355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » С. Юстапчик » Каханы горад (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Каханы горад (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 октября 2016, 00:50

Текст книги "Каханы горад (на белорусском языке)"


Автор книги: С. Юстапчик



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 4 страниц)

Юстапчик С (Адамович Антон)
Каханы горад (на белорусском языке)

С.Юстапчык

(Антон Адамовiч)

Каханы горад

(Завязка раману)

АД АЎТАРА

"Каханы горад" напiсаны ў 1943 г. Найпершым повадам да напiсаньня яго былi ўражаньнi ад дэманстрацыйнага, "сьвяточнага", але барбарска-бязьлiтаснага бамбардаваньня безбароннага й пазбаўленага ўсялякiх ваенных аб'ектаў Менску саветамi ў ноч на 1 траўня 1943 г. Туга па "каханым горадзе" на прымусовым выгнаньнi ў Нямеччыне дала апошнi повад, штуршок. Аднак, "Каханы горад" нараджаўся, вiдаць, пад нешчасьлiваю зоркаю. Менская "Беларуская газэта", куды ён найперш быў пасланы ў канцы 1943 г., нiяк не магла адважыцца надрукаваць яго. Прапанавалiся аўтару розныя зьмены з гледзiшча на цэнзуру цi, праўдзiвей i дакладней, на страх магчымае цэнзуры. Зьмены былi для аўтара няпрыемлiмыя, бо зусiм выялаўлялi рэч. У марудным лiставаньнi Нямеччына-Менск, лiставаньнi-таргаваньнi сплываў час i, нарэшце, пры пасьпешным эвакуяваньнi зь Менску перад савецкiм наступам большую частку рукапiсу рэдактары зусiм згубiлi. Аўтар аднак не ўтаймоўваўся, аднавiў усё зноў iз шчасьлiвым выпадкам захаваных чарнавiкоў, ды пачаў нанова стукацца ў рэдакцыйныя дзьверы, гэтым разам ужо да бэрлiнскае "Ранiцы". Але й тут удалося прымайстраваць рукапiс толькi ў "Беларускiм Работнiку", адмысловай газэце для "остаў", прыбудоўцы да "Ранiцы". Там, быццам-бы, з цэнзурай было лягчэй. Тут "Каханы горад" i быў надрукаваны ўпяршыню ўвосень 1944 г.

"Каханы горад" спачатку быў задуманы й выкананы, як апрычонае закончанае апавяданьне-навэля. Аднак, пры аднаўленьнi яго другi раз паўстала думка разглядаць рэч, як завязку раману, што й было выказана ў зацемцы ў канцы друкаванага ў "Беларускiм Работнiку" тэксту. Думкi гэтае аўтар ня кiдае й цяпер, чаму ў цяперашнiм выданьнi "Каханы горад" мае падзагаловак "Завязка раману". Тэкст гэтага выданьня, дарэчы, апрача дробных стылiстычных паправак i аднаўленьня некаторых невялiчкiх пропускаў паходжаньня чыста друкарскага (а мо й прымiтыўнага, казаў той, прэвэнцыйна-цэнзурнага, "на ўсякi выпадак") – нiчым iстотна ня розьнiцца ад тэксту 1943 г.

Яшчэ, разгаварыўшыся, аўтар хоча сказаць, што ў гэтай, як i ў ранейшых сваiх спробах ("Усяночная", "Трывога") ён карыстаўся, мiж iншага, адным з найулюблёнейшых мэтадаў нябожчыка З.Бядулi, якiм напiсаныя ягоныя "Салавей" i "Язэп Крушынскi" i якi ўзвышэнскi крытык Адам Бабарэка сваiм часам вельмi трапна назваў быў "мэтадам натураграфiчнага зашыфроўваньня". Мэтад гэты, вынайдзены ў вабставiнах савецкага гвалту над свабодаю друку, быў вельмi зручны й пад зусiм такiм самым у прынцыпе таталiтарным цiскам нямецка-гiтлераўскiм. Лёгка было зашыфроўваць сьпiсваных проста з натуры гэрояў "гэрэнфольку" пад зусiм iдэнтычных iм псыхалёгiчна камунiстых, "актывiстых", камiсараў (у "Каханым горадзе", мiж iншага, такая эпiзадычная фiгура "Макрыцы", пад якой зашыфраваны, як "натуршчык", ведамы сваiм часам у Менску "ляйтар" усяе "культуры й асьветы" у "Генэральным Камiсарыяце Беларусi", зьнямчэлы Паляк Сiвiца). "Натуршчыкамi" аўтаравымi былi й некаторыя прэтэндэнты на нашых нацыянальных дзеячоў (у "Каханым горадзе" такi "Качка", а таксама, крыху больш толькi зборны, Вiктар Лабунiч). Нельга сказаць аднак, каб усе пэрсанажы былi пiсаныя з "натуршчыкаў" (прыкл., "жанчына ў чорным" у "Каханым горадзе"). Бальшыня "натуршчыкаў" аўтаравых жывець i цяпер, аўтар навет мог-бы прысьвяцiць iм сваю гэтую пiсанiну, як невялiчкае, ды мо не такое ўжо крывое (хiба што – "крывiцкае") люстэрка.

01.04.1948, Баварыя

Таварыш пройдзе ўсе баi i войны

Бяз кроплi сну, бяз званьня цiшынi.

Каханы горад можа спаць спакойна

I роiць сны, i зелянець сярод вясны.

З папулярнай савецкай песьнi

I

– Эскадрыльля, таварашы, атрымала хоць i нескладанае, але вельмi пачэснае заданьне. Кажу "нескладанае", бо, ў тых пунктах, якiя вы мусiце пакрыць сяньня, няма, шчыра кажучы, нiякiх паважных ваенных аб'ектаў. Няма таму й нiякай ворагавай абароны, аб гэтым у нас пэўныя весткi. Але, мушу падчыркнуць яшчэ раз, заданьне надзвычай пачэснае, бо вы павiнны будзеце, напярэдаднi нашага вялiкага травенскага сьвята i недалёкага, яшчэ большага, вялiзманага наступу, прадэманстраваць узрост моцы й магутнасьцi сталiнскай авiяцыi, i гэта – у закiнутых куткох абшараў, часова занятых ворагам. Думаю, усё ясна? Камандзеры зьвязаў атрымаюць "пуцёўкi".

Камандзеры зьвязаў, ня хочучы, але падалiся ўжо былi да камэскадрыльлi, якi праказаў сваю невялiчкую прамову без асаблiвага энтузiязму й ахвоты навет. Усе яны – i камандзер i каманда – манiлiся яшчэ гэтага вечару, паводля iхнага тэхнiчнага выразу, "даць старт у сьвята". Дык вымушаная адмена гэнага не магла iх цешыць. Заданьнi-ж, i "пачэсныя" i непачэсныя, i "складаныя" i "нескладаныя", абрыдлi ўжо ажнадта, як i сама вайна.

Але раздаваньне "пуцёвак" яшчэ прыпынiў камiсар эскадрыльлi, маленькi, вяртлясты таварыш Цэнцыпер, якi вырас як iз-пад зямлi каля камандзера, шапянуў яму пару слоўцаў i загадным гэстам рукi прапанаваў усiм iзноў сесьцi. Вiдаць, не задаволiла яго камандзерава "ўсё ясна", i ён уважаў за канечнае яшчэ раз "разьясьнiць", фактычна-ж – распляскаць, размазаць i распэцкаць агульна-ведамыя ўсiм рэчы. Усе селi зь яшчэ большым рашчараваньнем, бо кажны добра знаў наперад, што скажа i што можа наагул сказаць камiсар, i ведаў, што ў кароткiм часе гэтая казань анiяк не ўкладзецца...

Абрыджэньне павялiчвалася яшчэ й тым, што т. Цэнцыпэра ўсе страшэнна ня любiлi, зрэшты, пры ўзаемнасьцi зь ягонага боку. Першы рызыкант i востраслоў эскадрыльлi, пракiдкi й спрытны Юрка Галушка знайшоў для яго трапную прыкладку – "Макрыца". Хоць i вынайдзеная, сказаць-бы, фiлёлёгiчным шляхом (Юрка ў камiсаравым "iмi-войчасьцьве" – Марка Iсакавiч – замянiў "Iсака" на больш аўтэнтычнага "Iцу", а з "Маркi Iцавiча" ужо, як казаў ён, "чыста-матэматычным спосабам перастаўленьня й скарачэньня" атрымалася "Макрыца") – мянушка гэтая як нельга лепш прылягала да такога, запраўды, як-бы наскрозь мокрага, склiзкога, наагул страшэнна плюгавага стварэньня, з аблiччам спрэс у чырвоных плямах, таксама наводля нейкiх мокрых лiшаёў. Дык сьцiха й мiжсобку камiсара iнакш i ня звалi.

– Мы, слаўныя сталiнскiя сакалы, звыклi не баяцца нiякiх высачыняў i далячыняў, – здалёку, урачыста-ўзьнёсла пачаў сваю рацэю т. Цэнцыпэр. Хто слухаў, ня мог адразу, хоць сам сабе, нутрана ня ўсьмiхнуцца ўсёй мiжвольнай самагiронii гэтага "мы". Бо агульна ведама было, што сам "Макрыца" анiразу ў жыцьцi не адважыўся ўзьняцца на якую-небудзь "высачыню" ў паветра, уважаючы, вiдаць, за бесьпячнейшае перасоўвацца па цьвёрдай зямлi. Колькi нi прапанаваў яму той-жа Юрка "павазiць па эмпiрэях" – праўда, не без патаёмнага намеру добра пабоўтаць камiсаравы вантробы ў розных паветраных "бочках" i iншых фокусах, на якiя быў мэт, – "слаўны сакол" заўсёды строга адгаворваўся недапушчальнасьцяй выдаткаваць ваенна-важныя матар'ялы, бэнзыну й iншае, "дзеля асабiстае прыемасьцi адзiнкi, хоць-бы сабе й камiсара", як казаў ён. "Паказаў-бы я табе "асабiстую прыемнасьць", – зазначыў быў тады сябром Юрка, завяршаючы свой асуд горкаўскiм "роджаны поўзаць – лётаць ня можа". "Пэўна-ж, макрыца", – згаджалiся тыя.

Але цяпер бадай усе былi занятыя ня слуханьнем знаёмае наперад нуднае прамовы, а назiраньнем даволi камiчнага здарэньня. Сваiм звычаем, "бязупынна выдзяляючы мокрадзь, адкуль толькi можна", паводля Юркавага азначэньня, "Макрыца" адразу аплёваў блiжэйшых да сябе слўхачоў. I найбольшы пырск сьлiны прыпаў якраз на нос камандзеру першага зьвязу, Юркаваму земляку й беспасярэдняму начальнiку Вiктару Лабунiчу. Той сядзеў насупраць камiсара, як заўсёды, мёртва ўталопiўшыся ў яго сваймi круглымi вачыма. Гэта быў "Макрыцын" улюбленец, якi разам зь iм падзяляў усiхную нялюбасьць i няпрыхiльнасьць ды зусiм заслужана (праўда, завочы), абзываўся i кар'ерыстым, i "самасуем", i "вылупенцам". Цяпер усе сачылi, як Лабунiч удае, быццам ён так пранiкла й захоплена слухае прамову, што зусiм не спасьцерагае нечага там у сябе на носе, хоць усiм добра вiдаць, як ён змагаецца з тым, каб ня скрывiцца, ато й цi ня чхнуць. Абцерцi-ж плювацiньне Вiктар ня важыцца. Праўда, адразу ён быў i памкнуўся ў кiшэню па насатку, але тут-жа адумаўся, баючыся, каб як мо не абразiць гэтым свайго патрона. Назiраньне такiх "перажываньняў публiчна аплёванага", як схарактарызаваў пасьля Юрка, узьняло крыху агульны настрой, якi дасягнуў нарэшце свайго кульмiнацыйнага пункту, калi гэройскi Галушка цiхенька, на пальчыках падкацiўся да Лабунiча й асьцярожна, але спраўна махнуўшы хустачкай, зьбiў зь ягонага носу камiсаравы пырскi, чаго апырсканы, зноў-жа, быццам-бы не спасьцярог. "Зарабiў толькi ад Макрыцы тры грошы за дэманстрацыю, але што ён мне – на хвост солi насыпе?" – шапнуў на вуха сябру рызыкант, зьвярнуўшыся на месца. На гэтым аднак прыемная забава глядачоў мусiла спынiцца, i хоцькi-ня-хоцькi давялося прыслухацца да прамовы.

А прамоўца тымчасам разьвiваў якраз сваю ўлюблёную тэму "бязжаласнасьцi гэтай неадымнай якасьцi кажнага партыйнага й непартыйнага бальшавiка".

– Гэта, таварышы, факт, – выпырскваў ён, – што сяньня вы павiнны будзеце й такi зьнiшчыце шмат звычайнага, так званага "мiрнага" жыхарства. Цi можа тут мець месца якая-колечы "жаласьць?" Бязумоўна, таварышы, не. Не забывайцеся, што гэта тое жыхарства, якое не захацела йсьцi з намi, г. зн. зраднiкi, прадаўцы, ворагi народу. Хто зь iх адумаўся й цяпер шчыра перакiнуўся на наш бок, той ужо ў партызанах, у лесе, i значыцца, яго вашыя бомбы не крануць. Апрача таго, памятайце, што гэтае жыхарства – рэзэрвуар працоўнае сiлы для нямецка-гiтлераўскага ворага i, зьнiшчаючы яго, вы гэтым самым падрываеце ворагаву моц...

– I вось тут, – урачыста ўзвышаючы голас i прыцiскаючы на асобных словах, прымусiў ужо ўсiх прыслухацца камiсар, – перад некаторымi з вас паўстане сяньня вялiкае выпрабаваньне, запраўдны экзамэн на баёвага лятуна-бальшавiка. Я маю на ўвеце нашых сакалятаў першага, я мушу сказаць, i лепшага зьвязу, пад камандай тав. Лабунiча. Яны лятуць сяньня ня толькi на сваю радзiму, але й на свой родны i, пэўна-ж, каханы горад, якi ўзгадаваў iх, таварышы, i даў нам. Факт, што ў iх там могуць i павiнны быць бацькi, i сваякi, i сябры, мо яшчэ хто-небудзь, i мiлыя ўспамiны. Але я пэўны, што яны з гонарам управяцца з гэтым выпрабаваньнем.

Тут камiсар пачаў хвалiць свайго ўлюбёнца Лабунiча, праехаўся крыху, што ў некаторых iншых iзь зьвязу, – пэўна-ж, у Юркi, – "бываюць недахопы й дахопы", як сказаў ён, зараз-жа, зрэшты, "паправiўшыся": "дасягненьнi й недасягненьнi"... Але ўжо нiводзiн бадай iз хваленых i ганеных ня слухаў больш яго, апанаваны навалай раптоўных успамiнаў i хваляваньня ад блiзкой – але якой? – сустрэчы зь любым, родным, так даўно ўжо, здаецца, пакiнутым горадам... Навет сам сталёва-вытрыманы камандзер Лабунiч схамянуўся ад гэтае навалы пачуцьцяў толькi тады, калi трэ было браць "пуцёўку".

– Ардэнок як прышпiлены, – шапянуў яму пры гэтым ягоны дабрадзей, i Вiктар адказаў на гэта сваёй заўсёднай, падхалiмска-халуйскай усьмешкай – тэй самай непаўторнай усьмешкай, якую ў цэлай Эўропе найлепш можна бачыць на вуснах цi малога лiку грамадзянаў ейнае шостае, усходняе часткi.

– Старт 20.30. Ёсьць час разабраць заданьне, адпачыць i падрыхтавацца, закончыў зборку камандзер эскадрыльлi.

II

– Папалiся, землячкi! – падыйшоў адразу да трох, абдараваных "пачэсным заданьнем" бурыць радзiмае гняздо, камандзер трэйцяга зьвязу, здаравенна-медзьвядзяваты й таксама медзьвядзявата-настырлiвы тамбовец Жарабцоў.

Трох танкiстых, трох вясёлых сябраў,

Экiпаж машыны баявой,

загундосiў ён сваiм, як казаў Юрка, "жараббасам", дый, наверх, страшэнна фальшывячы, – дадому, сяброчкi, усё-ткi дадому! – i, аблапiўшы трэйцяга пiлёта зьвязу, дзявоча-кволага Валiка Сьнягурскага, да якога пачуваў адмысловую сымпатыю й таму найбольш дакучаў, загуў яму на вуха, стараючыся ўдаць асаблiвую задушэўнасьць, але яшчэ немiласэрней дзяручы ўпоперак:

Каханы горад сябру усьмiхнецца,

Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...

– Адкасьнiся хоць сяньня, – з дакукаю адпiхаў, яго Валiк, якому ўвага й "пяшчоты" Жарабцова заўсёды спраўлялi вялiкую прыкрасьць, ато й проста мучылi.

– А што – сяньня? – не ўтаймоўваўся Жарабцоў. – Падумаеш! Каб мне так зараз сказалi ляцець калупаць мой Тамбоў – я-б адразу, калi ласка, з усiм-усенькiм...

– Дык хто табе не дае? – абарваў яго ўжо Юрка. – Завярнiся кругом, ляж курсам назад i трамбуй свае тамбоўскiя самавары.

– Самавары – гэта ў Туле, а Тамбоў, браце, слаўны...

– Ведаю, цётка там павiнна быць нейкая, яшчэ ў Чэхава пiсана... Але цяпер, браце, кiлбасься хоць да тае цёткi, калi не да ўсiх мамак, – бачыш сам, не да цябе тут i не да Тамбова.

– Ну, ну няхай, – цiскануўшы яшчэ раз небараку Валiка, здаўся-ткi Жарабцоў, бо ў глыбi душы пабойваўся спрытнага i на язык i на так якi фокус Юрку. – Эх, Тамбоў, Тамбоў – каб адхапiць хоць зь дзянёк водпустку! – уздыхнуў толькi ён i адыйшоў зусiм, усё гундосячы:

Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...

– Жывёлiна! – папусьцiў шэптам яму наўздагон Валiк, папраўляючы парушаны жарабцоўскiмi пяшчотамi парадак у вопратцы.

– Дык вось, таварышы, – зьвярнуўся строга-афiцыйна да сваiх падначаленых, Юркi й Валiка, камандзер зьвязу. Дарма, што ўсе тры былi землякамi й навет школьнымi сябрамi ды зналiся добра ад сама адмалку, Вiктар, "вылупiўшыся" ў камандзеры, заўсёды трымаўся падчыркненай афiцыйнасьцi пры службовых дачыненьнях. – Я ўжо разьмеркаваў, – i ён пачаў паказваць на пляне, далучаным да "пуцёўкi": – Вы, таварыш Галушка, адразу-ж пакрыеце поўнач гораду, па гэтую вось прыблiзна лiнiю, я сам урэжуся ў сярэднюю паласу так, а вам, тав. Сьнягурскi – паўдзённая частка...

– Гэта ты... знарок, Вiктар? – углядаючыся ў плян i адразу мяняючыся з твару ды хрыпнучы нек у голасе, спытаўся Валiк.

– Што – знарок? Што Вы хочаце сказаць? – як не разумеючы, але ўвесь напружыўшыся, перапытаў Вiктар.

– Ты-ж ведаеш, тут жыў я... i цяпер, пэўна, мае старыя... на тым самым месцы... – паказваў на пляне Валiк. – А вось-жа слабодка. Верын дом на рагу...

– Ага, вось яно што, – прыкра засьмяяўся сваiм сухiм, бразгатлiвым сьмехам Вiктар, – дык значыцца, нездарма пяяў тут Жарабцоў: "Знаёмы дом, зялёны сад"... Знарок цi не знарок, таварыш Сьнягурскi, але, аказваецца, якраз добра выйшла. У нiкога бадай з цэлай эскадрыльлi не засталося яшчэ гэтулькi сантымэнтальшчыны й паненскасьцi, тэй жаласьлiвасьцi, як у вас. А чулi, што так добра казаў сяньня таварыш камiсар? Вось якраз вам найлепшая нагода давядзеце адно з двух: што вы – цi запраўды цьвёрда-мужны лятун-бальшавiк, цi, прынамся, – спрытны й асьцярожны пiлёт-баявiк. Я, ужо-ж напэўна знарок, узяў сам сабе той раён, дзе нашая школа, у якой мы ўсе трох гэтулькi год вучылiся й перажылi так багата прыгожага... Цяпер там – ворагаў штаб, i я мушу даконча зьнiшчыць яго, i здрузгачу нездрыгануўшыся. А тут-жа што? I я-ж пакiнуў тут сваю мацi, i цяпер павiнен таксама, дармо што чырвоны крыжык... Зразумела?

– Мяняймася, – запрапанаваў Валiку Юрка, – бо ў маiм-жа раёне з важных ваенных аб'ектаў – хiба што царква на могiлках...

– Нiякiх менак, – сурова абарваў камандзер, – застанецца, як вызначана.

– Так... Дык дзякую за асаблiвы давер... – выцадзiў Валiк, пераходзячы на тую-ж афiцыйнасьць. – Дазволiце йсьцi?

– Калi ласка. Старт 20.30, не забудзьцеся, таварыш Сьнягурскi!

Валiк пайшоў, крутка павярнуўшыся ды нат не адказыраўшы, толькi нэрвова-падчыркнена адбiваючы абцасамi.

– А праўда, дарма ты даў гэтай румзе такую частку – натаўчэць яшчэ кашы, празь нюнi не разгледзеўшыся, – зазначыў па ягоным адыходзе Юрка.

