355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Сергей Давидович » Мядовае знаёмства (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Мядовае знаёмства (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 октября 2016, 09:11

Текст книги "Мядовае знаёмства (на белорусском языке)"


Автор книги: Сергей Давидович



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Давидович Сергей
Мядовае знаёмства (на белорусском языке)

Сяргей Давiдовiч

Мядовае знаёмства

Антось служыў у войску апошнi год. Нават не служыў – даслужваў, бо заставалiся лiчаныя днi. Што i казаць: дэмбель – на носе, салдат – на чамадане. Той, хто служыў, – ведае, што гэта за апошнiя днi i ночы. Здаецца, што час спынiўся i стаiць як укопаны. Душа – ужо дома, i толькi цела працягвае насiць салдацкую форму – даслужвае.

Калi сказаць, што Антося чакала дома штосьцi незвычайнае, – дык не! Бацькi, канешне, справа святая, але да бацькоў паспеецца – не маленькi, дзякуй Богу. Дзяўчыны, якая б сохла па iм, – да войска не займеў. Але сядзела ў салдацкай душы стрэмка, якая парола i калола i не давала яму спакою. Гэта стрэмка – незнаёмая дзяўчына, сястра яго аднапалчанiна Мiхася, якi i звёў праз пошту Антося з Алесяй. Антось паслаў ёй сваю фотакартку, яна яму – сваю, вось i ўся немудрагелiстая камбiнацыя. Але з такой немудрагелiстасцi часцяком вырастае такая закавыка, што i не прыснiш часам.

Мястэчка, дзе жыла тая знаёмая-незнаёмая Алеся, знаходзiлася ад Антосевай вёскi не дужа далёка – вёрстаў з дзесяць, таму Антось, нарэшце вярнуўшыся дамоў, прагнуў хутчэй дапяць туды i асабiста пазнаёмiцца. Адна справа фотакартка, на якой толькi галава вiдаць, другая – жывы чалавек. Можа, у яе, не дай Бог, ногi крывыя або зусiм толькi адна нага. Не-е! Трэба праверыць! Твар-то ў яе вельмi прыгожы, прыемны, а вось што там нiжэй?..

Антось не вытрымаў i расказаў мацi, што заўтра хоча махнуць на аўтобусе да той загадкавай Алесi. Мацi захвалявалася, замiтусiлася i "прышпiлiла" да гэтай хвалюючай весткi бацьку.

Бацька па-мужчынску ўзважыў сiтуацыю i кажа:

– Нягодна, сынок, першы раз ехаць да чужых людзей з пустымi рукамi. Вазьмi хоць нашага мёду, няхай ведаюць, што мы не гультаi – пчол маем!

Антось пачаў аднеквацца:

– Я ж не ў сваты еду! Толькi гляну на яе, пагутару крыху i – дамоў... Падумаюць яшчэ, што падкупляю...

Мацi заступiлася за бацьку:

– Вазьмi, сынок, мёд! Добрая гэта прыкмета – знаёмства пры мёдзе! Дасць Бог – жыццё будзе салодкiм!..

Антось не ўстаяў перад нацiскам бацькоў i згадзiўся:

– Добра! Рыхтуйце на ранiцу мёд!

Ноч прайшла марудна – не спалася хлопцу. Стрэмка ў душы напамiнала пра сябе.

"Няўжо я завочна закахаўся?!" – думаў Антось.

Пад ранiцу ўдалося прыдрамнуць, але з першымi сонечнымi промнямi Антось быў на нагах, як штык. Бацькi ўжо не спалi.

Хуценька паснедаўшы, Антось падняўся з-за стала:

– Давайце ваш мёд – пакачу да сваiх прыгод!

– Кацi! Кацi! – у адзiн голас сказалi бацькi.

– А вось i мядок! – i бацька паказаў на лаву, дзе стаяла эмалiраванае вядро, акуратна абвязанае прыгожым ручнiком.

– Вядро-о? – не ўтрымаўся Антось. – Цэлае вядро?.. Вы што?!.

– Нiчога! Нiчога! – спакойна сказала мацi. – Няхай не думаюць, што мы скнары!

Бацька дадаў:

– Не везцi ж табе паўлiтровы слоiк...

Антось падняў вядро:

– Ого! Яно ж мне рукi адарве!..

– Нiчога! Нiчога! – у той жа танальнасцi працягвала мацi. – Малады! Дужы! Аўтобус давязе да мястэчка, а там – з рукi ў руку – i данясеш.

Антось уздыхнуў, узяў вядро i пакрочыў да аўтобуса...

Быў цудоўны восеньскi дзень. Сонца прыгравала па-летняму. Настрой у Антося быў вясновы.

Аўтобус прабег дзесяць кiламетраў хутка, i Антось апынуўся на аўтавакзале, дзе сэрца яго затахкала мацней i часцей.

Спытаўшыся ў нейкага мужчыны, дзе патрэбная яму вулiца, Антось паджгаў у той бок, перакiдваючы з рукi ў руку цяжкое вядро.

Раптам праз вулiцу нехта крыкнуў:

– Антось? Ты?!

Антось зiрнуў у той бок. Да яго радасна бег Толiк, з якiм разам служылi ў адной роце.

– Толiк! Вось дык радасць! – усклiкнуў Антось.

Салдацкае сяброўства i братэрства яшчэ моцна жыло ў душы нядаўнiх аднапалчан.

– Ты адкуль?!.

– А ты як?!.

– А я тут жыву! – адказаў Толiк. – Пакуль нiдзе не працую, балдзею пасля дэмбелю!

– I я балдзею! – выпалiў Антось.

– А што ты з вядром? – запытаўся ў Антося сябар.

Антось збянтэжыўся, шукаў, што адказаць...

– Ды што мы пра пустое?! Гэта ж трэба адзначыць! Дэмбель! Свабода! – не ўнiмаўся Толiк.

Антось яшчэ больш збянтэжыўся: як бы адкруцiцца? Ён жа едзе да дзяўчыны... А з другога боку – такая сустрэча! Дэмбель! Свабода!

Антось адкiнуў сумненнi, запалiўся ўвесь:

– Давай! Грэх не адзначыць! Толькi дзе возьмем "палiва"?

– Ты што! – усклiкнуў Толiк. – Сёння гэта прадаецца на кожным вуглу! Вунь i крама!

Сябры зайшлi ў краму. Там, акрамя спiртнога, нiчога не было. Узяўшы кожны па бутэльцы гарэлкi, хлопцы выйшлi на вулiцу.

– А чым загрызём? – спытаўся Антось.

Толiк падумаў i кажа:

– За тым паваротам – хлебная крама... Да гастранома – далекавата...

Антось схамянуўся:

– Дык вось жа мёд! Цэлае вядро! Хлеб i мёд – закусь, трымайся за неба!

Купiўшы бохан хлеба i батон, сябры накiравалiся на зялёны, парослы кустамi выган.

– Вось тут, на зялёным дыване, – нi табе камандзiраў, нi табе начальнiкаў! Свабода! – радавалiся сябры.

Уладкаваўшыся, усеўшыся, пачалi пакрысе адпiваць з рыльца гарэлку, мачаць хлеб i батон у мёд.

– Вось гэта жыццё!..

– Гэта табе не казарма!..

– Вольныя, як тыя птушкi!..

– Яшчэ вальней!..

– Глынём?

– А як жа!..

"Банкет" працягваўся, але аднекуль пачалi злятацца пчолы. Восенню, перад зiмоўкай, яны асаблiва ласыя да мёду, здольны нават на крадзеж... А тут гатовенькi! Цэлае вядро!

Спачатку сябры не звярталi на iх увагi, але пчолы ўсё прыбывалi i прыбывалi. Яны лiплi да вядра, садзiлiся на рукi, лезлi ў вочы – iм не падабаўся смурод гарэлкi. Тады хлопцы пачалi iх адганяць, нават бiць i душыць. То на шчацэ прыдушаць, то на лбе прыцiснуць. А прыцiснутая пчала, перад тым як загiнуць, паспявае ткнуць джала.

Вось п'яныя хлопцы i не заўважылi, як нахапалiся пчалiных укусаў. Адна пчала ўскочыла нават у рот Антосю, калi ён нешта гаварыў, i паспела куснуць яго за язык. Гэта перапоўнiла чашу сябравага цярпення, i яны пачалi збiрацца.

– Добра, што мы паспелi апусташыць тару! – сказаў, махаючы рукамi, Антось.

– Хутчэй завяжы вядро! Можа, адчэпяцца! – амаль закрычаў Толiк.

Сябры сабралiся, выцерлi травой лiпкiя ад мёду рукi i пакрочылi прэч ад гэтага месца. Але пчолы ад iх не адставалi – гулi над галовамi цэлым роем.

На развiтанне Толiк чыркнуў на паперы свой адрас сябру, i Антось, хiстаючыся, пакрочыў да Алесi – блiжэй знаёмiцца. Пчолы, чуючы ў вядры мёд, спраўна гулi над галавой, поўзалi па лiпкай пасудзiне.

Антосю падалося, што сонечны дзень паступова пачаў цямнець. Усё навакольнае бачылася як праз туман, нiбы праз шчылiнку. Твар гарэў, язык пякло, ён патаўсцеў.

Ён падумаў: "Свежае паветра i гарэлка – вось твар i гарыць! Пройдзе!"

А вось i патрэбны нумар дома. Антось, хоць i праз туман, заўважыў – дом добры! Пастукаўся ў дзверы. Чуе: "Заходзьце!"

Хлопец пераступiў цераз парог i апынуўся ў хаце. Зноў жа праз туман убачыў сярэднiх год жанчыну.

"Здравiя жадаю!" – хацеў па-вайсковаму адрапартаваць Антось, але языку было цесна ў роце, i атрымалася:

– Зд-друя жад-дую!..

– Што? – запыталася жанчына. – Што вам трэба?

Антось напружыўся з апошнiх сiл i выцiснуў:

– Аль... Ал-л-лесю!..

– Якую яшчэ Алесю? Навошта вам Алеся? Iдзiце адсюль!

Адчынiлiся дзверы, i з другой паловы хаты выйшла прыгожая дзяўчына.

Антось пахiснуўся ад нечаканасцi. Якая прыгожая! Гэта ж Алеся! I ногi не крывыя. I абедзве на месцы! Антось праз расчыненыя дзверы ўбачыў на стале ў другiм пакоi сваю фотакартку. Ён ад радасцi паспрабаваў кiнуцца да дзяўчыны:

– Аль... Ал... Але...

– Што вам трэба? – жахнулася дзяўчына. – Я вас не ведаю i ведаць не жадаю.

Антось разгубiўся, але раптоўна ўзрадаваўся, бо за дзяўчынай выйшаў яе брат Мiхась – Антосеў аднапалчанiн, якi i пазнаёмiў праз пошту сваю сястру з Антосем.

Антось кiнуўся да сябра i распухлым языком, з цяжкасцю прагаварыў:

– Мы разам служылi ў войску! Я ж твой сябар!

Мiхась адпiхнуў незнаёмца:

– Якое нахабства! Знайшоўся мне сябар! Я цябе першы раз бачу! Прыцягнуўся нейкi валацуга, поўную хату пчол навёў...

Тут Антось выпадкова зiрнуў у люстэрка, якое вiсела на сцяне. Зiрнуў i выпусцiў з рукi вядро з астаткамi мёду. З люстэрка на яго глядзеў... Не! Не глядзеў, а глядзела нейкае страшыдла з чырвоным апухлым тварам, з лапушынымi вушамi, з тонкiмi шчылiнкамi замест вачэй. Разлахмачаныя валасы злiплiся ад мёду i тырчэлi ва ўсе бакi. Па iх поўзалi пчолы...

– Ма-ма-а-а! – зароў ад жаху Антось i кiнуўся ў дзверы. Ап'яненне яго iмгненна прайшло. Ён ляцеў па вулiцы, пужаючы людзей.

"Што я нарабiў? Дурань! Такую дзяўчыну страцiў!" – хлясталi, як бiзуном, думкi.

Антось падслепаватымi вачыма прачытаў на паперцы Толiкаў адрас i з цяжкасцю знайшоў яго дом.

Пастукаў i пахаладзеў: "Толькi б не спужалiся! Толькi б не прагналi! Куды ж я дзенуся?.."

Адчынiлiся дзверы, i Антось праз той жа туман убачыў жанчыну.

– А-а! – прапела яна. – Яшчэ адзiн круглы, як гарбуз! Заходзь! Заходзь! Буду двух адразу лячыць – мой ляжыць!

Антось з палёгкай пераступiў парог i ўбачыў Толiка... Не! Не Толiка, а гэткае ж апухлае страшыдла, як i сам. Ён ляжаў на ложку, мачаў ручнiк у халодную ваду i прыкладваў да твару.

– О-ё-маё! – стагнаў ён.

Толькi цяпер Антось адчуў, як пячэ i балiць твар.

– На, папi кiслага малака i кладзiся. Зараз паднясу i табе ваду з ручнiком, – сказала Толiкава мацi.

Антось паслухмяна выпiў малако i лёг. Ён адчуў на твары халодны ручнiк i пачуў пяшчотны голас сябравай мацi:

– Эх вы, мядовыя-бядовыя хлопцы! Блазнюкi яшчэ, хоць i адслужылi ў войску...

Пухлiна праходзiла аж два днi. За гэты час Толiкава мацi вымыла i адгладзiла Антосеву кашулю, пачысцiла пiнжак.

Антось цёпла развiтваўся i дзячыў Толiкавай мацi, потым абняўся з сябрам i падаўся на аўтастанцыю, каб ехаць дамоў. На душы было мутарна. Што сказаць дома?

"А дзяўчына якая прыгожая!" – пякла, як агнём, думка.

Не дайшоўшы да станцыi, Антось рашуча крутнуў у другi бок: "Зайду, папрашу хоць прабачэння!"

Раптоўна прыпынiўся: "Пачакай! Дык яны ж мяне не пазналi! Нават Мiхась, з якiм два гады адслужыў, не пазнаў не толькi мяне, а й майго голасу! Дзякуй табе, распухлы язык!" – i Антось з надзеяй пакрочыў да Алесевага дома. Зноў пастукаў у дзверы. Сэрца вырывалася з грудзей.

Адчынiў дзверы Мiхась.

– Антось! Дарагi! – усклiкнуў ён i абняў сябра. – Ды што ты аслупянеў? Заходзь!

Антось зайшоў. Адчынiлiся дзверы, i з другой паловы хаты выглянула тая ж прыгажуня. Зачырванелася i закрыла дзверы.

Мiхась засмяяўся:

– Нiчога! Зараз выйдзе! Бачыў, як зачырванелася? Рабi вывады, Антось!..

Шчаслiвы Антось не ведаў, што рабiць, што казаць.

– Я... я... разумееш...

– Ды разумею я ўсё! Зараз падыдуць мама, тата, сядзем за стол i пагутарым...

Антось на ўсякi выпадак з апаскай зiрнуў у тое ж люстэрка. Страшыдлы там ужо не было, на Антося глядзеў прыгожы малады хлопец з акуратна зачасанымi валасамi.

– Прыгажун! Прыгажун! – засмяяўся Мiхась. – Дарэмна хвалюешся – тваю фотакартку з рук не выпускае...

Раптоўна Антось убачыў сваё вядро, якое стаяла ў кутку пад лаўкай.

– Я... я... вядро...

– А-а! Вядро! – зразумеў Антосева пытанне Мiхась. – Гэта ж два днi назад да нас у хату заскочыў нейкi п'яны дурань. Увесь апухлы, з галавы да ног у мёдзе, прыпёр за сабой цэлы рой пчол – ледзь павыганялi iх з хаты...

Антось зачырванеўся, зiрнуў долу.

Мiхась працягваў:

– Ты разумееш? Нечага да Алесi кiдаўся, мяне сябрам называў... Во валацуга!.. Потым кiнуў гэта вядро i з крыкам падаўся з хаты... Такое ў нашым мястэчку – упершыню!

Антось уцiснуў галаву ў плечы i гатоў быў зноў кiнуцца ў дзверы, але Мiхась схамянуўся:

– Ды чорт з iм, з тым дурнем! Не варты ён таго, каб пра яго ўспамiнаць! Сядай, расказвай, будзь як дома!..

А неўзабаве Антось i Алеся справiлi вяселле.

Няхай iм шчасцiць у жыццi! Ды так яно i будзе, бо знаёмства пры мёдзе добрая прыкмета!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю