Текст книги "Дарагая, мiлая мадам (на белорусском языке)"
Автор книги: Роже Гренье
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Гренье Роже
Дарагая, мiлая мадам (на белорусском языке)
Ражэ Грэнье
"Дарагая, мiлая мадам..."
Пераклад: Л.Казыра
На вулiцы дэ Клеры, акурат ля газетнага выдавецтва, я спаткаў свайго старога сябра Луi Рэнье. Такую падзею, вядома ж, нельга было не адзначыць. Зрэшты, сустракаемся мы з iм амаль штодня i кожны раз адзначаем нашы спатканнi. Заходзiм у бiстро, якое тут ведае кожны, таму што там падаюць цудоўнае белае вiнаграднае вiно сансэр. Але сёння вельмi горача, i мы заказваем пiва. Мы якраз дапiвалi свае бакалы, як да стойкi падышоў сутулаваты стары чалавек. I тут Рэнье штурхае мяне i цiха пытаецца:
– Ты ведаеш яго?
– Не.
Перакананы, што цяпер кожнае яго слова будзе для мяне цiкавай нечаканасцю, Рэнье працягвае:
– Ды гэта ж ён вядзе рубрыку свецкай хронiкi ў газеце "Вi галуаз". А псеўданiм у яго – Фрынэ.
Мы глядзiм, як Фрынэ адным махам выпiвае шклянку вiна i хуценька падаецца да выхаду.
Я заказваю яшчэ пiва.
– Ну i Фрынэ, – паўтарае Рэнье i весела смяецца.
А мяне агортвае цяжкi, дакорлiвы, неадчэпны ўспамiн... Чамусьцi заўсёды летам, калi ад спякоты няма паратунку нi на дварэ, нi дома, нi ў бюро, калi замiрае жыццё ўсяго горада i тыранiя штодзённых бясконцых клопатаў адыходзiць на заднi план, нiбы ў марыве паўстаюць перада мной эпiзоды мiнулага. Мяне хiлiць да меланхолii. З горыччу пачынаеш думаць, што i ты сам, i ўсё вакол цябе – такое самае, як i год назад: тое самае бiстро, той самы субяседнiк, тое самае пiва...
Дык вось, гэты Фрынэ, якi вымушаны лгаць сваiм чытачам нават пра сябе самога (а што зробiш, калi трэба жыць, зарабляць, плацiць за свае рэдкiя радасцi, як тая шклянка вiна), – гэты стары ўжо чалавек, якi ва ўяўленнi тысяч чытачоў кожны тыдзень паўстае перад iмi ў новай iпастасi: то таямнiча-загадкавай, то экзальтаванай, то разбэшчанай натурай, што спалучае ў сабе антычную бессаромнасць з парыжскай фрывольнасцю, – гэты наiўна-хiтраваты падзёншчык нечакана прымусiў мяне ўспомнiць пра Галабэра.
Шмат агульнага ў гэтых тыпаў. Як цяпер бачу перад сабой Галабэра: непрыгожы перакошаны твар, аднавокi, ускудлачаныя нячэсаныя валасы, зашмальцаваны, пакамечаны касцюм... I вось – такому чалавеку даручылi весцi жаночую рубрыку на радыё. Што прывяло яго на гэтую пасаду? Выпадковасць? Чыясьцi спагада? А можа, насмешка лёсу? Як бы там нi было, гэтае бяздарнае пудзiла, якое цудам пазбегла жабрацкай долi, кожны раз пачынала сваю перадачу з адной i той жа сакраментальнай фразы: "Дарагая, мiлая мадам..." I паверце, ён зусiм не жартаваў. Чалавек стараўся як мог...
Зрэшты, я i сам тады яшчэ верыў у радыё. У тую пару я быў адказным за падрыхтоўку радыёперадач для насельнiцтва аднаго вострава, якi знаходзiцца ў Iндыйскiм акiяне. Сёння я толькi пацiскаю плячыма, калi ўспамiнаю, з якой стараннасцю, з якой любоўю карпеў я тады над апошнiмi паведамленнямi, прыдумваў новыя рубрыкi, падбiраў музыку, кампанаваў перадачы. Паўтаруся: тады я верыў у радыё.
Спачатку праграмы непасрэдна iшлi ў эфiр на кароткiх хвалях. З прычыны аддаленасцi вострава i рознiцы ў часе наша перадача пачыналася ў чатыры гадзiны ранiцы. Два гады давялося мне недасыпаць, уставаць нi свет нi зара i несцiся ў студыю. А потым высветлiлася, што наш перадатчык мог пасылаць радыёсiгналы не далей чым на 50 кiламетраў ад Парыжа...
Пасля гэтага мы пачалi запiсваць перадачы на грампласцiнкi, якiя дастаўлялiся на востраў i ўжо там, на месцы, перадавалiся ў эфiр. Колькi клопату мелi мы ад гэтай праклятай "сiнхранiзацыi" – гэта значыць стыкоўкi пераходаў з адной пласцiнкi на другую. Не буду хвалiцца, але работа гэтая патрабавала неверагоднай дакладнасцi i спрыту.
Пазней я даведаўся, што перадачы нашы выпускалiся ў эфiр з васьмi гадзiн ранiцы па мясцовым часе. А паколькi на востраве рана ўставаць не вельмi любяць, то ставiць нашы пласцiнкi даручылi прыбiральшчыцы-мурынцы. Яна i ставiла iх, як ёй хацелася. I каму была патрэбна наша "сiнхранiзацыя"?!
Але прагрэс браў сваё. Мы сталi запiсваць перадачы на магнiтафон, а плёнкi самалётам адпраўлялiся на востраў. Неўзабаве рэдакцыя атрымала ўдзячнае пiсьмо: "Шчыра дзякуем вам, што дасылаеце чыстую плёнку. У нас, ведаеце, гэта вялiкi дэфiцыт". Аказалася, што самалёт, пералятаючы тропiкi, кожны раз трапляў у магнiтныя буры, якiя сцiралi ўсе нашы запiсы.
Ну а што ж было потым? – спытаецеся вы.
А справа ў тым, што нiякага "потым" не было, бо востраў атрымаў сваю незалежнасць.
– Пачакайце, а Галабэр?..
Высока пад столлю вялiзныя лопасцi вентылятара перамешваюць душнае, цяжкае паветра... Сумна, змрочна на душы. Слухаю балбатню Рэнье, а сам толькi i думаю пра Галабэра...
Дык на чым жа гэта я спынiўся? А, рыхтаваў я, значыцца, тыя радыёперадачы, якiя не мелi слухачоў. Радыёстудыя тады знаходзiлася побач з Елiсейскiмi палямi. Я дакладна нiколi не ведаў, на сёмым цi на восьмым паверсе была наша рэдакцыя, бо будынак вечна то рамантавалi, то штосьцi надбудоўвалi, то штосьцi перагароджвалi, i паступова ён ператварыўся ў нешта такое, да чаго нават сам Дэдал*, напэўна, не змог бы дадумацца. Каб трапiць да нас у студыю, трэба было падняцца па знадворнай жалезнай лесвiцы, прайсцi па доўгiм звiлiстым калiдоры, спусцiцца на некалькi прыступак, зрабiць паварот, зноў падняцца i нарэшце адолець яшчэ адну лесвiцу, якая вяла ў цесную пракураную каморку. Гэта i быў мой рабочы пакой.
* Дэдал – персанаж старажытнагрэчаскай мiфалогii, якi ўвасабляў тып унiверсальнага генiя.
Зрэшты, у чэраве гэтай пачварнай будынiны знаходзiлася яшчэ нейкая рэдакцыя. Праўда, калi я прыходзiў на работу, супрацоўнiкi гэтай рэдакцыi ўжо збiралiся дамоў i жыццё там замiрала.
Калi ж канчаўся мой працоўны дзень, я з цяжкасцю пераадольваў бясконцыя калiдоры i лесвiцы, якiя адгароджвалi мяне ад навакольнага свету, спускаўся ўнiз i шукаў у зацемненым холе дзверы на выхад. Звычайна тут, ля выхаду, у крэсле спаў нейкi чалавек. Я лiчыў, што гэта начны вартаўнiк. Аднойчы я заўважыў, што ён не спiць, i павiтаўся з iм, нiбы са старым знаёмым. Ён кiўнуў у адказ.
– Я вось адстраляўся ўжо, а вам доўга яшчэ? – запытаўся я.
I тут толькi я звярнуў увагу, што адно вока ў яго заплюшчанае, нават тады, калi ён не спiць.
– Я i сам не ведаю... Цяпер мне ўсё роўна... Усё скончана... – з болем вымавiў чалавек.
– Як... усё скончана? – не зразумеў я.
– Як? Як? Закрылi нашу газету. Здалi апошнi нумар. Вось i ўсё.
Цяпер толькi да мяне дайшло, што гэта нiякi не вартаўнiк, а бедалага-журналiст.
Я спытаўся, што ён тут робiць начамi.
– Сплю, – адказаў ён.
– Гэта я i сам бачу.
– Я жыву за горадам. Калi мая работа заканчваецца, электрычкi ўжо не ходзяць. Пакой у гатэлi мне не па кiшэнi, вось я i чакаю тут першай электрычкi.
– А новай работы вы сабе не падшукалi?
– Не.
– Дрэнь вашы справы...
– Ды куды ўжо горш, – пагадзiўся ён i зручней прымасцiўся ў крэсле. Усяго вам добрага, – горка ўсмiхнуўся ён. – Я так перахваляваўся, што не магу заснуць.
Я запрасiў яго выпiць па шкляначцы, i мы рушылi ў адзiны бар, якi быў адчынены ў гэтым квартале ў такi познi час. Акрамя нас, у бары сядзелi некалькi вадзiцеляў грузавiкоў ды нейкi цiхi п'янiца. Новы беспрацоўны расказаў мне пра сваё жыццё. Быў ён з тых журналiстаў, хто прыносiць няшчасце. У рэшце рэшт паверыў у гэта i я. Бываюць такiя людзi: варта толькi ўзяць iх на работу, i праз два-тры месяцы газету цi часопiс закрываюць. Мой новы спадарожнiк меў непасрэднае дачыненне да ўсiх парыжскiх выданняў, якiя закрылiся ў апошнiя дзесяць гадоў. Зрэдку яму давалi мiзэрную кампенсацыю, а найчасцей ён заставаўся нi з чым.
Я паспрабаваў прыкiнуць, цi нельга было б падшукаць якi-небудзь занятак майму новаму знаёмаму ў нас на радыё. Але нейкае цьмянае нядобрае прадчуванне стрымлiвала мяне. Як-нiяк я меў справу з чалавекам, якi стаў жывым увасабленнем бяды i няшчасця. А можа, прычынай маёй насцярожанасцi быў яго непрыемны выгляд? Я ўжо гаварыў пра малапрывабную знешнасць гэтага бедака. А тут яшчэ гэтая яго лёкайская ўсмешачка! Я заўважаў у iм нейкае амаль няўлоўнае адхiленне ад нормы, якое, бадай, можна растлумачыць яго заўсёднымi няўдачамi, – зрэшты, i ад такога тлумачэння яно не рабiлася менш агiдным.
Галава ў мяне разбалелася, думкi блыталiся. Непрыемнае, трывожнае пачуццё ахапiла ўсю маю iстоту, i я пачынаў ясней i ясней усведамляць, што ў маiх адносiнах да такiх людзей, як Галабэр, было штосьцi фарысейскае. Вось так нечакана адкрыў я для сябе яшчэ адну iстотную рысу, а можа, i самы галоўны недахоп маёй натуры.
– Самае сумнае, – працягваў мой субяседнiк, – што я не адзiн. У мяне жонка i дванаццацiгадовы сын. Дзякуй богу, хлопчык жыве ў пансiёне i не бачыць усяго гэтага.
I тут Галабэр дастаў з кiшэнi шпiльку i пачаў засяроджана калупацца ў зубах...
Мы развiталiся, а мне ўсё больш было не па сабе ад думкi, што я ў нечым вiнаваты перад гэтым чалавекам.
У наступную ноч, скончыўшы перадачу, я зноў убачыў яго ў холе. Ён сядзеў у тым самым крэсле i на гэты раз спаў глыбокiм сном. Мяне гэта так здзiвiла, што я адразу пабудзiў яго. Ён незадаволена расплюшчыў сваё адзiнае вока.
– Добры вечар, – павiтаўся я. – Што вы тут робiце?
Ён выцiснуў з сябе ўхмылачку i адказаў:
– Ну што ж, так i быць, вам я магу ўсё расказаць. Мая жонка страшэнна раззлавалася, калi пачула, што я зноў страцiў работу. Мы пасварылiся, i яна выгнала мяне з дому. Мне не было куды падацца, i я зайшоў сюды.
– Але ж вы нi ў чым не вiнаваты, – разгублена сказаў я.
– Канешне. Ды ведаеце, у яе з нервамi не ўсё ў парадку. Як-нiяк столькi адпакутавала... Ну, а цяпер вось ёй чамусьцi здалося, што я спецыяльна нешта раблю, каб мяне звальнялi з работы... Вось i ўсё, – недарэчна ўсмiхнуўся ён.
Ад гэтай жахлiвай усмешкi я ажно здрыгануўся. Я ўявiў сабе, як пад градам жончыных папрокаў Галабэр вось так усмiхаецца. А гэта, напэўна, прыводзiць у яшчэ большую лютасць i без таго нервовую асобу. Такiя сямейныя сцэны, вiдаць, даўно сталi для яго настолькi звычайнымi, што без iх ён i не ўяўляе сабе нармальнага жыцця. Выкаваў сабе ахоўную браню i сустракае цяпер жончыны наскокi, можа, нават з нейкай патаемнай асалодай.
Доўга я думаў, сумняваўся, цi не занадта шмат на сябе бяру, а ўсё ж такi паабяцаў, што паспрабую пашукаць яму якую-небудзь работу, i папрасiў зайсцi на наступны дзень.
– Можаце так i перадаць жонцы: я зраблю ўсё, каб дапамагчы вам.
Галабэр прызнаўся, што ў яго няма нават ста франкаў, каб даехаць дамоў. Пакуль я прыкiдваў, як лепш даць яму грошай, каб пры гэтым не пакрыўдзiць чалавека, ён сказаў:
– Прашу вас, не судзiце строга маю жонку. Яна не такая ўжо i дрэнная. Толькi што трохi нервовая, але гэта ў яе ад хваробы. Калiсьцi гэта была цудоўная дзяўчына. Зрэшты, i цяпер яна вельмi прыгожая.
Атрымлiвалася, што i прычынай жончынай хваробы быў гэты цыклоп.
Я прапанаваў яму грошы. Ён узяў iх без усялякiх цырымонiй. Штодзённая нястача забiвае сарамлiвасць. Я шчыра хацеў дапамагчы Галабэру, але раптам мне стала вельмi няёмка: я ж даў яму грошы iменна пасля слоў аб прыгажосцi ягонай жонкi...
Буду расказваць карацей i не спыняю ўвагу чытача на тым, як мне ўсё ж такi ўдалося ўгаварыць назаўтра дырэкцыю, што мне патрэбен новы супрацоўнiк. Я павiнен быў прыдумаць i пераканаць у гэтым дырэкцыю, чаго ж не хапае маёй перадачы для далёкiх астравiцян, i не знайшоў нiчога лепшага, чым жаночая рубрыка.
Трэба было мець неверагодную фантазiю, каб хоць на секунду ўявiць, як гэты бадзяга будзе нешта плесцi пра капрызы парыжскай моды. Вось ён у сваiм зашмальцаваным касцюме сядзiць перад мiкрафонам – адно вока заплюшчана, твар за ноч зарос цёмным шчацiннем, – а дзесьцi там, на другiм канцы свету, зграбныя крэолачкi, бестурботна пагойдваючы ножкай, слухаюць яго меркаваннi пра апошнiя знаходкi парыжскага заканадаўцы мод Балянсьяга. У рэшце рэшт, суцяшаў я сябе, яны ж яго бачыць не будуць. Тады я не ведаў яшчэ, што нас яны да таго ж i не чуюць.
Рэкамендуючы адмiнiстрацыi Галабэра, я найбольш нацiскаў на тое, што ў яго прыгожая жонка, а значыць, i сам ён не па чутках ведае, што такое хараство, мода, элегантнасць, сучаснасць i г.д.
Такiм чынам мая перадача ўзбагацiлася жаночай рубрыкай. Не скажу, што мой новы калега з асаблiвым бляскам рабiў сваю справу, але ён вельмi стараўся, бо свята верыў ва ўсемагутнасць слова. Пачынаў Галабэр заўсёды так: "Дарагая, мiлая мадам..." Гэтая бяздарная фраза за час перадачы па два-тры разы злятала з малакрасамоўных вуснаў Галабэра i мела такi ашаламляльны эфект, што я нават не спрабаваў прасiць яго зняць гэты пусты трафарэт. Цяпер кожную ноч даводзiлася мне быць сведкам непаўторнага спектакля: Галабэр не проста чытаў сваё выступленне, а дэкламаваў, суправаджаючы кожнае слова самымi непрадказальнымi жэстамi i грымасамi.
Акрамя мяне i Галабэра, у нашай рэдакцыi былi яшчэ два чалавекi: пануры, змрочны тып, адданы прыслужнiк урада (ён працаваў палiтычным каментатарам), i адна дама, якая вяла лiтаратурныя агляды. Гэтая дама нiколi не разлучалася са сваёй вуалеткай, нават тады, калi выступала перад мiкрафонам. Ах, як хацелася ёй схаваць ледзь прыкметныя вусiкi, якiмi няўмольны час упрыгожваў яе тварык! А была ж пара, калi гэты тварык мог натхнiць самога Райнера Марыя Рыльке*, а разам з iм i аднаго з заснавальнiкаў дадаiзму**, якi так заўчасна пакiнуў гэты свет у шчаслiвыя дваццатыя гады...
* Райнер Марыя Рыльке – выдатны аўстрыйскi паэт (1875-1826).
** Дадаiзм – ад фр. dada – конiк – на мове маленькiх дзяцей. Напрамак у лiтаратуры i мастацтве, якi ўзнiк у 1916 г. у Швейцарыi. З 1919 г. цэнтрам дадаiзму становiцца Парыж. Сваю асноўную задачу дадаiсты бачылi ў татальным адмаўленнi ад традыцыйных форм выяўлення.
Усе астатнiя абавязкi ў рэдакцыi ляжалi на мне. Палiтычны каментатар i лiтаратурная супрацоўнiца адбарабаньвалi перад мiкрафонам свой тэкст i спяшалiся дамоў. Мне здаецца, што яны нават нiколi не заўважалi Галабэра.
Я зусiм забыўся: у той час з намi працаваў гукааператар – малады бледнатвары чалавек з бясколернымi вачыма, якога я сам сабе назваў Бастар Кiтан*. Зрэшты, быў ён, бадай, яшчэ больш бледны i халодны, чым сам Бастар Кiтан, i было б дакладней назваць яго статуяй вядомага комiка.
* Бастар Кiтан (1896-1966) – амерыканскi акцёр, сцэнарыст i рэжысёр, адзiн з вядомых комiкаў нямога кiно.
У нашай мышалоўцы-студыi панавалi строгiя, я нават сказаў бы, манастырскiя парадкi i норавы. Ад аператара мы чулi толькi тры словы: "Прывiтанне", "Да пабачэння" i "Запiс", – на большае, здавалася, гэты чалавек быў няздатны. I нiхто з нас нiколi не бачыў на яго твары хоць якiх-небудзь прыкмет весялосцi цi журбы. Але варта толькi было нашаму новаму супрацоўнiку вымавiць: "Дарагая, мiлая мадам...", як Бастар, не адрываючыся ад свайго пульта, ледзь чутна кудахкаў. Такая нечаканая выява пачуццяў, якая iшла ад гэтай каменнай iстоты, прыносiла мне асаблiвае задавальненне. I гэта было як узнагарода за маю дабрачыннасць.
Так прайшоў тыдзень. Неяк увечары Галабэр падышоў да мяне i цiха папрасiў:
– А цi нельга было б змянiць маю рубрыку. Ды не... не таму, што яна мне не падабаецца... Проста гэта немагчыма...
Ён яшчэ нешта шчабятаў i шчабятаў, нiбы стараўся адцягнуць той момант, калi загавару я i пекану яму як след.
– Гэта чаму – немагчыма?
– Вы ведаеце... мая жонка... – Тут ён запнуўся, i я пастараўся падбадзёрыць яго. – Ну... жонцы не падабаецца, – сказаў ён.
– Што не падабаецца?
– Мая рубрыка.
Гэтага толькi i не хапала! Цяпер гэты сукiн сын уявiў сябе непрызнаным генiем! Што ж, мне ўсё гэта знаёма. Кожны няўдачлiвы муж лiчыць сябе Моцартам.
– Пачакайце, Галабэр! Але ж хiба гэта прычына, каб мы памянялi рубрыку? I потым, майце на ўвазе, што больш нiчога прапанаваць я вам не магу.
I я адвярнуўся ад яго.
Назаўтра ён з'явiўся ў студыю, як пабiты сабака. Убачыўшы мяне, выпрастаў плечы i ўсмiхнуўся амаль што з выглядам уласнай перавагi:
– Я не падрыхтаваўся да перадачы. Я вас папярэджваў.
Не ў маiм гэта характары, але тут я не вытрымаў i вылiў на яго ўвесь свой гнеў. Асаблiва абурыла мяне яго ўсмешка. Ведаю, што паводзiў сябе не лепшым чынам, але тады з раўнавагi выбiла мяне вось якая думка: "Выцягнуў нягоднiка з гразi, а ён цяпер перада мной нос задзiрае".
– Ды вы проста тупiца i гультай, – закрычаў я. – I я разумею, чаму вас адусюль гналi. Ды якi дурань даверыць вам сур'ёзную работу?!. Папярэджваю, калi яшчэ раз вы не падрыхтуеце сваю перадачу, можаце адразу шукаць сабе iншае месца. Пры ўсiм маiм жаданнi я вам дапамагчы нiчым не змагу: ёсць начальства, а яно з вамi цырымонiцца не будзе. – I дадаў: – Магу сабе ўявiць, як вы надакучылi сваёй жонцы...
У гэты момант з'явiўся Бастар Кiтан, мне чамусьцi стала сорамна за мае словы, i я змоўк. Галабэр нi слова ў адказ не прамовiў. Ён даседзеў у студыi да самага канца перадачы i пайшоў разам з усiмi.
Пасля гэтага скандальнага выпадку Галабэр спраўна вёў сваю рубрыку. Часам ён задумваўся, падшукваў патрэбнае слова, нават запiнаўся, але перадача iшла адразу ў эфiр, i яму нiчога не заставалася рабiць, як выходзiць са становiшча самому: разлiчваць на дапамогу бясстраснага i строгага Бастара – нашага маўклiвага суддзi – было нельга.
Ад нашай былой дружбы з Галабэрам (калi, вядома, гэта можна назваць дружбай) не засталося i следу. Мае пагрозы, напэўна, патушылi тую iскрынку даверу, якая мiльгала ў душы Галабэра. Цяпер я быў для яго толькi начальнiкам. "Ну i можаш сабе крыўдаваць, – думаў я, – затое ў цябе ёсць работа, а ў канцы месяца сёе-тое знойдзецца i ў касе, каб уратаваць жонку з сынам ад галечы".
Зрэшты, я не раз спрабаваў сабе ўявiць, якая жанчына магла выйсцi за такога абармота.
Аднойчы ўвечары ён з'явiўся з рассечанай шчакой – ад скронi да падбародка.
– Ведаеце, няшчасны выпадак, – прамармытаў ён.
– Што вы кажаце?! – з'едлiва перапытаў я – такiм дурным здалося мне яго тлумачэнне.
– Так, няшчасны выпадак, – адчаканiў ён, нiбы даючы клятву.
Пасля гэтага Галабэр увесь час маўчаў, пакуль не падышла яго чарга iсцi да мiкрафона.
З таго дня ён перастаў галiцца, спадзеючыся, што шчацiнне прыкрые рубец на шчацэ. Паступова Галабэр зарос неахайнай жоўта-рудою барадой, i ад гэтага яшчэ больш дзiкiм здаваўся яго блукаючы позiрк. А што да яго перадач, то яны станавiлiся ўсё больш i больш недарэчнымi. Урэшце я мусiў сказаць яму пра гэта. Асцярожна падбiраючы словы, каб, крый бог, не пакрыўдзiць чалавека, я далiкатна папрасiў яго выказвацца карацей, прасцей, гаварыць толькi пра канкрэтныя рэчы, i галоўнае – нiякiх iдэй. Iдэi – гэта зусiм не тое, што патрэбна на радыё. Не помню добра, якiя выразы я ўжываў, але чамусьцi пасля гэтай размовы я зноў адчуў сябе вiнаватым. Адзiнае, што ён дазволiў сабе адказаць:
– Я ўлiчу вашы парады.
У голасе прагучала такая сляпая пакорлiвасць, што я прасякся да яго цiхай нянавiсцю.
На другi дзень ён не прыйшоў на работу ў прызначаны час. Я нават падумаў, што ён увогуле больш сюды нiколi не пакажацца. Але тут адчынiлiся дзверы, i ў рэдакцыю, ледзьве дыхаючы, убег Галабэр. Нельга было губляць нi секунды. Лiтаратурная супрацоўнiца акурат прыкончвала аднаго ангельскага раманiста, i столькi злосцi было ў яе голасе, што лепшага слова, чым "прыкончыць", тут i не прыдумаеш. Я падштурхнуў Галабэра ў студыю:
– Ваша чарга. I галоўнае, не забывайцеся пра тое, што я вам учора казаў: прастата, праўдзiвасць, выразнасць...
Век помнiць буду тое, што давялося мне пачуць праз некалькi хвiлiн.
Для пачатку, бегучы да мiкрафона, ён перакулiў крэсла. Да мяне данёсся страшэнны грукат. Потым ён усеўся, дастаў з кiшэнi свае запiсы, i ў дынамiку пачулася шамаценне паперы. I так i гэтак круцiў ён свае нататкi, нiбы развучыўся чытаць, i ўсё разгублена паўтараў: "Дарагая, мiлая мадам... дарагая, мiлая мадам..."
Я глянуў на Бастара Кiтана. Той спакойна сачыў за сваiмi стрэлкамi, быццам усё iшло нармальна. Як толькi Галабэр вымаўляў сваё "Дарагая, мiлая мадам...", стрэлка ўзроўню гуку ўздрыгвала, а потым зноў падала да нуля.
Нарэшце ён рашыўся:
– Дарагая, мiлая мадам, ад мяне патрабуюць, каб я гаварыў з вамi проста, але жыццё маё зусiм няпростае. Сёння я раскажу вам, правiльней, павiнен быў расказаць пра адзiн парыжскi судовы працэс, якi, напэўна, вас усiх зацiкавiць. Гэта вельмi хвалюючая гiсторыя, калi так можна сказаць... Сёння пасля абеду я заняў сваё месца ў ложы прэсы ў трынаццатай зале пасяджэнняў, дзе, як вядома, заслухоўваюцца крымiнальныя справы. Працэс iшоў пад старшынствам месьё Жэрара, пра дабрыню якога па горадзе ходзяць легенды. Праз акуляры ён, як заўсёды, паглядваў у залу сваiмi добрымi i адначасна хiтраватымi вачыма, за што i атрымаў прозвiшча новага Саламона*, калi так можна сказаць... Раптам устае адна прыгожая маладая жанчына са страшэнна бледным тварам i iдзе проста да... калi так можна сказаць... iдзе... калi можна так... Ды што я буду выдумляць? Не быў я на гэтым працэсе. Шэф пасылаў мяне, а я туды не змог пайсцi. Перашкодзiлi мне. Брыжыта перашкодзiла. Сёння ў яе зноў быў прыпадак, i яна не захацела нiкуды адпускаць мяне. Яна ўбiла сабе ў галаву, што ў мяне завялася палюбоўнiца. Я нiяк не мог вырвацца з дому. Калi мяне выганяць з работы, не будзе чым заплацiць за пансiён, i тады нашага сына адправяць дамоў. Хлопчыку давядзецца жыць разам з намi, у гэтым пекле. Я спрабаваў вылезцi праз акно. Вышынi я не баюся. Але нiяк не мог адкрыць зашчапку, i пакуль я з ёю поркаўся, Брыжыта накiнулася на мяне i выхапiла мой кашалёк. Яна дастала адтуль дзве асiгнацыi па тысячы франкаў – гэта ўсё, што я меў, – i парвала iх на дробныя кавалачкi. "Вось цяпер-то ты нiкуды не паедзеш", – крычала яна. У адчаi я ўдарыў яе. Яна ўпала, а я тым часам выскачыў праз акно i ўцёк. Спадзяваўся даехаць у Парыж на спадарожнай, але нiхто не ўзяў мяне. Чорт яго ведае, можа, гэта мая барада наводзiць страх на людзей... Як так атрымалася, што я ўдарыў яе? Яна ж нi ў чым не вiнаватая. Але ў той момант я сам не ведаў, што раблю. У нас i так было мала грошай, а яны ж так патрэбныя... Перш-наперш для сына, каб трымаць яго ў пансiёне. Навошта яму бачыць, як мы жывём... У рэшце рэшт пайшоў я пехатой. Дарога не блiзкая – добрых 15 кiламетраў, але гадзiны за 3, думаў, зайду. Што i казаць: гэта ж смеху варта – цягнуцца пешшу, у той час калi ёсць электрычкi, аўтобусы, таксi!.. Iшоў я, iшоў i нiяк не мог супакоiцца. А тут бачу: не паспяваю на перадачу. Ну, думаю, цяпер-то я палячу з работы. "Божа, хацелася мне крыкнуць, – за што на мяне такое насланнё?!" Бывае, часам i ў мяне з'яўляюцца думкi, якiя прыносяць спакой i суцяшэнне. I мне падумалася: рана цi позна яна памрэ – i я ўсёй душой жадаю, каб яна памерла, – гэтая жанчына, якую я з такой цяжкасцю заваяваў, так кахаў, так песцiў... Але тут жа я спынiў сябе: а што, калi я памру першы?.. Дык якая мне карысць – спадзявацца на яе смерць... Я пакуль што яшчэ не дадумаўся да забойства, але ў тыя хвiлiны, калi яе вочы налiваюцца не то злосцю, не то вар'яцтвам, я па-сапраўднаму ненавiджу яе... Прыпадкi ў яе становяцца ўсё цяжэйшыя, асаблiва з таго часу, як я перайшоў на радыё. Калi яна бачыць, як я рыхтуюся да перадачы i пiшу тэкст выступлення, яна шалее. Неяк яна прачытала першы сказ майго выступлення: "Дарагая, мiлая мадам..." i адразу падумала, што я пiшу любоўнае пiсьмо сваёй каханцы. Другiм разам, калi яна застала мяне за работай, яна накiнулася на мяне з нажом. Я паспеў прыкрыцца локцем, i лязо распаласавала мне толькi правую шчаку. Таму я цяпер i не галюся, а мая барада перапалохала сёння ўсiх шафёраў. Скончылася тым, што дома я больш нiчога не пiшу. Iду сабе на авеню Мантэня, саджуся на лаўку i крэмзаю свае перадачы. Сёй-той з прахожых аглядваецца на мяне, асаблiва палiцэйскiя. "Цiкава: валацуга, а бач, нешта творыць!" – вiдаць, думаюць яны. Але, на шчасце, у Парыжы жывуць абыякавыя людзi: праходзяць сабе мiма i хоць бы вокам на лаўку маю павярнулi. На ўсё iм напляваць. Але ж я-то iх бачу, i яны перашкаджаюць мне засяродзiцца. Думка збiваецца, я пачынаю блытацца ў доўгiх сказах, а мой шэф патрабуе, каб я гаварыў як мага прасцей. На мяне нападае страх, што я страчу работу, i тады адзiнае, што мне прыходзiць у галаву, – гэта кiнуцца пад машыны, якiя сваiм дымам i шумам паралiзуюць мой мозг. Найчасцей я так незадаволены сваiм тэкстам i так баюся застацца без работы, што мне проста неабходна парэпецiраваць, пачытаць сваё выступленне ўголас. Тады я iду ў якую-небудзь вялiкую кавярню на Елiсейскiх палях, зачыняюся ў туалеце i чытаю сваю пiсанiну, быццам перад мiкрафонам. А каб нiхто не пачуў, я ўвесь час спускаю ваду. Аднойчы нейкi нецярплiвы клiент пачаў бiць нагамi ў дзверы... Так i не супакоiўшыся, я звычайна бадзяюся па вулiцах, сам сабе паўтараю сваё выступленне i чакаю чатырох гадзiн ранiцы. Але сягоння мне давялося адмераць 15 кiламетраў пехатой, нiдзе я не паспеў пабыць i нiчога я не запiсаў... А мне так хочацца працаваць, так хочацца, каб не адпраўлялi дамоў майго Тамаса, каб ён толькi не бачыў нашага пекла... iменна пекла – нiчога лепшага, чым гэтае старое, зацёртае слова, я не знаходжу. Бо хiба iнакш можна назваць наша жыццё, калi адна бяда змяняецца другой, калi на кожным кроку нас падсцерагае новая небяспека i кожную гадзiну, кожную секунду мы задыхаемся ад нервовых стрэсаў... I так будзе заўсёды, пакуль не памрэ яна або я... Але ж мы яшчэ маладыя, здаровыя, i таму канца гэтаму пеклу няма, няма, няма...
* Саламон (970-931 да н.э.), цар Iзраiля, вядомы сваёй выключнай мудрасцю.
Разоў дваццаць я збiраўся нацiснуць на кнопку i адключыць эфiр – гэта потым лёгка было б растлумачыць тэхнiчнымi прычынамi – аднак алiмпiйскi спакой гукааператара, якi незалежна i абыякава пазiраў на стрэлкi прыбораў, кожны раз спыняў мяне. Калi Галабэр змоўк, я не ведаў, што рабiць i што казаць... Крыху апамятаўшыся, я даў аператару знак уключыць запiс канцоўкi перадачы. Пасля гэтага мы патушылi ў студыi святло i пайшлi дамоў, а знясiлены, ушчэнт разбiты Галабэр застаўся сядзець перад мiкрафонам, абхапiўшы галаву рукамi.
На другi дзень ён не прыйшоў, i больш мы яго не бачылi. А праз некалькi дзён да мяне завiтаў iнспектар палiцыi. Я акурат пачынаў засынаць. Iнспектар i паведамiў мне аб смерцi майго супрацоўнiка... Бедалага, на гэты раз не змог ён ухiлiцца ад нажа...
Доўга не выходзiў у мяне з галавы гэты выпадак... Што ж, думаў я, прынамсi, хоць адзiн раз у жыццi чалавеку ўдалося выкласцi ўсё, што гадамi ад'ядала душу i цяжкiм грузам ляжала на сэрцы. А цi быў у гэтым якi сэнс? Не, вядома. А зрэшты, хто ведае, можа, там, на далёкiм востраве, за тысячы кiламетраў, знайшлася хоць адна чалавечая iстота, якая не засталася раўнадушнай да гэтай перадсмяротнай споведзi Галабэра...
Пазней я даведаўся, што нiхто так i не пачуў нашай перадачы i голас Галабэра назаўсёды згубiўся ў эфiры. А колькi яшчэ такiх няшчасных, як ён, памiраюць з адчайным крыкам аб спагадзе i дапамозе, але свет – глухi, i малiтвы iх разбiваюцца аб сцяну абыякавага маўчання...