– Колькi разоў прасiў ня вучыць мяне – маю-ткi сваю галаву, – асадзiў яго начальнiк. – Што, i табе яшчэ Верачка балiць?

– А табе – дык хiба ўжо не?

– Так цi не, але якраз я пэўны, што ўжо куды-куды, а на ейны дом, "знаёмы дом", сяньня й зерне макава не ўпадзе. I праўда, я-ткi падумаў, падбiраючы адпаведную кандыдатуру, i ягонае "знарок" было не бяз рацыi.

– Маеш сваю галаву, – працягнуў у раздуме Юрка, але раптам якраз у ягонай галаве мiльганула шалёная, вар'яцкая, як здалося было яму адразу, думка. I ажыўлены зноў раптоўным хваляваньнем, ён пасьпешна кiнуў: – Дык цяпер адпачыць, падрыхтавацца...

I, адказыраўшы, адыйшоў, мала не бягучы.

Усе ўжо былi паразыходзiўшыся па сваiх палатках.

III

Гiсторыя трох сяброў, калi можна было цяпер запраўды назваць iх сябрамi ў поўным сэньсе, нагадвала крыху гiсторыю тых "трох танкiстых, трох вясёлых сябраў" з моднае савецкае песьнi, якую таму й гундосiў iм бадай заўсёды Жарабцоў. Вiктар, Юрка й Валiк на самой рэчы ўтварылi свой зьвяз паводля моднага сваiм часам у савецкай армii прынцыпу "экiпажаў братоў", "сяброў", "землякоў". Але ўвесь iхны шлях да гэтага зьвязу быў даволi сваеасаблiвым i цiкавым.

Ад самае першае, у ваднэй клясе й аднае школы вучылiся Вiктар i Валiк. У пятай далучыўся да iх i тадышнi гадунец дзiцячага дому, кагадзешнi гэрой вулiцы – бяспрытульнiк Юрка Галушка. Усе тры ў вучэньнi аднолькава йшлi ў першым радзе. Кажны меў, кажучы тымi камiсаравымi словамi, свае "недахопы й дахопы", але нек яны ўзаемна зраўнаважвалiся, i выходзiла так, што ўсе тры йшлi роўна, i ўсе тры – наперадзе.

Найменш здольным быў, бясспрэчна, Вiктар Лабунiч, але браў ён выседжваньнем, напорнасьцяй, а што да настаўнiцкiх ацэнаў – i падлiзьнiцтвам ды даношчыцтвам, сваiм яму ўжо змалку. I ў школе яго за гэта ня любiлi, дражнiлi "сьмярдзюхом", бо ў Вiктара, апрача ўсяго, страшэнна i ўжо на вялiкай воддалi тхнула ад ног, якiя вечна ў яго немiласэрна прэлi. Таму на парце ён заўсёды сядзеў адзiн. Заўсёды потныя, няпрыемна-сьцюдзёныя й датаго-ж нек нязьгiнальныя ў даланёх, як дошчачкi, былi ў Вiктара й рукi, i пасьля Юрка бачыў ува ўсiм гэтым таямнiцу цеснага кантакту сябра з камiсарам "Макрыцам": "Бо таксама поўмакрыцы й цэлы сьмярдзюх", – казаў ён.

Самому Юрку, пры ягоных вялiкiх здольнасьцях, пракiдкосьцi й дасьцiпносьцi, не ставала якраз сталасьцi таго выседжаваньня, i таму ён часта, што называецца, "пападаўся". I ў школе гэта быў ужо рызыкант, як пасьля ў паветры, – рыса, зрэшты, узгадаваная яшчэ бяспрытульнiцкай мiнуўшчынай. I гэтае рызыканцтва давалася-ткi ў знакi некаторым настаўнiкам, уплываючы на Юркаву рэпутацыю ў iх i перашкаджаючы яму выбiцца на сама-першае месца. Зрэшты, да гэтага ён i ня iмкнуўся, як Вiктар.

Валiк Сьнягурскi меў i здольнасьцi ня менш, як у Юркi, i ўседлiвасьць, ды, наўсуперак яму, быў зусiм "цiхiм цацам", як казаў той. Але якраз апошняе, даходзячы да скрайнае сарамяжнасьцi, нясьмеласьцi, не давала, як трэба, выявiцца Валiкавым ведам. Заўсёды-ж ведаў ён i паўней i глыбей за ўсiх, навет за тых двух напэўна, але пры адказах раптоўна чырванеў, бянтэжыўся, часам навет блытаўся, i гэта "зьбiвала" й яму адзнакi. Наагул, усiм сваiм вонкавым i нутраным складам Валiк нагадваў баржджэй дзяўчыну, як хлапца. Ён i сябраваў найбольш iзь дзяўчатамi, i тыя проста мелi яго не за хлапца, а як-бы за сваю сястру, дзелячыся зь iм усiмi, заўсёды так багатымi ў дзяўчатаў, сакрэтамi. За гэта хлапцы дражнiлi яго "наша Валя" й "Сьнягурачка", а часам i "авечка" агульнай мянушкай для ўсiх дзяўчатаў клясы, склад якiх, запраўды, падабраўся быў нек наўзьдзiў шэра, не адзначаючыся нiчым выдатным зь нiякага боку.

Але ў сёмай клясе прыйшла да iх новенькая, як неўзабаве выявiлася, зусiм не "авечка". Праўда, з выгляду й яна выдалася адразу вельмi сьцiплай, асаблiва сваймi даўгiмi косамi – гэтым "паненскiм архаiзмам", як здавалася ўсiм – i хлапцом, i стрыжаным пад хлапцоў дзяўчатам. Ды ўжо першымi тыднямi выявiлася, што ў ейнай асобе прыйшоў моцны канкурэнт тром "перадавiком". Яна проста здзiўляла i настаўнiкаў i вучняў заўсёднай грунтоўнасьцяй i глыбiнёй сваiх ведаў, сталасьцяй i спакоем пры адказах, наагул вытрыманасьцяй i ўзгадаванасьцяй. Пры ўсёй сваёй сьцiпласьцi яна зусiм ня была "цiхуткаю" умела ўзяць удзел i ў вагульных забавах i, навет, у хлапецкiх штуках, i пасьмяяцца, i пажартаваць. I пры ўсiм тым ад яе, асаблiва ад погляду ейных шэрых вачэй, як-бы бруiлася нейкая нябачная, незьясьнёная, але спакаральная сiла. Навет хлапцы толькi першы тыдзень спрабавалi торгаць яе за косы й борзда мусiлi адмовiцца ад хоць i вялiкай такой, спакусы. Нек само сабой злажылася, што ўсе пачалi заўсёды i ўва ўсiм слухацца Веры Рынейскае, i пад канец году яна ўжо была за старасту клясы, застаўшыся нязьменна на гэтай пачэснай пасадзе аж да канца школы. Гэтак заваяваўшы ўсiхныя сэрцы, яна сталася ўлюбёнкаю i хлапцоў i дзяўчатаў, а калi ў восьмай клясе пад вясну пачала бушаваць кроў у моладзi i таго i таго роду, у цэнтры гэтага бушаваньня стала зноў Вера.

Дзяўчаты першыя выявiлi, што ўсе хлапцы – але-ж усе бяз вынятку закахаўшыся ў гэтай Верачцы. Насьпявалi ўжо звадкi й "канфлiкты" сярод хлапцоў, пачыналi крывiцца й дзяўчаты, бо нiводзiн з абраньнiкаў iхнага сэрца цi густу – анi вокам ня вёў на нiводную зь iх. Але Вера зноў умела паставiць сябе так, што ўсё гэта ня выбiлася наўзьверх i не прывяло да нiякiх "грамадзкiх забурэньняў" у клясе. З усiмi роўная, яна нiкога не падпушчала блiжэй, але разам iз гэтым кажнаму ўпаасобку як-бы давала нейкую надзею й тым самым трымала каля сябе ўсiх чыста. Яна навет ахвяроўвалася часам пасядзець якую гадзiнку на "пошаснай" парце iзь "сьмярдзюхом" Вiктарам Лабунiчам, i той у глыбi свае самазакаханае й самапэўнае душы мо найбольш з усiх займеў надзею стацца адзiным Верыным абраньнiкам. Але такiя-ж надзеi пацiху таiлi i Юрка, i Валiк, зь якiм Вера, як i рэшта дзяўчатаў, добра тайкавала, а таксама ўсе iншыя хлапцы клясы.

Калi ўжо былi ў дзявятай клясе, нек на пачатку зiмы, Юрка аднойчы прыйшоў на заняткi, наўсуперак свайму звычаю, страшэнна панурым i маўклiвым. Адмаўчаўшыся гэтак "ваўком" колькi гадзiнаў, пад канец дня ён усё-ж ня вытрываў i ў клясе адразу разьнеслася вестка, што Юрка бачыў учора ў кiно Веру зь нейкiм маладым прыгожым вайсковым у форме авiяшколы, i Вера была да яго дужа-дужа прыхiльнаю, куды больш, як да каго-небудзь iз "сваiх" хлапцоў.

Пасьля заняткаў, як разыходзiлiся дадому, Веру "выклiкалi на тлумачэньнi". Яна спакойна, як i заўсёды, сказала, што гэта быў ейны зродны брат, якi прыяжджаў да iх на пару дзён у гасьцiну.

– Зродны браток цi родны сяброк? – ня вытрываў Юрка, каб ня ўставiць "шпiлькi", хоць тут-жа, адчуўшы, што выйшла яна затупой i задурной, навет густа пачырванеў.

– Калi хочаш, дык толькi з такiм, як ён, i можна было-б сябраваць пазапраўднаму, – спакойна зноў адказала Вера, прыцiскаючы толькi на апошнiм слове.

– I выйсьцi замуж? – не ўтаймоўваўся Юрка, чуючы, што зусiм ужо "ляпае дурнiну".

– Але, i выйсьцi замуж. Калi апошняя "падзея" здарыцца неяк у маiм жыцьцi, дык маiм абраньнiкам будзе напэўна толькi такi мужны, бясстрашны "капiтан паветра" – даконча "капiтан паветра", – закончыла Вера, неяк цi то лятуценна, цi то насьмешлiва, хоць нiхто з усхваляваных зайздроствам ейных рыцараў апошняга адценьня не зразумеў i навет не спасьцярог.

На гэтым усе гаворкi пра "падзею" ў кiно спынiлiся й не аднаўлялiся, бо, зрэшты, больш "нiчога такога" за Верай нiхто ня здолеў спасьцерагчы, як нi пiльна сачылi цяпер усе, асаблiва на першым часе. Але пакрысе сярод хлапцоў клясы пачала раптам выяўляцца надзвычайная цiкавасьць да лётнае справы. Ажывiлася праца школьнага авiягуртка, якi датуль iснаваў бадай толькi на паперы, а калi ўвесну быў абвешчаны авiянабор у школу – дзевятаклясьнiкi, усе як адзiн, пападавалi туды заявы.

Што Вiктар i Юрка пройдуць камiсiю – у гэтым для нiкога ня было найменшага дзiва, але што трэйцiм мiж iх будзе зноў-ткi Валiк – сталася для ўсiх поўнай неспадзеўкаю. Праўда, у навуцы ён заўсёды йшоў у ваднэй тройцы з тымi, але-ж тут не ў навуцы штука, а ў фiзычным стане i здароўя, i сiлы, i спрыту. Дзе гэта ўсё ў паненскае "нашае Валi", кволае "Сьнягурачкi"? У самым факце, што й Валiк падаў заяву, бачылi толькi меру ягонае закаханасьцi ў Веры, ня меншую, як у iншых. Хлапцы сьмяялiся й дражнiлiся, што лепш-бы падацца яму ў школу мэдычных сёстраў, бо тут для яго рэч безнадзейная ды зусiм неадпаведная. I дзяўчаты таксама шкадавалi беднага ды наперад рыхтавалiся спачуваць i суцяшаць яго пры забясьпечанай няўдачы. Але Валiк, хоць нязьменна чырванеў на ўсё гэта, ды станоўка, проста "непасвойму", як казалi, дамагаўся свайго й дамогся, "адшыўшы" цэлы рад прэтэндэнтаў, якiя фiзычна выглядалi куды мацнейшымi за яго й былi зусiм пэўныя, што ўжо хто-хто, а Валiк тут iм нiякi не канкурэнт.

Неўзабаве й наладзiлi праводзiны будучых "капiтанаў паветра". Адгулялi iх у Верынай гасподзе, на што ня толькi згадзiлася, але навет сама запрапанавала Верына мацi – вельмi сымпатычная жанчына, сама настаўнiца. Вера была, як заўсёды, роўна вытрыманай i спакойнай, але ўсё-ж крышку можна было спасьцерагчы, што ёй ня можа не iмпанаваць гэты вычын ейных "рыцараў", бо дзяўчына напэўна добра разумела, што гэта тыя калiшнiя словы, сказаныя ёю зайдросьнiкам, так вызначальна ўплылi на выбар iмi свае жыцьцёвае кар'еры, гэтак прынадна-рамантычнай, але разам iз тым i такой цяжкой ды небясьпечнай.

Праводжаныя найлепшымi пажаданьнямi й патаёмнай зайздрасьцяй цi аднага зь незадачлiвых канкурэнтаў-аднаклясьнiкаў, адбылi трох у Маскву, дзе неўзабаве, у чырвенi таго самага году, засьпеў iх выбух вайны зь Немцамi. Курс авiяшколы быў прысьпешаны як мага i, добра папрацаваўшы ды, папраўдзе, адмучыўшыся, новасьпечаныя пiлёты апынiлiся ўжо ля самога фронту, у No-скай эскадрыльлi лёгкiх бамбавiкоў, дзе, змушаныя ня так школьным сяброўствам, як тым Верыным бласлаўленьнем i змаганьнем за яе, папрасiлiся ў васобны, свой "зямляцкi" зьвяз, на чало якога выпрабаваныя падхалiмскiя здольнасьцi вынесьлi Вiктара Лабунiча.

IV

Юрка бег у сваю скрайнюю, найдалейшую за ўсiх палатку, як-бы старт меўся быць ужо, зараз во, i ён ня ўхопiць падрыхтавацца. Гнала яго тая шалёная думка, што раптам выблiснула пад канец гаворкi зь Вiктарам.

– Але, дадому – хоць раз добра вырзаў дурны Жарабец, – праказаў ён сам сабе ўжо ля самое свае палаткi, i тут-жа палахлiва азiрнуўся, цi не пачуў хто. Блiзка ня вiдаць было нiкога...

Толькi як гэта зрабiць – трэба абдумаць зараз канкрэтна, грунтоўна, а галоўна – бяз панiкi, спакойна. Каб i назад як зьвярнуцца? Не, як скочыш далоў – назад ужо дудкi... Дый навошта? Там-жа Вера, дык якраз будзе зь ей i адзiн... А гэтыя два тут застануцца – яшчэ лепш. Але як сама Вера гэта прыйме? Не, хiба-ж не "патрыятычна" – чаму-ж сама засталася пад акупацыяй, калi Вiктар прыйшоў сюды (ня хлусiць-жа хiба). I якраз гэтым цяпер можна й заваяваць яе канчальна, што для яе-ж скочыў. А вайны гэтае й лётаньня ён мае ўжо аж за самае годзе, хай iншыя даваёўваюць, хто хоча, усё роўна, перамога – вiламi па вадзе, дзе... А так – яны будуць разам iзь Верай, што-б там ня было. I якое ўва ўсiм гэтым вар'яцтва, шаленства, як здалося было адразу?

I Юрка супакоiўся канчальна на цьвёрдай, непахiснай пастанове: сяньня ён пакiне i гэтую эскадрыльлю, i Вiктара з Валiкам, i "Макрыцу", i ўсю гэтую "доблесную, непераможную". I назаўсёды. З парашутам – далоў, у "каханы горад", дадому, хоць i няма яго ў бяспрытульнага Юркi, але – да Веры... Дык рыхтавацца, бо старт – нязвычайны будзе старт...

Ды вось адразу – першая "закавыка": як-жа зь iм, iз гэтым штурманам-радыстым Гадэнкам? Бо, дазволiўшы на ўтварэньне "сяброўска-зямляцкага", ледзь не нацыянальна-беларускага зьвязу, пабаялiся-ж пакiнуць яго чыста такiм, дадаўшы, на ўсякi выпадак, штурманамi чужых. Што праўда, сваiх i ня было пад рукамi.

Добра, хоць цяпер гэтага Гадэнкi тут, у палатцы, няма...

– Трэба пачысьцiць рэвольвэр, – iзноў праказаў уголас Юрка. Ён ня любiў свайго штурмана й без таго. Не падабалася яму навет i тое, што прозьвiшча ў гэтага палтаўца – гатовая мянушка, перарабляць ня трэба. I здавалася, што штурман добра й апраўдвае гэнае прозьвiшча-мянушку. Усюды, гад, мяшаецца, крытыкуе, устаўляе свае тры грошы, а сам – доўбня-доўбняю. Падазравалася навет, што ён сочыць Юрку, ды цi ня зь Вiктаравага даручэньня – "сачком" у "сачкома"... Дык гаду хай i будзе гадава... Нi здагадацца, нi зварухнуцца ня ўхопiць – гэткi цяльпук...

Толькi – не: пакуль яго няма, трэба перш iз вопраткай якi парадак даць ня будзеш-жа там франтаваць у гэтым "сакалiным", сваё цывiльнае трэба паднiз, каб гэта пасьля – ськiнуў i пайшоў сабе...

Юрка борзьдзенька распрануўся, дастаў з куфэрка свой адзiны й сьвяточны дагэтуль, людзкi, як называў ён, цывiльны гарнiтур. Так, цяпер на гэта адразу – камбiнэзон... I анi ня знаць толькi што мо зараньня яшчэ гэтак выстраiўся... Ды хто там спасьцеражэ, i што ў гэтым нязвычайнага? Ага, вось i грошы тут добра, што не распусьцiў. Хоць, зрэшты, ня было й на што. Плацяць, што праўда, добра – за добрую й рызыку, толькi цяпер – навет паўлiтра ня купiш звыш таго што "ў прафэсii" "для запраўкi" належыць... Ага, i гэтага рэшткi трэба "зьнiшчыць", "каб i люлька не дасталася ўражаму ляху"... Але пасьля лепш, перад самым адлётам, якраз – для настрою... А грошы – прыдадуцца, пэўна прыдадуцца...

I Юрка ўзяўся чысьцiць сваю зброю, якая мелася сяньня выканаць ня зусiм прыемную ўсё-ж рэч, але бяз гэтага ня выйдзе нiчога... Не, ужо каго-каго, а Гадэнкi не шкадаваць... Ня йдзе вось – хай адгуляе сваё апошняе на гэтым сьвеце, i – марш...

Няўзнак, сам сабою накруцiўся той матыў, якi нядаўна гундосiў iм Жарабцоў. Добрая мэлёдыя, хоць ужо й цяпер для Юркi яна павiнна быць "iхнаю", але ўсёдна – добрая. Упраўляючыся з рэвальвэрам, Юрка сьцiху насьпёўваў сам сабе тое:

Каханы горад сябру усьмiхнецца,

Знаёмы дом, зялёны сад i той пагляд...

Апошняя думка спынiла яго яшчэ на мамэнт: хiба гэта ён – адзiны з трох найразумнейшы, што ягоную галаву наведала раптам такая генiяльная iдэя? Што, калi й з гэных двух каторы падобна разважыў i – наважыў? Вiктар – дык напэўна не: ён нiзашта ня кiне свае, так блiзскучае, кар'еры тут, ардэноў, якiя ўжо перад iм маячаць... Быў-жа ўжо апынiўся на тым баку, i зь Вераю бачыўся навет – назад усё-ж прыгнала. Але – Валiк? Бедны Валiк, якую "сьвiньню" падлажыў яму сяньня гэты сьмярдзюх. Аднак, бадай, мае рацыю: Верын дом сяньня будзе ў поўнай бясьпецы, гэтага "Сьнягурачка" дапiлнуе, як свайго вока. А дадумацца да такой iдэi, як у Юркi, ды адважыцца пагатоў – цi-ж стане на гэта "авечкi"?

I зноў, супакойваючы й абнадзейваючы, выплыла слаўная, задушэўная мэлёдыя на тых самых словах:

Знаёмы дом, зялёны сад

I той пагляд...

V

Валiк ляжаў нярухома на сваiм паходным ложку, уталопiўшыся ў вадзiн пункт перад сабою распаленымi вачыма. Гэтым пунктам выпадкам сталася маленькая, акуратненькая кругленькая дзiрачка ў палатне палаткi, прабiтая куляю. Празь яе вiдаць было чыстае, ужо цёмна-сiняе неба. Дзiрачку нядаўна зрабiў Юрка, як быў у Валiка ў палатцы i, п'яному, заманулася яму застрэлiць iз рэвальвэра муху, што сядзела была на тым месцы. "Куля прабiла маленькае вакенца ў неба", падумалася, прыгадаўшы гэта, Валiку. Але гэтая думка ня спынiла на сабе тымчасам ягонае ўвагi, склiзгануўшы й зьнiкшы, як i ўсе iншыя, ды варочаючы ўсё назад да таго аднаго – што за подласьць зрабiў яму Вiктар, i што наагул будзе сяньня, за гадзiну-другую, зараз во... Гэта мучыла й пякло, i кавалачак неба ня мог анi супакоiць, анi ўцiхамiрыць сваёй чыстаю сiняй. Можа замалы быў ён на гэта. I Валiк, хоць увесь час глядзеў на яго, не заўсёды й бачыў, апанаваны цяпер сваёй нявымоўнай пакутаю.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю