Текст книги "Здубавецьця (кнiга) (на белорусском языке)"
Автор книги: Рыгор Бородулин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)
Зiма настала. Агарнуў холад, засьцiг голад. Есьцi хочацца. Пад страхой венiк вiсеў i калодачка. Вецер як усходзiцца – венiчак шась, калодачка бразь. Баба й гукае:
– Зараз, зараз. Толькi сярпок вазьму. Ён тут, на стале.
Выйдзе, а нiкога няма.
Во!
Унук гадуецца ў дзеддоме (у дзеда з бабай). Бацькi й воч ня паказваюць. Нарэшце прыехаў бацька, прывёз розных смакаў, гасьцiнца. Дзед радасна й просiць унучка:
– Пакажы, дзе твой тата?
– Во – паказвае падрослы ўжо хлопчык на фотакартку, якая вiсiць на сьцяне за шклом.
Павiнны быць
Жыд пайшоў з сынам у грыбы. Iдзе па лесе, галаву ўгару задраўшы. Сын сьледам бацьку пераймае. I сур'ёзна пытаецца:
– Тата, тата, а ў грыбоў вочкi ёсь?
– Павiнны быць!
Кароткi адказ
Дзядзька прыехаў у Вушачу нешта купiць. Сустрэўся яму дзяцюк, сын даўняга сябра, якi жыў у далейшай вёсцы. Дзядзька рады спытацца:
– Мiкола, як там бацька?
– Гатоў! – коратка адказаў сын.
Маладому й сьмерць ня ў страх.
Андарак
Сьвякроў ня любiла нявестку. Усё нявестка была ёй вялiка. Ходзiць па хаце сьвякроў дый бурчыць:
– За гэтай нядарэкай нiдзе ня пройдзеш.
– Дык яе ж няма, – кажуць старой гаспадынi.
– Як няма? А вунь жа ейны андарак вiсiць.
Самая прыгожая
Птушанятка выпала з гнязда. Птушкi падлятаюць, каб суцешыць. Пытаюцца, хто мацi. Птушанятка адказвае, што ягоная мацi самая прыгожая. Прыляталi зязюля, сойка, сарока, жар-птушка. Малое пярэчыць, што мацi прыгажэйшая. Нарэшце, прыляцела сава. Зарадавалася птушаня:
– Гэта мая мама. Яна самая прыгожая ў сьвеце...
Як пан
Пасварылiся муж з жонкаю. I адбыўся часовы падзел. Муж ляжыць i разважае перад сном:
– Мая жонка, як сучка ў пярнатах, а я, як пан, на голую лаўку...
Кожнаму сваё.
Адкупiць
Сыну, якi ня паважае мацi, ня клапоцiцца пра яе, напамiнаюць, што яна ж цябе гадавала, калыхала, сасiла. Ён адказвае:
– Я магу ёй адкупiць суды малака. (Суды – два вядры).
Было шчодрае на адзьдзяку сыньняе сэрца, што й казаць.
Цяжка
Стрыгнатка паляцела на спажыву. Маленькiя засталiся ў гнязьдзечку. Пралятаў крумкач. Птушаняты бачылi яго й спалохалiся. Калi прыляцела мацi, пачалi распавядаць пра страшнога ды вялiкага гасьця. Плiска шашэрыла пер'е, хацела зрабiцца вялiкай, каб дзеткi прызналi ў ёй таго, хто напалохаў iх. Глядзелi, глядзелi яны дый кажуць мацi:
– Хоць ты лопнi, расьця, а ня вырасьцеш з гасьця.
Цяжка малому ўяўляць вялiкае.
Пераможца
Самым лепшым участковым у раёне лiчыцца той, у каго меней за ўсё выяўлена самагоншчыкаў. Хто ня зусiм прапiў галаву, ня падавалi зьвестак са свайго ўчастка, а складалi сабе графiк, у каго пахмяляцца яшчэ цёпленькай самагонкай, каб горла ня застудзiць. Яно ж мiлiцыянту трэба, каб па службе ўгару йсьцi, як цыгану па драбiнах.
I вось у вушацкiм Доме культуры ў дзень мiлiцыi аб'яўляюць пераможцаў у спаборнiцтве за цьвярозасьць i парадак. Называюць першага па раёну й клiчуць на сцэну атрымаць сувенiр. А пераможца падымаецца й зноў ападае. Ня можа ўстаць ды йсьцi. Вiдаць, шчыры быў пяршак у гаспадара, у каго пахмялiўся на дарогу...
Прамачыць горла
Гаспадар, вялiкi жмундзяк, баiцца, што парабкi шмат зьядуць. Перад ядой прымушае iх пiць ваду. Так, думае ён, у iхных чэравах застаецца меней мейсца на страву. Цярпелi, цярпелi парабкi, пакуль адзiн ня даўмеўся. Бярэ поўную кварту вады дый гучна прыгаворвае:
– Трэба размачыць горла, каб паболей жорла!
Гаспадар пачуў i спалохаўся. Перастаў паiць вадой перад ядой.
За парабка
У Петруся Броўкi быў брат, якi жыў таксама ў Менску. Iншы раз, калi куды выязджаў Броўка зь сям'ёй, прасiў брата прыглядзець за дачай. Пакармiць ката й маленькага сабачку. (I прымаўка казала: маленькi сабачка да веку шчанючком.) Паехаў брат у Пуцiлкавiчы да Броўкавай пляменьнiцы дый скардзiцца ёй на сваю долю:
– Яны мяне за парабка маюць. Я ж у iх скацiну гляджу...
