына нiколi не выклiкала ў нас сумненняў...
* * *
Зямны шар – наш агульны дом? Гэта так. Але каб гэты "агульны дом", адкiнуўшы сцены i перагародкi, сцiснуўся да памераў агульнага пакоя, у якiм адначасова можна было б чуць усе галасы, тады б...
Тады б дарослыя спынялi свару, бо побач дзецi – iхнiя дзецi ссалi матулiны грудзi, малявалi сонца, распачыналi гульнi i спявалi першую ў сваiм жыццi песню. А хiба ж можна абрываць дзiцячую песню? А цi ж дазволiў бы сабе самы жорсткi дарослы спужаць сваiм крыкам немаўля?
А цi ж не апусцiўся б кулак, падняты на суседа па агульным пакоi, калi б уладальнiк кулака ўбачыў, што дачка суседа вырасла з дзяўчынкi ў нявесту i прымярае падвянечную сукенку?
Цi ж не памiрылiся б дарослыя задзiры, убачыўшы ў пакойчыку вакол сябе хворых, галодных?
Няўжо ж не змякчылася б сэрца таго, хто задумаў забойства цi бойку, каб ён "адкрыў вочы" i заўважыў, што сваiмi дзеяннямi пашкодзiць або зусiм знiшчыць унiкальныя каштоўнасцi, створаныя талентам i генiем жыхароў гэтага пакойчыка за многiя папярэднiя вякi?
О-о, як бы прыцiшылiся сварлiвыя галасы, як бы памякчэлi счарсцвелыя сэрцы, як бы пацяплелi халодныя погляды ва ўсiх!
* * *
– Прывiтанне Франсуа!
– О, спадар Прэзiдэнт! Рады чуць Вас, i маё Вам шанаванне!
– Дзякуй за добрыя словы, Франсуа, але адкiнем афiцыёз i гэта "спадар Прэзiдэнт". Мы, як я разумею, сябры. Называй мяне проста Джонам...
– Згодзен, гасп... Згодзен, Джон!
– Я, у сваю чаргу, рады, што росквiт французскай нацыi не адстае ад амерыканскага эканамiчнага ўзроўню! Гэта прыемна!
– Дзякуй, Джон! Мы пiльна сочым за шматбаковымi эканамiчнымi вятрамi i плынямi i своечасова мяняем ветразi.
– Але ж ты ведаеш, Франсуа, што ёсць i падводныя плынi, ад якiх не ўратуюць нiякiя ветразi...
Наступiла доўгая паўза. Здавалася, што тэлефонную размову памiж прэзiдэнтамi Амерыкi i Францыi хтосьцi раз'яднаў.
– Спадзяюся, што ты памятаеш, Франсуа, – зноў пачуўся голас з-за акiяна, як на апошнiм форуме самых уплывовых эканамiчных дзяржаў свету кожны сквапна цягнуў, як сказалi б расейцы, сетку з залатой рыбкай да сябе?
– Так, так, Джон, памятаю!
– А ты памятаеш, што менавiта амерыканскi бок мякка, але настойлiва падзьмуў у вашы, як ты сказаў, ветразi?
– Як жа! Памятаю! За гэта вам... табе, Джон, падзяка французскага народа!
– Прыемна чуць, што не забыўся, але мне трэба падзяка не французскага народа, а твая, Франсуа. Твая!
– Дык i я...
– Скажы, Франсуа, цi не тваю думку выказваў на апошняй нарадзе ваенных мiнiстраў Клод Жуан?
Французскi Прэзiдэнт, крыху падумаўшы, адказаў:
– Гэта пытанне адной думкай не ахопiш... Шматлiкiя ўнутраныя i знешнiя аспекты гэтай праблемы вымагаюць i шматбаковага, дэталёвага iх вывучэння.
– Напрыклад? – пачулася з-за акiяна.
– Напрыклад, Расея як адзiн са знешнiх аспектаў. Мы гаворым аб партнёрстве, а цiшком ад партнёраў рыхтуем буйную ваенную акцыю...
– Расея праглыне, як праглынула ў 1999 годзе...
Цяпер перабiў гаворку французскi Прэзiдэнт:
– Тады Расеi было лягчэй перад усiм светам рабiць выгляд пакрыўджанай, бо прадпрымалiся шматбаковыя дыпламатычныя намаганнi, у тым лiку i з боку Расеi...
– Сёння Расея, – перахапiў гаворку гаспадар Белага дома, – слабая як нiколi, а мы, наадварот, – магутныя як нiколi! Цi ж можа быць дыпламатыя з дзяржавай, якая не далёка адышла ад той, супраць якой мы выступiм усёй каалiцыяй? I выступiм хутка!
– Спадар Прэзiдэнт! – французскi субяседнiк непрыкметна перайшоў на "афiцыёз". – Вы ведаеце, што ў Расеi да ўлады прыйшоў амбiцыёзны i сумнавядомы...
– Ведаю! Ведаю, што ты маеш на ўвазе яго ўлюбёнасць у ядзерную кнопку. Ведаю i тое, што да крайнасцi не дойдзе, бо мы i нашы саюзнiкi, уключаючы i Францыю, надзейна закрытыя супрацьядзернымi парасонамi, а ў iх над галавой дзiркi. Калi ўжо ты, Франсуа, закрануў расейцаў, скажу зноў жа iх словамi: "Куды мосьцы супраць слана!"
– Спадар Прэзiдэнт, у выпадку наземнай аперацыi будуць шматлiкiя ахвяры з нашага боку, i тады...
– Дарагi Франсуа! Эксперты прагназуюць праз дваццаць год глабальны энергетычны крызiс. Выжыць павiнен дужэйшы! Але не чакаць жа дваццаць год, пакуль хтосьцi таксама падужэе, а думаць пра гэта ўжо сёння. А ты гаворыш пра нейкiя там ахвяры! Заўтра iх будзе болей, чым сёння... Бачыш, дарагi Франсуа, шматбаковая праблема мае не так ужо i многа бакоў.
Французскi Прэзiдэнт нiчога не адказаў.
– Вось i добра, Франсуа, дзякуй за падтрымку! I свежага паветра ў ветразi вашага дабрабыту!..
Такiм чынам, адрынуўшы самую думку аб мiрных перамовах i адсунуўшы дыпламатыю на апошнi план, альянс усё ж пачаў паўнамаштабную ваенную акцыю супраць "сярэднявечча".
Пасля паветраных ракетна-бомбавых удараў па ўсiх жыццёваважных аб'ектах, уключаючы i мiрныя, так званыя эканамiчна значныя, на тэрыторыю суверэннай дзяржавы з усiх бакоў папаўзлi танкi i iншая тэхнiка, за якiмi спяшалася матарызаваная пяхота.
Гэта быў пачатак вялiкай бяды, якая стукалася ў кожны дом i кожны лёс...
У гэты час чалавецтва ела i спала, смяялася i сумавала, пела i марыла, пiсала кнiжкi i глядзела ўзоры высокай моды, нараджала дзяцей i прымала Нобелеўскiя прэмii ў розных галiнах, у тым лiку i за захаванне мiру на зямлi.
* * *
Дзiцячы сад быў вынесены на ўскрай невялiкага гарадка. Яго двухпавярховы будынак "прыляпiўся" на беразе рачулкi, гарманiчна ўпiсаўшыся рознакаляровым фасадам у маляўнiчасць краявiду.
Дзiцячыя галасы таксама не перашкаджалi птушынаму шматгалоссю, а наадварот, падкрэслiвалi ўзаемазвязанасць усяго жывога на зямлi.
У гэтым невялiчкiм горадзе даволi мiрна суiснавалi людзi розных нацыянальнасцяў i веравызнанняў. Сказаць, што яны былi сябрамi i гасцявалi адзiн у другога – дык не, але i варожасцi не было.
Праўда, падтрымлiвала напружаныя адносiны мiж iмi агульнадзяржаўная атмасфера рэлiгiйнай рознi i непрымiрымая пазiцыя цэнтральнай улады да правоў кожнай нацыянальнасцi на свой погляд i сваю веру.
Штучна, шляхам правакацый i нават забойстваў на рэлiгiйнай глебе ў краiне раздзiмалiся вугельчыкi варожасцi, якiя смылелi не адзiн год.
Дзецi ж у згаданым садку адносiлiся да той часткi чалавецтва, якая даўно павiнна была б стаць мадэллю, узорам узаемаадносiнаў для астатнiх жыхароў зямлi, бо дзецям невядомыя пакуль варожасць, нянавiсць, палiтыканская ненажэрнасць.
Нават нацыянальнасць i розныя мовы не рознiлi дзяцей. Жывучы побач, дзецi, як i дарослыя, ведалi ў асноўным i мову сваiх шматвекавых суседзяў.
Гэта быў цi не адзiны "змешаны" дзiцячы сад у горадзе, бо, як правiла, дзiцячыя ўстановы i школы прытрымлiвалiся этнiчных i рэлiгiйных канонаў.
Але гэта дзiцячая змешанасць не перашкаджала iм жыць пад адным дахам, ладзiць гульнi на агульнай тэрыторыi садка i шчаслiва, як толькi могуць дзецi, смяяцца.
Выхавацелькi дзяцей, Слабамiра i Зарана, рабiлi ў гэтым садку даўно, i праз iх рукi, а дакладней праз iх сэрцы, прайшло шмат дзяцей, якiя вынеслi адсюль у сваiх душах чалавекалюбства i ўзаемапавагу.
Маладзейшыя выхавацелькi, гледзячы на сваiх вопытных калег, прытрымлiвалiся цярпiмасцi i павагi да гiсторыi iншых народаў, iх культуры i веры.
Сёння, як i заўсёды, Слабамiра ўладкавала на пасляабедзенны адпачынак сваю групу, якая налiчвала васемнаццаць чатырох– i пяцiгадовых хлопчыкаў i дзяўчынак. Усяго ж у дзiцячым садзе было дзевяць такiх груп. Акрамя выхавацелькi ў кожнай групе была няня, якая адказвала за чысцiню памяшкання, змену пасцельнай бялiзны i iншыя бытавыя пытаннi. У час сну нянечка сачыла за адпачынкам дзяцей, а выхавацелька магла тым часам перадыхнуць i заняцца падрыхтоўкай будучых дзiцячых гульняў цi нейкiмi сваiмi справамi.
Перадаўшы паўнамоцтвы нянечцы, Слабамiра выйшла на двор i села ў цянi на лаўку. Дзень выдаўся сонечны, спякотны, i нават у цянi адчувалася гарачыня.
У памяшканнi было значна лягчэй пераносiць спякоту, бо кандыцыянеры ўтрымлiвалi тэмпературу паветра на зададзеным узроўнi.
Закрыўшы кнiжку, якая нiяк не паддавалася чытанню, жанчына ўстала i хацела пайсцi ў пакоi, але на ганак выйшла Зарана i прапанавала:
– А цi не скупацца нам?..
Рэчка была ў пяцi хвiлiнах хады ад садка, таму Слабамiра без ваганняў адказала:
– Згода! Толькi ручнiк вазьму i – ў ваду!
– Якi ручнiк такой спякотай! – усклiкнула Зарана.
– Ну ладна, сонца высушыць. IIайшлi! – i дзве маладыя жанчыны праз некалькi хвiлiн аддалi гарачыню сваiх целаў студзёнай пяшчоце ракi.
Асвяжыўшыся, жанчыны выйшлi на бераг, падставiўшы твары, цяпер ужо, як падалося, не такому спякотнаму сонцу.
Раптоўна пад нагамi жанчын уздрыгнула зямля. Потым яшчэ раз... i яшчэ...
Жанчыны трывожна пераглянулiся.
– Няўжо землятрус?..
– Тут? У нас?..
Зямля зноў уздрыгнула. На гэты раз жанчынам падалося, што яна застагнала... штосьцi загуло...
Уздрыгванне зямлi працягвалася.
– Землятрус! – амаль у адзiн голас закрычалi жанчыны. – Дзецi! Дзяцей з памяшкання! Бяго...
Але не паспелi яны зрабiць i аднаго кроку, каб бегчы ратаваць дзяцей ад землятрусу, як штосьцi вогненнае, ярчэй за спякотнае сонца, абрынулася на двухпавярховы будынак садка, разадрала яго на бясформенныя глыбы цэглы i бетону, шуганула гэту мешанiну высока над зямлёй i кiнула ў пашчу чорнага дыму i крывава-чырвонага агню.
Аглушаныя жанчыны не пачулi страшэннай сiлы выбуху. Паветраная хваля кiнула iх аб зямлю, закрыўшы асляпляльнае сонца чорнай беспрытомнасцю...
А ў паўвярсты ад цяпер ужо былога дзiцячага садка працягвала працаваць водазаборная станцыя, якая забяспечвала вадой гэты невялiкi горад i якая як эканамiчна-значны аб'ект павiнна была быць знiшчана разам з iншымi ваеннымi грамадзянскiмi аб'ектамi першым жа ракетна-бомбавым ударам.
Але i "разумныя" ракеты памыляюцца...
* * *
Майк Х'юст, радавы амерыканскiх узброеных сiл, разам са сваiм падраздзяленнем, следам за танкамi, уварваўся на тэрыторыю дзяржавы, дзе неабходна было "ўсталяваць дэмакратыю i свабоды".
Пачатак усёй аперацыi быў разлiчаны на нечаканасць, таму, адразу пасля паветранага ўдару, наземныя войскi рынулiся ўперад, каб не даць апамятацца працiўнiку. Майк радаваўся, што мэта была дасягнута, бо на шляху яго падраздзялення амаль нiякiх абараняльных дзеянняў не адчувалася.
Майк нiколi не даведаецца, што яго "баявы" шлях невыпадкова быў спланаваны такiм чынам, каб найбольш небяспечныя баявыя дзеяннi заставалiся ўбаку. Не ведаў ён i таго, што на другiх напрамках яго суайчыннiкi i саюзнiкi па каалiцыi сустракаюць жорсткае супрацiўленне i што на iх шляху змяшалася ўсё страх, кроў i смерць.
Майк Х'юст узрушана, з салодкай напружанасцю сцiскаў аўтамат i па пыльнай дарозе iмчаў у калоне бранятэхнiкi...
Служба ў амерыканскiм войску была пачэсным заняткам, а ўжо непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях па абароне дэмакратыi ў любой кропцы зямнога шара лiчыўся нацыянальным геройствам...
Згаданае падраздзяленне было не звычайным, а спецпадраздзяленнем, створаным перад самай адпраўкай у "гарачую" кропку. Кожны ведаў толькi iмя i прозвiшча таварыша па зброi i больш нiчога. Тлумачачы важнасць i сакрэтнасць спецзадання, камандзiр падраздзялення строга забаранiў усялякiя размовы на "вольныя" тэмы, акрамя тых, якiя тычылiся ваенных дзеянняў. Больш таго, асабiстаму саставу было аб'яўлена, што, зноў жа ў мэтах захавання сакрэтнасцi i паспяховага выканання задання, кожны, на час ваеннай аперацыi, будзе дзейнiчаць пад чужым прозвiшчам.
Акрамя густой завесы сакрэтнасцi, камандзiру падраздзялення, перад пачаткам ваенных дзеянняў, было жорстка загадана па магчымасцi пазбягаць прамых сутыкненняў з працiўнiкам, акрамя вострай неабходнасцi, прадыктаванай непасрэднай пагрозай жыццю падначаленых. Нi спецыфiкi задання, нi накiрунку сваiх дзеянняў нiводны спецназавец не ведаў ды i не надта цiкавiўся, прывыкшы давяраць камандзiру i выконваць яго загады.
Камандаваў спецпадраздзяленнем саракавасьмiгадовы палкоўнiк Фрэнк Баснер, якi неаднойчы нюхаў порах у розных "гарачых" кропках i меў шматлiкiя ўзнагароды за ўдзел у баявых дзеяннях. Гэта быў мужны i правераны на справе афiцэр, таму менавiта яму даверылi i спецпадраздзяленне i выкананне задання.
Праўда, i сам камандзiр не вельмi дакладна ўяўляў мэты i задачы, акрамя агульнага: iсцi за асноўнымi наступальнымi сiламi, выяўляць магчымыя фармаваннi працiўнiка ў тыле сваiх войскаў, збiраць весткi аб настроi мясцовых жыхароў i iншыя дробязi. Было, як лiчыў палкоўнiк, i галоўнае – ён меў загад падтрымлiваць пастаянную сувязь з генеральным штабам у Брусэлi. Апошняе i пераконвала камандзiра спецназа, што iм выконваецца цi, па нейкаму асобаму загаду з генштаба, будзе выконвацца штосьцi надзвычай важнае, iнакш для чаго такому маленькаму чыну сувязь з генеральным штабам, ды яшчэ з самiм камандуючым усёй аперацыяй.
Камандзiр спецпадраздзялення i не здагадваўся, што з першай хвiлiны ўзначальвання iм гэтай невялiкай баявой адзiнкi ён пачаў выконваць спецыяльнае заданне, за якiм вачамi генеральнага штаба сачыў сам Прэзiдэнт Злучаных Штатаў Амерыкi.
* * *
Масква насцярожылася. Вестка аб натаўскай, як тут лiчылi, агрэсii супраць невялiкай дружалюбнай эўрапейскай дзяржавы без важкiх на тое прычын i, галоўнае, без дыпламатычных намаганняў узняла хвалю адназначнага пратэсту ў вышэйшых колах улады.
Людзi на вулiцах, на кухнях таксама гаманiлi i асуджалi такую крайнасць, як ваенныя дзеяннi, але людзi толькi тое i маглi, што пратэставаць супраць чагосьцi цi пляскаць у далонi, падтрымлiваючы штосьцi, ствараючы гэтым адмоўны альбо станоўчы фон. Фон гэты па аднаму i таму ж пытанню, як правiла, мае эфект "палкi з двума канцамi".
Вось i сёння на адным канцы "палкi" – у Маскве, людзi сурова асуджалi агрэсара, а на другiм канцы – у Вашынгтоне, людзi захаплялiся чарговым "вiдовiшчам", услаўляючы гераiзм i правiльнасць дзеянняў сваiх салдат сейбiтаў дэмакратыi.
Магутны паток iнфармацыi i дэзiнфармацыi рабiў сваю справу, узрушваючы мiльёны людзей, ствараючы неабходны кожнаму "канцу палкi" фон...
Масква насцярожылася. Дарэмна амерыканскi Прэзiдэнт назваў Расею моськам. Гэта быў усё той жа славуты расейскi мядзведзь. А з прыходам новага расейскага кiраўнiка мядзведзь набыў характар грызлi – злоснага, непрадказальнага i лютага драпежнiка...
Савет Бяспекi, тэрмiнова склiканы Прэзiдэнтам Расеi, разглядаў адно пытанне: "Што рабiць?!"
Члены Савета Бяспекi ведалi, што яны будуць рабiць, бо двух меркаванняў ужо даўно ў Крамлi не было – рабiлi ўсё тое, што загадваў Прэзiдэнт, нават калi ён часцяком памыляўся. Тады "памылялiся" за iм i ўсе дарадцы i ўся Расея. А праз некаторы час памылкi спiсвалiся на пошукi новых падыходаў у вырашэннi стратэгiчных задач, на недасканальнасць законаў, на надвор'е i на iншае...
– Сёння памылкi не павiнна быць! – пачаў нараду Прэзiдэнт. – Сёння нам зноў плюнулi ў твар, не хаваючы гэтага. Выцерцiся i прамаўчаць немагчыма – наш адказ павiнен быць адпаведным... Якiя будуць прапановы?.. Вашы? – i Прэзiдэнт глянуў на мiнiстра абароны.
Мiнiстр ускочыў з месца:
– Як загадаеце, таварыш Галоўнакамандуючы!
Прэзiдэнт зморшчыўся:
– Зноў я... А вы? Што б вы рабiлi на маiм месцы ў такой сiтуацыi?
– На Вашым месцы я нiколi не буду, таварыш Галоўнакамандуючы, але выканаць любы Ваш загад гатовы! – адрапартаваў ваенны мiнiстр.
Прэзiдэнт не здолеў схаваць самазадаволеную ўсмешку:
– Добра, добра... Ведаю... Ну а ракеты? Спадзяюся, вы не перанацэльвалi iх з буйнейшых гарадоў i важнейшых аб'ектаў у нiкуды, як намi было афiцыйна заяўлена?
– Не, таварыш Галоўнакамандуючы! Стратэгiчныя ракеты, з першага дня пастановы на баявое дзяжурства, трымаюць пад прыцэлам усю зацверджаную Вамi стратэгiчную сетку тэрыторыi верагоднага працiўнiка...
– Не верагоднага, а ўжо рэальнага! – перабiў Прэзiдэнт мiнiстра. Працягвайце, я слухаю...
Мiнiстр працягваў:
– Нашы падводныя лодкi таксама прыведзены ў стан павышанай баявой гатоўнасцi ўздоўж узбярэжжа альянсу – пуск балiстычных крылатых ракетаў гатовыя ажыццявiць у любы момант па Вашаму загаду!..
– А чым дыхае космас? – пацiкавiўся Прэзiдэнт.
– Думаю, што верагодны... прабачце, рэальны працiўнiк не дагадваецца, што нашы касмiчныя навiнкi ператвараюць iхнi супрацьядзерны славуты парасон у звычайны парасон ад дажджу.
– Ну дык што?! – абвёў прысутных запаленым поглядам Прэзiдэнт. – Абатромся i прамаўчым цi пакажам гэтай зажраўшайся дэрмакратыi, адкуль ногi растуць?! Сядайце! – задаволена кiўнуў ён ваеннаму мiнiстру. Зноў абвёў усiх поглядам i працягваў: – А што чуваць у нашым мiнiстэрстве замежных спраў?
Мiнiстр замежных спраў устаў, адкашляўся.
– Што тычыцца пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыi дружаскай нам дзяржавы, нiводная дзяржава-агрэсар не толькi не ўведамiла нас, але i не спрабуе тлумачыць матывы такой дзёрзкасцi нават у Савеце Бяспекi ААН. Наш запрос у дзяржаўны дэпартамент ЗША аб прычынах i мэтах агрэсii, па сутнасцi, застаўся без тлумачэння. Нам адказалi, што i Расея павiнна быць зацiкаўлена ў тым, каб дэмакратыя ўсталявалася паўсямесна, кiваючы i на нашы ўнутраныя справы...
– Та-а-к... Зразумела... Сеюць вецер... Амерыка яшчэ нi разу не ваявала на сваёй тэрыторыi – думае i цяпер адгарадзiцца акiянам. Дзiвакi! Не ведаюць, з кiм маюць справу! – раптам Прэзiдэнт змянiў накiрунак думкi.
– А як паводзяць сябе ахвяры агрэсii? – зноў звярнуўся ён да мiнiстра замежных спраў. – Якiя з iмi перамовы?
Мiнiстр адказаў коратка:
– Яны просяць дапамогi.
– I мы не можам на гэты раз iм адмовiць! – падхапiў Прэзiдэнт. – Не можам i не маем права! Нас вымушаюць!
– У нас няма з iмi агульнай мяжы... – нясмела ўдакладнiў мiнiстр замежных спраў. – Згодна мiжнародных абавязацельстваў i пагадненняў...
– Начхаць на мiжнародныя пагадненнi! – ускочыў Прэзiдэнт. – Начхаць, як i яны начхалi! Ёсць мора, па якiм нам нiхто не забаронiць плаваць, ёсць варыянты, ёсць супраць сiлы сiла!..
Пахадзiўшы, Прэзiдэнт зноў сеў на месца.
– Так! Нашым сябрам перадайце, што дапамога хутка будзе! I будзе эфектыўнай i нечаканай! Горача ўсiм зробiцца!..
Вытрымаўшы паўзу, Прэзiдэнт звярнуўся да шэфа знешняй разведкi:
– А што нашы вушы i вочы? – потым рэзка дадаў: – Чаму праспалi?!
Кiраўнiк ФСБ, хвалюючыся, пачаў:
– Я дакладваў Вам, таварыш Галоўнакамандуючы, аб актывiзацыi натаўскiх ваенных вакол аб'екта "А". Гэта ўспрымалася, як дэманстрацыя сiлы i псiхалагiчны цiск... Нават Савет Бяспекi i ў цэлым ААН...
– Ведаю! – перабiў Прэзiдэнт. – Ты пра сваё гавары, а пра ААН я ведаю не горш твайго. Якiя планы натаўцаў? На што разлiчваць?
Кiраўнiк ФСБ з неахвотай сказаў:
– Мы распалагаем iнфармацыяй, што галоўны разлiк альянсу на слабасць Расеi...
– Што?! – зноў ускочыў Прэзiдэнт. – Што?! Слабасць Расеi?! Я iм пакажу слабасць Расеi! – голас Прэзiдэнта нервова сарваўся.
Шэф разведкi ўдакладнiў:
– Яны спадзяюцца, што эканамiчныя цяжкасцi не дазволяць Расеi ўмяшацца ў гэты канфлiкт.
– Дурань думкай багацее! – недыпламатычна заўважыў Прэзiдэнт. – Так, што яшчэ ёсць у вашых запаснiках?..
Шэф разведкi выцягнуў з "запаснiкаў" наступнае:
– Ёсць дадзеныя, што ў ваенных дзеяннях на тэрыторыi аб'екта "А" прымае ўдзел сын Прэзiдэнта ЗША...
– Як?! – ледзь не крыкнуў расейскi лiдэр. – I ты гэта трымаў напаследак?! Гэта ж залатая рыбка, якую мы павiнны вылавiць! Гэта такi козыр, што i не снiлася нiкому!..
Бедная залатая рыбка, ёй павiнна было двойчы iкнуцца, бо амаль адначасова два Прэзiдэнты на розных канцах зямнога шара ўспомнiлi яе. Лепей бы яны ўспомнiлi сумны канец той казкi...
* * *
Канцлер Германii Вiлi Штоф, асцярожны i практычны палiтык, не выказваў радасцi i перад пачаткам ваеннай аперацыi. Але тады саюзнiцкая салiдарнасць прымусiла сунуць галаву ў адну запрэжку разам з астатнiмi членамi паўднёва-атлантычнага альянсу. Тады ўсё ўяўлялася больш-менш прагназуемым. Здавалася, што варта толькi ваеннай армадзе ступiць на тэрыторыю значна слабейшага працiўнiка, як той падцiсне хвост i заб'ецца ў кут, падпарадкоўваючыся чужой волi.
Цяпер жа, калi салдаты каалiцыi наткнулiся на жорсткае супрацiўленне i гiнуць на кожным кроку, калi прадстаўнiк Расеi ў ААН заявiў, што Расея захоўвае за сабой права на любыя практычныя дзеяннi, калi ў Эўропе, пад бокам у заможнай Германii, накаляецца атмасфера непрадказальнасцi i выбуховасцi цяпер Вiлi Штоф ацанiў усю безадказнасць заакеанскага апякунства. Ён i да гэтага ведаў, што Амерыка ўкладвала ў ваенныя акцыi ля чужога парога свае даляры, а Эўропа закладвала свой лёс, не раз рабiлася заложнiцай смяртэльнай авантуры.
Вось чаму Вiлi Штоф звязаўся па тэлефоне з Прэзiдэнтам ЗША.
– Вiтаю Вас, спадар Прэзiдэнт!
– А-а! Дружышча Вiлi! Прывiтанне! Давай абыдземся без "спадар Прэзiдэнт", завi мяне...
– Спадар Прэзiдэнт! – канцлер Германii прапусцiў мiма вушэй сяброўскую параду. – Я занепакоены ходам ваеннай аперацыi, падзеi ўсё больш заблытваюцца ў тугi клубок.
– Згодзен з табой, Вiлi, – пагадзiўся Прэзiдэнт ЗША. – Вайна – не гульня ў покер. Войны заўсёды штосьцi губiлi, штосьцi нараджалi. Вайна для чалавецтва як стымулюючы штуршок для кволага сэрца...
– Спадар Прэзiдэнт! – у тым жа настойлiвым тоне працягваў Вiлi Штоф. – Я тройчы занепакоены стаўленнем сусветнай супольнасцi да тых падзей, якiя мы ўзрушылi. Мне не падабаецца цвёрдая пазiцыя Расеi ў адносiнах да гэтых падзей i яе намеры...
– А мне заўсёды не падабалася пазiцыя Расеi. I што?.. Ты сказаў пра нейкую сусветную супольнасць... Хто гэта? Асноўная сусветная супольнасць якраз i наводзiць зараз парадак у цэнтры Эўропы.
Вiлi Штоф падумаў: "Лепей бы ты наводзiў парадак у цэнтры Амерыкi", а ўслых сказаў:
– Там, у цэнтры Эўропы, сёння цяжка ўжо зразумець, хто нас падтрымлiвае, хто ў нас страляе. Мiжэтнiчная, мiжрэлiгiйная блытанiна павялiчылася, гiнуць, у асноўным, мiрныя жыхары, дзецi...
– Калi падмятаюць забруджанае памяшканне, пыл ляцiць i ў вочы. Згодзен гэта непрыемна. Але мы павiнны думаць пра памяшканне будучынi, каб нашы вочы не зацярушваў пыл. Зразумеў, дружышча Вiлi?
– Спадар Прэзiдэнт! – не супакойваўся канцлер. – Ваенныя караблi Расеi, у iх лiку i авiянясучыя, пэўна ж, i падводныя лодкi наблiжаюцца да тэатра ваенных дзеянняў. Вы не можаце не ведаць, што апошнiм часам Расея вывела на каляземную арбiту некалькi загадкавых лятальных апаратаў. Тады сцвярджалася, што гэта звычайныя навуковыя спутнiкi. Але ёсць, хоць i скупыя, звесткi, што там можа быць нейкая зброя. Думаю, што не аўтамат Калашнiкава яны вывелi ў космас. Я ўжо не кажу пра тыя падводныя лодкi, з якiх не спускаюць вачэй, у тым лiку i з вашага Белага дома...
– Ха-ха-ха! – пачулася ў слухаўцы. – Ты, дружышча Вiлi, распалiў сябе да чырванi. Вось што значыць – у цябе пад бокам чырвоная прапаганда. Каго ўбаяўся! Ды яны наплятуць табе хлуснi – толькi слухай! Памятаеш, як у сярэдзiне мiнулага стагоддзя, у разгар так званай "халоднай" вайны, на камунiстычныя святы вазiлi па Чырвонай плошчы ў Маскве агромнiстыя ракеты i крычалi на ўвесь свет пра сваю ракетную моц? Нашы кiраўнiкi тады добра здрэйфiлi, а потым высветлiлася, што такiх ракет i не было ў расейцаў, а вазiлi пустыя абалонкi ад ракет, муляжы. Вось табе i аўтамат Калашнiкава! Яны, гэтыя галадранцы, здольныя на ўсё – выведуць у космас аглоблю ад саняў, а скажуць, што запусцiлi на арбiту лазерную пушку.
– Спадар Прэзiдэнт! Недаацэньваць працiўнiка – значыцца прайграць яму. Я ўсё ж настойваю на перамовах з Расеяй, хаця б на кансультацыi, каб змякчыць сiтуацыю.
– Змякчыць?! – злосна зiранiзаваў Прэзiдэнт ЗША. – А цi не настаў момант абвастрыць яе! Чуў, Вiлi, прытчу пра месца пад сонцам? Сонца адно, а нас шмат... I няўжо ты, дружышча Вiлi, – мякчэй працягваў тэлефонны субяседнiк, хочаш, каб увесь час, да канца твайго жыцця, ляцеў пыл у твае вочы i вочы тваiх дзяцей?
– Я ведаю адно, – упэўнена сказаў Вiлi Штоф, – што мы развязваем рукi таму, на каго i ў лепшыя часы мала было надзеi. Як кажуць амерыканцы, сабака без наморднiка абавязан кусацца... А тут не звычайны сабака, а з вiрусам ядзернага шаленства.