I выцерся
Пайшлi мы з мамай у Купалаўскi тэатр на чарговы юбiлей Кандрата Крапiвы. Ад iмя партыi як свайго вернага спадручнага юбiляра вiтаў Машэраў. Па паперцы, падкрэсьлена цяжка й няправiльна вымаўляючы беларускiя словы. Потым па партыйна-савецкай традыцыi пацалаваў Крапiву. (У крапiве толькi любiцца кепска.) Я нiчога ня заўважыў, а маме кiнулася ў вочы: пацалаваў, выцягнуў насоўку й акуратна выцерся. Што й казаць, былы педагог, а цяпер бацька народа меў кшталт.
Дык i едзь!
Хлопец з вушацкай вёскi стаў мараком, да капiтана дарос. Але жонка ўпрасiла яго перайсьцi на ейнае прозьвiшча ў памяць пра любiмага бацьку. А то род зводзiцца. У iх дзяўчаткi гадуюцца. I зрабiўся хлопец з Балабоўкi (даўняе чыста вушацкае прозьвiшча) Бальшаковым. Прыехаў да бацькi сын, але ня з бацькавым прозьвiшчам. Бацька адрэагаваў адпаведна з моцнымi эпiтатамi:
– Ня хочаш мяне за бацьку прызнаваць, ня хачу цябе прызнаваць за сына. Што я – палiцэйскiм быў, цi ўкраў што, цi забiў каго? Стаў Бальшаковым, дык i едзь бальшаком!
Увесь у мыле
Яшчэ з паганскiх бадай што часiн клёцкi з душамi ў вушацкiх i рытуальная страва на Дзяды й на хаўтурах i на памiнках. Клёцкамi з душамi кормяць, калi мужчыны йдуць на цяжкую працу. I дарагiх гасьцей вяльмуюць клёцкамi з душамi.
На традыцыйнай сустрэчы партызанаў вушацкi рэстаран наварыў катлы клёцак. Усе – камбрыгi i некамбрыгi елi са смакам, як у нас кажуць, абялёдавалi прысмакi. Камбрыг Квiцарыдзе адмовiўся. (Лабанок неяк паказваў бiяграфiю камбрыга. Мiж iншых важных паваенных пасадаў Квiцарыдзе была й рычаговая пасада – дырэктар цэнтральнага рынку Тбiлiсi.) Пакрыўджаныя вушацкiя, калi потым знаёмiлi нейкiх гасьцей з мясьцiнамi партызанскай славы, паказвалi лазьню, якую немцы акружылi, калi камбрыг Квiцарыдзе мыўся. Мiж iншым падкрэсьлiвалi:
– Выскачыў голы, валасаты, увесь у мыле, ледзьве ўцёк...
Прыкiдваецца...
Пайшлi ў лазьню суседзi. Зь iмi й глухi. Пачалi мыцца, парыцца, хвастацца. Адзiн жартаўнiк вазьмi дый лiнi на глухога кварту вару. Закрычаў, заекатаў няшчасны. А весялун яшчэ дабаўляе, нiбыта лiе халадзёнку на гарачыя камянi:
– А прыкiдваўся, што ня чуiць...
Пацягушачкi на парастушачкi
Пацягнуласядзяўчына, аж, як пiсаў Пiмен Панчанка, маладыя костачкi хруснулi. Мацi расчулена:
– Расьцеш, дачушка.
– Брэшаш, мамулька, хачу...
Дачушка была настроена на канкрэтную лiрыку.
Набытак
Любiлi вушацкiя прыпавесьць пра прасталытку й пра бяззаганку. Памерлi абедзьве. У нябеснае канторы адной выдалi даведку (у нас казалi дублiкат) аб бязгрэшнасьцi, аб прыстойнасьцi. Другой нагрузiлi мех, ня раўнуючы як бычыных хвастоў, мужчынскiх патарчакаў. I падалiся бяззаганка й прасталытка ў рай. А рай абнесены ровам, у якiм палае агонь пякельны. Як нi торкала бяззаганка даведку – гарыць папера. А прасталытка зьвязала свае сувенiры накшталт каната (ёсьць жа вясёлая папеўка: "Як я была малада, тады была рэзва, да салдата па канату сама ў хату лезла") i перайшла цераз роў у рай. Прыдаўся матэрыяльны набытак.
Ванцак
Захварэла маладзiца на ванцак. Якiя лекi нi давалi – рады ня маглi даць. Тут аднекуль вазьмi дый зьявiся здаравiла. Узяўся вылечыць. Толькi ўсiх з хаты выгнаў, каб ня пярэкалiся. А ўсiм жа цiкава, як жа лячыць будзе. Праз запятыя вокны ўсё-ткi згледзiлi. Толькi й разважалi:
– Як паглядзець, дык дзярэць, а як знаiць, дык ванцак выганяiць...
Разважалi, пакуль лекуну моцы было.
Сьветач
– А ты што, за сьветача быў? – пыталiся ў таго, хто даводзiў бацькоўства банкарта. Быць сьветачам – значыць стаяць у нагах з лучынкай, калi дзяцей робяць. Напрыклад, вушацкiя былi перакананыя, калi рабiць гэтую адказную працу на гарохавiнах, малое будзе сукрыстае, цi, кажучы лiрычна, амурыстае. Таму й цешыла вушацкiх кнiгарня ў Полацку зь iмем "Сьветач". Усьмiхалiся старэйшыя, якiя мову ведалi ня па казённых падручнiках.
I мне
Кум запрасiў кума ў госьцi. Частуе. Налiвае. Але калi поўнiць сваю чарку, гаспадар увесь час пералiвае, прыгаворваючы разгублена: "Ух ты!" Глядзеў, глядзеў госьць дый папрасiў:
– Кумок, налi ты й мне хоць раз з ухты!..
Чычылiць
Носiць бусел сыноў-пагоднiчкаў i носiць. А ў селянiна ня хапае рашучасьцi, як у драўлянага дзядзькi, зразьбяранага славутым Апалiнарам Пупкам, зашчамiць адной рукой буслову дзюбу пад паху, а другой, трымаючы сякеру, як адсекчы: "Досыць!" Вяртаецца з ворыва заезджаны, як i ягоны конь, гэты багатыр на дзяцей, а перадапошнi сынок пра самага малога здалёку крычыць:
– Тата, тата, i Мiкiтка ўжо хлебец чычылiць...
Абрадаваў.
Як садзяць бульбу
Заўсягды паўтарала мама, як трэба садзiць бульбу – каб роўненька клалася ў разору. А то iншы садзiць так, як бык сцыць.
I яшчэ трэба, каб кожная бульбiнка была адбаблена – адарваны расток (як пупок у нараджэнца).
Зарабiла крыж
Мужык ваяваў у вайне за цара. Жонка дома ня сумавала. Дзецюкi былi нявыводныя. Аднойчы чарговыя дзецюкi завялi маладуху на магiльнiк i, нацешыўшыся ўволю, вырашылi павесялiцца: прывязалi шчодрую на ласкi часовую ўдаву да крыжа. Дый зьнiклi. I абначавала кахальнiца на магiльнiку. Недзе пад ранiцу ўсё-ткi вывернула крыж ды зь iм i вяртаецца дадому. А якраз мужык прыйшоў з вайны. Грукаецца жонка ў дзьверы. Убачыў служывы, пачаў дзiвiцца:
– Я за ўсю вайну й медаля ня заслужыў, а ты, жонка мая верная, за ноч крыж атрымала...
Цi б я...
Любiлi вушацкiя показку пра старога кавалера, як ён усё ўмеў абгрунтаваць:
– Цi б я гальштук ня насiў? Надзену, а хто-небудзь цоп i панёс сабе.
Цi б я на рыбу ня схадзiў? Злавi, а пасьля ня ведай, што зь ёй рабiць. Калi яе ля ракi варыць, раскладзеш агонь, а лес загарыцца. А пакуль дамоў занясеш, згнiе.
Цi б я на базар ня пайшоў ды ня купiў скаромiны якой? Ды грошы ў руках ня будзеш несьцi, выставiўшы, а ў кiшэню пакладзеш, басякi падцiкуюць – хоп, i ня зловiш. Так i ем поснае.
Цi б я ня жанiўся? Жанюся, а жонку возьмуць ды перахопяць.
Цi б я ня купiў парасё? Ды парасё нанач адно ня пакiнеш – ваўкi сьцягнуць. А ў хаце зь iм ня спаць.
Так i жыву аб нiчым, нiшчымнiцай даўлюся, неабмыты, неабшыты, непрыкаяны, непрыхаiны.
Пырскi
Вушацкi малец быў на заробках там, "где золото роют в горах". Вярнуўся з нейкiмi шэлегамi, якiя тут жа i пусьцiў на вецер у "Вецярку". У кожным райцэнтры такiя ўстановы былi абавязкова. Пiў, ня прасыхаючы, мок у гарэлцы.
Вушацкiя жанчыны казалi як бы спагадлiва:
– Прыехаў з залатых пырскаў...
Пырскаў хапала напачатку ад шампанскага, а напрыканцы ад пiва.
Хор
Так казала вушацкая цётка пра сьпевы:
– Пачынаюць, як камары, тады, як мухi, тады, як аваднi, а тады як гiкнуць!
За што?
Мама распавядала, як у трыццатыя гады прывялi ў суд старую. Ёй пад восемдзесят гадоў. Прыйшлi дзецi, унукi, праўнукi. Чытаюць прысуд – дзесяць гадоў. Уся радня ў сьлёзы. А старая нiчога ня разумее:
– За што? Цi ж я крала? Я ж на сваiм шнурку два снапкi на нiткi ўзяла.
Показка спачувае: за маё жыта i я ж бiта. А тут бабка за свой лянок.
Адметны
У партработнiка пасьля вайны галiфэ былi абшытыя скурай, працiралiся ад паседжаньняў. Усё яшчэ пад камiсараў старалiся саўслужбакi. А вушацкiя яго адразу ж празвалi – хромавая срака.
Добра
Маладзiца, у якой зноў завёўся прытыка (так вушацкiя завуць прымакоў), радуецца:
– За пнём галава, за калодай ногi. Добра, калi ў хацi якi шавель ёсь...
Проста хацеў
Званок у вушацкую мiлiцыю – у Сарочыне (вёрст з дзесяць ад мястэчка) аварыя! Мiлiцыя. Хуткая дапамога. Прылятаюць – нiкога няма, нiчога ня стрэслася. Выходзiць спакойны, пад добрай чаркай дзядзька:
– Ды нiчога ня было, я проста хацеў заехаць у Вушачу...
Давезьлi. Заехаў дзядзька за колькi хвiлiн на пятнаццаць сутак.
Старцы пабiлiся за сухарцы
Каб неяк скрасiць нуду дарогi й голад хоць на словах ашукаць, старцы разважаць пачалi. Адзiн папросiць хлеба, другi малака. Той, хто будзе прасiць хлеба, задуменна й кажа:
– Укушу я хлеба ды хлiб-хлiб малака.
– Ах ты такi-растакi, я малако буду прасiць, а ты па два разы хлiбаць?
I сварка ў бойку перайшла – счубiлiся. I на паўшкi пайшлi. Як ня пазабiвалi адзiн аднога, яшчэ да вёскi ня дайшоўшы. I нi вячэры, нi цяцеры...
Сама
Маладзiца галосiць, запытваючыся, цi то ў мужа, якi ляжыць на куце на паповых санях, цi то ў тых, хто прыйшоў разьвiтацца з суседам:
– А хто ж мяне пабуджаць будзiць?
Адна ня вытрымала дый кажа:
– Сраць захочаш, сама ўскочыш.
Местачковы дыялог
– А што ў цябе зялёнае ў роце?
– А хiба знатка? Гэта ж я тваю зялёнку выпiла.
На пахмельле й зялёнка, як самагонка.
Драматургiя побыту
Мая апошняя радня па бацькавай лiнii, пратарэклiвая цётка Марушка скардзiцца:
– У зялезным магазiне тапароў людскiх няма, толькi такiя, як галовы па тэлевiзару адсякаюць...
Выходзiць, цётка i алебарды бачыла.
Ён, паночак...
Прывяла маладзiца малога да доктара. У яго, кажа, з жыватом нешта. Доктар пачынае пытацца:
– Дык яго слабiць?
– Не.
– Яго крапiць?
– Не.
– Тады ён здаровы. Навошта да мяне прывяла?
– Дык ён, паночак, дрышчыць...
Свой адлiк
Адна дзеўка йшла на Пятра дый прыгаворвала сваёй касматачцы:
– Знай, пятля, калi было Пятра, намуразалася, як вiшань...
У кожнага свой адлiк часу.
Рэшата
Пра дзяўчыну, слабую на перадок, канкрэтна пра ейную масёху казалi вушацкiя:
– Гэта ўжо такое рэшата, што й пасеiна адна ня затрымаiцца.
Вобраз рэшата прынiжаны, затое выразна.
Як гэта?
Вушацкая студэнтка загуляла ў Менску. Просiць, каб мацi пайшла ў бальнiцу, узяла даведку, што яна дома прахварэла. Трэба вучобу на год "отсрочить". А мацi нiяк ня можа ўзяць да толку:
– Як гэта адсрачываць? Цi табе, дачушка, далi мяшалкай па срацы?
Захацелi сьцiснуць
Мама прыйшла з канцэрта й пра сучасную моду кажа:
– Паразьдзiралi ўсё, дык спаднiцамi захацелi сьцiснуць...
Выходзiць, што й з моды ёсьць выгоды.
Цяпер
Вушацкая жанчына заўважае:
– Цяпер дзевак замуж аддаюць цельных – тры месяцы пабудзiць i ацелiцца. Ня глядзяць, што цельная, бяруць. Раней бальшыной бралi няцельных, а цэлых.
Па клопату
Старыя цёткi кажуць сваiм аднагоднiцам:
– Ну што, сваiх курэй на курасаднi пасадзiлi ды ўспакоiлiся?
Адгiлела, ад'юрэла, адабрала.
Сама музыка
Мужык на худую жонку:
– Iскрыпка мая, балалайка мая.
Поўна хата музыкi.
Рамонт
У местачкоўца жонка высокая, а ён маленькi. Ды, напiўшыся, жонка б'е й б'е яго. Грокат, грукат стаiць. Выйшла гаспадыня з хаты пасьля чарговае бойкi, а суседка й пытаецца:
– Што ты, Полька, рамонт рабiла?
Неяк гэтая Полька п'яная разьбiла галаву. Абстрыглi нагала. Дык сябры пытаюцца ў цiхманага мужыка, цьвелячыся:
– Цi адрасьлi валасы, цi можна ўжо баньцiкi завязаваць?
Баялася
Вушацкая была за армянiнам замужам. Калi стрэслася бяда ў Арменii, яна была ў мацi ў Вушачы. Мацi замужнiцы казала пасьля:
– Баялася дачка, што мужык затросься й алiментаў ня будзiць.
Блiнная прафесiя
Лiчылася з даўнiны ў вушацкiх: шавец шыiць, а жонка з голаду выiць. Часта яшчэ канкрэтней удакладнялася:
Сядзiць мужык на палiцы,
Шыiць боты, рукавiцы.
Што пашыiць, то прапьець,
Прыдзiць дамоў – жонку бьець.
Пра каваля ўжо iнакш прыгаворвалася: каваль куець, а жонка пяець.
Пра млынара таксама ня сумна казалася: млынар шапку абтрасець, а жонка блiноў напячэць.
Выходзiла, што самая хлебная, нават блiнная прафесiя ў млынара. Цьвялiлася ж папеўка гарэзна:
Ой, млынар, ты млынар,
А я млынарыха.
Каб з табою мы, млынар,
Ня зробiлi лiха.
Дзе кашуля бялейшая
Казала вушацкая маладзiца, як мацi ейная паважала бацьку, стрэнчыла каля яго. Каб пад'еты быў, каб у карэлiках ня хадзiў, заўсягды давала яму чысьцейшую надзетку якую. Калi касiў, ад усiх на лузе сьвяцiўся. I мацi сама, было, нясе есьцi гаспадару свайму й малых пасылае. Дзецi й пытаюцца:
– А дзе ж мы бацьку нойдзiм?
– Дзеткi, глядзiце, дзе кашуля бялейшая.
I прыгадваецца, як песьня пытаецца:
Сягоньня субота,
А заўтра нядзеля.
Чаму ў цябе, хлопча,
Кашуля нябела?
Калi ж
Жанчына прыйшла ў вушацкi клуб. Моладзь адпаведна з часам i модай танцуе павольны танец. Глядзела, глядзела жанчына, чакала, чакала дый ня выцерпела:
– Дык калi ж яны ўжо танцаваць пачнуць?
У вырай
Маладзейшы сусед запрашае старэйшага гадамi на рыбу (у нас кажуць дасюль: пайсьцi на рыбу, у ягады, у грыбы). Старэйшы аднекваецца:
– Ня мае гады на рыбу хадзiць – у вырай зьбiрацца пара!
Сон на руку
Ранiцай жонка крыўдзiцца мужыку:
– Аж замарылася, пакуль з табой увосьнi сварылася.
Мужык пытаецца:
– Чаму?
– Дык ты першы пачаў.
Галоўнае не ўступiць, хоць усрацца, а не падацца.
Барышы
Мама неяк тлумачыла мне, што барышное – гэта агуркi, цыбуля, рэпа й iншая гароднiна. Iм барышуюць, пьюць барышы: гарэлку, вiно цi якую юруху. I кажуць жа: бабы качэргi мянялi, а барышы пiлi.
Кароткi дыялог
Каля бочкi зь пiвам.
– Цi добрае ваша пiва?
– Пакуль што нi зь кiм ня бiлася.
Ад жарту пiва яшчэ п'янейшае робiцца.
Па-свойму чуе
Дзед Селiвей любiць унука. Баiць яму казкi. Бярэ з сабой на Вечальле рыбу вудзiць, на чаўне возiць. А малы чуе па-свойму дзедава ймя й клiча: дзед Салавей. I дзедаваму вуху прыемна гэткае нядачуваньне ўнука.
Гасьцiннасьць
Сват свацьцю частаваў ды прыгаворваў:
– Хлiбай, хлiбай, свацьця, а то ўсё роўна сучка зьесь...
I гасьцiнна й ашчадна. Усё адначасна.
Шчасьлiвая старасьць
Спаткалiся старыя прыяцелькi. Гукаюць спамiж сабой.
– Чаго цябе ня вiдаць?
– Печы пiльнуюся.
– Ты хiба памiраць сабралася?
– Во! А каму я печ кiну. Цэлы дзень са старым сварымся – то я кажу яму, каб пасунуўся на пяколак, то ён мне. А ўсё ж нейкi рух.
На сваiм
Папрасiўся чалавек пагрэцца ў хату. Як грэцца дык грэцца. Ужо й ноч надыходзiць. Цярплiвыя гаспадары кажуць, каб начаваў, бо самiм адпачываць хочацца, а госьць на сваiм стаiць:
– Хоць да дня дабуду, а начаваць ня буду!
Важна захаваць прынцып.
Студэнтка
Iлонка адну зьмену была ў пiянерскiм лагеры недзе каля Кублiчаў. Адбыла. Прыехала. Пытаемся:
– Якая ў вас пiянерважатая была?
– Студэнтка, што ня паступiла ў iнстытут.
Бяседа
Марушка нябыццам сур'ёзна казала:
– Лепей бяседы няма, чьм хаўтуры: ня трэба нi дары, нi грошы. Сеў, напiўся, пад'еў – хочаш, кажы дзякуй, хочаш – не. Бо, як памрэць чалавек, каб хто ў хаце памог, а як за стол – дзьверы ня счыняюцца.
Показка сумна жартуе: наеўся, як дурань на хаўтурах.
Што зварыць
Некалi мама мая пыталася ў Iлонкi:
– Што зварыць, што хутчэй, цi булён з клёцкамi?
Унучка адказала бабулi:
– Булён, бо ён даўжэй варыцца.
Абы ня есьцi.
Iдылiя
Прыйшлi жонкi адведаць сваiх мужыкоў партызанаў блiзка да перадавой. Адзiн выпiў, закусiў усiм хатнiм дый заснуў. Хропат аж сьцены гайдае, а жонка над iм сядзiць расчуленая. Спатканьне цёплае.
Другая жонка кажа свайму:
– Iванька, ты б дамоў прыехаў, курка б яечка зьнясла, ты б зьеў.
Лiрыка крутая, як цяпер кажуць. Круцей за яйка, зваранае ўкрутую.
Дома
На вушацкiм з дазволу сказаць базарчыку бабка прадае цыбулю, кроп. Прапануе нейкаму местачкоўцу са служылых. Той адмаўляецца:
– Шчаўя няма каму варыць, жонка ня дома.
– Ат, знойдзiцца. На адной сьвет клiнам ня сышоўся.
Суседка па гандляваньню пытаецца:
– А ў цябе, бабка, дзед ёсь?
– Мой ужо трыццаць гадоў як дома.
Клопат жыцьця й фiласофiя быцьця – ўсё разам, упоплечкi, як гэтыя старыя.
Хвантазiя
Фiгурнае катаньне глядзяць па тэлевiзару мама, суседкi, сусед Трахiм, Арынiн сын Васiль. Арына, мамiна сяброўка, дрэмле, але праз сон дае нейкiя каментары. Трахiм дрэмле, а пасьля:
– Васька, тваю маць, дык гэта ж хвантазiя! Ты ж так паспрабуй бяз канькоў зробiць. А то з канькамi й так.
У слове хвантазiя – i хватаньне, i хвась, i захопленасьць. Дадушы, ня хвунт разынак.
Як музыка
Распавядае адна пра пьянага мужыка:
– Як даў у палiчку, усе шкляначкi ў цурачкi, усе кубкi ў цуры.
Як музыка гучыць расповяд. А на справе гучала ня так ласкава. Слова ўсё можа й агрубiць, i абласкавiць.
Па-мацi
У Вушачы местачкоўка даганяе нейкага дзядзьку й гукае ўголас:
– Васiлевiч! Васiлевiч!..
Той iдзе i ня чуе. Махнула рукой:
– Ат, стуiбень!
Прыстоiла.
Зазвычай па-бацьку клiчуць хоць маленькiх, ды "карчоў" (так у нас завуць начальнiкаў) i яшчэ магазiншчыцаў, крамнiцаў, у мястэчку асаблiва.
Можа, каб адразу пачала клiкаць па-мацi, пачуў бы...
Наперасьцiгi
Кума куме раiць:
– Кумка мая, пасядзiм, пагаворым аб людцах, а людцы аб нас даўно гавораць.
Зразумелы клопат: ня адстаць, перагнаць, пайсьцi, як вушацкiя кажуць, наперасьцiгi.
Ацанiла
Марушка слухае па радыё выступленьне дэпутата, заўважае:
– Во, язык, мусiць, на кавадлi адкавалi – цэлы вечар лапочаць.
Як таму ваўку з казкi пра казу й казьлянятак.
Прыбабунькi
(кнiга "Здубавецьця")
Гэтае ўшацкае слова, у якiм гучыць i байка, i бабуля, i булькат каменьчыка, кiнутага ў крутавiр усьмешкi i прасьмiшкi, аб'ядноўвае такiя навуковыя паняцьцi, як прыказкi, прымаўкi, каламбуры альбо досьцiпы, са мною змалку хадзiла, бо прыбабунькi ў мамы маёй былi на кожным кроку, на першым прыскоку.
З матчынай хаты яны пайшлi са мной, каб грэць, бадзёрыць, надзеiць мяне ў халоднай дарозе жыцьця.
Пад'ялдычкi
На Андрэеве медзьвядзя забiлi,
Прадалi, грошы ўзялi,
Шапку купiлi.
Бай мерыў на нагу,
Пацубай на руку,
А насяру табе на галаву.
– Ну.
– Х.. гну, дуга будзiць.
– Куды?
– У сраку па жалуды.
– Натрасу й табе прынясу.
– Пакажы.
– У казы пад хвастом паглядзi.
– Хлеба.
– Падскоч пад неба.
– Скарэй!
– Калi скарэў, дык памыйся.
– Крыж на крыжы.
– Калi знаеш, нi кажы.
– Клубок.
– Скульля табе ў бок!
– Што казе будзiць,
– Як год прыбудзiць?
– Другi пойдзiць.
– Хлеб соль!
– Ядзiм ды свой.
– Добры вечар!
– Добра лечыў, ды памёр.
– Спакойнай ночы!
– Бачыць шпаковы вочы ды глядзець на палок, каб цябе чорт павалок.
– Па што, воўча?
– Па апошняе.
– Адкуль?
– З-пад кур, петухоў сын.
– Калi?
– Ня калi, а жывых пушчай!
– Гразь, гразь, чаму ты ня гарыш?
– Я б гарэла, каб ня была карэла.
I хвор Кузьма,
I нядуж Кузьма,
Прывяжыце Кузьме
Галаву к п..дзе!
– Цi ведаеш, як дзяўчына апяклася?
– Як?
– За гарачы х.. узялася.
– Цi даць табе тры паясы?
– Якiя паясы?
– Я насяру, а ты паясi.
– Чый бацька ўсраўся?
– Твой.
– А твой зьеў!
– Што на сьняданьне?
– Булён
За х.. i вон!
– Што на вячэру?
– Яглi
Пацалавалiся й спаць ляглi!
– Што на палудзень?
– Сушмi.
– Якiя сушнi?
– П..да з вушмi.
– Позна ўжо.
– Гэта ж ня ў гроб лажыць, што позна.
– Дайце нажа.
– Усярыся, бяжа!
– Дай закурыць.
– Закуры кату пад хвост (адказваюць малому).
– Значыцца...
– Калi значыцца дык i целiцца.
– Як цябе завуць?
– Чым крупы дзяруць.
– Крупы дзяруць драчкай, цябе завуць срачкай!
– Навошта ўкраў цыначкi?
– Якiя цыначкi?
– Што пад хвастом у сьвiначкi.
– Навошта ўкраў тапары?
– Якiя тапары?
– Што любаўся бяз пары.
– Расказаць табе пра белых авец?
– Раскажы.
– Вось iм i канец.
– Расказаць табе пра белага лася?
– Раскажы.
– Вось i казка ўся.
Хуткамоўкi
Ядры, сьлiвы, ядры, сьлiвы, ядры, сьлiвы.
Пi здароў! Пi здарова! Пi з даёнкi!
Авечачка, сьпi з дачкой.
Стог у яме, стог у яме, стог у яме.
Бяжыць баба, за ей банка.
Пад паветкай тры канi.
Няма сала – лупi збор!
– Чые дзецi?
– Янопавы!
– Хто Яноп?
– Я Яноп!
Пракоп
Пралез праз строп,
Праз крупы, праз муку й праз падкруп'е.
Загадкi
(кнiга "Здубавецьця")
Хто як цёхкае, шчабеча, квакае, зьвiнiць, стогне
Цiмох, Цiмох,
Павёў дзяўчыну ў мох, у мох,
Павалiў, загалiў
Торк, торк, торк, торк!
(Салавей.)
Пастух пражор на пасту йдзець – жарэць,
З пасты йдзець – жарэць.
Перапiлi, пераелi, пералушчылi,
Перапiлi, пераелi, пераласавалi...
(Ластаўка.)
– Курва, курва.
– Сама такава, сама такава.
(Жабы.)
Еў я пана, еў я цара,
Толькi рыбкi ня спытаў.
За рыбкай паганюся
I сам утаплюся.
(Камар.)
Мiкiтка-сынок,
Падай тапарок
Адсеч пупок,
Паглядзець кiшок.
Фук!
(Голуб.)
Загадкi
Перагнуў цераз мяжу,
А што зробiў,
Ня скажу.
(?)
У куточку на пруточку
Вiсяць Мэндалевы яйцы.
(Клубок нiтак.)
Цыганка ў хаце,
А сiськi на дварэ.
(Бэлька.)
Ракам настаялася,
Сракай накiвалася,
Камары наелiся,
Людзi наглядзелiся.
(Полiва.)
Машоначка бараньня
Даець i зьвечара i зраньня.
(Капшук.)
Авохцi мне,
Пяць на мне,
Шосты строчыць
I той хочыць.
(Iскрыпка, пальцы, смык.)
Кладуць старца ў дамавiну,
Х.. тырчыць напалавiну.
(Грыб у кошыку.)
Памiж двух дубоў
Вiсiць цялёнак бяз зубоў.
(Тое, што й думаеш.)
Дзед бабу нагнуў,
Касмацiцу раздуў,
Салодкае выкусiў,
Горкае выплюнуў.
(Ляшчынiна, арэх.)
Iшлi лесам, сьпявалi басам,
Несьлi драўляны пiражок зь мясам.
(Хаўтуры.)
Мужык карчы драў, драў,
Корч выдраў, кiнуў,
А дзюрку панёс.
(Хадзiў за вугал.)
Сядзiць Савасьцей
Бяз скуры, бяз касьцей.
(Куча.)
Дзесяць братцаў цягнуць невад
На Пердунову гару.
(Пальцы, порткi.)
Словы матчыны з Вушаччыны
(кнiга "Здубавецьця")
Ня хвалiся сеўшы, а хвалiся зьеўшы.
Той самы блiн, ды ў рэшацi.
Ня выходзiць у Хадоры тры блiны.
Хвацiў кашу шылам.
Лёг ня еўшы, ўстаў ня спаўшы.
Пайшла сучка баразной.
Цалое, малое, большае папалам.
Так ня так, ператакаваць ня будзем.
Беднаму Iваньку i ў п..дзе каменьнi.
Як увойдуць злыднi на тры днi, дык i за сем год ня выганiш.
За тры гады боты, як перуном, спалiла.
Пашкадаваў воўк кабылу – пакiнуў хвост ды грыву. Цi будзiць яна жыва?
Высьпеiць касьцянка – высьпiцца шляхцянка.
Карову б'ець зык, а бабу бабскi язык.
Новае сiтца пакуль навiсiцца, а як навiсiцца, дык i пад лаўкай наляжыцца.
Якiя мы самi, такiя нашы й санi.
Пазайздросьцiў х.. лапцю.
Надаела сабачай лапе ляжаць на стале, дык хай пад сталом паляжыць.
Чаго б сьляпы плакаў, каб сьцежку бачыў?
Хоць сабачына, абы вочы ня бачылi.
Ня было мяса, i п..да ня закраса.
У дурной птушкi дурныя песьнi.
Запытала зiма, дзе ты лета быў.
Ня быць казе на лазе, ня есьцi ёй брэду.
Зарадзiў Бог чалавечка – нi баран, нi авечка.
З кiм ня рос, таму ня дзьмi ў нос.
Ня купiў бацька шапкi – хай галава мерзьнiць.
Вашапруд на кут, а добраму чалавечку добра i ў запечку.
За гарой табе Насярэйка кланяўся.
Красавiца, што з-пад стала кусаецца.
I тыя хвалiлi, што цераз шлеi валiлi.
I качачка казала: ты-ты-ты-ты...
Дзень добры таму, хто ў гэтым даму!
Блiны з падскокам.
Спара ў дзяжу, i сын на вясну!
Дай, Божа, сесьцi на шчасьлiвым месьцi.
Хорша, Базыль, ня рассыпай табакi.
Хорша, тата, ня ўдавiся.
Каб шырэй ступаў, дык на чарку б папаў.
Сядзь, хай ня вiсяць, адарвуцца – разаб'юцца.
Забiрайце збрую i едзьце к х...
Калi ты курэц, дык i май свой тытунец.
Дурны, дурны, а скваркi любiць.
Яму гавары, а ён брык дагары.
Пазыкi ня ходзяць бяз'языкi.
Глядзеўшы з рук, зробiшся, як крук.
Няспадзеўкi – дзiця ў дзеўкi – жох.
А я жох сваё з запазухi.
Няўлад мая сучка – за хвост ды на плечы.
Толку, як з кiлы мазгоў.
Раньняя птушка цярэбiць дзюбку, а пазьная – вочкi.
I няўмека пячэць, як з засеку цячэць.
Ня лезь жаба, дзе конi куюць.
Хлiбай, ня дбай, хоць жыдка, ды многа.
Хоць сучку, абы грошы кучку.
Людскi рот – ня гарод, ня паставiш плот.
На чужы раток ня накiнеш нараток.
Ня будзь нi войтам, нi сватам, ня будзеш чалавекам праклятым.
Сам чорт адступiўся.
Разьеўся, як шыла.
З вялiкiх выбораў – лапцi ды абора.
Нагiнаючыся, ня нацалуешся.
Абыходзiмся мы бяз таго Гаўрылы, што каля нас ня жывець.
Фiц выйграў, фiц прайграў.
Дзесяць гадоў нявестка зжыла й ня ведала, што сучка бяз хваста.
Што ня гожа, тое няпрыгожа.
Матка ня знаiць, што цялятка рыкаiць.
Нечага козамi сена псуваць, яны й лыкi зьядуць.
На гора й сядун – дзiця.
На чужое шчасьце й мухай ня ўпасьцi.
З гора кот капусту есь.
Нi з колам у горла.
Грозен рак, ды ў срацы вочы.
Плач, галасi – рады ня дасi.
Падняўся вышэй папарацi.
Усюды гож, як шавецкi нож – i боты шыць, i бульбу крышыць (скаблiць).
Худы, як склезень.
Сыты, як рыдзель (як брысiк).
Мурзаты, як заткала.
Халодна, як у ваўкаўнi.
Мокры, як мачонка.
Ссох, як майскi венiк.
Сыт, хоць нажы вайстры на iм.
Дай Божа ў найме людзям, ды ня мне.
Хочаш мець злосьнiка – пазыч грошы.
Аддай рукамi, а хадзi нагамi.
Даюць, ды з рук ня пускаюць.
Дзе няма роста, там няма й прыгоства.
Дабрахвочы глядзiць скупому ў вочы.
Садраць, як чорт за бацьку.
Лепей касiць касой, чым дугой.
Смакам, смакам, смакаўно, а ўсё ж лепей за гаўно.
Ва ўдавы два наравы, а ў удаўца бяз канца.
Зьбялеў, як лiпа.
Бiся, сварыся, а на дабрыдзень слова кiнь.
Чужога рабёнка хоць маслам масьлi, а ён дзёгцем усё роўна сьмярдзiць.
Каб табе даў Бог здароўя з жабiны прыгоршчыкi.
Чужое дабро возьмiць (бярэць) за рабро (вылезiць праз рабро).
Кароўка – мамка, а сала – ямка.
У каго няма статку, у таго няма i ўпадку.
Цяжка толькi пачаць, а кiнуць ураз.
На вiд мужык хоць лапаць, абы жыць – ня плакаць.
Каб госьцi ня селi косьцю.
Галодны, як воўк жаробны.
Разгуляўся, як сабака ў торбе (у мяху).
Любiў бы Грасiм, каб чорт грошы насiў.
Журавы паляцелi – палудзень панясьлi.
Малады – першую галаву на карку носiць.
Еш, пакуль ня запяеш.
Ня круцi духамi.
Усiм кагалам i бацька з жыгалам.
Якая жонка ды ня жонка, а ўсё ж лепi за парасёнка: хату адчынiць i зачынiць.
Хоць насяры ды ўтапiся.
Тры п...ы попелу ня варты.
А дзе ж тое дзелася, што ў штанах вярцелася?
Жыць будзеш, але ня захочаш.
Няма чаго малiцца, калi з запазухi валiцца.
Згаварыўшыся, i бацьку можна забiць.
Як зяць на парог, дык цешча за яйцы.
У яго ў роце мухi любуцца.
Тады мужык з жонкай сварыцца, калi ў катле трасца варыцца.
Кармi гаўном – заб'еш гальнём.
Гонкая дзеўка, хоць на ёй вiшнi абiрай.
Даўгi, хоць сабак вешай.
Жывiце, як брацьцi, а рахуйцеся, як жыдзьдзi.
Хлеб на стале – рукi свае.
Каб цябе порах узяў.
П'юць так, што сабакi морду лiжуць.
Пакуль па каню, па аглоблi скарэй.
Ня бачыўшы цэлага, i лапленаму рад.
Сiраце даварыцца ў жываце.
Дзяўчына, як жалуд.
Хай той плачаць, хто бярэць, хай той скачаць, хто iдзець.
У Бога дзён ня рэшата.
Каму рупiць, таму й вочы лупiць.
Дайце Саўку спраўку.
Мазгi ў ствол пайшлi.
Служы верна й крадзь памерна.
У яго даўгоў, як у зайца ламоў.
Ня слухаiць, хоць ты яму вуха выварачавай.
Дзьве бабы й Тумаш – поўны кiрмаш.
Ня налечышся, а скалечышся.
Дзе дзiцё адно, там заўсягды ня ладно.
Адна жаўна й тая з гаўна (адно жаўно й тое з гаўно).
Пагода, аж трасецца.
На воўка памоўка, а мядзьведзь спадналуску.
Ждала, ждала й жданкi паела.
Каб усё было на пiндурах.
Ня перадкуй, як сабака перад пастухом.
Корчыцца, як скурат на агнi.
Нас нi вада ня размыiць, нi сьвiньня ня разрыiць.
Жывець шэртам, вэртам, перавэртам.
Ежа – толькi шалёнаму сабаку на хвост вылiць.
Ядкi на зуб.
Перад сячэць, а зад валачэць.
Калi ж будзе тое лялё?
Далёка пьяны гойкаў.
Воз ня воз – на семярых падвёз, а мне й досiць.
Па Пахомку шапка, па гаўну й пакрышка.
У мяне кароткi завароткi.
Яму не калёсы занасiць.
Чалавеча, цi ёсьць у цябе галава на карку?
Пацалуй мяне сягоньня, а я цябе заўтра.
Сваё сонца i ў попеле вiдно.
Ня знайшоў шчасьця зраньня – ня шукай яго на зьмярканьнi.
Кожная пачвара знойдзiць сабе пару.
Заяц ня трэплецца.
Заяц, i той злосьць маiць.
Кожнаму дразду па сваiм гнязду.
Х.й начаваў, а другi прасiўся (нiчога няма).
Ён табе ня шыш-варона й ня кукуй-заяц.
Стаяць нi на жары, нi на вары.
Завiло ў матылях.
Рабi, рабi, а дзюра мала.
Ня бачыў ты яшчэ савы смаленай.
Жыву, нiчога ня маю, але й з вазоў ня хапаю.
Яму стала нi па каню, нi па аглоблях.
Ня хухры-мухры, а рух-рух.
Глядзi, зробiш кiсла.
Засьмярдзiць пад сталом, запахнiць на стале.
